І знічкай успыхвае душа




Дата канвертавання11.01.2018
Памер127.88 Kb.
І знічкай успыхвае душа

Вечарына – роздум для вучняў 8-11 класаў

Махнач Рамуальда Станіславаўна,

класны кіраўнік 10 класа



Задачы:

вывучаць гiсторыю свайго краю, сваёй краiны, свайго народа;

фармiраваць патрыятычныя адносiны да Радзiмы;

пашыраць веды вучняў аб знакамiтых людзях, якiя нарадзiлiся i жылi на зямлi Трабскай;

стымуляваць цiкавасць да пазнання традыцый сваiх продкаў.

Падрыхтоўка вечарыны:

Стварыць творчыя групы:



  1. пошукавая (збiрае матэрыял аб людзях, прысвяцiўшых сваю дзейнасць i сваё жыццё роднай Беларусi)

  2. даследнiцкая (даследуе матэрыял аб важных падзеях у жыццi мястэчка Трабы)

  3. этнаграфiчная (даследуе i збiрае матэрыял аб традыцыях правядзення памiнальнага дня “Дзяды”)

  4. памяць (даследуе i збiрае матэрыял аб Вялiкай Айчыннай вайне)

  5. летапiсная (рыхтуе альбомы — радаслоўныя)

  6. афармiцельская (афармляе месца правядзення вечарыны)

  7. мастацкая (рыхтуе лiтаратурнае выступленне)


Ход вечарыны

Пасярэдзiне залы, блiжэй да покуцi, стаiць стол, засланы саматканым абрусам. На стале ляжыць бохан хлеба на ручнiку, у лубцы з зернем стаiць запаленая свечка. Вучнi і іх бацькі сядзяць паўкругам. Гучыць жалобная музыка. Музыка сцiшваецца i замаўкае.


Дзеці ў беларускiм нацыянальным строi чытаюць вершы:

Ціха пад вокнамі дыхае вечар.


Ноч атуляе стамлёныя плечы.
Зорных нябёсаў таемнае веча
Душы Дзядоў выпраўляе на стрэчу...
На далані маёй дыхае свечка.
А над Айчынаю дыхае вечнасць.

Жаліцца небу старэнькая груша —


веццю счарнеламу завязь не гушкаць...
Памяць астылае лісце варушыць.
Гуслі Дзядам спавядаюцца скрушна.
Жальна ў вырай збіраюцца птушкі —
чуйныя родныя дыхаюць душы.
...Стогне Радзіма, з няволяй павенчана,
хіжаю шабляй варожай пасечана.
Здраднай касой курапацкай скалечана.
Попелам чорнае былі апечана...
...I паўстае — неадольная, вечная,
гордаю княжай крывёю асвечана.

Перад балеснай зямелькай укленчу —


чую: магілы паўстанцкія енчаць,
чую: адчайным заходзяцца крэчам
хаты пустыя, астылыя печы.
Чую самоту дарогі адвечнай —
боль невылечны і жаль чалавечы.
Белая поўня над чорнаю пожняй.
Дыхае свечка, на вечнасць варожыць.
Мовай чужынскай і воляй варожай
не пакарай мяне, праведны Божа!
Белай Краіне не згінуць парожняй —
абарані ад бяспамяцтва, Божа!

З веку мінулага дыхае вецер.


Дыхае памяць у зорным Сусвеце.
Знічкаю свечка у цемрадзі свеціць.
...Белае мроіва неба парушыць.
Белай малітвы начное не рушу.
Пад абразамі на покуці — душы.
Настаўнік:

У беларускага народа днi памiнання памерлых захавалiся яшчэ з дагiстарычных часоў. Восеньскiя Дзяды... У гэты дзень памiнаюць не толькi членамў сям’і, а ўвесь вялiкi род, а то і ўсiх, хто жыў на роднай зямлi. Ушаноўваюць таксама iмёны далёкiх продкаў. Ведаюць: адцуранне ад каранёў сваiх пагражае бездухоўнасцю. І ў гэты дзень, здаецца, нават прырода сцiшваецца ў чаканнi.

А вы самi не заўважалi, што 1 лiстапада пад вечар чамусьцi заўсёды становiцца цiха-цiха? Не шапоча над галавой бязлiтаснае вецце, не кранае шурпатай далонню за шчокi пранiзлiвы сiвер. Калi ж здаецца iсцi дажджу, дык i ён у гэты час ператвараецца хутчэй утуман, якi мяккай пялюшкай кладзецца на наваколле. Не пужае, не гонiць, а хутчэй заспакойвае i закалыхвае. Калi ж надвор’е надарыцца сонечнае, нябеснае свяцiла, якому лiстападаўскiм вечным змярканнем адмерана зусiм няшмат хвiлiн жыцця, у гэты дзень на некалькi хвiлiнак, на некалькi лiшнiх iмгненняў павiсае над даляглядам густа- чырвоным колам нібы хоча застацца паглядзець, што ж будзе далей.

Але яго змяняе на варце першая зорка, i сонца вымушана, павольна спаўзае ў сваю халодную пасцель... Вы не заўважалi? Я назiраю гэту дзiвосную з’яву штогод, з самага дзяцiнства.

Я ведаю праўду простую, спрадвечную, якую ведала мая бабуля, i яе прабабуля i прапра... зусiм мне не вядомыя, але якiя мне гэту праўду пакiнулi ў спадчыну...

1 лiстапада — Дзень усiх Святых. І на ўсе Святыя пад вечар становiцца цiха, каб не патухлi свечкi, якiя ў гэты дзень ставяцца на каталiцкiх могiлках па ўсёй Беларусi.

Нярэдка бывае так, калi на дзень 1 лiстапада прыпадаюць i змiтраўскiя Дзяды ў праваслаўных, i тады жывых агеньчыкаў на родных магiлах i ў храмах становiцца значна больш. I нават Бог сцiшвае дыханне, каб не патушыць тыя цяпельцы, якiя для дзядоў служаць маленькiмi маякамi, i прырода замiрае ў чаканнi незвычайнага, чаго нам, жывым, зразумець не дадзена...

Кажуць, продкi гэтым вечарам спускаюцца да нас, на зямлю. Злятаюць на нябачных крылах адтуль, дзе зоры, дзе найвялiкшая таямнiца Сусвету, адкуль мы прыйшлi i куды абавязкова рана цi позна вернемся. Садзяцца на падваконне мройнымi птахамi, глядзяць на нас, якiя за ўбраным сталом чакаюць iх на вячэру, дзеля якiх яны жылі i памерлi. Магчыма разважаюць, цi варта было дзеля вось такiх нас — жорсткiх, цынiчных, бяспамятлiвых — жыць i памiраць. Але яны нам усё даруюць, i вяртаючыся нябачнымi птушкамi ў свой вечны Рай, працягваюць неразумных нас, папярэджваюць у снах, засланяюць ад пошасцi i нянавiсцi, якiмі прасякнуты гэты свет.

А нам у гэты дзiўны вечар падаравана ўсявышнiм адчуваяне iх, Дзядоў, прысутнасцi. Калыхнецца раптам ад нябачнага павеву агеньчык свечкi, стукне ў акно галінка, рыпне раптам масьнічына ля дзвярэй, ледзь чутна правядзе па валасах чыясьцi лёгкая, бы паветра рука— i мы не палохаемся... Мы ўсмiхаемся праз слёзы, цешачыся, што Яны не пакрыўдзiлiся, Яны зноў прыйшлi. Яны заступяцца i папярэдзяць...

Яны нам даруюць усё i прыходзяць штогод. У лiстападзе, калi пакутлiва памiрае за даляглядам сонца, калi пялюшка халоднага тумана засцiлае ўвесь свет, калi больш чым калi адчуваецца адзiнота, калi нават прырода сцiшваецца i Бог затойвае дыханне, каб не згаслi маякi, тады Дзяды iдуць да нас на вячэру.



(Вучань чытае верш, а маці засцілае абрусам стол. Ставіць свечку, кладзе хлеб і ставіць стравы на стол, а пасля сядае на покуць)

Абрусам стол заслала маці,

І ціха-ціха стала ў хаце.

На стол паставіла яды,

Каб павячэралі дзяды.

Акрайчык хлеба палажыла,

Дастала свечку, запаліла.

За стол усіх пазвала маці,

І ціха-ціха было ў хаце.

Так мы сядзелі і маўчалі,

Памерлых родных паміналі.

Знаёмых, блізкіх, сваякоў

І любых нашых тых дзядоў.

Ад сьвечкі цені на сьцяне…

І вось тады здалося мне,

Што гэта, мусіць, сапраўды

Да нас сюды ідуць дзяды.

Маці:

Дождж падае вонку прыцішаным звонам,

дождж льецца, дождж плача на шыбах аконных,

балючы стон ветру даносіцца з даляў,

і зоркі на небе нам ноч не запаліць.
У святынях сціх гоман малітваў нядзельных,

на могілках свечкі даўно дагарэлі.

А ў краі, дзе думы мае безупынна,

чакаюць у хатах дзядоў на гасціну.


Да нас не забудзьце, прыходзьце, дзяды;

хопіць малітваў у мяне і яды

з сёлаў забытых, з лагчын і бароў,

і з наднямонскіх старых цвінтароў


У дом мой плывіце на святло агню,

вокны шырокія Вам адчыню;

гэдак прыходзьце як колісьць жылі,

весткі прыносьце із роднай зямлі.


Душу Вам вышлю насустрач сваю,

палкай малітваю Вас напаю,

сэрца маё каля Вашых магіл,

там, гдзе сумуе мой край дарагі.


У вечар таемны, у поўначы час

з Божае волі чакаю на Вас;

разам мы просьбаў гарачы наш жар

слаць будзем шчыра прад Божы аўтар.


Будзем прасіць за тых, хто не забыў

ні роднай мовы, ні родных ніў.

Хто мёртвых уваскрошваў сьвятою рукой,

Той нас не пакіне ў хвіліне цяжкой.



Вучань:

Дзяды нашы святыя, радзiцелi, хадзiце да нас вячэрацi. Чакаем вас, як i тысячы, i сотнi гадоў назад чакалi. Хадзiце на бяседу цiхую, спавядальную ўсе, хто на гэтай зямлi некалi жыў, - i старыя, i немаляты малыя, і мацi, i сёстры, i браты, i бацькi, i людзi чужыя, незнаёмыя. Пагаворым мы з вамi, Дзяды, як спрадвеку у краi нашым. Верым мы, як верылi некалi вы, дзяды нашы, - чалавек не знiкае без следу. Душа ягоная жыве ў сусвеце. Гэта тыя, хто адышоў са сцежак зямных, перадаюць нам розум, дух, традыцыi i вопыт. Гэта ад вас пуцявiны нашыя да дзяцей, унукаў i далей iмкнуць.


Вучань:

Дзяды нашы шаноўныя, завiтайце на Асянiны. Мы хату прыбралi, ручнiкi белыя памiнальныя павесiлi. Чакаем Вас. Зла не трымайце, што, бывала, забывалiся на вас, не заклiкалi на вячэру, магiл не бераглi. Дык дапамажыце, мудрыя дзяды, дайсцi нам да святых крынiц вечнасцi, каб дзецi не зблудзiлi потым. Для вас мы адчынiлi дэверы, вокны, для вас на стол паставiлi ўсё, што належыць. Запалiм свечку ў жыце, як спрадвеку было. Бо нам не жыць, калi не помнiць вас.


Вучань:

Надыходзіць ціхі вечар,

Засыпае вочы сном...

Хто жывы на гэтым свеце?

Вечар бачны па прыкмеце:

Сціхла хата за сталом.

Пах бульбоўніку, насенне,

Ледзь заўважнае святло.

Не трывожце, летуценні –

За сталом паселі цені,

Ўсё заціхла, аджыло.

Вучань:

Здавалася, у цемры забыцця,


У шале адцурання ад народа,
Калi ад нас ахоўвалi магiлы, i
Кволыя, нявiнныя тапталi кветкi.
Не будзе даравання нам, нашчадкам.
Што гэтак занядбалi мы святое.

Ды вы мудрэй за нас, Дзяды,


І вось iдзiце спадчыну агледзець.
Не надта мы багатыя цяпер,
Ад гучных слоў аскомiна на срцах.
І ўсе ж сышлiся разам мы сустрэць Вас.
І пра былое, каб пагаварыць.
Сказаць не складна, можа, але чыста,
Сумленна i аддана вам:
Мы чуем вашых думаў трапятанне
Чакаем Вас i верым.

Настаўнік:

У кожнай сям’i берагуць, шануюць памяць пра сваiх дзядоў. Але ж мы, беларускi народ, адна вялiкая сям’я. І злучае нас у гэту вялiкую сям’ю памяць пра нашых дзядоў.


Вучань:
Былога былiны, старога паданнi
Плывуць, як аблiтыя сонцам чаўны,
Па краю зялёным, прасторах бяскрайнiх
Ад Нёмна да Сожа, ад Буга да Гайны,
Па хвалях Дняпра i шырокай Дзвiны.
Дзядоў нашых слава на iх узбярэжжах,
Гамоняць пра гэта бары-байкары.
Гамоняць пра гэта i Полацка вежы.
I Турава сцены, i шум Белавежы,
І роднага Мiнска сівыя муры.

Вучань:
Дзяды нашы бiлi драпежнiкаў прускiх,
Не даўшы надзець на сябе кайданы, -
Пад Грунвальдам бiлi, на возеры Чудскiм
Сваю Беларусь баранiлi яны.
Спытайцеся кожнай сасны і бярозкi -
Яны вам раскажуць, як даўняй парой
Хадзiў тут Вашчыла, Хвясько, Каліноўскі,

Iх слава, як сонца, стаiць над зямлёй.


А памяць? Яе мы ўшануем з душой.

(Дзеці па чарзе падыходзяць да стала, запальваюць сваю свечку, называюць iмёны славутых дзеячаў Беларусi і ставяць запаленую свечку ў лубку)

  • Полацкi князь Рагвалод i князёўна Рагнеда, уладар зямлi дрыгавiчоў князь Тур;

  • Першая беларуская асветнiца Ефрасiння Полацкая i буйнейшы пiсьменнiк ХII стагоддзя Кiрыла Тураўскi;

  • Заснавальнiк беларускага i ўсходнеславянскага кнiгадрукавання, вучоны i пiсьменнік, доктар фiласофii i медыцыны з горада Полацка Францыск Скарына;

  • Паэт-гуманiст i асветнiк эпохi Адраджэння, слаўны дзеяч славянскай культуры Мiкола Гусоўскi;

  • Прадаўжальнiк культурна-асветнiцкiх традыцый Скарыны, царкоўны, грамадска-палiтычны дзеяч Сымон Будны i адзiн з першых беларускiх друкароў Мсцiславец Петр Цiмафеевiч;

  • вядомы беларускi асветнiк i грамадскi дзеяч Сiмяон Полацкi;

  • кiраўнік нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 г. Тадэвуш Касцюшка , беларускi рэвалюцыйны дэмакрат, мыслiцель, паэт, публiцыст, кiраўнiк паўстання 1863 г. Кастусь Калiноўскi;

  • вядомыя паэты Беларусi: Адам Мiцкевiч, Францiшак Багушэвiч, Максiм Багдановiч, Янка Купала, Якуб Колас.



Настаўнік:

Стронку за старонкай перагортваем мы кнiгу нашай Памяцi, летапiс Гiсторы нашай, летапiс зямлi Трабскай.



Вучань:

Загiнулi яны, i можа, сотнi год


З тых часаў працяклi, i згiнуў iх народ.
І ўсё змянiлася, i ўжо пра iх забылi.
Ды толькi нанава усё цяпер збудзiлi!
І людзi ведаюць аб прадзедах сваiх,
Аб горы, радасцях i аб прыгодах iх,
Каму малiлiся, чаго яны шукалi,
Што для нашчадкаў праз стагоддзi захавалi.
(Да стала падыхоазяць па чарзе вучнi групы “даследнiцкая”, называюць iмёны і запальваюць свечкi памяцi).

  • Князь Трабус — заснавальнiк мястэчка Трабы ў ХУ стагоддзi;

  • Ваявода Альбрэхт Мартынавiч Гаштольд, унук княгiнi Марыі Трабскай, праз якога ў 1534 годзе пабудаваны драўляны парафiяльны касцёл, сiнагога, валасное ўпраўленне, народная школа;

  • Жыгiмонт Аўгуст, якi атрымаў Трабы ў падарунак ад бацькi караля Жыгiмонта ў 1543 годзе. Трабы становяцца каралеўскай рэзiдэнцыяй, дзе праходзяць з’езды;

  • Станiслаў Пац — першы стараста Траб у 1598 г.;

  • Дамiнiк Нарбут — уладальнiк маёнткаў Трабскiх, праз яго ў 1784 г. пабудавана драўляная царква, якая iснуе па сённяшнi дзень;

  • Святар Даламанаў, стварыў брацкi пункт для народных чытанняў “Жыцiе Святых” у 1909 г.;

  • Клiнцавiч Сямён Аляксандравiч – вядомы дзеяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусi.



Настаўнiк:
Кажуць, што гады не здолеюць зацямнiць нi веліч выйграных бiтваў, нi горыч страт.
Дзяды-ваяры, iдзiце сёння да нас, на нашу памінальную вячэру. А мы, нашчадкi вашы, услаўляем вас. Наш вам паклон i памяць, i пашана.
Вучань:

Ворагi хмарай смяротнай знiшчыць iшлi. І тады


Наша зямля баранiла знямоглых сыноў:
У нетры яе адыходзiлi хмары i гарады,
Бiлi крынiцы адтуль i даносiла водгук званоў.
У кожнай краплiне жыццё незгасалына звiнiць.
Душы забiтых — аблокi — вiтаюць зару.
Дзе мiрыяды чужынцаў? — спытай у слабенькiх крынiц,
І ў акiяне, якому iмя — Беларусь.

(Вучнi групы “памяць” падыходзяць да стала, запальваюць свечкi i называюць iмёны).

  • Успомнім усіх землякоў нашых, якія на фронце аддалі сваё жыццё ў імя Перамогі.

  • Успомнiм усiх воiнаў 24-ай Самара-Ульянаскай дывiзii, якiя загiнулi абараняючы Трабы ў першыя дні ваеннага лiхалецця.

  • Запалiм свечку памяцi за тых воiнаў, што аддалi сваё жыццё ў дзень вызвалення Траб ад нямецкiх захопнiкаў.

  • Запалю свечку памяцi за воiнаў-ветэранаў, якiя не дачакалiся сённяшняга дня.

  • Успомнiм аб тых, хто бязвiнна загiнуў ад рук бандытаў.

  • Запалiм свечку памяцi за старых, жанчын i дзяцей, загiнуўшых у гады вайны, за расстраляных i спаленых жывымі ў вёсцы Ятаўтавiчы i ў iншых вёсках.


Настаўнiк:
Дзяды-радзiцелi, сёння ваш дзень, сёння вас тут чакаюць унукi i праўнукi вашы, каб ушанаваць вас.

Вучань:

Прыхадзiце, дзяды-радзiцелi,


І старыя, i малыя,
Хто на гэтай сялiбе жываў,
Хлеба-солi ядаў.
Маці:

Прыхадзiце, дзяды-радзiцелi,


К свайму сталу, к нашаму прыпечку.
Хлеба-солi паспытайце,
Каб было чым душы памiнаць
Год ад году
Век ад веку.

Вучань:

Ёсць тут усё, што Бог даў,


Што я для вас ахвяраваў,
Чым толькi хата багата.
Святыя дзяды! Просiм вас,
Хадзiце, ляцiце да нас.
Вучань:
Перада мною воскам аплывае

Маўклівай свечкі зграбны стан.

Гасцей нябачных светлы стол чакае,

Рэальнасьць аддаляецца ў туман.


Маці:

Сіло сумненняў, страху краты –

Усё забылася, сышло,

I толькі памяці араты

Іх душы просіць на святло

Адтуль, дзе ў жыццяў смак віны.

Я чую галасы, Яны...

(Вучнi групы “летапiсная”падыходзяць да стала, ставяць фотаздымкі сваіх памерлых сваякоў, запальваюць свечкi, якiя ставяцца ў лубку з зернем і зачытваюць урыўкi са сваiх альбомаў “Памяць продкаў”, затым усе астатнія прысутныя перадаюць па кругу запаленую свечку, па чарзе ўспамінаючы сваіх продкаў. Першай пачынае настаўніца:.. Сёння я хачу ўшанаваць памяць ….)


Вучань:

Мільёны свечак асьвяцілі край,

Каб душы продкаў бачылі ізноў,

Што помнім іх і нашая любоў –

Адзіны існуючы ў свеце рай.

Вучань:

Мы молімся, мы плачам, мы маўчым,

Праз гэтае жыцьцё свае крыжы

Нясём, нібы ратунак для душы,

І ў вечнасць адлятаем, нібы дым.
Вучань:

Мільёнам свечак цэлы дзень гарэць,

І нам глядзець у свет, куды ляцім,

Дзе мейсца ёсьць, было і будзе ўсім,

Дзе нам усіх любіць і разумець.

Настаўнiк:
Памаўчым хвiлiну. Памянём бацькоў i мацi, дзетак-немалят, братоў, сясцёр, каханых i сяброў, i змагароў за нашу волю, i нявiнных ахвяр. Памянём днi чорныя, гады, калi памiралi — гiнулi... ад куль, ад здрады, ад маны цi зла, ад Чарнобылю скрушнага. Паслухаем iх душы. (Хвiлiна мачання)

Вучань:

Крычыць маўчання хвiлiна ,


А мы ўсё нiяк не злічым —
Пульсуе зямля пад намi.
Мы мяккай зямлi iм зычым,
Цi ж лёгка пад дзiрванамi?

Вучань:
Сонейка яснае на небе, узыдзi ў iх непраглядныя цямнiцы хоць адною лучынкаю светлаю, хоць адным тоненькiм валаском залаценькiм, кропелькаю расы гаручаю, тваiм святым агнём, хоць ручайком купальным.

Вучань:
У цiшы напятай душы ўскрэслi
Зноў растрывожаць сонныя клады
Чаго прасцей — гiсторыю закрэслiць
Ды паўстаюць з мiнуўшчыны Дзяды.
І вось ужо акрэсленыя рысы:
Усмешка, вочы, прысак даланi.
Да iхняга жыцця ты дакранiся
Успомнi, павiнiся, памянi!

Вучань:

Даруй, Божа, грахi ўсім прадзедам, дзядулям і бабулям нашым – усім продкам, што адышлі ў веры і надзеі на ўваскресенне, і ўчыні ім вечнаю памяць.


Вучань:

Дай нам, Божа, з годнасцю прайсці свой жыццевы шлях, пражыць так, каб памножыць славу свайго роду і свайго народа.


Маці:
Так i хочацца яшчэ раз прамовiць тыя словы, якiя паўтаралi ўжо многiя пакаленнi да мяне, якiя, так хочацца верыць, не забудуць i нашы ўнукi:
Святыя Дзяды
Зляталiсь сюды,
Есцi — пад’елi,
Пiць — напiлiся.
Чэсць i слава вам!

Цяпер скажыце нам,


Чаго вам грэба?
А лепей:
Ляцiце на неба!

Настаўнік:

А ноччу, у светлы пранiзаны промнямi сонца сон, абавязкова прыйдзе тата цi бабуля. Цi проста нехта незнаёмы, але вельмi родны i блiзкi, i пяшчотна пагладзяць па шчацэ лёгкай нябачнай рукой. I новы дэень абавязкова будзе добрым. І ўсе астатнiя пад iх аховай i апекай - таксама.


(Уключаецца цiхая жалобная мелодыя).


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка