Курсавая праца




старонка1/5
Дата канвертавання05.05.2017
Памер0.73 Mb.
  1   2   3   4   5
МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ

ФАКУЛЬТЭТ МІЖНАРОДНЫХ АДНОСІН

КАФЕДРА ГІСТОРЫІ І ТЭОРЫІ ДЗЯРЖАВЫ І ПРАВА



Курсавая праца

Сям’я і шлюб у феадальным праве Беларусі.




Выканала:

студэнтка I курса, група 3

Клімовіч Т. Г.
Кіраўнік:

Шылінская А. У., выкладчык



Мінск

2003

Змест.




  1. Уводзіны.

  2. Формы шлюбу, іх эвалюцыя. Рэгуляванне шлюбу і яго скасаванне. 1.Формы шлюбу паводле звычаёвага права. 2.Рэгуляванне шлюбных дачыненняў кананічнным (царкоўным) правам. 3.Шлюбныя дачыненні ў свецкім заканадаўстве. 4.Пытанні спынення шлюбу ў царкоўным і свецкім заканадаўстве.

  3. Прававое рэгуляванне маёмасных дачыненняў у сям’і. 1. Пасаг як маёмаснае забеспячэнне жанчыны. 2.Інстытут забеспячэння жанчыны– вена. 3.Спадчынныя дачыненні ў сям’і. 4. Апека як інстытут аховы сямейных інтарэсаў. 5.Асаблівасці юрысдыкцыі па шлюбна-сямейных правах.

  4. Заключэнне.





























УВОДЗІНЫ.

Сям*я- бадай ледзьве ці не самы важны сацыяльны інстытут. У кожным грамадстве яна выконвае жыццева важныя функцыі і з*яўляецца найбольш прыстасаванай формай існавання чалавецтва. Працэсы, якія адбываюцца ў сям*і як структурным элеменце грамадства, у сукупнасці ўсебакова ўплываюць на сацыяльнае жыццё джяржавы і наадварот.

Тэма гэтай працы– пытанні фарміравання шлюбна-сямейнага права і заканадаўства XIVст. і характарыстыка гэтага элемента прававой сістэмы Вялікага княства Літоўскага.
Такі аб*ект даследавання абраны не выпакова. XIV-XVI стст. – той час, калі цалкам сфарміравалася прававая сістэма дзяржавы. Прычым працэс гэты адбываўся пад актыўным уплывам эпохі Рэнесансу і Рэфармацыі, якая выначыла дынамізм праватворчасці і высокі навуковы узровень кадыфікацыі права, вынікам чаго сталіся Статуты 1529, 1566, 1588 гг.

Падчас распрацоўкі Статутаў прававая навука і практыка праз шматлікія намаганні стварылі заканадаўства, што ўвабрала ў сабе новыя , характэрныя эпосе Рэнесансу прынцыпы: прыярытэт пісанага права, першынство закону. Абарона суверэнітэту і г. д. У Статутах знайшлі адлюстраванне ідэі гуманізму і талеранцыі, усталявання прававой дзяржавы.


ФОРМЫ ШЛЮБУ, ІХ ЭВАЛЮЦЫЯ.

РЭГУЛЯВАННЕ ШЛЮБУ І ЯГО СКАСАВАННЕ.


1.Формы шлюбу паводле звычаевага права.

Першы вядомы сёння ўспамін пра формы шлюбу ў славян паганскага часу сустракаецца ў "Аповесці мінулых гадоў". Летапіс згадвае шлюбныя звычаі драўлян, радзімічаў ды іншых плямёнаў, змяшчае звесткі аб трох формах шлюбу: крадзеж "каля вады", вывядзенне паводле папярэдняй змовы, прывядзенне нявесты ў дом жаніха.

Такія формы шлюбу, як крадзеж, купля жонкі, вядомыя ў гісторыі з часу ўзнікнення парнага шлюбу1 у перыяд пераходу ад палігаміі да манагаміі..

На зямлі сучаснай Беларусі гэты этап супаў з прыняццем хрысціянства, пераходам ад паганскай культуры да хрысціянскай. Хрысціянства, шчыльна звязанае з інстытутам шлюбу і сям'і, у многім вызначыла яе якасныя характарыстыкі, пра што яскрава сведчаць вядомыя старажытныя статуты — Уладзіміра і Яраслава.

Інстытут шлюбу і сям'і паводле звычаёвага права беларусаў даследваўся ў працах М.Доўнар-Запольскага, М.Нікольскага, Я.Карскага ды іншых вучоных найперш у аспекце традыцыі..

Даследванні паказалі, што вясельная абраднасць у Беларусі пачынаецца з часоў першабытнага ладу і мае шэраг аналогій і паралеляў у абраднасці індаеўрапейскіх народаў2. Беларуская вясельная абраднасць, узнікшы ў старажытныя паганскія часы, захавала трывалыя рысы паганства, па сведчанні даследчыкаў, да XIX ст.3.Трэба адзначыць, што за такі працяглы час яна значна змянілася,асабліва пад уплывам хрысціянства. Але ў першыя часы пасля прыняцця хрысціянства (X—XII стст.) формы шлюбу не зазналі істотных зменаў — вясельная абраднасць заставалася практычна аднолькавай для ўсіх пластоў насельніцтва.

3 XII ст. адзначаецца імкненне арыстакратыі да царкоўнай шлюбнай традыцыі, але большасць насельніцтва трымалася старажытных і паганскіх абрадаў.

У сямейным побыце захоўваліся традыцыі, што заўсёды суправаджалі чалавечае жыццё, — шлюбныя абрады, абрады нараджэння і пахавання. Шлюб у гэтым паслядоўным коле займаў цэнтральнае месца. Пераважная большасць апісанняў шлюбнай абраднасці датычыцца сельскай мясцовасці, жыцця сялянства. Нягледзячы на тое, што гарадское насельніцтва актыўна папаўнялася сельскім у перыяд свайго юрыдычнага афармлення (канец XIV—XVI ст.), у гарадскім побыце адзначаецца паступовае знікненне элементаў традыцыйнай сялянскай абраднасці.. Элементы старажытнага вясельнага цырыманіялу шырока выкарыстоўваліся хрысціянскай царквой. Хрысціянская сімволіка шлюбнага злучэння павінна была замяніць аналагічны інстытут паганскага асвячэння шлюбу, і паганская рэлігійнасць спрасціла гэтую задачу. У паганстве важную ролю пры злучэнні ў шлюб адыгрываў абрад крадзяжу "каля вады". Хрысціянская царква прыстасавала гэты элемент да сваёй традыцыі, прапанаваўшы замест яго царкоўнае вянчанне. Аднак яшчэ доўга пасля прыняцця хрысціянства гэты абрад замяняў царкоўнае вянчанне, што пацвярджае трываласць паганскай традыцыі..

Вясельны абрад як працэс можна раздзяліць на тры паслядоўныяі этапы: падрыхтоўчы, вянчанне, вяселле. Першы, падрыхтоўчы, меў фармальна-бытавое значэнне. На гэтым этапе афармлялася пагадненне бакоў (змовіны), удакладняліся найважнейшыя матэрыяльныя аспекты будучай сямейнай суполкі, тэрміны, арганізацыйныя ўмовы вяселля, запрашэнне гасцей.

Падрыхтоўчы этап, як і астатнія, меў свой пэўны, вызначаны парадак. Для таго каб пагадненне было сапраўдным, захоўваліся звычаі і абрады, якія сімвалізавалі заручыны, тоесныя "вялікім запоінам". "Запоіны" падзяляліся на малыя і вялікія і пачыналіся звычаем "сугляд" — сватаннем, аглядам бакамі будучых мужа і жонкі ды іх блізкіх. Абрад "малыя запоіны" выконваўся пры атрыманні прынцыповай згоды бакоў і бацькоў нявесты. Скасаванне дамовы на гэтым этапе шлюбнага працэсу не мела ніякіх юрыдычных вынікаў. "Вялікія запоіны" ўяўлялі сабой абрад канчатковых змовін аб тэрмінах, умовах, парадку вяселля. Пад час змовін у доме нявесты, дзе збіраліся бацькі і родныя жаніха, вызначаліся пасаг і вена. Калі жаніх і нявеста былі розных хрысціянскіх веравызнанняў, то дамаўляліся аб веравызнанні будучых дзяцей4. Вынікі змовін афармляліся пісьмовым пагадненнем, падпісаным жаніхом і бацькам нявесты5. Калі ў нявесты не было бацькі, дамову, або змоўны ліст, падпісвалі маці і браты або апякун. У выпадку скасавання пагаднення пасля падпісання названай дамовы прадугледжваліся санкцыі ў выглядзе ўплаты зарукі– кампенсацыі шкоды пацярпеламу боку. У сувязі з юрыдычнай значнасцю змоўнага ліста існаваў асаблівы парадак яго афармлення. Ліст павінны быў замацоўвацца подпісамі і пячаткамі бакоў і сведак; гэтыя дакументы ўносіліся ў актавыя кнігі судоў6.

Апошнім абрадам падрыхтоўчага этапу былі заручыны, у часе якіх адбывалася перадача пярсцёнкаў, што сімвалізавала згоду бакоў і іх бацькоў на шлюб і пераход улады над нявестай да яе будучага мужа. Нярэдка гэты абрад выконваўся пад час "вялікіх запоін" і падпісання змоўнага ліста.

Наступным этапам было вянчанне, якое ўзнікла з прыняццем хрысціянства. 3 цырымоніяй вянчання спалучаліся некаторыя паганскія абрады і звычаі, што суправаджалі ўступленне ў шлюб, напрыклад каравайны, згодна з якім жаніх браў у царкву каравай хлеба, бо ён лічыўся святым паганскім сімвалам шлюбнага паяднання. Існавалі і іншыя абрады, што суправаджалі ад'езд жаніха і нявесты ў царкву7. Усе яны былі традыцыйна магічнымі і сімвалізавалі ўрадлівасць і багацце, звязаныя з хатнім культам продкаў.

Царкоўнае вянчанне як этап шлюбнага абраду афармлялася на працягу стагоддзяў. У XIII—XVI стст. да царкоўнага вянчання ставіліся як да элемента падрыхтоўчага этапу. Таму звычайна яно ажыццяўлялася задоўга да вяселля, адначасова са змовінамі і заручынамі8. Гэтым царкоўнае вянчанне прыраўноўвалася да дамовы, забяспечанай грашовай зарукай.

Трэцім этапам вясельнай абраднасці было ўласна вясеяле. Змест яго вызначаўся колькасцю цырымоній, іх маляўнічасцю і значэннем. Пачаткам вяселля лічылася замешванне цеста для каравая (каравайны абрад), яго выпечка. У гэты момант адбываўся збор жаніховай дружыны і ад'езд па нявесту (мяркуецца, што ў аснове гэтай традыцыі ляжыць звычай выкрадання). "Пір вясёлы" пачынаўся спачатку ў нявесты, а затым працягваўся ў жаніха. Асноўны момант вяселля — абрад "злучэння маладых", што змацоўвае і аб'ядноўвае маладых на "доўгі век". Па сваёй важнасці ён адпавядаў пазнейшаму царкоўнаму вянчанню. Пасля "злучэння" нявеста лічылася жонкай, праводзіўся абрад расплятання і "выкупу касы", адзявання галаўнога ўбору замужняй жанчыны, затым — абрады "піру", "пасцельны" і падзелу каравая паміж усімі ўдзельнікамі "піру".

Апошнім абрадам, што завяршае вясельны цыкл, былі пярэзвы (апошняя вясельная размова) — элемент грамадавага побыту. "Пір" грамады пасля вяселля быў неабходны для забеспячэння поўнага ўдзелу "...у святарных дзеях усіх дворышчаў дадзенага родавага аб'яднання"9.

Беларуская вясельная абраднасць ідзе сваімі каранямі да старажытнай паганскай эпохі, да матрыярхату і сімвалізуе такія асноўныя формы шлюбу, як выкраданне і купля10. Шлюб у форме куплі ўяўляў сабой па сутнасці шлюб па згодзе, а выкраданне, якому папярэднічала змова маладых, было распаўсюджанае аж да XVI—XVII стст. і сустракалася нават у XIX ст.11. У хрысціянскую эпоху выкраданне нявесты звычайна замацоўвалася царкоўным вянчаннем. У сувязі з тым што шлюбныя дачыненні рэгуляваліся не толькі звычаёвым правам і свецкім заканадаўствам, але ў большай ступені кананічным (царкоўным) правам, неабходна разгледзець асноўныя палажэнні хрысціянскага вучэння аб царкоўным шлюбе.



2.Рэгуляванне шлюбных дачыненняў кананічным (царкоўным) правам.

Хрысцінская царква, паводле Евангелля ад Мацвея12 ды іншых крыніц, аддае ў ідэале перавагу бясшлюбнаму жыццю (для слугавання Госпаду). Прызнаючы бясшлюбнасць вышэйшай за шлюб, яна разглядала апошні як неабходную ўступку чалавечай слабасці і ў сваім маральным вучэнні прызнавала шлюб неабходным і трывалым звязам, прапагандуючы яго непарушнасць. У пачатковы перыяд усталявання хрысціянства з прычыны супярэчнасцяў паміж хрысціянскім вучэннем і звычаямі свецкага грамадства царква не вызначыла свайго стаўлення да факта скасавання шлюбу, што пазней спрычынілася да ўзнікнення розных падыходаў да гэтай праблемы ва ўсходняй і заходняй царкве.

Пад уплывам канцэпцыі свецкага заканадаўства, найперш рымскага права, фарміравалася хрысціянская канцэпцыя скасавання шлюбу і адпаведнае царкоўнае заканадаўства. 3 сярэдзіны IX ст., калі рымскі папа і галава ўсходняга хрысціянства імператар Леў Мудры ўзаконілі царкоўнае вянчанне, гэты акт лічыўся царквою пачаткам шлюбу. Царква прыняла рымскае азначэнне шлюбу. У Кормчую і ўсе кананічныя грамадзянскія зборнікі было ўнесена азначэнне шлюбу, якое дадзена вядомым рымскім юрыстам Мадэстынам і ўвайшло ў Дыгесты Юстыніяна, адкуль было запазычана царквой. "Шлюб ёсць хаўрусам мужа і жонкі, супольнасцю ўсяго жыцця, з'яднаннем боскага і чалавечага права"13.

3 гледзішча рымскіх юрыстаў, шлюб паводле сваёй сутнасці мае агульны характар з іншымі юрыдычнымі дачыненнямі, заснаванымі на ўзаемна выражанай волі, гэта значыць на дамове, але паводле свайго прадмета і мэты адрозніваецца ад усіх іншых пагадненняў, бо накіраваны не на дзеянні і правы, што маюць рэчавую або грашовую вартасць, а на дачыненні, вызначаныя бестэрміновай дамовай. Менавіта наяўнасць грамадзянскіх элементаў у шлюбным звязе вызначыць у далейшым падзел юрысдыкцыі паміж свецкай і канфесійнай уладай.

Царква вызначыла наступныя этапы працэсу злучэння ў шлюб: заручыны, складанне пісьмовага кантракта — змоўнага ліста, прыняцце блаславення ў храме і заключны этап — надзяванне вянцоў маладымі (вянчанне)14.

Гэтыя цырымоніі да сярэдзіны XVI ст. былі не абавязковыя, асабліва ў асяроддзі простых людзей, таму што Леў Мудры ў IX ст. зацвердзіў вянчанне толькі свабодным, шлюбныя дачыненні несвабоднага насельніцтва рэгуляваліся звычаямі. 3 часам пашыралася меркаванне пра неабходнасць царкоўнага вянчання, і ў 1563 г. Трыдэнцкі сабор вынес пастанову пра абавязковасць царкоўнага вянчання як умову законнасці шлюбу.

Галоўным момантам злучэння ў шлюб была ўзаемная згода жаніха і нявесты, а таксама родных або асобаў, якія іх замяняюць. "Не можа быць учынены шлюб інакш як па згодзе ўсіх, г.зн. тых, хто ўступае ў шлюб і ў чыёй уладзе яны знаходзяцца"15. Згода бакоў была галоўнай умовай сапраўднасці шлюбу, яе парушэнне мела вынікам несапраўднасць шлюбу. На сапраўднасць шлюбу ўплывалі ўзрост, знаходжанне ў шлюбе з іншай асобай, роднасць кроўная, духоўная і цывільная (грамадзянская), сваяцтва, веравызнанне, учыненне злачынства супраць шлюбу.

Заходняя і ўсходняя царква па-рознаму ставіліся да царкоўнага вянчання. Заходняя, больш звязаная з нормамі рымскага права, лічыла гэты акт толькі ўмовай надання шлюбу публічнасці. Адсюль вынікала пасіўная роля святара ў момант вянчання і прызнанне царквой таемнага шлюбу, паколькі сутнасцю шлюбу, асновай яго сапраўднасці была згода бакоў. У далейшым рымская царква стала забараняць таемны шлюб, бо немагчыма было даказаць наяўнасць шлюбу паміж асобамі, калі адна з іх адмаўляла яго. Пры гэтым царква імкнулася ў першую чаргу надаць шлюбу публічнасць. Сапраўдным лічыўся шлюб, калі згода жаніха і нявесты заяўлена перад святаром або перад натарыусам. Да XIII ст. роля святара палягала толькі ў блаславенні і малітве, пазней ён стаў ажыццяўляць перадачу нявесты жаніху ў імя Бога і абвяшчаць жаніха і нявесту мужам і жонкай.

Трыдэнцкі сабор пастановамі 1561—1563 гг. больш строга рэгламентаваў працэс шлюбавання. Сабор выпрацаваў законную форму ўступлення ў шлюб, ад якой ужо поўнасцю залежала яго сапраўднасць. Было пастаноўлена, што законнае шлюбаванне павінна адбывацца ў царкве пры заяўленні бакамі згоды на шлюб у прысутнасці прыходскага святара і двух сведак. У Вялікім княстве пастановы Трыдэнцкага сабора былі ўведзеныя ў 1577 г.

Усходняя царква (падзел хрысціянства адбыўся ў 1054 г.) інакш трактавала абрад царкоўнага вянчання. Таемствам прызнаваўся абрад царкоўнага вянчання, царкоўны сакрамент, а не сам шлюб. 3 гэтага вынікала актыўная роля святара ў абрадзе вянчання і непрызнанне сапраўднымі таемных шлюбаў з прычыны таго, што яны адбываліся без удзелу святара. Судовая практыка ў княстве сведчыць пра наданне вянчанню ў XVI ст. важнага юрыдычнага значэння.

Вянчанне ў спрэчных выпадках было падставай вынясення дэкрэтаў па справах не толькі пра асабістыя, але і пра маёмасныя правы. Нават да пастановаў Трыдэнцкага сабора ў першай палове XVI ст. вянчанне было абавязковай падставай законнасці паходжання і правоў спадчыннікаў для ўсіх станаў. Пра гэта сведчыць судовая справа 1528 г.16

Наступнай умовай сапраўднасці шлюбу, з гледзішча хрысціянскай царквы, ёсць узрост, бо ён вызначаў фізічную і духоўную здольнасць да шлюбу. Усходняя царква вызначыла шлюбны ўзрост для мужчын 15 гадоў, для жанчын — 12, заходняя — адпаведна 14 і 12 гадоў.

Важнай умовай сапраўднасці шлюбу была свабода ад пэўнага становішча. Такім становішчам, напрыклад, лічылася наяўнасць шлюбу з іншай асобай. Другі шлюб, узяты пры існаванні першага, лічыўся несапраўдным ад самага пачатку.

Кананічнае права разглядала знаходжанне ў шлюбе як перашкоду (юрыдычную і Боскую) і распаўсюджвала гэта на ўсе веравызнанні, дапускаючы магчымасць другога шлюбу толькі па смерці першага сужэнца. Таксама рэгламентавалася колькасць паслядоўных шлюбаў. Заходняя царква ўступленне ў трэці шлюб строга абмяжоўвала пэўнымі ўмовамі (узрост, наяўнасць дзяцей і г.д.). Усходняя царква трэці шлюб дазваляла без абмежаванняў, а чацверты забараняўся і ёю. Расійская праваслаўная царква далучала да агульнай колькасці шлюбаў і тыя, што былі прызнаныя несапраўднымі.

Адна з найважнейшых умоваў сапраўднасці шлюбу — адсутнасць блізкай кроўнай роднасці. Усходняя царква дазваляла ўступленне ў шлюб у чацвертай ступені роднасці (прыняты рымскі лік), заходняя — у чацвертым пакаленні (германскі лік), у Вялікім княстве быў прыняты германскі лік17.

3 паняцця пра шлюб як хаўрус, што аб'ядноўвае мужа і жонку, выводзілася паняцце сваяцтва, пад якім разумеліся дачыненні, аналагічныя роднасці, у якія ўступаюць сужэнцы і іх блізкія паміж сабой. Заходняя царква прызнала сваяцтва паміж мужам (жонкай) і блізкімі жонкі (мужа), а ўсходняя — паміж усімі роднымі мужа і жонкі. Хрысціянства прыраўняла сваяцтва да кроўнай роднасці і прызнала яго перашкодаю да шлюбу. Акрамя сваяцтва існавала паняцце духоўнай роднасці (узнікала пры сакраменце хрышчэння). Духоўная роднасць лічылася цяжкай перашкодаю да шлюбу, бо царква прызнавала яе вышэйшай за кроўную, і шлюбы былі забароненыя да сёмай ступені роднасці ўключна. Цывільная роднасць — усынаўленне (удачарэнне) — разглядалася, як і духоўная роднасць, у якасці перашкоды да шлюбу. Рабіла шлюб несапраўдным учыненне злачынства супроць шлюбу, перадусім кваліфікаваны пералюб.

3 азначэння шлюбу як духоўнай і рэлігійнай роднасці вынікала ўмова адзінства рэлігіі асобаў, якія ўступаюць у шлюб. Усходняя царква дазваляла злучацца ў шлюб з хрысціянінам іншага веравызнання пры ўмове прыняцця ім праваслаўя. Несапраўднымі прызнаваліся шлюбы з нехрысціянамі, раскольнікамі, евангелістамі, паганцамі.. Перашкодаю да шлюбу лічыліся духоўны сан і манаства, з выняткам ніжэйшых духоўных пасадаў. Калі пералічаныя ўмовы сапраўднасці шлюбу не былі выкананыя, ён ад самага пачатку прызнаваўся несапраўдным.

Наступная катэгорыя ўмоваў перашкаджала шлюбаванню, але не мела вынікам прызнанне шлюбу несапраўдным. Гэта адсутнасць згоды бацькоў або апекуноў і апекавальнікаў, наяўнасць пэўных няблізкіх ступеняў роднасці і сваяцтва, забароненае для шлюбавання месца або час, некампетэнтнасць святара, які вянчаў, няведанне бакамі сімвалаў веры, незахаванне жалобнага тэрміну пасля смерці мужа (жонкі). Пры раскрыцці гэтых умоваў шлюб заставаўся ў сіле, але меў вынікам царкоўнае пакаранне бакоў і духоўных асобаў, якія садзейнічалі такому шлюбу.

Патрабаванне захавання мноства ўмоваў сапраўднасці шлюбу непазбежна вяло да ўзнікнення інстытута вызвалення ад перашкод да шлюбу — дыспензацыйнага права. Гэты інстытут атрымаў шырокае развіццё ў кананічным праве заходняй царквы. Дыспензацыі найвышэйшай царкоўнай улады падлягалі ўсялякія перашкоды да шлюбу, з выняткам перашкод прыватна-прававога характару і стану асобы. Царква не магла сваім актам дапоўніць або выправіць недахоп волі або спыніць вядомы стан, напрыклад псіхічную хваробу, роднасць і сваяцтва па простай лініі, забойства мужа (жонкі), звязанае з пералюбам, і інш. Для дыспензацыі прымаліся самыя розныя падставы: прымірэнне варагуючых сем'яў, немагчымасць для ўдавы іншым спосабам выхаваць асірацелых дзяцей і г.д. Дыспензацыя дазваляла недапушчальны паводле царкоўнага права шлюб або надавала сілу несапраўднаму шлюбу з моманту дыспензацыі.

Першымі вядомымі сведчаннямі царкоўнай юрысдыкцыі ў Кіеўскай мітраполіі былі Статуты Уладзіміра—Яраслава, што рэгулявалі шлюбна-сямейныя дачыненні пасля прыняцця хрысціянства і вызначалі кампетэнцыю царквы ў жыцці цывільнага грамадства.

Статут Яраслава (у Вялікім княстве — "Скрутак Яраслаўля"), які рэгуляваў шлюбна-сямейныя дачыненні, не страціў свайго значэння да XVI—XVII стст. і не раз пацвярджаўся манархамі Вялікага княства Літоўскага18.

3 аналізу пашыранай рэдакцыі Статута Яраслава і "Скрутка Яраслаўля" вынікае, што галоўнымі ўмовамі сапраўднасці шлюбу былі свабода волевыяўлення і свабода ад пэўнага стану: ад знаходжання ў шлюбе19, у сваяцтве20, прыналежнасці да іншага веравызнання21. Несапраўднымі прызнаваліся таксама шлюбы, звязаныя з гвалтам, выкраданнем без згоды бакоў22. У Статуце змяшчаецца норма аб адказнасці бацькоў перад публічнай уладай за прымус да шлюбу, калі ён спрычыніўся да трагічнага выпадку23.

Аналіз Статута Яраслава пацвярджае, што царква ўсяляк імкнулася ўмацаваць шлюб, якую б форму ён ні меў, забараняючы скасаванне нават нецаркоўнага (нявенчанага) шлюбу24. Статут прадугледжваў адказнасць за парушэнне змовы аб шлюбе25.

Статут Яраслава і "Скрутак Яраслаўля", падкрэсліваючы блізкасць каталіцкай і праваслаўнай царквы, дазвалялі шлюбы і сувязі паміж праваслаўнымі і каталікамі.. Гэта было асабліва важна для насельніцтва Вялікага княства Літоўскага. Забароне падлягалі сувязі і шлюбы з прадстаўнікамі іншых рэлігій 26, паганцамі27, адлучанымі ад царквы 28.

Рэгуляванне дачыненняў паміж прадстаўнікамі розных цэркваў уваходзіла ў кампетэнцыю свецкай улады. Такі парадак усталяваўся даўно і знайшоў адлюстраванне яшчэ ў дамовах Яраслава Уладзіміравіча з немцамі 1189—1229 гг., згодна з якімі ў гэтых выпадках прадугледжвалася юрысдыкцыя князя29. Паводле "Скрутка Яраслаўля" пытанні ўзаемадачыненняў царквы і свецкай улады часцей развязваліся на карысць царквы. Падкрэслівалася, што свецкая ўлада ў асобе дзяржаўных чыноўнікаў, мясцовай адміністрацыі не павінна ўмешвацца ў юрысдыкцыю царквы, але падтрымліваць стабільнасць ва ўзаемадачыненнях цэркваў. Але ў актах сустракаецца шмат сведчанняў умяшання свецкай улады ў шлюбныя справы насельніцтва феадальнай Беларусі. Шлюб як адзін з важных інстытутаў грамадства рэгуляваўся і свецкім заканадаўствам.

3. Шлюбныя дачыненні ў свецкім заканадаўстве.

Першы агульназемскі Прывілей ад 20 лютага 1387 г. надае дочкам і ўдовам баярскага стану права свабоднага ўступлення ў шлюб. Гэтае права, падараванае вялікім князем, мела палітычную і эканамічную аснову. У Вялікім Княстве манарх традыцыйна быў уласнікам усёй дзяржаўнай тэрыторыі, таму асобнае феадальнае ўладанне разглядалася менавіта як уладанне (а не ўласнасць) на правах службы вялікаму князю. Манарх як найвышэйшы ўласнік рэгуляваў уладанні феадалаў шляхам надзялення іх зямельнымі ўладаннямі і перадачы апошніх па спадчыне. Так узнікла права вялікага князя праз шлюбы кантраляваць пазямельнае ўладанне феадалаў, паводле якога (права) ўдовы або дочкі фактычна пазбаўляліся феадальнага ўладання.

Асноўнай прычынай умяшання манарха ў інстытут шлюбу было: існаванне звычаю пераходу зямельных уладанняў, з якіх ішла вайсковая служба, у рукі дачок як спадкаемак. Атрыманне па Прывілеі 1387 г. права свабоднага злучэння ў шлюб, гэта значыць без дазволу і прымусу гаспадара, было сведчаннем пераходу часткі ўлады вялікага князя да шляхоцкага стану. У гэтым жа прывілеі замацавана імкненне найвышэйшай улады распаўсюдзіць у дзяржаве каталіцтва. У прыватнасці, указвалася, што правы і вольнасці, якія даруюцца, у тым ліку і права свабоднага ўступлення ў шлюб, распаўсюджваюцца толькі на каталікоў.

У Прывілеі ад 22 лютага 1387 г. падкрэслівалася, што дзеля пашырэння каталіцкай веры ў нашым гаспадарстве забараняюцца шлюбы каталікоў з праваслаўнымі да таго часу, пакуль праваслаўныя не прымуць каталіцтва. У выпадку парушэння гэтай забароны праваслаўнаму сужэнцу прызначалася фізічнае пакаранне, пасля чаго шлюб прызнаваўся сапраўдным. У далейшым інстытут шлюбу для асобаў хрысціянскага веравызнання абедзвюх канфесій не зазнала якіх-небудзь імператыўна-забараняльных рэгламентацый і гэтая норма прывілею сталася нежыццяздольнай. Права свабоды на шлюб пацвярджалася ў Прывілеях 1447 і 1492 гг.

Пашырэнне рэгулявання шлюбных дачыненняў адзначаецца ў Статутах Вялікага княства Літоўскага 1529, 1566, 1588 гг.

Першы Статут рэгуляваў абмежаваную колькасць шлюбных дачыненняў: пацвярджаў прынцып свабоды выхаду замуж, права жанчын на свабоднае волевыяўленне на шлюб незалежна ад стану 30 і ўскосна прызнаваў сапраўднасць нават чацвертага шлюбу (што супярэчыла пазіцыі царквы), бо дзеці ад яго прызнаваліся раўнапраўнымі спадчыннікамі бацькі31. Вызначаўся шлюбны ўзрост: для мужчын — 18 гадоў, для жанчын — 15.

Паводле Статута 1529 г. шлюб з нявольнікам або нявольніцай мог панізіць стан аднаго з сужэнцаў. У такім разе лічылася, што чалавек сам сябе аддаў у рабства, узяўшы шлюб з такой асобаю. Дзеці ад гэтага шлюбу прызнаваліся нявольнікамі. Такім чынам, шлюб з нявольнікам лічыўся такой жа крыніцай рабства, як палон, нараджэнне ад нявольных бацькоў, асуджэнне да смяротнай кары за злачынства і замена яе нявольніцтвам з просьбы асуджанага32.

Другі Статут рэгуляваў шырэйшае кола шлюбных дачыненняў, у прыватнасці парадак злучэння ў шлюб. Развіваючы норму аб свабодным волевыяўленні на шлюб, Статут 1566 г. прадугледжваў суровыя санкцыі за прымус жанчыны да шлюбу: за "кгвалтовное взятие в жены" прызначалася смяротная кара 33. Але свабода волевыяўлення нявесты па-ранейшаму абмяжоўвалася згодай бацькоў і апекуноў34. Пры гэтым былі вызначаны маёмасныя санкцыі ў дачыненні да нявесты, якая выходзіла замуж без згоды бацькоў або апекуноў, — яна пазбаўлялася пасагу і страчвала права на спадчыну.

Нягледзячы на зацвярджэнне прынцыпу свабоды волевыяўлення бакоў у свецкім заканадаўстве, у XVI ст. яшчэ адзначаліся выпадкі змовы шлюбу бацькамі малалетніх, што супярэчыла прынцыпу свабоды на шлюб. Такая шлюбная дамова на выпадак яе парушэння забяспечвалася значнай зарукай на карысць пацярпелага боку, якому пазней адмовілі ў гэтай змове, і вялікага князя. Часам такая дамова пацвярджалася царкоўным вянчаннем малалетніх35.

У выпадку парушэння змовы справа паступала ў свецкі суд, які мог вызваляць ад абавязкаў, што вынікалі са змовы, або прысуджаць заруку36. Суд мог прымусіць выканаць дамову толькі ў частцы выплаты зарукі пацярпеламу боку і пакрыцця стратаў, панесеных на падрыхтоўку да вяселля. У астатнім прымусіць выканаці. дамову было немагчыма, бо гэта было б парушэннем асноўнага прынцыпу шлюбу — свабоды волевыяўлення абодвух бакоў. Пацярпелы бок мог звяртацца проста да вялікага князя, які выдаваў "напамінальны ліст" з указаннем выканаць дамову або выплаціць заруку. Паводле матэрыялаў судоў можна зрабіць выснову, што вялікакняскія лісты не мелі характару абавязковага ўздзеяння, бо такія спрэчкі часта канчаліся замірэннем і згодай бакоў, якія ўступалі ў шлюб кожны па сваім выбары. Статут 1566 г. вызначыў аднолькавы шлюбны ўзрост для мужчын і жанчын — 15 гадоў37.

Аналіз шлюбных дачыненняў, якія рэгуляваліся Статутам Вялікага княства Літоўскага 1566 г., сведчыць, што да сярэдзіны XVI ст. пашырыліся правы суб'екта ва ўсіх цывільных узаемадачыненнях, у тым ліку і ў шлюбных. Свабоднае волевыяўленне асобаў, якія злучаюцца ў шлюб, — галоўны прынцып яго законнасці — захоўвалася даволі паслядоўна, што адлюстроўвала свецкае заканадаўства.

Статут Вялікага Княства 1588 г. яшчэ паўней рэгуляваў шлюбныя дачыненні. Упершыню свецкім заканадаўствам былі вызначаны галоўныя ўмовы сапраўднага шлюбу: адсутнасць кроўнай роднасці да чацвертага пакалення ўлучна і сваяцтва да трэцяга пакалення ўлучна38. Пры незахаванні гэтых умоваў закону муж і жонка павінны быць неадкладна "разлучоны". Далейшыя санкцыі залежалі ад вінаватасці бакоў, якія ўзялі шлюб. Калі шлюб быў узяты ў роднасці, але бакі пра гэта не ведалі, то пасля яго скасавання да іх не ўжываліся маёмасныя ці іншыя санкцыі, а дзеці прызнаваліся законнымі і мелі права на спадчыну. Былыя муж і жонка маглі ажаніцца (выйсці замуж) з дазволу духоўнага суда.

Калі ж бакі ведалі пра сваю роднасць пры ўступленні ў шлюб, дык пасля яго анулявання кожны бок пазбаўляўся паловы сваёй уласнасці на карысць дзяржавы, дзеці ад шлюбу прызнаваліся бенкартамі (незаконнанароджанымі) і не атрымлівалі спадчыны. Другая палова маёмасці паступала ў пажыццёвае карыстанне кожнага з бакоў у выпадку, калі не было дзяцей ад першага законнага шлюбу.

Калі такія дзеці былі, ім пераходзілі правы на распараджэнне маёмасцю, а бакі мелі права толькі на ўтрыманне і распараджэнне маёмасцю адпаведна іх грамадскаму становішчу. Пры гэтым мужчыны пазбаўляліся права займаць важныя дзяржаўныя пасады.

Акрамя названых асноўных палажэнняў трэці Статут замацаваў яшчэ адну ўмову сапраўднасці шлюбу — свабоду ад пэўнага становішча. Такім становішчам, якое не дапускае ўступлення ў шлюб, ёсць ужо існы шлюб39. Строга ахоўваючы манагамнасць шлюбу, закон прадугледзеў, што за ўступленне ў другі шлюб пры вядомым існаванні першага караюцца смерцю абодва сужэнцы-парушальнікі40. Тым сама дзяржава імкнулася замацаваць асноўныя прынцыпы шлюбна-сямейнага права, пазычаючы палажэнні кананічнага права ды іншых сістэм.

Статутам 1588 г. часткова ўрэгуляваныя таксама іншыя шлюбныя дачыненні, у тым ліку і свабоднае волевыяўленне бакоў на шлюб. 3 аналізу нормаў вынікае, што згода бацькоў або апекуноў была патрабаваннем, што ахоўвала інтарэсы нявесты, але не рэгулявала шлюбныя дачыненні. Гэты прынцып пацвярджаецца прававой трактоўкай вынікаў уступлення ў шлюб без згоды бацькоў, дзе прадугледжваліся маёмасныя санкцыі да нявесты, але такі шлюб прызнаваўся сапраўдным і заставаўся ў моцы41. Права бацькоў або апекуноў даваць згоду на шлюб не магло тлумачыцца як права на прымус: у выпадку адмовы апекуноў (бацькоў) даць згоду нявеста, калі яна мела неабходны шлюбны ўзрост, магла звярнуцца па дазвол у дзяржаўныя органы. Права нявесты на зварот да дзяржавы дзеля абароны сваіх інтарэсаў замацавана ў законе ў сувязі з тым, што забарона апекуноў на шлюб часта выкарыстоўвалася імі з карыслівымі мэтамі працягу апекі ды інш.42. Такім чынам, інстытут бацькоўскай улады (або той, што замяняў яе) разглядаўся ў праве як інстытут, што ахоўваў інтарэсы дзяцей.

Неабходна падкрэсліць, што Статуты Вялікага княства Літоўскага 1529, 1566, 1588 гг. змяшчалі толькі асноўныя прынцыпы, нормы шлюбнага права, у астатнім адсылаючы да рэгулявання кананічным (царкоўным) заканадаўствам. У сувязі з тым што ў дачыненні да шлюбу дзеяздольнасць вызначалася шлюбным узростам, Статуты замацавалі гэты важны момант наступным чынам: Статут 1529 г.вызначыў 15 гадоў для дзяўчыны і 18 гадоў для юнака43, Статут 1566 г. — 15 гадоў для асобаў абодвух полаў44, Статут 1588 г. — 13 гадоў для дзяўчыны і 18 гадоў для юнака45.

3 выкладзенага вынікае, што свецкае заканадаўства трымалася царкоўнага падыходу да шлюбу, пазычаючы нормы кананічнага права і перадаючы рэгуляванне шлюбных дачыненняў царкоўнаму суду46. Але багаты матэрыял судовай практыкі не дазваляе зрабіць адназначную выснову па гэтым пытанні.

Паводле кананічнага права абрад царкоўнага вянчання лічыўся асноўным і сімвалізаваў падзею шлюбу. Практыка сведчыць, што царкоўнае вянчанне праводзілася задоўга да вяселля, адначасова са змовінамі і заручынамі47. Тым сама яно прыраўноўвалася да дамовы, забяспечанай грашовай зарукай. Змовіны мелі вырашальнае значэнне для шлюбу і фармавання матэрыяльнай асновы сям'і. На практыцы юрыдычна значнымі прызнаваліся дзве падзеі: змовіны і вяселле, якія ў сапраўднасці мелі функцыі падрыхтоўкі і злучэння ў шлюб, надання яму публічнасці, рэлігійнага асвячэння шлюбу праз розныя рытуалы з "скокамі, гудзеннем, плясканнем" ды іншымі паганскімі дзеяннямі.. 3 судовых матэрыялаў вынікае, што пры злучэнні ў шлюб не заўсёды высвятлялася наяўнасць адной з галоўных перашкод да шлюбу паводле кананічнага права — духоўнай роднасці48.

Такім чынам, заканадаўству, якое замацоўвала царкоўны падыход да шлюбу, пярэчыла практыка, што расцэньвалася дзяржавай як правамерная. Як адзначыў А. Лявіцкі, "несумнеўны абавязак народных абрадаў і іх юрыдычная сіла прызнаваліся ўсімі класамі тагачаснага грамадства, і з гэтым фактам вымушана было да вядомай ступені лічыцца і дзяржаўнае права, якое ўвогуле падзяляла царкоўны погляд на шлюб"49. Гэтым тлумачыцца прызнанне нявенчанага шлюбу сапраўдным насуперак закону, які лічыў такі шлюб незаконным, а дзяцей ад яго бенкартамі з усімі адпаведнымі вынікамі.. Гэтакія нормы змяшчалі Статут 1529 г.50 і Статут 1588 г. 51Тым часам норма пра даказванне шляхоцтва не патрабавала наяўнасці пасведчання царкоўнага шлюбу бацькоў52. У сярэдзіне XVI ст. каталіцкая царква на Трыдэнцкім саборы 1561—1563 гг. пастанавіла ўвесці метрыкі рэгістрацыі нараджэння. Гэтая акалічнасць павінна была ўсталяваць залежнасць паміж вянчаннем у царкве, законнасцю шлюбу і законным паходжаннем дзяцей, каб нормы кананічнага шлюбнага права дзейнічалі ў грамадстве без выняткаў. Як вынікае з актаў, існавала супярэчнасць паміж імкненнем свецкай (і царкоўнай) улады ўвесці выкананне кананічных правіл у шлюбе і відавочным ігнараваннем з боку грамадства царкоўных законаў


  1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка