Калі пушок прабіўся над губою I ў сны прыйшло дзявочае імя




Дата канвертавання15.12.2018
Памер32.35 Kb.
Мама
Калі пушок прабіўся над губою
I ў сны прыйшло дзявочае імя,
Я ні аб чым не раіўся з табою,
Матуля адзінокая мая.
Мне сорамна здавалася часамі
Сярод хлапцоў — цыбатых забіяк —
Назваць цябе, як у маленстве, «ма-ма»,
Таму часцей не называў ніяк.
А вечарамі, слова не сказаўшы,
Ішоў блукаць каля чужых варот
I пазіраў, як у акенцы нашым
Мільгаў у лямпе да світання кнот.
Не спала ты асеннімі начамі,
Хоць падала ад зморы галава,
Глядзела ў змрок вільготнымі вачамі,
Прывычная да гора удава.
Ты прала кужаль, ты капала гліну,
А ў час жніва зусім не чула рук,
Ды гаварыла ласкава пра сына:
«Хай падрасце, няхай паспіць сынок»,
I зноў сама збіралася па дровы,
А ў валасах гусцела сівізна —
«Хоць бы сказаў ён ласкавае слова,
Хоць бы, як колісь, мамаю назваў».
...Прайшлі гады. Мы пасівелі самі,
I, мабыць, крыўдна мне не аднаму,
Што гэтае святое слова «мама»
Сказаць ужо няма каму.

1957

МАТЧЫНА ПЕСНЯ


Хіба ж можна забыцца, як мама спявала

І ў знямозе калыску гайдала нагой?

На світанні за зоркаю зорка упала

І пастукала ў шыбу шчымлівай тугой.

Мама ў песню ўкладала спрадвечныя словы,

Што душа зберагла ад калыскі сваёй,

Маці пражу сукала на ўток і аснову,

І вясёлкамі ззяў за сувоем сувой

На кашулькі ласкаваму першаму сыну,

Толькі б з ім прычакаць шчаслівейшай пары,

Каб у верасні шчодра сабраць асяніну,

Маці гнула спіну ад зары да зары.


Апусцела, замоўкла асенняе поле,

Павуціннем трымцяць і тарпы, і стагі.

Маці зычыла сыну шчаслівую долю,

Дзе не будзе ні смутку, ні горкай тугі.


Пасівела даўно. Зарабіла асьміну,

Засталася, як тычка, ў нялёгкім жыцці.

Правяла у дарогу адзінага сына,

Час ідзе, а яго ні пачуць, ні знайсці.


Кажуць, надта ж упраўны, такі ж гаварлівы

І заўсёды заняты і дужа шчаслівы.


1997

ПАКУЛЬ ЖЫВАЯ МАЦІ


Я — малады пакуль жывая маці

Ссівелага яна заве: “Сынок”,

І тупае, і тупае па хаце,

Здымае з куфра колішні замок.


Усё адчынена — і сэрца, і шуфляды,

Дыміцца з цёплай бульбай чыгунок.

Я да слязы расчулены і рады,

Пачуўшы зноў: “Дзіцятка і сынок”.


І за надзеяй свеціцца надзея,

Хоць непрыкметна час бяжыць,

А мне здаецца — маці маладзее

З адзінай прагай жыць і жыць.


А грымнуў гром. І маці рукі

На сэрцы склала да пары…

І зразумеў я ісціну навукі,

Што я без маці — ўжо стары.


Расстануся з хацінаю пустою

І ў белы свет падамся сіратою.


3/IV/1999

Вяртанне…
Калі я ўспамінаю маці,

Чуллівым станаўлюся, як дзіця,

Здаецца, босы тупаю па хаце,

Не ведаючы іншага жыцця.


А маці горбіцца пры печы,

Забельвае зацірку малаком,

Уздрыгваюць натруджаныя плечы,

І вочы выцірае кулаком.


Збіраецца на досвітку у поле:

Увесну сее, а у жніўні жне,

То бульбу капанічыць, проса поле,

За пазухай нясе акрайчык мне.


Так, як яе, я не чакаў нікога,

Бег сустракаць аж у канец сяла,

Пакуль мяне нялёгкая дарога

У ненадзейны свет не павяла.


Хацеў разжыцца, але толькі траціў

У посныя юначыя гады.

Але парэпаныя рукі маці

Неспадзявана склала назаўжды.


Як толькі ўспомню — слёзы засцяць вочы,

Душа смыліць да гэтае пары.

І сэрца супакоіцца не хоча

Ў халоднай хаце, на пустым двары.


Я страціў многіх, але толькі маці

Мне часта сніцца ў спёку або ў дождж,

І радуюся, што у нашай хаце,

Як некалі, ступаю басанож.


Ад селішча даўно няма нічога:

Пазарасталі сцежкі і сляды…

Вось і мая канчаецца дарога

І знікне ў дзень кароткае бяды…


Дасць Бог, нашчадкаў гора абміне,

Што залічылі ў прадзеды мяне.



27—29/9/2001


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка