Інфармацыйны бюлетэнь №17 (21)




Дата канвертавання24.11.2017
Памер87.74 Kb.
Лунінецкая цэнтральная раённая бібліятэка

Аддзел бібліятэчнага маркетынгу

БІБЛІЯТЭЧНАЯ ПАНАРАМА

Інфармацыйны бюлетэнь № 17 (21)




Лунінец, 2013



Чарговы выпуск бюлетэня “Бібліятэчная панарама” прысвечаны найбольш значным мерапрыемствам 2013 года, арганізатарамі ці ўдзельнікамі якіх былі бібліятэчныя работнікі.

МОЙ РОДНЫ ГОРАД

Я іду тратуарам вячэрняга Лунінца

Пад усплеск лісцяў кленаў, пад шум тапалеў.

Перфакартай агнеў загарэліся вуліцы,

Ад святла на душы лад, лагода, цяпло.

Добры вечар, мой горад!

Горад ціхі і чысты, гасцінны і ласкавы,

Землякам мацярынскую дорыш любоў,

Да гасцей ты адносішся з клопатам бацькавым,

Ды і я па-сяброўску зрадніўся з табой..

Купал неба павіс, сее зоркі над Лунінцам,

Паступова машыны спыняюць свой ход.

Легла ціш у дварах, да дамоў чуйна туліцца,

Каб спакойна спачыў працавіты народ.

Добрай ночы, мой горад!

Горад ціхі і чысты, гасцінны і ласкавы,

Землякам мацярынскую дорыш любоў,

Да гасцей ты адносішся з клопатам бацькавым,

Ды і я па-сяброўску зрадніўся з табой

С. Нефідовіч

У апошнюю нядзелю жніўня Лунінец адзначыў Дзень горада. Дзень выбраны невыпадкова. У гэты дзень таксама адзначаецца прафесійнае свята чыгуначнікаў. А менавіта дзякуючы чыгунцы некалі глухая палеская вёсачка ператварылася ў горад. Бібліятэкары прынялі актыўны ўдзел у арганізацыі свята. На адкрытай пляцоўцы каля помніка Якубу Коласу вырас маляўнічы бібліятэчны гарадок.

Супрацоўнікі аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі падрыхтавалі разгорнутую кніжна-ілюстраваную выставу «Горад мой – гонар мой», дзе прадставілі розныя вехі гісторыі Лунінца, падзеі сённяшняга дня, інфармацыю аб знакамітых людзях нашага горада, а таксама матэрыялы пра Лунінецкі чыгуначны вузел, які па-ранейшаму адыгрывае важную ролю ў эканоміцы горада.



Тут жа быў арганізаваны адкрыты прагляд літаратуры «Час чытаць!» з раздзеламі:

«Новая мастацкая літаратура».

«Таямніцы светабудовы» (літаратура праваслаўнай тэматыкі);

«Тысячагоддзі: пошукі, загадкі, адкрыцці» (літаратура аб неразгаданых таямніцах, прадказаннях будучыні, непазнаных рэчах і г.д.);

«Сто вялікіх» (серыя кніг жыццяпісу выдатных дзеячаў усіх часоў і народаў, якія праславіліся ў розных галінах ведаў);

«Здароўе нашай сям'і»;

«Кнігі, што размаўляюць» (кнігі ў электронным варыянце);

«З часопісам вакол свету» (часопісы, якія атрымлівае бібліятэка).

Кніжную выставу «Гэты цуд завецца Кніга» прадставіла Лунінецкая цэнтральная раённая дзіцячая бібліятэка. Юным лунінчанам прапанавалі пазнаёміцца з кніжнымі навінкамі беларускіх пісьменнікаў. Яркія, маляўнічыя, цікавыя па змесце кнігі прыцягвалі да сябе ўвагу шматлікіх аматараў чытання.



На выставе «Сузор'е талентаў дзіцячых» былі прадстаўлены карціны і вырабы з салёнага цеста і крупы, створаныя ўдзельнікамі клуба «Светлячок», які працуе пры дзіцячай бібліятэцы. «Знаёмцеся: лялька Цільда» - так называлася выстава-продаж лялек з тканіны, вырабам якіх займаюцца супрацоўнікі бібліятэкі. Лялькі Цільда вельмі падабаюцца маленькім жыхарам нашага горада. Вось і на гэтым свяце некалькі лялек знайшлі сваіх гаспадароў.

Жыхары і госці горада змаглі пазнаёміцца ​​з творчымі выставамі нашых чытачоў. Асаблівую цікавасць выклікалі вырабы з макароны дырэктара цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Надзеі Міхайлаўны Радзіяновіч. Калекцыя вырабаў пастаянна папаўняецца і працягвае здзіўляць удзельнікаў нашых мерапрыемстваў.




З вялікай цікавасцю знаёміліся госці свята з выставай работ «Цуды сваімі рукамі» Дзяржаўнай установы «Лунінецкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» (аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў), дзе былі прадастаўлены калекцыі фларыстычных пано.

Была магчымасць палюбавацца выдатнымі экспанатамі, выкананымі з саломкі, бісеру, бяросты, дрэва, вышыўка крыжам, вышыўка атласнай стужкай.

Бібліятэкар Лунінскай сельскай бібліятэкі прадставіла цікавыя працы з дрэва і прыроднага матэрыялу мясцовага народнага ўмельца А.А.Дырмана. Яго працы купілі госці з Растова - на - Доне.

Бастынская, Цнянская сельскія бібліятэкі (работы чытачоў), Вялуцкая сельская бібліятэка (работы А.І.Наварыч) і бібліятэка Аграсэрвіса (работы А.Я.Мартынкевіч) прадставілі калекцыі карцін, вышытых крыжыкам і вырабы, выкананыя ў тэхніцы дэкупаж, а Сітніцкая сельская бібліятэка (работы ВюМ.Танчынскай) прадставіла сурвэткі, звязаныя кручком.

Каля помніка Якубу Коласу адбылася літаратурная сустрэча «... Так, толькі тут магу я быць паэтам», дзе свае вершы чыталі паэты Лунінеччыны Сцяпан Паўлавіч Нефідовіч (Любань), вершам якога адкрываецца гэтае выданне, Рыгор Андрэевіч Жук (Лунінец), Аляксандр Пятровіч Хаўдзееў (Лунінец), Віктар Андрэевіч Пінігін (Лунінец ), Віктар Пятровіч Карповіч (Лунінец), Настасся Ананьеўна Пратасавіцкая (Вулька 1), Марыя Аляксандраўна Яраховіч (Вулька 2). Выступілі навучэнцы школ горада, якія чыталі вершы пра Лунінец і родны край.

КНІГА ПАД ЯРКІМ СОНЦАМ

Адной з арыгінальных адметнасцей лунінецкіх бібліятэкараў стала масавая работа на адкрытых пляцоўках горада. Свае мерапрыемствы бібліятэкі горада прапануюць жыхарам не толькі на гарадскіх святах, але і ладзяць іх самастойна. Вось і на гэты раз каля цэнтральнай бібліятэкі разгарнулася літаратурна-тэатралізаванае свята, прысвечанае Дню беларускага пісьменства і Дню ведаў “Гэты цуд завецца кніга”.

На свята сабралася больш за 200 чалавек. Перш наперш прысутных пазнаёмілі з кніжнымі выставамі “Гэты цуд завецца кніга”, “Навінкі перыядычнага друку”, “У вытокаў пісьменства”, “Песняры зямлі беларускай”, “Сучасныя беларускія выданні”, “У дапамогу школьніку”, “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”, выставай Лунінецкага краязнаўчага музея, дзе былі прадстаўлены старажытныя кнігі і школьныя рэчы розных часоў. Супрацоўнікі цэнтральнай і дзіцячай бібліятэк прапаноўвалі ўсім жадаючым пазнаёміцца з экспанаванымі кнігамі і інфармацыйнымі спісамі літаратуры, уручылі візітныя карткі бібліятэк з указаннем адрасоў, тэлефонаў і рэжыма працы. Пастаянныя чытачы бібліятэк змаглі ўзяць упадабаныя выданні дадому. Пачаткоўцам жа параілі запісацца ў бібліятэку.На працягу дзвух гадзін разгортвалася тэатралізаванае прадстаўленне з удзелам літаратурных герояў. “Жывыя” кнігі на чале з Каралевай Кнігай і Несцеркай чыталі вершы, расказвалі гісторыю ўзнікнення першых кніг, у арыгінальнай форме распавядалі пра асветнікаў таго часу, знаёмілі з сучасным станам кнігадрукавання. Пра ролю кнігі ў навуцы і адукацыі паведаў “Францыск Скарына”. Шмат цікавых гісторый, шчаслівых хвілін звязана са школай, з настаўнікамі і аднакласнікамі. Таму наш герой Несцерка запрасіў дзяцей настроіцца на школьную хвалю і паўдзельнічаць у розных літаратурных конкурсах і інтэлектуальных віктарынах. Трэба адзначыць, што дзеці паспяхова справіліся з заданнямі. Пераможцам былі ўручаны граматы і салодкія прызы.

Па-ранейшаму вялікі інтарэс у школьнікаў вызвалі творчыя выставы цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі, асабліва выстава лялек Цільда, хоць і экспанаваліся яны не ўпершыню. А яшчэ можна было пазнаёміцца з выставамі “Сузор’е талентаў дзіцячых”, “Цуды сваімі рукамі” (вырабы з саломы), выставай карцін мастацкага адзялення Лунінецкай дзіцячай школы мастацтваў..

Ні воднае свята не абыходзіцца без музыкі, песень, танцаў. Вось і на гэтым свяце добры настрой падтрымлівалі мясцовыя артысты: супрацоўнік ГДК Сяргей Місікаў, бібліятэкар Азярніцкай сельскай бібліятэкі Наталля Бярозка, студэнтка гарадскога каледжа Настасся Дземідзюк.

ДЗЕНЬ БІБЛІЯТЭК

15 верасня ў цэнтральнай раённай бібліятэцы ўрачыста адзначылі Дзень бібліятэк. Чытачы, якія наведалі ў гэты дзень бібліятэку, былі прыемна здзіўлены: іх сустракалі незвычайныя персанажы: «Анёл», «які жыве» ў сценах бібліятэкі і які з'яўляецца анёлам-захавальнікам лунінчан чытаючых і «лэдзі-фуршэт», якая прапаноўвала наведвальнікам разнастайныя напоі.

З прывітальным словам выступіла дырэктар раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Радзіяновіч Надзея Міхайлаўна. Яна выказала вялікую падзяку ўсім бібліятэкарам за іх нялёгкую працу, за тое, што дапамагаюць захоўваць ведымногіх стагоддзяў, за вялікі ўклад у свядомасць нашых суграмадзян. Прагучалі словы падзякі і ўдзячнасці не толькі бібліятэкарам, але і верным чытачам.

Мерапрыемства праходзіла ў форме Дня адчыненых дзвярэй. На шматлікіх тэматычных выставах і адкрытых праглядах літаратуры былі прадстаўлены самыя новыя і каштоўныя асобнікі кніг. Былі аформлены таксама выставы творчасці бібліятэкараў і чытачоў. Дарэчы, усе выставы дзейнічалі ў бібліятэцы і пасля заканчэння свята на працягу тыдня.

Наведвальнікі пакідалі у гэты дзень бібліятэку з рэкламнымі буклетамі і ўлёткамі.

На свяце маглі папрысутнічаць нават тыя, хто не зайшоў у бібліятэку, а проста праходзіў міма. З вокнаў бібліятэкі гучала радыёгазета, з якой можна было даведацца шмат новага аб рабоце бібліятэк, гісторыі іх узнікнення, правілах карыстання бібліятэкай, лепшых бібліятэках раёна.

Задачы, якія ставілі перад сабой работнікі бібліятэкі, - прапаганда кнігі і бібліятэкі, выкананы, свята атрымалася.

Святочныя мерапрыемствы прайшлі не толькі ў цэнтральнай бібліятэцы, але і ва ўсіх бібліятэках раёна.





Бібліятэчная панарама. Інфармацыйны бюлетэнь №17 (21).

Кастрычнік 2013 г.

Ідэя Н.Радзіяновіч


Склад. Т.Карпуковіч, Л. Плаўсюк, Н.Кіпцэвіч

Рэд. Т.Карпуковіч






База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка