Кавальчук В. М. Уа "Брду імя А. С. Пушкіна", Брэст




Дата канвертавання21.02.2017
Памер92.55 Kb.
Кавальчук В. М.

УА “БрДУ імя А. С. Пушкіна”, Брэст


МАТЫЎ ВАДЫ Ў АПОВЕСЦІ ВАСІЛЯ БЫКАВА

“ЖУРАЎЛІНЫ КРЫК”.


Вада заўсёды мела для чалавека вялікае значэнне. Ён сяліўся побач з вадою, якая гарантавала яму не толькі дабрабыт (урадлівасць зямлі, рыбалоўства, гандлёвыя шляхі), але і часта сімвалізавала ўнутранае ачышчэнне (пераасэнсаванае праз знешняе). Вада, якая прыходзіць з неба ў выглядзе дажджу, яшчэ глыбей метафарызавалася ў народных уяўленнях, набываючы характарыстыкі сакральныя.

Вядомы фалькларыст і гісторык XIX ст. А. М. Афанасьеў зазначае: “Дажджавыя воблакі здаўна ўяўляліся нябеснымі калодзежамі і рэкамі” [1, с. 314]. Ён згадвае пра народны звычай абмывацца дажджавою вадой, якая быццам бы валодае гаючай сілаю. Акрамя таго, калі на пачатку якой-небудзь справы пачынаўся дождж, гэта ўспрымалася як знак спагады, які прадказвае шчасце і поспех. Звернемся да першай аповесці Васіля Быкава “Жураўліны крык”, каб, паводле згаданых сімвалічных характарыстык, прааналізаваць празаічны твор класіка беларускай літаратуры, у якім часта сустракаецца матыў вады (у прыватнасці, у вобразе дажджу).

Сітуацыя, у якой апынуліся героі аповесці, вельмі складаная: шасцёра чырвонаармейцаў атрымалі загад пратрымацца дзень на чыгуначным пераездзе. Абставіны не спрыяюць таму, каб пастаўленая задача была выканана, салдаты змораныя і іх мала: “Захінуўшыся ад ветру каўнярамі зашмальцаваных, аблепленых глінай шынялёў, шасцёра іх стаяла купкай ля зламанага дышля шлагбаума. Тулячыся адзін да аднаго, яны маркотна пазіралі ў восеньскую далеч і слухалі камбата, які ставіў ім баявую задачу” [2, с. 20]. Шанцавога інструмента не хапае, правіянта і людзей – таксама. Адзінае, што атрымліваюць байцы, – гэта боепрыпасы. Здаецца, што нават надвор’е не спрыяе поспеху салдат: вецер (“золкі восеньскі вецер”), холад (“сцюдзёнай золлю”), гразь (“няспрытным па гразі крокам”). Старшына Карпенка загадвае падначаленым акопвацца, але цяжкае становішча байцоў робіцца яшчэ больш маркотным, калі пачынаецца дождж: “К ночы вецер памалу сціхаў, але затое аднекуль з шумлівай цемрадзі пачаў накрапваць дождж. Адразу намоклі аблавухія пілоткі на галовах байцоў, пакрысе набрыньвалі вільгаццю і цяжэлі каляныя шынялі. Свежа раскапаная зямля хутка бралася граззю і наліпала да чаравікаў” [2, с. 38]. Дождж, які для чалавека з’яўляецца сімвалам спагады, у згаданых абставінах пераўтвараецца ў перашкоду да выканання загаду. Вада, якая нясе сілу ўсяму жывому, падчас ваенных дзеянняў не толькі дакучае байцам, але і можа пашкодзіць зброю: “Дождж усё капаў і капаў рэдкімі дробнымі кроплямі, ад якіх макрэў твар, і па скронях, сцякаючы да шыі, непрыемна каціліся халодныя струмені. <...> Карпенка ўзяў з бруствера свой мокры „ручнік” і, каб засцерагчы яго ад дажджу, паставіў пад сцяну старожкі. Пасля ён туды ж перанёс дзве скрынкі патронаў і спыніўся ля гразкай зямлі <...>” [2, с. 39]. Старшына, які вырас у сялянскай сям’і, не рады дажджу, як быў бы рады яму ў мірны час. Гэта выразна падмацоўвае думку аўтара, што вайна прыносіць з сабой не толькі смерць і жах, яна пераварочвае свет. Вада, якая ў звычайным свеце сімвалізуе станоўчую, жыццядайную праяву бытавання, пачынае сімвалізаваць адмоўнае: “А дождж усё спарнеў. Цяжэйшы рабіўся на плячах шынель, боты чвякалі ў набрынялым вільгаццю доле” [2, с. 41]. Аднак не толькі негатыўная канатацыя характарызуе вобраз дажджу, застаецца ў яго і значэнне жыццядайнай крыніцы. Калі байцы вырашылі схавацца ад начной макрэчы ў старожцы, адзін з іх, Віцька Свіст, прапанаваў згатаваць вячэру, для якой патрэбна была чыстая вада. Іван Пшанічны, за час вайны адвыкшы ад сялянскага побыту, здзіўляецца: “Дзе яе набярэш цяпер чыстай? Усюды гразь”. Аднак той самы дождж, што прынёс столькі клопату байцам падчас працы, зараз дае ім тое, што так неабходна для падтрымкі: “Пад дах пастаў. Забыўся, як баба начоўкі налівала, а ты салдацкага кацялка не набярэш?” – адказвае Свіст [2, с. 43]. Перад намі матыў вады ў сваёй першаснай сутнасці: жыццядайная вільгаць, якая дапамагае, падмацоўвае, без чаго немагчыма існаванне ўвогуле.

Звернем увагу і на тое, што дождж можа перашкаджаць не толькі чырвонаармейцам, але і іх ворагам, якія таксама знаходзяцца ў падобных абставінах. Гітлераўцы займаюць суседнюю вёску і, вядома, начаваць ім даводзіцца ў значна больш утульных умовах, але, магчыма, менавіта дождж стрымлівае іх ад хутчэйшага наступлення. Нельга сцвярджаць гэтага, але, сапраўды, вораг не з’яўляецца ноччу. “А што гэта немец сёння: згубіўся ці заблудзіў? Не чуваць нешта,” – пытаецца Пшанічны. Свіст дае адказ, якому ніхто не пярэчыць: “Прыйдзе ранак – пачуеш” [2, с. 43]. Але нават невялікі адрэзак часу, які атрымліваюць стомленыя байцы, каб адпачыць, – каштоўны ў такіх умовах. Яны згатавалі вячэру і маглі нават некалькі гадзін паспаць, змяняючы адзін аднаго на варце. Магчыма, дождж затрымаў ворага ў вёсцы да раніцы і, такім чынам, даў байцам на пераездзе больш надзеі выканаць загад, пратрымаўшыся суткі, якія неабходныя былі батальёну, каб адысці. Уначы дождж сціхае, але вада застаецца паўсюль. Яна робіць дарогі коўзкімі, а гэта стварае складанасці для ворага, які збіраецца наступаць: пяхота не можа так хутка ісці наперад, а цяжкія машыны трэба асцярожней праводзіць праз канавы, пагоркі і г.д. Адчувае гэтую цяжкаць на сабе і Пшанічны, які здраджвае сваім таварышам і ідзе да ворага, каб здацца ў палон і такім чынам выратавацца: “<...> ён шпарка крочыў, распырскваючы чаравікамі лужыны, коўзаючыся ў гразі і асцерагаючыся збочыць у канаву. Тым часам пачало днець, мутным святлом наліўся краявід, патроху заблішчала гразкая макрата дарогі” [2, с. 75]. У гэтым выпадку матыў вады праяўляецца ў сваёй адмоўнай канатацыі, сімвалічна адлюстроўваючы няпэўнасць шляху, які вядзе да згубы. Так і здараецца: Іван гіне ад кулямётнай чаргі гітлераўцаў, якія не слухаюць яго і забіваюць, робячы са смерці гульню.

Вада насыціла зямлю, ператварыўшы яе ў гразь, і паднялася ў паветра, у якім з’яўляецца туман: “Ужо добра развіднела, але поле і лес засцілала рэдкая кісся туману, было ціха і золка. <...> Вёскі, завалочанай туманам, адсюль зусім не было відаць” [2, с. 79]. Былы вучоны, а цяпер нявопытны салдат, Фішар застаўся ў сакрэце, каб папярэдзіць таварышаў аб пачатку наступлення. Байцу цяжка заўважыць гітлераўцаў, таму што іх не бачна за туманам, аднак ён знаходзіцца ў траншэі, а яны рухаюцца наперад, таму ён хоць спачатку і не бачыць, аднак чуе іх: “І тады з туманнай далечы, дзе знікала дарога, бязладны трэск матораў прарваў цішыню. <...> туман і праклятая блізарукасць не давалі як трэба разгледзець цэль” [2, с. 79, 80]. Аднак Фішар адчувае свой абавязак і цвёрда вырашыў спыніць ворага, якому перашкаджае вада ў розных праявах: “Пярэдні матацыкл, стрымана пагойдваючыся ў калдобінах і віхляючы з боку ў бок, старанна аб’язджаў лужыны і не дужа імкліва, але ўсё шпарчэй набліжаўся” [2, с. 81]. Магчыма, калі б не ўчарашні дождж, Фішар не паспеў бы справіцца з хваляваннем і добра прыцэліцца. Але час, які даў яму няспешны рух ворага па гразкай дарозе, дазволіў байцу сабрацца і выканаць задуманае. Коштам уласнага жыцця баец затрымаў матацыклетную калону, забіўшы афіцэра. Гэта, у сваю чаргу, прыпыніла наступленне, зрабіўшы яго вальнейшым, што было на карысць абаронцам пераезда: “Не прайшло і хвіліны, як ля бяроз выплылі з туману два бронетранспарцёры, яны спыніліся ля пярэдняга матацыкла, нешта пастаялі і пасля цішэй, чым дагэтуль, відавочна асцерагаючыся, пачалі спускацца па дарозе ўніз. За імі рушыла чарада матацыклістаў” [2, с. 83]. Туман і аблокі, што закрывалі сонца, дапамагалі чатыром байцам заставацца незаўважанымі і атрымаць час, які вельмі быў ім патрэбны. Аднак сімвалічна і тое, што перад пачаткам першага боя на пераездзе ўзнікае вобраз неба, прыкрытага хмарамі (вядомая метафара ворага, ідучага па роднай зямлі): “Ужо зусім развіднела, скрозь разарваны ветрам туман паказалася ўгары клочча невысокіх аблокаў, дзе-нідзе між іх густой завалачы сіратліва бліскалі прагалы блакіту” [2, с. 83].

Першы бой аказаўся пераможным для чырвонаармейцаў: вораг згубіў шмат забітымі і адступіў. Працягваючы метафарычнае разуменне апісання неба, можна заўважыць пэўную адпаведнасць: ворагі гінуць – і разам з тым яно праясняецца. Абаронцы пераезда разумеюць, што гітлераўцы вернуцца з большымі сіламі і чакаюць наступнай сутычкі: “Недзе за парадзелымі, прадранымі да нябеснай сіні аблокамі праракаталі і сціхлі самалёты, аднекуль данесліся па ветры глухія выбухі бомб” [2, с. 87-88]. Неба, якое ў мірным жыцці сімвалізавала свабоду і несла святло, цяпер адгукаецца смерцю і болем.

Падчас другога бою, які хутка пачаўся, выезд з вёскі добра відаць. Вада, што стала туманам, закрывала гітлераўцам дарогу і хавала байцоў на пераездзе, знікла. Пасля першай сутычкі пазіцыі абаронцаў напэўна былі раскрыты ворагам. Аднак магчымасць бачыць гітлераўцаў здалёк цяпер вельмі патрэбна чырвонаармейцам. Тым не менш, сілы няроўныя. Апісанне неба падтрымлівае напружанасць дзеяння. На імгненне нават “сумнай усмешкай бліснула нізкае сонца” [2, с. 94]. Гіне Свіст, цяжка паранены Карпенка. Такі вынік другога бою. Аднак вораг адыходзіць: “Невядома, што падалося немцам, але пасля таго, як пярэдні іх танк, падарваны Свістам, праваліўся пад мост, уткнуўшыся гарматай у тарфяністую багну балота, яны <...> пачалі адыходзіць назад” [2, с. 97-98]. Балота – яшчэ адна мадыфікацыя матыву вады, якая спыняе варожую сілу. Зразумела, што пасля такога здарэння ворагу будзе больш складана пераправіцца да пераезда: мост калі і не знішчаны зусім, дык значна разбураны, падбітыя баявыя машыны перагарадзілі шлях, часткова ўцягнутыя ў багну, часткова пакінутыя дагараць на гразкай дарозе.

Малады баец Васіль Глечык застаецца адзін каля паміраючага старшыны. Першае, што ён прапануе яму, калі камандзір пазнае юнака, гэта вада. Тое, што сімвалізуе жыццё, а па народных уяўленнях валодае гаючай сілаю. Але на самой справе Карпенку нішто не можа дапамагчы: “Яго засмяглыя вусны ледзьве ўжо варушыліся, усё большалі паўзы паміж словамі” [2, с. 98]. Вусны, пазбаўленыя вады, сімвалізуюць блізкасць смерці. Карпенка губляе пачуццё рэальнасці і адчувае толькі жаданне выканаць загад, просячы стрымаць ворага.

Калі Аўсееў, апошні, хто побач з Глечыкам застаўся жывы, пачынае ўцякаць і прапануе юнаку зрабіць тое самае, Васіль перажывае момант вышэйшага напружання. Ён робіць выбар, цяжар якога велізарны. Аднак разам з тым ён праходзіць выпрабаванне і перажывае своеасаблівае ачышчэнне, сімвалічна выражанае слязамі: “Нешта гарачым варам шыбанула ў голаў Глечыка, з вачэй яго, няпрошаныя і нястрымныя, пырснулі слёзы, пякучая крыўда апаліла яго шчырую душу” [2, с. 99]. Ён забівае Аўсеева выпушчанай яму наўздагон кулямётнай чаргой. Пасля гэтага юнак перастае плакаць: “Восеньскі вецер хутка сушыў яго слёзы, баец раптоўна апусцеў <...>” [2, с. 100]. Вада можа ачышчаць, амываючы чалавека. Падобна і слёзы, як фізіялагічна-эмацыянальнае ўвасабленне вады, вядуць да своеасаблівага катарсісу: герой перажывае душэўнае перараджэнне, асэнсоўвае, што вартае барацьбы, а што ў жыцці было памылковым.

Рэалізацыі матыву вады паступова з зямной прасторы пераходзяць у прастору нябесную, дзе з’яўляюцца іншыя аблокі, не падобныя да нізкіх цёмных хмар: “Вецер настойліва гнаў з неба нізкае ашмоцце хмар, шмат дзе ў вышыні блішчалі прагалы блакіту з беражкамі далёкіх белых аблокаў” [2, с. 100]. Як зазначае А. М. Афанасьеў, нашыя продкі часта сімвалічна ўяўлялі аблокі нябеснымі калодзежамі, што ўтрымліваюць “бессмяротную вільгаць” [1, с. 356]. Такім чынам, з цягам аповеду ўвага ўсё больш пераносіцца на неба, у сімвалічную сферу бессмяротнасці: “Неба ўсё праяснілася, зганяючы хмары, усё часцей і даўжэй паказвалася негарачае сонца. Вецер добра сушыў начную макрату, святлелі размяклыя груды бруствера, бралася ў падсохлыя плямы дарога, толькі Глечыкаў шынель усё быў вогкі, ушчэнт запэцканы глеем і пудовым цяжарам душыў плечы” [2, с. 101].

Паступова ў быкаўскага героя змацняецца прага да жыцця, а разам з тым адчуванне стомленасці і цяжару зямнога існавання. Аднак усе абставіны сведчаць пра тое, што юнаку не давядзецца выжыць у апошнім баі, да якога рыхтуецца вораг. Сімвалічна гэта прадстаўлена ў вобразе падбітага жураўля, які адстаў ад чарады, што праляцела над Васілём: “Ад яго амаль чалавечай роспачы аж здрыгануўся здзіўлены Глечык, нешта суладнае сваім затоеным пакутам пачуў ён у тым жалабным голасе, і грымаса болю і жалю скрывіла яго круглявы хлапечы твар” [2, с. 102]. Цікава, што, па словах А. М. Афанасьева, неба асацыявалася раней з морам ці акіянам, душы памерлых – з птушкамі, а месца, куды птушкі ўвосень адляталі, акрэслівалася не толькі выражэннем “у вырай”, але і іншым: “на цёплыя воды, ці прама на неба” [1, с. 368]. У такім ланцугу пераасэнсаванняў матыў вады звязваецца з матывам неба, у некаторых выпадках атаясамліваючыся, а вобраз птушак – з чалавечымі душамі, якія імкнуцца да неба, да вызвалення і бессмяротнасці. Такім чынам, вобраз вады, якая знікае з паверхні зямлі і паступова пераносіцца на неба, метафарычна адлюстроўвае тое, што павінна хутка здарыцца з душой Глечыка, які зразумеў найважнейшыя рэчы, асэнсаваў памылковасць многіх сваіх учынкаў і тым самым прайшоў ачышчэнне праз такое своеасаблівае пакаянне. Унутраная чысціня дае юнаку магчымасць адчуваць сябе пераможцам, не ў матэрыяльным свеце, а ў духоўным, сакральным. Таму, нават калі падбіты журавок даўно знік, юнак працягвае чуць у сабе знаёмыя з дзяцінства гукі: “Ён разумеў, што гэта канец, і з усяе сілы зацяў у сабе нясцерпную журботу душы, у якой вялікаю прагай да жыцця ўсё біўся далёкі прызыўны жураўліны крык...” [2, с. 103].

Як бачна, інтэрпрэтацыя матыву вады ў розных мастацкіх мадыфікацыях у аповесці “Жураўліны крык” утрымлівае першаснае пазітыўнае значэнне жыццядайнасці, спагады і г.д. Прыклады гэтаму можна знайсці ў эпізодах вячэры байцоў, наступлення ворага, які сустракае перашкоды, ці нават сімвалічнага “абмывання дажджом”, праз якое прайшоў кожны баец. Аднак аўтарская канцэпцыя абставін дае магчымасць пашыраць ёмістасць сэнсавага напаўнення матыва вады яго адмоўнымі канатацыямі: цяжар на плячах байцоў, якія вымушаны працаваць у набрынялых вільгаццю шынялях з наліплай граззю; небяспека для захавання зброі, якой трэба змагацца за жыццё і якую можа сапсаваць вада і г.д. Акрамя таго, варта адзначыць традыцыйны вобраз “хмар” як варожай навалы, які ўвасабляецца В. Быкавым у апісаннях прыроды.



Тое, што матыў вады праяўляецца не толькі ў традыцыйным пазітыўным значэнні, падкрэслівае катастрафічнасць ваеннага быцця, калі пераварочваецца сэнс многага, разбураецца і знішчаецца трываласць, устойлівасць жыцця. Можна канстатаваць, што змяняецца асноўны сэнс матыву вады: яна супрацьдзейнічае ўсяму, што звязана з вайной; пачынае губляць свае жыццядайныя, гаючыя і ачышчальныя ўласцівасці, адступаючы перад сілай чалавечага выбару і наступствамі яго рашэнняў. Бессмяротнай можа быць любая душа, якая хінецца да неба. Але чуць у сабе “жураўліны крык”, які гаворыць пра вечнае, сакральнае і сапраўды значнае, можа толькі той, хто ўздымаецца над уласнымі інстынктамі, прызнае пралікі і змагаецца сам з сабой да апошняй хвіліны, той, хто, выбіраючы жыццё, выбірае бессмяротнасць душы, а не здраду, эгаізм і зямныя спакусы. Такая душа сапраўды можа быць прынятая небам, якое сімвалізуе чысціню і незаганнасць.
Спіс літаратуры:
1. Афанасьев, А. Н. Живая вода и вещее слово / А. Н. Афанасьев ; сост., вступит. ст., коммент. А. И. Баландина. – Москва : Советская Россия, 1988. – 512 с.

2. Быкаў, В. Збор твораў : у 4 т. / В. Быкаў. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1980. – Т. 1 : Аповесці. – 432 с.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка