Лалі-лаль казка




Дата канвертавання01.01.2017
Памер66.12 Kb.
ЛАЛІ-ЛАЛЬ
Казка
Жыла-была дзяўчынка. Яе звалі... Але кожнае імя хоць каму-небудзь ды не спадабаецца, а я вельмі хачу, каб вы яе палюбілі. Таму лепш вы назавіце яе самі імем лепшай сяброўкі ці любімай сястрычкі.
Жыла дзяўчынка ў горадзе, вучылася ў школе і вельмі любіла чытаць казкі. Улетку яна паехала на канікулы ў вёску да бабулі, якая жыла далёка-далёка, на беразе вялікага-вялікага мора. У першы ж дзень пайшла дзяўчынка ў лес па ягады і заблудзілася.
Блукала дзяўчынка па лесе, аж пакуль сонца села. Што рабіць? Зорак і месяца не відаць, неба хмарнае, вецер вые ў вяршалінах. А лес усё гусцейшы, чарнейшы, і мігае нешта ў глыбіні: ці трухлявыя пні свецяцца, ці звярыныя вочы. Страшна зрабілася дзяўчынцы, села яна проста на зямлю і заплакала. I раптам аднекуль здалёк-здалёк пачуўся ціхі голас:
Не плач,

Глядзі —


Прабіў гушчар праменьчык.

Хутчэй ідзі

На залаты агеньчык.
Узняла дзяўчынка галаву — проста да яе праз лес прабіваўся трапяткі прамень.
— Што за чарадзей праклаў дарожку са святла? — спытала дзяўчынка.
I зноў прагучаў той самы голас:
Не, хлопчык Лалі-Лаль

Не чарадзей, на жаль.

Ён проста добра чуе,

Ён проста добра бачыць,

Ён чуе, калі клічуць,

Ён бачыць, калі плачуць.


I дзяўчынка пайшла па светлай дарожцы, а дрэвы распляталі свае галіны і расступаліся перад ёю, нібы сіла промня была мацнейшай за вецер. Чым далей, тым выразней чуўся гул марскіх хваль. Дзяўчынка думала, што выйдзе проста да бабулінай вёскі, якая стаяла ля самага мора. Але калі лес скончыўся, яна спалохана ўбачыла, што апынулася на пустынным і зусім незнаемым месцы.

— Лалі-Лаль!? — у роспачы паклікала яна.

Але адказу не пачула. Толькі мора грымела, б'ючыся аб скалы. А дзе ж праменьчык? Ён ужо не свяціў, а ледзь-ледзь мігцеў пад скалой, з залатога робячыся аранжавым, чырвоным, малінавым...
"Можа, удасца распаліць агонь ярчэй?" — падумала дзяўчынка. Яна падбегла і — нібы прырасла да зямлі. Пад скалой ляжаў хлопчык, бледны, нерухомы, з заплюшчанымі вачыма. Ніякага вогнішча не было, толькі цьмяна свяціўся не то камень, не то кавалачак шкельца пасярэдзіне абруча, што сцягваў яго валасы.
Здзіўляцца, палохацца не было калі. Што з хлопчыкам? Спіць ці страціў прытомнасць? Дзяўчынка схілілася над ім, прыклала вуха да грудзей — ці дыхае, ці б'ецца сэрца? Раптам хлопчык расплюшчыў вочы.
— Не хвалюйся, — сказаў ён. — Я проста крыху стаміўся. Але мая стомленасць хутка праходзіць, калі мне робіцца цёпла.

— Але ж на табе такі цёплы плашч!

— Грэе не адзенне, грэюць людскія сэрцы. Дзякуй, мне ўжо зусім добра. — Ён падаў плашч дзяўчынцы. — Вазьмі, ты ўся дрыжыш.

— Які прыгожы плашч! — усклікнула дзяўчынка. — Гэта ты Лалі-Лаль? Як дзіўна цябе завуць! Як дзіўна ты гаворыш! Гэта ты свяціў мне сваім ліхтарыкам?

— У мяне няма ліхтарыка. Свяцілася шкельца на маім абручы. Гэты абруч выкінула мора, і я надзеў яго на галаву, каб валасы не падалі на вочы.

— Так не бывае! Простае шкельца не можа свяціць!

— Як табе растлумачыць? — хлопчык задумаўся. — Ну, паслухай мяне ўважліва і пастарайся зразумець. Што ты чуеш?

— Грымяць хвалі...

— Якога яны колеру?

— Зараз чорныя.

— Чым пахне паветра?

— Водарасцямі.

— Вось так і я адчуваю, тут адчуваю, — Лалі-Лаль прыклаў руку да грудзей, — калі з кім-небудзь здараецца бяда. I тады я так хачу памагчы, што магу спыніць рэчку, каб яе можна было перабегчы па дне, паваліць дрэва, каб чалавек, які тоне ў багне, ухапіўся за яго голле, запаліць шкельца, як ліхтарык, калі каму-небудзь патрэбна святло. Толькі тады я стамляюся, вельмі стамляюся. Ты бачыла...

— Лаль, міленькі, зрабі, каб яно зноў свяціла, — папрасіла дзяўчынка.

— Не магу, я раблю гэта, калі здараецца бяда.

— Не можаш? Ты проста смяешся з мяне! Я табе не веру. Лаль паціснуў плячыма.

— Я не ўмею гаварыць няпраўду.

— I так не бывае. Ну, зразумела, я таксама не люблю хлусіць, — уздыхнула дзяўчынка. — Але жыць так, каб не схлусіць ні кропелькі, не выходзіць і ўсё. З'ясі, напрыклад, тры порцыі марожанага, а маме скажаш, што адну, — навошта яе хваляваць? Загуляешся і не рэшыш задачы, а настаўніцы скажаш, што сшытак забыла. Назаўтра прынясеш сшытак, у ім усё зроблена. I ніякай шкоды нікому, праўда ж?

— Магчыма, — неахвотна сказаў Лаль. — Але мне было б сорамна за сябе. А я зусім не магу жыць, калі мне сорамна.

I мне бывае цяжка, — яшчэ раз уздыхнула дзяўчынка.

— Не сумуй, — паспачуваў ёй Лаль. — Хочаш, я прынясу табе арэхаў? У мяне іх многа, у пячоры, дзе я жыву.

— Прынясі, — узрадавана запляскала ў ладкі дзяўчынка. Бо, па-першае, яна прагаладалася, а па-другое, проста не ўмела доўга сумаваць. Але згаджацца з Лалем так легка ёй усё ж не хацелася...

— Калі б усе заўсёды гаварылі праўду, — рашуча сказала яна, калі хлопчык вярнуўся з арэхамі, — на свеце не было б казак.

— Ты няўважліва іх чытала, — адказаў Лаль. — У добрых казках тоіцца самая вялікая праўда.

Спрачацца з гэтым чамусьці не хацелася, і дзяўчынка пачала размову пра іншае, бо доўга маўчаць яна таксама не умела.

— Лаль, ты сапраўды жывеш тут, у скалах, адзін? А дзе ж твае бацькі?

— Так блізка і так далека, што ты ўсё роўна не паверыш.

— Чаму ты не ідзеш да людзей?

— Не магу. Я чакаю.

— Чакаеш, пакуль цябе тут знойдуць? Ты згубіўся гэтак жа, як і я? I табе не страшна? А што, калі прыйдзе драпежны звер ці ліхі чалавек?

— Не разумею. Як гэта — ліхі чалавек?

— Вельмі проста. Людзі ж бываюць добрыя і злосныя, шчодрыя і хцівыя, сумленныя і несправядлівыя. Нават у нашым класе ёсць розныя людзі. Жэнька Доліч тузае дзяўчынак за косы, а Таня Волкава толькі тое і робіць, што скардзіцца настаўніцы...

— Я думаў, злосны бывае звер, вецер, шторм. А чалавек? Чалавек — гэта і значыць добры, шчодры, сумленны.

— Які ты ўсё-такі дзіўны. Адкуль ты? — спытала дзяўчынка.

— Ты зноў не паверыш. Скажаш — так не бывае.

— Ведаеш, Лаль, я ўжо не магу табе не верыць.

— Мы пацярпелі аварыю...

— На моры?

— Не.

— На небе? — вочы дзяўчынкі загарэліся. — Можа, ты з іншай планеты?



— Не, я з Зямлі, і дом мой сапраўды тут, у гэтай бухце. I школа на ўскрайку лесу. Толькі, разумееш, іх яшчэ няма. Яны будуць... Потым...

— Дык ты з будучыні, — у захапленні прашаптала дзяўчынка. — Я ведаю, я чытала пра машыну часу, на якой можна будзе падарожнічаць у мінулае.

— Мы ў школе пабудавалі машыну часу, бо дарослыя не бяруць нас у падарожжы ў мінулае. Мы хацелі самі злятаць толькі на хвілінку: зірнуць і вярнуцца назад. Але нешта загрымела, узарвалася. I я апынуўся тут. Адзін. Разумееш, чаму я не магу пайсці адсюль? Па мяне прыляцяць, па мяне павінны прыляцець... Але што гэта? Я зноў чую — нехта кліча. Прыслухайся.
Спачатку дзяўчынка чула толькі шум буры, а потым праз яго даляцеў слабы рокат карабельнага матора. Лаль усхапіўся.
— Іх, пэўна, занесла сюды бура, яны разаб'юцца. Я добра ведаю гэты бераг, ён вельмі небяспечны. Толькі тут, у нашай бухце, яны могуць прыстаць, калі знойдуць яе. Пачакай, я паспрабую ім памагчы.
Дзяўчынка са страхам сачыла, як ён узбіраецца на самую высокую скалу, выпростваецца на яе стромкай вяршыні, прыціскае да скроняў абруч са шкельцам... I раптам сноп агню ўпаў са скалы на мора і асвятліў удалечыні рыбацкі баркас. Хвалі былі такія вялізныя, што часам баркас знікаў з вачэй. Над морам чуўся голас Лаля:
Трымайся, рыбак,

Змагайся, рыбак!

Я хлопчык-маяк,

Я хлопчык-маяк!

Не бойся пагроз

Раз'юшаных хваль.

Стаіць Лалі-Лаль,

Гарыць Лалі-Лаль!



Баркас павярнуў да бухты. Адчувалася, як цяжка змагацца са штормам маленькаму старому судну. Марудна цягнуліся хвіліны. Лаль больш не спяваў. Дзяўчынка заўважыла, што агонь паступова слабее.
— Лалі-Лаль! Пратрымайся яшчэ крыху! — крыкнула яна. — Яны не трапяць у бухту без маяка.
Прамень успыхнуў з новай сілай. Дзяўчынка ўскрыкнула ад радасці. Але тут заўважыла, што з Лалем робіцца нешта нядобрае. Хлопчык увесь, нібы перанагрэты провад, свяціўся ружаватым святлом, з кожнай хвілінай рабіўся больш празрысты, танчэйшы, нібы раставаў у паветры.
Дзяўчынка кінулася да вострай слізкай скалы і палезла на яе, задыхаючыся, абдзіраючы рукі. Калі яна ўжо была ля самай вяршыні, раскат грому і бляск маланкі прымусілі яе прыціснуцца да скалы і заплюшчыць вочы. Расплюшчыўшы іх, яна не ўбачыла ні Лаля, ні чароўнага промня. Толькі на вострым выступе вісеў абруч з цьмяным шкельцам...
А дзе ж Лалі-Лаль?
Святлана КЛІМКОВІЧ


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка