Конкурс "Мая Беларусь. Мая Будучыня" Мая маленькая Радзіма




Дата канвертавання05.02.2018
Памер34.04 Kb.


Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Залескі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа Вілейскага раёна”

Конкурс “Мая Беларусь. Мая Будучыня”


Мая маленькая Радзіма

Міхайлава Святлана Віктараўна,

вучаніца 11 класа


Кіраўнік: Краўчонак Любоў Іванаўна

Мая маленькая Радзіма

Мой родны кут,

Як ты мне мілы...

Я. Колас

Мой родны кут... Як шмат значаць гэтыя словы для нас – дзяцей. Гэта і родныя, знаёмыя з дзяцінства краявіды, і прыгожыя, працавітыя, сціплыя людзі. Гэта і родны дом, у якім нарадзіўся, і мілагучная матчына мова, і сцежка, па якой прайшоў упершыню, і клёкат буслоў...

Усё гэта і шмат чаго іншага – мой родны кут, мая сінявокая Радзіма. І дзе б мы не апынуліся, мы заўсёды вяртаемся на радзіму свайго дзяцінства. Гэтыя знаёмыя з маленства мясціны, дзе мы выраслі і жывём, - ёсць часціца таго вялікага і святога, што мы называем словамі Айчына, Бацькаўшчына.

Мая Бацькаўшчына – гэта невялікая вёсачка Карпавічы, якая раскінулася сярод лясоў Вілейшчыны.

Даўным-даўно жылі дзяўчына Карпа і хлопец Вічы. Яны кахалі адзін аднаго, заўсёды былі разам. Аднавяскоўцы цешыліся з гэтай пары і казалі, што яны не могуць жыць адзін без аднаго. Але родныя не дазволілі дзецям быць разам, таму што Вічы быў сын простага селяніна. Карпа ўтапілася ў рацэ, якая працякала каля вёскі, а Вічы ад гора і смутку памёр. Пахавалі яго на беразе ракі. Толькі вялікі валун – помнік той трагедыі.

З таго часу вёску сталі называць Карпавічы. Вось такая легенда засталася ў памяці маіх аднавяскоўцаў.

Абапал вуліцы растуць магутныя ліпы. Мядовы пах разносіцца па вёсцы, калі яны цвітуць. Працавітыя пчолкі гудуць, снуюць сярод ліпавага цвету. Гул стаіць навокал ад гэтага рою пчол, што нельга не заслухацца. Улетку пад ліпамі знойдзеш адпачынак ад летняй спёкі.

З усходу вёску сцерагуць два возеры, якія раскінуліся адно насупраць другога. Азёры – гэта наш гонар. Вельмі прыгожа навокал, калі заходзіць сонца. Яно адлюстроўваецца на паверхні вады і зіхаціць рознакаляровымі фарбамі.

Дзікія гусі, лебедзі, качкі – частыя госці на нашых азёрах. І калі лятуць лебедзі над лесам, то, здаецца, знаходзішся ў зачараваным царстве, і нясуць птушкі Янку на сваіх крылах...

У канцы вёскі, з захаду, знаходзіцца Чорнае возера. Можа, яго назвалі па колеру вады. Але, на маю думку, вада там цёмная, бо на дне – балоцістая чорная зямля. І вельмі прыгожа, калі на гэтай чорнай паверхні плаваюць белыя лебедзі. Яны лічаць сябе гаспадарамі возера. Людзі пільна назіраюць за гэтымі птушкамі.

У цэнтры вёскі, на белай вежы, размясціліся буслы. Колькі я сябе памятаю, яны прылятаюць да нас штогод. Перш-найперш прылятае бусел. Ён аглядае, майструе гняздо. Затым прылятае яго сяброўка. Буслы, як людзі, клапоцяцца адзін пра аднаго. Заглядзішся, ідучы паўз вёску, калі на гняздзе з’явяцца маладыя бусляняты. А бацька-бусел кружыць над вёскай, распрастаўшы вялікія крылы.

Мір і спакой у нашай вёсцы, калі буслы жывуць сярод людзей.

Кругом вёскі раскінуліся магутныя лясы. Ёсць у нас і цёмныя ельнікі, дзе пахне сырасцю нават у летнюю спёку. Прывабліваюць змешаныя лясы, бярэзнікі і сасновыя бары. А колькі грыбоў у нашых лясах!

Абуджэнне зямлі вясной выклікае радасны настрой. Гэта цудоўная пара года сімвалізуе вечнае абнаўленне жыцця. Цвітуць яблыні і грушы, слівы і вішні. Такое хараство навокал, што не адарваць вачэй!

Аб светлай пары лета з навальніцамі і спякотай, аб усходзе сонца і жнівеньскім вечары, бяскрайнім жытнёвым моры, рознакаляровых красках на ўзмежках і пожнях, аб летняй ночы з светлячкамі і аб рыбнай лоўлі можна гаварыць бясконца.

Лета – гэта пара сенакосу. Мае аднавяскоўцы рупліва нарыхтоўваюць сена для скаціны. Чакаць – нельга, бо надзеі на надвор’е невялікія.

Тужлівая восень з дажджамі, непаўторнымі фарбамі лясоў, вераснёўскімі вечарамі выклікае сум і глыбокі роздум. Але здараюцца і залатыя дні восені. Тады так хораша навокал, і вёска, як сціплая гаспадыня, вітае гасцей...

Чароўная зіма апранае вёску ў белае адзенне. У зімовых замалёўках зрокава ўспрымаеш нахіленыя пад цяжарам снегу сасновыя галіны, бярозкі стаяць у карункавых сукенках і зіхацяць на сонцы. Прырода заснула толькі на імгненне і чакае свайго абуджэння...



Гэта ўсё – мая вёска, мая родная зямля, мая Бацькаўшчына. Гэта непаўторная краса засталася нам у спадчыну, як засталіся ў спадчыну народныя звычаі і культура, і наша родная мова. І мы павінны пакінуць у спадчыну нашым нашчадкам не водгукі чарнобыльскай трагедыі, не збяднелую зямлю, а шчодрыя і ўрадлівыя палі, крыштальна чыстыя рэкі і азёры, каб з вуснаў нашых унукаў гучалі словы: “Мой родны кут, як ты мне мілы!..”



База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка