Жыў лёсам людзей на балоце




Дата канвертавання09.06.2018
Памер94.64 Kb.
Жыў лёсам людзей на балоце

Мэты:


зацікавіць вучняў жыццём і творчасцю І.П. Мележа, усебакова раскрыць асобу пісьменніка, выхоўваць патрыятычныя пачуцці , развіваць чытацкія ўменні дзяцей.

Сённяшняе наша мерапрыемства праходзіць напярэдадні Дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, і прысвечана 95-у юбілею Івана Мележа



Вядучы1. Беларусь вабіць прыгажосцю сваіх краявідаў. Чаруюць вока блакітныя рэкі і азёры, зялёныя лясы і пералескі, шырокія палі і лугі… Але найбольш славіцца зямля пад белымі крыламі людзьмі. Менавіта яны складаюць багацце краіны, яе залаты фонд, праслаўляюць і будуць праслаўляць Беларусь. Пачэснае месца сярод гэтай кагорты займае Іван Мележ. Сёння мы з вамі пазнаёмімся з творчасцю гэтага выдатнагапісьменніка, з творамі якога вы знаёмы. Давайце звернемся да яго жыццёвага і творчага шляху.

На экране з’яўляецца прэзентацыя “Іван Мележ”



Вядучы 2.Іван Мележ нарадзіўся 8 лютага 1921 г. у вёсцы Глінішчы Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і. Няма сёння хаты, дзе пабачыў свет пісьменнік. Яе спалілі ў гады Вялікай Айчыннай вайны фашысты. Пасля трагічнага 1986 года родныя мясціны Івана Мележа забруджаны радыяцыйным пылам.

Маналог 1. Жыццё маё, як і большасці вясковых дзяцей, праходзіла на ўлонні прыроды. Спачатку былі простыя дзіцячыя гульні, дзе хмызняк, асака, дрэвы хлапечай фантазіяй ператвараліся ў дзіўны, чароўны свет. Бясконцыя лясы і бязмежныя балоты захаплялі сваёй таямнічасцю і хараством, будзілі фантазію. Яны з дзяцінства ўваходзілі ў маё жыццё і станавіліся яго духоўна-эстэтычным набыткам. “Ёсць у кожнага свой, мілы сэрцу куток, які з бегам гадоў не толькі не цьмее ў памяці, а становіцца як бы яснейшым, даражэйшым. Багата можа быць у чалавека за жыццё іншых куткоў, і больш слаўных, і больш выдатных, але гэты куток, і не слаўны, і не выдатны, можа, нічым, не забываецца, не адступае ў далеч, сярод іншых дарагіх, хвалюючых успамінаў – ён самы дарагі, самы шчымлівы! Куток гэты – твая хата, дзе мы вучыліся бегаць, дзе чулі цеплыню матчыных рук і цеплыню сэрца нашага маленства.”(Т.8.С.177). (Дэманструецца фотаздымак “І.П.Мележ у родных ваколіцах”)

Вядучы 1.Хлопчык акрамя хараства родных краявідаў убірае ў сябе і тыя маральныя законы, па якіх жылі яго землякі. Прыкладам жыццёвай мудрасці і справядлівасці найперш была маці. Яна ведала многа песень і любіла спяваць. Гэтая любоў да народных песень перадалася і сыну. Пісьменнік захапляўся самабытны розумам маці:

Маналог 2. “Мая маці – амаль непісьменная і цяпер; але, калі я прыязджаю дадому, калі гавару з ёю пра складанейшыя з’явы жыцця, мяне заўсёды здзіўляе і ўражвае правільнасць яе меркаванняў, глыбіня разумення жыцця і людзей”(Т.8.С.194).

Вядучы 2. З дзяцінства ўсвядоміў Іван Мележ, што жыць без працы нельга. Прыкладам руплівасці, цягавітасці, гаспадарлівасці былі бацькі. На ўсе Глінішчы славіліся незвычайным спрытам у працы маці, а бацька займаўся яшчэ і бандарствам. З дзяцінства працаваў і Іван. Спачатку пастушком, у пагоду і непагадзь, вясною, золкай восенню быў са статкам. Пазней былі штодзённыя няблізкія кіламетры ў школу, адначасова праца на полі, у лесе, на лузе. Вялікую ролю ў духоўным сталенні Івана Мележа адыгралі настаўнікі.

Маналог 3. Праскоўя Андрэеўна Дашко была тым цэнтрам, вакол якога ў глухой палескай вёсцы ў тыя гады разгортвалася асветніцкая і культурная праца. Светлы воблік першай настаўніцы паслужыў мне правобразам Параскі ў кнігах “Подых навальніцы” і “Завеі снежань”. У школе захапіўся літаратурай. Любімымі пісьменнікамі сталі Я.Купала, А.С.Пушкін, К.Крапіва, Н.А.Някрасаў, П.Трус, М.Ю.Лермантаў, Т.Р.Шаўчэнка, М.Багдановіч і інш. Я нават перапісваў творы гэтых аўтараў у запаветны сшытак. Гэты факт дарэчы, падштурхнуў і да напісання ўласных твораў. Спачатку пісаў вершы, хаваючы ад усіх, аж пакуль аднойчы сшытак з паэтычнымі спробамі не трапіў у рукі настаўніку літаратуры Хойніцкай дзесяцігодкі Міхаілу Іванавічу Пакроўскаму. Ён прачытаў вершы і, мусіць адчуў у іх талент, бо паклікаў мяне ў настаўніцкую і там доўга і з павагай гаварыў пра мае творчыя спробы, раіў не кідаць пісаць, а працаваць сур’ёзна далей. Я выйшаў з настаўніцкай акрылены.

Вядучы 1.ІванМележ пачаў пасылаць свае творы ў розныя рэдакцыі. Яго вершы будуць апублікаваны пазней, калі юнак з Глінішчаў закончыць школу. (Дэманструецца фотаздымак “Юначыя мары”.)

Вядучы 2.Мележ вучыўся добра і скончыў Хойніцкую дзесяцігодку з залатым медалём. Закончыўшы школу, будучы пісьменнік спарабуе паступіць у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры. Пасля няўдачы ён вяртаецца ў Хойнікі і пачынае працаваць інструктарам райкама камсамола(1938). На сваім нязменным веласіпедзе Мележ скалясіў увесь раён. У вольны час юнак пісаў. І, нарэшце, у 1939 годзе ў газеце “Чырвоная змена” быў апублікаваны першы верш “Радзіме”.

Вядучы 1. Праз некаторы час у рэспубліканскім друку з’явілася яшчэ некалькі яго твораў. Праз год хлопец з палескай вёсачкі Глінішчы зноў паехаў у той самы Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры. І на гэты раз Іван Мележ стаў студэнтам (1939) і з першага курса быў прызваны ў Савецкую Армію. Служыў на Украіне, спачатку ў Данбасе, а потым на граніцы ў Карпатах.(Дэманструецца фотаздымак “Іван Мележ – салдат.”)

Маналог 4.“Вайна … аказалася… нечаканай, незвычайнай, непараўнанай ні з чым, страшнай бядою. Доўга балюча гнёў душу разлад паміж нядаўняй лагоднасцю, маладой любоўю да зямлі, да жыцця і жорсткасцю бамбёжак і першых смерцяў. Адно я ведаю цвёрда – нас не перамогуць”(з дзённіка пісьменніка)



Вядучы 2.Летам 1940 г. удзельнічаў у вызваленні Паўночнай Букавіны. Часць, дзе служыў Іван Мележ , тройчы трапляла ў акружэнне і тройчы прабівалася з кальца. У франтавых умовах ён вёў дзённік. Пазней мастак слова не раз будзе падкрэсліваць, што з гэтых запісаў, па сутнасці, пачалася яго творчая праца як празаіка. У 1969 годзе быў апублікаваны гэты дзённік “У пачатку вайны”. Асобным выданнем ваенны дзённік Мележа пабачыў свет пасля смерці пісьменніка пад назвай “Першая кніга”. Іван Мележ прызнаваўся: “Гэта адна з самых дарагіх,выпакутаваных мною рэчаў” (Т.8.С.552).

Вядучы 1. У чэрвені 1942 г. пад Растовам цяжка паранены і пасля лячэння ў тбіліскім шпіталі адпраўлены ў тыл. Жыў у Бугуруслане, потым выкладаў ваенную падрыхтоўку ў Малдаўскім педагагічным інстытуце, а з 1943 г. - у Беларускім дзяржаўным універсітэце, які знаходзіўся тады на станцыі Сходня ў Падмаскоўі, дзе вучыўся спачатку завочна на філалагічным факультэце, а затым перайшоў на стацыянар (скончыў у 1945 г. ужо ў Мінску).

Вядучы 2.У 1944 годзе ў газеце “Звязда” было апублікавана першае апавяданне Івана Мележа “Сустрэча”. Праз год скончыў універсітэт і паступіў у аспірантуру. Але замест навуковай працы напісаў шэраг апавяданняў, якія склалі яго першую кнігу “У завіруху” (1946). У гэтым жа годзе Іван Мележ напісаў свой першы буйны твор – аповесць “Гарачы жнівень”. Аповесць “Гарачы жнівень” дала назву другому зборніку Мележа. Зборнік убачыў свет у 1948 годзе. У гэты зборнік увайшлі апавяданні, у якіх апавядаецца пра дзейнасць партызан, франтавікоў.

Вядучы 1.У 1947 годзе Іван Мележ пачаў працаваць над вялікім эпічным палатном – раманам “Мінскі напрамак”. Пасля гэтага твора Мележ пісаў аповесці, нарысы, п’есы. Творчасць гэтых гадоў вызначаецца жанравай і стылёвай разнастайнасцю. Пазней пісьменнік ацаніў гэтыя гады як пошукі самога сябе, як імкненне асэнсаваць зробленае, знайсці свой твар, выпрацаваць свой стыль.

Вядучы 2.Самы значны твор – “Палеская хроніка”. Працаваць над ёю пачаў з сярэдзіны 50-х гадоў. У 1961 годзе быў апублікаваны раман “Людзі на балоце”, які з захапленнем сустрэлі чытачы. У 1962 годзе гэты твор быў адзначаны Літаратурнай прэміяй імя Якуба Коласа. Другая кніга “Палескай хронікі” – “Подых навальніцы” – пабачыла свет у 1965 годзе. У1972 годзе за гэтыя кнігі Івану Мележу была прысуджана Ленінская прэмія. 1 канцы 60-х і ў 70-я гады пісьменнік працягваў працу над трэцяй кнігай задуманага цыкла “Завеі, снежань”, якая была надрукавана ў 1976 годзе. У накідах засталісяяшчэ два творы з “Палескай хронікі” – “За асакою - бераг”, “Праўда вясны”. “Палеская хроніка” была этапным творам у пісьменніцкім лёсе Івана Мележа і сведчыла пра тое, што канчаткова акрэслілася яго мастацкае аблічча:

Маналог 5. “Кнігі гэтыя ўвабралі не толькі мой жыццёвы, але і творчы вопыт. Я хацеў дасягнуць у іх сінтэзу, сплаву ўсяго таго карыснага, што ўдалося здабыць за гады літаратурнай працы”(Т.8.С.422).

Інсцэніроўка. (Глушак, Яўхім, маці)

Глушак - Доўго шчэ будзе ето?

Яўхім- Што?

Глушак- Па дзеўках доўго гайсаць будзеш?

Яўхім - Хіба ўжэ і падысці няможно?

Глушак- Падысці! Блізко вельмі падыходзіш, жарабец гуляшчы!

Гайсаеш, пакуль не прынясе ў пялёнках байструка! На пацеху бацьку і матцы!

У Яўхіма ўсярэдзіне пахаладзела. «Дазнаўся пра Хадоську! Не інакш!.. Выказаў хто-небудзь ці сама, можа, расплакалася!..»

Яўхім - А вы не слухайце ўсяго - мало хто чаго напляце...

Глушак- Праўду кажуць! - Сам знаю!

Яўхім - Дак, можа, вы болей за мяне самога знаеце?

Глушак- Жаню!!!( Грозна крыкнуў)

Яўхім - Можаце жаніць. Толькі не крычыце, як на парабка!

Глушак- Зараз жа!

Яўхім - Можно і зараз. Мне ўсё адно... Я і сам думаў ужэ...

(Маці, якая, прыбіраючы пасля вячэры посуд, сачыла за іх гаворкай з трывогай, адразу ўзрадавана адгукнулася)



Маці - Пара! Дзякуй Богу, узяўся за розум! - А то і праўда, дакуль слухаць бацьку гаворкі етыя, што Яўхім тое ды Яўхім другое? Думаць ды перажываць за цябе на старасці!.. - - Матруну Хвелькаву з Алешнікаў! Прыдання скрыня поўная! Карову даюць! Хвельчыха сама казала!..

Глушак- Пастой! Раскудахталася! - Значыць, надумаў?

Яўхім - Надумаў...- Жанюся. Толькі - адно...

Глушак- Што?

Яўхім - Толькі - кеб з тым, з кім хочу!

Глушак- Дак, можа, і выбраў ужэ?

Яўхім - Выбраў...

Глушак- Аге. - Цяпер такія парадкі, што слухаць бацькоў не трэба! Лішняе - слухаць бацькоў!.. Каго ж выбраў?

Яўхім - Ганну!..

Глушак- Якую?

Яўхім - Чарнушкаву...

Глушак- Чарнушкаву?!

Яўхім - Яе.

(Глушак глянуў на сына, як на звар'яцелага. Рука сама сабой перахрысцілася на абразы.)



Глушак - Ету?.. - У цябе... усе капылы?

Яўхім - Не згубіў.

Глушак- Ты доўго думаў?

Яўхім - Доўго. Адну яе хачу.

Глушак- Адну яе! - - Разарыць захацеў! Пусціць па свету! З торбай!..

Яўхім - Тато! –

Глушак- Па свету! З торбай дранай! «Дайце, людзі!.. Скарыначку!» На старасці!..

Яўхім - Не кажыце, чаго не трэба!

Глушак- Маўчы! Указ знайшоўся! Рано ўказваць стаў! Шчаня!.. - Дажыў! Выгадаваў! Гадаваў, ждаў падмогі! І выгадаваў! Даждаўся!

Яўхім - Абкруціла! Узяла! Галадранка, а абкруціла як!.. І рукі, і ногі звязала! Бейбусу такому!

- Я сам выбраў. Яна шчэ і не знае.



Глушак- Не знае. Абкруціла, прыбрала! Дый не знае!

Яўхім - Не знае. Шчэ, можа, і не пойдзе.

Глушак- Не пойдзе! Даўно, пэўне, не спіць, глядзіць! Калі на чужое дабро ўссесці!.. Толькі ж - не дажджэцца!

Яўхім - Аддзяліце, калі хочаце. Але - адну яе.

Глушак- Ету круцёлку!.. - Ету пакідуху! К сабе ў хату! На сваё дабро!.. Блудніцу ету!

Яўхім - Яна - не блудніца! - Яна - бедная, праўда. Але лепей за яе ў сяле - няма!

Глушак- Нізашто! Я - нізашто? Чулі? Аб етай кеб і не думаў! На ету дазволу майго, бацькаваго, не будзе!
Вядучы 2.Маўклівая вайна ў Глушаковай хаце, якая пачалася з таго вечара, калі Яўхім аб'явіў, што хоча жаніцца з Ганнаю, ішла без перамір'я некалькі тыдняў. Здавалася, што міру ў хаце ніколі ўжо не будзе, але неспадзявана ўпарты стары не вытрываў, скарыўся.

- Хай будзе па-твойму, - памаліўшыся, адышоўшы ад абразоў, сказаў ён Яўхіму. - Не мне, а табе жыць з ёю!..



І пачалася падрыхтоўка да вяселля.

Вядучы1. А што за вяселле без караваю. Сёння ў нас ёсць магчымасць на свае вочы ўбачыць мясцовы абрад вёскі Лінова “Упрыгожванне каравая”
Ансамбль “Бабіна лета”. Абрад “Упрыгожванне каравая”

Вядучы 1.Мележ таксама выкладаў беларускую літаратуру ва ўніверсітэце, працаваў у рэдакцыі часопіса «Полымя», у апараце ЦК КПБ. З 1966 г. - сакратар, а ў 1971-1974 гг. - намеснік старшыні праўлення СП БССР. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1967- 1976), быў старшынёй Беларускага камітэта абароны міру, сябрам Сусветнага Савета Міру. Сябра СП СССР з 1945 г. Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і медалямі. Народны пісьменнік БССР (1972).

Вядучы 2.Здароўе пісьменніка горшылася. Ён, мусіць, разумеў, што лёс яму адмераў няшмат часу, і працаваў асабліва напружана. Івану Мележу вельмі хацелася завяршыць “Палескую хроніку”. Не ўдалося рэалізаваць задуманае нават пры такой напружанай працы, бо так нечакана абарвала жыццё. 9 жніўня 1976 года Івана Мележа не стала.

Вядучы 1. Але памяць аб ім засталася ў яго цудоўных творах. На гэты мы развітваемся, усяго добрага, да новых сустрэч.



База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка