Інфармацыя аб рабоце дук “лунінецкая рцбс” у 1 квартале 2017 г. Сетка бібліятэк




Дата канвертавання13.06.2017
Памер74.17 Kb.
ІНФАРМАЦЫЯ

АБ РАБОЦЕ ДУК “ЛУНІНЕЦКАЯ РЦБС” у 1 квартале 2017 г.
Сетка бібліятэк.

У 1-м квартале 2017г. у бібліятэчнай сетцы раёна змен не адбылося. На 1.04.2017г. ДУК “Лунінецкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма” налічвае 35 бібліятэк: цэнтральная раённая, Мікашэвіцкая гарадская, 2 дзіцячыя (цэнтральная і Мікашэвіцкая), 30 сельскіх устаноў (у т.л. 4 бібліятэкі-клуба і бібліобус) і 1 гарадская бібліятэка ў Лунінцы (мікрараён Сельгастэхнікі).


Асноўныхя кантрольныя паказчыкі

Лічбавыя паказчыкі за 1 кв. 2017 г. выкананы: колькасць карыстальнікаў бібліятэк – 16071 (план 15365), колькасць наведванняў – 56863 (план 54520), кнігавыдача – 145313 (план 143485).

Нягледзячы на цяжкасці з камплектаваннем фонда, дэмаграфічную сітуацыю (старэннем і зніжэннем колькасці сельскага насельніцтва), удалося не дапусціць зніжэння лічбавых паказчыкаў, а па колькасці наведванняў маецца рост у параўнанні з адпаведным перыядам 2016 года на 8%.

Аўтаматызацыя. Інфармацыйныя функцыі бібліятэк.


У ЦБС камп'ютэрызаваны 24 бібліятэкі, у іх налічваецца 40 камп’ютараў. Аднак многія камп’ютары ўжо састарэлі і патрабуюць замены. 19 бібліятэк падключаны да Інтэрнэту і электроннай пошты. У 1-м квартале новая камп’ютарная тэхніка не набывалася.

Цэнтральная, Мікашэвіцкая гарадская і Дзятлавіцкая сельская бібліятэкі маюць ІПС “Эталон”, на базе якіх працуюць Публічныя цэнтры прававой інфармацыі. У 1 кв. у ПЦПІ абслужана 88 карыстальнікаў, ім выдана 115 даведак, у тым ліку з дапамогай ІПС “Эталон” – 93.


Камплектаванне бібліятэчных фондаў.

Адзіны фонд ДУК “Лунінецкая РЦБС” на 01.04.2017 складае 529,2 тыс. экз. У 1-м квартале фонд папоўніўся 1305 экз. літаратуры на суму 2983,84 руб. З бюджэту накіравана 291,91 руб., у т.л. 228,00 руб. на закупку 40 экз. літаратуры і 63,91 руб. на набыццё правоў доступу да інфармацыйных электронных рэсурсаў. Атрыманы 25 экз. на суму 281,97руб з абменна-рэзервовага фонду абласной бібліятэкі, 681 экз. на суму 1762,50 з рэспубліканскага фонду. У якасці замены замест страчанай літаратуры прынята 559 экз. на суму 647,46 руб.



Платныя паслугі.

Бібліятэкі аказваюць насельніцтву 20 відаў платных паслуг. Выручка ад платных паслуг у 1 квартале склала 3492,52 руб. (102,3% да плана).


Кадры.

На 01.04.2017 г. спіскавая колькасць работнікаў у ЦБС складае 104 чалавекі, у тым ліку бібліятэчных работнікаў – 84.


Формы і метады работы з чытачамі.

2017 год аб’яўлены Годам навукі. У бібліятэках з гэтай нагоды аформлены кніжныя выставы і тэматычныя паліцы “Навука – гэта жыццё”, “Свет навукі і тэхнікі”, “Шляхам ведаў – у свет адкрыццяў”, “Твори, выдумывай, пробуй”, “Геніі сусветнай навукі”. Праведзены: інформ-дайджэст “Свет навукі адкрывае кніга” (ЦРБ), пазнавальнае асарці “Наука чудеса творит” (ЦДБ), інфармацыйная гадзіна “Дасягненні беларускай навукі” (Дрэбская бібліятэка-клуб, Цнянская сельская бібліятэка), інтэлектуальна-пазнавальныя гульні “Што? Дзе? Калі?”, “Своя игра” “Умники и умницы” (Міжлесская, Дзятлавіцкая, Лунінская, Вялікачучавіцкая сельскія бібліятэкі) і інш.

2017 год – год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Шмат мерапрыемстваў у гэтай сувязі было прысвечана беларускай гісторыі, культуры, мове, літаратуры. У ЦБС аб’яўлена акцыя-конкурс “Чалавек прыдумаў кнігу”. Творчыя работы на конкурс прымаюцца па дзвюх намінацыях – літаратурны конкурс (сачыненні, вершы, апавяданні, казкі, эсэ аб ролі кнігі, друкаванага беларускага слова, беларускай мове, культуры, літаратуры) і конкурс выяўленчага мастацтва (выявы і макеты кнігі, бібліятэкі, беларускіх першадрукароў і асветнікаў; фота з любімай кнігай і каментар да яго; малюнак, пано, калаж, вырабы hand-made кард-мейкеры на тэму чытання, друкаванняі г.д.).

Цыкл мерапрыемстваў  пад агульнай назвай “Слава кніжцы беларускай!” пра беларускіх асветнікаў, друкароў, пісьменнікаў, дзеячоў культуры пачаўся ў Ракітнянскай сельскай бібліятэцы. Першае мерапрыемства цыкла было прысвечана жыццю і дзейнасці Францыска Скарыны.

Да Дня роднай мовы ў цэнтральнай бібліятэцы адбылася гадзіна беларускай кнігі “Смак роднай мовы”. Мікашэвіцкая гарадская бібліятэка правяла акцыю “Размаўляй са мной па-беларуску”. Усіх, хто наведаў бібліятэку 21 сакавіка, бібліятэкары віталі і абслугоўвалі толькі на беларускай мове, а сярод кніг, з якімі ў гэты дзень чытачы адправіліся дамоў, абавязкова была хоць адна беларуская. Для юных чытачоў мерапрыемствы прайшлі ў гульнявой форме. Цэнтральная дзіцячая бібліятэка арганізавала моўную скарбонку “Ехалі з горкі скарагаворкі, а за імі пешкі тупалі пацешкі”. У Мікашэвіцкай дзіцячай бібліятэцы прайшоў урок роднай мовы “Вандроўка ў родную мову”. Гутаркі з чытачамі на тэму роднай мовы на фоне гучання вершаў і песен знакамітых беларускіх паэтаў, акцыі “Гаворым па-беларуску”, выставы і прэзентацыі новых беларускіх кніг прайшлі ў Лунінскай, Дзятлавіцкай, Дварэцкай, Сінкевіцкай, Лобчанскай і шэрагу іншых бібліятэк.

Пачаўся цыкл мерапрыемстваў да 135-годдзя з дня нараджэння Я.Коласа і Я.Купалы. У Сінкевіцкай сельскай бібліятэцы юбілею беларускіх класікаў быў прысвечаны літаратурна-тэатралізаваны вечар “Мелодыю мовы славянскай я чую”, у Дварэцкай сельскай бібліятэцы – літаратурная гадзіна “Слаўныя сыны зямлі беларускай”.

Пры цэнтральнай раённай бібліятэцы ў 2017 годзе адкрылася новае творчае аб'яднанне – клуб “Літаратурная правінцыя”. Яго задача – аб’яднаць усіх знаўцаў літаратурнага слава, тых, хто піша свае ўласныя творы, чытае вершы і прозу іншых аўтараў або проста хоча мець зносіны з сябрамі і аднадумцамі па інтарэсах. У 1-м квартале прайшло 3 пасяджэнні клуба. У Мікашэвіцкай гарадской бібліятэцы працуе клуб аматараў паэзіі “Паэтычная глыбінка”. Да Сусветнага дня паэзіі члены клуба арганізавалі вялікае паэтычнае свята “Когда строку дикутует чувство”.

Лунінецкую цэнтральную раённую бібліятэку наведалі пісьменнік Сяргей Трахімёнак і паэт Іна Фралова. Сябра саюзаў пісьменнікаў Расіі і Беларусі, сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі Сяргей Аляксандравіч Трахімёнак не першы раз у Лунінецкай бібліятэцы. Іна Мікалаеўна Фралова, паэт і перакладчык, першы раз у Лунінцы.  Бібліятэцы яна падарыла сваю новую кнігу – паэтычны зборнік “Белы бераг”.

Нямала мерапрыемстваў было прысвечана праваслаўнай культуры. Шэраг мерапрыемстваў прайшоў у духоўна-асветніцкім цэнтры “Вытокі”: вечар “Рождественский благовест”, гадзіна праваслаўя “Крещение Господне”, дыялог-разважанне “Што такое духоўнасць”, у якіх прыняў удзел настаяцель Спаса-Праабражэнскага храма іерэй Сергій Чыж.

14 сакавіка, у Дзень праваслаўнай кнігі, у духоўна-асветніцкім цэнтры “Вытокі” прайшоў літаратурна-краязнаўчы вечар “Лунінеччына праваслаўная”. Пра гісторыю сваіх прыходаў і храмаў распавялі настаяцелі храмаў Лунінецкага раёна. Настаяцель храма ў гонар іконы Божай Маці “Спагнанне загінулых” іерэй Сергій Крышталь прадставіў унікальныя кнігі з сваёй асабістай бібліятэкі, многім з якіх больш за 100 гадоў. Праведзены агляд-прэзентацыя кніжнай выставы “Лунінеччына праваслаўная”, якая складалася з двух раздзелаў: “Паэты і пісьменнікі пра веру” і “Гісторыя храмаў зямлі Лунінецкай”. На вечарыне гучалі вершы лунінецкіх паэтаў ва ўласным выкананні і ў выкананні членаў клуба “Літаратурная правінцыя”. Вакальны ансамбль “Горница” дзіцячай школы мастацтваў аграгарадка Дварэц прадставіў духоўныя песнапенні і лірычныя песні. Навучэнцы Лунінецкай дзіцячай школы мастацтваў выканалі класічныя творы на музычных інструментах.

Супрацоўнікі цэнтральнай бібліятэкі прынялі ўдзел у IV Свята-Антоніеўскіх чытаннях, прысвечаных памяці Антонія Вялікага, а супрацоўнікі Мікашэвіцкай гарадской бібліятэкі – у V Свята-Кірыла-Тураўскіх чытаннях.

Своеасаблівымі праваслаўнымі чытаннямі можна назваць і пасяджэнне Лунінецкай раённай грамадскай арганізацыі “Беларускага таварыства інвалідаў”, якое прайшло ў актавай зале цэнтральнай бібліятэкі. Аб духоўных каштоўнасцях, праваслаўных святах і іншых пытаннях, якімі цікавіліся ўдзельнікі мерапрыемства, распавядалі настаяцелі храмаў: Навамучанікаў і вызнаўцаў зямлі Беларускай, Святой вялікапакутніцы Параскевы Пятніцы, храма ў гонар іконы Божай Маці “Спагнанне загінулых”. Галоўны бібліёграф прадставіла агляд кніг “Прыгажосць Божага свету”, у якім распавяла пра праваслаўныя кнігі, пра прападобную Еўфрасінню Полацкую і іншых хрысціянскіх святых.

Сярод арганізацый, здольных дапамагчы сацыяльна неабароненым людзям, людзям з абмежаванымі магчымасцямі здароўя, бібліятэка мае магчымасць садзейнічаць пераадоленню інфармацыйнай і асабістай замкнёнасці, рэалізацыі іх творчага патэнцыялу. Частыя госці ў цэнтральнай раённай бібліятэцы – выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Лунінецкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Асабліва яны любяць прыходзіць на мерапрыемствы духоўна-асветніцкага цэнтра “Вытокі”. Для гэтай катэгорыі чытачоў супрацоўнікі бібліятэкі арганізавалі вечар, прысвечаны навагоднім і калядным святам. Цэнтральная дзіцячая бібліятэка супрацоўнічае з грамадскім цэнтрам дапамогі дзецям-інвалідам і сацыяльным прытулкам для дзяцей-сірот, для якіх бібліятэкары рэгулярна арганізоўваюць мерапрыемствы. Хлопчыкі і дзяўчынкі з сацыяльнага прытулку пазнаёміліся, напрыклад, з гісторыяй узнікнення незвычайнага свята – Міжнароднага дня "дзякуй", даведаліся, як гучыць слова падзякі на розных мовах свету і падзяліліся адзін з адным светлымі пажаданнямі. А яшчэ дзеці ўдзельнічалі ў гульнявым конкурсе “Калі вы ветлівыя ...”. Галоўнай узнагародай для бібліятэкараў за праведзены дзень сталі словы падзякі, сказаныя чытачамі.

Шмат увагі бібліятэкі надавалі рабоце з дзецьмі, асабліва падчас школьных канікул. У пярыяд вясновых канікул у бібліятэках раёна прайшоў Тыдзень дзіцячай кнігі. Для юных чытачоў былі падрыхтаваныя вясёлыя і пазнавальныя гульні, конкурсы, віктарыны, займальныя літаратурныя падарожжы разам з героямі любімых кніг. Галоўнымі пляцоўкамі Тыдня сталі дзіцячыя бібліятэкі – Лунінецкая і Мікашэвіцкая. У Мікашэвіцкай бібліятэцы Тыдзень стартаваў з кніжкіных імянін “Если с книгой вышел в путь”. А далей дзяцей чакалі Прыгодніцкая серада, Чамучкін аўторак, Казачна чацвер, Весёлая субота.

Калі чытач не ідзе да кнігі, то кніга ідзе да чытача! Пад такім дэвізам прайшла ў цэнтральнай раённай дзіцячай бібліятэцы акцыя “Библиорюкзачок”. Да самых маленькім чытачоў у дзіцячыя сады на сустрэчу прыйшла «Фея кніжнага царства». Дзеці не толькі пазнаёміліся з новымі сябрамі-кніжкамі, але і паўдзельналі ў гульнях. Ва ўзнагароду за дапытлівасць, кемлівасць і любоў да чытання Фея пакінула дзецям “библиорюкзачок”, напоўнены самымі цікавымі кнігамі і паабяцала, што прыйдзе да іх яшчэ шмат разоў.

У бібліятэках раёна прайшло яшчэ шмат цікавых мерапрыеістваў: да Дня абаронцаў Айчыны, Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, Дня святога Валянціна, Дня жанчын, Міжнароднага дня барацьбы з наркаманіяй і наркабізнэсам і інш. Усяго ў 1-м квартале ў бібліятэках раёна праведзена 377 масавых мерапрыемстваў, якія наведалі 6598 чалавек.


Павышэнне кваліфікацыі. Маркетынгавая дзейнасць.

У 1-м квартале 2017 г. для бібліятэчных работнікаў раёна быў арганізаваны раённы семінар “Бібліятэка як ясветніцкі цэнтр” (У сувязі з правядзеннем Года навукі). У рамках Школы маладога бібліятэкара праведзены трэнінг “Праектная дзейнасць бібліятэк”. Выдадзены метадычныя парады бібліятэкару “За навуковымі ведамі – у бібліятэку”, методыка-бібліяграфічнае выданне “Юбілейны партрэт 2017”, прысвечанае беларускім пісьменнікам-юбілярам.



Пачата маркетынгавае даследаванне “Якасць абслугоўвання карыстальнікаў біблітэк ДУК “Лунінецкая РЦБС”.
Дырэктар ДУК “Лунінецкая РЦБС” А.В. Кішкевіч
Карпуковіч (01647)33662



База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка