Ламека Наталля Уладзіміраўна




Дата канвертавання01.02.2017
Памер140.96 Kb.
Ламека Наталля Уладзіміраўна

БДУ, Мінск

СПЕЦЫФІКА ПЕЙЗАЖУ Ў МАСТАЦКАЙ СІСТЭМЕ ГЕОРГА ТРАКЛЯ
Творчасць аўстрыйскага паэта Георга Тракля – адна з вяршынь экспрэсіянісцкай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя. Як і іншыя таленавітыя мастакі гэтага напрамку, ён здолеў паяднаць прыватнае, суб’ектыўнае з агульным, маштабным, універсальным; яго паэзія – своеасаблівая філасофская сістэма, канцэпцыя сусвету, у якой адно з найважнейшых месц займае асэнсаванне прыроды.

Пейзаж у экспрэсіянісцкім мастацтве – адзін з улюбёных жанраў; асабліва папулярнымі былі яго ўрбаністычны, экзатычны і касмічны варыянты. Паколькі ў экспрэсіянізме дамінуюць два віды хранатопу ­­­– максімальна лакалізаваны і максімальна разамкнёны, – гэта адбіваецца і на спецыфіцы адлюстравання прыроды. Аўтары прапануюць альбо дэталёвае апісанне пэўнай мясцовасці, міні-прасторы, альбо панарамную карціну сусвету, макракосму. Адметная якасць паэзіі Тракля – касмізм, імкненне да маштабнага асэнсавання быцця, таму нават у лакальных пейзажах аўтара заўважна тэндэнцыя да абагульнення.

Так, “У парку” („Im Park“) – лірычная замалёўка-мініяцюра, але камернасць настрою парушаецца згадкай пра “пяшчотных багоў” („ihr sanften Götter“), што пашырае межы канкрэтнай прасторы і надае вершу больш маштабнае гучанне. Гэта не проста вандроўка чалавека ў пэўнай мясцовасці, яго хаду сузіраюць нейкія вышэйшыя істоты, таямнічыя сілы. Больш таго, лірычны герой паказаны ў суладдзі з прыродай, макракосмам, настрой яго сугучны скрусе залатых вязаў, жоўтых і чырвоных восеньскіх кветак. Прасторавы складнік хранатопу ўзмацняе эфект універсалізму: радкі “О! тады схілі таксама ты чало // Перад разбураным мармурам продкаў” (“O! dann neige auch du die Stirne // Vor der Ahnen verfallenem Marmor“; тут і далей, за выключэннем пазначаных вершаў, пераклад з ням. мой – Н.Л.) акцэнтуюць адзінства асобы і ўсяго чалавечага роду, жывых і памерлых.

Тракль паэтызуе прыроду ва ўсім багацці яе праяў, кожная пара выклікае цікавасць паэта. Тым не менш, сярод сезонна-каляндарных пейзажаў аўтара дамінуюць апісанні восені (“Восенню” („Im Herbst“), “Восеньскае вяртанне дамоў” („Herbstliche Heimkehr“), “Восеньская душа” („Herbstseele“)) і зімы (“Зімовы вечар” („Ein Winterabend“), “Зімовае змярканне” („Winterdämmerung“), “У снезе” („Im Schnee“)), а сярод замалёвак дня і ночы – вечаровыя (“Вечаровы спеў” („Abendlied“), “Вечаровая хада” („Abendgang“), “Вечарам” („Am Abend“)) і начныя (“Ноччу” („Nachts“), “Начны плач” („Nächtliche Klage“), “Начная песня” („Nachtlied“)). Гэтыя варыянты могуць спалучацца ў межах аднаго твора (“Восень самотніка” („Der Herbst des Einsamen“), “Прасветленая восень” („Verklärter Herbst“), “Зімовая ноч” (“Winternacht“)). Такі падыход арганічны на фоне звышпільнай увагі Тракля да феномену смерці, заняпаду, разбурэння. Самы вядомы твор паэта „Гродэк” („Grodek“) – хоць і не пейзаж у чыстым выглядзе, але карціна ваеннай трагедыі пададзена менавіта на фоне залатой восені, апошні росквіт прыроды супадае з апошнімі хвілінамі жыцця знявечаных ваяроў. У вершы-рэквіеме трагічны вечар, што прынёс шмат ахвяраў, паступова ператвараецца ў скрушную ноч, і “дзікая скарга разарваных вуснаў” паміраючых („die wilde Klage // Ihrer zerbrochener Münder“) змяняецца ціхай журботнай музыкай цёмных восеньскіх флейт („Und leise tönen im Rohr die dunklen Flöten des Herbstes“).

Н. Пестава трапна заўважае, што ў экспрэсіянізме «прырода перастае быць проста аб’ектам паэтычнага сузірання і робіцца ў большай ступені фонам, на які праецыруюцца экзістэнцыйныя станы ізаляванай, адчужанай асобы» [2, 454]. Падобны падыход блізкі да так званага “пейзажу душы”, у якім падкрэсліваецца падабенства настрою чалавека і стану прыроды. У “Гродэку” крывавая бітва, перадсмяротная агонія і смерць людзей тоесныя атмасферы наваколля: пекныя ў восеньскім росквіце лясы, блакітныя азёры і залатыя раўніны падчас катастрофы пачынаюць гучаць музыкай смяротнай зброі („Am Abend tönen die herbstlichen Wälder // Von tödlichen Waffen, die goldnen Ebenen // Und blauen Seen“); пакутлівае паміранне салдат адценьваецца вобразамі сонца, якое змрачнее (“die Sonne düstrer hinrollt”), “чырвонай хмары” з пралітай крыві („rotes Gewölk“), “чорнага тлену” (“schwarze Verwesung”); пераход у іншабыццё абмаляваны ўжо іншымі, урачыстымі колерамі, душы памерлых скіроўваюцца да вечнасці “пад залатым веццем начы і зорак” („unter goldnem Gezweig der Nacht und Sternen“). Трагічныя метамарфозы чалавечага лёсу падаюцца на фоне сімвалічных змен у прыродзе. Як і “У парку”, тут таксама распавядаецца не толькі пра лёс сучаснікаў, толькі гэтым разам Тракль уводзіць у твор вобраз ненароджаных нашчадкаў („die ungebornen Enkel“). І апісаная ў вершы трагедыя аднаго восеньскага дня ператвараецца ў свайго роду апакаліптычны малюнак, карціну з перакрэсленай будучыняй.

Паколькі Тракль стварае велічныя панарамы, не проста апісвае канкрэтны пейзаж, але і асэнсоўвае таямніцы сусвету, частотнымі ў яго паэтычнай сістэме з’яўляюцца вобразы месяца, зорак, сонца. Трагізм светабачання паэта адбіваецца на іх трактоўцы. Так, у творы “Спакой і маўчанне” („Ruh und Schweigen“) пастухі хаваюць сонца ў голым лесе („Hirten begruben die Sonne im kahlen Wald“), і падобная карціна выклікае асацыяцыю з фінальнымі радкамі паэмы Гіёма Апалінэра “Зона”: “Бывай, бывай, сонца з перарэзаным горлам”. Таксама можна згадаць і славутае ніцшэўскае “Бог памёр <…> Мы забілі Бога”. Траклеўскі вобраз зразумелы ў кантэксце “змяркання чалавецтва”, агульнага заняпаду духоўнасці, якое балюча перажывалася пэўнымі прадстаўнікамі экспрэсіянісцкага мастацтва. Аўстрыйскі паэт не выключэнне: нягледзячы на сваю багемнасць і пераход за межы мяшчанскай маральнасці, ён шчыра перажываў уласную грэшнасць, якая падавалася яму адбіткам суцэльнага заняпаду, вышэйшым пакараннем, родавым пракляццем. І свет, дзе ў дол закопваюць сонца, – нібы абязбожаная прастора, пустое і змрочнае валадаранне тлену. Пастухі, што выклікаюць у памяці вобраз Хрыста і звычайна асацыююцца з жыццядайнымі сіламі і дабром, выступаюць у такім свеце ў ролі магільшчыкаў. Тракль цалкам мяняе семантыку, спалучае традыцыйна неспалучальнае. Другі прыклад такога кшталту – “прамяністы падлетак – сястра ў восені і чорным тлене” („ein strahlender Jüngling // Erscheint die Schwester in Herbst und schwarzer Verwesung“), адзін з самых значных вобразаў у паэзіі Тракля. Нават яе аўтар паказвае амбівалентна – адначасова як крыніцу і святла, і пагібелі.

Ландшафтнымі вобразамі, што атрымалі шырокае распаўсюджанне ў Тракля, з’яўляюцца азёры, сажалкі, лясы, могілкі, сцяжынкі. Даследчыкамі адзначалася камернасць яго паэтычнага лексікону, адны і тыя ж лексемы ў розных вершах набываюць функцыю лейтматываў, ствараюць агульны ландшафт паэзіі і раскрываюць філасофію аўтара. Так, неаднаразовая згадка пра крыжы на могілках нагнятае атмасферу скрухі, а матыў дарогі – сярод важнейных складнікаў эстэтыкі Тракля, вандроўка як метафара жыцця і несканчоных пошукаў прысутнічае ў шматлікіх вершах паэта (“Шпацыр” („Der Spaziergang“), “Песня аб краіне Захаду“ („Abendländisches Lied“), “Сямігалоссе смерці” („Siebengesang des Todes“), “Зімовая ноч” („Winternacht“), “На схіле лета” („Sommersneige“) і інш.).

Паколькі пейзаж – жанр, характэрны найперш для жывапісу, заканамерна, што ў літаратурным варыянце ён непазбежна мае такія рысы, як маляўнічасць, каляровасць, графічнасць. Тракля можна назваць паэтам-жывапісцам, адным з частотных тропаў яго мастацкай сістэмы з’яўляецца колеравая метафара, часта звязаная з сінтэтасеміяй (сімультаннай шматзначнасцю). Паэт выкарыстоўвае кароткія бесфлексійныя формы прыметнікаў („rot” (“чырвоны”), „silbern“ (“срэбраны”), „purpurn” (“пурпуровы”), „schwarz“ (чорны)), а таксама субстантываваныя прыметнікі (“das Rot” (“чырвань”), “das Blau” (“сінь”)), якія ў нямецкай мове могуць спалучацца з рознымі членамі сказа, ствараючы такім чынам эфект адначасовай рэалізацыі некалькіх семантычных ці сінтаксічных функцый. Адзін з прыкладаў сінтэтасеміі можна пабачыць у радку з верша “Дзяцінства” („Kindheit“): „Wo nun bräunlich das wilde Gras saust“. Колеравы прыметнік “bräunlich“ (“карычневаты”, “буры”), створаны ад лексемы “braun“ (“карычневы”) з дадаткам суфікса “lich“, што азначае паслабленую ступень якасці, ужыты ў кароткай форме. Адсутнасць флексіі дазваляе аднесці яго да дзеяслова “saust“ (3-я асоба адз. л. ад „sausen“ “шумець”, “свісцець”) і атрымаць, такім чынам, неалагізм „bräunlichsausen“ („карычнева шумець”). Гэтаксама правамерна далучыць слова і да назоўніка „Gras“ (ужытага з прыметнікам „wild“ (“дзікі”) з канчаткам і артыклем ніякага роду) і атрымаць словазлучэнне “das wilde bräunliche Gras“ (“дзікая карычневая трава”). У выніку сказ можна перакласці па-рознаму: “Дзе зараз дзікія бурыя травы шумяць” альбо “Дзе зараз дзікія травы бура шумяць”. У згаданым выпадку сінтэтасемія не зацямняе значэння, але ёсць прыклады, дзе падобнае выкарыстанне колеравых прыметнікаў прыводзіць да ўзнікнення абсалютных метафар з цьмяным сэнсам і адсутнасцю сувязей паміж супастаўляльнымі адзінкамі.

Акрамя таго, пры апісанні прыроды паэт карыстаецца звыклымі эпітэтамі, якія азначаюць чыстыя колеры альбо іх адценні (“чорны” („schwarz“), “залаты” (”golden“), “сіняваты” („bläulich“)), індыкатарамі інтэнсіўнасці колеру (“цёмны” („dunkel“), “светлы” („hell“)), а таксама словамі, што ўтрымоўваюць семантыку таго ці іншага адцення (“снег” („Schnee“), “дым” („Rauch“), “змярканне” („Dämmerung“), “зоркі” („Sterne“)). Для траклеўскай паэзіі характэрна і графічнасць, якая выяўляецца ў наяўнасці кантрастаў, цікавасці да светлаценяў і шырокім выкарыстанні вобразаў, лінеарных на сугестыўным узроўні (вецце, крыжы, хвалі ракі, сцежкі, дарогі, абрысы гор і інш.). У жывапісе і графіцы лініі дапамагаюць перадаць рух, дынаміку, у мадэрнісцкім мастацтве становяцца адным з найважнейшых сродкаў. Варта згадаць стыль Вінсэнта ван Гога, Эгана Шыле, Оскара Какошкі, каб зразумець, наколькі важнымі былі лінія і спецыфічныя хвалепадобныя мазкі для адлюстравання стану прыроды і чалавека, як яны садзейнічалі паглыбленню псіхалагізму ў творах. Пейзажы Тракля таксама псіхалагізаваныя.

Творчая манера аўтара сінкрэтычная, мастак паядноўвае розныя жанры (так, пейзаж можа спалучацца з элементамі споведзі, інтымнай лірыкі, бытавой замалёўкі), выкарыстоўвае не ўласна літаратурныя тропы. Агульная для эпохі тэндэнцыя да сінтэзу мастацтваў найбольш адметна праявілася ў Тракля ў жывапіснасці, але варта адзначыць і іншае вымярэнне мастацкага сінтэзу, без якога немажліва ўявіць пейзажы паэта, – музычнасць. Яна праяўляецца, найперш, у гукапісе. Так, мастак удала перадае подых ветру праз нагнятанне шыпячых гукаў [ш], [х] і [х’] („Unter goldnem Gezweig der Nacht und Sternen // Es schwankt der Schwester Schatten durch den schweigenden Hain“, Grodek; “Пад залатым веццем ночы і зорак // Калышацца цень сястры ў маўклівым гаі”, “Гродэк”). Алітэруюцца паміж сабой і пэўныя лексічныя дамінанты яго паэзіі („Gebirge: Schwärze, Schweigen und Schnee”, Geburt; “Горы: чарната, маўчанне і снег”, “Нараджэнне”), што нагадвае старажытную англасаксонскую паэзію, дзе абавязкова алітэраваліся словы, якія азначалі найважнейшыя паняцці светапогляднай сістэмы альбо быту той эпохі. З сучасных прыкладаў падобнага роду можна згадаць вершаказы Алеся Разанава, у якіх з дапамогай алітэрацыі раскрываюцца глыбокія сувязі паміж рэчамі і з’явамі (“Свечка”, “Горад”, “Зброя” і інш.). Асобныя тэксты Тракля маюць гукавую схему, дзе паўтор пэўных зычных ці галосных стварае эфект музычнасці (напрыклад, чаргаванне гукаў [ф] і [л] у першай страфе “Восені самотніка” („Der Herbst des Einsamen“)).




Der dunkle Herbst kehrt ein voll Frucht und Fülle,

Vergilbter Glanz von schönen Sommertagen.

Ein reines Blau tritt aus verfallener Hülle;

Der Flug der Vögel tönt von alten Sagen.

Gekeltert ist der Wein, die milde Stille

Erfüllt von leiser Antwort dunkler Fragen.

Пладамі стылая вяртае восень

Пажоўклы водбліск летняй асалоды,

Выпырскваючы з-пад лупіны просінь.

У вырай, як з падання, мкнуць чароды;

Віно збрадзіла; цішыня даносіць

Разгадкі цёмных таямніц прыроды.

(пераклад В. Сёмухі)


Прырода ў лірыцы Тракля не проста фон для пачуццяў і перажыванняў. Аўтар часта карыстаецца распаўсюджанымі ў экспрэсіянісцкай эстэтыцы стылістычнымі фігурамі персаніфікацыі і арэчаўлення, паказваючы аб’екты навакольнага свету як надзеленыя душой істоты пры адначасовым прыпадабненні пэўных людзей да нежывых механізмаў. Так, у вершы “Сямігалоссе смерці” („Siebengesang des Todes“) месяц – дзейная асоба, што гоніць чырвонага звера з пячоры („Und es jagte der Mond ein rotes Tier // Aus seiner Höhle“), у той час як чалавек – толькі “сатлелы вобраз, выкаваны з халоднага металу” („O des Menschen verweste Gestalt: gefügt aus kalten Metallen“). У паэзіі Тракля назіраецца і дэманізацыя свету рэчаў і наваколля, якія падаюцца носьбітамі знішчальнай энергіі. Гэты прыём шырока выкарыстоўваўся ва ўрбаністычнай лірыцы экспрэсіянізму (“Канец света” Якаба ван Ходзіса, “Бог горада” Георга Гейма), у Тракля ж асабліва моцна гучыць у апошніх вершах (“Скруха” („Die Schwermut“), “На ўсходзе” („Im Osten“), “Плач” („Klage / Schlaf und Tod, die düstern Adler“), “Гродэк” („Grodek“)). Гэта невыпадкова, бо вершы закранаюць такія балючыя тэмы, як самота і асуджанасць на адзіноту, смерць і разбурэнне, трагедыя вайны. У візіянерскім творы “Плач” – прадбачанне ўласнай пагібелі, паэт паказвае марнае змаганне з няўмольным лёсам, апошнюю сутаргу жыцця, кволы пратэст супраць раўнадушша, мярцвянай халоднасці наваколля, шчымлівай беспрытульнасці самотніка. Прырода ў вершы – варожая і нелітасцівая, “ледзяныя хвалі вечнасці” („die eisige Woge der Ewigkeit“), “жахлівыя рыфы” („schaurige Riffe“) – нібы брама ў іншасвет, пякельную прастору вечнай пакуты. Прыпадабняючы сябе да карабля, што патанае пад маўклівым небам, паэт паказвае бездапаможнасць чалавека перад змрочнай веліччу стыхіі. Такія вобразы, як зоркі, мора, вечнасць, садзейнічаюць пашырэнню хранатопа, узмацняюць трагічнасць твора; і экстатычная споведзь перасягае межы індывідуальнай трагедыі, уздымаецца на ўзровень сусветнай катастрофы.

Але Тракль не толькі раскрывае цёмныя, інфернальныя сілы прыроды. Так, у “Сямігалоссі смерці” кантрастам да вобразаў заняпаду, пагібелі („Untergang“) выступае кветка яблыні ў росквіце („blühendes Apfelgezweig“), памерлы скіроўваецца па рацэ ў чорным чоўне пад зазелянелым веццем („Auf schwärzlichem Kahn fuhr jener schimmernde Ströme hinab, // Purpurner Sterne voll, und es sank // Friedlich das ergrünte Gezweig auf ihn, Mohn aus silberner Wolke“). Як на ўзроўні філасофіі (дыялектыка жыцця і смерці), так і паэтыкі (выкарыстанне кантрастных колераў, супрацьпастаўленне статычнага вобраза мёртвага дынамічнаму руху хваляў) заўважна адна з важнейшых асаблівасцей эстэтыкі Тракля ­– імкненне паказаць амбівалентнасць свету, дзе кожная з’ява мае розныя вымярэнні. І ў прыродзе, як і ў чалавеку, паэт бачыць цесны суплёт Дабра і Зла, адвечную барацьбу Святла і Цемры.

Літаратура:



  1. Тракль, Г. Вершы / пераклад В. Сёмухі //
    http://kamunikat.fontel.net/www/knizki/pieraklady/siomucha/trakl/trakl.htm

  2. Энциклопедический словарь экспрессионизма / гл. ред. П.М. Топер. М., 2008.

  3. Trakl G. Das dichterische Werk. – München: Deutscher Taschenbuch Verlag, 1998.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка