Леанід Дайнека Чалавек з брыльянтавым сэрцам




старонка10/12
Дата канвертавання02.04.2017
Памер2.67 Mb.
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   12

XIV


 

Радаслаў Буслейка, Вера Хрысцінюк і Клён Дубровіч, збегшы ад натоўпу журналістаў, якія дзеля інтэрв'ю гатовы былі расшкуматаць іх на дробныя кавалачкі, у спадарожную машыну, а потым, нікім не заўважаныя, шчаслівыя, ускочылі ў перапоўнены людзьмі вагон менскага метро, паехалі ў цэнтр горада. Меркавалася, што першнаперш заедуць яны на вуліцу Заслаўскую, у кватэру сям'і Дубровічаў.

- Лоўка мы абвялі вакол пальца ўсіх гэтых букетаносцаў, - смяяўся Клён.

Ён з прагнай радасцю ў вачах глядзеў на людзей, на плямы святла, што ўспыхвалі і праляталі, успыхвалі і праляталі ў вокнах вагона. Ён гатоў быў крычаць вагону, прыспешваць яго: «Хутчэй! Хутчэй!», бо так не цярпелася ўбачыць родны дом, сваю вуліцу, маці, бацьку.

- Так, букетаў было, як пішуць журналісты, поўнае мора і цэлы акіян, - задаволена сказаў Буслейка. - Як глянуў я - а ўвесь аэрадром у адных букетах. І гэта ж трэба кожнаму, хто табе букет падрыхтаваў, пакланіцца, усміхнуцца, горача паціснуць руку. Не, што ні кажыце, а своечасова мы збеглі.

Вера Хрысцінюк закахана пазірала на яго. З вясёлым здзіўленнем увесь гэты час яна адчувала сябе быццам трошкі п'янаватай, хоць, вядома ж, ні кроплі віна не пабывала ў яе роце. «Якое шчасце пасля такіх выпрабаванняў і жахаў зноў вярнуцца на Зямлю, - расчулена думала Вера, - якое шчасце ехаць у гэтым цесным дрогкім вагоне і бачыць каля сябе Радаслава, моцнага прыгожага чалавека, роднага чалавека на роднай зямлі». Яна адчувала, што катастрафічна топіцца, ідзе на дно сініх іскрыстых вачэй стрэсаператара. Ёй успаміналіся словы славутага пісьменніка, вычытаныя ў кніжцы пра каханне: «Мужчына і жанчына, стойце тварам да твару, душа да душы. Не рассячэ вас ніякі меч».

Раптам вагон на поўным разбезе рэзка спыніўся, затармазіў. Пасажыры паляцелі ўпёрад, паваліліся, як костачкі даміно, адзін на аднаго. Завішчэлі, зарыпелі, заекаталі вагонныя колы, з-пад якіх шуганулі снапы гарачых іскраў. Адразу патухла святло. Пачуліся прарэзлівыя стогны.

- Што гэта? - ухапілася Вера за Радаслававу руку.

- Не хвалюйся, Верачка, - сказаў як мага спакайней Буслейка. - Пэўна, нейкая аварыя ў кантактнай сетцы метрапалітэна. Зараз электрыкі, трэба спадзявацца, прымуць адпаведныя меры, і мы паедзем далей.

- Ды вы што - з Месяца зваліліся? - перапыніў яго чарнавусы, гадоў сарака мужчына. - Хіба не ведаеце, што ўжо другі дзень у горадзе самая сапраўдная вайна з плазмоідамі? Гэтая нечысць прэ адусюль: з каналізацыйных люкаў, з трансфарматараў, з электраразетак.

- На іхнім баку робаты, якія ўзбунтаваліся на аўтамабільным заводзе, - спалохана пазіраючы ў цёмнае акно вагона, уставіла сваё слоўца сівая інтэлігентнага выгляду бабуля.

- І наркаманы. Гэтым - абы ўкалоцца, - дадаў шыракаплечы юнак у чырвонай веласіпеднай шапачцы.

Набор такіх навін быў поўнай нечаканасцю для Клёна, Веры і Радаслава. На нейкі міг яны адчулі збой у дыханні.

- Мы і сапраўды, як вы кажаце, зваліліся, толькі не з Месяца, а з планеты Вар, - сказаў нарэшце Буслейка.

- Дык вы з экспедыцыйнага корпуса палкоўніка Хвалібога?! - жвава ўсклікнуў шыракаплечы юнак, і вочы радасна заззялі.

- Мы не з корпуса. Мы тыя, каго вызваляў гэты корпус, - пакрыўджана сказаў Клён. - І Хвалібог не палкоўнік, а маёр.

- Не, малады чалавек. Ён ужо стаў палкоўнікам. Я сама слухала Індаэўрапейскае радыё, - адразу ўмяшалася ў гаворку бабуля-інтэлігентка. - Там было сказана так...

Яна, успамінаючы, прыжмурыла маленькія, як сінія фасолінкі, вочы.

- За выключныя арганізатарскія здольнасці, за асабісты гераізм, у выніку чаго выратавана жыццё траіх зямлян, датэрмінова прысвоіць маёру рэспубліканскай гвардыі Хвалібогу (імя не помню) воінскае званне палкоўнік.

- Пачакай, пачакай... Дык ты, значыцца, Клён Дубровіч? - пільна пазіраючы ў вочы Клёну, прамовіў чарнавусы мужчына і ляпнуў Клёна па плячы. - Віншую, брат. Вось не чакаў, што ўбачу. Будзе што жонцы расказаць. Таварышы, - звярнуўся ён да пасажыраў, - у нашым вагоне едзе Клён Дубровіч, той самы юны герой, якому нададзена высокае ганаровае званне - Чалавек з брыльянтавым сэрцам.

Пачуліся воплескі, узбуджаныя галасы. Тыя з пасажыраў, хто стаяў бліжэй, ціснулі Клёну руку, прыязна ўсміхаліся. На нейкія імгненні ўсе быццам забыліся, што знаходзяцца ў вагоне метро, які намёртва прыліп да рэйкаў і невядома калі скранецца з месца, што зусім побач грыміць жорсткі бой.

- Такі маладзенькі і ўжо - Чалавек з брыльянтавым сэрцам, - пранікнёна ззяючы вочкамі-фасолінкамі, сказала бабуля.

- Ён ахвяраваў сабою з-за мяне, - пахвалілася Вера Хрысцінюк.

Толькі ў душы ў Клёна не было ні макулінкі радасці. Як ён спяшаўся сюды, на Зямлю, у Менск, як ён хацеў хутчэй убачыць маці, бацьку, сяброў з гімназіі. Яшчэ тады, калі гвардзейцы з корпуса Хвалібога, паралізаваўшы Ўльтрамозга, Уладара Таямніцы, масіраваным абпраменьваннем-стрэлам з Соннай Гарматы вызвалілі Клёна, ён думаў аб адным: хутчэй дабрацца дадому. І вось стаіць у змярцвелым вагоне метро, нейкія чужыя людзі віншуюць яго, нешта гавораць, сівая бабуля нават плача ад радасці, а на сэрцы такая халадэча. Хіба гэтага хацелася яму? Хіба імкнуўся ён, яшчэ зусім малады, якому няма й шаснаццаці гадоў, атрымаць тытул Чалавека з брыльянтавым сэрцам? Вядома не. Проста - так атрымалася. Знаходзячыся за нейкія паўкіламетра ад роднага дому, ён, хоць разарвіся, ні на крок не можа наблізіцца да яго. Якая несправядлівасць! А тут яшчэ гэтыя віншаванні, гэтыя ўсмешкі і воплескі. «Фальш, - са злосцю падумаў Клён. - Яны, усе ці амаль усе, няшчырыя. Фальшывыя людзі. Фалыпывая планета».

Радаслаў Буслейка, быццам адгадаўшы ягоныя думкі, сказаў, становячыся амаль упрытык:

- Ты не вельмі бяры ўсё да галавы, Клёнік.

І правай цвёрдай даланёю ўскудлаціў яму валасы.

Тое, што стрэсаператар назваў яго Клёнікам, назваў так, як звычайна называла Вера, падалося абразаю, найвялікшай знявагай. «Фалыпывыя людзі. Фалыпывая планета», - зноў з нейкай асалодай падумаў Клён.

Раптам без ніякай аб'явы ўспыхнула святло, вагон крануўся. Пасажыры, адразу забыўшы пра Чалавека з брыльянтавым сэрцам, зручна ўладкаваліся на сваіх месцах, з насцярогай пачалі ўзірацца ў вокны. Водбліскі ад электрычных ліхтароў, што гарэлі ў тунелі метрапалітэна, нервова беглі па людскіх тварах. І тут здарылася неспадзяванае - з дзесятак робатаў, з'явіўшыся аднекуль з цемры, пачалі падаць на рэйкі, перагароджваць дарогу электрацягніку. Чуўся звонкі металічны ляскат, пранізлівае скрыгатанне, Добра, што машыніст даўмеўся адчыніць дзверы вагонаў. Пасажыры, давячы адзін аднаго, рынуліся на перон. Мільгалі перакошаныя страхам твары, усюды валяліся згубленыя парасоны, жаночыя туфлікі. Клён убачыў, як агромністы робат жалезнай рукой выцягваў з кабіны машыніста, шпурнуў яго на рэйкі.

- Вера! Клён! Трымайцеся побач! - крыкнуў Буслейка, бегучы па пероне.

- Там робатаў патрушчыла, - задыхана прамовіў Клён, не адводзячы позірку ад рэек, дзе цямнеліся горы металічнага друзу.

- Падпалынчыка лесу нельга апраўдваць тым, што ён таксама згарэў, - адказаў стрэсаператар і падхапіў Веру Хрысцінюк, якая, паслізнуўшыся, ледзь не ўпала.

Па гранітных звонкіх ступеньках яны беглі ўверх да дзвярэй, на якіх было напісана: «Выхад у горад». Іх абганялі людзі, часам балюча штурхалі локцямі.

Непадалёку ад дзвярэй стаяла маладая жанчына з грудным дзіцем на руках. Дзіця было закручана ў каляровыя яркія пялёнкі. Клён, прабягаючы побач, зусім выпадкова кінуў позірк на жанчыну і анямеў - не дзіця трымала яна ў пялёнках, а маршчыністага вельмі маленькага сівабародага дзядка. Не дзіцячую соску ўбачыў Клён, а мініяцюрную рацыю, у якую дзядок гаварыў нейкія адрывістыя рэзкія словы, пэўна, аддаваў загады.

- Радаслаў! - адчуваючы, як залівае сэрца жах, закрычаў Клён. - Імі кіруе карлік! Яны носяць яго на руках!

Буслейка азірнуўся, няўцямна паглядзеў на яго, на жанчыну, хацеў нешта сказаць, нешта спытаць, але махнуў рукой і пабег далей. Жанчына ж, пагрозліва бліснуўшы зялёнымі вачамі, выхапіла з кішэні сваёй курткі шпрыц, хацела ўкалоць Клёна. Ён ледзь вывернуўся. «Наркаманка», - зразумеў ён і даў такога драла, што ўміг перагнаў і Радаслава, і Веру.

Яны выскачылі на вуліцу Нямігу. Непадалёку, на мосце праз раку Свіслач, гарэў аўтамабіль. Трывожна званіў, грымеў звон кафедральнага праваслаўнага сабора. Старая ў чорным глядзела на сабор, хрысцілася, прыгаворваючы:

- Сказана ў Святым пісанні: «І прыйдзе агонь нябесны. І дом на дом упадзе».

Вера Хрысцінюк раптам паклала галаву на плячо Радаславу і заплакала.

- Навошта ўсё гэта? - праз слёзы запытала яна.

- Што? - пагладзіў ёй валасы Буслейка.

- Агонь... Дым... Страх... Робаты... Агідны карлік з рацыяй... За што, за якія грахі пакутуем мы, людзі?

- Супакойся, - пераходзячы на «ты», пачаў суцешваць Буслейка.

- Але за што такія пакуты?

- Я ведаю, - бляднеючы сказаў Клён.

- Ты? - адначасова здзівіліся Радаслаў і Вера.

- Я. Гэта расплата за стагоддзі фальшу. Хто кідае камень уверх, кідае яго на сваю галаву. Гэта - бунт прыроды, якую чалавецтва заганяла ў трубы, у жалезныя клеткі, у цыстэрны, у колбы і рэактары. Мы жывем на фалынывай планеце. І нават Вялікая Эра Плюралізму - толькі маска, пад якой хаваецца фальш.

- Мой ты хлопчык, - усё яшчэ плачучы, пачала цалаваць Вера Клёна.

Ён адварочваўся, моршчыўся.

Раптам яны ўбачылі спартсмена. Гэта быў мужычок гадоў трыццаці пяці - сарака, гладкі, жылісты, з вясёлым загарэлым тварам. У чырвоным спартыўным касцюме, у беласнежных кедах ён трушком бег па вуліцы і, пэўна ж, нічога не заўважаў наўкол сябе. Рытмічна працавала сэрца, спраўна служылі мускулы, прыемна-цёплым ручаём пульсавала па венах і капілярах кроў.

- Вось падзівіцеся, - нервова прыкусіў губу Клён. - Гарыць горад, а ён сабе бяжыць, пацее, хоча жыць сто пяцьдзесят гадоў. Дрэва, пушчанскі дуб на адным месцы ўсё жыццё стаіць, а жыве і тысячу, і дзве тысячы гадоў.

Яны, асцярожліва азіраючыся, пайшлі па Нямізе, кіруючыся ў бок вуліцы Заслаўскай. Пахла дымам, бензінам, гарэлай гумай. Каля перакуленага газетнага кіёска валяліся кіпы рознакаляровых часопісаў, газет. Вецер гартаў старонкі. Бліскучымі вострымі абломкамі было рассыпана вітрыннае шкло.

«Чаму мяне не сустрэлі ў аэрапорце мама і бацька? - думаў Клён. - Што здарылася? Яны ж павінны былі ведаць аб нашым прылёце. А можа...» Але ён не дазваляў свайму разгарачанаму ўяўленню ісці далей слова «можа», сягаць за тую трывожную мяжу, дзе жыве халодная невядомасць, дзе перакочвае свінцовыя хвалі бязмежны акіян адчаю. «Усё будзе добра, нармальна, - прымушаў сябе думаць ён. - Проста яны не паспелі прыехаць з Чорнага Хутара. Вось зараз павернем на вуліцу Танкавую, а там - і Заслаўская».

З-за рога прадуктовага магазіна выбегла штук пятнаццаць шышкагаловікаў. Ружовыя твары і ружовыя рукі рэзка кантраставалі з чорнай, мабыць, гумавай вопраткай. Шышкагаловікі цягнулі панцырны агнямёт, ударылі вогненным струмянём па вокнах магазіна. Шкло гучна лопалася, плавілася. Некалькі салдат СЦ не спяшаючыся зайшлі ў магазін, дзе ўжо бушавала полымя, абсалютна не зважаючы на гарачыню, корпаліся там. Нарэшце зноў з'явіліся на вуліцы і ўсе былі з трафеямі. Хто нёс маткі сасісак, абкруціўшыся імі, хто - галоўку сыра або кардонную скрынку з маслам. У аднаго ў руках блішчалі дзве бутэлькі гарэлкі. Ім, вядома ж, не патрэбна была ніякая ежа, бо адсутнічалі страўнік і апетыт. Але капіісты заставаліся капіістамі. Проста на асфальце яны селі ў кружок. Адзін ружовай рукою зачэрпваў з кардоннай скрынкі як паболей масла, старанна размазваў яго па тварах і па жыватах сваіх таварышаў. Так яны «елі». І тут шышкагаловікі заўважылі людзей.

- Бяжым! - крыкнула Вера.

Але салдаты СЦ імгненна ўскочылі на ногі, і пякучы струмень з агнямёта разрэзаў, расплавіў асфальт літаральна ў некалькіх сантыметрах перад ёй.

- Спакойна заставаймася на сваіх месцах, іначай яны спаляць нас, як жмут сухой саломы, - сказаў Радаслаў.

Шышкагаловікі шчыльна абкружылі людзей, пачалі разглядваць іх. Так дзеці разглядваюць незнаёмую цацку.

- Якія яны страшныя, - прашаптала Вера.

Замест зубоў у роце ў шышкагаловікаў меліся вузкія металічныя пласцінкі з мноствам дзірачак. У іх не было павекаў і броваў, чырвоная скура на шчоках была падобна на кракадзілавую, віднелася ўсяго адна наздрына, і тая на самым кончыку тоўстага кароткага носа.

Шышкагаловік, які трымаў у руках скрынку з маслам, пастаяў-пастаяў і раптам плюхнуў жменю масла проста ў твар Клёну, пачаў размазваць.

- Адчапіся, агідзіна! - закрычаў Клён.

Пэўна, крык падзейнічаў, бо шышкагаловік, схіліўшы галаву на левае плячо, адступіў, застыў, як каменны. Затое трое ягоных сяброў у імгненне вока падскочылі да Буслейкі. Адзін моцна сціснуў стрэсаператару кісці рук - не варухнешся, другі адкінуў яму галаву назад, надавіўшы на ніжнюю сківіцу, адкрыў рот; трэці пачаў заліваць у рот стрэсаператару гарэлку. Радаслаў моршчыўся, захліпваўся, круціў вачамі, але нічога не мог зрабіць. Тады Вера, ірвануўшыся да шышкагаловіка, выбіла ў яго з рук бутэльку. Тая пакацілася, забрынчэла. Салдаты СЦ здзіўлена пазіралі на Веру.

- Уцякайма! - крыкнуў Клён, плюючыся, абціраючы з твару масла.

Яны што ёсць моцы пабеглі па гарачым патрэсканым асфальце, прычым адразу ж звярнулі ў прахадныя двары, бо на Нямізе іх бы накрыў агнямёт. Усё было забіта густым едкім дымам: дзіцячыя пляцоўкі, скверыкі, пад'езды. На клумбе з паніклымі кветкамі стаяў, як здань, магутны чорны дог, з разяўленай мокрай пашчы вывальваўся чырвоны язык. Дзяўчынка гадоў дзесяці, што вывела сабаку на прагулку, пэўна, не магла з ім саўладаць, бо хліпала носам і бездапаможна сціскала ў руцэ павадок.

- Ідзі дадому. Чаго аслупянеў? - строга сказаў Буслейка догу.

Сабака глянуў на яго, міргнуў карычневымі вачамі, паслухмяна патрухаў у пад'езд.

- Што будзем рабіць? - стомлена спытала Вера. Буслейка ўсміхнуўся.

- Адзін мудрэц казаў: «Я ніколі не думаю пра будучыню. Даволі хутка яна прыходзіць сама». А калі быць сур'ёзным, то трэба прабірацца на вуліцу Заслаўскую - там нашага Клёна ўжо даўно зачакаліся.

Клён з удзячнасцю зірнуў на стрэсаператара.

Яны, трымаючыся падалей ад будынкаў, з якіх адкрышваліся, ляцелі ўніз кавалкі цэглы і абліцовачная плітка, пабеглі праз дым. Спераду - Радаслаў, за ім - Вера. Клён трымаўся ў ар'ергардзе. Рабілася горача. Пот заліваў шчокі. Раптам накрыўка каналізацыйнага люка, які толькі што пераскочыў Буслейка, са звонкім грукатам адчынілася, адвалілася. Адтуль, з-пад зямлі, вытыркнулася доўгая ружоваскурая рука, схапіла Веру за нагу, рэзка рванула ўніз. Усё адбылося імгненна.

- Ой! - крыкнула Вера, і ўжо былі толькі відны яе плечы, рукі і галава.

- Радаслаў! Клён! Хлопчыкі! Ратуйце! - са слязьмі ў голасе залямантавала яна.

Буслейка з Клёнам за рукі і плечы пацягнулі яе з люка, з цяжкасцю, але выбавілі на паверхню. Яна была басанож, прыгожыя блакітныя кеды засталіся ў калодзежы. Калі яна ўбачыла свае ногі, то жахнулася і закрыла вочы далонямі. На нагах была ружовая, нібы дзіцячая, скура, абсалютна такая, як у шышкагаловікаў.

- Божа, што яны зрабілі? - заплакала Вера.

- Вера, пойдзем, - асцярожна крануў яе за плячо Клён.

Але яна несуцешна плакала.

- У пазамінулым годзе я заняла чацвёртае месца на конкурсе «Спадарыня Навука», - праз горкія іскрыстыя слёзы казала яна. - Я выступала ў залацістым купальніку. Мае ногі...

Вера, як да чужых, з гідлівасцю і жахам дакранулася да сваіх ног, пагладзіла іх, і раптам яе рукі зрабіліся такімі ж - ружовымі, ашаламляльна-яркімі. Гэта для жаночай душы было ўжо занадта. Вера неяк сутаргава ўсхліпнула і страціла прытомнасць.

- Пракляцце! - гнеўна закрычаў, узняў угору кулакі Радаслаў Буслейка. - Каму патрэбна такое?! Колькі можна цярпець?! Чаго хоча ад нас СЦ?!

Ён быў у шаленстве - махаў кулакамі і тупаў нагамі, пляваўся. Клён з трывогай глядзеў то на Веру, то на Радаслава.

І ў гэты міг у небе, якраз у іх над галовамі, з'явілася чорная-чорная хмарка, падобная на шар, шумлівая, уся ў зіхоткіх маланках. Загрымеў гром, падзьмуў парывісты гарачы вецер. Стала цяжка дыхаць. Вера застагнала, пачала павольна расплюшчваць вочы.

Чорная хмарка з неймавернай хуткасцю наблізілася да зямлі. У суседніх будынках нібы самі сабой расчыніліся ўсе вокны, зазвінела, пасыпалася шкло. Дрэвы і дрэўцы, якія раслі навокал, кветкі на клумбах разам зашалясцелі, нізка нахіліліся, прычым кветкі адразу ж згарнулі ў пучок свае пялёсткі, быццам разумелі - ім немагчыма глядзець на тое, што зараз адбудзецца.

Хмарка села на зямлю пасярод двара, пачала шыпець, булькатаць, нечакана раскалолася на дзве палавіны, і з яе выкацілася яркая зорка.

- Маленькі Пяціног, - зачаравана і адначасова спалохана сказаў Клён.

Так, гэта быў Пяціног, абсалютная копія таго Пяцінога, з планеты Вар, але разоў у дзесяць меншы. Ён пайшоў-пакаціўся проста на Радаслава Буслейку.

- Сыдзі з дарогі і аддай жанчыну! - загрымеў над дваром, здавалася, над усім Менскам уладны жалезны голас.

- Убірайся прэч, - цвёрда сказаў стрэсаператар. - Гэта жанчына і гэты юнак - мае сябры. Пакуль б'ецца ў грудзях сэрца, пакуль рука можа сціскацца ў кулак, ты іх не возьмеш.

- Станавіся на калені, іначай раздушу і спалю! - грымеў жалезны голас.

- Убірайся прэч, - упарта нахіліў светлавалосую галаву Буслейка.

Клён і Вера не дыхаючы глядзелі на яго і на Пяцінога. Яны пачыналі разумець, што менавіта ў гэтае імгненне, на гэтым дымным няўтульным двары, дзе амаль да самай травы схіліліся тонкія кволыя дрэўцы, дзе нетутэйшым крыклівым святлом заліта дзіцячая пясочніца, аўтамабільчыкі, лялькі і рыдлёвачкі ў ёй, адбываецца сутыкненне дзвюх цывілізацый, дзвюх несумяшчальных суперсістэм. Імя ім - Зямля і Сіняя Зорка, Чалавек і Пяціног, Душа і Ўсёсакрушальная Сіла...

Было відно, што Радаславу вельмі-вельмі цяжка. Твар збялеў, шчокі завастрыліся, плечы і рукі нервова трымцелі, быццам гнёў яго нечуваны страшэнны цяжар, ад якога, як гаворыцца ў народных казках, людскія ногі па калена ўваходзяць у пясок. Было відно, што тая сіла, якая ляціць, струменіцца з Пяцінога, хоча, чаго б гэта ні каштавала, прымусіць стрэсаператара стаць на калені, зламаць і патушыць ягоны ўпарты позірк.

- На калені! - грымеў, накочваючыся на Буслейку, Пяціног.

Радаслаў, сцяўшы зубы, маўчаў, адважна пазіраў на яго. Толькі густы пот, як халодная вечаровая раса, клаўся на лоб.

І тут прагучаў аглушальны выбух, высока ўзвіўся фантан агню. Клёна з Верай ударная хваля адкінула на дзіцячую пясочніцу. Яны ляжалі на ўтаптаным маленькімі чаравічкамі жоўтым пяску, праціралі вочы і нікога не бачылі - ні Буслейкі, ні Пяцінога. Пуста было наўкол.

- Радаслаў! - з адчаем пазіраючы ў неба, закрычала што ёсць моцы Вера.

- Радаслаў Алесевіч! - закрычаў Клён.

І раптам як бы лопнулі нябачныя абручы, што да самай апошняй хвіліны сціскалі, скручвалі неба і зямлю, усё наваколле. Адразу пырснула з-за хмар сонца, развеяўся дым, весела заблішчалі шыбы ў вокнах, выбеглі на вуліцу дзеці. Адразу ж па ўсім Менску - на Серабранцы і Чыжоўцы, у Вяснянцы і Кунцаўшчыне - салдаты СЦ імгненна спынілі бой, селі, хто дзе знаходзіўся, на зямлю, на бетон, на рэйкі, абшчапілі галовы рукамі і з неймавернай хуткасцю пачалі змяншацца ў аб'ёме, пакуль не зніклі. Так знікаюць, так гінуць медузы, выкінутыя морам на гарачы пясок. Адразу ж робаты, разбіўшыся на атрады, памаршыравалі ў месцы ранейшай дыслакацыі. Паперадзе іх горда крочылі робаты-трубачы.

- Радаслаў Алесевіч ахвяраваў сабой, ахвяраваў дзеля спакою і міру, і СЦ прыняла ахвяру, - ціха сказаў Клён.

Вера апусцілася на калені на тым самым месцы, дзе некалькі хвілін назад напаткала смерць Буслейку, і плакала.

А Менск наліваўся ўзрушанымі людскімі галасамі, шумеў ва ўсёй сваёй велічы. І ўжо выходзілі дворнікі падмятаць разбітае шкло і раструшчаную цэглу. І самую першую порцыю марожанага не прадаў, а падарыў васьмігадоваму русавалосаму хлопчыку з вуліцы Заслаўскай увішны вясёлы аўтамат.

Над горадам плылі агромністыя бела-ружовыя, як квецень майскай яблыні, воблакі. На адным з іх, самым прасторным, успыхнулі словы: «Ахвяру прымаем. Вайна скончана».

 

1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   12


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка