Івацэвіцкая цэнтральная бібліятэка імя П. Пестрака Івацэвічы, 2015 г




Дата канвертавання05.01.2017
Памер249 Kb.


Івацэвіцкая цэнтральная бібліятэка

імя П. Пестрака

Івацэвічы, 2015 г.

Боль і памяць спаленых вёсак Івацэвіцкага раёна : гістарычны нарыс, ўспаміны / Івацэвіцкая ЦБС, Івацэвіцкая цэнтральная бібліятэка імя П. Пестрака ; [складальнік Л. С. Джэжора; адказны за выданне М. І. Рэхва]. – Івацэвічы, 2015.- 19 с.


Нарыс распавядае пра вёскі Вяда, Красніца, Тупічыцы, Бабровічы, Зыбайлы, Зацішша Івацэвіцкага раёна, знішчаныя разам з жыхарамі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і складаецца з гістарычных дадзеных, успамінаў сведкаў тых дзён, якія сталі ахвярамі жорсткай вайны.

Матэрыялы зацікавяць краязнаўцаў, бібліятэкараў, настаўнікаў і могуць быць шырока выкарыстаны пры рабоце па патрыятычнаму выхаванню дзяцей і моладзі.



Глядзіце, людзі:

гэта – толькі спісы,

Адным радком тут – спаленая вёска.

А ў іх, у кожнай, - спаленыя жыцці,

Згарэлыя надзеі і каханні,

Дзе разам сем’і – мацяркі і дзеткі –

Ператварыліся ў гарачае вуголле,

Рассыпаліся попелам халодным,

А душы іх, барвянячы аблокі,

Да злога неба дымам узляцелі…

Антон Бабула
Памяць… Святая памяць. Яна жыве на нашай шматпакутнай зямлі ў адноўленых вёсках, у абелісках, што стаяць на месцы былых вёсак, якія так і не адрадзіліся. Жыве памяць і ў дзецях тых людзей, якім удалося выжыць, ацалець пад агнём і кулямі.

Усё далей у незваротнае мінулае адыходзіць гэтая самая вялікая вайна, але шрамы ад яе яшчэ часам праглядваюць у нашым жыцці. Мінула столькі гадоў, а памяць аб ёй жывая ў свядомасці народа, у сэрцах людзей. Нельга забыць бяспрыкладны подзвіг, велічныя страты, перанесеныя ў імя перамогі над жорсткім ворагам – нямецкім фашызмам.

Не зарастаюць сцежкі. Народ памятае сваіх герояў. Кожны чалавек, які бывае ў тутэйшых мясцінах лічыць сваім абавязкам ушанаваць памяць адважных суайчыннікаў. У гэтым ціхім куточку нашай зямлі жылі мірныя і добрыя людзі. Яны радаваліся жыццю, любілі, сеялі хлеб і гадавалі дзяцей. Іх дзеці так і не даведаліся, што такое вясна, як квітнеюць яблыні і як кружыць бусел у высокім небе.

А наўкола – векавыя хвоі, імшыстыя паляны, беластволыя бярозы. Гэтыя вёскі, як і многія іншыя вёскі нашай Беларусі, напаткаў лёс Хатыні, але пра іх не напісана вершаў, няма зусім песен… Аднак памяць людская жыве.

Прыгожае імя раскрывала іх прыродную красу. Нямала было на Белай Русі такіх ціхіх прыгажунь. Лясныя вёсачкі, падпяразаныя возерам. Вакол лес, шчодры на ягады і грыбы. Побач ціхае возера, дзе лавілі рыбу.

Многае мянялася ў жыцці вёсак. Яны пачалі жыць па-новаму, аб’ядналіся ў калгас. Дружна працавалі. Беглі месяцы, гады. Калгасы раслі і багацелі. На калгасных палях вырошчвалі добрыя ўраджаі. Жытам, бульбай, лёнам, мёдам ўзнагароджвалася праца хлебаробаў. Умелі і весяліцца ад душы: святы і вяселлі спраўлялі ўсёй вёскай. Любілі і песцілі вёскі дзяцей.

І калі пачалася вайна і наступілі чорныя дні акупацыі, вёскі працягвалі жыць адзінай сям’ёй. Разам аплаквалі загінуўшых, разам перажывалі пакуты ліхалецця. Але не толькі перажывалі і аплаквалі. Яны змагаліся, як маглі. Пяклі хлеб партызанам, кармілі іх, давалі прытулак. Партызанскія сцежкі праходзілі праз гэтыя вёскі. І чым шырэй разгортвалася партызанская барацьба, тым больш лютавалі фашысты. І вось аднойчы, у 1942 годзе, прыйшла ў вёскі жахлівая расправа. Разам з жыхарамі гэтыя вёскі былі спалены.

Гэта вёскі –Вяда, Красніца, Тупічыцы, Бабровічы, Зыбайлы і вёска Зацішша.


Гістарычная даведка.
Вёска Вяда, знішчаная нямецка-фашысцкімі акупантамі разам з жыхарамі, знаходзілася за 4 кіламетры на паўднёвы захад ад вёскі Бабровічы Выганашчанскага сельсавета. Стаяла на беразе возера Бабровіцкае. Вядома з 1433 года. Перад вайной у ёй жылі 217 чалавек. 15 верасня 1942 года ў час карнай аперацыі “Балотная ліхаманка”, фашысты загубілі 217 жыхароў, вёску, 87 двароў, спалілі. Пасля вайны не адрадзілася. У 1965 годзе ў памяць аб загінуўшых жыхарах устаноўлены абеліск. Увекавечана ў мемарыяльным комплексе “Хатынь”.
Вёска Красніца, знаходзілася за 3 кіламетры на захад ад вёскі Выганашчы. Перад вайной у ёй жыло больш за 90 чалавек. 10 верасня 1942 года, у час карнай аперацыі “Балотная ліхаманка” фашысты (8-ы і 10-ы палкі 1-й матарызаванай брыгады СС) загубілі 90 жыхароў, вёску, 16 двароў спалілі, маёмасць разрабавалі, жывёлу забралі. Пасля вайны не адрадзілася. У 1950 годзе на месцы вёскі пастаўлены абеліск. Увекавечана ў мемарыяльным комплексе “Хатынь”.
Вёска Тупічыцы, знаходзілася за 4 кіламетры на паўднёвы захад ад вёскі Бабровічы. Вядома з 1552 года. Перад вайной у ёй жылі 143 чалавекі. 15 верасня 1942 года у час карнай аперацыі “Балотная ліхаманка” фашысты загубілі 143 чалавекі, вёску, 43 двары спалілі, маёмасць разрабавалі, жывёлу забралі. Пасля вайны не адрадзілася. У 1965 годзе ў памяць аб загінуўшых жыхарах устаноўлены абеліск. Увекавечана ў мемарыяльным комплексе “Хатынь”.
Вёска Бабровічы, знаходзіцца каля Бабровіцкага возера. Да вайны было 164 двары і 707 жыхароў. У верасні 1942 года у час карнай аперацыі “Балотная ліхаманка” фашысты загубілі 676 жыхароў і спалілі ўсе 164 двары. Маёмасць і жыхароў калгаса імя Сталіна разрабавалі. Пасля вайны астатнія жыхары адрадзілі вёску.
Вёска Зыбайлы, уваходзіць у Жытлінскі сельсавет. да вайны было 42 двары і 260 жыхароў. У красавіку 1942 года карнікі, уварваўшыся ў вёску, амаль усіх жыхароў загубілі, а сялянскія сядзібы спалілі. Пасля вайны вёску аднавілі. Зараз у ёй пражывае 8 чалавек.
Вёска Зацішша, знаходзілася за паўкіламетра на поўдзень ад вёскі Сярадава, былога Яглевіцкага сельсавета, цяпер Жытлінскі сельсавет. Перад вайной у ёй жыло 235 чалавек. 10 верасня 1942 года ў час карнай аперацыі “Балотная ліхаманка” фашысты спалілі 125 жыхароў і вёску, 37 двароў. Пасля вайны не адрадзілася. На месцы вёскі пастаўлены абеліск. Увекавечана ў мемарыяльным комплексе “Хатынь”.
Закончылася вайна. На месцы руін паўсталі новыя гарады. На папялішчах вёсак зноў зацеплілася і расквітнела жыццё. Толькі з комінаў гэтых вёсак не будзе ніколі слацца дым. Не скрыпнуць тут весніцы. Не пакліча на спатканне хлопец дзяўчыну. Не прабяжыць па вуліцах гурт дзяцей. Там, дзе былі гэтыя вёскі, сёння – наўкола векавыя хвоі, імшыстыя паляны, беластволыя бярозы. Але памяць людская жыве… І хай жыве яна вечна…


Успаміны сведак
***
Успамінае Марыя Адамаўна Дубінка, жыхарка вёскі Бабровічы (з 1899 года нараджэння). Восем дзяцей выхоўвала яна ў той даваенны час. Кожнай усмешцы радавалася яна сваім – Верачцы, Івану, Якаву, Вольгі, Ульяны, Фёклы, Марыі і меньшаму Коліку. Але вайна пахавала надзею бачыць усіх сваіх дзяцей жывымі і здаровымі. Лёс зазначыў ён несці памяць па сваіх крывіначкам, якія гарэлі ў агні, па якім стралялі, якія паміралі ад балючых ран ужо пасля вайны.

Расказвае дачка Марыі Адамаўны – Вольга Рыгораўна Дубінка (Петрукевіч па мужу) (з 1927 года нараджэння):

-У той дзень я пасвіла сваіх кароў, але мама мяне падмяніла. У хаце, куды я прыйшла, знаходзіліся яшчэ дзве сястрычкі – Вера і Марыя. Бацька з братамі корпаўся на двары.

Раптам на вуліцы вёскі (было каля дзвюх гадзін для) пачалася стралялніна. Мы з сёстрамі выбеглі на агароды, дзе сабралася ўжо чалавек трыццаць нашых вяскоўцаў, у асноўным жанчын з дзецьмі. Жанчыны станавіліся на калені і маліліся. Немцы (эсэсаўцы) заўважылі нас і наблізіліся з аўтаматамі на плячах. Былі чутны стрэлы ў паветра. Вокрыкамі на нямецкай мове немцы прымушалі ісці ў хлеў, які знаходзіўся побач. Тых, хто не хацеў, білі прыкладамі аўтаматаў і сілай заганялі ў хлеў. Пачаўся крык, плач… Асабліва плакалі жанчыны, дзеці, якія прасілі паратунку. Я з сёстрамі таксама апынулася ў хляве. Калі ўсіх загналі ў хлеў, чатыры эсэсаўцы (добра памятаю) распачалі страляніну па нас. Чуліся крыкі, стогны падаючых маіх аднавяскоўцаў. Я таксама ўпала, не разумеючы – папала ў мяне куля ці не? Твар, ногі, сукенку абляпіла кроў. Я ляжала, ужо ўсвядоміўшы, што куля мяне на закранула.

Потым пачалося самае страшнае. Да тых, хто быў паранены і яшчэ варушыўся, падыходзілі немцы і расстрэльвалі. Калі чарга падышла да мяне – я ўсім выглядам зрабіла сябе мёртвай. Стрэлу не пачула, але прытомнасць на некалькі хвілін згубіла. Калі ачнулася, то крыкаў, стогнаў ужо не было чутна. Побач ляжалі тыя, з якімі падзяліла радасць безтурботнага дзяцінства і мае родныя сястрычкі, Верачка і Марынка. Немцаў у хляве не было. Праз целы мёртвых, я пачала караскацца да ўваходу, дзверы якога заставаліся адчыненымі. Калі выбралася і апынулася на двары, то ўбачыла жахлівы малюнак: палова хат і хлявоў маёй вёсачкі гарэлі, у іх гарэлі і мае вяскоўцы.

Немцы падзяліліся на дзве групы – адны стралялі, а другія палілі.

Надзея адшукаць бацькоў з братамі не пакідала мяне і я накіравалася на сваё падвор’е. Смярдзючы дым, які ахутаў усю вёску, ахоўваў мяне ад немцаў, але і не даваў дыхаць. Калі падышла бліжэй да сваей хаты, то вачам не паверыла – убачыла бацьку, які стаяў і клікаў (рукамі) да сябе. Каля яго, на дне бульбяной разоры, знаходзіліся мае меншыя браты Іван і Косцік. Але радасць, калі яе так можна назваць, была кароткаю. Каровы, якія бадзяліся па агародах, раптам выйшлі на нас і пачалі абнюхваць. Немцы, якія знаходзіліся побач заўважылі гэта і адшукалі нашу схованку. Доўга чакаць не прыйшлося. Першым стрэлам у галаву забілі бацьку. Другі стрэл абарваў жыццё самага меншага брата – Косціка (яму споўнілася толькі тры гадочкі). Трэці – па мне: я павалілася, але ў памяці трымала чацвёрты стрэл, які павінен быў адбыцца па Івану.

Стрэлу больш я не пачула. І гэта дало падставы думаць мне, што Іван застаўся жывы. Але галавы павярнуць не магу. Калі дакранулася пальцамі левай рукі (бо правая адмовіла) да шыі, то зразумела, што я паранена і патанаю ў крыві. Немцаў (эсэсаўцаў) побач ужо не было. А смерць і на гэты раз адвярнулася ад мяне.

Толькі пасля некалькіх дзён баядзяння па лесе, стомленыя і знясіленыя, мы з братам Іванам (яму было дзевяць год) прышлі ў в.Выганашчы да родзічаў, дзе сустрэлі сваю родную матулю. Ад маці я дазналася аб няменш трагічным лёсе маіх другіх братоў і сясцёр. Так, у агні згарэлі ўсе дзеці роднай сястры майго бацькі – Мікола, Іван, Ульяна, Ганна (разам з маці Марыяй).

Навылётнае кулявое раненне ў шыю, і рука, якая адмовіла ў руху, на доўгі час прыкавала мяне да ложка.

З той вялікай сям’і, якая была ў нас да вайны, засталіся мы з братам Іванам і родная матуля.
***
З успамінаў жыхаркі в. Даманава Таццяны Пятроўны Макарэвіч.

У мяне быў брат Курленя Лаўрэн Пятровіч. Мы проста звалі яго Лаўрык. Было яму 20 гадоў. Да вайны працаваў загадчыкам хаты-чытальні і бібліятэкарам у Даманаве. Я там працавала прыбіральшчыцай.

Як пачалася вайна, да прыходу немцаў мы ўсе кнігі склалі ў вялікую скрыню і закапалі ў агародзе.

У час вайны ў Даманаве па хатах стаялі немцы. Я працавала на чыгунцы. Спачатку яны нас не чапалі.

Трагедыя ў вёсцы здарылася ў снежні 1942 г., калі тут з’явіўся карны атрад. Немцы ўзылі ў солтыса спіс савецкіх актывістаў і варожа настроенных акупантаў. Карнікі прайшлі па хатах і арыштавалі ўказанных у спісе. У ліку арыштаваных быў і Лаўрык. Гэта быў вельмі дабрадушны хлопец, з гумарам. Ніколі нікога не пакрыўдзіў. Быў паважлівы да людзей.

Як цяпер памятаю той трагічны зімовы вечар. Было 22 снежня 1942 г. Калі карнікі зайшлі ў хату, Лаўрык ляжаў на лаўцы. Я вязала яму рукавіцы. Фашысты загадалі Лаўрыку збірацца. Я сказала ім : “Я ж яму яшчэ рукавіц не зрабіла, холадна яму будзе, ды і яды сабяру”. Немцы адказвалі: “Нічога не трэба, гэта ненадоўга”, і ўсміхаючыся, пайшлі.

У тую ж ноч забралі Курленю Фёдара Сямёнавіча, Скіндзера Іосіфа Іванавіча, Салонка Міхаіла Андрэевіча. І яшчэ людзей з вёскі Гнойнае. Усіх іх прывялі ў хату Шабан Настассі Сільвестраўны. Тут іх катавалі, здзекваліся з іх, а ў пяць гадзін раніцы расстралялі.

Гэта была ноч жахаў. Ніхто не спаў. Нямецкія патрулі не дазвалялі нікому выходзіць на вуліцу. Чуліся стрэлы.

Раніцай я прышла да тае хаты, дзе трымалі арыштаваных. Але іх ужо не было ў жывых. Некалькі змардаваных хлопцаў пераводзілі ў другую хату.

А 23 снежня расстралялі сям’ю Мархеляў: маці, бацьку, двух сыноў. Пасля гэтага карны атрад пакінуў вёску і паехаў распраўляцца з вёскамі Коханава і Заполле.

… Мой бацька бачыў мёртвага Лаўрыка. Ён ляжаў без ботаў, ногі шчыльна заматаны анучамі. Гаспадыні хаты, дзе іх мучылі, ён аддаў ключы ад нашага хлява і сказаў: “Цёця, перадайце ключы нашым”. Тут усіх іх каля гэтай хаты закапалі ў брацкай магіле, а сям’ю Мархеля ў другой, непадалёку ад гэтай.

Крыху пазней мы знайшлі ў кішэні Лаўрыкавага пінжака запіску. Пінжак вісеў у хаце гаспадыні. Ён спрабаваў напісаць, алоўкам развітальныя радкі:

“Прощайте, дорогие хлопцы, девчата. Прощайте соседи, старые, малые. Больше увидеться нам не придется. Бо мне, молодому, погибнуть придется”.

***
У вёсцы Бабровічы стаіць сціплы абеліск.

Надпіс на абеліску : “У верасні 1942 года было знішчана нямецка-фашысцкімі захопнікамі 676 савецкіх грамадзян і спалена вёска Бабровічы”.

У тую восеньскую раніцу 1942 года разам з імі быў і Антон Міхеевіч Крот, адзіны сведка, якому пашчаслівілася вырвацца з калоны асуджаных на смерць.

Антон Міхеевіч добра памятае апошнюю раніцу перад расстрэлам. Над комінамі хат віліся дымкі, скрыпелі калодзежныя журавы. Было ціха. Мірны малюнак парушылі карнікі ў чорных мундзірах – эсэсаўцы.

Старых, жанчын, дзяцей пагналі, павалаклі да хлявоў. Застракаталі кулямёты. Хлявы з людзьмі падпальвалі. Жудасны крык вяскоўцаў падымаўся ў неба.

Мужчын павялі расстрэльваць за вёску. У адной з груп ішоў і Антон Крот. Група набліжалася да возера. Было зразумела – хутка смерць… Каля Антона Міхеевіча ішоў даўгавязы паліцэйскі з вінтоўкай у руках. Выбраўшы хвіліну, Антон піхнуў канваіра і скочыў у кусты. Над галавой прасвісталі кулі. Антон Міхеевіч упаў, зноў падняўся, бег, што было сілы. Нарэшце выстралы засталіся ззаду.

Калі сцямнела, Антон Міхеевіч прыйшоў у вёску. Дагарэлі рэшткі хат і хлявоў. Гэта была ўжо не вёска, гэта была магіла аднавяскоўцаў, дзе засталася і яго сям’я…

Пасля вызвалення раёна працаваў старшынёй Целяханскага пасялковага Савета, старшынёй калгаса “Радзіма”. Аднаўлялася родная вёска Бабровічы, загойваліся душэўныя раны…

***
Палессе. Брэстчына. На ўсход ад Івацэвіч. Запіс зроблены ў чэрвені 1970 года.

Азёры. Лес, пералескі. Буйная зеляніна лугоў і палёў. То сонца, то цярушлівая хмарнасць, то зноў грымоты і лівень.

Замест вёскі Красніца — проста лес, ужо немалады. I помнічак каля дарогі — па цэлай вёсцы людзей. Замест Тупічыц і Вяды — ні лес, ні поле, ні луг.

Дзе былі Тупічыцы, там стаяць самотныя грушы і ледзь не да жудасці незвычайныя, абгарэлыя дубы, што будуць дажываць доўгі век ужо без людзей. Сюды мы, выйшаўшы з лодкі, ад возера дабіраліся па глыбокім пяску, здорава патужэлым пасля многіх сёлета навальніц.

Тое месца, дзе была калісьці вёска Вяды і дзе цяпер пясок, трава і рэшткі дрэў, якія калісьці раслі ў садах і на вуліцы, мы бачылі здалёк, з узгорка, на якім стаіць самотны абеліск са словамі і лічбамі.

Пасля зноў было возера Бабровіцкае. Невыказна ласкавая шэрасць цёплай, амаль зусім спакойнай вады. Навокал — пена пасля нядаўніх баранчыкаў, бела-стракатымі на цёплай шэрасці палоскамі. Мы вярталіся ў імклівай маторцы, над намі тарахцеў верталёт геолагаў, знаёмых старшыні калгаса, які вадзіў нас па гэтых мясцінах.

Там, дзе раней былі Бабровічы, цяпер растуць маладыя бярозы, буяе трава. З-за купіны выскачыў заяц. Пустэча.

У новых, адбудаваных на другім месцы, Бабровічах мы зноў, як і ў іншых паселішчах, як і ўчора і пазаўчора, запісвалі расказы ацалелых.

Высока зверху — над светлым пакоем калгаснай бібліятэкі, дзе мы слухалі людзей, над новай вялікай вёскай, над усім гэтым азёрна-лясным кутком заходняга Палесся — да самых касмічных арбіт жыве, бушуе ў сонцы наша перамога, у свеце наспяваюць новыя небяспекі, ідзе змаганне за тое, каб яны не прыйшлі.

А ўнізе, у глыбінях народнага жыцця, у жыццядайнай прастаце яго крынічаць раны памяці, якія нічым не загоіш...

Вось і яшчэ адна з гэтых народных ран.
Расказвае Барбарка, шасцідзесяцігадовая Барбара Адамаўна Слесарчук. Гаворыць з дзіўнай і сцішнаватай усмешкай — нібыта страшную казку, незвычайна далёкую, перажытую вельмі даўно. Гаворыць часамі амаль што зусім як казачніца — нараспеў, з паўторамі, што не здаюцца лішнімі, і па-мясцоваму — на трох ці на чатырох мовах адразу: беларуска-ўкраінска-руска-польскай.

«...Гэто як нас білі? Білі... Ажно цяжко расказваць...

Хазяіна ўпэрэд забілі. Зажглі ў клуні. Я так перабалела. Чацвёра дзяцей, пятым была бярэменна. Запалілі часоў у пяць, пад вечар. Немец прыйшоў, выгнаў. Адзін мой хлопец пасвіў скаціну, а трое са мною. Мая хата была туды далей, дзе цяпер калгасны двор. Немец прыйшоў, выгнаў. Сабраліся мы ў хату, баб пятнаццаць. Немцы ідуць, абгледзелі. Бабы сядзяць, як бы оўцы, у хаце. Думалі: можа, толькі мужыкоў пабылы, а жанчын не будуць біць. Адна, Астапава маці, кажа:

— Нас жывых запаляць. Не схацеў нас пабыты немец. Жывых папаліць.

А я выйшла з хаты:

— Уцякайма, жанчыны, уцякайма!..

А дзве дзевачкі ў мяне і мальчык. Оны, бабы, не схацелі ўцякаці, а я і пайшла.

Немцы стаялі, кругом сэло цэп’ю абнялі, тут цэп і там цэп, і па сяле хадзілі немцы. Так много. Я выйшла на кусты ў Багацце. Я не думала жыць. Але думала, куб ён не глядзеў, куб нам от так чэрапа паздымала, куб мы сваю смерць відалі.


— Бяжым туды, куб мы не бачылі смерці! Дзе куля ў галаву люб у плечы, — кажу, — нам пападзе, то легчэ нам, а то так трудна дажыдаць вот, каб нас білі. От, каб мы відалі сваю смерць...

Ніхто не схацеў, а я ўзяла і сама пабегла. Я пабегла, пачала бегчы з Астапавага двара, нашага суседа. Ад таго суседа пабегла, а ўжо людзей кулямётам сякуць — і з таго канца, і з таго, людзі падаюць, падаюць... Ужэ і ногі мае не пабяжаць, куды ўжэ мне бяжаць — узяла я пад сараем лягла.

Так сарай, і так сарай, і так, а я лягла за калодцэм. Дзяцей панакутвала лебядой, панакутвала, вот і ляжу я, і ляжу... Ажно немцы там ці паліцыянты, толькі вады нап’юцца ды: «А-а-ах!» — скажа. А я ляжу, ляжу, ляжу... Кулі свішчуць, ляцяць. Ну, мяне ўбіла! Слышу — не, ніц не больна. I ляжу, і ляжу...

I вот дзеці мае. Мальчык — два гады было Васілю. Не заплакаў! Маленькі — два гады, тыждзень было на трэці.

— Мамо, — кажа, — уцякаймо, уцякаймо! Нас, мамо, не заб’юць!

— Ох, — кажу я, — сынок, зараз бегчы пакінем, адкінем ногі ў тую старану і ў тую, пакінем белы свет, святая нядзелька. Зара паб’юць, зара.

— Не, мамо, нас не паб’юць!..

Гэта ж два гады!.. О, ён і сёння слесарам у мяне на ГРЭСе работае. Такі чалавек!..

А тая дзевачка, шэсць год, кажа:

— Вот відзіш, мамо, дажэ мальчык гаворыць, што нас не паб’юць. Убэгаймо!

От і пабеглі. Пад сараем ляглі...

От так, цямнець стало. Як огні, лямпы запальваюць. Ляжымо. Немец одного сарая падпаліў. Спічкамы. Опяць одного, бачу я, спічкамы. У сіняй адзежы два немцы стаяць. Ляжу, ляжу, ляжу, ляжу... З дзецьмі ляжу, ляжу, і — маўчаць! Это так от! — абы мне не пагібнуць, ці што? Малы хлопец і не заплакаў! О!..

I так от ляжу! Ажно там гарыць крыша. Згарэла. I немцы стаяць два. Бы стаўбы сінія. I сцены пачалі гарэці. I пачала ўжо зямля гарэці. Гэто каля самай зямлі тое зелле пачало гарэці. А я ўсярэдзіне ляжу. I студава мне пячэ, і студава мне пячэ. Гэто благадара, што, бывала, тчэм сукно з авэчак, зам’ятае. Такэ, было, пальто злажыла. А колі б я ў кофтачцы была — згарэла б. Толькі платка скінула, косы ўсе абсмаліліся. А тут от мне пальто шкварыцца, гарыць, а я яго то пяском, то так. Дзевочка, чатыры гады, вішчы-ыць! — спэклася. А я ўжэ то так, то так. От-от-от погыбаю! От я погыбаю. А воны стояць, немцы. Не хацела, каб забыло мяне ляжачую. От, мусово мйе на немца ўзайці, каб мяне ўжэ гэта ўбіў. Ужэ няма спасення — пэчэ. Хай, думаю, заб’е. Толькі ўстану на немца ісці — о, два стаяць, — дзеці завішчалі, а я — бух, упала. Так і ляжу.

I так от, памаленьку, так от і гляджу: чы воны пайшлы, чы не. Ужэ пачало вот-вот гарэць полымя, і студа, і студа. Сматру гэто — пайшлі, пайшлі немцы! А я яшчэ мінутачку паляжала, думаю, хай дальшэ адойдуць. I я за адзежу ўсіх дзяцей як узяла і дзёрнула далей, у канец агня... У-у-у!..

Ляжым на поплаўцы Астапавым. Ужэ так от трэсло, трэсло сільно нас, о!.. А я ўжэ думала: «На ўсёй дзярэўні адна я асталася». Давай я ўжэ ўзяла за дзеці, то аднэ сюда пасадзіла, два гады, а то, чатыры гады, дзевочку, сюда, а там яшчэ ззадзі ідзе. Пошла, пошла, пошла...

А куды от я?

От, на выганаўскую дарогу цаляю, да Выганішч. Куды мне, думаю, дзеціся? Мая матка з Выганішч. Думаю: там у мяне дзядзька е. Мо возьме мяне? Бо і дабівацімуць нас, ужэ думаю, у нашай дзярэўні. Можа, нада ўжэ нас выбіці. «Партызан!..» Мо зашчыталі ўжэ, што ў саракавом гаду ў калхозе былі. Усё гэта казалі на нас: «Камуніст!..» Можа, нас загэтым дабіваюць. Вот!.. Ужэ ўзяла я, пошла, пошла да Выганішч.

Не зайшла.

Сяду дзе-небудзь на пянёк... Іду, іду... Як упаду — як паляцяць мае дзеці цераз галаву ўсе. «А-ах!» — адно галаву пачэшуць. I не плачуць. От гора пазналі!..»

У расказ жанчыны ўрываецца вельмі нядаўні ўспамін. Сёння ўранні ў Целяханах пачутыя словы. Скупыя, мужчынскія. Гаворыць калгаснік-пенсіянер Андрэй Куратнік:

«...А сын у мяне астаўся. У трупах. Маці мая, калі яе расстралялі, упала на яго, і так трохі закрыла. Ранілі хлопца ў бок. Адсунуўся ён метраў пяцьдзесят ад ямы і заснуў. Назаўтра прыйшлі — яшчэ пяць выстралаў па яме далі. А ён дванаццаць дзён праляжаў у стажочку. Дзевяць гадоў было. Не піўшы, не еўшы. Партызаны знайшлі яго, мне наказалі...»

Цётка Барбара гаворыць далей:

«...Зайшлі мы да Выганішч. Ужэ васкрасенне. Другое васкрасенне настала, той тыдзень ужэ прайшоў. Прыйшла я, а ўжо майго дзядзьку, мае мацеры брата, застрэлілі.

«От, — думаю, — і мая жалаба, от ён мяне і пажалее...»

Дзядзіна кажа:

— У-у-ужэ так табе, можэ, не надо жыці на свеце, ужэ табе самой у агонь надо бегчы. Дзяцей у цябе многа, да ты бярэменна яшчэ — дзе табе проці зімы!

Самі ў лес выязджалі, хаваліся, а мяне не бралі. А я ў той хаце ляжу да ўжэ, як мы, па-старыннаму, памалюся:

«Дай мне, госпадзі, сладкі сон! Ці ўжэ як жывая застануся, ці каб я не слыхала, каб я ўжэ пагібла з гэтымі дзецьмі, заснула ўжэ навек...»


От ужэ партызаны выйшлі адтуль, з Бярэзіны, сільны, сільны одряд. З Вяды быў знаёмы чалавек, пагаварыў са мною, пагаварыў.

— Не бойцеся, — кажа, — не дапусцім немцаў, каб вас пабіці...

Даждаліся мы другога васкрасення.

— От, цётко, — кажу я дзядзінай, — мне сон які сніўся. Плохі, плохі! Я ўжэ, здаецца, у старцах пахадзіла, хлеба насабірала сумочку. Іду, іду, у глазах пачарнела. У тую хату зайду, а пяць хат міну і опяць зайду. Так жалко, што столькі свайго хлеба многа пакінула. Да хазяіна, да скаціну. Лошадзі не было, быкі былі. Тры каровы былі, дзве каровы і цёлка. Да Хаценіч пагналі, на Ганцавічы, у тую старану. Наплакалася я, наглядзелася... От як!

Ну, а дзядзіна мая кажа:

— А мне харашо спалася...

От, чэсна вам гавару, жанчына! Трэсачок тых не дае, зварыць. «Ідзі ў кусты», — кажа. От людзі якія ёсць, Госпадзі! Урэдна была, багата, сільна багата была! Чыгуніка просіш — чыгуніка не дасць.

У Красніцу хадзю ўжэ, мэду нанасіла я, і табе, і сабе. Ужэ думаю: «Хай мяне пчолы... Можа, памру». Яй-богу. Закручуся ў якія латы. А мёду, мёду, мёду, мёду было!.. У вядры нясу, нясу, нясу з Красніцы. Гэта — як яе спалілі. Я ўжо сабе туды прайдуся. Можа, заб’юць. Як не дабівацімуць, то не дабівацімуць. А ўжэ по тры дні кончылася дабіванне. Ужэ я мэду нанасіла і ўжэ сабе кватэру шукаю. Мы ўжэ тыждзень сядзелі там, ужэ яна, дзядзіна, кажа:

— Шукай кватэру. З-за цябе, недабійку, і каб нас не пабіл і немцы...
У Лабановіча кватэру найшла, у Аляксеевай маткі, у беднае жанчыны вынайшла.

Сабе думаю: «Пайду я картошкі, хвасолі прынясу».

Пайшла я сабе за тымі прадуктамі, сабе ў Красніцу. А дзеці тама, у Выганішчах.

Нясу я, да гары даходжу — у-ю-юй! — ужэ Выганішчы гараць! Ужэ гараць Выганішчы, з палімёта строчаць!.. Выганішчы га-а-араць!.. Сільны такі вецер, што чалавека з ног валяе. Яны зайшлі ад Бабровіч, з таго канца, о, ад моста. Ужэ вецер і ко-оціць! Цераз дзесяць хат кідала агонь. Я плачу:

— Ужэ мае дзеці рукі мне апрасталі. Дзе мае дзеці?..

Ужэ пабегла я ў Бярэзіну, куды ўсе людзі пабеглі. Нашла адну жанчыну, кажу:

— Мо мае дзеці відалі?

Гаворыць:

— Відалі. Пабеглі. Гэта Насця на плечы Васіля пасадзіла, панесла ў Бярэзіну. Далёка!..

I я туды. Шукала, шукала, мо ад дванаццаці часоў, знайшла — ужо сонца заходзіла. Знайшла я. I сваіх, і Бартановых дзяцей знайшла, пяць штук. Ужэ знайшла, сарай згарэў — картошкі напякла, накарміла іх, тыя чужыя і свае...

I вот я думаю: «Куды мне дзеціся?..»

Пайшла ў балота. Сяджу. Ужо знайшла спічкі, надрала палосся, лапці плесці. I сяджу я там, у Надлеві, ад Выганішч кіламетраў тры, ад Бабровіч — чатыры. Я ўжэ знайшла, дзе з мужам касіла, дзе нашы пакосы. Ужэ не магу, так мне абідно... Ужэ, думаю, пайду пад чужыя стажкі, бо вельмі мне жаль... Дзе касілі, дзе граблі з мужам сена...

Пайшла пад чужыя стажкі. Сяджу.

Ужэ давай картошку чысціць... А тут — зара немцы бягуць!.. Людзі гукаюць, гукаюць на балоце.


Думаю: «Чаго-то яны гукаюць? Гэта так, можа. Можа, маці дзеці пагубіла, можа, дзеці маці загубілі ды шукаюць?..»

У-ух!.. Ажно вылятаюць да мяне два паліцыянты. Выскачылі з-за куста, за мяне — цап! Ужэ мяне ўзялі. Да ўжэ майго хлопца, восем гадоў:

— Сынок, дзе твой бацька?

— Няма, забілі бацька майго. Ужэ забілі немцы Рамана майго.

— Паночак, я сама з голаду, з холаду загіну, адно вы мяне не беце. Я не хачу, каб вы мяне білі. Хай я сама прападу з дзецьмі...

Ён кажа:


— Дзе больш людзі?

— Пабеглі на лес.

— Ідзі на воз! А самі пайшлі.

Каб я пайшла на той воз, да таго бабровіцкага паліцая, што ўсіх дабіваў, што паказваў, дзе хто захаваўся, — ён застрэліў бы мяне, убіў бы. Сільно бабровіцкіх людзей ён выбіваў. Я-то не папала да яго. Яны пайшлі за кусты, а я тожа за кусты. Вы мяне не бачыце, а я вас! I я ў такі цё-ёмны пабегла луг — такі луг, што чарот там, папаратнік, усяго там. Я туды пабегла і ляжу там. Ляжу ўжэ. Яны ўсіх людзей вызбіралі, ужо ціха стала...

Толькі партызаны беглі. Беглі партызаны, маім дзецям мяса варанага далі. Наеліся мае дзеці — вады!.. Ужэ гэты, што два гады:

— Вады, вады, вады, вады!..

А вада павысыхала, мо на метар, нідзе няма напіцца. Цямнее. Ужэ гэты мальчык, што восем лет.

— Вазьмі, — кажу, — мачы свае ў чыгунчык.

Напаілі.

— Не, — кажа, — мамо, не ўкусная вада. Ідзі, шукай смачнае вады! Ідзі!..


Няма нідзе вады. Плакаў той, плакаў... Лягла я. I спічкі е, агню наклаў бы. Ой!.. Ды вады плача. Я вот чэсна гавару вам. Выкапала такую ямачку, выкапала во. «Як на сырой зямлі чалавек паляжыць, — думаю, — то ўмрэ». Выдрала мох, выдрала. Бо малыя. «Як жа я вас накармлю, як адзену?..» От, я ямачку выкапала ў балоце, да самай тарфы, усе мы на яе і паклаліся. Вот ужэ забалеюць, васпаленіе возьме, ужэ яго і не будзе на свеце, хоч адно мне рукі асвабодзіць...

I от жыве! Дажэ ні чуць-чуць не забалеў!

I выйшла я апяць з таго балота.

— Хадзем, — кажу, — дзеці, у Целяханы, хай нас дабіваюць.

Дзеці не схацелі.

— Куды хочаш, мамо, нас у свет вядзі, адно не хадзем да тых немцаў і да паліцаяў!..

У Вялікай Гаці кватэру нашла. Сталі паліці Гаць... Гэто ўжэ я тады ў парцізанах была. Сядзела, сядзела, сядзела, траву сушыла, дзетак травой ахутвала. Здароўе пацярала, раўматызм дастала. От як!..

Дзеці пагадавала, пагадавала. Пайшлі па гасударскай рабоце ўсюды. Дзеці па свеце, а я сабе... Вот, спасіба, пенсію даюць ужэ. Оўцы даглядала, тысячы авэчок нагадавала, дзесяць лет на ферме стаяла. Дзеці работалі.



От, усё сваё страданіе пераказала. Можа, я і залішне што сказала? Я няграматная. Ізвініця».

***

Адзіны з вёскі Вядо ...   

Мікалай Афанасьевіч Куратнік ня мог доўгія гады і пасля Перамогі сарок пятага ўспомніць мінулае - сціскалася сэрца. Толькі ў апошнія гады, калі яго жыццё няўмольна наблізілася да 80-ці, хоць трохі супакоіўся. Ён адзіны з в.Вядо, спаленай фашыстамі, застаўся ў жывых.   Аб тых страшных днях Мікалай Афанасьевіч распавядаў не спяшаючыся. У раённай кнізе "Памяць", на жаль, ёсць недакладнасці па в.Вядо. Недакладна паказана колькасць растраляных і спаленых. Яго сям'ю - маці, бацьку, двух братоў, двух сясцёр і сястру бацькі Матрону, не занеслі ў спісы загінуўшых у вёсцы. Самога Мікалая Афанасьевіча ад смерці выратаваў цуд. Па-іншаму цяжка сказаць.   У той 42-гі год яго з іншымі схапілі немцы і накіравалі за Ганцавічы будаваць дарогу. Набліжалася восень. Начамі стала халадаць, калі адзін з паліцаяў, якія ахоўвалі іх, папярэдзіў: "Усіх вядских растраляюць. Ратуйцеся. Па дарогах не ідзіце. Там будзе поўна паліцаяў і немцаў ". Усе паліцаі дзяліліся на "добрых" і "дрэнных". Гэтым і скарысталіся многія. Сышлі з лагера без шуму і аўтаматнай страляніны. Гэта было 11 верасня ў "галавасек". Ганцавічы, Радзялавічы і Выганашчы абмінулі добра. Лес хаваў уцекачоў ад фашыстаў.   Падышоў ён з суседам Іванам да Красніцы, а там смурод, дым. Ні аднаго будынка. Адныя трупы кругом. Няма ў некаторых трупаў галоў - людзей расстрэльвалі разрыўнымі кулямі. Рушылі ў бок роднай вёскі. І ў тым баку - дым. Прадчуванне падказала: у вёску не хадзіць. Залезлі на высокае дрэва з густой кронай, ўзіраліся, узіраліся ўдалячынь. Дзе-нідзе дымілася. Прасядзелі на дрэве да наступнага дня. Морась, бачнасці вакол ніякай. Разам у сяло не пайшлі. Паміж імі адлегласць была каля двухсот метраў.   Раптам Іван крыкнуў: "Немцы!Ўцякай!". Мікалай сігануў праз лазовы куст ў балота. Услед пачуліся стрэлы.   У вёсцы таксама гучалі адзінкавыя стрэлы. Мабыць, каты дабівалі параненых і дзяцей. Колькі сядзеў у балоце, Мікалай Афанасьевіч не ведае. Калі ступіў на цвёрдую зямлю, вакол было ціха. Клікаў Івана - ня даклікаўся ...   У вёсцы яго ахапіў непадробную жах - адзін ён у дробны дождж сярод трупаў. Як і ў Красніцы каты стралялі ў людзей разрыўнымі кулямі. Блукаючы па знішчанай вёсцы, Мікалай Афанасьевіч пазнаваў суседзяў па вопратцы. Перад вачыма і цяпер, праз шмат гадоў, - жанчына, якая ляжыць на зямлі, абхапіўшы рукамі сваіх малалетніх дзяцей. Так і памерла ў абдымку са сваімі роднымі.   Пасля доўгіх пошукаў Мікалай Афанасьевіч апазнаў родных па вопратцы. Знайшоў ён і суседзяў - сям'ю паліцаяў. Пяць братоў былі ў паліцыі, шосты - не. Расстралялі іх бацьку, маці, брата. Пашкадавалі толькі саміх паліцаяў. Доўга блукаў Мікалай па пажарышчы роднай вёскі. Галодны і прамерзлы, але ні холаду, ні голаду ня адчуваў. Дажджу не заўважаў. Ісці ў іншыя вёскі да сваякоў баяўся. А што, калі і там такое? Думка будаваць зямлянку, паколькі ежы вакол хапала ў палях, была самай падыходнай. Доўга ў зямлянцы ня жыў - дзіка, холадна, няўтульна. Падаўся ў Вялікую Гаць да сваячкі Анастасіі. Жыў у яе да таго часу, пакуль не данеслі паліцаям, што ён з Вяда. Сышоў у лес. Там сустрэў партызан з атрада ім.Дзяржынскага. Але гульня са смерцю ў Мікалая Афанасьевіча ў партызанскім атрадзе не скончылася.   Пасля вызвалення Беларусі ваяваў у войску маршала Ракасоўскага. У гады вайны Мікалай Афанасьевіч нават на "губе" сядзеў: “Перад самай Перамогай я быў прызначаны пасланцам пры штабе часці, - успамінае М.А.Куратнік. Афіцэр асобага аддзела часта казаў салдатам: "Камсамольцы павінны ваяваць за дваіх". Я вазьмі ды і запярэч: "А вы за дваіх ваюеце?" Не спадабалася. Запомніў. Падабраўшы момант, пасадзіў мяне ў "цёмную.". Быў такі закуток пры штабе, дзе нават сядзець было нельга з-за цеснаты. Доўга ў ёй я не быў. Выпусцілі. Розныя людзі на вайне. Адны не шкадавалі жыцця дзеля нашай усеагульнай Перамогі. А адзінкі ... Чамаданы рыхтавалі да дэмабілізацыі. Такім быў і гэты ... Ці не савецкі ён быў чалавек? Не, не савецкі ...”.   За добрую службу пасыльнага Мікалаю Афанасьевічу Куратніку камандзір часткі падарыў каня белай масці. Выручаў конь яго ў доўгіх паездках. Конь да Перамогі не дажыў. Аднойчы, праязджаючы праз драўляны масток, зламаў нагу. Прыйшлося прыстраліць.   Дэмабілізаваўся Мікалай Афанасьевіч праз год пасля Перамогі. Куды ехаць, ня ведаў. Паехаў у Калінінскую вобласць. Там прыжаніўся. Ды не заладзілася жыццё сямейная. Кінуўшы ўсё, з'ехаў у Сібір на заробкі. Тры гады там быў. А потым пацягнула сюды, на зарослае папялішча. Ды не лёс быў адрадзіць Вяда. У Целяханах купіў домік. Ажаніўся. Выгадаваў двух сыноў. Задаволены цяперашнім жыццём. Толькі мінулае грызе начамі. Не дае спаць. Ды і здароўе падводзіць. Юбілейны медаль "60 гадоў вызвалення Беларусі" яму ўручылі дома. А дзеці падарылі кнігу пра вайну. Дзякуй ім. Не забываюць старога.

***
Першай загінула Красніца – вёсачка з васемнаццаці хат. Засталася ў жывых толькі адна маленькая дзяўчынка. Выпаўзла з агню ў лес.

Потым бяда прыйшла ў суседнія вёскі.

Вось што давялося пачуць толькі ў Бабровічах.

…Чырку Станіславу Ігнатавічу ў сорак другім было дванаццаць. У той страшны дзень ён ішоў з сябруком Чырко Пецем з выгану дамоў, каб паесці. На ўскраіне лесу ім сустрэўся аднавясковец і прагнаў іх назад у балота. Хлапчукі не ведалі, што творыцца ў вёсцы, і пад вечар вярнуліся са статкам дамоў. А вёска гарэла, фашысты расстрэльвалі людзей. Некаторыя схаваліся ў сцірту саломы. Але яна раптам загарэлася, і людзі, у тым ліку і Стась, пабеглі ў дыме да хмызняку. Там ім удалося выратавацца. Доўга блукаў Стась па лесе. Беспрытульны, ён хадзіў па вёсцы Выганашчы, а затым яго забралі добрыя людзі ў вёску Доўгая. У той жудасны дзень былі забіты Стасевы бацька, маці, сястра, два браты. Трэці брат загінуў на фронце.

…Чырко Марыі Фёдараўне ўдалося выпаўзці з агню. У яе была перабіта кісць рукі. На двары застаўся ляжаць яе брат з перабітымі нагамі. Ён не выжыў, памёр ад ран.

… Петрукевіч Вольга Рыгораўна разам з маці, бацькам, сёстрамі і братам паўзла па бульбяных барознах, а па іх стралялі. Тут жа і былі забіты бацька, тры сястры і брат. А Вольга цяжка паранена. Куля прабіла шыю, выйшла праз падбародак. Вялікае гора зведаў і яе муж Уладзімір Іванавіч: у яго загінула сем братоў і сястра.

…Крата Антона Міхеевіча фашысты гналі ў групе іншых мужчын у бок вёскі Вяда. Антон зразумеў, куды іх гоняць. Кінуўся у кусты, скінуў на хаду плашч, каб заблытаць ворага. Стаіўся за алешынай. Стралялі наскрозь па кустах. Ён жа прыкінуўся мёртвым. Але калі страляць перасталі, ціха папоўз…


Фотаздымкі помнікаў, усталяваных на месцы трагедый:



На сродкі раённага бюджэту быў усталяваны новы помнік на месцы спалення мірных жыхароў у в. Бабровічы. У 2015 годзе плануецца замяніць абеліск на месцы спалення вёсак Вяда і Тупічыцы. У 2009 годзе ў адроджанай вёсцы Бабровічы па ініцыятыве Веніяміна Бычкоўскага было пачата будаўніцтва капліцы-помніка ў гонар Вялікапакутніцы Параскевы Пятніцы (у вёсцы Бабровічы заўсёды была царква Параскевы Пятніцы) і ў памяць вёсак, спаленых фашыстамі ў верасні 1942 года. Будаўніцтва ажыццяўлялася на добраахвотныя ахвяраванні і асабістыя сродкі Веніяміна Бычкоўскага.

У недабудаванай капліцы штогод праводзіцца дзве службы: памінальная служба аб нявінна забітых у дзень знішчэння вёсак 15 верасня і ў дзень памяці святой велікамучаніцы Параскевы 10 лістапада. Плануецца ўвекавечыць на сценах капліцы імёны ўсіх спаленых жыхароў вёсак.

У цяперашні час агульнабудаўнічыя работы завершаны. Засталося вырабіць ўнутраныя аздобныя працы: абшыць сцены, пакласці падлогу.







На фота кадр з фільму “70 год забыцця”.


Дакументальны фільм “70 год забыцця” прысвечаны вёскам Вяда і Тупічыцы, якія былі знішчаны падчас Вялікай Айчыннай вайны і не адрадзіліся. Аўтар фільму – краязнаўца з вёскі Вулька-Целяханская – Аляксей Грыгор’евіч СЛІЖ. Матэрыялы фільму былі адзняты яшчэ ў 2012 годзе (ў 70 гадавіну трагедыі вёсак) падчас экскурсіі, якую праводзіў жыхар вёскі Бабровічы – краязнаўца Веніамін Бычкоўскі.

У дакументальнай стужцы працягласцю каля 20 хвілін ў жанры рэпартажу расказваецца пра лёс вёсак Вяда і Тупічыцы, якія знаходзіліся на ўсходнім беразе Бабровіцкага возера. Летам 1942 года падчас правядзення карнай аперацыі “Балотная ліхаманка” гэтыя вёскі былі знішчаны разам з усімі жыхарамі. Сёння аб былым існаванні вёсак нагадваюць толькі здзічэлыя грушы ды сціплы абеліск, адзін на дзве вёскі, пастаўлены яшчэ ў 60-я гады. Фільм цікавы тым, што ў ім расказваецца пра даўнюю гісторыю вёсак Вяда і Тупічыцы, паказваюцца месцы дзе знаходзілася былая Вядская царква, вуліцы па якім пяць стагоддзяў хадзілі людзі, а таксама месцы растрэлу мірных жыхароў, на якіх ў бліжэйшы час плануецца ўсталяванне памятных крыжоў.

Здымка, мантаж, агучванне фільма высокамастацкі выкананы Аляксеем Сліжом, які цяпер працуе мастаком-афарміцелем ў Целяханскім лясгасе. Аляксей Сліж шмат гадоў адпрацаваў інжынерам па лесаўзнаўленню ў лясгасе, цікавіцца прыродай і гісторыяй роднага краю, захапляецца пчалярствам, феналогіяй, фота і відэаздымкай. Менавіта шматграннасць і талент гэтага чалавека дазволілі стварыць фільм, які будзе жывым напамінам аб трагедыі 70-гадовай даўніны.

Фільм “70 год забыцця” – першы і пакуль адзіны дакументальны фільм аб вёсках Вяда і Тупічыцы, якіх напаткаў лёс Хатыні раней, чым была знішчана сама вёска Хатынь (у сакавіку 1943 года), якая пазней стала сімвалам ўсіх загубленых беларускіх вёсак.



Паглядзець фільм можна на відэасэрвісе “YouTube” ў інтэрнэце па наступнай спасылцы http://www.youtube.com/watch?v=5Z9WW9-QEys. Альбо дастаткова проста ў вакне пошуку “YouTube” набраць слова “вяда”.


Літаратура :

  1. Вёскі Івацэвіцкага раёна, знішчаныя нямецка-фашысцкімі акупантамі разам з жыхарамі // Памяць гіст.-дакум. хроніка Івацэвіцкага раёна. - Мінск : БЕЛТА, 1997. - С. 243-244.- (Івацэвіцкі раён).

  2. Бобрик, В. Полюбил эту вечность болот… / В. Бобрик // Ивацевичский вестник.- 2014.- 17 января.- С. 5.

  3. В память о погибших в огне : строительство часовни-памятника в честь Великомученицы Параскевы Пятницы // Ивацевичский вестник.- 2014.- 13 июня.- С. 6.

  4. Кажадуб, С. Яшчэ адзін Знак Памяці : ахвярам мінулай вайны, жыхарам нашага раёна / С. Кажадуб // Івацэвіцкі веснік.- 2010.- 17 верасня.

  5. Кронда, В. Іх напаткаў лёс Хатыні / В. Кронда // Івацэвіцкі веснік.- 1994.- 8 ліпеня.

  6. Барбарка : успаміны Слесарчук Барбары Адамаўны // Памяць гіст.-дакум. хроніка Івацэвіцкага раёна. - Мінск : БЕЛТА, 1997. - С. 247-250.- (Івацэвіцкі раён).

  7. І яны з вогненных вёсак… : успаміны // Памяць гіст.-дакум. хроніка Івацэвіцкага раёна. - Мінск : БЕЛТА, 1997. - С. 244-245.- (Івацэвіцкі раён).

  8. Ноч жахаў : успаміны жыхаркі в. Даманава Таццяны Пятроўны Макарэвіч // Памяць гіст.-дакум. хроніка Івацэвіцкага раёна. - Мінск : БЕЛТА, 1997. - С. 245-246.- (Івацэвіцкі раён).

  9. Суджана жыць : успаміны Крот Антона Міхеевіча // Памяць гіст.-дакум. хроніка Івацэвіцкага раёна. - Мінск : БЕЛТА, 1997. - С. 246-247.- (Івацэвіцкі раён).

  10. Журавлёв, Г. Единственный из деревни Вядо… : воспоминания Николая Афанасьевича Куратника / Г. Журавлёв // Ивацевичский вестник.- 2005.- 6 мая.

  11. Кісель, М. Пякучая памяць вогненнага попелу : успаміны Дубінка Вольгі Рыгораўны / М. Кісель // Івацэвіцкі веснік.- 1998.- 8 мая.


Электронныя рэсурсы :

  1. Адамовіч, А. Я з вогненнай вёскі... / Алесь Адамовіч, Янка Брыль, Уладзімір Калесьнік // Беларуская палічка : беларуская электронная бібліятэка . – Рэжым доступа : http://knihi.com/Ales_Adamovic/Ja_z_vohniennaj_vioski.html.- Дата доступа : 11.02.2015.

  2. Радаўніца ў Бабровічах: успамін уніятаў — ахвяраў вайныhttp://news.21.by/society/2012/04/26/513453.html

  3. http://www.radzima.org/be/object/5989.html

  4. http://svjatogor.by/loads/view.php?id=173

  5. http://video.arche.by/by/channel/movie/16230 фильм


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка