Леанід Дайнека Чалавек з брыльянтавым сэрцам




старонка12/12
Дата канвертавання02.04.2017
Памер2.67 Mb.
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   12

- Ці не затэмпературыў ты, сынок? - спалохалася, жаласліва сказала маці. - Зараз жа пазваню доктару Бергу. А цябе вельмі прашу - пацярпі яшчэ тры дні! Праз тры дні скончыцца каранцін, і ўсёй сям'ёй пойдзем у цырк. Ты ж, калі вучыўся ў малодшых класах, дужа любіў яго.

Клён з непаразуменнем зірнуў на яе, нічога не сказаў, уздыхнуў.

- Чарлі і я згатавалі для цябе цудоўнае марожанае. Арэхавае. Са свежымі суніцамі. Хочаш? - падлашчвалася маці.

А глыбокай ноччу, калі ўжо мо дзесяты раз быў успомнены Вар, калі ўсё цела было бяссонным, наструненым і гарачая падушка неаднойчы падала з ложка на падлогу, раптам успыхнула ў пакоі мяккае срабрыстае святло. Клён уздрыгнуў, але звалодаў з сабою, пачаў пільна ўзірацца туды, дзе яно з'явілася. Ён убачыў, як з разеткі асцярожна выплывае маленькі эліпсападобны плазмоід.

- Я памятаю цябе, мы сустракаліся, - усхвалявана зашаптаў Клён. - Ты такі прыгожы, такі яркі... Але ж СЦ перасялілася на Вар. Чаму ты застаўся на Зямлі?

- Мне сумна, - адказаў плазмоід, павольна кружачыся над Клёнам. - Я ніколі не быў на Вары, і мяне там чакае самазнішчэнне. А я ведаю, што вельмі сумна і табе. І я рашыў дапамагчы. Апранайся (толькі рабі ўсё ціха, бясшумна), і я павяду цябе.

- Куды? - зачаравана глядзеў на плазмоіда Клён, а сам ужо нацягваў світэр.

- Да той жанчыны, якая знікла і з якой ты быў на планеце Вар.

- Да Веры? Ты ведаеш, дзе знаходзіцца Вера Хрысцінюк, і яна жывая?

- Жывая. Хутчэй апранайся.

- Але там, за дзвярыма, сядзяць робаты-вартаўнікі. А ў дзвярах электронны замок.

- Маўчы і апранайся.

Праз лічаныя імгненні яны пакінулі пакой. Плазмоід падплыў да дзвярэй, дакрануўся да замка, і замок мякка, бясшумна адчыніўся. У самы апошні момант Клён шапнуў:

- Пачакай. Мне трэба ўзяць з сабой малаток.

- Навошта? - здзівіўся плазмоід.

Але Клён не стаў тлумачыць, сярод слясарнага рыштунку схапіў малаток, увапхнуў у кішэнь курткі.

Вярнідуб з Каратыстам своечасова зрэагавалі на нечаканую атаку: узвіліся на ўвесь свой магутны рост. Ды плазмоід толькі чыркануўся аб іхнія жалезныя галовы, і робаты селі на табурэты, знерухомелі.

На вуліцы бушаваў рэзкі ўсёпранікальны вецер. Белачолы месяц мільгаў паміж хмарамі.

- Мне падалося, што ты малатком хочаш разбіваць ілбы робатам, - засмяяўся плазмоід.

Клён нічога не адказаў, падбег да пастамента, на якім стаяў помнік Чалавеку з брыльянтавым сэрцам, з нянавісцю паглядзеў на яго. Помнік быў зроблены з цёмна-сіняга шкла, сэрца, зіхоткае, прамяністае, гарэла ўнутры, нават (калі даўжэй засяродзіць позірк) пульсавала.

- Табе паставілі помнік, - з павагай прамовіў плазмоід, праплыў наўкол шкляной фігуры, дадаў: - Вельмі падобны.

Раптам Клён размахнуўся, ударыў малатком. Пырснулі шкляныя аскабалкі.

- Што ты робіш?! - закрычаў плазмоід. А Клён біў і біў, сашчаміўшы зубы і заплюшчыўшы вочы. Ляцела ва ўсе бакі, звінела, трашчала шкло.

- Вось вам, - як закляцце, паўтараў Клён. - Наце... Вось вам... Атрымайце...

Са шкляной фігуры вывалілася, выскачыла сэрца, пазвоньваючы, пакацілася, затарахцела па асфальце. Яно аказалася звычайнай, трошкі падзалочанай бляшанкай. Клён з лютасцю пачаў таптаць яго нагамі.

- Вось вам, - цяжка дыхаючы, казаў ён.

Потым адшпурнуў малаток, сеў на краёк пастамента, заплакаў. Плазмоід як бы з нейкім спалохам завіс у яго над правым плячом. Шалеючы, выў вецер.

- Пойдзем да той жанчыны, - нарэшце сказаў плазмоід.

- Дзе Вера? - устрапянуўся, ажыў Клён. - Вядзі!

Яны паімчаліся праз шэры світальны туман - уперадзе, нізка над зямлёй, ляцеў плазмоід, следам за ім бег Клён. У гэтым імклівым руху было ягонае выратаванне, суцяшэнне, самазабыццё. Яму здавалася - спыніся вось зараз, проста прымарудзь, і адразу памрэш. Ён не ведаў, адкуль узялося такое адчуванне, але яно было, жыло ў кожнай клетцы цела. А яшчэ ён уцякаў ад сябе ранейшага, учарашняга, ад сябе наіўна-зялёнага, які глядзеў у рот дарослым, прымаючы на веру кожнае іхняе слова. У гэтым бегу ён нанова нараджаўся. Так нараджаецца малады жытнёвы колас, выплываючы вясной з цёплай зямлі.

Яны прыпыніліся на зарослым дрэвамі і хмызняком беразе возера Маладзёжнага.

- Дзе Вера? - задыхана і нецярпліва спытаў Клён.

- Вось яна, - адказаў плазмоід, з нейкай нерашучасцю набліжаючыся да маладой ліпы, што стаяла над самай вадой.

Цёмныя хвалі нястрымным бурлівым ланцугом ішлі з туманнага возера і клаліся каля самых каранёў ліпы, ужо трохі падмытых вадою. Трымцела зялёнае вільготнае лісце. Чуўся трывожны і няясны шум, у якім была сама патаемнасць.

- Дзе ж Вера? - са злосцю азірнуўся Клён.

- Яна перад табой.

- Ты хочаш сказаць, што вось гэтае дрэва, гэтая ліпа і ёсць... Вера Хрысцінюк? - уздрыгнуў голасам, перайшоў на шэпт Клён.

- Так. Яна была ў Доме Пераўтварэнняў у доктара Метэора. Яна вельмі-вельмі прасіла, каб доктар дапамог ёй прыблізіцца да Радаслава Буслейкі. Яна моцна кахала Радаслава і, калі ён загінуў, не магла жыць без яго. Вельмі-вельмі прасіла Вера, і Метэор здаўся - ён ператварыў яе ў ліпу, любімае дрэва Буслейкі. Уначы, патаемна ад людскіх вачэй, яе вывезлі з Дома Пераўтварэнняў у крытым грузавіку і пасадзілі менавіта на гэтым месцы. Некалькі гадоў назад якраз тут упершыню ўбачыла Вера Хрысцінюк Радаслава, які займаўся ў вадналыжнай секцыі.

- Чалавека ператварылі ў дрэва! - усклікнуў уражаны Клён. - Хіба можна такое рабіць?

- Гэта пакуль што забаронена. І доктара Метэора неўзабаве будзе дапытваць Суд Сумлення ў Доме Народаў. Нехта з персанала ўсё-ткі данёс на доктара. Але ж ты не будзеш адмаўляць той факт, што на шчаслівай планеце Зямля ўсё яшчэ ёсць самазабойцы, якія добраахвотна спыняюць сваё жыццё.

- Я ведаю пра такое, - згадзіўся Клён.

- Хіба магла жыць Вера, калі не стала Радаслава? Магла, але гэта была б ужо зусім іншая жанчына, а не Вера Хрысцінюк. Доктар Метэор доўгі час думаў над гэтай складанай, над гэтай трагічнай праблемай і нарэшце прыйшоў да канкрэтнага яе вырашэння, якое ён назваў «трэцім варыянтам». Як ты ведаеш, да самага апошняга часу ў Доме Пераўтварэнняў людзей, што дасягнулі шаснаццацігадовага ўзросту, маглі на некалькі гадзін пераўтвараць у цеплакроўных млекакормячых, у птушак і рыб, а таксама пераносіць іх у мінулыя эпохі. «Трэці варыянт» - новае слова ў канцэпцыі доктара Метэора. Па ўласным жаданні чалавек можа стаць дрэвам, кветкай, іншай раслінай. Яшчэ з грэчаскіх міфаў вядомы юнак Нарцыс, які зрабіўся прыгожай кветкай. Вельмі часта ператвараліся ў бярозу або каліну героі славянскіх казак. Усё гэта, вядома ж, невыпадкова. Але ў «трэцяга варыянта» маецца істотны недахоп.

- Які?

- У сваім змененым стане чалавек будзе знаходзіцца не менш пяці гадоў. Не менш.



- Значыць, Веру Хрысцінюк я змагу ўбачыць толькі праз пяць гадоў? - засмучана спытаў Клён.

- Так, - адказаў плазмоід. - А за гэты час можа надарыцца ўраган, можа ўдарыць маланка або звычайная сякера.

- Вера, - усхвалявана сказаў Клён, падышоў, пагладзіў рукамі свежую кару, прытуліўся да яе шчакой, зноў прамовіў з дрыготкай у голасе: - Вера...

Маладое дрэва зашумела ўсёй сваёй лістотай. Бліскучыя кроплі расы («слёзы», - падумаў Клён) пасыпаліся на зямлю, на рукі, на твар. Сонечны прамень, успыхнуўшы на небасхіле, абвясціў усяму жывому, што пачынаецца новы дзень.

- Вера, я буду прыходзіць сюды. Я нікому не раскрыю тваю тайну. Але ты беражы сябе, - горача гаварыў Клён, і яму хацелася плакаць і адначасова спяваць і слухаць-слухаць гамонку зялёных круглаватых лістоў.

З берага возера Маладэёжнага адразу ж накіраваліся ў заапарк. Ужо зусім развіднела, натоўпы людзей пацяклі па вуліцах, і таму плазмоід ператварыўся для маскіроўкі ў надзіманы паветраны шарык ярка-зялёнага колеру. Клён трымаў яго за шаўковую нітку, а сам ехаў на веласіпедзе. Праблемы з транспартам не было. У самых розных кропках горада ў спецыяльна адведзеных месцах стаялі аўтамабілі, матацыклы, веласіпеды, ролікавыя канькі. Чалавек прыходзіў, апускаў у аўтамат пластмасавы жэтон са сваім прозвішчам і адрасам і браў тое, што яму падабалася. Затым, зрабіўшы справу, прыпаркоўваў аўтамабіль або іншы транспартны сродак на любой гарадской стаянцы.

- Навошта я табе патрэбен у заапарку? - пацікавіўся плазмоід.

- Будзем вызваляць караля жывёл Аюса Першага. Быў такі на планеце Вар.

- Я ведаю пра яго, - сказаў плазмоід.

- Яшчэ лепш, калі ведаеш, - павесялеў Клён. - Быў Аюс мудрым каралём, з людзьмі і жывёламі размаўляў, а на Зямлі, на самай-самай шчаслівай планеце, раптам анямеў. Не разумеюць яго зямляне. А можа, не хочуць разумець. Як ты лічыш?

Але плазмоід не адказаў, бо ў гэты самы момант з расчыненага акна аўтобуса, які на поўнай хуткасці абагнаў Клёна, вытыркнулася тонкая дзіцячая рука.

- Які прыгожы шарык! - весела крыкнуў хлапчук-скарыніч з бел-чырвона-белым гальштукам на шыі і хацеў схапіць нітку, ды плазмоід увільнуўся.

Ужо на паўдарозе Клён раптам прыпыніў веласіпед.

- Мы вызвалім Аюса, а што далей? - раздумліва сказаў ён. - Дзе знайсці яму прытулак? У катэдж не павязеш, ды я й сам да бацькоў не вярнуся. Кепска, што няма Радаслава з Верай - яны б параілі. Але ёсць, дарагі мой плазмоід, - ён хітравата зірнуў на плазмоіда, - Метэор, доктар Метэор. Так што паварочваем аглоблі і шпарым у Дом Пераўтварэнняў.

Доктар Метэор парывіста пайшоў насустрач Клёну, як толькі той адчыніў дзверы ягонага кабінета.

- Вітаю цябе, малады чалавек, - усхвалявана прамовіў ён, моцна абняў Клёна за плечы, пасадзіў на чорную скураную канапу, сам адступіў крыху ўбок, пачаў уважліва разглядаць госця. Ад такога пільнага, здавалася, усёпранікальнага позірку Клён сумеўся.

- Малайчына ты. Чуў пра цябе, - гаварыў між тым доктар. - Бачу душу тваю. Моцная. Светлая. Гэта ты разбіў помнік самому сабе?

Клён кіўнуў галавой.

- Юрысты б сказалі, што гэта - хуліганскі акт, і былі б недалёка ад ісціны. Але асабіста я твой учынак лічу высокамаральным і грамадзянскім. ВЭП, і гэта ўжо шмат для каго не сакрэт, пакрысе пакрываецца тлушчам, лакам, пазалотай. Калі гэтак пойдзе далей, на планеце зноў з'явяцца новыя правадыры, новыя генералісімусы, новыя маўзалеі. Няўжо стагоддзі не навучылі нас?

Доктар Метэор закрыў смуглымі ў чорных валасінках рукамі вочы, амаль застагнаў.

- Ты быў на Вары, - казаў ён далей. - І твае сябры, якіх сёння ўжо няма, там былі. І вось нашы дамаседныя мудрацы распускаюць чуткі аб вірусе з планеты Вар. Хлусня! Ніякага віруса няма, хлопчык. Ёсць сум аб ідэале. Зразумеў? Ёсць неадольны чалавечы сум аб ідэале, аб вышэйшым прызначэнні людской расы. У чьга яно? Дзе яно? Хто і што кліча нас уперад? Вельмі няпростыя, скажу я табе, пытанні. Ёсць такая прымаўка: «Анёлы і чэрці ніколі не старэюць». Дык вось пытанні аб прызначэнні чалавечым вечна маладыя, заўсёды актуальныя, ім не дадзена пастарэць. Асабліва ў наш час.

- Шаноўны доктар, дапамажыце вызваліць Аюса, - уставіў нарэшце сваё слова Клён і расказаў Метэору аб злых прыгодах караля жывёл.

- Гэта трэба зрабіць неадкладна! Неадкладна! - узгарэўся, закрычаў Метэор. - Вось яшчэ адно пацверджанне таго, што наша праслаўленая цывілізацыя робіцца глухой і бессардэчнай. Пытаеш, куды яго завесці? У Тоўсты Лес. У РРР - Рэгіён Рэвалюцыйных Робатаў. Яны, робаты, толькі людзей не пускаюць у Тоўсты Лес. Грузавік я дам. Сам сяду за руль.

Ён узбуджана захадзіў-забегаў па кабінеце. Потым спыніўся, пляснуў сябе далонямі па лысай галаве.

- Мяне праз тыдзень будуць слухаць на Судзе Сумлення. Будуць дапытвацца, куды і як знікла Вера Хрысцінюк. Я ім скажу! Я скажу: «Паважаныя суддзі, яна не знікла, бо яна кахае. Разумееце? Яна кахае, і гэтае каханне робіць яе вечнай. Ці кахалі вы? Праз пяць гадоў яна вернецца ў ваш, у наш тлум і смурод і, магчыма, навучыць усіх нас чысціні, чалавечнасці. А сёння ўсе мы, паважаныя спадары суддзі, згубілі памяць. Трэба неадкладна вярнуць яе, нашу памяць. Цалкам. Усю. Не толькі аб добрым і прыемным.

Вочы ў доктара Метэора натхнёна заблішчалі. Ён, быццам змоўшчык, перайшоў на шэпт:

- У Тоўстым Лесе, дзе паселіцца наш Аюс, ёсць, кажуць людзі, Зялёная Постаць. Яна знаходзіцца ў дрыгве, не падступіцца. Робаты, воўкасабакі і балогы навечна перакрылі шлях да яе. Кажуць людзі, што той, хто хоць аднойчы б убачыў Зялёную Постаць, пачуў яе голас-звон, вярнуў бы ўсім нам памяць. Не кніжную, не кіношную і тэлевізійную, а памяць крыві, памяць душы, памяць пакаленняў. Так не хапае нам сёння гэтай жывой памяці.

Метэор заплюшчыў вочы.

- Доктар! - Ускочыў са свайго месца Клён. - Дапамажыце мне!

- Што такое? - занепакоіўся, паклаў яму рукі на плечы Метэор.

- Дапамажыце адшукаць Зялёную Постаць.

- Але як? Пра што ты гаворыш? Там жа - РРР, Рэгіён Рэвалюцыйных Робатаў. Метэор сумна засмяяўся, сказаў:

- Супакойся, хлопчык.

- Ператварыце мяне ў пчалу, - цвёрда, патрабавальна зірнуў яму ў вочы Клён. - Вы ж усё можаце. Загінуў Радаслаў. Адышла Вера. Я - апошні, хто быў на планеце Вар. Я хачу быць такім, як яны. Вы сцвярджаеце, што няма віруса планеты Вар. Не буду з вамі спрачацца. Але вы самі пісалі пра пакаянне і ахвяру. Я чытаў. Я ўсё чытаў, што вы пісалі. Я адчуваю, што мне сёння добрая сотня гадоў, - столькі я перажыў і перадумаў.

- Табе яшчэ няма шаснаццаці, хлопчык, - ціха, стараючыся захаваць спакой, хоць голас уздрыгваў ад хвалявання, прамовіў Метэор. - Закон ВЭП забараняе такім, як ты, пераўтварацца. Гэта небяспечна, вельмі небяспечна. Ты проста не выйдзеш на плюсавое пераўтварэнне. Зразумеў?

- Ператварыце мяне ў пчалу, - стаяў на сваім Клён, ужо нават з нейкім выклікам і пагрозаю. - Я знайду Зялёную Постаць, я адкрыю яе тайну. Вы ж самі толькі што казалі, што планеце і ўсім людзям не хапае жывой памяці. Паверце, я не баюся, бо ўжо даўно рыхтаваў сябе да нечага падобнага.

Увесь гэты час доктар Метэор з разгубленасцю, здзіўленнем і радасцю глядзеў на яго і, сашчапіўшы рукі, пахрустваў доўгімі пальцамі.

- Вы казалі аб чалавечым прызначэнні, - працягваў Клён. - Калі я нават не вярнуся, я буду такі шчаслівы... Я хачу, каб жыла наша планета, жыла Беларусь. Ператварыце мяне ў пчалу, і міма робатаў і воўкасабак я пралячу ў РРР, усё зраблю... - Ён ледзь не плакаў.

- Хлопчык, мілы, я не магу, - пачаў быў доктар Метэор, але раптам апусціўся на калені, узяў Клёнавы рукі ў свае, глухім пераселым голасам сказаў: - Кляруся табе, што ты станеш пчалой і зноў выйдзеш на плюсавое пераўтварэнне. Клянуся, што я разаб'юся ў пыл, буду начаваць у лабараторыі, але прыдумаю, знайду шлях і спосаб твайго вяртання. Толькі трэба будзе чакаць, чакаць і спадзявацца. Вытрымаеш? Я ж, клянуся, датуль не памру, пакуль не адшукаю спосаб твайго вяртання.

...Ён зрабіўся пчалой, ён ляцеў у Тоўстым Лесе. Для таго каб сабраць адзін кілаграм мёду, яму патрэбна было праляцець трыста тысяч кіламетраў, сесці на дваццаць мільёнаў кветак. Гэта было вышэй ягоных сіл, ды ён, вядома, і не імкнуўся да такіх лічбаў і рэкордаў. Галоўнай мэтаю заставалася Зялёная Постаць. Ён бачыў зграі воўкасабакаў - ашчэраныя пашчы, з якіх цячэ шэра-жоўтая сліна, вострыя зубы, шалёныя вочы... Там, дзе праходзіла, прабягала такая зграя, знікала на нейкі час усялякае жыццё. Недзе праз суткі ён убачыў, як да самага памежку балота пад'ехаў блакітны тупарылы грузавік, як з кабіны выйшаў стомлены доктар Метэор разам са сваім напарнікам (плазмоід лётаў над імі), адчыніў фургон, выпусціў Аюса. Адразу ж адусюль павытыркаліся насцярожаныя робаты - з кустоў, з-пад карчоў, адзін вылез нават з капы сена, і зеленаватыя віхурыстыя касмылі тырчалі на ягонай галаве і спіне. Аюс нетаропка пайшоў у балота. Доктар Метэор памахаў яму рукой, пастаяў і паехаў у бок Менска.

Аюс усвідроўваўся ў хмызнякі, у рудую вострую асаку, у прахалоду чорнай твані. Пчала настойліва ляцела за ім, дзумкала амаль каля самага вуха, Некалькі разоў ён трасянуў галавою, але яна не адставала. Тады ён лёг у ваду, схаваўся ад пчалы...

Клён паляцеў у глыб дрыгвяністага кустоўя, ды раптам пачуў стрэл, другі. Чалавек высачэннага росту (гэта быў Гром Стралковіч), сціскаючы ў руках карабін, стаяў па калені ў вадзе, нешта крычаў і пляваўся з найвялікшай злосцю. Аюс, агаломшаны, разгублены, уцякаў у балота. Кроў чырванела на спіне.

Зялёную Постаць Клён адшукаў на схіле дня, калі сонца, як залацістая рыба-плотка, клалася ў лясное чорнае возера. Мяккія прамяні асвятлялі зацішны куток, дзе яна стаяла. Паўсюдна валяліся кавалкі і кавалачкі патрушчанай чырвонай цэглы. Налятаў вецер, і пацямнелы ад часу медны звон, які быў прымацаваны да такога ж пацямнелага дубовага крыжа, ажываў.

- Бу-ум... Бу-у-ум... - расцякалася ў глухія балотныя абшары.

Здавалася, крычыць, галосіць, плача невядомая людзям птушка з далёкіх даледавіковых эпох.

Гэта быў помнік. Ён шчыльна, нібы кажухом, аброс мохам, лішайнікам, нейкай бурай травой, нават шумналістая бярозка прыляпілася да яго. Колькі гадоў стаяў гэты помнік? Сто? Трыста? Чыю памяць павінен быў ён зберагаць?

Клён, адчуваючы, як горача тахкае ў грудзях сэрца, пачаў павольна-павольна лётаць вакол забытага помніка, вывучаць тое, што хавалася ад вачэй. Гэта, мяркуючы па ўсім, была жанчына, беларуская сялянка, у даўгаватай спадніцы, з вянком на галаве. На руках яна трымала дзіця, пяшчотна гарнула яго да сябе моцнымі, аголенымі па локаць рукамі.

Клён апусціўся ніжэй, і на вышчарбленым ядавіта-зялёным пастаменце, абмацваючы амаль кожную літару, прачытаў пад тоўстым покрывам моху: «Тут пахаваны жыхары вёскі Дубовы Лог Іван і Антон Рындзічы, Мар'я Крот, Ганна Цецяронак, Васіль Клепча, Р.Храпка і Лявон Мацюшонак, якому было пяць гадоў. Іх спалілі ў школе. 1941-1945 гг.».

Зашумеў вецер. Зацерусіў дождж. На лес і балота насоўвалася цемра. Глуха ўдарыў звон. Гук быў марозлівы, трывожны, Клён бачыў, як хвошча дождж па каменнай жаночай галаве. Вось вадзяныя крошіі прабілі дзірачку праз зляжалы мох і, падалося, што адтуль, з глыбіні, бліснула жывое цёплае вока.

Схаваўшыся ад дажджу, Клён глядзеў на Зялёную Постаць і думаў. Калісьці, шмат стагоддзяў назад, на гэтай зямлі грымела вайна, Тут спалілі нявінных людзей, спалілі пяцігадовага Лявона Мацюшонка. Пэўна, тут былі вясковыя могілкі, а вёска стаяла зусім побач. Звон, што вісеў на крыжы, чулі ў хатах. Нараджаліся дзеці. Забылася вайна. А потым узняў свой ядзерны меч Чарнобыль. І людзі пакінулі лясную вёсачку. Назаўсёды. Струхлелі хаты, прыйшоў на вясковую мурожную вуліцу лес, у адзіным калодзежы пасяліліся балотныя жабы. Жыццё спынілася. Жыццё пералілося ў іншыя формы...

«Чаму мне так сумна і так добра?» - думаў Клён, летучы раніцой над лесам, над балотам, над зялёным лугам, Сонца распырсквала ва ўсе бакі гарачае золата сваіх прамянёў. Падсыхала, цямнела зямля.

Ён дакрануўся да памяці, зазірнуў у крыніцу, знайшоў выток... Ён перайначыўся, адчуў сілу сваёй зямлі і аб гэтай вечнай сіле раскажа ўсім.

Недзе чакалі яго шумныя гарады, людныя плошчы, матчыны слёзы. Ён паляціць, панясе вестку аб тым, што ўбачыў і што зразумеў. Яго будуць слухаць і будуць верыць яму. А пакуль - шуміць зялёны лясны вецер, блішчыць, люструецца рака, пахне суніцамі і цёплым сенам.

Ляці, пчала.





Беларуская Палічка: http://knihi.com http://knihi.com/Leanid_Dajnieka/Calaviek_z_bryljantavym_sercam.html
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   12


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка