Леанід Дайнека Чалавек з брыльянтавым сэрцам




старонка11/12
Дата канвертавання02.04.2017
Памер2.67 Mb.
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   12

XV


 

Для Клёна Дубровіча пачаліся самыя цяжкія часіны. Са слязамі на вачах сустрэлі яго маці і бацька, цалавалі, абдымалі. Маці і хатні робат Чарлі збіліся з ног, носячы яму прысмакі, ды так закармілі, хоць пад стол ад іх хавайся. Але схлынула радасць, пацяклі дні, тыдні, і Клён адчуў, што ў ягонай душы нешта незваротна зламалася, што амаль усё ў паводзінах сяброў, суседзяў, нават бацькоў яму не падабаецца. Іхнія ўсмешкі, бясконцыя роспыты пра Вар, іхнія знакі ўвагі, паляпванні па плячы ўсё болей здаваліся яму няшчырымі. «Фальшывая планета», - думаў ён і сам палохаўся такіх думак, бо Зямля і людзі ВЭП, як вучылі яго ў гімназіі, як пісалі ў газетах і кнігах, як верылі бацькі і зусім нядаўна верыў ён, знаходзіліся на вяршыні піраміды, імя якой - чалавечая цывілізацыя. Усё, што было да ВЭП, да сённяшніх дзён, было калі і заканамерным, дыялектычна апраўданым, усё роўна лічылася ніжэйшым, не зусім дасканалым. Такая ўпэўненасць не называлася эгаістычнай, самарэкламнай, бо, як двойчы два заўсёды раўняецца чатыром, так і ВЭП заўсёды і ва ўсім (прынамсі, так цвёрда верыла ўсё ці амаль усё чалавецтва) пераўзыходзіць мінулыя эпохі. Пры гэтым усе цудоўна ведалі, што калісьці ў сівой далечы тысячагоддзяў Рымская імперыя ўжо аб'яўляла сябе Эталонам грамадскага раззіцця і прагрэсу, а потым - гітлераўскі Рэйх, а потым - камуністычны СССР, ды горкае расчараванне чакала ўсю тройцу.

Каб неяк супакоіцца, Клён шмат чытаў, слухаў музыку, аддаючы перавагу забытым народным песням. Добра было пачуць вось такое:

 

Мой хвор мужычок,



Ды красен, як бурачок,

А я здарова,

Ды жоўтая, як маркова.

 

Аказваецца, задоўга да ВЭП у людзей было столькі гумару, здаровага смеху, людзі пасвойму былі шчаслівыя. «Што са мною? - думаў Клён. - Чаму я ўвесь час адчуваю, што мне нечага не хапае? Ясна, што мне вельмі не хапае Радаслава Буслейкі. Але ён загінуў, яго ніколі не будзе, і я гэта разумею. Дык чаго ж мне не хапае?»



Праз некалькі дзён у некаторых газетах упершыню з'явіліся публікацыі на тэму «Вірус планеты Вар». Калі верыць журналістам і вучоным, якія давалі інтэрв'ю, існуе зусім новы таямнічы вірус, што пакрысе пачаў гаспадарыць на ўсёй Зямлі, асабліва ў Індаэўрапейскай Канфедэрацыі. Людзі, якія ім заразіліся, губляюць усялякую цікавасць да жыцця, пакутуюць няўпэўненасцю, дэпрэсіяй, абсалютна абыякавыя да (падумаць толькі!) духоўных каштоўнасцей сваёй планеты. І хоць журналістаў, як і ва ўсе часы, болыпасць зямлян лічыла пляткарамі - з ветру вяроўку саўюць - але ў дадзеным выпадку чалавецтва задумалася і насцярожылася. І, трэба прызнацца, падставы былі. Пасля гераічнай смерці стрэсаператара Радаслава Буслейкі ў яго з'явілася мноства паслядоўнікаў. Гэтых маладых людзей называлі «ахвярнікамі». Іх можна было распазнаць у вулічным натоўпе па асабліваму бляску вачэй, па бледнасці тонкіх адухоўленых твараў і па каляровым партрэце Буслейкі, які яны насілі на майках. Навум Масейкін у адной з тэлевізійных перадач назваў іх камікадзе, і назаўтра яго закідалі на вуліцы тухлымі яйкамі і гнілымі грушамі. «Ахвярнікі» пакляліся, чаго б гэта ні каштавала, памірыць чалавецтва з СЦ. Сямёра з іх скончылі жыццё самагубствам у Шягарскім вадаспадзе, трое скокнулі з Эйфелевай вежы, адзін - жыхар Бабруйска Лявон Латушка - на ўласным верталёце ўзляцеў над Нараччу, выключыў рухавік і разам з машынай рухнуў у возера. Ну й нацярпеліся тыя бацькі, хто меў сыноў ці дочак прыкладна такога ж узросту. Зачынялі дзяцей на замок, наймалі сакрэтных агентаў, каб тыя сачылі за імі, ушывалі дзецям у адзенне радыёдатчыкі. Колькі было слёз, гарачых спрэчак, абяцанняў і расчараванняў! І СЦ, трэба аддаць ёй належнае, зразумела сітуацыю, спыніла барацьбу, канчаткова памірыўшыся з чалавецтвам. Праўда, той жа Навум Масейкін едка заўважыў, што яна проста «лягла на дно», чакаючы зручнага моманту. як падводная лодка, што падпільноўвае варожую эскадру. Але, як бы там ні было, многія людзі, асабліва ў паўночных шыротах, бачылі ў месячныя ночы дзесяткі, сотні «вагонаў» (такая была форма ў касмічных караблёў СЦ), што бясшумна адляталі ад Зямлі. Адбывалася вялікае перасяленне. Куды трымалі курс плазмоіды, ніхто не ведаў. Можа, на Вар, можа, на Сінюю Зорку. І яшчэ адзін надзвычай цікавы факт - у час адлёту «вагонаў» мяккім срэбным святлом гарэлі начныя рэкі і азёры, а назаўтра ў лугах і лясах выпадала яркая вельмі буйная раса. Малады паэт Янка Палявік напісаў верш, які адразу ж зрабіў яго вядомым і ў якім быў радок: «То не раса, то слёзы плазмоідаў».

А неўзабаве ў газеце «Крывіцкі шлях» была надрукавана інфармацыя пад інтрыгуючым загалоўкам «Чорны драпежнік з Вара ідзе па Зямлі». У гэтай інфармацыі журналіст, які схаваў сваё прозвішча пад ініцыяламі N.N., настойліва праводзіў думку аб тым, што вірус, прынесены з планеты Вар, захоплівае ўсё новыя і новыя рэгіёны. «Знікла Вера Хрысцінюк, - пісаў журналіст. - Тая самая, што разам з Радаславам Буслейкам і Клёнам Дубровічам знаходзілася нейкі час на Вары. Яе няма дома, няма на службе, няма ў сяброў і знаёмых або ў бальніцы. Яе няма ў санаторыі. Няма нідзе. Куды ж дзелася гэта адважная жанчына? Пакуль што служба пошуку не можа даць канкрэтнага адказу. Мы ж бярэм на сябе смеласць заявіць, што яна ўслед за Буслейкам стала ахвярай бязлітаснага вірусу. Зараз яе шукаюць. Прынамсі, шматлікая група вадалазаў метр за метрам абмацвае дно ракі Свіслач. З тройцы, якая лётала на планету Вар, толькі Клён Дубровіч у поўнай бяспецы. Ён знаходзіцца ў доме сваіх бацькоў. Дарэчы, яшчэ раз віншуем нашага праслаўленага зямляка з надаццём яму звання Чалавека з брыльянтавым сэрцам. Па нашых падліках, у гарадах і аграпасёлках Індаэўрапейскай Канфедэрацыі мясцовыя ўлады паставілі ўжо дванаццаць помнікаў герою. І, вядома ж, такі помнік упрыгожвае вуліцу Заслаўскую ў горадзе Менску».

Клёну зусім выпадкова трапіла ў рукі газета. Ён прачытаў інфармацыю і адчуў востры халодны сум, які аж зазвінеў у сэрцы. Клён падышоў да акна, глянуў на вуліцу. Нічога асаблівага ён там не ўбачыў. Быў шэры цьмяны дзень. Пырскаў рэдкі дожджык. Будынак камерцыйнага банка засланяў, здавалася, паўнеба. Дзе ж Вера? Што з ёй? Амаль аўтаматычна Клён пачаў апранацца, каб выйсці на вуліцу. Але зазірнула ў пакой маці, сказала мяккім, нейкім ліслівым голасам:

- Зараз я згатую табе каву.

- Дзякуй, не хачу, - буркнуў Клён.

- Але ж ты заўсёды яе любіў.

- Сёння не люблю.

Яны пільна глянулі ў вочы адно адному, глянулі не як сын і маці, а як двое даўно знаёмых людзей, якіх трошкі ўжо стаміла гэтае знаёмства.

- Чаго ж ты хочаш, Клён? - асцярожна пагладзіла Бярозка сынаву галаву, нібы баючыся, што ён не дазволіць ёй зрабіць такое.

Ён не адхіліў галаву, але з лёгкай раздражнёнасцю сказаў:

- Проста я хачу пайсці на вуліцу. І ўсё. Ці, можа, я не маю на гэта права?

- Ты што, сынок? - нервова засмяялася Бярозка. - Вядома, маеш. Але толькі праз дзесяць дзён. Доктар прыпісаў табе пасцельны рэжым. Каранцін...

- Які доктар? - узвіўся Клён. - Які каранцін? Ён раптам у здагадцы звузіў вочы, сярдзіта зморшчыў лоб.

- Ды вы з бацькам убілі сабе ў галовы газетную пісаніну пра вірус з планеты Вар. Ха-ха! Чорны звер ідзе па Зямлі. Буслейка загінуў. Вера Хрысцінюк знікла. Чарга - за вашым адзіным чадам, за Клёнам Дубровічам. Ён можа звар'яцець, можа пакусаць суседзяў. А калі гэтак - садзі яго пад шкляны каўпак, пад замок. Быццам ён не чалавек, а марская свінка.

- Што ты кажаш, сынок? - спалохалася маці. - Ты - чалавек, чалавек. І не думай пра нас з бацькам што-небудзь благое.

- Так, я чалавек, сын чалавека, - рашуча перапыніў яе Клён. - І таму я зараз жа іду на вуліцу.

Ён зрабіў крок да дзвярэй, але маці паклікала:

- Гай! Адзіны!

Гай Дубровіч імкліва ўвайшоў у пакой. Быў ён у доўгім квяцістым халаце, у мяккіх сандалях без заднікаў. Ён узяў сына за руку, пагладзіў яе, прытрымаў.

- Табе трэба адпачыць, Клён, - сказаў Дубровіч-старэйшы. - Рэдка каму выпадала перацярпець такое. Слухай музыку, чытай кнігі. Можаш з Чарлі згуляць у шахматы. Чарлі, дзе ты там? Ідзі сюды!

- Да д'ябла і шахматы, і вашага Чарлі, - вырваў руку Клён і крыкнуў робату, які быў уваткнуў галаву ў прачыненыя дзверы:

- Убірайся прэч, бляшанка!

- Нядобра так, - садзячы сына на канапу і сядаючы побач, сказаў Гай.

- А што ты лічыш добрым? Што такое - дабрыня? - дзёрзка спытаў Клён.

- Добра, калі спакойна, - асцярожна, як маленькаму, растлумачыў бацька. - Добра, калі ўсім добра. І табе, і маці, і мне. Усім.

- Чаму ж тады так шмат «ахвярнікаў»? Чаму знікла Вера? - Ва ўпор глядзеў на яго суровымі вачамі Клён.

- Ва ўсе часы знаходзіліся людзі, якім рабілася цесна і няўтульна ў шкарлупіне арэха, імя якому грамадства, - па-філасофску ўдумліва, трохі любуючыся сабой і сваёй эрудыцыяй, сказаў Гай. - Нават ВЭП...

Ды Клён не даў яму дагаварыць, ускочыў з канапы.

- Што - ВЭП! - з'едліва і злосна выдыхнуў ён. - Няўжо ты не бачыш, што ўсюды так многа хлусні? Усе гэтыя словы, усе гэтыя помнікі. Зямля пакрыта хлуснёй, як непраходным балотам.

- Супакойся, - мякка сказаў Гай. - Усё-ткі на сённяшні дзень ВЭП, пры ўсіх яе недахопах, вышэйшая і справядлівейшая форма чалавечай цывілізацыі. Твае ж словы, такія гарачыя і ўсхваляваныя - адвечная праблема адносін бацькоў і дзяцей. Вырасцеш, сам станеш бацькам, і некалі твой сын таксама пачне крытыкаваць цябе. І гэта, павер мне, будзе балюча.

Але Клён не супакоіўся, не сеў на канапу, а, наадварот, падышоў да самых дзвярэй, узяўся за дзвярную ручку. Бярозка разгублена пазірала то на сына, то на мужа. Ёй так хацелася, каб яны памірыліся.

- Ты нікуды не пойдзеш, - рэзка сказаў сыну Гай, таксама ўскочыўшы з канапы.

- З якой нагоды ў нашай сямейцы ўведзена каменданцкая гадзіна? - па-блазенску, з непрыхаваным здзекам пацікавіўся Клён. Ён быў вышэйшы ростам за бацьку, пазіраў на яго зверху ўніз.

Ды Гай Дубровіч не стаў дыскутаваць, крыкнуў:

- Вярнідуб! Каратыст! Да мяне! У пакой адразу ж увайшлі, сутыкнуўшыся плячамі ў дзвярах, два робаты.

- За тое, што мы вельмі добра адносімся да Чарлі, Упраўленне Хатніх робатаў накіравала да нас сваіх стажораў, якія шэсць месяцаў будуць працаваць у нашай сям'і, - растлумачыла Клёну маці і дадала: - Яны будуць працаваць бясплатна.

- Пагуляйце з маім сынам у даміно, - загадаў Гай.

- Слухаемся, Абаронца Робатаў, - сінхронна адрапартавалі Вярнідуб і Каратыст.

- Дык у цябе ўжо і тытул з'явіўся, - цямнеючы тварам, сказаў Клён бацьку. - І хатняя паліцыя пад рукою. А куды ж дзеўся плюралізм? Дзе яго, бедненькага, шукаць? Можа, пад сталом?

Ён зрабіў выгляд, што нешта ўважліва разглядвае пад шахматным столікам.

- Усё робіцца для твайго шчасця, сын, - цвёрда прамовіў Гай Дубровіч і выйшаў з пакоя.

- Сынок, не крыўдуй на нас, але доктар Берг (у нас зараз новы сямейны доктар) параіў, каб ты дзён дзесяць пабыў дома. Аказваецца, вірус з планеты Вар не выдумка, - хвалюючыся, страшэнна перажываючы, умольна зірнула на сына Бярозка.

- Хочаце даміно? Будзе вам даміно, - быццам не пачуўшы яе слоў, бадзёра і нахабнавата рагатнуў Клён і, звярнуўшыся да робатаў, крутнуў пальцам каля скроні. - Як у вас наконт інтэлекту, хлопчыкі?

- Норма, - сінхронна выгукнулі тыя.

- Малайцы, - пахваліў ён іх і нават не зірнуў на маці.

Бярозка, учарнелая ад крыўды і ўласнай бездапаможнасці, хвілінку пастаяла пасярод пакоя, уздыхнула і ціха зачыніла за сабой дзверы. А на сына, на Клёна, быццам наплыў-наваліўся нейкі вясёлы, на мяжы з істэрыкай, шал.

- Хто з вас Каратыст? - гучна ляпаючы костачкамі даміно, амаль крычаў Клён. - Ты? Ці, можа, ты? Вы падобныя, як дзве жалезныя каструлі. А мой бацечка, значыцца, Абаронца Робатаў? Ха-ха. А ці ведаеце вы, каструлі, што ўсе мы: і я, і вы, і нават Абаронца Робатаў жывем на фальшывай планеце? Не ведаеце? Дык я вам трохі прапаласкаю мазгі, прабачце, клемы. Згода? Слухайце. Мы носімся з ВЭП, як некалі барадатыя і вусатыя, а ў дадатак безбародыя, бязвусыя і абсалютна лысыя, адным словам, розныя мудрацы насіліся з камунізмам. Курыца не знесла ніводнага яйка, а кудахтання было на ўвесь свет. Разумееце?

Робаты, пазіраючы на Клёна, сінхронна ківалі галовамі. Аднак калі ён, тэмпераментна захапіўшыся сваім маналогам, памкнуўся ўстаць з-за стала, адзін робат балюча прыціснуў яму нагу, другі паклаў на плячо цяжкую ўчэпістую руку.

- Пільнуеце? - пагардліва ўсміхнуўся Клён. - Сабачая ў вас, хлопчыкі, служба. Думаеце, уцяку, збягу? А я б і хацеў збегчы адсюль. Напрыклад, на Марс, на Вар. Там Аюс жыве, кароль жывёл. Не чулі пра такога? Ды адкуль вам пачуць.

- Гавары цішэй, - раптам сказаў Вярнідуб. Ён адрозніваўся ад Каратыста жалезнай трохкутнай заклёпкай на левым калене. У Каратыста якраз на гэтым самым месцы была медная заклёпка.

Клён здзіўлена паглядзеў на яго.

- Гавары цішэй, - зноў сказаў Вярнідуб.

- А костачкамі даміно стукаць можна? - падкалоў робата Клён.

- Костачкамі можна стукаць моцна, а гаварыць трэба ціха, - паважна растлумачыў Вярнідуб.

- Тады, як кажуць амерыканцы, о'кэй, - ляпнуў што ёсць моцы па стале Клён. - Пуста - пуста, хлопчыкі.

Але як ён ні стараўся дэманстраваць усім, у тым ліку і робатам, сваю незалежнасць, узмужнеласць, на сэрцы былі разгубленасць і трывога. Ён адчуваў, што вельмі змяніўся за той час, які правёў на Вары. Смерць Буслейкі, таямнічае знікненне Веры Хрысцінюк толькі пашырылі трэшчыну, што з'явілася між ім і бацькамі, настаўнікамі, сябрамі. Ён вярнуўся з Вара новым чалавекам, зірнуў на Зямлю і зямлян новымі вачамі і шмат у чым расчараваўся. Вялікая Эра Плюралізму, расхваленая ў школьных падручніках і доктарскіх дысертацыях, у кнігах і кінафільмах, у песнях і нават у дзіцячых лічылках, бачылася незварушнай цяжкай пірамідай, мастадонтам, які пад пяшчотнай беласнежнай поўсцю, пад саладжавым мурлыканнем хавае сталёвыя чорныя кіпцюры. «Чаго мне не хапае? - пакутліва думаў Клён. - Што змянілася ўва мне і чаму змянілася? Бацька і маці любяць мяне, любяць як свайго адзінага сына. Я гэта бачу, гэтага нельга не ўбачыць. Чаму ж я сам разлюбіў іх (не, не разлюбіў, занадта катэгарычна рабіць такія высновы), чаму я заўважыў, пачаў заўважаць іхнюю паўсядзённую, хай сабе дробную, ману, іхнюю пастаянную раздвоенасць?» Калісьці яшчэ зусім кволым хлапчанём ён вычытаў у «Бібліі для ўсіх», што Багародзіца мяняе колер сваіх вачэй, мяняе ў залежнасці ад таго, які чалавек стаіць перад ёй, звяртаецца да яе. Калі чалавек сінявокі - яна сінявокая, калі чарнавокі - чарнавокая. Памятаецца, як гэта ўразіла, ашаламіла, прымусіла горача забіцца сэрца. З таго часу Божая Маці зрабілася вышэйшай мерай духоўнасці, ідэалам, да якога няспынна хацелася імкнуцца. А Вялікая Эра Плюралізму пачала бачыцца яму, асабліва пасля вяртання з планеты Вар, са сталёвымі ўпэўнена-халоднымі вачамі і заўсёды глядзела на людзей, што абагаўлялі яе, зверху ўніз.



Робаты, стаміўшы Клёна, і самі стаміўшыся гуляць у бясконцае даміно, выходзілі з пакоя. Было чутно, як топчуцца яны ў прыхожай, як тоненька рыпіць дубовы паркет пад жалезнымі нагамі. Потым наступала цішыня, і Клён уключаў радыёпрыёмнік або тэлевізар. Лілася задумлівая музыка, мільгалі прыгожыя пейзажы, людскія твары, але ўсё гэта адбывалася як бы па-за свядомасцю. Мозг адмаўляўся ўспрымаць нават самую мізэрную інфармацыю.

Недзе на шосты або сёмы дзень свайго «хатняга арышту» Клён цяжка, хваравіта заснуў і ўбачыў жахлівы сон. Прымроілася яму, што знаходзіцца ён у каменнай, халоднай як лёд турме, у камеры смертнікаў. Праз ноч, роўна праз восем гадзін, яго пазбавяць жыцця - павесяць, расстраляюць, а можа, спаляць на агні. Ён стаіць па пахі ў чырванаватай вадзе, не можа прысесці, не можа заплюшчыць вачэй, бо разумее, што адразу ж засне, упадзе ў ваду і захлынецца. «За што мяне хочуць забіць?» - пытае ён у самога сябе і не знаходзіць адказу. Шэрыя мокрыя сцены ціснуць з чатырох бакоў. Шэрая мокрая столь вісіць над галавой. Яна ўся ў трэшчынах і, калі пільна прыгледзецца, трэшчыны гэтыя сплятаюцца ў выяву чалавечага чэрапа. «Дзе я буду спаць? Не магу ж я цалюткую ноч прастаяць на нагах», - цьмяна варушыцца думка. Раптам у густой цішыні гулка грымяць дванаццаць адрывістых удараў. Гэта, як здагадваецца Клён, б'юць куранты на Спаскай вежы Маскоўскага Крамля. Адразу ж з глухім ракатаннем, з сытым прыцмокваннем сплывае праз каналізацыйны люк у падлозе камеры вада, агольваюцца брудныя сцены, адна са сцен з рэзкім іржавым ляскатам расчыняецца, і, падвешаная на ланцугах, у камеру ўплывае чорная труна, замірае каля самых Клёнавых ног. «Кладзіся спаць. Гэта - твой ложак», - гучыць нечы ціхі, але ўладны голас. Клён, не раздумваючы, не вагаючыся, кладзецца ў чорную труну, бо сон як камень сціскае цела. Ды з дрыготкасцю ў кожнай жылцы ён адчувае пад сабой нешта мяккае, жывое. «Злезь, а то раздушыш!» - крычыць нябачны ў змроку чалавек і адштурхоўвае Клёна халоднымі рукамі. Нібы корак з бутэлькі, вылятае Клён з труны. А чалавек бадзёра ўзнімаецца, робіць некалькі энергічных фізкультурных практыкаванняў, весела гаворыць: «Вы хто, таварыш? Давайце знаёміцца. Я - Лаўрэнцій Берыя». - «Той самы?» - спуджана адступае да слізкай сцяны Клён. На ўроках Гістарычнай Праўды ў гімназіі ён вывучаў лёс гэтага чалавека. «Чырвоны Кат», - са страхам і агідай шэпча Клён. Берыя, не зважаючы на непрыемнае ўражанне ад свайго з'яўлення, усміхаецца, працірае белай насоўкай пенснэ, потым рэзкім рыўком расшпільвае «маланку» на сваіх грудзях. Але расшпільваецца не куртка колеру хакі, расшпільваецца ягоная валасатая смуглая скура. Знутры сябе, як з шафы, Чырвоны Кат дастае чалавека, ставіць побач з сабой. «Яжоў», - сціпла знаёміцца з Клёнам чалавек. Ён шчуплейшы за Берыю, меншая матрошка. Не паспявае Клён здзівіцца, як Яжоў гэткім жа самым чынам расшморгвае ўласную грудзіну, вымае з сябе яшчэ аднаго, ужо зусім дробнага, чалавечка. «Ягода», - пачціва раскланьваецца чалавечак. Уся гэта тройца садзіцца наўкол Клёна проста на падлогу, брудную і смярдзючую. «Мы стараліся, - плачуць, матаюць галовамі яны, - мы так працавалі. Мы будавалі для вас, будучых пакаленняў, камунізм. Думаеш, добра выцягваць у брата з жывата кішкі, рэзаць рамяні з братавай спіны? Скажы нам, скажы шчыра - ты шчаслівы? І яшчэ скажы - прыносяць дзеці кветкі да нашых магіл і помнікаў?» Клён маўчыць, спалохана глядзіць у іхнія бліскучыя ад слёз вочы. «Не адказвае», - паныла ўздыхае Чырвоны Кат. Потым абводзіць мутным расслабленым позіркам сваіх паплечнікаў, гаворыць ім: «Таварышы, мы ўжо восем дзён не елі. Што мы будзем есці сёння?» Усе яны, трое, не адрываючы вачэй ад Клёна, павольна-павольна ўзнімаюцца з падлогі, дастаючы з кішэняў куртак іржавыя нажы і відэльцы...

Баючыся такіх хімерных відовішчаў, Клён, каб не заснуць, амаль усе ночы глядзеў тэлевізар, глядзеў аж да знямогі. І вось аднойчы ў бясконцай плыні тэлевізійных перадач яго напаткала перадача пад няхітрай назвай «Рэпартаж з менскага заапарку».

- Які цудоўны наш заапарк, - натхнёна казаў, ледзь не дэкламаваў тэлерэпарцёр. - О не - гэта не турма для жывёл, не халодная жалезная пастка. Тут не ўбачыш агароджы, грубага плота або глыбознай ахоўнай канавы. Толькі аксамітна-зялёныя купкі дрэў і роўныя акуратныя шнуркі кустоў. Тут вольны звер сябруе з вольным чалавекам. І гэта правільна, гэта вельмі здорава, паважаныя спадары. Прыходзьце сюды, прыводзьце з сабой дзяцей, і вы адчуеце сябе часцінкай вечнай несмяротнай прыроды. Вунь грацыёзна прабег стравус. Вунь задумліва стаіць двухгорбы вярблюд-бактрыян. Вітанне табе, карабель пустыні! А вось я падыходжу, вось я ўжо стаю амаль побач з галоўнай сенсацыяй сёлетняга сезону - прыгожым магутным дзіком па мянушцы Аюс Першы.

Клён, які ляжаў дагэтуль з заплюшчанымі вачамі, кулём зляцеў, зваліўся з канапы, прыліп да экрана. Так, гэта быў ён, Аюс. Гордая пастава, упэўнены смелы позірк.

- Гэта не зусім звычайны дзік, - працягваў між тым тэлерэпарцёр, аж захліпваючыся ад навін, што распіралі яго, імкнучыся як найхутчэй падзяліцца імі з гледачамі. - Па-першае, ён жыве ў гэтым заапарку і наогул на Зямлі ўсяго толькі няпоўны месяц. Ён, паважаныя спадары, ураджэнец далёкай таямнічай планеты Вар. Так, гэта не мая выдумка, гэта праўда, праўда найвышэйшай пробы. Прыгажуна Аюса падараваў заапарку палкоўнік-герой Хвалібог, вярнуўшыся з вялікім трыумфам з планеты Вар. Па-другое, - тэлерэпарцёр пазмоўніцку прыцішыў голас, - ходзяць чуткі, што Аюс Першы, верце не верце, умее гаварыць. Ходзяць чуткі, што на сваёй планеце ён быў каралём жывёл. Адкуль такія чуткі, спытаеце вы? Адказваю, як на споведзі. Вера Хрысцінюк, тая самая, што лётала на Вар і зусім нядаўна пры таямнічых нявысветленых абставінах знікла, расказвала тут, у заапарку, аб усім гэтым па прэс-канферэнцыі. Даю запіс яе выступлення.

Клён пачуў усхваляваны Верын голас.

«Ён, кароль жывёл планеты Вар Аюс Першы, умее гаварыць. Не здзіўляйцеся, я напачатку сама не верыла ў такое. Ён вельмі разумны. У яго, зноў не здзіўляйцеся, амаль чалавечы інтэлект. Чаму ён тут, на Зямлі, не сказаў ні слова? Цяжка меркаваць. Але пастаўце сябе на яго месца...»

«На месца дзіка?» - перабіў Веру нейкі іранічны журналіст.

«Пастаўце сябе на яго месца, - як не пачуўшы з'едлівай рэплікі, казала далей Вера. - Стрэсавыя ўмовы... Касмічны пералёт... Людское акружэнне... Чужая, абсалютна незнаёмая планета... Тут не толькі страціць мову, тут звар'яцець можна».

«Карэспандэнт газеты «Крывіцкі шлях» Івановіч. І ўсё-ткі, спадарыня Вера, чаму, на вашу думку, гэты дзік, гэты кароль жывёл згубіў у нас на Зямлі сваё, я б сказаў, надзвычайнае невераемнае ўменне?»

«Я не біёлаг, - пасля некаторай паўзы ціха прамовіла Вера, - але, мне здаецца, тут справа нават не ў біялогіі. Ён умеў гаварыць, бо я сама з ім гаварыла. Ён гаварыў вачамі. Не здзіўляйцеся - я і мае сябры цудоўна разумелі яго. Наконт таго, чаму гэты незвычайны дзік анямеў, я хачу выказаць думку, якая можа вам не спадабацца. Я лічу, што віной усяму сама планета Зямля, зямная атмасфера і мы, людзі. Прашу не перабіваць мяне. Так, мы стварылі ВЭП, мы ганарымся гэтым. Але цэлыя акіяны адмоўнай энергіі акружаюць нас. Не перабівайце мяне, бо гэта праўда. Нездарма Клён Дубровіч, цудоўны хлопчык, якому я шлю прывітанне, калі ён мяне зараз чуе, сказаў пра Зямлю, пра нашу з вамі Зямлю: «Фалыдывая планета». Колькі яшчэ на ёй няшчырасці, хлусні!»

«А вы, аказваецца, не патрыётка, - загулі, як галодныя пчолы, пакрыўджаныя такімі словамі журналісты. - Мы чакалі ад вас большай павагі да Зямлі, калыскі чалавецтва. Палёт на Вар (прабачце, паважаная спадарыня) не даў вам вялікай карысці, абгаворваць свой дом, прабачце, проста непрыгожа». «Але гэта праўда», - упарта вяла сваё Вера. Клён выключыў тэлевізар. Сэрца горача білася ў грудзях. Толькі што ён чуў Верын голас, бачыў Аюса. Успамін аб днях, праведзеных разам з імі на планеце Вар, нахлынуў на яго, як вясновы грымучы лівень. Там было небяспечна, было цяжка, часам нявыкрутна, ды гартавалася, аж звінела душа, мудрэў розум, рабіліся відушчымі вочы. Тое, што Вера Хрысцінюк, таксама як і ён, убачыла Зямлю інакшай, было, вядома ж, невыпадковым. Быццам адначасова працёрлі яна і ён мутнае ад пылу і сажы аконнае шкло, глянулі на белы свет і жахнуліся - замест вясёлых добразычлівых людзей снуюць туды-сюды нейкія халодныя манекены, замест яркіх кветак тлуста блішчаць плямы фарбы, разлітай у скверах і лугах, і ўсюды - хітры разлік, насмешка над суседам, і пустое бяззорнае неба вісіць над галавой, і фалын у словах і дзеяннях. Правільна сказаў аднойчы бацька: «Мы такія - стагоддзе ставім помнікі, потым цэлае стагоддзе крышым іх, разбіваем». Як бы хацелася зараз убачыць Веру! Але дзе яна, што з ёй? А вось Аюс - у заапарку. Мудрага караля жывёл зрабілі жывой лялькай для дзятвы і разявакаў. І, пэўна ж, смяюцца, заліваюцца - «гэта той самы дзік, што ўмеў, ды развучыўся гаварыць». Трэба выручаць Аюса! Трэба неадкладна вызваліць яго з праклятага заапарка, выпусціць у лес, у балота, абы падалей ад усёй шумлівай хеўры звышгалавістых вучоных і звышплюралістычных журналістаў. Клён аж затрымцеў ад такога свайго рашэння, аж трасянуў рукамі і прышчоўкнуў пальцамі. Толькі як зрабіць гэта? Ён жа й сам, як той Аюс, зачынены, праўда, не ў вальеры, а ва ўласным пакоі. Няхай не хлусіць журналіст - у заапарку і сапраўды ўсюды зялёныя лужкі, кусцікі, воля, прастора, гуляй дзе хочаш, але толькі падыдзе звер да загадзя абумоўленай рысы, якую нельга пераступаць, як з зямлі са скрыгатам выскоквае крацістая жалезная сцяна. Яны - Аюс і Клён - палонныя, палонныя на самай шчаслівай планеце. Некалькі дзён Клён хадзіў як сам не свой. Адна думка гняла яго - як вырвацца з дому і як вызваліць Аюса?

1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   12


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка