Курганны могільнік каля в. Мяцявічы




Дата канвертавання18.11.2017
Памер58.19 Kb.
На тэрыторыі Салігорскага раёна знаходзіцца 9 помнікаў, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, з іх 1 нематэрыяльны аб’ект: калядны абрад “Шчадрэц” в. Рог Салігорскага раёна, як адметнае праяўленне лакальнай культурнай традыцыі і 8 матэраяльных аб’ектаў: Курганны могільнік каля в. Мяцявічы; Курганны могільнік каля в. Прусы; Курганны могільнік каля в. Пагост; Пакроўская царква ў в. Чыжэвічы; помнік братам Цубам; Магіла Дзмітрыя Цімафеевіча Гуляева; Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан у г.п. Красная Слабада; помнік У. І. Леніну у г. Салігорску.

Курганны могільнік каля в. Мяцявічы. Належаў дрыгавічам, датуецца прыкладна 11-13 ст. Размешчаны ў 1 км на ўсход ад паўночнай ўскраіны вёскі, на правым беразе Салігорскага вадасховішча. Налічвае 21 насып дыяметрам ад 8 да 9 м., вышынёй каля 1,5 м. Асабліва вылучаюцца 2 курганы, што знаходзяцца ў паўднёвай частцы могільніка, вышынёй 3-4 м., дыяметрам 15 і 20 м. У адзін з іх урэзаліся сучасныя магілы. У 1929 г. могільнік даследавалі археолагі А.М. Ляўданскі і С.А. Дубінскі, якія раскапалі 13 курганоў. У 1979 г. праводзіліся даследаванні яшчэ адным археолагам Ул.Ф. Ісаенка.



Курганны могільнік каля в. Прусы. Размешчаны на паўночна-заходняй ўскраіне вёскі, на сучасных могілках. Датуецца арыенціровачна 9-13 ст. У яго ўключаны 9 насыпаў вышынёй 1,5-2 м., дыяметрам ад 5 да 7 м. Вядомы з 1924 г., у 1979 г. падрабязней даследаваўся археолагам Ул.Ф. Ісаенка, аднак раскопкі не праводзіліся.




Курганны могільнік каля в. Пагост. Размешчаны на паўночнай ўскраіне вёскі, на мысе вялікай лагчыны р. Случ, у паўночнай частцы сучасных могілак. Вядома 7 насыпаў дыяметрам 5-6 м., вышынёй каля 1 м., асабліва вылучаецца адзін курган вышынёй 3 м. і дыяметрам 12 м. адпаведна. Каля падножжа можна выявіць раўкі. Даследавалі археолагі А.М. Ляўданскі і С.А. Дубінскі ў 1929 г. Імі было раскапана 2 насыпы. Таксама ў 1979 г. іх даследаваў Ул.Ф. Ісаенка. Прыкладны часовы адрэзак узнікнення - эпоха Кіеўскай Русі.



Сапраўднай жамчужынай драўлянага дойлідства па праве лічыцца Пакроўская царква ў в. Чыжэвічы. Помнік драўлянага дойлідства з рысамі барока. Пабудавана з дрэва на паўднёвай ўскраіне вёскі. У 1895 г. была перабудавана.

Асноўны аб'ём і званіца маюць ярусную кампазіцыю. Да асноўнага аб'ёму далучаны нізкія бакавыя прыбудовы з дадатковымі ўваходамі, да пяціграннай алтарнай часткі - рызніца. Уваходная частка вылучана бабінцам з навессю ў выглядзе трохвугольнага франтона на тонкіх строеных калонах.

Верхнія ярусы званіцы (васьмігранная ў плане) і зальная частка храма завершаны шатрамі і купаламі з галоўкамі. Сцены гарызантальна ашаляваны і прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі з сандрыкамі. Зальная частка трохсветлавая. У інтэр'еры столь плоская, акрамя цэнтральнай падкупальнай прасторы, дзе чацвярык другога яруса пераходзіць пры дапамозе ветразяў у васьмярык і перакрыты самкнёным гранёным скляпеннем. Хоры над уваходам падтрымліваюцца двума круглымі слупамі.


9 кастрычніка 1966 г. на скрыжаванні дарог Салігорск - Хорастава ўрачыста быў адкрыты помнік братам Цубам.

У лютым 1943 г. нямецка-фашысцкія войскі ўварваліся ў в. Навіна, аднак многія з жыхароў вёскі паспелі пакінуць свае дамы. Карнікі знайшлі тут толькі братоў Цубаў – 75-гадовага Івана Самуілавіча і 70-гадовага Міхаіла Самуілавіча. Гітлераўцы загадалі Міхаілу паказаць дарогу да партызан. Мужны патрыёт адмовіўся выканаць загад і быў растраляны. Узрушаны расправай над братам, Іван даў згоду стаць правадніком. Ён завёў ворагаў на забалочаны бераг р. Лань, адкуль яны не змаглі выбрацца. Пасля гэтага быў растраляны. За свой подзвіг Іван Цуба пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Леніна.

Скульптурная кампазіцыя складаецца з паясных партрэтаў М.С. і І.С. Цубаў. У мастацкім адлюстраванні подзвіг атрымаў жанравую адпавядальнасць: жэсты рукі і галавы аднаго з братоў нібы пацвярджаюць катэгарычную адмову выканаць загад ворагаў, увесь выгляд другога – цвёрдую непахіснаць выканаць прынятае рашэнне. Мяккая, сакавітая пластыка форм разам з дэталёвай прапрацоўкай рысаў твараў надаюць вобразам рэальнасць. У нішы пастамента – надпіс-прысвячэнне.

Гэты манумент заўсёды будзе нагадваць аб гераічнай барацьбе савецкіх людзей супраць нямецка - фашысцкіх акупантаў.



Магіла Дзмітрыя Цімафеевіча Гуляева размешчана ў “Парку культуры і адпачынку над ракой Случ” у г. п. Старобін.

Дзмітрый Цімафеевіч Гуляеў, ураджэнец адной ўкраінскай вёсачкі, да Вялікай Айчыннай вайны скончыў Маскоўскае ваенна-палітычнае вучылішча і быў накіраваны на заходнія рубяжы краіны. З першых дзён вайны Гуляеў прымаў удзел у абарончых баях Чырвонай Арміі, а потым, патрапіўшы ў акружэнне, прабіраўся з байцамі на ўсход. У маі 1942 г. ён узначальвае асобы атрад, а з чэрвеня 1943 года 101-ю партызанскую брыгаду ім. А. Неўскага. Гэта была асноўная брыгада, якая дзейнічала на тэрыторыі Старобінскага раёна. Дзмітрый Гуляеў быў прыкладам для партызан і карыстаўся павагай не толькі сваіх баявых сяброў, але і мясцовага насельніцтва. У адным з баёў каля вёскі Панічы 5 верасня 1943 года 27-гадовы камбрыг загінуў. Пасмяротна яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У 1961 г. на магіле Дз.Ц. Гуляева быў пастаўлены помнік – скульптурны партрэт на прамавугольным пастаменце. Помнік выкананы з бетону, скульптар А.А. Бембель. Паварот галавы, шырокі разварот плячэй, выразнасць і дакладнасць пластычнай характарыстыкі падкрэсліваюць духоўную сілу героя.

Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан ў г.п. Чырвоная Слабада знаходзіцца ў цэнтры пасёлка. Тут пахаваны 68 воінаў 20-га стралковага корпуса 28-й арміі і конна-механізаванай групы 1-га Беларускага фронту, якія загінулі 30 чэрвеня 1944 г. пры вызваленні пасёлка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і 11 партызан 32-й брыгады імя М.І. Калініна, што загінулі вясной 1944 г. у баях супраць акупантаў.

У 1956 г. на магіле пастаўлены помнік – скульптурная кампазіцыя: воін са сцягам і жанчына з вянком.



На цэнтральнай плошчы г. Салігорска, на перекрыжаванні вул. Казлова і вул. Леніна, 20 красавіка 1979 г. быў устаноўлены помнік Ул.І. Леніну.

Помнік уяўляе сабой скульптурны бюст, выкананы ў кованай медзі, гранітнага высокага пастамента і стэрэабата са сцілабатам. У кампазіцыі помніка строгія архітэктурныя формы пастамента, элементаў стэрэабата арганічна спалучаюцца з выразнасцю пластычнай скульптуры бюставага характару, у вобразе якой прасочваецца тэма сцяга. Агульная высата помніка 10,8 м.

Аўтар помніка – народны мастак БССР А. Бембель, архітэктары А. Блахін і У. Сідзельнікаў.




Нематэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць

Паводле пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 жніўня 2009 г. № 1088 статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці быў нададзены каляднаму абраду “Шчадрэц” в. Рог Салігорскага раёна.

Шчадрэц, або “Казельчык”, ладзяць у ноч з 13 на 14 студзеня ў наваколлі в. Даманавічы (Даманавічскі сельсавет). Песні, прыгаворы і ўсе дзеі гэтага абраду захаваліся, іх ведаюць і здзяйсняюць абрад у многіх суседніх вёсках, аднак найбольш яскрава традыцыя захавалася і амаль не ператварылася ў вёсках Рог і Восава.

Адбываецца “Шчодрык” з удзелам традыцыйных маскіраваных персанажаў: Дзед-продак, Баба-заснавальніца, конь, каза, журавель і інш. Найбольш унікальны персанаж у гурце шчадравальнікаў – гэта дзед і яго берасцяная маска, аналагаў якой больш няма на Беларусі.



Гурт шчадроўнікаў мае ў арсенале шматлікія песенныя віншаванні для гаспадара і яго сям'і, вясёлай песняй суправаджаюцца скокі казы. Віншаванне ўключае абявязковую пачатковую песню-зварот, пасля якой шчадроўнікаў запрашаюць у хату, а завяршаецца заключнай песняй, у якой прасочваюцца інтанацыі загада-пагрозы на выпадак, калі шчадроўнікі не будуць адораны.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка