Конкурсу "Мы такія!", які абвешчаны рэдакцыяй газеты "Звязда" у дадатку "Чырвоная змена (Чырвонка)"




Дата канвертавання14.11.2018
Памер20.25 Kb.
Умовы правядзення творчага конкурсу “Мы – такія!”,

які абвешчаны рэдакцыяй газеты “Звязда” у дадатку “Чырвоная змена (Чырвонка)”, пры інфармацыйнай падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
«МЫ — ТАКІЯ!..» А РАСКАЖЫЦЕ — ЯКІЯ?!.
Што рабіць, калі ты ведаеш родную мову, карыстаешся ёю, а рука сама цягнецца да нататніка ці клавіятуры, каб зафіксаваць тое, што цікавіць, хвалюе? Што рабіць, калі ты адчуваеш нейкую магію ад друкаваных радкоў ужо не толькі як чытач?..

Вядома ж, пісаць! Спрабаваць свае сілы ў такой пакуль яшчэ нязведанай, але прывабнай сферы, як журналістыка! Пісаць і дасылаць свае творчыя працы ў «Чырвонку», якая абвяшчае чарговы конкурс для юных і маладых няштатных аўтараў (на папярэдні, пад назвай «Новы погляд», прыйшло шмат допісаў, а ўсе тыя пачаткоўцы, якія актыўна супрацоўнічалі з рэдакцыяй на працягу года, паступілі на факультэт журналістыкі). «Мы — такія!..» Гэтую назву па рашэнні рэдкалегіі конкурс атрымаў сёлета. Сапраўды, якія вы, сучасная моладзь?.. Вось пра гэта і раскажаце ў сваіх матэрыялах.

Адзіная просьба: не прыцягвайце «за вушы» тэму, не «выцягвайце» інфармацыю з інтэрнэту. Зірніце на свет свежым вокам! Вакол нас столькі незвычайных людзей, адбываецца столькі ўсяго цікавага! Раскажыце пра канкрэтнага чалавека, які зацікавіў вас сваім лёсам ці, напрыклад, незвычайным хобі. Магчыма, вы ведаеце старажыла, які падзеліцца сваімі ўспамінамі пра даўнія часы: раскажа пра гісторыю краю і людзей, што некалі жылі і працавалі тут? Ці вы самі сталі ўдзельнікам цікавых падзей: ад турыстычнага паходу да ўдзелу ў школьнай бізнес-кампаніі? Бачыце, колькі тэм навокал!..

У якім жанры пісаць? Ды ў якім заўгодна: усе матэрыялы добрыя, акрамя нецікавых. Рэпартаж, інтэрв’ю, эсэ, замалёўка — выбар за вамі. Лепшыя допісы будуць надрукаваны на старонках «Чырвонкі».

Па выніках конкурсу трох пераможцаў чакаюць памятныя прызы. Калі нехта з іх збіраецца ў наступным годзе паступаць на факультэт журналістыкі — атрымаюць ад рэдакцыі яшчэ і рэкамендацыі. Конкурс будзе доўжыцца да 1 мая (дата адпраўкі матэрыялаў). Свае творчыя працы дасылайце на электронны адрас газеты: konkurschz@maіl.ru у фармаце rtf (магчымыя ілюстрацыі або фота здымкі — асобным далучаным файлам) з абавязковай пазнакай «На конкурс «Мы — такія!..» Або ў пісьмовым выглядзе на адрас «Звязды» (220013, г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10А) з той жа пазнакай.

Абавязкова напішыце пра сябе: узрост, месца працы ці вучобы, і колькі слоў пра свае захапленні, жыццёвыя памкненні.



Пазначце кантактныя нумары тэлефонаў, па якіх з вамі можна будзе звязацца. Для налічэння ганарару, калі ваш матэрыял з’явіцца на старонках газеты, укажыце для бухгалтэрыі свой паштовы адрас (з індэксам), пашпартныя звесткі (кім і калі быў выдадзены, нумар, асабісты нумар (доўгі радок з лічбаў і літар), сваё імя, імя па бацьку, прозвішча. Уся гэтая інфармацыя павінна быць пададзена на рускай і беларускай мовах. Калі дасланыя матэрыялы не падыходзяць да друку, яны не рэцэнзуюцца.

Паверце, тых, хто прайграе, у конкурсе не будзе. Зычым творчых поспехаў!


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка