Класная гадзіна «Аляксей Чарткоў. Невядомыя старонкі біяграфіі»




Дата канвертавання09.01.2017
Памер277.43 Kb.
Класная гадзіна

«Аляксей Чарткоў. Невядомыя старонкі біяграфіі»
Галіна Навічэнка, Аляксандр Шыла

ДУА «Сярэдняя школа №4 г. Івацэвічы

Мэты:

Выхаванне патрыятызму, гонару за сваю Радзіму і яе герояў.

Выхаванне павагі і глыбокай удзячнасці мінулым пакаленням, якія абаранілі коштам свайго жыцця незалежнасць нашай Радзімы.

Фармаванне цікавасці да гісторыі свайго краю, гісторыі Беларусі.


Абсталяванне:

-выстава кніг;

-камп’ютар і тэлевізар для паказу прэзентацыі.
Ход класнай гадзіны:
Словы настаўніка
Усё далей сыходзяць у гісторыю гады Вялікай Айчыннай вайны. З кожным годам радзеюць рады ветэранаў і ўдзельнікаў той вайны. Наша пакаленне ведае пра яе з фільмаў, кніг. Імёнамі шматлікіх загінулых названы вуліцы, тым самым ушанавана іх памяць. Пра адных мы ведаем шмат з розных крыніц інфармацыі, пра іншых – менш.

Вуліца, на якой знаходзіцца наша школа, носіць імя Аляксея Чарткова. Напэўна, не кожны задумваўся над тым, хто быў гэты чалавек, чым ён вядомы і ўславіўся, што вуліца названа яго імем. Нядаўна на будынку школы была ўсталявана мемарыяльная шыльда, на якой партрэт Аляксея Чарткова і надпіс: «Вуліца названа іменем Аляксея Пятровіча Чарткова (1920–1943,) аргнізатара партызанскага руху ў Івацэвіцкім раене, камандзіра партызанскага атрада».

Дарагія дзеці, нядаўна вучні нашай школы пад кіраўніцтвам настаўніка беларускай мовы і літаратуры Аляксандра Аляксеевіча Шылы правялі вялікую працу для таго, каб як мага больш пазнаць пра лёс гэтага чалавека.

Яны звярнуліся ў гісторыка-краязнаўчы музей горада, дзе галоўны захавальнік фондаў Галіна Васільеўна Дылюк распавяла пра гісторыю знаёмства сям'і Чартковых з Падмаскоўя з былымі партызанамі з Івацэвічаў Мікалаем Харытонавічам Колтунам і Вольгай Андрэеўнай Гойшык, якія ваявалі разам з Аляксеем Чартковым, паказала перапіску бацькоў Аляксея з Вольгай Андрэеўнай Гойшык, фатаграфіі, газету «Луховицкие вести» 1959 года, некаторыя кнігі, дала тэлефоны людзей, якія ведалі Аляксея Чарткова, былі ў партызанскім атрадзе разам з ім, маглі распавесці пра гэтага чалавека.


1 вучань

Раённая кніга «Памяць» дае наступную інфармацыю: «Чарткоў Аляксей Пятровіч нарадзіўся ў 1920 г. у Лухавіцкім раене Маскоўскай вобласці. 15 чэрвеня 1941 гада скончыў Калінкавіцкае ваеннае вучылішча і ў званні лейтэнанта быў накіраваны на заходнюю граніцу. 3 першых дзен вайны ўдзельнічаў у баях з акупантамі. Трапіў у палон, здзейсніў пабег і з групай байцоў прыйшоў у Ружанскую пушчу, затым каля вёскі Корачына злучыўся з мясцовай групай патрыётаў. Патрыеты арганізавалі партызанскі атрад пад назвай 112-ы. А.П.Чарткоў быў абраны камандзірам атрада. У кастрычніку 1943 г. у 6аі з карнікамі каля весак Гутава і Крэмна Драгічынскага раена загінуў. Пасля яго гібелі атрад 112-ы стаў звацца атрадам імя А.П.Чарткова.»

Але тут дапушчана памылка – Аляксей Пятровіч Чарткоў нарадзіўся ў 1920 годзе ў вёсцы Жадзіна Коранеўскага раёна Курскай вобласці ў сям'і сялян: Пятра Іванавіча і Ганны Гаўрылаўны. (Слайд 2)
2 вучань

У 1932 годзе сям'я пераехала ў Лухавіцкі раён Маскоўскай вобласці ў в. Фруктовае, дзе Аляксей скончыў мясцовую сямігодку. Пасля яе паступіў у Разанскі ветэрынарны тэхнікум, дзе атрымліваў прафесію заатэхніка. Пасля заканчэння навучальнай установы ў 1939 годзе быў накіраваны на працу заатэхнікам у саўгас «Врачава-Горкі» Лухавіцкага раёна. (Слайд 3)

У студзені 1940 года заклікалі ў рады Савецкай Арміі. Аляксей марыў быць афіцэрам, і такая магчымасць з'явілася падчас праходжання службы: у той час праводзіўся набор у ваенныя вучылішчы жадаючых салдатаў, якія праходзілі тэрміновую ваенную службу. І Аляксей паступае ў Калінкавіцкае ваеннае пяхотнае вучылішча Беларусі.

15 чэрвеня 1941 года скончыў яго ў званні лейтэнанта і быў накіраваны ў адну з вайсковых часцей на заходняй мяжы каля Брэста. (Слайды 4, 5)

Усяго толькі адзін тыдзень давялося паслужыць лейтэнанту Чарткову ў мірны час. 22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна. Пагранічнікі першымі прынялі варожы ўдар. У адным з баёў Аляксей быў паранены і ўзяты ў палон. Але неўзабаве здзейсніў з групай байцоў уцёкі. У канцы чэрвеня зайшлі ў Ружанскую пушчу, затым у Корачынскія лясы.(Слайд 6)
3 вучань

Як малады лейтэнант, апынуўшыся ў незнаёмых месцах, здолеў праз некаторы час арганізаваць партызанскі атрад? Трэба мець сілу волі, адвагу і рашучасць, арганізатарскія здольнасці. Да таго ж, сам ён быў спачатку цяжка паранены.


Успамінае Марыя Пракопаўна Саўчук (дзявочае прозвішча Міраноўская) (Слайд 7)

«Мы жылі ў в. Хадакі, хата стаяла на ўскраіне. У канцы ліпеня 1941 года майму бацьку перадалі, што ў лесе ў будане знаходзіцца паранены савецкі афіцэр. У вёску яго прывесці не маглі, бо тут ужо былі немцы. Таксама прасілі, каб яму перадавалі ежу. Бацьку хадзіць было небяспечна, тады ён паказаў месцазнаходжанне афіцэра нам з маці. Мы разам з ёй хадзілі ў лес з кошыкам (пад выглядам грыбнікоў), насілі паесці. Гэта быў Аляксей Чарткоў – малады прыгожы лейтэнант у ваеннай форме, у пілотцы. Ён быў слабы пасля ранення. Маці заварвала розныя травы, гатавала настоі, але гэта дапамагала мала: патрэбны былі медыкаменты. І тады я, шаснаццацігадовая дзяўчынка, пешшу ішла ў Івацэвічы ў бальніцу, каб дастаць лекі. У бальніцы, якая знаходзілася ў раёне цяперашняй вуліцы Завадской, у маці працавала медсястрой сяброўка. Ісці пешшу далёка – больш за дваццаць кіламетраў, ды і небяспечна: на пераездзе ўвесь час была нямецкая ахова. Мяне спыніў нямецкі салдат і пачаў распытваць, куды і навошта іду. Я сказала, што моцна баліць галава і іду ў бальніцу. Пры сустрэчы я ўсё расказала медсястры, яна пайшла да доктара, потым вярнулася з медыкаментамі і запіскай, што і як прымаць. Дадому ісці праз пераезд было небяспечна, і я пайшла полем іржы, каб не сустрэцца з немцамі. Прыйшла дахаты, і мы з маці аднеслі лекі Чарткову. Ён пачаў іх прымаць, і у хуткім часе стан яго палепшыўся. Пазней, ужо ў 1943 годзе бацьку за сувязь з партызанамі пагражаў растрэл, і таму Аляксей Чарткоў, ужо камандзір партызанскага атрада, прапанаваў усёй сям'і пайсці ў партызанскі атрад у сямейны лагер. Так мы засталіся жывыя, а ў вёску вярнуліся ўжо пасля вызвалення раёна ад фашыстаў».


4 вучань

Напачатку лістапада 1941 года лейтэнант Чарткоў з дапамогай актыву Жытлінскага сельскага Савета арганізаваў партызанскую групу, першымі байцамі якой былі вайскоўцы Савецкай Арміі, пакінутыя ў тыле ворага: Сяргей Арлоў, Сямён Красоцін, Васіль Манахаў і жыхары в.Хадакі Мікалай і Міхаіл Колтуны. Пазней да іх далучыліся Васіль Пытляк, Фёдар Бяляеў, Віктар Лапацін, Іван Церашэнкаў і Сяргей Зорын. У далейшым з гэтага ядра вырас партызанскі атрад №112.


З успамінаў Гаўрыіла Карнеевіча Лукашэвіча, партызана атрада № 112:

«На невялікай паляне ва ўрочышчы Сава Корачынскіх лясоў на агульным зборы партызанскай групы быў афіцыйна створаны партызанскі атрад №112 (Ішоў 112-й дзень Вялікай Айчыннай вайны). Па прапанове старэйшага па ўзросце партызана Мікалая Харытонавіча Колтуна камандзірам атрада быў абраны Аляксей Пятровіч Чарткоў, а камісарам – Фёдар Аляксандравіч Бяляеў». (Слайд 8)

З «Кнігі ўліку баявых дзеянняў партызанскага атрада №112 Брэсцкай вобласці пра арганізацыю і баявых аперацыях з красавіка па лістапад 1942 гада»:

«Атрад арганізоўваўся ў красавіку 1942 гада. Заснавальнікамі атрада з'явіліся 7 чалавек, якія да арганізацыі атрада займаліся ўзбраеннем і барацьбой з дробнымі групамі паліцыі, солтусами і г.д. У красавіку налічвалася 30 чалавек, у маі – 70. Затым аб'ядналіся з атрадам Манахава В.М., у якім знаходзілася 55 чалавек. Усе былі ўзброены (3 кулямёты, астатнія – вінтоўкі і дастатковая колькасць патронаў). Атрад павялічыўся да 130 чалавек. У атрадзе арганізавалі партыйную і камсамольскую арганізацыі. Боепрыпасамі атрад ніадкуль не папаўняўся – карысталіся трафейнымі...»

З гэтай кнігі відаць, што толькі з мая па лістапад 1942 года атрадам праведзена 17 аперацый па выбуху варожых эшалонаў на ўчастку чыгункі Масква-Брэст ад Картуз-Бярозы да Быцені. Вось некаторыя з іх:

25.5.1942 г. Пушчаны пад адхон варожы эшалон з боепрыпасамі ў раёне Картуз-Бярозы Манахавым В.М. і Качарыным І.

5.10.1942 г. На ўчастку паміж станцыямі Косава і Бронная гара пушчаны пад адхон варожы эшалон: 20 вагонаў з вуглём, 9 з жывой сілай, 6 з боепрыпасамі; удзельнікі: В.М. Манахаў – камісар, Салаўёў, Плаксін, Андрыяшка П., Каспяровіч З, Каспяровіч І.

23.11.1942 г. на 965 км. Каспяровічам І. пушчаны пад адхон варожы эшалон, пабіты паравоз, 2 платформы, спынены рух на 24гадзіны. (Слайд 9)


5 вучань

З успамінаў Івана Міхайлавіча Церашэнкава (Слайд 10) :



(у чэрвені 1941 гадалейтэнант, начальнік сувязі батальёна 459-га стралковага палка 42-й стралковай дывізіі. Апынуўшыся ў тыле ворага, стаў партызанам. Кіраваў дыверсійнай групай. У далейшымкамісар атрада імя А. П. Чарткова)

«Увосень 1941 года антыфашысцкі камітэт Бярозаўскага раёна стварыў першую баявую групу, якая хутка перарасла ў атрад. Яго непасрэднымі арганізатарамі былі лейтэнант А. П. Чарткоў, С. Арлоў, С. Красоцін, Н. Міхайлаў, жыхары вёскі Хадакі Мікалай і Міхаіл Колтуны. Стары падпольшчык і камуніст Мікалай Харытонавіч Колтун быў нашым сталым сувязным і начальнікам разведкі атрада. З 1943 года ён стаў яго камісарам. Атрад дзейнічаў пад № 112. Яго камандзірам быў лейтэнант Аляксей Пятровіч Чарткоў.

Ядро атрада складалася з камуністаў, камсамольцаў і савецкага актыву Жытлінскага сельсавета Косаўскага раёна. У красавіку 1942 года ў атрад прыбылі актывісты з Яглевіцкага і Яблынскага сельсаветаў, а таксама вайскоўцы Савецкай Арміі, пакінутыя ў акружэнні.

Праз два месяцы да атрада далучыўся атрад, створаны ў Пескаўскіх лясах старшынамі з 459-га палка В. М. Манахавым і П. Губарэвым. Пасля зліцця абодвух атрадаў Манахаў быў прызначаны начальнікам штаба, а Ф. А. Бяляеў – камісарам. Атрад значна папоўніўся. У яго прыйшлі мясцовыя жыхары. Але іх трэба ўзброіць! А як? І тады вырашылі здзейсніць налёт на нямецкі гарнізон на станцыі Святая Воля і захапіць зброю. Праз вёскі Гічыцы, Козікі і далей праз станцыю Святая Воля пралягала вузкакалейка, па якой гітлераўцы вывозілі лесаматэрыялы для Целяханскага гарнізона. На цягніках працавалі палонныя. Мы выкарыстоўвалі гэту акалічнасць. Жнівеньскім пагодлівым днём, калі гітлераўцы былі на занятках, уладкавалі засаду паміж вёскамі Гічыцы і Козікі. Тэлефонную сувязь са станцыяй Святая Воля парвалі.

Вось на перагоне паказаліся цягнікі. Партызаны спынілі іх. Працоўным прапанавалі разыйсціся, а самі размясціліся ў пустых вагонах, на платформах. На паравоз сеў Чарткоў з аўтаматчыкам.

- Зараз гані і не спыняйся ў Святой Волі ! – загадаў ён машыністу.

Цягнік залапатаў, набіраючы хуткасць. Вось ужо і Святая Воля. Яе праскочылі без прыпынку. Не даязджаючы Целяхан, цягнік спыніўся, і партызаны ўладкавалі засаду, на выпадак, калі фашысты паспрабуюць дапамагчы гарнізону Святой Волі.

На другім цягніку дзве групы партызан пад камандаваннем Сяргея Зорына і ў 10 гадзін раніцы з ходу ўварваліся на станцыю Святая Воля. Пачуўшы першыя стрэлы, паліцыянты ў паніцы беглі, пакідаўшы зброю. Станцыя апынулася ў нашых руках.

На платформы пагрузілі зброю, боепрыпасы, абмундзіраванне, прадукты, медыкаменты. Нямецкія ўстановы і лесапільны завод спалілі. Працоўным лесазавода з захопленай касы раздалі грошы. Знаходзіўшагася на станцыі сувязнога Крываля пад выглядам арышту, узялі ў атрад.

Усе трафеі перавезлі на цягніках у лес, за вёску Козікі, а самі цягнікі

накіравалі адзін на другі і пусцілі пад адхон. Вясёлыя і радасныя да заходу сонца мы вярталіся ў свой лагер ва ўрочышча Самычын.

Гітлераўцы не маглі змірыцца з такімі дзёрзкімі дзеяннямі партызан. У канцы жніўня яны задумалі знішчыць наш атрад. Нам прыйшлося з баямі выходзіць з блакады. Умела маняўруючы, Чарткоў без страт вывеў атрад з кальца. І зноў наш атрад здзяйсняе налёты на варожыя гарнізоны, пускае пад адхон цягнікі, засцерагае савецкіх людзей ад згону ў рабства.

Неяк у кастрычніку 1943 года атрад 112 здзяйсняў марш з Івацэвіцкага раёна да станцыі Янаў-Палескі з задачай захапіць чыгуначны эшалон са зброяй. У дарозе стала вядома, што раніцай 11 кастрычніка карны атрад з адной артылерыйскай гарматай выйдзе з вёскі Гутава, каб учыніць крывавую расправу над жыхарамі вёсак Вавулічы, Крэмна, Дробаты за іх сувязь з партызанамі. Камандаванне атрада прыняло рашэнне разграміць карнікаў і выратаваць вёскі.

Уначы ў маладым хваёвым лесе, клінам выходзячым да дарогі, зрабілі засаду. На правым флангу з байцамі знаходзіліся камісар атрада М. Ф.Паршын і начальнік штаба В. М. Манахаў. Мой узвод меў задачу не дапусціць адыходу праціўніка, калі ён паверне назад на Гутава. З намі застаўся камандзір атрада А. П. Чарткоў. Світала. Прамерзлыя партызаны часамі ўздымаліся з зямлі, пастуквалі ботамі, саграваючы застылыя ногі, нягучна перагаворваліся паміж сабой. Ужо пяць гадзін сядзелі ў засадзе, а ворага ўсё няма. Партызаны ведалі, з якой мэтай ідуць карнікі. Усе памяталі расправу, якую ўчынілі гэтыя бандыты ў вёсцы Вяда. Крыж каля дарогі, паўразбураныя печы на месцы хат ды слуп поруч студні – вось усё, што засталося там пасля карнікаў. Выратаваўся толькі сувязны нашага атрада Т. Куратнік. Такія ж «аперацыі» былі праведзены гітлераўцамі ў вёсках Красніца, Бобровічы, Зыбайлы, Корачын і ў шматлікіх іншых населеных пунктах Івацэвіччыны.

Хіба можна дапусціць, каб гэта ж паўтарылася? Не, нельга. І вось па ланцугу ад партызана да партызана шэптам перакацілася слова: «Ідуць». За ім каманда: «Падрыхтавацца да бою!» Пстрыкнулі засаўкі, і ўсё вакол замерла.

Чорнай стужкай расцягнулася па дарозе калона гітлераўцаў. Павольна прасоўваючыся, яны спыніліся за метраў дзвесце ад лесу. Затым, выслаўшы разведку з сабакамі, нерашуча рушылі наперад, увесь час паглядаючы на лес. Калі калона параўнялася з засадай, затрашчалі дзясяткі партызанскіх кулямётаў і аўтаматаў, запляскалі вінтовачныя стрэлы. Мінамётчык Іван Навачэнка адкрыў агонь па хвасце калоны. Шматлікія гітлераўцы былі забіты ці паранены, але пакінутыя ў жывых заляглі па канавах каля дарогі, у ямах і ярах. Завязаўся цяжкі бой.

- Наперад! – прычуўся звонкі голас камандзіра атрада, і з крыкам «ура» партызаны кінуліся ў атаку.

Нечакана фашысты адкрылі моцны кулямётны і аўтаматны агонь. Партызаны заляглі. Тады камандзір атрада з крыкам: «За Радзіму! За беларускую зямлю!» першым кінуўся наперад. Гітлераўцы спрабавалі разгарнуць супраць наступаючых сваю гармату, але зрабіць гэтага не паспелі, і яна была захоплена партызанамі. Вораг стаў адыходзіць. У гэты момант быў смяротна паранены наш баявы камандзір Аляксей Пятровіч Чарткоў. Паміраючы, ён аддаў свой апошні загад: «Дабіце сцярвятнікаў».

Бой разгарэўся з новай сілай. Зараз у ім удзельнічала і нямецкая гармата. Агонь з яго вялі камандзір узвода В. Лапацін і радавы А.Чубуркоў.

Гітлераўцы, адчуваючы сваю згубу, зацята абараняліся. Нашы страты раслі.

Нясуць мёртвага камісара атрада Міхаіла Фёдаравіча Паршына. Варожая куля зразіла яго, калі ён з паднятым над галавой аўтаматам вёў байцоў у атаку.

Кіраўніцтва боем прыняў на сябе начальнік штаба Васіль Манахаў.Адважна ваявалі Т. Куратнік. П. Краўчэня. А. Міронаў. Ф. Петручэня, І. Лукашэвіч і многія іншыя. Пераможцамі вярталіся мы з поля бою. Але радасць перамогі азмрочвалася цяжарам страт.

Вось ляжаць перад намі камандзір А. П. Чарткоў, камісар М. Ф.Паршын, камандзіры аддзяленняў К. Н. Куранны, А. І. Звераў. В. Л.Гурвіч, радавыя: Т. Я. Якаўлеў. С. А. Мультан, Т. В. Даўжнікоў. Н. Г.Янушкевіч. З Д. Шамакоў.

Коштам свайго жыцця выратавалі яны ад смерці жыхароў некалькіх вёсак.»
6 вучань

З успамінаў начальніка штаба атрада Івана Лаўрынавіча Залесава (Слайд 11):



«У адзін з кастрычніцкіх дзен 1943 года атрад, які ўзначальваў А.П. Чарткоў, атрымаў заданне разбіць нямецкі чыгуначны эшалон з жывой сілай, які рухаўся на фронт, і пры спрыяльным зыходзе гэтай аперацыі захапіць боепрыпасы. Хоць Брэсцкае злучэнне было створана, але яно яшчэ не ў сілах было забяспечыць усіх партызан зброяй. Для выканання вызначанага задання атрад рушыў да чыгункі Брэст – Пінск. У вёсцы Крэмна Драгічынскага раёна было вырашана перадыхнуць. Выставілі пасты, накіравалі разведку для вывучэння руху цягнікоў і падбору падыходнага месца для нападу на варожы эшалон. Але прыйшоў сувязны мясцовага партызанскага атрада і паведаміў пра тое, што яму паступілі звесткі з Драгічына, што фашысцкі карны атрад павінен знішчыць два населяныя пункты з жыхарамі. Сувязны прасіў камандаванне атрада аказаць дапамогу ў выратаванні насельніцтва. Было прынята рашэнне аперацыю па захопе эшалона адмяніць, а прыняць меры да выратавання насельніцтва. 11кастрычніка ў тры гадзіны ночы партызанскі атрад уладкаваў засаду паміж вёскамі Гутава і Вавулічы. Карны атрад з'явіўся каля 11.00 раніцы, рухаючыся ад вёскі Гутава на Вавулічы. Калі калона карнікаў увайшла ў зону абстрэлу партызанскай засады, камандзір партызанскага атрада А.П. Чарткоў даў загад адкрыць агонь па захопніках з кулямётаў, аўтаматаў, мінамётаў і вінтовак. Шматлікія карнікі ўпалі, забітыя агнём партызан. Ацалелыя заляглі ў кюветах, люта адстрэльваючыся. Сярод партызан з'явіліся забітыя і параненыя. Дабіць ворага можна было толькі ў рукапашнай сутычцы. Тады камандзір паднімаецца і з крыкам «За Радзіму! Ура», страляючы кінуўся на эсэсаўцаў, ведучы за сабой партызан, якія ўжо абганялі камандзіра. Калі Чарткоў выбег на дарогу, дзе стаяла гармата, павернутая да лесу, злева ўздоўж дарогі шаснула аўтаматная чарга. Яго смяротна паранілі ў жывот. Партызаны, якія падбеглі, пачалі разразаць адзенне і перавязваць раны. Апошнімі словамі камандзіра былі: «Дабіце немцаў!» У гэтым баі загінулі камісар атрада М. Ф. Паршын і камандзір аддзялення В.Л. Гурвіч. Іх пахавалі на партызанскіх могілках ва ўрочышчы «Курыльцы»,за 15 кіламетраў ад вёскі Жытлін.Камандзіра замяніў начальнік штаба В.М. Манахаў і давёў бой даканца. Вёскі і людзі засталіся цэлымі».

Так на далёкай беларускай зямлі гераічна загінуў Аляксей Чарткоў. У ёй ён і застаўся. А родныя ніякіх вестак ад сына так і не атрымалі. Чакалі. Чаканне цягнулася гадамі...


7 вучань

Скончылася Вялікая Айчынная вайна. Дахаты вярталіся мужы, бацькі, сыны. Але з тых часоў, як Аляксей быў накіраваны на службу на заходнюю мяжу СССР, ад яго ніякіх звестак не было. 18 гадоў бацькі нічога не ведалі пра лёс свайго сына. У мястэчку нават пачалі пагаворваць, што Аляксей перайшоў на бок фашыстаў. На запыты бацькоў у розныя інстанцыі давалі адказ, што ў спісах забітых і параненых не значыўся, а пазней даслалі паведамленне – згінуў без вестак. (Слайд 12)

Але ў Івацэвічах былыя партызаны Мікалай Харытонавіч Колтун, Іван Міхайлавіч Церашэнкаў і Вольга Андрэеўна Гойшык рознымі шляхамі спрабавалі знайсці сваякоў свайго камандзіра: пісалі ў ваеннае вучылішча, дзе вучыўся Аляксей Чарткоў. Адтуль далі адрас Лухавіцкага раёна Маскоўскай вобласці. У 1959 годзе ў рэдакцыю газеты «Луховицкие вести» прыйшоў ліст з Беларусі ад гэтых жа людзей, дзе яны распавялі пра подзвіг Аляксея Чарткова і прасілі ўсталяваць сувязь з роднымі камандзіра. Крыху пазней на адрас Вольгі Андрэеўны Гойшык прыйшоў ліст ад Пятра Іванавіча Чарткова, бацькі камандзіра, у якім сям'я Чартковых запрасіла баявых таварышаў свайго сына пабываць на яго радзіме і пазнаёміцца са сваякамі. У Фруктовае паехалі М.Х. Колтун, І. М. Церашэнкаў і В. А.Гойшык. Яны і распавялі сваякам усю праўду пра Аляксея. (Слайд 13)

З тых часоў паміж сям'ёй Чартковых з Маскоўскай вобласці і сем'ямі былых партызан пачалося сяброўства, з Вольгай Андрэеўнай Гойшик увесь час вялі перапіску Пётр Іванавіч Чарткоў і яго дзеці. Вось вытрымка з аднаго ліста: «..Мы не родные. Но Ваше и Ваших товарищей отношение к нам в несколько раз было лучше, чем родных…Старая русская пословица недаром говорит: «Не в шумной беседе друзья познаются, друзья познаются бедой. Как горе нагрянет и слёзы польются, тот друг, кто заплачет с тобой»… Надолго останется в нашей памяти момент нашего пребывания в тех местах, где пал смертью наш сын Лёша, защищая дорогую нам Родину и белорусский народ от фашистских оккупантов.»

У 1960 годзе бацькі Аляксея Чарткова пабывалі ў Беларусі і ўдзельнічалі ў перапахаванні рэштак іх сына і іншых загінуўшых партызан у брацкую магілу ў в. Жытлін. (Слайд 14, 15)
З успамінаў Марыі Пракопаўны Саўчук:

«Спачатку зрабілі новыя труны. Трэба было зрабіць некалькі дзясяткаў, бо збіраліся перапахаваць не толькі Чарткова, але і іншых партызан, загінуўшых разам з ім у адным баі. Паехалі ва ўрочышча Курыльцы на месца пахавання загінуўшых у баі партызан. Одкапалі ўсе труны, якія ляжалі ў зямлі. Яны стаялі ў вадзе, там было вельмі нізкае месца. І што мы там убачылі? Ляжалі адны толькі косткі. Іх пераклалі ў новыя труны, якія затым перанеслі на цяперашняе месца пахавання. Сабралася вельмі шмат народу, перазахараньвалі з усімі вайсковымі ўшанаваннямі. Запомнілася, як моцна плакала і галасіла маці

Чарткова. Трохі пазней на гэтым месцы ўсталявалі помнік.»
Словы настаўніка

Імёны герояў не знікаюць бясследна і не сціраюцца часам. Імя партызанскага камандзіра носяць вуліца ў Івацэвічах, сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў на жытліншчыне, Фруктоўская сярэдняя школа Лухавіцкага раёна Маскоўскай вобласці.

Будзем спадзявацца, што ў гісторыка-краязнаўчым музеі г.Івацэвічы будзе і куток, які распавядае пра гэтага чалавека.

Прайшло 68 гадоў з часу гераічнай гібелі Чарткова. Наведаўшы сайт «www.obd.memorial.ru» – абагульнены банк дадзеных змяшчае інфармацыю пра абаронцаў Айчыны, загінулых і якія згінулі без весткі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд і ўвядучы дадзеныя Аляксея Пятровіча Чарткова, выдаецца інфармацыя: камандзір кулямётнага ўзвода 13 стралковага палка згінуў без весткі ў ліпені 1941гадзе:

Нумар запісу 74992956

Прозвішча – Чарткоў

Імя – Аляксей

Імя па бацьку – Пятровіч

Дата нараджэння – 1920

Месца нараджэння – Курская вобл.

Апошняе месца службы – 13 СП

Вайсковае званне – лейтэнант

Чыннік выбыцця – згінуў без весткі

Дата выбыцця – 07.1941

Назва крыніцы інфармацыі – ЦАМО

Нумар фонду крыніцы інфармацыі – 33

Нумар вопісу крыніцы інфармацыі – 563784

Нумар справы крыніцы інфармацыі – 38 (Слайд 16)


Я спадзяюся, што наша класная гадзіна пасадзейнічае таму, каб вы прадоўжылі даследчую працу і дапамаглі родным герояў вайны пазнаць пра месцы пахавання іх бацькоў, дзядоў, прадзедаў.
Літаратура:

1. Памяць. Івацэвіцкі раён. Мн. 1997.

2. Терешенков И. «Буг в огне» Мн. 1965.

3. Ромма Ф. «Мужала молодость в боях» Мн. 1974.

4. Цветков В. «Своими глазами» Мн. 1972.

5. Рутич С. «Навеки юные» Мн. 1974.

6. Шило А. «Легендарный командир» газета «Івацэвіцкі веснік» № 87
2009

7. Архивные материалы историко-краеведческого музея г. Ивацевичи


8 . Документы сайта «www.obd.memorial.ru»

9. Материалы сайта Фруктовской средней школы Луховичского


района Московской области

10. Свод памятников истории и культуры. Брестская область. Мн.


1990.




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка