Лада Алейнік майстэрства пабудовы прыгодніцкага сюжэта




старонка1/12
Дата канвертавання31.12.2016
Памер2 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   12
Лада Алейнік
МАЙСТЭРСТВА ПАБУДОВЫ ПРЫГОДНІЦКАГА СЮЖЭТА

(АПОВЕСЦЬ АНДРЭЯ ФЕДАРЭНКІ “АФГАНСКАЯ ШКАТУЛКА”)
Працэс азнаямлення з літаратурнымі творамі – гэта адначасова працэс засваення маральных норм, грамадскіх каштоўнасцей і стэрэатыпаў сацыяльных паводзін, увасобленых у сюжэтах і вобразах. Мастацкі тэкст паступова, але няўхільна мадэлюе ў свядомасці рэцэпіента псіхалагічныя ўстаноўкі, якія ў пэўнай ступені рэгулююць і каардынуюць яго зносіны з соцыумам. Несумненна, у фарміраванні маральнай культуры асобы мастацкая літаратура здольна адыгрываць самую актыўную ролю. Адсюль вынікае выключная важнасць ідэйна-эстэтычных і тэматычна-праблемных аспектаў літаратуры, адрасаванай дзіцячай і падлеткавай чытацкай аўдыторыі. У дыскусіях пра шляхі навучання і выхавання школьнікаў, у шматстайных палемічных дыялогах, датычных пытанняў чытацкай культуры і спецыфікі літаратуры для дзяцей, сучасныя вучоныя ахвотна і даволі часта апелююць да педагагічных тэорый Джона Лока. Безумоўна, меркаванні англійскага філосафа і асветніка па-ранейшаму застаюцца актуальнымі. Прыгадаем ключавыя тэзісы, выкладзеныя ў працы “Думкі пра выхаванне” (1693): “...Самы просты і лёгкі і разам з тым самы эфектыўны спосаб выхавання дзяцей і фармавання іх знешніх паводзінаў заключаецца ў тым, каб паказаць на прыкладах, як ім трэба рабіць і чаго яны павінны пазбягаць. Калі фіксаваць іх увагу на такіх прыкладах з учынкаў знаёмых людзей і суправаджаць гэта водгукамі пра годнасць ці непрыстойнасць дадзенага ўчынку, гэта будзе мацней штурхаць альбо ўстрымліваць іх ад пераймання, чым адцягненыя развагі, звернутыя да іх. <...> ...калі вы хочаце гэтага дамагчыся, вы павінны ператварыць для іх неабходныя, на вашую думку, заняткі ў забаўляльныя, а не рабіць з іх абавязковую працу” [3, с. 162 – 163]. Гэтыя парады, адрасаваныя бацькам і педагогам, цалкам прыдатныя і ў якасці кіраўнічых прынцыпаў для пісьменнікаў, творчы плён якіх прысвечаны дзіцячай аўдыторыі. Пісьменніку важна памятаць, што літаратура для дзяцей не павінна абмяжоўвацца забаўляльнай функцыяй: пажадана, каб яна ўздымала і вырашала маральна-этычныя праблемы, была носьбітам пазнавальнай інфармацыі, пашырала кругазор і эрудыцыю чытача. Цалкам відавочна, што надзвычай удзячнай глебай, дзе мажліва нязмушана спалучыць усе пералічаныя якасці, з’яўляецца прыгодніцкі жанр, які ў асяродку юных чытачоў заўжды карыстаўся асаблівай папулярнасцю (прыгадаем, напрыклад, славутыя творы Джэка Лондана, Жуля Верна і Фенімора Купера, у айчыннай літаратуры – Янкі Маўра і Уладзіміра Караткевіча). Тлумачыцца гэта найперш тым, што асобе падлетка ўласціва імкненне да ўсяго невядомага, нязведанага і небяспечнага, а задаволіць сваю цікаўнасць і прагу вострых уражанняў дазваляюць менавіта творы прыгодніцкага кшталту. Відавочна, што сучасныя майстры нацыянальнага прыгожага пісьменства да гэтага жанру звяртаюцца зусім нячаста, фактычна ігнаруючы перспектыўны літаратурны напрамак, які па-ранейшаму застаецца запатрабаваным дзіцячай чытацкай аўдыторыяй.

Адмысловымі ўзорамі ў галіне сучаснай прыгодніцкай прозы (канца ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя) вызначыўся творчы плён Андрэя Федарэнкі. Папулярнасцю ў юных чытачоў карыстаецца аповесць “Шчарбаты талер” (1999), шматлікія апавяданні пісьменніка. Між іншым, сцэнарый, напісаны аўтарам па кнізе “Шчарбаты талер”, атрымаў перамогу ў конкурсе на лепшы сцэнарый тэлевiзiйнага серыяла аб жыццi беларускай моладзi, аб’яўленага Мiнiстэрствам культуры, “Беларусьфiльмам” i Белтэлерадыёкампанiяй, па аповесці быў зняты мастацкі фільм “Тры талеры”. У 2001 г. выйшла чарговая кніга Андрэя Федарэнкі пад грыфам “Для дзяцей сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту” – “Афганская шкатулка” [7], куды ўвайшла аповесць з аднайменнай назвай і некалькі апавяданняў. Фактычна адразу кніга стала вядомай у асяродку школьнікаў, вучні чытаюць яе без прымусу, з натуральнай цікавасцю, ахвотна абмяркоўваюць на ўроках літаратуры [3]. У чым жа сакрэт майстэрства пісьменніка, папулярнасці яго твораў?

Аповесць Андрэя Федарэнкі “Афганская шкатулка” мае традыцыйную для прыгодніцкай літаратуры сюжэтабудову. Аснову твора складаюць захапляльныя перыпетыі, тайны і загадкі ў жыцці персанажаў, нечаканая павароты сюжэта, скрыжаванні некалькіх падзейных ліній. Аднак дзейныя асобы аповесці дыферэнцыруюцца на дзве ўзроставыя катэгорыі – падлеткі і дарослыя. Пралог твора найперш знаёміць з персанажамі дарослага ўзросту. Аўтар выкарыстоўвае прыём сугестыўнага ўздзеяння на чытача. Сітуацыя разгортваецца ў Падольскім ваенным шпіталі, дзе з’яўляецца знявечаны Афганскай вайной салдат: “Прасціну сцягнулі і асцярожна пачалі перакладаць на ложак тое, што пад ёй знаходзілася... Гэта быў увесь у бінтах і ў гіпсе абрубак. У яго не было адной нагі і па плечы абедзвюх рук. Круглая, як шар, галава цалкам забінтаваная – з бінтоў выглядаў толькі нос, каб дыхаць, і рот, каб есці” [7, с. 6]. Фізічны стан героя выклікае фактычна шокавае ўражанне і гэтым самым магнетычна прыцягвае ўвагу да сюжэта, інтрыгуе, вымушае суперажываць, абвастрае эмацыянальную ўспрыемнасць.

Эфектыўна ўплывае на псіхалогію чытача і апавядальны прыём прамога аўтарскага звароту, дзе шматабяцальна прагназуецца перспектыва разгарнення загадкавых падзей. Перарываючы гісторыю на загадкавым эпізодзе – калі скалечаны салдат перад смерцю шэптам перадае земляку нейкую таямнічую інфармацыю – апавядальнік непасрэдна звяртаецца да ўяўнай аўдыторыі: “Вось тут перапыняецца нашая гісторыя. Усплыве яна аж праз адзінаццаць гадоў і на гэты раз месцам дзеяння выбера не далёкі Афганістан і не падмаскоўны Падольск, а беларускую вёску Вялікая Паляна; менавіта тут з’явяцца перад намі, як на экране тэлевізара, і старыя знаёмыя героі, і зусім новыя; менавіта тут наша таямнічая заблытаная гісторыя паступова раскруціцца, разблытаецца і пад канец ператворыцца проста ў гісторыю. Аднак не будзем забягаць наперад!” [7, с. 9 – 10]. Гэты прыём забяспечвае стварэнне ілюзіі “датычнасці” да сюжэтных падзей, дазваляе чытачу адчуваць сябе “змоўшчыкам”, “саўдзельнікам” канфідэнцыяльнай сітуацыі.

Уводзячы чытачоў у кола персанажаў-падлеткаў, аўтар падкрэслівае іх “звычайнасць”: гэта такія самыя школьнікі, як і тыя, што чытаюць кніжку. Фактычна кожны чытач мае магчымасць нязмушана ідэнтыфікаваць герояў з кімсьці са сваіх равеснікаў – сяброў, знаёмых, аднакласнікаў або знайсці падабенства ўласна з самім сабой. А гэтая “асабістастасць” ва ўспрыемнасці твора, як вядома, яшчэ адзін дадатковы стымул дзеля ўвагі, зацікаўленага чытання. Можна сцвярджаць, што тыповасць персанажаў, іх спецыфічная пазнавальнасць – мастакоўскі прыём, накіраваны на заахвочванне юнага чытача. Інакш кажучы, − ненавязлівая матывацыя, якая дзейсна ўплывае на падсвядомасць і эмацыянальны стан. Але неабходна падкрэсліць, што стварыўшы тыповыя вобразы падлеткаў, А. Федарэнка здолеў у роўнай меры прадэманстраваць і іх індывідуальнасць, раскрыць эвалюцыйную дынаміку светапоглядаў юнакоў, адметныя асабовыя рысы характараў.

У вобразах Ціма і Валіка ўвасоблены два асноўныя тыпы школьнікаў-падлеткаў. Іх сяброўства – гэта той выпадак, калі “супрацьлегласці сыходзяцца”: “Дужа яны розныя. Адзін любіць простае, будзённае, другі – толькі штосьці незвычайнае. Цім – гэта неба, а Валік – зямля” [7, с. 19]. Цім – няўрымслівы рамантык, схільны бачыць загадкавае ва ўсім навокал, генератар арыгінальных ідэй, завадатар у гульнях і прыгодах. Характар хлопчыка раскрываюць не толькі прамыя аўтарскія характарыстыкі, але і яркія дэталі, сэнсава-ёмістыя эпізоды: запіскі сябру Цім піша спецыяльным шыфрам, сярод школьных дысцыплін хлопчык з найбольшай ахвотай вывучае геаграфію – навуку пра далёкія краіны і цікавыя прыродныя працэсы, а ў незнаёмым барадатым чалавеку, на якога ніхто не звярнуў увагі, ён адразу ж западозрыў злачынцу.

Валік – ураўнаважаны “хатні” хлопчык, які аднолькава паспяхова вучыцца па ўсіх прадметах. Да фантазій сябра, аматара вышукова-следчых дзеянняў, схільнага ва ўсім бачыць штосьці неверагоднае, ён заўжды ставіцца з доляй скепсісу, бо “ёсць тысячы цікавых спраў акрамя “расследаванняў”. У тым жа лесе на лыжах пакатацца, з трампліна на лыжах паскакаць. Хакей, шахматы, хутка камп’ютэры ў школе паставяць – новая забаўка... А то проста тэлевізар паглядзець – хутка Новы год, зімовыя канікулы, столькі розных перадач цікавых, хоць ты з ранку да вечара глядзі...” [7, с. 26].

Відавочная розніца характараў не перашкаджае моцнаму сяброўству хлопчыкаў: Валік, хаця спачатку заўжды спрабуе лагічна абвергнуць довады Ціма наконт чарговай авантурнай задумы, урэшце амаль заўсёды пагаджаецца скласці кампанію сябру ў чарговых прыгодах. Факт гэтай супольнай еднасці, несумненна, павінны належным чынам вытлумачвацца ў творы, мець праўдападабенства. Бо інакш узнікае ўяўленне пра “няроўнасць” адносінаў, дзе адзін – лідэр, а другі – падначалены. Такая расстаноўка пазіцый не ўласціва натуральнаму сяброўству. Аўтар абгрунтавана вытлумачвае матыў паводзін Валіка, псіхалогію падлетка: “Ён успомніў, як учора не забіў гол, а Цім суцяшаў яго – адзіны з усёй каманды. Прыгадалася, як у тым годзе хварэў, а Цім кожны дзень прыходзіў да яго ў адведкі, расказваў, што новенькага ў школе, увогуле ў вёсцы... І яшчэ многа рознага дабра ўспомнілася, якое сябар яму рабіў. Ніколі ні на што не крыўдзячыся. Усё даруючы. А ён, Валік? Разныўся тут – “засмяюць”, па міліцыях зацягаюць”... Мужчына называецца. Будучы салдат, абаронца Беларусі, які баіцца ўвязвацца ў гісторыю; а гісторыя ж і сапраўды цікавая! Чаму б за гэтым барадачом і не прасачыць? Чаму б не разнюхаць, што за ён? Каго хавае ў леснічоўцы?” [7, с. 27]. Ход мыслення героя, матывацыя яго дзеянняў – важны элемент у структуры сюжэта. Праблема сяброўства, сяброўскіх узаемаадносінаў, як вядома, заўжды актуальная для падлеткаў [4; 5]. Прыведзены эпізод адначасова выконвае сэнсаўтваральную і выхаваўчую функцыі: не толькі паглыбляе ўяўленне пра характары персанажаў, але вытлумачвае разуменне хлопчыкам маральнага абавязку, сумленнасці, уласна самога сяброўства. “Адчужаючы” асобную падзею ад мастацкай сістэмы, – адзначала Л. Беленькая, – дзіця разам з тым адчувае яе як самастойнае цэлае. Падзеі ў творы выступаюць як нейкія мікрасветы, што эстэтычна радуюць чытача, нясуць свае пазнавальныя і мастацкія функцыі. У кожным такім мікрасвеце ў розных вузлах сюжэта, у асобных падзейных сітуацыях дзеці імкнуцца знайсці і сфармуляваць свае “сэнсы” [2, с. 120].

Немалаважным аспектам дзеля актывізацыі ўвагі і падтрымкі неаслабнай цікаўнасці чытача з’яўляецца дынаміка разгарнення сюжэта. Пры гэтым абавязковай умовай ёсць рэалістычнасць логікі, верагоднасць прычынна-выніковых сувязей паміж падзеямі. Удзел апавядальніка пазбаўляе гісторыю шматлікіх апісанняў, робіць фабулу максімальна канцэнтраванай – напоўненай фактамі, дынамічнай, захапляльнай. Менавіта апавядальнік выконвае ролю своеасаблівага правадніка ў часе і прасторы, інфармуе чытача загадзя, апярэджваючы доследы герояў. Так, напрыклад, чарговая дзейная персона, загадкавы “барадач”, які выклікаў падазрэнне Ціма, прадстаўляецца задоўга да таго, як будзе “выкрыты” юнымі вышукоўцамі: “...давайце зазірнём у таямнічую хатку-леснічоўку. Паглядзім, што там робіцца, і заадно пазнаёмімся з героем дарослым, які вось ужо два раздзелы нецярпліва прабіваецца на старонкі аповесці, патрабуючы да сябе ўвагі. <...> Пачнём з таго, што назавём імя і прозвішча дзіўнага чалавека – Барыс Крушынскі. Быў ён высокі і дужы. Веку меў гадоў трыццаці... <…> Упершыню аб’явіўся Крушынскі ў ваколіцах Вялікай Паляны ў верасні гэтага года. Купіў у лясніцтва закінутую маленькую хатку, сяк-так прывёў яе да ладу і пачаў жыць. Ніхто не ведаў, хто ён, адкуль, чаму так упадабаў тутэйшыя мясціны, чаму пасяліўся не ў вёсцы <...>, а ў глухім лесе... Загадка! Людзей Барыс Крушынскі ўпарта пазбягаў” [7, с. 29]. Апроч таго, апавядальнік падкрэслівае, што Крушынскі “крута павярнуў сваё жыццё”, перабраўшыся на жыхарства ў лес, імкнецца выправіць “ранейшыя памылкі”, пачаць жыццё “з чыстага ліста”. Інфармацыя, як відаць, вытрымана ў рацыянальных прапорцыях: дадзены пэўныя звесткі пра героя, якія, аднак, не адкрываюць сутнасці – перадумоў, што вымусілі яго “пазбягаць людзей”. Такі ход аповеду не толькі не паслабляе цікаўнасць, а наадварот, − інтрыгуе, абвастрае адчуванне тайны.

Напружанай загадкавасці дадае сюжэту нечаканае здарэнне, якое неўзабаве адбываецца з Крушынскім: пад час палявання ён знаходзіць у лесе непрытомную дзяўчынку, амаль засыпаную снегам. Даволі працяглы час аўтар трымае чытача ў невядомасці, не вытлумачвае прычын і абставін, якія ледзьве не прывялі да трагедыі. Прыём такога ўмоўчвання, утойвання фактаў стымулюе чытача да іманентнай інтэлектуальнай актывізацыі, падштурхоўвае да выпрабоўвання ўласных гіпотэз і пабудовы асабістых версій. Калі ж адкрываюцца абставіны, ахвярай якіх зрабілася трынаццацігадовая дзяўчынка Віка, і разгортваецца драматычная гісторыя яе лёсу, у аповесці актуалізуюцца вострыя грамадскія праблемы сучаснасці. Лёс юнай гераіні ў многім тыповы для тысяч дзяцей з сацыяльна неўпарадкаваных сем’яў: “Бацькі ў яе не было, а быў айчым, які больш часу праводзіў па турмах, чым на свабодзе. <…> Не вытрымала маці. <…> Апусцілася, пачала лаяцца, зрабілася раздражнёнай, часцяком таксама спаганяла злосць на дачцэ, нібы тая была вінаватая… <…> Паступова дзяўчынка перастала з’яўляцца дадому. Бадзяжнічала, добра, што верасень быў цёплы. Ні ў якую школу, вядома, не хадзіла. Начавала ў парку на лаўцы, на вакзале, у падвалах, на паддашшах, у кінутых – на знос – дамах, нават аднойчы ў скірдзе саломы за горадам жыла цэлы тыдзень. Дома яе адсутнасць нікога не трывожыла” [7, с. 62 – 63]. Гісторыя дзяўчынкі, як бачна, цалкам рэалістычная, нават распаўсюджаная ў сучасным соцыуме.

Па сутнасці, у аповесці “Афганская шкатулка” – два сюжэтныя стрыжні, выяўленыя аднолькава выразна. Першы – дэтэктыўная гісторыя з пошукам скарба, другі – гісторыя лёсу дзяўчынкі. Абедзьве сюжэтныя лініі ўшчыльную набліжаны і няўхільна выводзяць чытача ў сферу праблем, якія палягаюць у плошчы этыкі і маралі. У адным выпадку пытанне маральнага вобліку асобы і чалавечай годнасці вырашаецца ў коле “дарослых” персанажаў, у другім – у асяродку падлеткаў. Неабходна адзначыць, што маральна-этычныя праблемы актуалізуюцца зусім нязмушана, не паслабляючы сюжэтнай інтрыгі, наадварот, па-свойму ўзмацняючы і завастраючы яе.

Разважаючы пра ідэйны змест літаратуры, пра яе ўплыў на духоўны свет чытача, рускі вучоны і асветнік Мікалай Рубакін ставіў перад мастацкімі творамі пытанні: “Што ты, кніга, можаш даць мне, асобе чалавечай, мне – такому, які я ёсць, майму розуму, майму пачуццю, майму жыццю, барацьбе, якую я вяду, працы, якую я раблю ці маю намер рабіць, у тых умовах, у якія мяне паставіў шчаслівы альбо злаўмысны лёс? Што ты, кніга, даеш увогуле асобе чалавечай?.. Ты, кніга, што, уласна ўяўляеш сабой і якому гаспадару служыш? І якія перамены ты плануеш і можаш прыўнесці ў маё і ўвогуле чалавечае жыццё? Якія твае намеры, мэты і сродкі? Мне, асобе чалавечай, далёка не абыякава, які адказ ты дасі не ўсе гэтыя пытанні” [6, с.130 – 131]. Вынікае заканамернае пытанне: што юны чытач мае магчымасць атрымаць ад кнігі Андрэя Федарэнкі?

Калі шляхі Крушынскага і Вікі, Ціма і Валіка ўрэшце перакрыжоўваюцца, адбываецца іх знаёмства, спакваля пачынаюць адкрывацца таямніцы, што доўгі час ахутвалі падзеі. Асобныя сюжэтныя звенні сплятаюцца ў шчыльны ланцужок фактаў, дзе кожны эпізод адмыслова займае сваё дакладнае месца. Неабходна падкрэсліць, што аўтар па-ранейшаму пільна захоўвае логіку фактаў і абгрунтавана вытлумачвае ўчынкі персанажаў. Зусім верагоднай, напрыклад, выглядае гісторыя скарба – шкатулкі з каштоўнымі камянямі, якая патрапіла з Афганістана на Беларусь з грузам “Дзвесце” (у закрытай цынкавай труне), пра якую перад смерцю паведаміў калісьці ў Падольскім ваенным шпіталі скалечаны салдат. Не пазбаўлены праўдападабенства і другарадныя перыпетыі, што спадарожнічаюць асноўным сюжэтным падзеям. Але галоўнае – чытач літаральна ўвачавідкі назірае натуральную эвалюцыю светапоглядаў і мыслення персанажаў. Найперш – гэта досвед самога Крушынскага: “Перабудова, канец Савецкага Саюза, вольны бізнес, лёгкія грошы, вясёлае, не вядомае раней жыццё… <…> Васіля наперабой завуць у розныя фірмы, абяцаюць залатыя горы. Пачаў ён з целаахоўніка, затым вырас да менеджэра, потым – да камерцыйнага дырэктара… Грошы шалёныя, замежныя паездкі, рэстараны, іншамаркі… <…> Вельмі хутка пайшлі ў Васі няўдачы. Сяброў у яго не было; там, дзе працуюць вялікія грошы, сяброў ніколі не бывае. Сям’ёю ён не абзавёўся. Пасады свае пагубляў, прычым у зваротным парадку: камерцыйны дырэктар – менеджэр – целаахоўнік – проста вартаўнік, пакуль не выгналі зусім. Пачаў наш Васіль піць, прадаў усё, што можна было… А тут яшчэ звалілі на яго нейкую махінацыю, з камп’ютэрнай тэхнікай звязаную, падставілі яго, і хоць следчыя разабраліся, што ён тут ні пры чым, аднак месяцы тры давялося пакачацца на нарах…” [7, с. 99 – 100]. Рэалістычная гісторыя, якую герой распаводзіць падлеткам пра свайго знаёмца Васіля, што не толькі не займеў шчасця праз грошы, але наадварот страціў спакой і нажыў ворагаў (як высвятляецца пазней – гэта гісторыя лёсу самога Крушынскага) у вялікай ступені паўплывала на свядомасць падлеткаў. Неабходна падкрэсліць, што Крушынскі для падлеткаў – герой, аўтарытэтны старэйшы сябар, а яго асабісты прыклад, меркаванні і ацэнкі сітуацый – амаль узорныя, на якія хацелася б арыентавацца ў паводзінах. Таму гісторыя, распаведзеная ім, спрацоўвае, робіцца своеасаблівым эталонам для юных герояў у наступных дзеяннях.

Знаходзячыся ў атмасферы захапляльных перыпетый сюжэта, чытач непасрэдна далучаецца да іх, нязмушана і магчыма неўсвядомалена перажывае працэс самаідэнтыфікацыі – суадносіць свае адчуванні з пачуццямі персанажаў літаратурнага твора, пранікае ў іх эмацыянальныя станы. Таму ён непазбежна адчуе грэблівасць да адмоўных персанажаў аповесці: былога камандзіра, што служыў з Крушынскім у Афганістане, і які ператварыўся ў сквапную істоту, да меркантыльнага доктара Пратасевіча і яго зяця, апантаных прагай нажывы, іншых. А вось станоўчыя героі – Крушынскі, Цім, Валік, іншыя – якія клапоцяцца пра слабых і пакрыўджных, імкнуцца да справядлівасці, цярпліва пераадольваюць цяжкасці і небяспечныя абставіны, кіруючыся адно альтруістычным памкненнем дапамагчы бліжняму, абавязкова выклічуць у чытача сімпатыю, жаданне быць падобным на іх. У гэтых вобразах – магутны выхаваўчы зарад, але дыдактычны пачатак замаскаваны, схаваны за перыпетыямі сюжэта, таму ўздзейнічае на чытача апасродкавана, не выклікаючы сустрэчнага супраціву. Апроч таго, супрацьпастаўленне персанажаў, якія знаходзяцца на дыяметральна розных пазіцыях этыкі і маралі, паступова выяўляе, што ключавымі якасцямі станоўчых герояў з’яўляюцца якасці духоўныя – міласэрнасць, спагада, дабрыня. Менавіта гэтыя якасці дапамагаюць героям атрымліваць перамогу ў шматстайных складаных сітуацыях. Такім чынам, аповесць “Афганская шкатулка” Андрэя Федарэнкі ўяўляе сабой не толькі ўзор мастацкага ўвасаблення адмысловага прыгодніцкага сюжэта, дасканалага кампазіцыйнага вырашэння твора, але, несумненна, здольна самым плённым чынам уплываць на фармаванне духоўнага свету юнага чытача.



Літаратура

1. Беленькая Л. И. Социально-психологическая типология читателей-детей (тип читателя, переходный от детского к подростковому) // Социология и психология чтения. Труды. – М., 1979. – Т. 15. – С. 102 – 121.

2. Верціхоўская М., Верціхоўская В. Платонаўскі эйдас, або Якія кніжкі чытаюць дзеці. // Маладосць. – № 6. – 2005. – С. 104 – 117.

3. Коменский Я. А., Локк Д., Руссо Ж.-Ж., Песталоцци И. Г. Педагогическое наследие. – М.: Педагогика, 1989. – 416 с.

4. Обухова Л. Ф. Возрастная психология: Учебник для вузов. – М.: Высшее образование; МГППУ, 2006. – 460 с.

5. Общая психология: учеб. пособие / Л. А. Вайнштейн, [и др.]. – Мн.: Тесей, 2005. – 368 с.

6. Рубакин Н.А. Среди книг // Рубакин Н. А. Избранное: В 2-х т. – М.: Книга, 1975. – Т. 1. – С. 107 - 210.

7. Федарэнка А. Афганская шкатулка: Аповесць, апавяданні: Для дзяцей сярэд. і ст. шк. узросту. – Мн.: Юнацтва, 2002. – 221 с.



Анатолий Андреев

  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   12


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка