Жыццяпіс св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус І Найсвяцейшага Аблічча




Дата канвертавання21.02.2017
Памер34.8 Kb.
ЖЫЦЦЯПІС

Св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус

і Найсвяцейшага Аблічча

Марыя Францішка Тэрэза прыйшла на свет 2 студзеня 1873 г. у глыбока веруючай сям’і Мартэн у Аленкон. Яе маці — Зэлія Мартэн (з дому Гуэрін) займаецца швейнай справай, а бацька — Людвік Мартэн, па адукацыі майстар гадзіннікаў — ювелір — пасля продажу гэтай справы ў 1870 годзе прысвячаецца кіраванню справамі жонкі. Абое, якія некалі мелі намер весці законнае жыццё, выхоўваюць сваіх дзяцей у атмасферы, прасякнутай хрысціянскім духам. Тэрэза, дзевятае з чаргі дзіця, з’яўляецца наймалодшай у сям’і Мартэн. Заўсёды акружана чуллівасцю бацькоў і чатырох жывучых сясцёр. Лёгка вучыцца, мае добрую памяць. Часам здзіўляе сваіх блізкіх адказамі. Бывае таксама пажадлівай і ўпартай.

28 жніўня 1877 года памірае маці Зэлія Мартэн па прычыне раку грудзей. Тэрэза тады мае толькі 4 з паловай гады. Бацька хацеў падтрымліваць кантакт з сям’ёй маці, таму пераязджае разам з дочкамі ў Лізьё. Смерць маці балюча адбіваецца на характары Тэрэзы. Яна становіцца больш уражлівай, схільнай да плачу. Яе запісалі на выхаванне да сясцёр бэнэдыктынак. Там яна добра вучыцца, але мае цяжкасці з уключэннем у асяроддзе аднагодак. Яе найстарэйшая сястра — Паўліна, якая замяняла ёй маці, паступае ў Кармэль у Лізье ў 1882 годзе. Для Тэрэзы гэта было чарговым выпрабаваннем.

Нягледзячы на цяжкасці, Тэрэза вельмі старанна рыхтуецца да сваёй І Святой Камуніі, якую прымае 8 мая 1884 года. Камунія становіцца для яе сустрэчай з жывым Богам — Езусам. У гэтым жа годзе яна ўмацоўваецца ласкай сакрамэнту канфірмацыі. Гэты сакрамэнт любові захапляе яе. У 1886 годзе Тэрэза адкрывае ў сабе запал быцця місіянерам, лепш сказаць, прагненне душаў, якое адчуваў Езус на крыжы. Ягонае слова: «Прагну», становіцца для яе штуршком да шматлікіх ініцыятываў, каб прывесці да Езуса душы грэшнікаў. Адным з іх з’яўляецца ўзгаданы ў газетах забойца Пранзіні. Тэрэза прымае яго ў якасці свайго першага духоўнага дзіцяці і выпрошвае яму ласку жалю ля падножжа віселіцы. У гэты ж час у ёй канкрэтызуецца рашэнне паступіць у Кармэль. Працягвае таксама сваю інтэлектуальную фармацыю, перадусім праз прыватнае чытанне літаратуры з галіны біялогіі, гісторыі.

У 1887 годзе разам з бацькам прымае ўдзел у пілігрымцы ў Рым і ва аўдыенцыі ў папы Лявона ХІІІ. Па дарозе бачыць шмат цудаў прыроды, архітэктуры і мастацтва. Аднак, для яе лічыцца толькі адно — прагне стаць законніцай, каб цалкам з’яднацца з Езусам.

Ва ўзросце 15 гадоў, пасля цяжкіх намаганняў, 9 красавіка 1888 года паступае ў Кармэль у Лізье. Гэты факт перажывае з вялікай радасцю, але адначасова не мае ілюзій адносна жыцця ў кляштары — бачыць усё такім, якім сабе ўяўляла. У кляштары пануе суровы стыль жыцця, цяжкі для маладога арганізму ў сэнсе харчавання і колькасці сну. Урэшце малітва, такая «лёгкая» перад паступленнем, раптам становіцца цяжкой, пазбаўленай суцехаў і святла. Усе гэтыя з’явы фарміруюць жыццё Тэрэзы па вобразу пустыні, але менавіта праз гэтую пустыню Бог вядзе Тэрэзу, каб давесці яе да паўнаты паклікання і ўчыніць дарам для Касцёла. 29 ліпеня 1894 года наступае смерць Людвіка Мартэн, смерць, якая закончыла яго працяглую псіхічную хваробу, балесную і ўпакорваючую не толькі для яго самога, але і для ягоных дочак, што сустракаліся з нясціплымі пытаннямі і плёткамі. Нічога ўжо не перашкаджала, каб сястра Тэрэзы Цэліна таксама паступіла ў Кармэль. Для Тэрэзы гэта было спаўненне найвялікшага прагнення.

У гэты ж час Тэрэза адкрывае бязмежнасць Божай міласэрнасці і сваю «малую дарогу» да святасці, лепш разумее сэнс усяго, што перажыла дагэтуль. У нядзелю Найсвяцейшай Тройцы, 9 чэрвеня 1895 года, Тэрэза адчувае натхненне, каб аддацца ў якасці ахвяры ўсеспалення Міласэрнай Любові. Запісвае спецыяльны акт, які з’яўляецца кульмінацыяй яе духоўнага шляху, адлюстроўвае таксама праграму яе жыцця. У ноч з Вялікага Чацвяргу на Вялікую Пятніцу, з 2 на 3 красавіка 1896 года, адбываецца першы крывацёк лёгкіх — сігналізуючы сімптом сухотаў у Тэрэзы. Тэрэза ўкрывае сур’ёзнасць гэтага факту. Яе сэрца, перапоўненае святлом веры, радуецца хуткай сустрэчы з Абраннікам. Хутка пасля Вялікадня Тэрэза ўваходзіць у духоўную ноч. Адсутнасць пачуцця веры, спакуса, каб сваё адданне, “малую дарогу” і вялікія прагненні прызнаць як зман. У сваіх творах Тэрэза звяртаецца да Езуса, кажа Яму пра свае прагненні,апісвае сваё вялікае адкрыццё, якое адначасова з’яўляецца адказам на гэтыя вялікія прагненні; яе пакліканнем ёсць любоў, любоў у сэрцы Касцёла, без якой не было б прысвячэння місіянераў, руплівасці апосталаў і мужнасці мучанікаў.

Па прычыне хваробы, якая паглыблялася, Тэрэза была вызвалена ад усіх заняткаў. Ад 1 мая 1897 года маці Агнешка, настаяцельніца, пачынае запісваць яе словы. Тым часам яе духоўны стан — гэта ўсцяж выпрабаванне веры. Аднак, згаджаецца на гэтую барацьбу, часта чыніць дробныя акты веры. Штораз слабейшай рукой піша апошнія вершы, каб зрабіць прыемнае сёстрам. Аддае маці Агнешцы свае рукапісы. Прадчувае, што дзеі яе душы змогуць учыніць шмат дабра.



Памірае 30 верасня 1897 года каля гадзіны 19.20. Апошнія яе словы – гэта вызнанне таго, што было зместам усяго яе жыцця: «Божа мой…, люблю Цябе!».

Св. Пій Х, папа, назваў яе найвялікшай сучаснай святой. Пій ХІ беатыфікаваў яе ў 1923 годзе, а кананізаваў у прыспешаным працэсе 17 мая 1925 года, пазней, праз два гады, абвесціў яе Апякункай Місій нароўні з вялікім апосталам св. Францішкам Ксавэрыем. Тады Тэрэзу агарнуў ураган хвалы, і яна стала адной з найбольш шанаваных святых Касцёла. 19 кастрычніка 1997 года Ян Павел ІІ абвясціў св. Тэрэзу ад Дзіцятка Езус і Найсвяцейшага Аблічча Доктарам Паўсюднага Касцёла.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка