Інтэлектуальная гульня “Лепшыя беларусазнаўцы”




Дата канвертавання12.01.2017
Памер55.6 Kb.




Інтэлектуальная гульня “Лепшыя беларусазнаўцы”
Сёння мы праводзім інтэлектуальную гульню , якая называецца “Лепшыя беларусазнаўцы”. Яна складаецца з 5 тураў. У кожным з іх вам трэба будзе адказаць на пытанні і выявіць свае веды па беларускай мове, літаратуры, міфалогіі, этнаграфіі і фальклоры. Той, хто ведае адказ на пытанне, падымае руку. Тыя ўдзельнікі, якія правільна адкажуць на большую колькасць пытанняў, атрымаюць прызы.
1 тур . ”Таямніцы мовы”

1.Як правільна перакласці словазлучэнні на беларускую мову?

А)заведующий библиотеки – загадчык бібліятэкі

Б) идти за земляникой – ісці ў суніцы

В)шутить над ним – жартаваць з яго

2.Як правільна перакласці на беларускую мову назвы твораў рускіх пісьменнікаў?

А)М.Лермонтов .»Герой нашего времени».(Міхаіл Лермантаў. “Герой нашага часу”)

Б)Николай Гоголь. «Вечера на хуторе близ Диканьки».(Мікалай Гогаль. “Вечары на хутары каля Дзіканькі”)

В) Александр Радищев. «Путешествие из Петербурга в Москву».(Аляксандр Радзішчаў. “Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву”).

3. Якія словы з пералічаных ніжэй прыйшлі ў беларускую мову з іншых моў? Па чым вы гэта вызначылі?

Маці, фундамент, дэманстрацыя.

4. У якіх словах гукаў больш, чым літар? Дакажыце.

Каляндар, язда, сваяк.

5. Вызначце, якое слова лішняе і чаму.

Званочкі, гуслі, палі.

6. Растлумачце значэнне фразеалагізмаў адным словам.

А) хоць іголкі збірай - светла

Б) вочы мазоліць - надакучаць

В) гнуць спіну- працаваць

7. Замяніце ўстарэлыя словы сучаснымі сінонімамі.

А) лемантар - буквар

Б) бортнік - пчаляр

В) паходня - факел

8. Замяніце іншамоўнае слова беларускім сінонімам.

А) дэфект - недахоп

Б) арфаграфія - правапіс

В) меланхолія- сум

9.Якія словы з прапанаваных называюць прадукты харчавання? Што яны абазначаюць?

Бойлер, крэкер, стэйк.

Стэйк – кавалак мяса ці рыбы для смажання.

Крэкер – сухое пячэнне.

Бойлер – прыбор для награвання вады парай.

10. Ад слова “князь” утварыце слова, якое будзе называць дачку князя (князёўна).

2 тур. “Беларускія пісьменнікі і іх творы”

1. У якім годзе і дзе нарадзіўся Я.Колас?

( 3 лістапада 1882 г. у в.Акінчыцы каля Стоўбцаў).

2. Назавіце сапраўднае прозвішча, імя, імя па бацьку Я.Коласа.

(Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч).

3.Якую паэму Я.Коласа беларускія літаратуразнаўцы называюць энцыклапедыяй жыцця беларускага сялянства? (“Новая зямля”)

4. З якой паэмы Я.Коласа ўзяты наступныя радкі?

У яго быў свет цікавы,

Свае вобразы,жыццё,

І ў душы яго ўсе з’явы

Сваё мелі адбіццё. (“Сымон – музыка”)

5.У якім годзе і дзе нарадзіўся Янка Купала?

( 7 ліпеня 1882 г. у фальварку Вязынка).

6. Якое сапраўднае прозвішча, імя, імя па бацьку Янкі Купалы? (Іван Дамінікавіч Луцэвіч)

7. Якія мастацкія сродкі ўжыты ва ўрыўку з паэмы Я.Коласа “Новая зямля”?

А елкі хмурнымі крыжамі

Высока ў небе выдзялялісь,

Таемна з хвоямі шапталісь.

Заўсёды смутныя, бы ўдовы…

8. Назавіце імя і прозвішча беларускага пісьменніка, які пісаў кнігі для дзяцей: “Міколка-паравоз”, “Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў”, “Янка-парашутыст”.

9. 19 чэрвеня 2015 года адзначаецца 91 год з дня нараджэння гэтага беларускага пісьменніка. Ён – аўтар твораў “Пайсці і не вярнуцца”, “Мёртвым не баліць”, “Альпійская балада”,”Жураўліны крык” і іншых на ваенную тэму. Як імя і прозвішча пісьменніка?

10. Якіх пісьменнікаў, што нарадзіліся ў Астравецкім раёне, вы ведаеце ?


3 тур. “Беларуская міфалогія”

1. Гэты драўляны прадмет беларусы ўносілі ў новую хату, бо верылі, што ў ім заключаны ідэі дастатку і дабрабыту. На яго саджалі нявесту і парадзіху ў час родаў, клалі хворае дзіця (дзяжа).

2. Назву гэтай расліны можна зразумець як “божая сіла” ад “дзіевас” – Бог, ці “дзіўная”, “дзікая” сіла. Яе выкарыстоўвалі ад усіх хвароб, асабліва пры болях у жываце, хваробах сэрца і прастудных захворваннях (дзівасіл).

3. Зімовае свята народнага календара (каталікі адзначаюць яго 24 снежня). На свята ў кожнай сям’і рабілі па 12 посных страў і елі куццю. Моладзь хадзіла па хатах у пераапранутым выглядзе, жадала гаспадарам шчасця і дабрабыту на будучы год ( Каляды).

4. Гэтыя істоты па знешнім выглядзе ваўкі, але яны маюць здольнасць думаць і перажываць па-людску. Калі мінаецца тэрмін чараў, гэтыя істоты зноў становяцца людзьмі (ваўкалакі)

5. Шматлікія легенды, казкі, загадкі і замовы сцвярджаюць, што гэты элемент цела чалавека ўяўляе сабой актыўны канал энергетычнай сувязі чалавека з космасам.(Валасы).

6. Жывёла, якая з’яўляецца сімвалам урадлівасці і прыбытку. Абрад з удзелам чалавека, пераапранутага ў гэту жывёлу, выконваўся на свята Каляды( Каза).

7. Гэта птушка для беларусаў – святая. Забіць яе лічылася вялікім грэхам. Па ёй варажылі, які будзе год: калі яна скіне з гнязда яйка – добры год, калі птушаня – кепскі. Колеры афарбоўкі гэтай птушкі адпавядаюць колерам традыцыйнай беларускай вопраткі: белы, чырвоны, чорны (Бусел).

8. У гадавым коле свят гэта свята вылучаецца як дзень шляху ў вырай птушак і змей, як мяжа лета і зімы. З нораў у гэты дзень выпаўзалі ўсе змеі і збіраліся ўсе разам, каб адправіцца на зімовы сон да вясны. Адзначаецца свята 27 верасня. Як яно называецца? ( Уздзвіжанне)

9. Ва ўсе часы гэта хатняя птушка адлічвае час на пераломе ночы і дня, абвяшчае ўсход сонца (Певень).

10. Гэты магічны прадмет нясе ў сабе глыбінную сімволіку – ахову, добазычлівы ўплыў вышэйшых сіл. На яго клалі дзіця пасля абраду хрышчэння, у час вяселля на яго ступалі жаніх і нявеста. Ён сімвалізаваў сабой дарогу жыцця чалавека, таму яго забаранялася рваць(Ручнік).
4 тур. “Беларуская этнаграфія”

1.Што абазначае тэрмін “этнаграфія”?

2. Назавіце імя , прозвішча беларускага пісьменніка , назву яго кнігі, у якой апісваюцца беларускія нацыянальныя стравы, напіткі, унутранае ўбранства і знешні выгляд беларускай хаты.

3. Як называецца ў беларускіх сялян халодная будыніна для складвання і абмалоту збожжа? (Гумно)

4. Як называўся перасоўны лялечны тэатр у Беларусі? (Батлейка).

5. Халодная будыніна ў вёсцы для захоўвання кармоў і гаспадарчых прылад (Адрына).

6. Калектыўная дапамога суседзяў і сваякоў пры выкананні сельскагаспадарчых работ (Талака).

7. Сельскагаспадарчая машына для рэзкі саломы на корм жывёле (сячкарня).

8. Кут у хаце, дзе даўней віселі абразы і дзе саджалі пачэсных гасцей (Покуць).

9. Што абазначае слова “паркан?” (Драўляная агароджа, плот).

10. У Якуба Коласа ў паэме “Новая зямля” чытаем:

Стаяў асобна ў місцы скорам,

Сяго-таго для верашчакі.

Хоць невялікія прысмакі –

Цыбуля, перчык, ліст бабкоў…

Што такое верашчака?

( Вадкая мучная страва з кавалачкамі сала, каўбас, свіных рабрынак; мачанка).
5 тур. “Беларускі фальклор”

1. Як называецца ўстойлівае вобразнае народнае выслоўе павучальнага зместу, якое носіць абагульняльны характар?

(Прыказка)

2. Гэтым жанрам вуснай народнай творчасці найбольш карысталіся ў лячэбных мэтах не толькі знахары і чараўнікі, але і простыя вяскоўцы. Як называўся гэты жанр? (Замовы)

3. Вуснае народнае апавяданне аб якой-небудзь падзеі ці чалавеку, не пацверджанае гістарычнымі дакументамі (Легенда).

4.Вуснае празаічнае апавяданне з элементамі фантастыкі, вымыслу.(Казка).

5. На якія 3 віды падзяляюцца беларускія народныя казкі?

6. На якое беларускае народнае свята спявалася наступная песня?

Ой, ці дома, дома сам пан гаспадар?

Святы вечар добрым людзям!

7. Якое дрэва ў беларускім народным фальклоры сімвалізавала нешчаслівую маладую жанчыну ці яе горкую долю? (Каліна)

8. Гэтыя песні спявалі маці для маленькіх дзяцей. Як яны называюцца?

(Калыханкі)

9. Гэта лічба шырока ўжываецца ў беларускіх народных казках, загадках, замовах. Яна сімвалізуе стабільнасць і закончанасць, нясе ў сабе гарманічны пачатак і супрацьстаіць хаосу, які прадстаўляе лічба 13 (12).



10. Вуснае мастацкае апавяданне, зместам сваім звязанае з якой-небудзь канкрэтнай падзеяй гістарычнага жыцця народа і прымацаванае да пэўнай мясцовасці ( Паданне).


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка