«каб людзі не журыліся…» Таццяна Пінчукова




Дата канвертавання13.10.2018
Памер74.59 Kb.
Старонка Талент Дабрыні і чалавечнасці
Пінчукова, Т. “Каб людзі не журыліся…” / Т. Пінчукова // Планета – сямья. – 2015. - №6. – С.17-21.
«КАБ ЛЮДЗІ НЕ ЖУРЫЛІСЯ…»

Таццяна Пінчукова
12 лістапада споўнілася 95 гадоў з дня нараджэння нашага славутага земляка, беларускага драматурга, народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Ягоравіча Макаёнка.

Нарадзіўся пісьменнік 12 лістапада 1920 года ў вёсцы Борхаў Рагачоўскага раёна (у той час Журавіцкага). У сям’і Макаёнкаў было пяцёра дзяцей, Андрэй быў старэйшы.

Жыццё вясковага хлапчука было нялёгкім: даводзілася і свіней пасвіць, і кароў, рабіць розную сельскагаспадарчую работу, дапамагаць бацькам.

Рана абудзілася ў будучага пісьменніка цяга да ведаў, да пазнання свету. Яго вабілі народныя паданні, казкі, песні, звычаі і традыцыі. Ён рана навучыўся чытаць, умеў добра дэкламаваць. Скончыў мясцовую пачатковую школу, потым Шапчыцкую сямігодку. Успамінае сяброўка дзяцінства Ларыса Лярская (Астроўская): «Бацька будучага пісьменніка працаваў старшынёй калгаса. Уваходзіў у бацькоўскі камітэт школы, дзе мы з Андрэем вучыліся. Андрэй быў старэйшы за мяне на два гады, але мы разам гулялі ў мяч, гарадкі, каталіся зімой разам на санках, лыжах...» Калі выдаваўся вольны час, ён браў у рукі кніжку і забываў аб усім на свеце. Разумеючы яго захапленне, нават малодшыя браты і маці не перашкаджалі яму ў гэтым. Марыў Андрэй навучыцца іграць на скрыпцы, але не атрымалася. Прыгожа маляваў, выразаў з дрэва розныя фігуркі, добра чарціў. Як успамінае брат Андрэя Іван, «...з дрэвам і інструментам Андрэй Ягоравіч не расставаўся ўсё жыццё. На дачы ў яго была майстэрня, інструмент, дзе ён займаўся разьбою па дрэве, штосьці майстраваў. У майстэрні яго заўсёды быў парадак, кожная рэч на сваім месцы. Вельмі не любіў, калі я ці хто з сяброў пасля работы кідалі інструмент абы дзе. Але самым важным, самым любімым заняткам была і заставалася літаратура».

Сярэднюю адукацыю атрымаў у Журавіцкай школе. Менавіта ў гэты час і раскрыліся яго артыстычныя здольнасці. Андрэй са школьнай сцэны з майстэрствам чытаў гумарыстычныя вершы, імправізаваў у шматлікіх сцэн- ках. Пасля школы малады хлопец паступіў у ваеннае вучылішча, аднак вайсковая служба не стала яго сапраўдным прызваннем. Зразумеўшы сваю памылку, ён вяртаецца дадому. Працаваў масавіком раённага Дома культуры, паспрабаваў паступіць у Інстытут кінематаграфіі, але праваліў выпрабаванне. Пасля быў прызваны ў Чырвоную Армію. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны сустрэў на Каўказе, дзе праходзіў тэрміновую ваенную службу.

У час вайны Андрэй Макаёнак удзельнічаў у баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Крыме. У 1942 годзе пад Феадосіяй быў цяжка паранены і больш за чатыры месяцы лячыўся ў шпіталях Краснадара і Баку. Пасля лячэння Андрэй рваўся на фронт, але заключэнне медкамісіі было адным – спісаць у запас. Са шпіталю ён пісаў сваёй сяброўцы Ларысе, прыслаў намаляваны партрэт яе брата Пеці, фотакартку, якая была падпісана: «Ларе от Андрея. Взгляни от нечего делать».

«Фота прыйшло са шпіталю, дзе Андрэй доўга лячыўся пасля цяжкага ранення. На дзвюх нагах яму снарадам адрубіла амаль па паўступні – расказвае Ларыса Астроўская. Яго бацьку немцы расстралялі за дапамогу партызанам, а сястра Моця пакончыла жыццё самагубствам».

Пасля дэмабілізацыі Андрэй настаўнічаў у Акаурцкай сярэдняй школе ў адной з вёсачак Грузіі. Але заўсёды ірваўся дамоў, не забываючы родныя мясціны ні на хвіліну. Пасля вызвалення Рагачоўшчыны ад акупантаў, зімой 1943 года, Макаёнак вяртаецца на радзіму, у бацькоўскі дом. Адразу прыступіў да працы. У 40-я гады працуе сакратаром райкама камсамола, будуе разам з аднавяскоўцамі жыллё, разбуранае ў час вайны, арганізоўвае вучэбны працэс у школах, некаторы час нават сам працуе ваенруком у Журавічах.

Пазней ён стаў сакратаром Гродзенскага гаркама ЛКСМБ, загадчыкам парткабінета ў Магілёве. Менавіта ў гэты час і адбываецца прыход Андрэя Макаёнка ў драматургію. Малады камсамольскі работнік, каб заняць га- радскую моладзь пасля працоўнага дня, піша аднаактавую п’есу «Добра, што добра канчаецца». Першая спроба была ўдалай. Твор адзначылі дыпломам і прэміяй на рэспубліканскім конкурсе.

Працаваў на розных пасадах далёка ад роднага дому. Але яго цягнула назад, у Журавічы, трэба было дапамагаць сям’і. Па дазволе ЦК ён вяртаецца на радзіму і пачынае працаваць памочнікам сакратара ў Журавіцкім райкаме партыі. У гэты час Андрэй Макаёнак знаёміцца з Іванам Шамякіным. Гэта было сяброўства на ўсё жыццё.

У 1949 годзе Андрэй Ягоравіч скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ. Некаторы час працаваў у рэдакцыі часопіса «Вожык», тут пачалася яго актыўная літаратурная творчасць. Ён працягвае драматур- гічныя вопыты ў жанры аднаактовак, якія былі вельмі папулярныя ў пасляваенныя гады. 3 1949 года Андрэй Макаёнак выбіраецца членам праўлення Саюза пісьменнікаў БССР.

Першым сур’ёзным творам Макаёнка ў драматургіі з’явілася п’еса «На досвітку», прысвечаная барацьбе патрыётаў Францыі за мір і нацыянальную незалежнасць краіны. Напісана яна была ў 1951 годзе. П’еса была не зусім удалай, але яе паставіў у тэатры імя Янкі Купалы галоўны рэжысёр Канстанцін Саннікаў (таксама рагачовец). У тым жа годзе Дзяржаўнае выдавецтва БССР выпусціла зборнік аднаактавых п’ес Андрэя Ягоравіча.

Шырокае прызнанне яму прынесла сатырычная камедыя «Выбачайце, калі ласка», пастаўленая на сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Драматург у сваім творы звярнуўся да добра знаёмай яму тэмы сялянскага жыцця, смела выкрываў шматлікія недахопы, якія былі ў тагачасным грамадстве. П’еса ўдалася, яе заўсёды суправаджаў поспех. Яе надрукавалі ў маскоўскім часопісе «Театр», паставілі на сцэне маскоўскага Тэатра Савецкай Арміі, а «Литературная газета» дала вельмі высокую ацэнку п’есе. Потым і ў Беларусі гэты твор савецкай драматургіі заняў грунтоўнае месца ў рэпертуары многіх тэатраў.

Пасля гэтай сатырычнай камедыі выходзіць напоўненая сумным гумарам элегія «Каб людзі не журыліся». Перасталі людзі журыцца, пачалі жыць багата — І на падмосткі соцень тэатраў выходзіць вясёлая, гарэзлівая «Лявоніха на арбіце». У гэтым творы паказаны вобраз станоўчай гераіні — калгасніцы Лушкі, жанчыны актыўнай і энергічнай, непрымірымай да фальшу і зла. Пасля напісання гэтых твораў Андрэй Макаёнак амаль дзесяць гадоў не прапаноўваў тэатрам новых п’ес, шукаючы новыя сродкі сцэнічнай выразнасці.

У сярэдзіне 60-х гадоў пісьменнік быў прызначаны на пасаду галоўнага рэдактара часопіса «Нёман». Тут ён многа зрабіў, каб падняць мастацка-ідэйны ўзровень выдання, павысіць яго папулярнасць сярод чытачоў. Актыў- на ўдзельнічаў пісьменнік і ў грамадскім жыцці. У 1965 годзе ў складзе беларускай дэлегацыі прымаў удзел у рабоце Генеральнай Асамблеі ААН, у 70-я гады выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі.

Зорны час Андрэя Макаёнка як драматурга прыпаў на 70-я гады. Спектаклі па яго п’есах ішлі ў 200 тэатрах СССР і за яго межамі. Толькі ў Маскоўскім тэатры сатыры «Зацюканы апостал» Макаёнка ішоў 700 разоў! Вядома, вострая сатыра пісьменніка не ўсім была да спадобы. I шлях яго не быў усыпаны ружамі. Часам ён з цяжкасцю прабіваў дарогу сваім п’есам. Успамінае лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, народны артыст Рэс- публікі Беларусь Валерый Раеўскі: «Гэта быў шчыры, адкрыты чалавек. Ён мог пайсці да любога, нават вельмі высокага начальніка, і паспрачацца з ім, даказаць сваю правату. У яго не было разліку ва ўзаемаадносінах з людзьмі... Ён быў вялікі мастак, сам разумеў, што адбывалася ў грамадстве. Заўсёды глядзеў у корань пытання, ведаў пра ўсе беды. I страшэнна перажываў. Ён любіў людзей, хваляваўся за іх лёс. Многім дапамагаў матэрыяльна і маральна. Нават калі сам быў нешчаслівы ў сямейным жыцці, іншым дапамагаў з усяе сілы».

Прызнаны раней быў у Маскве. Але потым ужо, пры падтрымцы Пятра Машэрава, настаў час Макаёнка і ў Беларусі. Літаральна ўсе яго творы былі пастаўлены ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Менавіта ў гэтым тэатры ў спектаклях па яго п’есах былі задзейнічаны ўсе зоркі, самыя лепшыя акцёры — народныя артысты Галіна Макарава, Барыс Платонаў, Стэфанія Станюта, Глеб Глебаў, Лідзія Ржэцкая і іншыя. Яго творы перакладалі на ўсе славянскія мовы, імі захапляліся людзі розных узростаў і прафесій. Андрэй Ягоравіч сябраваў і з рэжысёрамі, і з акцёрамі, добразычліва адносіўся да творчай моладзі.

Андрэй Макаёнак актыўна працаваў і ў кіно. Па яго сцэнарыях зняты фільмы: «Счастье надо беречь», «Рогатый бастион», «После ярмарки» і іншыя. Па матывах аповесці Аляксея Кулакоўскага «Нявестка» Андрэй Макаёнак напісаў сцэнарый, паводле якога студыя «Беларусьфільм» у 1958 годзе выпусціла кінакарціну «Шчасце трэба берагчы».

Немагчыма назваць жыццёва важныя праблемы, якія не хвалявалі б пісьменніка з рэдкім талентам сатырыка. Успамінае народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін: «Андрэй Ягоравіч меў не толькі ярка выражаны талент драматурга-сатырыка, камедыёграфа. Ён меў рэдкі дар ствараць атмасферу творчага ўздыму для іншых пісьменнікаў. Не баючыся гаварыць услых тое, аб чым многія з нашых калег і думаць асцерагаліся. Ён ішоў наперадзе, як Данка, святлом свайго шчодрага сэрца, розуму і таленту асвятляючы нам шлях у пакутлівай атмасферы ідэалагічных забарон. Гэта быў смелы, адчайны чалавек і ў жыцці, і ў творчасці».

У 1969 годзе выходзіць трагікамедыя «Зацюканы апостал», у 1970 годзе — «Трыбунал» — палітычны памфлет і народны лубок. Розны жанр твораў, але праблема адна — безабароннасць «маленькага чалавека» перад «воўчымі» законамі грамадскіх адносін, заснаваных на ўладзе грошай. Пяро Андрэя Макаёнка — драматурга-сатырыка — было вострым і дакладным, выкрывала бюракратызм, махлярства. Драматург выстаўляў на паказ злабадзённыя праблемы. Праўда жыцця, народны каларыт, меткасць назірання, тонкасць мовы — характэрныя рысы творчасці Андрэя Ягоравіча.

Спектаклі доўгі час з поспехам ставіліся на сцэнах саюзных і замежных тэатраў. У 1974 годзе Андрэй Макаёнак за п’есы «Трыбунал» і «Таблетку пад язык» быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Якуба Коласа.

У 70-я гады талент нашага земляка раскрыўся ў поўную сілу. Адна за адной у друку з’яўляюцца камедыі Макаёнка—«Таблетку пад язык», «Святая прастата», «Верачка», «Пагарэльцы». Яны зацвердзілі імя Андрэя Макаёнка ў ліку лепшых савецкіх драматургаў, дапамаглі творчаму станаўленню многіх майстроў сцэны. Апошняя яго п’еса — «Дыхайце эканомна», напісаная ў 1982 годзе, з’явілася гнеўным выступленнем супраць тых, хто размахвае над чалавецтвам вадароднымі ды нейтроннымі бомбамі! Ніколі яшчэ Макаёнак не ўзнімаўся гэтак высока ў высакароднай справе абароны міру на нашай Зямлі.

У пачатку 80-х гадоў драматург яшчэ меў намер напісаць гістарычную драму, але здароўе выклікала сур’езную трывогу. 16 лістапада 1982 года Андрэй Макаёнак памёр у росквіце творчых сіл. Не вытрымала сэрца пісьменніка. Франтавыя раны і болі сардэчныя за сям’ю, якая распалася, зрабілі сваю справу. Пахаваны Андрэй Ягоравіч на Усходніх могілках у Мінску.

Андрэй Ягоравіч Макаёнак узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны» і медалямі, ён лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы і Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа.

Імя нашага славутага земляка прысвоена Гродзенскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы, Журавіцкай сярэдняй школе Рагачоўскага раёна.

Яго імем названа вуліца ў Мінску, на доме, дзе ён жыў, устаноўлена мемарыяльная дошка, у Журавічах у 1986 годзе адкрыты літаратурны музей пісьменніка. 17 лістапада 2000 года падчас юбілейнай урачыстасці, прысвечанай 80-годдзю з дня нараджэння Андрэя Макаёнка, быў адкрыты бюст пісьменніку.



Прайшло больш за трыццаць гадоў. Спектаклі, пастаўленныя па яго п’есах, карыстаюцца і зараз вялікай папулярнасцю ў гледачоў не толькі нашай краіны, але і далёка за яе межамі. Талент драматурга безумоўны, а творчая спадчына багатая і разнастайная. Невыпадкова нашы літаратуразнаўцы і рэжысёры тэатраў звяртаюцца і, думаецца, яшчэ неаднойчы будуць звяртацца да крытычнага асэнсавання, мастацкага прачытання і сцэнічнага ўвасаблення твораў таленавітага камедыёграфа.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка