І. С. Скарапанава (Мінск) канцэптуалісцкія праекты віктара ыванова




Дата канвертавання14.02.2017
Памер82.25 Kb.
І. С. Скарапанава (Мінск)
КАНЦЭПТУАЛІСЦКІЯ ПРАЕКТЫ ВІКТАРА ЫВАНОВА
Віктар Ываноў – прадстаўнік пакалення next, якое прыйшло ў беларускую літаратуру ў канцы 90-х гадоў ХХ ст. – пачатку ХХІ ст. Ён укараняе ў ёй прынцыпы канцэптуалізму, які Ус. Някрасаў характарызаваў як авангард авангарду.

У вершы “Літаратурная вучоба” В. Ываноў закранае вельмі хваравітую для літаратуры праблему – мноства дастаткова пісьменна і прафесійна напісаных тэкстаў, якія тым не менш немагчыма прызнаць за паэзію: іх галоўны недахоп – другаснасць, адсутнасць уласнага аблічча. Новае, ні да чаго не падобнае, якраз можа ўспрымацца традыцыйнай свядомасцю як дрэннае, – палемічна завастрае сваю думку аўтар, хоць надае выказванню амбівалентнасць, бо і ні да чаго не падобнае можа аказацца нікуды не вартым. Верш адлюстроўвае кірунак намаганняў самога В. Ыванова, ужо адзін псеўданім якога пабуджае звярнуць на сябе ўвагу. Вучыўся ён найперш у рускіх паэтаў. Галоўнымі яго арыенцірамі, паводле ўласнага прызнання, былі канструктывіст І. Сяльвінскі і канцэптуаліст Ус. Някрасаў (які, дарэчы, В. Ыванова ацаніў). Уваходзіў у разнастайныя групы, заўсёды авангарднай арыентацыі: “Бум-Бам-Літ” (куды ўступаў двойчы: у 1999 і ў 2000), створаны ім самім гурт “Засралі казарму” (2001 – 2002), потым сумесна з С. Дубялевічам створаны гурт “Краджа золата” (2005 – 2007), які выступаў з музычна-тэкставымі кампазіцыямі, урэшце, ім жа створаны гурт – “Марыянская ўпадзіна” (з 2007), што абапіраецца на дасягненні “Queen”, Ingwie J. Malmsteen, “Агаты Кристи”.

Аповесць В. Ыванова “Кутузаў” напоўнена карцінамі жыцця маладых літаратараў Мінска, якія шукаюць сябе і магчымасці прабіцца ў друк. Кожны, натуральна, лічыць сябе геніем, якога зачакалася беларуская літаратура; стаўленне да яе адпаведна – суперкрытычнае. Паказальны такі, напрыклад, дыялог:
– Вася, а хто ваш улюбёны паэт? – спыталася яна.

– Маякоўскі… <…>

– А беларускія якія?

– Я не цікаўлюся беларускай літаратурай, – адказаў Вася. – Яна сфальсыфіцыраваная [2, с. 35].


Праўда, фігура Васі шмат у чым парадыйная, але настроі, што лунаюць у моладзевым асяродку, яго амбіцыёзнасць аповесць тым не менш перадае.

Сам В. Ываноў – вялікі пантыст: ён любіць здзіўляць, уражваць, эпатаваць. Яго натуральная стыхія – канцэптуалізм, і дастаткова авангардны: у формах трэшу, панк-кабарэ. Скажам, на прэзентацыі сваёй першай (і пакуль адзінай) кнігі “Асарці” (2009) В. Ываноў, велічна седзячы пасярод сцэны на крэсле, агучыў такі “непрыстойны”, а па сутнасці іранічны манаверш:


Я памыю яго для цябе.
Анекдатычная форма любоўнага прызнання выклікала замінку – і рогат.

Вось тут і ўзнікае пытанне: ад чыйго імя напісаныя творы В. Ыванова? На яго дае адказ В. Бурлак у прадмове да яго кнігі:

“Віктар Ываноў мысьліць праектамі. Перш, чым напісаць верш, ён піша паэта, які піша гэты верш і яшчэ 10 – 100 – 1000 іншых вершаў. Калі ж праект вычэрпвае сябе, Віктар Ываноў, як ашчадны гаспадар, выкарыстоўвае тое, што ад яго засталося. Напрыклад, паэт ператвараецца ў героя” [1, с. 3].

У стварэнні шматлікіх іміджаў, якімі аперуе аўтар, праглядаецца традыцыя Д. А. Прыгава, якую В. Ываноў пераносіць на беларускую глебу. Праз створаныя іміджы ён зводзіць рахункі з квазіпісьменнікамі і квазілітаратурай, празмерным завышэннем значнасці пасрэднасцей, а тое і нулёў, высмейвае трафарэтнасць, так і эпігонскі авангард. У асноўным В. Ываноў парадыйна высмейвае літугнаенне, якое іншымі ў такой якасці часта не ўспрымаецца.

Далёка не ўсё ў В. Ыванова апублікавана (ён аўтар амаль 600 вершаў і 25 паэм. У кнізе “Асарці” прадстаўлены малады паэт Павел Пасюкевіч: і персанаж, і стваральнік тэкстаў, што яму прыпісваюцца. Гэта самазакаханы малады аўтар з неадэкватнай самаацэнкай, які лічыць сябе выбітным майстрам пяра пры вельмі сціплых здольнасцях (рыса, дастаткова характэрная для беларускіх літаратараў), зацыклены на славе і ўжо пры жыцці ператвораны самім сабой у музейную фігуру. На дзвярах кватэры ў яго прымацавана шыльдачка:
“Тут у 1971 годзе

нарадзіўся і жыве

малады творца

Павал Пасюкевіч” [2, с. 8].


У адным з пакояў уладкавана падабенства музея, дзе ўзоры напісанага раскладзены на стале і іншых прадметах і да кожнага прымацаваны паясняльны ўказальнік; маецца і дэтальны пагадовы спіс напісанага, прычым як каштоўная рэліквія захоўваецца нават школьнае сачыненне за дзясяты клас і ўвогуле ўсё-ўсё-ўсё. Між іншым, змешчаныя вершы Пасюкевіча кшталту “Літволата”:
Во лат-

ыніне


Воля

наляцінула на

мяў… НЕ!,

я ў не-


сьвядомасьці,

дома ці


на дне? [2, с. 10] –
знарочыста парадыйныя ў дачыненні да таго, хто лічыць сябе надзвычай “прасунутым” – авангардыстам: авангард пракладае новыя шляхі ў мастацтве, а Пасюкевіч выкарыстоўвае шматразова запатрабаваныя клішаваныя коды, да таго ж сваімі псеўданавацыямі абсурдызуючы і без гэтага пусты па змесце тэкст (герой-паэт ніяк не можа зразумець: ці дома ён, ці на дне; непрытомны, ці што? або з перапою? – прыкідвае чытач). Вялікія прэтэнзіі заканчваюцца пшыкам, лірычная споведзь-самагімн выклікае смех. Цэлы раздзел кнігі называецца “Творчасць Пасюкевіча”. Тут прадстаўлены разнастайныя жанравыя формы: і лірычная споведзь, і монаверш, і санет, і трыялет, і песня. Але ўяўная разнастайнасць і разнапланавасць толькі падкрэсліваюць уласцівую творам Пасюкевіча другаснасць. Асабліва смяшыць нязменная прэтэнзія на наватарства, што абарочваецца то глупствам, то прафесійнай непісьменнасцю, то графаманіяй. Каб прывабіць да сябе ўвагу, Пасюкевіч звяртаецца да “смелых” тэм. Так, песня-байка “Мужык і бабёр” прысвечана праблеме заафіліі і распавядае пра сужыццё мужыка з бабром. “Смелы” аўтар выступае ў абарону правоў “меншага брата” і ў той самы час апявае гуманізм сучаснай дзяржавы, якая не дала справе ходу, быццам бы пашкадаваўшы жонку і дзяцей бабра (хоць атрымала “кампрамат” яна дзякуючы таму, што ўсё ў яе пад кантролем). Многа рознага абсурду ці проста недарэчнасцей удаецца нагарадзіць герою-паэту.

Забаўна выглядае выкарыстанне старых жанраў у дачыненні да новых рэалій, напрыклад, традыцыйна салоннага жанру – трыялета для прапановы “пераспаць”. Кантраст выкшталцонай формы і зніжанага яе напаўнення дае камічны эфект, які самім Пасюкевічам, натуральна, не ўсведамляецца.

Вядома ж, не мог абысці спарадыяваны герой-паэт нацыянальна-патрыятычную тэматыку, хоць бы з прычыны яе “моднасці” і жадання “адзначыцца” як “свой”. Нічога пераканаўчага і патрэбнага беларусам ён сказаць не здолеў, паўтарае агульныя месцы, спаўзаючы ў таўталогію і не заўважаючы, як сам сабе супярэчыць:
І можна сказаць, што ў Радзіме маёй

Няма пераменаў да лепшага,

Ды чую пах роднай зямліцы сваёй,

І тут мне адразу і лепшае [2, с. 116].


Атрымліваецца, што “патрыёту” добра, нягледзячы на тое, што пераменаў да лепшага няма, – пах важнейшы за дабрабыт Радзімы. Дый пах гэты – літаратурны, чыста віртуальны: скрозь асфальт паэт-урбаніст яго адчуць не ў стане. Усё гэта ўяўнае і прытворства, а тысячаразовы перапеў даўно апетага і сказанага можа толькі набіць аскому і выклікаць канчатковую пагарду да літаратуры. Вось супраць чаго выступае В. Ываноў, выкарыстоўваючы літаратурную маску псеўданаватара.

Але ў канцэнтраваным выглядзе заезджаныя клішэ беларускай літаратуры (а заадно і літаратуразнаўства) сабраныя В. Ывановым у паэме “Беларусь мая адзіная”, якая да Пасюкевіча дачынення ўжо не мае і прыпісваецца паэту-традыцыяналісту Алесю Яруну. У містыфікацыйнай прадмове, напісанай ад імя д.ф.н. Таццяны Карзючэнкі, накідваецца літаратурны партрэт Алеся Яруна, ахарактарызаванага як яркі малады талент, аўтар са сваім уласным паэтычным голасам, сваёй тэматыкай і вобразнасцю. Прадмова, аднак, наскрозь парадыйная і высмейвае безгустоўнасць, пасеізм, непрафесіяналізм у літаратуразнаўчай навуцы, у чым пераконваецца чытач, азнаёміўшыся з паэмай. Галоўная яе рыса – вытанчана стылізаваная (В. Ывановым) трафарэтнасць. Гэтая асаблівасць падкрэслена згушчэннем шматразова апрабаваных літаратурных кодаў. Перад намі споведзь выхадца з вёскі, які ў ідылічных тонах і “чужымі” словамі апісвае сваё сельскае юнацтва, не азмрочанае ніякімі праблемамі, – згадваюцца толькі родная хата, стагі сена, купальская крынічка, першыя спатканні:


яе праводзіў я да дому

пасьля гулянкі ўначы

і вакол сіняга парому

ўсю ноч пяялі салаўі [4]


У пошуках лепшай долі (хоць і так усё цудоўна, лепей і быць не можа) герой з’язджае ў сталіцу, дзе атрымлівае вышэйшую адукацыю, паступае ў аспірантуру, а заадно сыходзіцца з іншай. Але ўсё ў горадзе (у параўнанні з вёскай) не па ім, і ў вершах, якія складае, ён не перастае клясціся ў вернасці “малой радзіме”, быццам супраць сваёй волі патрапіў на чужыну. Грувасцячы штамп на штамп, А. Ярун паўтарае ўжо шмат разоў сказанае. Да таго ж нязграбным стылем, само сабой зразумелае падае як вялікую заслугу:
я паступіў ў аспірантуру

але калі я паступлю

няхай сабе ў дактарантуру

я сувязі ўсё ж не згублю


з сваёй адзінай роднай мовай

з паэзіяй і чарадой

сваіх прыгожых вершаў новых

з краінай роднаю маёй [Тамсама].


Традыцыяналісцкае абарочваецца ў паэме графаманскім, хоць захоплены сабой А. Ярун гэтага не разумее. Паколькі пісаць яму няма пра што, сыходзіць і натхненне. Ён разлічвае зноў знайсці яго, вярнуўшыся ў родныя мясціны. У вёсцы герой-паэт быццам бы і сустракае сапраўднае шчасце і наважваецца, нарэшце, прызнацца ў каханні сваёй калісьці маладой музе, першай з жней, а цяпер – старшыні калгасу (трэба думаць, перадпенсійнага ўзросту). “Сарамяжлівасць” паэта-традыцыяніста абсалютна непраўдападобная – яна не зашкодзіла знайсці ў горадзе каханку (праўда, потым кінутую), дый ніякай сувязі (хоць бы праз пошту) з гэтак мілай яго сэрцу герой многія гады не падтрымліваў. Хоць А. Ярун увесь час замілаваны сабой, ён паўстае не толькі як няздара, але і чалавек малапрывабны, які ўрэшце абраў ролю нахлебніка ў адзінокай, але заможнай жанчыны:
яна ўсьміхнулася мне сьціпла

і адчыніла дзьверы ў дом

каханьне наша ўжо ня згібла

грымеў вясеньні зноўку гром [Тамсама].


Асноўная мэта А. Яруна – прадэманстраваць сваю любоў да роднай зямлі і адданасць нацыянальным вытокам. Але да яго гэта прарабілі сотні аўтараў, і нічога новага А. Ярун у літаратуру не ўносіць. Эпігонскія пераспевы агульнавядомага, і гэткім самым кандовым чынам, патыхаюць фальшам, выяўляюць творчую бездапаможнасць, што і робіцца ў В. Ыванова крыніцай камічнага. Сапраўднаму аўтару ўдаецца зрабіць штамп і коснасць смешнымі, дыскрэдытаваць іх спекулятыўнае выкарыстанне, даць знакавую фігуру псеўдапаэта, якая ўсё яшчэ часта, на жаль, рэпрэзентуе беларускую літаратуру. І не выпадкова ў прадмове з’яўляюцца імёны С. Мінскевіча і В. Жыбуля – сваю неаддзельнасць ад “другой культуры” акцэнтуе тым самым В. Ываноў.

Сваім праграмным творам В. Ываноў лічыць верш “Дагістарычнае” (2008). Яго герой – бабуін, але пры ўсёй умоўнасці ў ім выступаюць аўтабіяграфічныя рысы: прыхаваны сум ад усведамлення недасканаласці свету і ўласнай недасканаласці, патрэба ў нястомнай працы над сабой, набыцця якасцей дэміурга, які пераўтварае жыццё:


Я – homo habilis, самотны бабуін.

Збудую помнік я і вежу адзіноты.

Хай партыя мая ўсяго адна-дзве ноты,

Ды гэтак скавычу і выю я адзін.

……………………
Будую гарады для некалькіх краін.

А малпачка мая народзіць мне народы.

Калі няма людзей, дык буду цар прыроды

Я, homo habilis, самотны бабуін. [3, c. 68]


Літаратурная маска бабуіна прыносіць у твор элемент камічнага, служыць пераадоленню пампезнасці, і тым не менш верш пранізвае заўзятая мара пра ператварэнне дачалавека ў істоту мыслячую, творчую, высокамаральную, якая нараджае сабе падобных. Менавіта такія, перакананы В. Ываноў, павінны панаваць на зямлі.

Музычнае суправаджэнне і нарастаючае эмацыйнае напружанне аўтарскага спеву ў час выступленняў узмацняюць уздзеянне “Дагістарычнага” на слухачоў, заражаючы прагай самаўдасканалення як галоўнай справы чалавека на зямлі. Бо якія людзі, такі і свет. В. Ываноў свой выбар зрабіў – гэта выбар “на карысць найвышэйшага” (М. Цвятаева). Таму ён і адмаўляе псеўда, у якіх бы абліччах яно ні выступала.

Прадстаўлены на старонках друку В. Ываноў, аднак, далёка не поўнасцю, і яго праекты апісання з кваліфікаваным каментаром не атрымалі розгаласу. Якія сюрпрызы чакаюць чытачоў, пакажа час.

__________________________



  1. Бурлак, В. Віктар Ываноў як я яго бачу / В. Бурлак // Ываноў, В. Асарці. – Мінск: Галіяфы, 2009.

  2. Ываноў, В. Асарці: паэзія, проза, п’есы / В. Ываноў. – Мінск: Галіяфы, 2009.

  3. Ываноў, В. Дагістарычнае / В. Ываноў // Маладосць. — 2008. № 9.

  4. Ярун, А. Беларусь мая адзіная / А. Ярун. [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://diary.ru/~ne-ugodno-li-svininki .


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка