I. Жах у гліне




старонка2/3
Дата канвертавання06.02.2017
Памер408.15 Kb.
1   2   3

II. Гісторыя інспектара Леграса


Ранейшыя падзеі, якія надалі сну скульптара і барэльефу такое значэнне ў вачах майго дзеда, утвараюць другую палову яго доўгага рукапісу. Аказваецца, аднойчы прафесар Энджэл ужо бачыў пякельныя абрысы гэтай безыменнай пачвары, ламаў галаву над невядомымі іерогліфамі і чуў тыя злавесныя гукі, якія на пісьме можна перадаць хіба што як “Ктулху”. І ўсё гэта мела такія натхняльныя ды жахлівыя акалічнасці, што ён не мог перастаць распытваць і дамагацца інфармацыі ад маладога Ўілкакса.

Той выпадак меў месца ў 1908 годзе, на 17 гадоў раней, калі Амерыканскае археалагічнае таварыства праводзіла ў Сэнт-Луісе сваё штогадовае паседжанне. Прафесар Энджэл, у адпаведнасці з сваім аўтарытэтам і талентам, браў актыўны ўдзел ва ўсіх дыскусіях. І госці, якія прыехалі на з’езд, каб прасіць экспертаў даць рады розным пытанням і задачам, звярталіся ў першую чаргу да яго.

Галоўным сярод іх, а праз нейкі час і цэнтрам усеагульнай увагі быў звычайны на выгляд спадар сярэдняга ўзросту, які прыехаў наўпрост з Новага Арлеану, каб атрымаць спецыфічныя дадзеныя, недаступныя дома. Яго звалі Джон Рэйманд Леграс і быў ён інспектарам паліцыі. Прычынай яго візіту быў прадмет, які ён прынёс з сабой, – надзіва агідная і вельмі старая на выгляд каменная статуэтка, паходжанне якой яму не ўдавалася высветліць. Не варта думаць, што інспектар Леграс хоць у нейкай ступені цікавіўся археалогіяй. Якраз наадварот, яго жаданне разабрацца тлумачылася чыста прафесійнымі задачамі. Статуэтка, ідал, фетыш, чым бы яна ні была, трапіла яму ў рукі колькі месяцаў таму. Гэта было сярод балоцістых лясоў на поўдзень ад Новага Арлеану, калі паліцыя ладзіла аблаву на меркаванае зборышча вудуістаў. Абрады на ім былі настолькі незвычайныя і вусцішныя, што паліцыянты не маглі не зразумець – яны натрапілі на невядомы дагэтуль культ, змрочны і ў шмат разоў страшнейшы за самыя цёмныя афрыканскія вуду-супольнасці. Пра яго паходжанне немагчыма было дазнацца нічога, акрамя тых эксцэнтрычных і неверагодных рэчаў, якія выцягвалі са злоўленых чальцоў. Таму паліцыя намагалася здабыць хоць якія гістарычныя веды, каб разабрацца з гэтай жахлівай фігуркай і праз яе адсачыць крыніцу культу.

Інспектар Леграс не быў гатовы да таго ўражання, якое зрабіў прынесены прадмет. Аднаго выгляду гэтай рэчы было дастаткова, каб страшэнна ўразіць навукоўцаў – яны адразу ж атачылі яго, каб пабачыць фігурку, сам дух якой, дзіўны і неверагодна старажытны, выклікаў думкі пра далёкую і невядомую нам мінуўшчыну. Ніводная скульптурная школа не стварала такіх жудасных вобразаў, а на яго матава-зеленаватай паверхні з невядомага каменю быццам бы адбіліся сотні ці нават тысячы гадоў.

Фігурку пачалі нарэшце паволі перадаваць з рук у рукі, каб кожны мог уважліва агледзець яе зблізу, – яна мела цаляў сем-восем у вышыню і была вельмі старанна выкананая. Гэта была пачвара, нечым падобная да чалавека, толькі галава ў яе была як у васьмінога, з мноствам шчупальцаў на пысе, гумовае на выгляд цела пакрывала луска, на задніх і пярэдніх нагах былі велічэзныя клюшні, а ззаду раслі доўгія вузкія крылы. Істоту быццам перапаўняла страшная, незвычайная нянавісць. Тлустая і азызлая, яна злавесна прыпала да прастакутнай глыбы, ці п’едэстала, на якім сядзела. Паверхню п’едэстала пакрывалі нечытэльныя знакі. Кончыкі крылаў краналі чорны край глыбы, сядалішча было ў цэнтры, а доўгія выгнутыя клюшні сагнутых задніх лапаў трымаліся за пярэдні край і звісалі з п’едэстала на чвэрць яго вышыні. Васьміногава галава была схіленая наперад, так што канцы шчупальцаў пысы краналі тыльны бок вялізных пярэдніх лапаў, якімі істота абхапіла свае прыўзнятыя калені. Агулам яна выглядала надзіва рэалістычна, і тым страшней было тое, што немагчыма было зразумець, хто гэта. Жахлівы, невызначальна вялікі ўзрост скульптуры не выклікаў сумневаў, але ў ёй не было нічога падобнага да мастацкіх прыёмаў вядомых нам старажытных цывілізацый – зрэшты, як і любога іншага перыяду. Матэрыял скульптуры сам па сабе быў загадкай. Гладкі зеленавата-чорны камень з залатымі або вясёлкавымі крапінкамі і жылкамі не быў падобны ні да чаго вядомага геалогіі ці мінералогіі. Знакі ўздоўж асновы былі не меншай таямніцай. Ніхто з прысутных спецыялістаў не мог даць ім нават самай агульнай лінгвістычнай характарыстыкі, хоць удзельнікі і валодалі паловай эскпертных ведаў усяго чалавецтва ў гэтай галіне. Знакі, сам аб’ект і яго матэрыял належалі да чагось далёкага і абсалютна чужога ўсяму чалавецтву, якім мы яго ведаем, яны наводзілі на трывожныя думкі пра д’ябальскія дагістарычныя кругі жыцця, з якімі наш свет і нашае ўяўленне пра яго не маюць нічога агульнага.

Калі ўсе прысутныя ўрэшце пахіталі галовамі і прызналі сваё бяссілле перад праблемай інспектара, на з’ездзе ўсё ж знайшоўся адзін чалавек, які быццам бы сутыкаўся ў сваёй практыцы з гэтым пачварным вобразам і надпісамі на ім, і ён зараз жа, хоць і трохі нерашуча, расказаў пра тое нямногае, што ведаў. Гэта быў нябожчык Ўільям Чэнінг Ўэб, прафесар антрапалогіі Прынстанскага універсітэта, даследнік, нічым асаблівым не вядомы. За сорак восем гадоў да таго прафесар Ўэб браў удзел у экспедыцыі ў Грэнландыю і Ісландыю дзеля пошуку нейкіх рунічных надпісаў, знайсці якія яму так і не ўдалося. Калі ён быў у высакагор’і на заходнім узбярэжжы Грэнландыі, яму давялося сустрэць незвычайнае племя, або секту, якая складалася з адсталых эскімосаў, і іх рэлігія, дзіўная форма пакланення д’яблу, моцна ўразіла яго сваёй сведамай жорсткасцю і агіднасцю. Гэта была вера, пра якую іншыя эскімосы ведалі мала і ўзгадаць пра якую не маглі без дрыготкі. Яны казалі, што яна дайшла да нашых дзён з пракаветных часоў, даўнейшых за само стварэнне свету. Акрамя безназоўных рытуалаў і чалавечых ахвяраў, у іх існавалі дзіўныя спадчынныя рытуалы, звернутыя да галоўнага і найстарэйшага д’ябла, або “тарнасука”, – гэта слова прафесар як толькі мог дакладна запісаў са словаў старога “анкгекока”, або шамана, намагаючыся як найбліжэй да арыгіналу перадаць гукі лацінскімі літарамі. Але ў гэты момант найбольшую цікавасць уяўляў фетыш, які гэты культ шанаваў, і вакол якога яны танцавалі на золку, калі над ледзянымі скаламі высока ўздымалася зара. Прафесар сцвярджаў, што гэта быў вельмі грубы каменны барэльеф з страшным вобразам і нейкімі таемнымі надпісамі на паверхні. І вось цяпер яму здавалася, што тое жывёлападобным стварэнне, якое разглядаў сход, мела з ім агульныя рысы.

Інфармацыя, якую ўдзельнікі з’езду ўспрынялі з хваляваннем і здзіўленнем, у значна большай меры захапіла інспектара Леграса. Ён зараз жа пачаў засыпаць інфарматара пытаннямі. Інспектар горача прасіў прафесара як мага лепш успомніць тыя гукі, якія ён запісаў ад эскімосаў-сектантаў, бо і сам ён таксама натаваў і перапісваў малітвы ад удзельнікаў культу, якіх яго падначаленыя арыштавалі на балотах. Пасля яны доўга супастаўлялі дэталі, і сход на момант ахапіла поўная жаху цішыня – і дэтэктыў, і навуковец пагадзіліся, што два д’ябальскія рытуалы ў розных канцах свету ўтрымліваюць адну практычна ідэнтычную фразу. Радок, які сваім падобным ідалам пяялі і эскімоскія шаманы, і жрацы ў луізіянскіх балотах, яны падзялілі на словы паводле паўзаў, якія зазвычай рабіліся пры спяванні. Атрымалася нешта вельмі падобнае да наступнага:
Пг’нкглуі мкглў’нафг Ктулху Р’льех ўкгаг’нагл фгтакгн
Леграс меў адну перавагу перад прафесарам Ўэбам: некаторыя вязні-мяшанцы пераказалі яму, што паводле старых жрацоў тыя словы значылі. Гэта было нешта накшталт:

“У сваім доме ў Р’льех мёртвы Ктулху спіць у чаканні”.

І тады, у адказ на агульныя настойлівыя патрабаванні, інспектар Леграс ва ўсіх падрабязнасцях расказаў гісторыю пра паганцаў з балотаў, якой, здаецца, вельмі вялікае значэнне надаў мой дзед. У ёй чуліся неўтаймаваныя мроі тэасофаў і стваральнікаў міфаў, а апошнія мяшянцы ды ізгоі дэманстравалі такі ўзровень уяўленняў пра сусвет, якога ад іх будзеш чакаць у апошнюю чаргу.

1 лістапада 1907 г. у новаарлеанскую паліцыю паступіла ўсхваляваная скарга ад жыхароў паселішчаў сярод балотаў і лагун на поўдні. Тамтэйшых сквотэраў, у масе сваёй цёмных, але дабрадушных нашчадкаў колішніх піратаў, начамі тэрарызавала нешта невядомае. Відавочна, гэта быў культ вуду, але гэты быў жахлівейшы за ўсе, якія яны зналі раней. Жанчыны і дзеці ўжо неаднойчы знікалі з таго часу, як у далёкіх чорных гушчарах населенага зданямі лесу, куды ніхто з пасяленцаў не адважваўся зайсці, пачаў гучаць няспынны грукат жудаснага тамтама. Адтуль да іх даляталі шалёныя крыкі ды пакутлівыя стогны, там гучалі спевы, ад якіх душа стыла, і скокалі д’ябальскія агні. Людзі ўжо не маглі гэтага трываць, дадаў перапалоханы пасланец.

Вось жа, дваццаць паліцыянтаў пагрузіліся ў дзве фурманкі і адно аўто і проці ночы выправілася ў дарогу разам з перапалоханым сквотэрам, які быў ім за гіда. Калі добрая дарога скончылася, ім давялося высадзіцца і не адну яшчэ мілю прахлюпаць у цішыні жахлівым кіпарысавым лесам, у які ніколі не зазірала сонца. Пад нагамі былі страшныя карані. Зверху звісалі пагрозлівыя петлі гішпанскага моху. Перакручаныя галіны дрэваў і багністыя купіны прыгняталі вандроўнікаў, а кожная куча вільготнага камення ці пагнілыя парэшткі сценаў, у якіх мог нехта хавацца, яшчэ больш павялічвалі страх. Нарэшце на даляглядзе паказалася гаротная купка хацін – паселішча сквотэраў. Істэрыка павыганяла яго насельнікаў на двор, дзе яны і скупіліся ў дрыготкім святле ліхтароў. Прыглушаны рытм тамтамаў быў злёгку чуваць далёка-далёка наперадзе, а пры змене ветру да яго раз-пораз дадаваліся страшэнныя енкі. Праз цьмяны падлесак па-за бясконцымі шэрагамі дрэваў быццам бы цадзілася чырванаватае ззянне. Перапалоханыя сквотэры баяліся нават заставацца на самоце і катэгарычна адмовіліся зрабіць лішні крок у бок д’ябальскага шабашу, таму інспектар Леграс і дзевятнаццаць ягоных падначаленых без суправаджэння ўвайшлі ў чорныя вусцішныя галерэі, дзе ніхто з іх ніколі не бываў.

Месца, дзе апынуліся паліцыянты і куды ніколі раней не ступала нага белага чалавека, здавён мела благую славу. Існавалі легенды пра возера, схаванае ад вачэй смяротных, і пра вялізную белую пачвару, бясформенную і слізкую, з бліскучымі вачыма, якая жыла ў ім. Сквотэры ўпотай пераказвалі, што з падземных пячор апоўначы вылятаюць чэрці з крыламі, як у кажаноў, каб пакланіцца ёй. Яны казалі, што тут так было яшчэ да з’яўлення д’Ірбервіля, да Ла Саля, да індзейцаў, і нават раней, чым звяры і птушкі пасяліліся ў лясах. Гэта сапраўдны кашмар, і кожны, хто яго ўбачыць, памрэ. Але тая істота з’яўлялася людзям у снах, і ўжо гэтага было дастаткова, каб яны трымаліся ад яе далей. Цяперашні шабаш вуду быў на самым ускрайку той жахлівай мясцовасці, але і тут было даволі вусцішна. Таму само месца, дзе адбываўся шабаш, палохала сквотэраў бадай нават больш за жахлівыя гукі і страшныя здарэнні.

Толькі паэт ці вар’ят мог бы даць рады гукам, якія чулі людзі Леграса, калі прадзіраліся скрозь чорную дрыгву, ідучы на чырвонае ззянне і прыглушаныя гукі тамтамаў. Бо ёсць гукі, уласцівыя чалавеку, а ёсць – уласцівыя звярам. І па-сапраўднаму страшна становіцца, калі голас не адпавядае свайму ўладальніку. Звярыны шал і дзікая неўтамаванасць, якія чуліся ў рогаце і пранізлівых экстатычных крыках, сягалі тут дэманічных маштабаў. Яны праразалі і скаланалі начны лес, як смяротная бура, народжаная ў пякельнай бездані. Часам менш выразныя завыванні адступалі, і з таго, што гучала як добра спрактыкаваны хрыплы хор, напевам узнімалася ўсё тая ж жахлівая фраза-заклінанне:

Пг’нкглуі мкглў’нафг Ктулху Р’льех ўкгаг’нагл фгтакгн.

Тым часам паліцыянты дабраліся да месца, дзе лес быў радзейшы, і перад імі раптам адкрылася само відовішча. Чацвёра захісталіся, адзін страціў прытомнасць, а двое шалёна закрычалі, але крык, на шчасце, заглушыла шалёная какафонія оргіі. Леграс абмыў балотнай вадой твар непрытомнага, і ўсе яны спыніліся, дрыжучы, амаль загіпнатызаваныя жахам.

Сярод балоцістай нізіны была пакрытая травой выспа, без дрэваў, з даволі сухой зямлёй і плошчай з акр. На ёй скокала і круцілася проста неапісальная чалавечая зграя, перадаць якую на палатне змог бы хіба што пэндзаль Сайма ці Энгаролы. Гэта была кодла голых мяшанцаў, якія гаркалі, раўлі ды курчыліся вакол жахлівага вогненнага кола. У яго цэнтры выпадковыя разрывы вогненнай заслоны выкрывалі вялізную гранітную глыбу футаў восем у вышыню. На вяршыні глыбы спачывала недарэчна маленькая высечаная з мармуру вусцішная статуэтка. На дзесяці шыбеніцах, раўнамерна расстаўленых шырокім колам вакол аперазанай полымем глыбы ў цэнтры, дагары нагамі віселі вычварна знявечаныя целы бездапаможных зніклых сквотэраў. Унутры ж гэтага круга ў карагодзе скокалі і раўлі паганцы. Натоўп рухаўся злева направа ў няспыннай вакханаліі між колам целаў і колам агню.

Можа, гэта быў толькі плён ўяўлення, а можа, рэха, але аднаму з прысутных, уражліваму іспанцу, здалося, што аднекуль, з далёкіх і цёмных гушчароў, поўных спрадвечных легендаў і жахаў, даносіцца антыфанальны адказ на заклінанні. Пазней мы сустрэліся, і я распытаў гэтага чалавека, яго звалі Джозэф Д. Гальвес. Ён сапраўды меў дужа багатую фантазію. Ён нават здолеў адчуць слабое біццё вялізных крылаў і заўважыў бліскучыя вочы і агромністую белую тушу за дрэвамі ўдалечыні, хоць мне і здаецца, што ён проста пераслухаў мясцовых прымхаў.

Насамрэч тая жахлівая паўза была параўнальна нядоўгай. Пачуццё абавязку перамагло, і хоць у шабашы ўдзельнічала каля сотні мяшянцаў, паліцыянты паспадзяваліся на сваю зброю і рашуча кінуліся ў агідны натоўп. На наступныя пяць хвілін навокал запанавалі неапісальныя шум і бязладдзе. Людзі біліся адчайна, усчалася страляніна, хтосьці пачаў ўцякаць. Але ў выніку Леграс налічыў каля сарака сямі панурых арыштантаў, якіх ён прымусіў спешна адзецца і выстраіцца між двух шэрагаў паліцыянтаў. Пяцёра паганцаў загінулі, а двух цяжка параненых таварышы панеслі на імправізаваных насілках. Скульптуру Леграс, вядома, зняў з глыбы і забраў з сабой.

У выніку праверкі ў штабе пасля вельмі напружанай і стомнай дарогі арыштанты выявіліся неадукаванымі мяшанцамі з разнастайнымі розумавымі адхіленнямі. Большасць з іх працавала маракамі, а жменька вест-індскіх неграў і мулатаў ды партугальскіх брава з астравоў Зялёнага Мысу сярод іх надавала эклектычнаму культу адценне вудуізму. Але яшчэ раней, чым былі зададзеныя ўсе пытанні, стала ясна, што тут ублытана нешта значна глыбейшае і старэйшае за негрыцянскі фетышызм. Якімі б цемрашаламі і дэгенератамі яны ні былі, гэтыя стварэнні з дзіўнай паслядоўнасцю трымаліся цэнтральнай ідэі сваёй агіднай веры.

Яны расказалі, што пакланяюцца Вялікім Старцам, якія жылі тут за шмат стагоддзяў да з’яўлення першых людзей, спусціўшыся ў юны яшчэ свет з нябёсаў. Цяпер Вялікія Старцы сышлі пад зямлю і на дно мора. Але іх нежывыя целы перадалі свае таямніцы ў снах першым людзям. Тыя і заснавалі культ, які бесперапынна трывае да нашых дзён. Гэты культ яны і спавядалі. Вязні расказалі, што ён існаваў заўжды і заўжды будзе існаваць, схаваны ў далёкіх, дзікіх і цёмных мясцінах па ўсім свеце, пакуль вялікі жрэц Ктулху не ўзнімецца з свайго цёмнага жытла ў вялізным горадзе Р’льех пад вадой і не падпарадкуе зямлю сваёй волі зноў. Ён пакліча, калі зоры будуць гатовыя, а таемны культ будзе вечна чакаць магчымасці вызваліць яго.

Больш нічога казаць было нельга. Заставалася таямніца, якую немагчыма было здабыць нават катаваннямі. Чалавек быў не адзінай разумнай істотай на зямлі, бо з цемры да тых нямногіх, што трымаліся веры, прыходзілі здані. Але гэта былі не Вялікія Старцы. Старцаў ніхто ніколі не бачыў. Высечаны ідал быў вялікім Ктулху, але сказаць, ці такімі ж самымі былі астатнія, не мог ніхто. Ніхто ўжо не мог прачытаць старажытныя надпісы, усё перадавалася з вуха на вуха. Спеўнае заклінанне не было таямніцай – яго прамаўлялі шэптам і ніколі ўголас. Гэты радок значыў наступнае: “У доме сваім у Р’льех мёртвы Ктулху спіць у чаканні”.

Толькі двое вязняў былі дастаткова здаровыя на галаву, каб іх можна было павесіць, а рэшту адправілі ў разнастайныя ўстановы. Свой удзел у рытуальных забойствах усе адмаўлялі і даводзілі, што гэта рабілі Чарнакрылыя, якія з’яўляліся да іх з спрадвечнага месца сустрэчы, што ў лесе з прывідамі. Але ніякага лагічнага апісання тых таямнічых памагатых атрымаць ніяк не выходзіла. Усю карысную інфармацыю паліцыя атрымала галоўным чынам ад метыса, якога звалі Кастра. Ён запэўніваў, што плаваў да дзівосных портаў і гаварыў з несмяротнымі старэйшынамі культу ў кітайскіх гарах.

Стары Кастра памятаў урыўкі жахлівай легенды, што пераўзыходзіла здагадкі тэасофаў, а чалавецтва і ўвесь свет паказвала з’явамі зусім новымі і часовымі. Вечнасць за вечнасцю іншыя Стварэнні панавалі на зямлі і ў Іх былі велічныя гарады. Іх парэшткі – ён сказаў, што пра гэта яму апавялі неўміручыя кітайцы, – у выглядзе вялізных валуноў дагэтуль можна было знайсці на астравах у Ціхім акіяне. Яны ўсе памерлі за шмат-шмат стагоддзяў да таго як з’явіўся чалавек, але ёсць сілы, якія могуць Іх ажывіць, калі зоркі зноў зоймуць свае месцы ў вечнай кругаверці. Самі Яны сапраўды прыйшлі з зор і прынеслі адтуль Свае статуі.

Гэтыя Вялікія Старцы, працягваў Кастра, не з плоці і крыві. Яны маюць целы – бо ці ж не даказвае таго гэтая зорная скульптура? – але Іх целы нематэрыяльныя. Калі зоры знаходзяцца на патрэбных месцах, Яны могуць імкліва пераносіцца скрозь нябёсы з аднаго свету ў іншы. А калі зоры разыходзяцца, то Яны не могуць і жыць. Але хоць Яны ўжо не жывыя, Ім ніколі па-сапраўднаму не памерці. Яны ўсе ляжаць у мураваных дамах у Сваім вялікім горадзе Р’льех пад аховай чараў магутнага Ктулху да часу слаўнага ўваскрасення, калі зоры і зямля будуць для Іх гатовыя. Але тады нейкая вонкавая сіла мусіць дапамагчы вызваліць Іх целы. Чары, якія захоўваюць Іх у небяспецы, не дазваляюць Ім і рухацца, Яны могуць толькі ляжаць, чуйнаваць і думаць, пакуль міма праносяцца незлічоныя мільёны гадоў. Ім вядома ўсё, што адбываецца ў сусвеце, бо размаўляюць Яны тэлепатычна. Нават цяпер Яны перамаўляюцца ў Сваіх магілах. Калі пасля бясконцага перыяду хаосу з’явіліся першыя людзі, Вялікія Старцы гаварылі з найбольш чуллівымі з іх, уваходзячы ў іх сны. Бо іначай Іх мова можа не дасягаць цялеснага розуму сысуноў.

Затым, шаптаў Кастра, тыя першыя людзі пачалі пакланяцца высокім ідалам, якіх ім паказалі Вялікія Старцы. Ідалам, якіх у змрочныя часы яны прынеслі з цёмных зор. Той культ не памрэ, пакуль зоры зноў не зоймуць свае месцы і таемныя жрацы не вынесуць вялікага Ктулху з Яго магілы, каб Ён ажывіў Сваіх падданых і аднавіў Сваю ўладу на зямлі. Пазнаць той час будзе лёгка, бо людзі тады стануць як Вялікія Старцы. Вольныя і дзікія, яны будуць па-над дабром і ліхам, адкінуць закон і мараль, будуць крычаць, забіваць, і весяліцца ў сваё задавальненне. Тады вызваленыя Старцы навучаць іх па-новаму крычаць, забіваць, весяліцца і атрымліваць асалоду, і ўся зямля будзе палаць у шчаслівым і свабодным вынішчэнні. А да таго часу культ, выконваючы неабходныя абрады, мусіць аберагаць памяць пра даўніну ды перадаваць прадказанне пра іх вяртанне.

У даўнейшыя часы абраныя гаварылі ў снах з пахаванымі Старцамі, але пасля нешта здарылася. Вялікі каменны горад Р’льех патануў у хвалях з усімі сваімі глыбамі і грабніцамі. І глыбокія воды, поўныя першабытных таямніц, праз якія не прабіцца нават думцы, абрэзалі прывідны абмен думкамі. Памяць жа не памерла, і найвышэйшыя жрацы кажуць, што горад зноў уздымецца, калі зоры зоймуць свае месцы. Тады з зямлі выйдуць цёмныя зямныя духі, цвілыя, прывідныя і перапоўненыя змрочнымі чуткамі, назапашанымі ў пячорах пад забытым марскім дном. Але пра іх стары Кастра шмат казаць не насмеліўся. Ён паспешліва змоўк, і ні ўгаворамі, ні хітрыкамі немагчыма было больш даведацца пра гэта. Цікава, што ён адмовіўся казаць і пра памеры Старцаў. Што да культу, то ён сказаў, то, на яго думку, цэнтар яго распаўсюду быў пасярод непраходнай пустэльні ў Аравіі, дзе драмае схаваны і некрануты Ірам, Горад стаўпоў. Культ не мае нічога агульнага з еўрапейскім вядзьмарскім культам і амаль невядомы па-за колам яго чальцоў. Ніводная кніга ніколі пра яго не ўзгадвала, хоць неўміручыя кітайцы і кажуць, што “Некранамікон” звар’яцелага араба Абдула Альгазрэда неадназначны і кожны наступны можа чытаць яго па-свойму, асабліва двухрадкоўе, якое выклікала столькі спрэчак:


Не памёр яшчэ той, хто адвеку ў сне,

Прамінуць вякі – сама смерць спачне.


Леграс, моцна ўражаны і не ў малой ступені збянтэжаны, марна шукаў гістарычныя крыніцы культу. Несумненна, Кастра сказаў праўду – гэта была абсалютная таямніца. Кіраўніцтва Тулейнскага універсітэта не здолела праліць святло ні на культ, ні на скульптуру, і цяпер, калі дэтэктыў дабраўся да найбольшых аўтарытэтаў у краіне, то даведаўся толькі пра грэнландскую гісторыю прафесара Ўэба.

Ліхаманкавы інтарэс, які абудзіў аповед Леграса, падмацаваны папярэдняй цікаўнасцю да статуэткі, адгукаецца ў пазнейшым ліставанні з удзельнікамі з’езду. Хаця ў афіцыйных публікацыях таварыства ён узгадваецца скупа. Перасцярога ёсць найпершым клопатам тых, хто звыкся час ад часу натыкацца на шарлатанства ды круцельства. Леграс на нейкі час перадаў скульптуру прафесару Ўэбу, але пасля чыёй смерці яму яе вярнулі, і яна застаецца ў яго распараджэнні, дзе я яе нядаўна і бачыў. Яна насамрэч жахлівая і несумненна падобная да скульптуры, якую зрабіў у сне малады Ўілкакс.

У тым, што аповед скульптара ўсхваляваў майго дзеда, не было сумневу. Што заставалася думаць чалавеку, які ведае тое, што пра культ высветліў Леграс, а пасля чуе, што ўражлівы хлопец прысніў не толькі вобраз і іерогліфы дакладна як на скульптуры з балотаў і на д’ябальскай дошчачцы з Грэнландыі, але і пачуў у сне тыя самыя тры апошнія словы заклінання, якія выкрыквалі і эскімосы з д’ябальскага культу, і луізіянскія мяшанцы? Тое, што прафесар Энджэл неадкладна пачаў грунтоўныя даследаванні, было абсалютна натуральна. Праўда, я асабіста падазраваў, што малады Ўілкакс неяк ускосна даведаўся пра культ і выдумаў шэраг сноў, каб павялічыць і развіць гэтую таямніцу за кошт майго дзеда. Аповеды пра сны ды выразкі, сабраныя прафесарам, былі, вядома, моцным довадам. Але мой рацыяналізм ды абсурднасць усёй гэтай гісторыі прымусілі мяне прыйсці да таго, што мне падавалася самай разумнай высновай. Дык вось, пасля паўторнага дасканалага вывучэння рукапісу ды суаднясення тэасофскіх і антрапалагічных нататак з аповедам Леграса пра культ я выправіўся ў Провідэнс, каб пабачыцца з скульптарам і папракнуць яго ў такім нахабным падмане старога навукоўца.

Ўілкакс па-ранейшаму жыў на самоце ў Флёр-дэ-Лі-Білдынг на Томас-стрыт. Гэта была непрыемная віктарыянская падробка пад брэтонскую архітэктуру семнаццатага стагоддзя, якая выставіла свой тынкаваны фасад сярод прыгожых каланіяльных пабудоваў на старым узгорку. І ў самым цені найлепшага шпіля эпохі каралёў Георгаў у Амерыцы я знайшоў яго ў пакоях заглыбленым у працу. Убачыўшы раскіданыя наўкола работы, я адразу прызнаў, што яго геній сапраўды глыбокі і незвычайны. Упэўнены, калі-небудзь ён стане вядомы як адзін з вялікіх дэкадэнтаў. Яго талент выкрышталізаваўся ў гліне, і аднойчы ён выразіць у мармуры тыя кашмары і фантазіі, якія Артур Мэкен стварае ў прозе, а Кларк Эштан Сміт выяўляе ў паэзіі і жывапісе.

Змрочны, кволы і ў нечым неахайны, ён млява павярнуўся на мой стук і, не ўстаючы, спытаў, чаго мне трэба. Тады я расказаў яму, хто я, і ён зацікавіўся, бо мой дзед заахвоціў яго шукаць сэнс у яго дзіўных снах, хоць так і не растлумачыў, чаму іх трэба вывучаць. Нічога новага я яму не расказаў, але далікатна пастараўся яго разгаварыць. Даволі хутка я пераканаўся, што ён абсалютна шчыры, бо пра сны ён расказваў у такой манеры, што тут немагчыма было памыліцца. Яны самі і іх след у падсвядомасці значна паўплывалі на яго мастацтва. Ён паказаў мне адну страшную статую, контуры якой прымусілі мяне амаль скалануцца – такое моцнае і цёмнае ўражанне яна пакідала. Ён не змог успомніць, ці бачыў яе прататып дзе-небудзь, апрача барэльефу, які ён сам зрабіў у сне, але рукі быццам ляпілі самі. Несумненна, гэта была тая гіганцкая фігура, пра якую ён крычаў у трызненні. Ён хутка засведчыў, што сапраўды нічога не ведаў пра таемны культ, апрача таго, што высветлілася з несупынных роспытаў дзеда. А я ўсё намагаўся зразумець, адкуль у яго з’яўляліся гэтыя дзіўныя ўражанні.

Пра сны ён выказваўся ў дзіўнавата-паэтычнай манеры, прымушаючы мяне з жахлівай яснасцю ўбачыць сыры цыклапічны горад са слізкага зялёнага каменю, уся геаметрыя якога, дадаў ён, была няправільнай – і пачуць у напружаным чаканні несупынны, напаўтэлепатычны кліч з-пад зямлі: “Ктулху фхтагн, Ктулху фхтагн”.

Гэтыя словы былі часткай страшнага рытуалу, які апавядаў пра сон-чуйнаванне мёртвага Ктулху ў каменным склепе ў горадзе Р’льех, і мяне гэта глыбока кранула, нягледзячы на ўсе мае рацыянальныя перакананні. Ўілкакс, я быў пэўны, недзе выпадкова пачуў пра культ, але ў хуткім часе успамін пра яго згубіўся ў плыні іншага такога ж таямнічага чытва ды фантазій. Але ўражанне было такім моцным, што пазней падсвядома выявілася ў снах, у барэльефе ды ў жахлівай скульптуры, якую я цяпер бачыў. І ён, такім чынам, зусім не вінаваты ў тым, што ашукаў майго дзеда. Хлопец належаў да таго тыпу людзей, у якіх лёгкая манернасць спалучаецца з недахопам выхавання. Гэта мне ніколі не падабалася, але я быў схільны прызнаць і яго геній, і яго шчырасць. Мы прыязна рассталіся, і я пазычыў яму дасягнуць таго поспеху, якога заслугоўвае яго талент.

Пытанне культу па-ранейшаму захапляла мяне, і часам мне бачылася асабістая слава за даследаванні яго паходжання і сувязяў. Я наведаў Новы Арлеан, пагаварыў з Леграсам і іншымі пра той даўні рэйд, убачыў вусцішную скульптуру і нават распытаў тых з вязняў-мяшанцаў, якія яшчэ былі жывыя. Стары Кастра, на жаль, ужо колькі гадоў як памёр. Тое, што я так ясна пачуў цяпер з першых рук, хоць гэта і было проста дэтальнае пацверджанне апісанага дзедам, усхвалявала мяне з новай сілай, бо я пераканаўся, што напаў на след вельмі рэальнай, вельмі таямнічай і вельмі старажытнай рэлігіі, адкрыццё якой зробіць мяне славутым антраполагам. Маё стаўленне па-ранейшаму было выключна матэрыялістычным, і хацеў бы я, каб яно заставалася такім і цяпер. Я з амаль невытлумачальнай упартасцю адкідваў дакладную адпаведнасць запісаў пра сны і дзіўных выразак, сабраных прафесарам Энджэлам.

Адзінае, што я пачаў падазраваць і што цяпер, баюся, ведаю пэўна, – гэта тое, што смерць майго дзеда была зусім не натуральнай. Ён упаў на вузкай вуліцы, якая ідзе ўгору ад старога партовага раёну, поўнага нікому не знаёмых мяшанцаў, бо яго незнарок збіў з ног чарнамазы матрос. Я не забыўся, што ўдзельнікі культу ў Луізіяне былі матросамі з мяшанай кроўю, і не здзівіўся б, каб даведаўся пра іх таемныя парадкі, абрады і вераванні. Леграса і яго падначаленых, што праўда, пакінулі ў спакоі, але ў Нарвегіі загінуў адзін марак, які быў сведкам. Ці не маглі пра далейшыя дзедавы даследаванні, якія ён распачаў, калі пагаварыў з скульптарам, даведацца злыя людзі? Я думаю, прафесар Энджэл загінуў або таму, што ведаў зашмат, або таму, што мог зашмат даведацца. Ці паўтару яго лёс і я, пакажа час, бо ведаю я ўжо нямала.

1   2   3


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка