Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця «палітычны зняволены» Прэамбула




Дата канвертавання05.03.2017
Памер248.85 Kb.
Кіраўніцтва
па вызначэнні паняцця
«палітычны зняволены»

Прэамбула

У сувязі з асаблівай увагай да праблем крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу па палітычных матывах, прыклады якога множацца за апошнія гады на прасторы былога СССР;

Прымаючы пад увагу рэгулярнае выкарыстанне ўжо на працягу паўстагоддзя сумежных паняццяў «палітычны вязень» і «вязень сумлення», прапанаваных аўтарытэтнай міжнароднай праваабарончай арганізацыяй «Міжнародная Амністыя»;

Зыходзячы з пазіцыі Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ ) адносна прыняцця тэрміна «палітычны зняволены і крытэрыяў яго практычнага выкарыстання ў дачыненні да канкрэтных абставін у шэрагу еўрапейскіх дзяржаў;

Прапануецца далейшае развіццё і ўдакладненне дадзенага падыходу, адобранага Рэзалюцыяй ПАСЕ № 1900 (2012)1, у наступных мэтах:

- сфармуляваць ясныя і выразныя вызначэнні для паслядоўнага выкарыстання названых тэрмінаў, якія ўжо шырока ўжываюцца многімі арганізацыямі, палітычнымі і грамадскімі дзеячамі;

- суаднесці гэтыя паняцці з базавымі палажэннямі крымінальнага і адміністрацыйнага права і працэсу;

- імплементаваць прынцыпы міжнароднага права і міжнародныя стандарты правоў чалавека, паколькі па сваёй прыродзе праблема, якая разглядаецца, знаходзіцца ў рамках выканання базавых міжнародных дамоваў па правах чалавека, у першую чаргу, Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і Канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;

- прымяняць дадзены падыход пры аналізе судовых і адміністрацыйных рашэнняў у канкрэтных сітуацыях палітычна матываваных пераследаў, каб выкарыстоўваць іх сумесна з нормамі і працэдурамі, якія адносяцца да адпаведных галінаў права;

- рэкамендаваць арганізацыям грамадзянскай супольнасці і міжнародным арганізацыям звярнуцца да органаў дзяржаўнай улады ў краінах, дзе ёсць палітычныя зняволеныя, з патрабаваннем прыняць меры, прапанаваныя ў Кіраўніцтве.



Частка І . Асноўныя паняцці
1 . Пазбаўленне волі
1.1 . У дадзеным кіраўніцтве пад «пазбаўленнем волі» разумеецца ўтрыманне асобы ў любым месцы, калі асоба не можа яго пакінуць:



  1. у выніку любога выгляду прымусу, які ўжываецца службовай асобай дзяржавы2 або з ведама і папушчальніцтва службовай асобы або органа дзяржавы, або




  1. у выніку падпарадкавання рашэнню судовага, адміністрацыйнага ці іншага органа або службовай асобы дзяржавы.


2 . Палітычныя матывы
2.1. У дадзеным кіраўніцтве пад палітычнымі матывамі разумеюцца рэальныя падставы непрымальных у дэмакратычным грамадстве дзеянняў або бяздзейнасці праваахоўных і судовых органаў, іншых суб'ектаў уладных паўнамоцтваў, накіраваных на дасягненне хоць бы адной з наступных мэтаў:


  1. умацаванне альбо ўтрыманне ўлады суб'ектамі ўладных паўнамоцтваў;



  2. недобраахвотнае спыненне або змяненне характару чыёй-небудзь публічнай дзейнасці.



3 . Палітычны зняволены
3.1. Палітычны зняволены - асоба, пазбаўленая волі, калі мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:


  1. пазбаўленне волі было ўжыта выключна з-за яе палітычных, рэлігійных або іншых перакананняў, а таксама ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды думкі, сумлення і рэлігіі, свабоды выказвання меркаванняў і інфармацыі, свабоды мірных сходаў і асацыяцый, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;




  1. пазбаўленне волі было ўжыта выключна з-за негвалтоўнай дзейнасці, накіраванай на абарону правоў чалавека і асноўных свабод;




  1. пазбаўленне волі было ўжыта выключна па прыкмеце полу, расы, колеру скуры, мовы, рэлігіі, нацыянальнага, этнічнага, сацыяльнага або радавога паходжання, нараджэння, грамадзянства, сэксуальнай арыентацыі і гендэрнай ідэнтычнасці, маёмаснага становішча ці іншых прыкметах або зыходзячы з наяўнасці ўстойлівай сувязі з супольнасцямі, аб'яднанымі такімі прыкметамі.

Лічым неабходным для дадзенай катэгорыі палітычных зняволеных патрабаваць неадкладнага і безумоўнага вызвалення і поўнай рэабілітацыі з кампесацыяй нанесенай шкоды.

3.2 . Палітычным зняволеным таксама з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:


  1. пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;




  1. пазбаўленне волі было заснавана на фальсіфікацыі доказаў выстаўленага правапарушэння або пры адсутнасці падзеі або складу правапарушэння альбо яго здзяйснення іншай асобай;




  1. працягласць або ўмовы пазбаўлення волі відавочна непрапарцыйна (неадэкватныя) правапарушэнню, у якім асоба падазраецца, абвінавачваецца альбо было прызнана вінаватай;




  1. асоба пазбаўлена волі выбіральна у параўнанні з іншымі асобамі.

Лічым неабходным для дадзенай групы палітычных зняволеных патрабаваць неадкладнага перагляду прынятых у дачыненні да іх мер і судовых рашэнняў пры выкананні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў a-d .


3.3 . Нават пры наяўнасці фактараў, названых у артыкулах 3.1. і 3.2., палітычным зняволеным не прызнаецца асоба, якая:


  1. здзейсніла гвалтоўнае правапарушэнне супраць асобы за выключэннем выпадкаў неабходнай абароны або крайняй неабходнасці;




  1. здзейсніла злачынства супраць асобы або маёмасці на глебе нянавісці альбо заклікала да гвалтоўных дзеянняў па нацыянальнай, этнічнай, расавай, рэлігійнай або іншых прыкметах.

Палітычным зняволеным таксама не прызнаецца асоба, чые гвалтоўныя дзеянні накіраваныя на скасаванне правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод, або на іх абмежаванне ў большай меры, чым гэта прадугледжваецца гэтымі дамовамі.



Частка ІI. Агульныя заўвагі да кіраўніцтва па вызначэнні паняцця «палітычны зняволены»
А. Уступ

Дадзенае кіраўніцтва распрацавана працоўнай групай праваабаронцаў з Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны ў складзе: Эміль Адэльханаў, Інтыгам Аліеў, Ганна Бараноўская, Людміла Вацкава, Ганна Герасімава, Валянцін Гефтэр, Алег Гулак, Сяргей Давідзіс, Эльдар Зейналаў, Яўген Захараў, Іна Кулей, Аляксандра Матвійчук, Таццяна Рэвяка, Вольга Саламатава, Валянцін Стэфановіч, Алена Танкачова, Аннагі Хаджыбейлі, Уладзімір Яворскі.

Яго мэтай з'яўляецца уніфікацыя падыходаў у дзейнасці праваабарончых арганізацый па вызначэнні і выкарыстанні паняцця «палітычны зняволены».

Паняцце «палітычны зняволены» ўсё часцей сустракаецца ў міжнародных дакументах, СМІ, справаздачах нацыянальных і міжнародных арганізацый. Аднак часта ў гэта паняцце ўключаецца розны сэнс. Таму на практыцы бывае вельмі складана вызначыць, ці з'яўляецца канкрэтны чалавек палітычным зняволеным. З іншага боку, сітуацыя нявызначанасці гэтага паняцця дазваляе дзяржавам пазбягаць адказнасці ў выпадках палітычна матываванага пераследу, паколькі дае ім магчымасць заяўляць аб беспадстаўнасці такіх абвінавачванняў. Распрацоўка агульных крытэрыяў і іх сумеснае прымяненне павінны дапамагчы ў вырашэнні гэтай праблемы.

Пры распрацоўцы дадзенага кіраўніцтва выкарыстоўваўся вопыт Савета Еўропы, міжнароднай праваабарончай арганізацыі «Міжнародная амністыя» і нацыянальных праваабарончых арганізацый розных краін.
В. Паартыкульныя каментары
1. Пазбаўленне волі

Вызначэнне паняцця «пазбаўленне волі » неабходна для выразнага аддзялення палітычных зняволеных ад іншых ахвяраў палітычна матываванага крымінальнага альбо адміністрацыйнага пераследу. У дадзеным кіраўніцтве разглядаюцца толькі асобы, пазбаўленыя волі ў працэсе пераследу па палітычных матывах - на тэрмін, які заведама перавышае законны перыяд кароткачасовага затрымання.

Відавочна, што да палітычных зняволеных адносяцца не ўсе ахвяры пераследу па палітычных матывах. Да іх не адносяцца, напрыклад, тыя, хто атрымаў пакаранне ў выглядзе абавязковых або папраўчых работ, асуджаны да штрафу або абмежавання сваіх правоў, калі гэта не суправаджалася пазбаўленнем волі. Пераследуемымі па палітычных матывах таксама могуць быць асобы, якія падвяргаюцца неправавому ціску або калі да іх да або замест вынясення крымінальнага пакарання ўжытыя адміністрацыйныя меры, якія прыводзяць да тых ці іншых сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека. Напрыклад, звальненне або адмова ў прыёме на працу (вучобу) па ўказанні органаў улады альбо узяццё падпіскі аб нявыездзе (або неразгалошанні) у перыяд следства, абмежаванне выезду за мяжу і г.д. Пералік такіх мер даволі вялікі, і наўрад ці магчыма стварыць іх вычарпальны спіс. Незалежна ад формаў прымусу або рэпрэсіі, такія асобы могуць лічыцца ахвярамі палітычна матываванага пераследу. Аднак палітычным зняволеным такая асоба можа быць прызнана толькі ў выпадку пазбаўлення волі.

Сказанае вышэй не азначае, што асобы, пазбаўленыя волі ў выніку палітычна матываванага пераследу, аўтаматычна называюцца «палітычнымі зняволенымі». Але гэта адзін з абавязковых крытэрыяў гэтага паняцця.

Вызначэнне паняцця «пазбаўленне волі» ў Кіраўніцтве дадзена ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі і заснавана, у прыватнасці, на практыцы розных інстытуцый сістэмы ААН, якія аперуюць гэтым паняццем.3

Неабходна адзначыць, што ў міжнародных дамовах і заканадаўстве асобных дзяржаў не заўсёды выкарыстоўваецца адна і тая ж тэрміналогія для абазначэння паняцця «пазбаўленне волі». У іх можа ісці гаворка аб «арышце», «узяцці пад варту», «затрыманні», «зняволенні», «змяшчэнні ў турму», «пасадцы», «ізаляцыі» і г.д. Па гэтай прычыне Камісія ААН па правах чалавека ў сваёй рэзалюцыі 1997/50 выказалася за выкарыстанне тэрміна «пазбаўленне волі», які выключае любыя адрозненні ў тлумачэннях паміж рознымі тэрмінамі.4

Міжнароднае права гарантуе права на свабоду і асабістую недатыкальнасць кожнага і ўстанаўлівае выпадкі правамернага пазбаўлення волі. У прыватнасці, акрамя многіх іншых міжнародных дамоваў, гэта права абвешчана ў артыкуле 3 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, артыкуле 9 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, артыкуле 5 Канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод.

Ключавымі крытэрамі паняцця «пазбаўленне волі» служаць:

1) Немагчымасць пакінуць пэўнае месца па сваёй волі. Гэта можа адбывацца з-за аховы або пад страхам наступнага больш суровага пакарання. Гаворка ідзе пра пэўнае закрытае месца або месца, куды забаронены або абмежаваны доступ любых асоб, у тым ліку прадстаўнікоў грамадскасці.

2) Вызначэнне прычын знаходжання ў дадзеным месцы. Гэты прыкмета аддзяляе выпадкі, калі падобная сітуацыя ўзнікае не з-за дзеянняў або бяздзеяння органаў улады або іх прадстаўнікоў. Таму выпадкі, да якіх дзяржава і яго прадстаўнікі не маюць ніякага дачынення, не могуць разглядацца ў кантэксце пытання аб палітычных зняволеных. Іншая справа, калі гаворка ідзе пра выпадкі, у дачыненні да якіх дзяржава не выконвае сваіх міжнародных абавязацельстваў, што тлумачыць легітымную цікавасць міжнароднай супольнасці да іх. Пры гэтым не мае значэння, ці знаходзіцца асоба ў месцах пазбаўлення волі на падставе фармальнага рашэння або не. Крытэрыем з'яўляецца пазбаўленне волі як вынік дзеянняў або бяздзеяння дзяржаўнай улады.

Вызначэнне не ўьрымлівае поўнага магчымага пераліку месцаў пазбаўлення волі, паколькі наўрад ці магчыма стварыць такі вычарпальны пералік з-за рознай тэрміналогіі ў розных краінах. Таксама для вызначэння пазбаўлення волі усё роўна, у прыватным або дзяржаўным месцы знаходзіцца зняволены. Пад дзеяннямі дзяржавы ў Кіраўніцтве таксама маюцца на ўвазе і дзеянні органаў мясцовага самакіравання.

Так, напрыклад, Працоўная група ААН па адвольных затрыманнях вызначае ў кожным асобным выпадку, ці з'яўляецца гэты выпадак пазбаўленнем волі, зыходзячы з прыкметы: утрыманне асобы ў закрытым памяшканні, якое яна не можа пакінуць па ўласнай волі5.

Кіруючыся дадзеным крытэрам, да пазбаўлення волі варта аднесці «хатні арышт», калі асоба знаходзіцца ў месцы абмежавання волі, якое не мае права пакінуць па сваім жаданні.

Таксама да пазбаўлення волі варта аднесці выкарыстанне прымусовых папраўчых, папраўча-працоўных работ або працоўнага выхавання як віду крымінальнага або адміністрацыйнага пакарання, калі асоба знаходзіцца ў месцы абмежавання волі, якое не мае права пакінуць па сваім жаданні.

 

2. Палітычныя матывы

Наяўнасць палітычных матываў улады з'яўляецца неад'емным элементам палітычных пераследаў. Такія матывы складаюць рэальную пагрозу дэмакратыі і менавіта таму патрабуюць асаблівай увагі з боку грамадзянскай супольнасці і міжнароднай супольнасці.

У гэтым Кіраўніцтве паняцце «палітычныя матывы» выкарыстоўваецца ў дачыненні да відавочных або часцей схаваных прычын дзеянняў або бяздзеяння прадстаўнікоў улады, якія ажыццяўляюць пераслед. Пры гэтым важна прааналізаваць не толькі публічна ўказаныя падставы рашэнняў органаў улады, але і выявіць іх сапраўдныя матывы.

Відавочна, што гэта паняцце носіць больш палітычны, чым юрыдычны характар​​. Аднак выяўленне палітычных матываў магчыма ў дзейнасці міжнародных органаў па правах чалавека, у прыватнасці, Еўрапейскага суда па правах чалавека, Працоўнай групы ААН па адвольных затрыманнях і іншых. Таму выяўленне палітычных матываў носіць, безумоўна, і юрыдычны характар​​, што патрабуе іх пацверджання дастаткова пераканаўчымі доказамі і аргументамі.

Варта ўлічыць, што матыў дзеянняў асоб, якія падвергліся пераследу, сам па сабе, як правіла, не ўплывае на аднясенне іх да палітычных зняволеных. У адваротным выпадку дадзенае паняцце страціла б сваю акрэсленасць і функцыянальнасць, стала б занадта суб'ектыўным, каб прымяняць яго на практыцы. Істотнымі з’яўляюцца не матывы дзеянняў чалавека, а ацэнка саміх дзеянняў. Таксама, кажучы ўвогуле, не з’яўляецца важнай характарыстыка чалавека, хаця пэўныя дадзеныя пра асобу, якая пераследуецца, могуць унесці большую яснасць пры яго аднясенні да палітычных зняволеных. Важна не тое, ці з'яўляецца гэты чалавек апазіцыйным палітыкам, праваабаронцам, журналістам ці іншай публічнай асобай, а тое, якое дзеянне яму інкрымінуюць, якія дзеянні ўладаў у дадзеным выпадку і іх рэальныя матывы. Сам па сабе, напрыклад, апазіцыйны характар ​​палітычнай дзейнасці не можа быць нейкай устойлівай падставай для аднясення гэтага чалавека да палітычных зняволеных нават у выпадку пазбаўлення яго волі, хаця і выклікае павышаную цікавасць да гэтай справы.

Выяўленне палітычных матываў неабходна і для таго, каб вылучыць такія сітуацыі на фоне іншых выпадкаў грубага парушэння правоў чалавека. Гэта не азначае, што апошнія менш важныя. Але часцей за ўсё грамадская небяспека парушэнняў правоў чалавека і прынцыпу вяршэнства права, учыненых па палітычных матывах, значна большая за іншыя парушэнні з-за заўважнай і рэальнай пагрозы асновам дэмакратычнага грамадства.

Пад «палітычнымі матывамі» тут маюцца на ўвазе толькі дзве асноўныя мэты пераследу з шэрагу магчымых, паколькі, у канчатковым выніку, менавіта да іх зводзяцца разнастайныя формы і абставіны неправавой матывацыі. Самі па сабе канкрэтныя задачы або наступствы такіх пераследаў, напрыклад, такія, як адабранне або пераразмеркаванне ўласнасці, або публічныя кампаніі (напрыклад, перадвыбарчыя, антыкарупцыйныя або контртэрарыстычныя), у ходзе якіх асоба «трапляе» пад паказальны працэс або асуджаецца на непрапарцыйна суровае ці відавочна выбарачнае пакаранне, - могуць быць фонам, на якім «выяўляецца» матыў альбо замова, якія зыходзяць з хоць бы адной з названых намі мэтаў. Наяўнасць хаця б адной з названых прыкмет указвае на палітычныя матывы ўлады, хаця часта могуць прысутнічаць абодва.

Вядома, прыведзеныя вышэй «асаблівасці» могуць спадарожнічаць любому пераследу (у тым ліку і не маючаму палітычнай матывацыі), але аднесці канкрэтны выпадак пераследу да палітычна матываванага пераследу дазваляе пераканаўча выяўленая наяўнасць мэта з боку ўладаў.


3 . Палітычны зняволены

У адпаведнасці з дадзеным Кіраўніцтвам, палітычныя зняволеныя падзяляюцца на дзве катэгорыі.

Адрозненне паміж імі заключаецца як у змесце прад'яўляемых абвінавачванняў, так і ў патрабаваннях да ўладаў у сувязі са змяненнем прававога становішча палітычных зняволеных кожнай з гэтых катэгорый.

Адным з абавязковых аспектаў праблемы палітычна матываваных пераследаў з'яўляецца прапанова грамадству і дзяржаве прававых мер па змяненні сітуацыі. Недастаткова толькі назваць людзей палітычнымі зняволенымі, скласці іх спісы, апісаць адпаведныя крымінальныя справы і жыццёвыя абставіны. Неабходна шукаць той ці іншы выхад з сітуацыі палітычна матываванага пераследу, які суправаджаецца пазбаўленнем волі і парушэннямі правоў асобы.

З нашага пункту гледжання, роля незалежнай ад ўладнай ці іншай палітычнай мэтазгоднасці праваабарончай супольнасці, у тым ліку міжнароднай, заключаецца якраз у тым, каб распрацоўваць і настойліва прапаноўваць адэкватныя дадзенай справе і асабістым абставінам палітычнага зняволенага меры аднаўлення справядлівасці і правоў гэтага чалавека.

Канчатковым вынікам грамадзянскай і міжнароднай актыўнасці ў гэтым пытанні павінна было б стаць максімальна магчымае вызваленне людзей, якія падвергліся палітычна матываваным пераследам – хаця б ад далейшага знаходжання пад вартай, а таксама выяўленне і пакаранне вінаватых у выпадку неправамернасці пераследаў такога роду, папярэджанне іх у будучыні.

Сцвярджэнне аб тым, што асоба з'яўляецца «палітычным зняволеным», павінна пацвярджацца доказамі prima facie, а дзяржава абавязана даказаць, што:

а) затрыманне было праведзена ў поўнай адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі правоў чалавека, настолькі, наколькі гэта тычыцца сутнасці справы;

b) былі выкананыя патрабаванні прапарцыйнасці і недыскрымінацыі;

c) пазбаўленне волі з'явілася вынікам справядлівага судовага разбіральніцтва.

У сувязі з вышэйпададзеным, у Кіраўніцтве падкрэсліваюцца асноўныя патрабаванні, згодна з якімі праводзіцца раздзяляльная рыса паміж дзеяннямі ў адносінах да двух катэгорый палітвязняў:

(а) безумоўнае і неадкладнае вызваленне і рэабілітацыя палітвязняў, чый пераслед апісаны ў артыкуле 3.1 Кіраўніцтва;

(б) справядлівая судавытворчасць, якая ўключае шырокі спектр такіх прававых мер, як перагляд крымінальных або адміністрацыйных спраў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, памілаванне, амністыя, умоўна-датэрміновае вызваленне - для тых, хто аднесены ў Кіраўніцтве да палітычных зняволеных больш шырокай катэгорыі паводле вызначэння артыкула 3.2.
3.1.

Да першай катэгорыі палітычных зняволеных адносяцца асобы, пазбаўленыя волі, каго прынята называць вязнямі сумлення. Дапаўненнем да іх можна лічыць тых, хто згаданы ў пункце b) параграфа 3.1, якім пашыраецца традыцыйнае разуменне дадзенага тэрміна на асоб, якія пераследуюцца, уласна, за негвалтоўную дзейнасць па абароне правоў чалавека і асноўных свабод.

Дзейнасць асоб, якіх ахоплівае артыкул 3.1, носіць легітымны характар ​​і не можа складаць ніякага правапарушэння ў дэмакратычным грамадстве. У прыватнасці, да яе адносіцца мірны пратэст і грамадзянскі супраціў, якія не прыводзяць да грубых парушэнняў правоў іншых асоб. Між тым, у шэрагу дзяржаў такая дзейнасць або прыналежнасць да групы асоб (арганізацый), якая ажыццяўляе яе, лічыцца правапарушэннем, караецца пазбаўленнем волі, што супярэчыць міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека.

Таму адносна дадзенай катэгорыі палітычных зняволеных вылучаецца патрабаванне іх безумоўнага і неадкладнага вызвалення і спыненне іх пераследу.

Важным крытэрыем з'яўляецца менавіта негвалтоўны характар ​​ажыццяўлення і абароны правоў чалавека і асноўных свабод. У дадзеным кантэксце маецца на ўвазе гвалт у шырокім сэнсе, што ўключае не толькі спробу нанесці фізічную шкоду любой асобе, але таксама і дзеянні, накіраваныя на знішчэнне або пашкоджанне маёмасці. Хаця варта ўлічыць, што да гэтага не адносяцца выпадкі ўжывання гвалту «ў адказ», справакаванага зыходным непрапарцыйным выкарыстаннем фізічнай сілы, спецсродкаў ці зброі, пры тым, што ў дзеяннях абвінавачанага адсутнічаў намер на нанясенне несімвалічнай матэрыяльнай шкоды або шкоды каму-небудзь.

Істотнай асаблівасцю артыкула 3.1 з'яўляецца тое, што пры аднясенні асоб да палітычных зняволеных гэтай катэгорыі не мае значэння наяўнасць або адсутнасць палітычных матываў уладаў, хаця ў многіх выпадках такія матывы прасочваюцца.


3.2.

Да другой катэгорыі палітычных зняволеных адносяцца асобы, якіх дзяржава пераследуе па палітычных матывах. Менавіта наяўнасць палітычных матываў адрознівае дадзеныя пераследы ад іншых парушэнняў правоў чалавека, дзе прысутнічаюць названыя ў дадзеным раздзеле фактары. Нават прысутнасць толькі аднаго з іх пры наяўнасці палітычнага матыву ўлады дазваляе лічыць пераследуемую асобу палітычным зняволеным.

Зноў варта падкрэсліць, што асоба можа быць прызнана палітычным зняволеным толькі ў выпадку пазбаўлення волі.
3.2.a.

У дадзеным выпадку гаворка ідзе аб парушэнні толькі тых правоў, якія гарантаваныя Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах або Канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод, - пры тым, што пераслед дадзенай асобы прывёў да пазбаўлення яе волі. Дастаткова пры наяўнасці палітычнага матыву выявіць парушэнне хаця б аднаго са звязаных з пазбаўленнем волі правоў, каб дадзенага чалавека маглі прызнаць палітычным зняволеным. Таму важна ўстанавіць выразную сувязь парушэння ўказаных правоў пераследуемай асобы і пазбаўлення яе волі.

Для выяўлення фактаў і ацэнкі парушэння правоў чалавека ў той ці іншай сітуацыі з'яўляецца істотным наяўнасць рашэння Еўрапейскага суда па правах чалавека ці Камітэта па правах чалавека ААН, якія ўстанавілі такое парушэнне ў дадзеным або аналагічным выпадках. Акрамя гэтага, могуць выкарыстоўвацца рашэнні іншых міжнародных органаў, якія канстатуюць парушэнне права на свабоду і недатыкальнасць асобы, напрыклад, Рабочай групы ААН па адвольных затрыманнях. Па крайняй меры, у агульным выпадку прадугледжваецца, што ахвяра парушэнняў правоў чалавека павінна падаць скаргу ў гэтыя міжнародныя органы пасля вычарпання эфектыўных нацыянальных сродкаў прававой абароны. Акрамя таго, доказамі парушэнняў правоў чалавека могуць быць вынікі незалежнага грамадскага расследавання, маніторынгу і прававой экспертызы няўрадавых або міжнародных арганізацый, заключэнні незалежных міжнародных экспертаў і іншыя матэрыялы.
3.2.b.

У дадзеным пункце маюцца на ўвазе выпадкі, калі фармальна пазбаўленне волі чалавека выглядае правамерным. Аднак фактычна яно заснавана на недакладных або фальсіфікаваных доказах - падробленых або спецыяльна вырабленых дакументах, ілжывых паказаннях сведак і г.д. І пры гэтым суд, разглядаючы дадзеную справу, не звяртае ўвагі на такія важныя абставіны і не адхіляе такія доказы як недапушчальныя. Такія дзеянні часта не разглядаюцца як парушэнне права на справядлівы суд ці якога-небудзь іншага права.

Гэта звязана з тым, што часта пры ацэнцы скаргі на парушэнні правоў чалавека ў міжнародных органах не разглядаецца пытанне аб ацэнцы доказаў, асабліва калі выкананы асноўныя фармальныя аспекты права на справядлівы суд. Менавіта таму дадзены пункт вылучаны як асобная падстава для прызнання асобы палітычным зняволеным.

Сюды ж адносяцца выпадкі, калі пераследуемы па палітычных матывах наогул не здзейсніў правапарушэння. Гэта можа часткова разглядацца, напрыклад, у кантэксце артыкула 7 Канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод, у якім указваецца, што асоба не можа быць асуджана за дзеянні, якія не складаюць правапарушэння. Пры гэтым улічваецца не толькі фармальная наяўнасць закона, які ўстанаўлівае адказнасць за такое правапарушэнне, а выстаўляюцца пэўныя патрабаванні да яго якасці. Напрыклад, закон павінен адпавядаць міжнародным стандартам, павінен быць ясным, даступным, прапарцыйным і прадказальным. Гэта абавязацельства не патрабуе ад дзяржавы абсалютнай прававой дакладнасці, што часта проста немагчыма, але накладвае пэўныя абавязацельствы, каб правапрымяненне не было адвольным, і кожны мог прадбачыць незаконнасць тых ці іншых дзеянняў.

Так, нямала праблем у гэтым кантэксце ўзнікае ў сувязі з крымінальным пераследам службовых асоб за «злоўжыванне ўладай» або «перавышэнне службовых паўнамоцтваў», бо падобная фармулёўка злачынства можа парушаць патрабаванні артыкула 7 Канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод.6

Патрабаванні пункта b) артыкула 3.2. шырэй гарантый артыкула 7 Канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод, паколькі ўказваюць не толькі на адсутнасць закона, як падставы для прыцягнення да адказнасці, але і на магчымую адсутнасць іншых элементаў выстаўляемага палітычнаму зняволенаму правапарушэння.


3.2.c.

У дадзеным пункце падкрэсліваецца, што такія фактары, як працягласць і ўмовы пазбаўлення волі (дасудовага або згодна з рашэннем суда) нярэдка адрозніваюць палітычна матываваныя пераследы, хаця рэгулярна сустракаюцца ў любой юрыдычнай практыцы. Пры гэтым важна, каб ацэнка такой непрапарцыйнасці (неадэкватнасці) здзейсненаму звязвала ўжыванне «жорсткіх» мер утрымання асобы пад вартай менавіта з палітычнымі матывамі ўладаў.

Непрапарцыйнасць пакарання ў пэўных выпадках можа быць парушэннем правоў чалавека. Так, Еўрапейскі суд па правах чалавека пры ацэнцы неабходнасці ўмяшальніцтва ў правы чалавека з боку дзяржавы ў дэмакратычным грамадстве ацэньвае, акрамя іншых аспектаў, і прапарцыйнасць умяшальніцтва. Таксама пры ацэнцы магчымага парушэння права на свабоду і асабістую недатыкальнасць вывучаецца пытанне аб абгрунтаванасці працягласці ўтрымання пад вартай. Гэтае пытанне разглядаецца ў пункце а) артыкула 3.2 Кіраўніцтва. Аднак не ўсе выпадкі непрапарцыйнага пазбаўлення волі прыводзяць да канстатацыі парушэння правоў чалавека. Менавіта таму такая сітуацыя выдзелена ў асобную падставу для прызнання асобы палітычным зняволеным.

У гэтым пункце маецца на ўвазе рашэнне судовага або пазасудовага органа аб прымяненнi мер уздзеяння (пакарання) да дадзенай асобы незалежна ад таго, якое правапарушэнне здзейснена ім або калі такога не было зусім.

Важна, што падобныя меры ўжытыя да гэтага чалавека відавочна і аб'ектыўна непрапарцыйна здзейсненаму. Такая непрапарцыйнасць або неадэкватнасць выяўляецца, напрыклад, шляхам параўнальнага аналізу дадзенага выпадку з іншымі падобнымі правапарушэннямі. Часцей за ўсё гэта адносіцца да адносна больш суровага судовага або адміністрацыйнага рашэння (пакарання) органаў улады пры наяўнасці ў іх дзеяннях палітычных матываў.
3.2.d.

Канцэпцыя выбарачнага правасуддзя распаўсюджана ў ЗША7, але таксама мае асновы ў еўрапейскай прававой сістэме. Яна заснавана на прававым прынцыпе роўнасці кожнага перад законам, які замацаваны на канстытуцыйным узроўні ў многіх краінах.

Гэта адносіцца да сітуацыі, калі пры вонкава падобных абставінах пераслед і пакаранне адрозніваюцца ад многіх іншых выпадкаў з-за наяўнасьці палітычных матываў. Пры адсутнасці такіх матываў, хутчэй за ўсё, характар ​​дзеянняў дзяржаўных органаў быў бы заўважна іншым, і, напрыклад, пакаранне пераследуемых iмi асоб не мела б месца або было значна больш мяккім.

Пры дадзеных абставінах неістотна, вінаваты ці не вінаваты чалавек - вызначальным фактарам з'яўляецца тое, ці ўжываецца пакаранне да яго дыскрымінацыйна ў адносінах да іншых. У такіх выпадках неабходна паказаць, што крымінальнае або адміністрацыйнае заканадаўства было ўжыта выбарачна ці відавочна дыскрымінацыйна ў параўнанні з іншымі асобамі ў параўнальна аднолькавай сітуацыі.

Указаны фактар ​​выбарачнасці вызначаецца, напрыклад, шляхам параўнання пакарання (ці іншых прававых наступстваў пераследу) з разглядам аналагічных правапарушэнняў у практыцы гэтай дзяржавы, а таксама згодна прэцэдэнтным рашэнням і стандартам міжнароднага правасуддзя.
3.3.

Нават пры наяўнасці фактараў, указаных у артыкулах 3.1 або 3.2, асоба можа быць не прызнана палітычным зняволеным, калі яна здзейсніла дзеянні, названыя ў артыкуле 3.3. Пры гэтым не мае значэння, ці былі ўключаны ў абвінавачванне дадзенай асобы гэтыя яе дзеянні ці не. У любым выпадку, такія дзеянні павінны быць звязаныя з абвінавачваннем, на якім заснавана пазбаўленне волі.

Наяўнасць і характар ​​такіх дзеянняў павінны выяўляцца і даказвацца з вялікай верагоднасцю, зыходзячы не толькі з дадзеных афіцыйнага расследавання ўладаў у сілу сумневаў у іх аб'ектыўнасці, а таксама з матэрыялаў незалежных маніторынгаў, экспертных заключэнняў і г.д.

Гэта не азначае, што правы асоб, якіх «выключаюць» па такіх падставах з ліку палітычных зняволеных, парушаюцца ў меншай ступені або што іх абарона не патрабуе грамадскай увагі. Тым не менш, указаныя асаблівасці караемых дзеянняў асоб, якія падвергліся палітычна матываванаму пазбаўленню волі, вымушаюць аддзяляць іх ад больш вузкай катэгорыі палітычных зняволеных, праблемы абароны якіх нас цікавяць перш за ўсё.

Частка другая артыкула 3.3 накіравана на абарону ад злоўжывання сваімі правамі. Гэтая норма гарантуе, што асоба не можа быць прызнана палітычным зняволеным, калі яе дзеянні свядома накіраваны на антыдэмакратычныя мэты. Падобныя гэтай фармулёўкі ўтрымліваюцца ў артыкуле 30 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, артыкуле 5 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, артыкуле 17 Канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод. На практыцы падобная фармулёўка часцей за ўсё ўжываецца да легітымнага абмежавання свабоды слова, свабоды асацыяцый і мірных сходаў або права на свабодныя выбары. Неўключэнне такіх асоб у лік палітычных зняволеных не азначае, што іх правы не павінны выконвацца, асабліва ў дачыненні да права на свабоду і асабістую недатыкальнасць. Падставы для пазбаўлення волі павінны адпавядаць міжнародным стандартам правоў чалавека. У любым выпадку дзяржава павінна даказаць, што яе ўмяшальніцтва з'яўляецца прапарцыйным ў выпадках, калі гаворка ідзе пра пазбаўленне волі чалавека нават пры спасылцы на злоўжыванне правамі.

Гэта, тым больш, адносіцца і да тых асоб, якія не могуць быць прызнаныя палітычнымі зняволенымі, - да пераследуемых у законным парадку ў сувязі з учыненнем тэрарыстычных актаў ці іншага палітычна абумоўленага гвалту, калі інкрымінуемае дзеянне і віна абвінавачанага даказаны з захаваннем стандартаў права на справядлівы суд.


3.3.a.

Да гэтага пункту Кіраўніцтва адносяцца выпадкі ўжывання гвалту з боку пераследуемай асобы, што робіць немагчымым яе прызнанне палітычным зняволеным. Важна, каб яе вінаватасць у здзяйсненні такога злачынства была ўстаноўлена судом з захаваннем стандартаў права на справядлівы суд.

Але пры выкарыстанні гэтага крытэрыя маюцца два важных выключэнні, якія пры адсутнасці палітычных матываў уладаў часта зводзяцца да таго, што крымінальная справа не ўзбуджаецца, выносіцца апраўдальны прысуд або асоба вызваляецца ад адказнасці. У адваротным выпадку пры наяўнасці такіх матываў органы дзяржаўнай улады могуць наўмысна не звяртаць увагі на абставіны, якія абгрунтоўваюць неабходную абарону або крайнюю неабходнасць.

Неабходная абарона - гэта правамерная абарона асобы і правоў таго, хто абараняееца, і іншых асоб, а таксама ахоўваемых законам інтарэсаў грамадства і дзяржавы ад грамадска небяспечнага замаху шляхам прычынення шкоды таму, хто ўчыняе такі замах. Асноўнай адметнай прыкметай неабходнай абароны, якая адмяжоўвае яе ад іншых абставінаў, якія выключаюць злачыннасць дзеяння, з'яўляецца прычыненне шкоды менавіта таму, хто ўчыняе замах, а не іншым асобам. Напрыклад, такая абарона можа праяўляцца пры відавочна неправамерных дзеяннях супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія дзейнічалі, у тым ліку, па незаконным загадзе.

Крайняя неабходнасць - выпадкі, калі асоба для таго, каб прадухіліць шкоду сваім асабістым інтарэсам, інтарэсам іншых асоб, грамадства і дзяржавы, вымушана прычыняе шкоду іншым ахоўваемым інтарэсам. Адрозненне крайняй неабходнасці ад неабходнай абароны заключаецца ў тым, што шкода наносіцца не той асобе, якая стварыла небяспеку прычынення шкоды, а трэцім асобам. З прычыны гэтага ўжываецца дактрына «меншага зла»: прычыненая шкода павінна быць меншай за прадухіленую.
3.3.b.

Дадзены пункт выключае прызнанне асобы палітычным зняволеным у выпадку здзяйснення ёю злачынства на глебе нянавісці. Падставы для гэтага абмежавання мы знаходзім у артыкуле 20 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Злачынства на глебе нянавісці можа быць здзейснена як супраць асобы, так і супраць маёмасці. Гэта адзіны выпадак, калі пры ацэнцы прыналежнасці да палітычных зняволеных даследуецца матыў асобы, якая ўчыніла такое злачынства, паколькі такі матыў з'яўляецца неад'емнай часткай злачынстваў дадзенага тыпу.

Тэрмінам «злачынства на глебе нянавісці» або «злачынства на глебе прадузятасці» пазначаецца хутчэй тып крымінальнага злачынства, а не якое-небудзь канкрэтнае злачынства, указанае ў Крымінальным кодэксе. Злачынства на глебе нянавісці можа быць здзейснена і ў той краіне, у якой не прадугледжаны спецыяльныя крымінальныя санкцыі ў сувязі з матывам прадузятасці. Гэты тэрмін выяўляе хутчэй паняцце, чым юрыдычнае азначэнне.

Злачынствы на глебе нянавісці нязменна ўключаюць два кампаненты: крымінальнае злачынства і матыў прадузятасці.8

Першы кампанент злачынства на глебе нянавісці азначае, што здзейснена дзеянне, якое складае злачынства супраць асобы або маёмасці ў адпаведнасці з палажэннямі крымінальнага права (без залежнасці ад матыву). У выпадку адсутнасці асноўнага злачынства адсутнічае і факт злачынства на глебе нянавісці.

Другі кампанент злачынства на глебе нянавісці заключаецца ў тым, што дадзенае крымінальная дзеянне здзяйсняецца пад уплывам пэўнага матыву («прадузятасці»). Менавіта гэты кампанент, матыў прадузятасці, з'яўляецца прыкметай, якая адрознівае злачынствы на глебе нянавісці ад звычайных крымінальных злачынстваў. Ён азначае, што злачынца наўмысна абірае аб'ект для свайго злачынства, зыходзячы з нейкай абараняемай прыкметы.

Акрамя таго, істотна, што заклікі да гвалтоўных дзеянняў па ўказаных у гэтым пункце прыкметах таксама з'яўляюцца падставай для неўключэння асобы, якая іх ажыццяўляе, у катэгорыю палітвязняў - нават калі ў заканадаўстве адсутнічае норма, якая прыраўноўвае такія заклікі (т.зв. «мова варожасці») да крымінальных злачынстваў.



Адзначым, што тут гаворка ідзе толькі пра крымінальныя злачынствы дадзенага тыпу, і гэтая агаворка не датычыць іншых відаў правапарушэнняў.

1 Глядзіце http://assembly.coe.int/ASP/XRef/X2H-DW-XSL.asp?fileid=19150&lang=en

2 Пад гэтым таксама разумеецца дзейнасць органаў мясцовага самакіравання.

3 Гл. напрыклад, Выкладанне фактаў №26, Працоўная група па адвольных затрыманнях, http://www.ohchr.org/Documents/Publications/FactSheet26ru.pdf, Міжнародная канвенцыя ААН для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў, 20 снежня 2006 года, https://www.un.org/ru/documents/decl_conv/conventions/disappearance.shtml; Факультатыўны пратакол да Канвенцыі ААН супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання, 18 снежня 2002 года, https://www.un.org/ru/documents/decl_conv/conventions/torture_prot.shtml; Звод прынцыпаў абароны ўсіх асоб, якія падвяргаюцца затрыманню ці зняволенню ў любой форме, рэзалюцыя Генеральнай Асамблеі ААН № 43/173 ад 9 снежня 1988 года; Еўрапейская Канвенцыя па папярэджанні катаванняў і бесчалавечнага і прыніжаючага годнасць абыходжання ці пакарання 1987 года і інш.

4 Commission on Human Rights resolution 1997/50, Question of arbitrary detention, http://ap.ohchr.org/documents/E/CHR/resolutions/E-CN_4-RES-1997-50.doc

5 Глядзіце для прыкладу, Меркаванне 1, Меркаванне 4 Працоўнай групы па адвольных затрыманнях, Камісіі ААН па правах чалавека, 49 сесія, 12 студзеня 1993 года, http://daccess-ods.un.org/access.nsf/Get?Open&DS=E/CN.4/1993/24&Lang=R

6 Глядзіце Report on the relationship between political and criminal ministerial responsibility, Adopted by the Venice Commission at its 94th Plenary Session (Venice, 8-9 March 2013), http://www.venice.coe.int/webforms/documents/?pdf=CDL-AD(2013)001-e

7 Гл. рашэнне Вярхоўнага суда ЗША ад 13 мая 1996 года, PETITIONER v. CHRISTOPHER LEE ARMSTRONG et al., http://www.law.cornell.edu/supct/html/95-157.ZO.html

8 Глядзіце, напрыклад, Законодательство против преступлений на почве ненависти. Практическое руководство, ОБСЕ/БДИПЧ, 2009, http://www.osce.org/ru/odihr/36427?download=true


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка