Леанід Дайнека Чалавек з брыльянтавым сэрцам




старонка6/12
Дата канвертавання02.04.2017
Памер2.67 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   12

НЕ КУПАЙСЯ Ў РАЦЭ АДНОЎЛЕНЫХ ТВАРАЎ


 

VII


 

У Доме Народаў, які ўзвышаўся на беразе ракі Заір у экватарыяльным горадзе Мбандака, сабраўся Надзвычайны З'езд Усіх Зямных Канфедэрацый. Павінна было прысутнічаць (прыляцець, прыплыць і прыехаць) восемсот дэлегатаў. Яны прадстаўлялі Індаэўрапейскую, Паўночнаамерыканскую, Лацінаамерыканскую, Арабскую, Афрыканскую, Эўразійскую, Мангола-Кітайскую і Япона-Ціхаакіянскую канфедэрацыі. Яўка была амаль стопрацэнтная. Па незалежачых ад іх прычынах не змаглі прыбыць дэлегат-афрыканец, якога проста на пляжы схапіў і завалок пад ваду гіганцкі кракадзіл, і дэлегат з Варшавы, што загінуў ад удару шаравой маланкі.

Дом Народаў быў пабудаваны ў выглядзе велізарнага белага куба. Усе яго восем паверхаў (па колькасці Канфедэрацый) аздаблялі ў нацыянальных стылях выдатнейшыя мастакі, скульптары, гравёры, цесляры, паркетчыкі. Вочы разбягаліся ад яркіх сакавітых фарбаў. Уся планета Зямля - ад белых марозных пустынь Арктыкі да мангравых лясоў на астравах Ціхага Акіяна - глядзела на кожнага, хто пераступаў парог, са сцен гэтага цудоўнага палаца.

Калі ўсе занялі свае месцы, старшыня (а ім быў канадзец Джон Мур) аб'явіў:

- Прашу ўсіх устаць. Гучыць Гімн Планеты. Семсот дзевяноста восем галасоў зладжана зліліся ў адзін усхваляваны голас:

Мы - дзеці Гамера,

Мы - дзеці Канфуцыя...

- Рабочай мовай нашага з'езда, як вы ўжо ведаеце, будзе партугальская, - напомніў Джон Мур, калі адгучаў гімн і ў зале зазвінела цішыня.

Для чаго ж сабраўся надзвычайны з'езд? На парадку дня было адзінае пытанне: «Цывілізацыя Плазмоідаў (так званая Старая Цывілізацыя) і адносіны народаў планеты Зямля да яе».

Дэлегаты ўбачылі кадры кінахронікі: спаленыя будынкі і аўтамабілі; ланцугі шышкагаловікаў, якія ідуць у атаку; труп падлетка - галава прыкрыта белай прасціной, рукі, сціснутыя ў кулакі, бездапаможна раскінуты; вогненны вал, што падмінае пад сябе нейкія нізкарослыя кусцікі...

- У ліку дэлегатаў ад Індаэўрапейскай канфедэрацыі знаходзяцца два чалавекі, якія прыбылі ў Дом Народаў з самага, можна сказаць, эпіцэнтра апошніх па часе жахлівых падзей, - сказаў старшыня. - Гэта Карл Гакенхольц, стрэсаператар, і Гай Дубровіч, гісторык, бацька таго самага мёртвага хлопчыка, якога мы толькі што бачылі на экране. Папросім іх выступіць перад намі.

Гай Дубровіч, змарнелы, сутулы, устаў, пакланіўся з'езду, але выступаць адмовіўся.

- Гэта так дзіка... Навошта ім патрэбен быў Клён, мой сын? - толькі і сказаў Дубровіч.

Карл Гакенхольц рашуча пайшоў да трыбуны, абапёрся аб яе тонкімі смуглымі рукамі, загаварыў рэзка і раздражнёна, як бы з нейкім выклікам:

- Я, панове дэпутаты, бачыў Старую Цывілізацыю гэтак жа сама, як бачу зараз усіх вас. Мяне ад яе аддзяляла ўсяго толькі некалькі метраў. Я чуў голас Старой Цывілізацыі і не забуду яго да скону сваіх дзён. Гэта немагчыма забыць.

Адчувалася, што стрэсаператар хвалюецца.

- Перада мной праплывалі светлыя шары (менавіта ў такой форме актыўна праяўляецца СЦ), і столькі мудрасці, столькі глыбокага сэнсу было ў іхнім руху, у іхнім рытмічным вярчэнні. Гармонія дамінавала ва ўсім. А мы, шызафрэнікі і пячорныя варвары, мы забіваем СЦ.

Гакенхольц кінуў гэтую апошнюю злую фразу ў залу так нечакана, што дэлегаты, напачатку як бы закалыханыя ягоным выступленнем, ускочылі са сваіх месцаў, абурана зашумелі.

- Што вы сабе дазваляеце?! - пачулася з залы.

- Яна сама атакуе нас.

- Ды ён, пэўна, хворы!

Усмешлівы канадзец Джон Мур пазмрачнеў, незадаволена паглядзеў на Карла, хацеў націснуць кнопку электрычнага званка, але Гакенхольц апярэдзіў яго.

- Права на думку! - закрычаў ён.

Гэтыя ўладныя магічныя словы адразу ж ацвярэзілі ўсіх. Дэлегаты селі на свае месцы. Джон Мур адхапіў палец з чорнай кнопкі званка, у Доме Народаў запанавала непарушная цішыня. Права на думку было адным з галоўных свяшчэнных праў чалавека. Вялікая Эра Плюралізму ўрачыста гарантавала яго кожнаму жыхару планеты. Варта было толькі сказаць: «Права на думку» - і заціхалі грамагалосныя людныя плошчы і аўдыторыі, і абрываўся разгневаны гуд натоўпу. Калісьці такой бясспрэчнай загаднай сілай валодалі словы, накшталт: «імем караля!» або «імем рэвалюцыі!».

- Ні ў якім разе я не хацеў пакрыўдзіць вас, панове дэпутаты, - спакойна прадоўжыў Карл Гакенхольц, хоць шчокі палымнелі. - Не хацеў абразіць. Проста я аперырую фактамі, якія ўсім вам добра вядомыя. Хто яшчэ стагоддзі назад, бяздушна сочачы за паказаннямі прыбораў, злачынна штампуючы няякасныя рэактары, зрабіў ўсё, каб грымнуў смяротны выбух Чарнобыля? Мы. Хто атруціў акіяны і рэкі, зямлю і воблакі? Мы. Хто загнаў Старую Цывілізацыю ў чорныя падзямеллі, лакалізаваў яе, прымусіў, як рабыню, жыць там, дзе не селяцца нават павукі? Мы. Так, мы зараз раскайваемся, мы пачынаем гаварыць, што свяшчэннае права на жыццё належыць усяму жывому, зразумелае яно нам ці незразумелае, ёсць выгода нам ад яго ці няма. Але трэба не гаварыць, а дзейнічаць. Яшчэ два дні назад я быў госцем СЦ, сёння ж тут, у Доме Народаў, я - яе паўнамоцны пасол.

Гул здзіўлення пакаціўся між дэлегатамі. Тэлекамеры і кінакамеры пачалі ўзірацца ў Карла так, як ўзіраюцца ў маленькага верабейку злавесныя пітоны.

- Так, я - яе пасол, - горда сказаў чорнавалосы немец.

І адразу ў яго над правым плячом засвяціўся, з'явіўшыся ніадкуль, маленькі шар. Жанчыны-дэлегаткі і некаторыя з мужчын ахнулі. Джон Мур у разгубленасці знячэўку ўдарыў пальцам па кнопцы званка, але пачуўся толькі нейкі прыдушаны піск.

- Старая Цывілізацыя, пяць яе кланаў, вырашыла перасяліцца на радзіму сваіх продкаў, планету Вар. І таму яна заключае з чалавецтвам мір, вечны мір. А залог гэтага міру - жыццё падлетка Клёна Дубровіча, якога СЦ ажывіць. Ваш сын будзе жыць! - крыкнуў Карл Гаю Дубровічу, што сядзеў, апусціўшы галаву.

- Аб чым гаворыць гэты чалавек? - уздрыгнуўшы, спытаў Гай у суседзяў. - Хіба можна сыпаць соль на свежую рану? Што ён гаворыць?

Гай Дубровіч павольна ўзняўся са свайго месца, павольна, як самнамбула, пайшоў па праходзе да трыбуны, спыніўся насупраць Гакенхольца.

- Калі ты сказаў праўду, я гатоў стаць перад табой на калені, а на калені я станаўлюся толькі ў двух выпадках: каб напіцца з ручая і каля магілы сваёй маці. Калі ж ты схлусіў, - у голасе ў Гая зазвінела пагроза, - ты станеш пад Дрэвам Пакаяння і ўласнай рукою высыпеш сабе на галаву роўна тры кілаграмы сухога пяску. І людзі будуць глядзець у твае вочы.

Дэлегаты ўсхвалявана зашумелі. Даўнавата ў Доме Народаў не чулі такіх слоў, тым больш абвінавачванняў у хлусні. Людзі ВЭП развучыліся хлусіць, бо не было ў гэтым патрэбы. Хіба сабе самому мог схлусіць чалавек, мог падмануць сябе, уявіўшы, што ён вельмі закаханы ў жанчыну або дужа разумны і аўтарытэтны.

Карл Гакенхольц спакойна сустрэў жорсткую абразу, толькі куточкі вуснаў уздрыгнулі. Ён вышаў з-за трыбуны, абняў Гая Дубровіча, прамовіў на поўны голас, каб чулі ўсе:

- Зоркалёт ужо ўзяў курс на планету Вар. У ім ляцяць Вера Хрысцінюк і Радаслаў Буслейка, якія будуць удзельнічаць у ажыўленні Клёна. Ваш сын будзе жыць, не адыдзе за жоўты пясок.

- Як? - загарэўся Гай Дубровіч. - Як ты сказаў? Не адыдзе за жоўты пясок? Дзякуй табе, чалавек з добрым сэрцам. Нікому ў свеце не пажадаю я страціць адзінага сына. Гэта - нечуваная пакута. Дзякуй табе.

Гісторык быў надзвычай шчаслівы, вочы ззялі, па твары бегала мяккая прыгожая ўсмешка. Яму ўспомніўся далёкі час маленства на Чорным Хутары. Там, у тых непаўторных, пафарбаваных у колер летняга сонца днях, накочваліся, як хвалі, такія ашаламляльныя імгненні радасці, што хацелася скакаць і спяваць, хацелася кінуць шапку вышэй бярозы. Там было адчуванне і прадчуванне вечнай радасці, якое ішло ад маладых ног і вачэй, ад маладой скуры, ад бялявых доўгіх валасоў, што пад парывамі ветру густа і бязладна стаўбурыліся на галаве, лезлі нават у рот, забіваючы дыханне.

Дэлегаты стоячы апладзіравалі Карлу і Гаю. Некаторыя з жанчын кідалі ім яркія трапічныя кветкі. Старшыня Джон Мур усміхаўся на ўсю шчаку і быў падобен сваёй ружовашчокасцю і кірпатасцю на Санта Клаўса. У гэты час да Карла падышоў высакарослы, вельмі загарэлы чалавек з надзіва блакітнымі вачамі і сказаў:

- Дык на планету Вар паляцеў Радаслаў Буслейка? Я - Гром Стралковіч і працую з ягонай жонкай Шнай. Яна нічога не ведае пра палёт свайго мужа.

Імя старшыні Лігі барацьбы супраць мутантаў было надзвычай папулярнае сярод грамадзян Індаэўрапейскай Канфедэрацыі. Маленькія дзеці гулялі ў «дзядзьку Грома, які вельмі трапна страляе». Юныя прыгажуні на сваіх блузках і спадніцах насілі ягоныя партрэты. Праўда, «зялёныя» рэзка крытыкавалі Грома і байкатавалі дзе толькі можна, але байкот байкотам, а некаму трэба было адбіваць пастаянныя жорсткія набегі двухгаловых гіганцкіх воўкасабакаў, што вадзіліся ў балотах уздоўж сярэдняга цячэння Прыпяці.

- Прыміце маё глыбокае спачуванне, спадар Дубровіч, - прамовіў Гром, злёгку нахіліўшы густавалосую галаву. Па левай скроні ў яго прабягаў няроўны чырвоны шрам - след кіпцюроў воўкасабакі.

- Шчыра вам дзякую, - пакланіўся ў адказ Гай. - Шмат добрага чуў і чытаў пра вас, марыў сустрэцца - і вось...

- І вось мы пабачыліся, - трохі бесцырымонна перарваў яго Стралковіч. - Прабачце, толькі я не люблю, калі пра маю сціплую асобу гавораць болып дзесяці слоў. На адзінаццатым хвалебным слове мне пачынае здавацца, што справа пахне культам асобы. Была калісьці такая хвароба ў нашых слаўных продкаў.

- Але вы і сапраўды герой, - горача загаварыў Гай Дубровіч. - У наш камфортны век жыць у дзікім лесе, начаваць пад снегам і дажджом у пустым полі... Згадзіцеся, такое не кожнаму пад сілу. А пастаянная канфрантацыя з мутантамі? Мне расказвалі, што ў некаторых зграях іх налічваецца пад сотню галоў.

- Яны аб'ядноўваюцца ў велізарныя зграі, у цэлыя полчышчы, калі выкарыстоўваць нашу чалавечую тэрміналогію, - згадзіўся Гром Стралковіч.

- І не страшна?

- Не. Мы, людзі, мацней за іх. Мы іх даўно б маглі знішчыць, але кожнае жыццё ёсць жыццё, і, памятаючы пра гэта, мы сочым толькі за тым, каб не выпускаць іх з балотаў. Ды мутантаў як магнітам цягне чамусьці на поўнач.

- А вы спрабавалі пайсці да іх, пайсці ў балоты? - умяшаўся ў размову Карл Гакенхольц.

Гром Стралковіч сурова глянуў на яго. Падалося вялікаму паляўнічаму, што нейкі востры хітра схаваны кручок тырчыць у, здавалася б, наіўным пытанні. Падалося нават, што гэты хлышч-стрэсаператар сумняваецца ў ягонай адвазе. Але Гром быў цёртым чалавекам, не раз выкручваўся з найскладанейшых пераплётаў.

- У балоты мы ходзім кожны год, адразу як спадзе паводка і падсохне зямля, - сказаў ён. - Гэты шрам на скроні я прынёс адтуль. Не дай бог каму-небудзь з вас трапіць туды. Уначы воўкасабакі выюць так, што аж калоцяцца дрэвы. Куды ні глянь - усюды ашчэраныя пашчы і шалёныя вочы. Апошнім жа часам там наогул не лес, не балоты, а сапраўднае пекла.

- Што ж там такое? - шчыра пацікавіўся Карл Гакенхольц, сваім пытаннем крыху скалупнуўшы лядок з суровага сэрца паляўнічага.

- Туды, як я разумею, панадзілася гэтая самая СЦ, Старая Цывілізацыя, пра якую ўсе мы далдонім на з'ездзе, - сказаў Стралковіч. - Над Тоўстым Лесам у напрамку балотаў часта лётаюць, асабліва на прыцемку, шары, дырыжаблі, талеркі, нейкія бясформенныя згусткі, падобныя на пену або туман, адным словам, розная нечысць. Мы, прызнацца, і стралялі ў іх, і на верталётах за імі ганяліся, і сеткі-перамёты паміж высокіх дрэў чаплялі, а ў выніку - адзін пшык. І што цікава - калі прыляціць у балоты СЦ, то мутанты не выюць, маўчаць. Пэўна ж, яна іх нечым частуе, паддобрываецца, як я разумею. А калі вылятаюць гэтыя шары адтуль - ого, які канцэрт пачынаецца. Вушы затыкаем. Воўкасабакі выюць, як нажом па жывому целу рэжуць. Цьфу ты.

Гром Стралковіч аж зморшчыўся, аж перасмыкнуў шырокімі плячамі.

- І Нінка-трысцінка вушы затыкае? - з лёгкай усмешкай спытаў Карл Гакенхольц.

- Хто? - не зразумеў Стралковіч.

- Ніна Буслейка, жонка майго сябра, які паляцеў на планету Вар.

- Ведаю такую. Выдатны, трэба сказаць, заолаг і цудоўная жанчына, прыгажуня. Разам у балоты хадзілі. Дазвольце-дазвольце, дык я ж з-за яе да вас і падышоў. Пачуў знаёмае прозвішча і падышоў.

Гром Стралковіч з непаразуменнем глянуў на Карла, і ў ярка-блакітных вачах зноў пачынала віраваць незадаволенасць. «Лясны чалавек», - звысоку падумаў пра яго Карл, а сам сказаў:

- Вельмі кахае Ніну Радаслаў. Ён у нас адналюб. І вельмі перажываў, што абставіны змусілі яго тэрмінова ляцець на Вар. У Радаслава ж з Нінай, калі вы ведаеце, вось-вось павінен з'явіцца сын.

- На гэтакую тэму я з ёй не гутарыў, - холадна прамовіў Стралковіч і хацеў быў вярнуцца на сваё месца, але Гай Дубровіч усхвалявана схапіў яго за руку:

- Пачакайце, пастойце. Прашу вас - вазьміце мяне з сабой у Тоўсты Лес.

Усё адбылося так імпульсіўна, так імгненна, што Гром з Карлам зірнулі на Гая, як на малога капрызлівага хлапчука, а сам ён збянтэжыўся, густа пачырванеў. Ды людзі ВЭП не прывыклі хаваць пачуццяў. Лічылася, што трэба смела гаварыць сваю думку, сваю праўду, не ўтойваць іх ні ад кога. Наогул, век быў рацыяналістычны, дзелавы, без лішніх охаў і ахаў. Чалавек хацеў добра і зручна жыць, зарабляць грошы, купляць прыгожыя рэчы, мець усё неабходнае: дом, зямельны ўчастак, аўтамабіль, верталёт або лёгкі самалёт, яхту... Чалавек хацеў, каб ягоная жонка, выпраўляючыся вечарам у тэатр ці ў госці, мела магчымасць пакрасавацца ў дарагіх упрыгожаннях, бо жанчына заўсёды застаецца жанчынай. Актуальным было выслоўе: «Трэба ведаць, чаго ты жадаеш, трэба ведаць, з якога боку на тваім бутэрбродзе намазана масла».

Таму Гай Дубровіч, справіўшыся з сабою, сказаў:

- Вы ўжо чулі, спадар Гром, што дзеля выратавання майго адзінага сына стрэсаператар Радаслаў Буслейка, аб існаванні якога я нават і не здагадваўся, паляцеў на планету Вар. Палёт цяжкі і небяспечны, але ён паляцеў, хоць ягоная жонка, якая працуе ў вашым летнім лагеры, рыхтуецца нарадзіць, запаліць агонь новага жыцця. Вазьміце мяне ў Тоўсты Лес, і я гляну ў вочы гэтай цудоўнай жанчыне, я перадам ёй усю дадатную энергію, якую маю ў сваёй душы, а Радаслаў Буслейка такую ж энергію перадасць майму сыну Клёну. Прашу вас. Мая жонка Бярозка знаходзіцца зараз у Доме Роздуму, слухае Моцарта і Бетховена, развітваецца з сынам. А я так не магу. Я хачу паехаць з вамі ў Тоўсты Лес.

- Добра, - кіўнуў галавой Стралковіч. - Заўтра ляцім.

Спаў Гай Дубровіч у пакоі-планетарыі, сцены і столь якога ўяўлялі дакладную копію начнога зорнага неба. Чорнае бяздонне, засыпанае срэбнымі зярнятамі, глядзела на яго. Млечны Шлях, быццам слуп іскрыстага бязважкага дыму, перасякаў усё неба, губляўся ў бязмежнай таемнасці, у недасяжнай, да марозных дрыжыкаў, далечы. Палярная Зорка ярка свяціла праз тоўшчу прасторы і часу, нязгасным вокам пазірала проста ў душу. Гай быў сынам паўночных шыротаў, і таму гэта цудоўная зорка сыпала на яго свае праменні. Калісьці на такое неба, уздрыгваючы кожнай сваёй жылкай, глядзелі халдзейскія пастухі, смуглатварыя чорнабародыя капітаны першых прымітыўных паруснікаў, жрацы, філосафы Элады, рымскія легіянеры. Калісьці на такое неба, прадчуваючы блізкую пакутную Галгофу, глядзеў Хрыстос, і мільготкае святло зорак разам з ценямі хуткалётных няясных воблакаў клалася на твар. Гай да салодкай знямогі, да рэзі ўваччу ўзіраўся ў агромністую вечна загадкавую і вечна новую прастору. Ён быў часцінкай Космасу, кропляй зорнага дажджу, залатой пылінкай эфіру. Ён быў несмяротным і маладым. Ён чуў шапаценне зорак, яркія галасы далёкіх планет, біццё нечых сэрцаў. «Сын мой, - думаў Гай, - дзе ты зараз, што з табою? Мёртвы ты ці жывы? Сын мой, я аддаў бы сваё дыханне за адну тваю ўсмешку, за адно кароткае слова. Я помню цябе маленькім, помню кволай былінкай, што тулілася да мяне ў хвіліны небяспекі. А небяспекай калісьці было ўсё: і чужы незнаёмы твар, і грукат грому, і суседаў сабачка, вясёлы і бяскрыўдны, і вецер, што ляскаў фортачкай на Чорным Хутары. Ты падрастаў, рос. Я помню, як ты зламаў руку, як плакаў ад болю і слёзы каціліся па бледных шчоках. Той боль, які рэзаў мне тады душу, я не забуду нікслі».

Так глядзеў на неба, так думаў Гай, а ноч пляла свае чорныя карункі, туманіла галаву, бегла па зямным абшары, усё часцей азіраючыся, бо на пяткі ёй наступаў малады гарачы дзень.

Паляцелі на «Боінгу» праз Каір і Адэсу да Старога Смалявіцкага аэрапорта. Гром Стралковіч увесь час глядзеў праз ілюмінатар на мутна-жоўтыя воблакі і маўчаў. Гаю здавалася, што паляўнічы злуе на яго, і таму ён сядзеў як на іголках: то чытаў газету, то адкідваў яе, то піў нясмачны цёплы ліманад, а потым пачаў сачыць за чорнасіняй афрыканскай мухай, якая мітусілася ў салоне, садзілася на беласнежныя фіранкі, на белыя спінкі крэслаў і, пэўна ж, не здагадвалася аб тым, што падарожнічае з мацерыка на мацярык.

У аэрапорце перабраліся на аўтамабіль «Днепр», магутную васьмімесную машыну, і ўзялі курс на поўдзень, на Тоўсты Лес. «Днепр», апошняе слова аўтамабілебудаўнікоў, глытаў кіламетры з такой прагнасцю і хуткасцю, з якой галодныя глытаюць хлеб. Аўтамабільныя пробкі на скрыжаваннях дарог ён проста пераскокваў пры дапамозе рухавіка вертыкальнага ўзлёту, які даваў магчымасць метраў трыццаць - пяцьдзесят ляцець у паветры.

- Вось і Тоўсты Лес, - быццам бы спакойна і нават бясстрасна прамовіў Гром Стралковіч, але Гай адчуў, што ён хвалюецца. Як кожнаму гаспадару, Грому хацелася, каб ягонае жытло, ягоны дом спадабаліся госцю. На небасхіле сцяной стаялі сосны ўперамешку з бярозамі, такія агромністыя і велічныя, аж сэрца замірала. Нездарма кажуць, што з гадамі людзі бялеюць, а бярозы чарнеюць - лес быў медна-чырвоны ад соснаў і змрочна-цёмны, амаль чорны ад бяроз.

Пясчаная дарога бегла, віхляла між тоўстымі, у некалькі чалавечых абхватаў, дрэвамі. Сонца было заслонена шчыльным веццем дрэў. Зрэдку праз непралазную гушчыню галін прарываўся прамень і аслабела падаў на шэра-зялёную вільготную зямлю. Сярод буралому ўбачылі маладога мядзведзіка. Ён пабег у гушчар, мільгануўшы бура-карычневай спіной. «Ёсць у мядзведзя кажух, ды прышыты», - успомніў Гай словы свайго дзеда, які памёр гадоў дваццаць назад і ляжыць зараз на могільніку ў Чорным Хутары.

Тры каляровыя домікі - чырвоны, зялёны і сіні - стаялі над спакойнай лясной ракой, у якой жылі асляпляльна белыя гарлачыкі і шэрыя непалахлівыя качкі. Ад ракі ішла маладая русавалосая жанчына ў элегантных шортах з мноствам кішэняў, у майцы з атрыбутыкай спартыўнага таварыства «Эўрапеец». На галаве ў яе прыгожа сядзеў вяночак, сплецены з рамонкаў і васількоў.

- Жывуць Сонца і Кісларод, - прыязна, з адкрытай усмешкай сказала жанчына, падышоўшы да Грома і Гая, што ўжо вылезлі з аўтамабіля і чакалі яе.

«Шна Буслейка», - здагадаўся Гай.

- Вы бацька таго хлопчыка? - спытала яна, пазіраючы на Дубровіча прамяністымі шэрымі вачамі.

- Так. Бацька, - адказаў Гай, ацаніўшы яе тактоўнасць і далікатнасць, бо Ніна ні словам, ні мімікай не напомніла аб душэўнай траўме, якую перажываў ён.

- А вы жонка стрэсаператара Буслейкі, што паляцеў на планету Вар? - у сваю чаргу спытаўся Дубровіч.

- Жонка, - кіўнула галавой Ніна. - Не хвалюйцеся, усё з вашым сынам будзе добра. Мой Радаслаў (яна сказала слова «мой» з годнасцю і прытоенай пяшчотай) валодае моцным і вельмі станоўчым біяполем. Я ведаю. І таму ўсё будзе нармальна.

Яна зноў усміхнулася.

- Ніна, - паклаў ёй руку на плячо Гром Стралковіч, - хочаш, праспяваю табе песеньку, якую пачуў у вёсцы пад Менскам?

- Вядома, хачу, - весела адказала Шна.

- Ну то слухай.

І Гром зацягнуў прыемным глухаватым барытонам:

Як была я дзевачкай, Хадзілі ка мне з гарэлачкай, А як стала маладзіцаю, Не сталі хадзіць і з вадзіцаю.

Скончыўшы, Гром чамусьці выцер губы вялізным кулаком, быццам толькі што кульнуў чарку добрай гарэлкі, спытаў:

- Дык які з мяне вакаліст? Колькі балаў мне паставіце?

- Прабач, Гром, але твая стрэльба, з якой ты ходзіш на мутантаў, страляе лепш, - сказала Ніна Буслейка, і шэрыя вочы былі сур'ёзнымі.

Так Гай Дубровіч на некалькі дзён пасяліўся ў Тоўстым Лесе. Далі яму часовы прытулак (верхняе месца ў двух'ярусным ложку), паставілі на «катлавое забеспячэнне», і пацяклі хвіліны, гадзіны, дні. Удзень і ўначы глуха шумелі старыя дрэвы. Вецер накідваўся на іх з нябёсаў, абломваў крохкія галінкі, змятаў зверху чорны пыл, птушыныя пёры, жучкоў. Рэзка пахла карой, зямлёй, рачным карычневым глеем.

Увесь час Гай думаў пра Ніну Буслейка («Буслейчыху», як сказаў бы ягоны дзед). І гэта не было нейкім дзівацтвам, прымхамі, бо, у рэшце рэшт, думаючы пра яе, жадаючы ёй дабра, ён ратаваў свайго сына. Тут узнікала складаная глыбоканасычаная духоўная сувязь - дадатныя імпульсы ішлі ад Гая да Шны, ад Ніны да Радаслава (успомнім хаця б «мазгаграму»!), ад Радаслава да Клёна, Клёна Дубровіча. Так хваля падштурхоўвае хвалю, не дае ёй спыніцца, і разам яны ствараюць жывое паўнагучнае мора. Калі ацэньваць колькасць нервовых клетак у галаўным мозгу чалавека лічбаю ў 60 мільярдаў, то людзі ВЭП выкарыстоўвалі каля 22 працэнтаў закладзенага ў іх інтэлекту. У дваццатым жа стагоддзі, напрыклад, каэфіцыент карыснага дзеяння інтэлекту складаў усяго 7 працэнтаў.

- Шна ведала, дзеля чаго прыехаў у Тоўсты Лес гэты дзіўнаваты заглыблены ў сябе гісторык, - сказаў, улучыўшы момант, Гром Стралковіч.

Яна шчыра спачувала яму, вельмі хацела, каб на далёкай планеце яе муж дапамог вярнуць жыццё Клёну. Але сустрэч з Гаем Дубровічам пазбягала. Прыроджаная сарамлівасць, якая была глыбока схавана ў глыбіні душы, аб якой не здагадваліся нават сябры, не дазваляла выходзіць на абсалютны духоўны кантакт з малазнаёмым чалавекам. Гэта, вядома ж, былі рудыменты даплюралістычнай эпохі, яе «радзімыя плямы», як некалі модна было гаварыць. Ніна разумела своеасаблівасць свайго характару, пакутвала, але - жанчына ёсць жанчына - нічога з сабой не магла зрабіць. І таму поўнасцю аддавалася рабоце. А работы ў яе прыбавілася, бо нечакана ў летні лагер прыбыла, нікога не папярэдзіўшы, група «зялёных» - шэсць мужчын і дзве жанчыны. На беразе рэчкі яны разбілі палаткі, хадзілі ў зялёных берэтах і дэманстратыўна не насілі з сабой ніякай зброі, нават звычайных сцізорыкаў.

- Якая ў вас, спадары, праграма? - асцярожна пацікавіўся ў іхняга кіраўніка, лысага рудабародага мужчыны гадоў сарака пяці, Гром Стралковіч.

- Акліматызуемся і пойдзем у балоты, - весела адказаў той.

- З чым пойдзеце?

- Як з чым? Вядома ж, без гэтага, - грэбліва зморшчыўся кіраўнік «зялёных», паглядзеўшы на карабін за плячамі ў Грома. - Пойдзем з бела-зялёным сцягам жыцця і міру.

- Ну-ну, - хмыкнуў Стралковіч.

Тым часам Гай Дубровіч зацікавіўся, што за будыніна - гумавы надзіманы купал - стаіць на ўзлеску.

- Там збіраюцца нашы левітатары, - растлумачыў Гром. - Ніна таксама туды ходзіць, але зараз чакае дзіця...

Аб левітатарах, людзях-птушках, якія спрабуюць перамагчы зямное прыцягненне, сілу гравітацыі, Гай чытаў у газетах. І таму, як толькі выпала магчымасць, пайшоў да іх.

Проста на падлозе, на пярэстых цыноўках, сядзела каля дваццаці мужчын і жанчын. На галовах ва ўсіх былі вянкі з рознакаляровых птушыных пер'яў. Рукі яны трымалі на каленях і вельмі засяроджана, амаль не міргаючы, сачылі за белым голубам, які лётаў пад самым купалам. Ніна была тут жа, але, як зразумеў Гай, у якасці трэнера. Яна стаяла на невялікім узвышэнні пасярод залы, трымаючы ў руцэ нешта накшталт дырыжорскай палачкі. Вось яна плаўна ўзмахнула гэтай палачкай, і левітатары развялі рукі ў бакі, вочы ў іх заблішчэлі, твары зрабіліся адухоўлена-светлымі.

- Вы - родзічы арлоў! - крыкнула Ніна, - узлятайце ж!

Некалькі чалавек (не ўсе) раптам адарваліся ад падлогі, узняліся над ёй на вышыню ў два-тры метры. Адна дзяўчына ўзвілася аж пад самы купал, дзе лётаў белы голуб. Гай бачыў яе твар - надзіва прыгожы, нахтнёны і шчаслівы. «Узляцець, адарваць сваё цела ад зямлі без ніякага рухавіка, а проста намаганнем волі і мускулаў можа толькі шчаслівы чалавек», - раптам зразумеў ён. Ён перавёў позірк на Ніну, як бы ўбачыўшы яе ўпершыню, і залюбаваўся вытанчанасцю і высакароднасцю яе рухаў, цеплынёй, што струменілася з шэрых вачэй, лагоднасцю і той натуральнай шчырай грацыёзнасцю, якія заўсёды ўпрыгожваюць маладых жанчын. Нездарма прырода вянцом прыгажосці зрабіла менавіта жанчыну, бо яна стаіць каля самых таемных вытокаў новага жыцця, сама з'яўляецца вытокам, і той, хто прыходзіць у гэты свет, у самыя найпершыя імгненні свайго прыходу адразу сустракаецца з прыгажосцю. Непрыгожых маці не існуе - гэта аксіёма.

Юна адчула Гаеў позірк, уздрыгнула, і палачка абвяла ў яе руцэ. І амаль адразу ж болыпасць левітатараў прызямлілася на свае цыноўкі. Толькі дзяўчына самазабыўна лунала пад высокім купалам і ўсміхалася адтуль. «Мой сын павінен жыць, - увесь гэты час, пазіраючы на Ніну, думаў Гай. - Ты такая прыгожая, такая моцная, па ўзмаху тваёй рукі цяжкія чалавечыя целы, як пух адуванчыкаў, адрываюцца ад зямлі. Ты можаш усё ці амаль усё. Над тваёй галавой, калі пільна-пільна прыглядзецца, пульсуе залацісты німб. Гэта б'е цераз край, бушуе твая жыццёвая энергія, твая дабраносная аўра. Запалі ж два жыцці - жыццё свайго будучага дзіцяці і жыццё майго сына».

Праз тры дні, адпачнуўшы, акліматызаваўшыся, «зялёныя» рушылі ў балоты. Дарэмна Гром Стралковіч угаворваў, затым і ўпрошваў іхняга кіраўніка ўзяць хоць якую-небудзь зброю, хоць рэвальверык укінуць у кішэнь, дарэмна спрабаваў для страхоўкі паслаць разам з «зялёнымі» сваіх паляўнічых.

- Мы абсалютна мірныя людзі, - горда адказаў рудабароды кіраўнік, націскаючы на слова «абсалютна».

І яны пайшлі. Шэсць мужчын і дзве жанчыны. Бела-зялёны сцяжок трапятаў над імі. Густыя чараты праглынулі купку людзей і зноў сышліся шчыльна і непралазна, глуха замураваўшы кволыя чалавечыя сляды на ядавіта-карычневай балотнай зямлі.

- Няшчасныя, - махнуў рукой Гром і адразу ж загадаў самым жвавым са сваіх паляўнічых пайсці з «зялёнымі» паралельным маршрутам.

- Але пайсці не так, як бяжыць у чаратах паранены воўкасабака, а так, як падае на ваду бярозавы ліст, - удакладніў ён задачу, што патрабавала ад падначаленых амаль стопрацэнтнай бясшумнасці.

Гаю Дубровічу таксама хацелася паблукаць па балотах, пабываць у таямнічых трыснягах. Учора, седзячы каля развітальнага вогнішча, адна з жанчын шэптам, каб не пачуў кіраўнік, расказала, што ў самым цэнтры балот ёсць невялікія грудкі сухой зямлі і на адным з гэтых грудкоў узвышаецца Зялёная Постаць. І адтуль далятаюць прыглушаныя гукі, быццам нехта б'е ў звон.

- Вы - «зялёныя». Постаць таксама зялёная, - не паверыў, пакпіў Гай. - Занадта шмат зеляніны. Нехта з паляўнічых, помніцца, хіхікнуў.

- Так расказваюць відавочцы, - строга паглядзеўшы на Гая, сказала жанчына. - Пад святлом месяца яны бачылі менавіта Зялёную Постаць, і хоць навокал вылі воўкасабакі, яны чулі там, у цэнтры дзікіх балот, удары ў царкоўны звон. Вось так: бо-о-ом, бо-о-ом...

Жанчына спалохана выкругліла вочы.

- Кажуць, гэтая Зялёная Постаць дае сілу, калі дакранешся да яе, - гаварыла яна далей. - Пакладзеш далонь або даткнешся лбом, і адразу нібы кроў успыхвае ў чалавеку, і нічога яму не страшна.

І такі сум гучаў у словах жанчыны, што Гай зразумеў - яна адзінокая, бяссоннымі начамі яна марыць аб сустрэчы з Зялёнай Постаццю, але жаданая сустрэча, вядома ж, не адбудзецца. Зялёная Постаць, нават калі яе і не выдумалі, такая ж недасягальная, як і квазары, што выпраменьваюць у дзесяткі разоў больш энергіі, чым самыя магутныя галактыкі, але касмічны лёс закінуў іх надта далёка ад Сонечнай сістэмы, і чалавецтва ніколі не даляціць да іх.

Потым жанчына амаль усю ночь сядзела каля вогнішча. Гай бачыў засяроджаны, чырвоны ад блікаў полымя твар. А раніцой яна, як і ўсе «зялёныя», пайшла ў балоты.

І ён адчуў глухую трывогу. За Клёна, за жонку, за гэту незнаёмую жанчыну. Ён хадзіў па апусцелым Тоўстым Лесе, слухаў шум дрэў, глядзеў на раку, на сівавата-шэрыя воблакі. Трывога не адпускала. Яна ўсё глыбей кіпцюрыла душу, халоднымі далонямі пачала павольна сціскаць сэрца. Ператомленыя нервы, здаецца, брынчэлі, як туга нацягнутыя струны. І Гай, не вытрымаўшы, добра не разумеючы, што робіць, пабег у балоты, урэзаўся ў сцяну чаратоў. Магчыма, яму хацелася быць бліжэй да Грома Стралковіча, заўсёды моцнага і ўпэўненага. А магчыма, недзе ў падсвядомасці ажыў, заварушыўся, як асколак у целе, расказ аб Зялёнай Постаці. Але ж Гром учора сказаў як адрэзаў: «Лухта ўсё гэта! Няма там ніякай трасцы. Акрамя, вядома, качак, уюноў, чаратовых катоў і воўкасабакаў».

Гай хутка ішоў, амаль бег па цёплай чорна-карычневай жыжцы, потым выбіўся на сушэйшую мясціну, дзе тырчалі аброслыя апенькамі крывыя бярозавыя пні. Пацягнула свежым ветрам, і неўзабаве залопаў дождж. Фантанчыкі ад кропель скакалі пад нагамі ў бліскучых лужынах. Раптам справа ад сябе ён пачуў глухое бомканне. Звон! Гай ірвануўся на гук, як на святло ў апраметнасці чорнай ночы. Ён зразумеў - яму патрэбна, яму неабходна адшукаць у гэтым гнілым трысняговым акіяне Зялёную Постаць і прыпасці да яе сваім гарачым ілбом. Яна будзе халодная, гаючая, яна суцешыць і ўзмацуе. Як калісьці (гэта так далёка, за лесам Часу) ласкава суцяшала маці.

Вакол яго былі бурыя і жоўтыя трыснягі, зрэдзь стаялі дрэвы, пад нагамі плёхалася вада, угіналася, як гума, вільготная зямля, над ім вісела хмарнае дажджыстае неба. І ён адчуў сябе Чалавекам Ранейшых Стагоддзяў. Падалося, што за спіной надзейна сядзіць лук, а правую руку халодзіць каменны нож. Ён прагна, глыбока хапаў ротам і ноздрамі сцюдзёнае ад дажджу паветра. Сіла перакочвалася ў цвёрдых мускулах, вочы пазіралі востра і аб'ёмна, заўважаючы кожную травінку на дарозе, кожную вадзяную кроплю на травінцы. «Дзе ты, Зялёная Постаць?!» - крычала, пакутуючы, душа.

І тут з-за чаратоў даляцелі ўсхваляваныя людскія галасы, а потым рэзкія адрывістыя стрэлы. Адразу ж усё гэта перакрыў люты брэх з доўгім пранізлівым надрывам. «Воўкасабакі», - здагадаўся Гай Дубровіч, хоць ні разу не чуў іхняга голасу. Ён выбег, выпнуўся па інерцыі на паляну, прагаліну між чаратоў і ўбачыў, як вялізныя руда-шэрыя звяры, з пысамі, перапэцканымі чырвонай яркай крывёй, ірвуць, шкуматаюць людзей. Гэта было забойства, грубае ненажэрнае з'яданне. Некаторыя воўкасабакі мелі па дзве галавы, і было мярзотна бачыць, як дзве іклатыя шырокія пашчы шалёна адкусваюць кавалкі чалавечага цела, глытаюць іх. Лысагаловы кіраўнік «зялёных» махаў сваім сцяжком, адбіваючыся або заклікаючы на дапамогу, але яму на грудзі скокнуў сапраўдны страшыдла, збіў, як былінку, з ног, адразу перарваў горла.

- Божа! - крыкнула жанчына, тая, што ўчора каля вогнішча расказвала пра Зялёную Постаць. Яна ўпала ў ваду, у твань, і воўкасабака насеў ёй на плечы.

- Бо... - зноў закрычала, не скончыла яна, захлынуўшыся ўласнай крывёю.

Ляснуў стрэл, другі, трэці... Толькі цяпер заўважыў Гай Грома Стралковіча. Паляўнічы, сурова прыкусіўшы губу, страляў з карабіна. Воўкасабакі, ап'янеўшы ад чалавечай крыві, усёй гайнёю рынуліся на яго, і здавалася, вось-вось разнясуць на дробныя кавалачкі. Але ў самы апошні момант Гром высока ўзняў правую руку, левай рукою, у якой трымаў карабін, націснуў на кнопку чырвонага бранзалета на запясці правай рукі. І адразу пырскнуў сноп яркага траскучага святла. Паляўнічы аказаўся ўнутры сілавога ахоўнага поля, якое мела форму конуса. Пярэдні ж воўкасабака атрымаў магутнейшы ўдар і з апаленай пысаю быў адкінуты ўбок метраў на пяць. Тое самае чакала і астатніх. Воўкасабакі аж екаталі ад болю і гневу.

- А вы што тут робіце?! Хто дазволіў?! - пабялеў ад злосці Гром, нечакана ўбачыўшы Дубровіча. - Заўтра ж выпішу к чортавай мацеры з лагера! Ану, бягом да мяне!

Гай хацеў пакрыўдзіцца, хацеў прадэманстраваць грознаму паляўнічаму абражаны гонар, але ў гэты час раз'ятраныя воўкасабакі павярнулі ашчэраныя пашчы да яго, і асабдіва дзікі, людаедскі позірк быў у двухгаловага. Гай, як хлапчук, ірвануўся да Стралковіча і вельмі правільна зрабіў, бо затрымайся на секунду-другую, і не мінаваць бы яму драпежных зубоў. За гэта імгненне Стралковіч паспеў выключыць ахоўнае поле, упусціўшы пад конус Дубровіча, і адразу ж уключыць. І зноў мутанты, тыцнуўшыся з наскоку пысамі, паляцелі, напалоханыя і пасаромленыя, ва ўсе бакі.

- Вы самы сапраўдны хуліган! Вы анархіст! - крычаў між тым на Гая Гром Стралковіч. - Хіба я дазваляў вам лезці ў балоты? Бачыце, што сталася з «зялёнымі»?

Яны павольна ішлі пад ахоўным конусам, і Стралковіч, распаляючыся, усё больш гняўлівымі словамі чахвосціў Гая. «А Навум Масейкін і ўсё Індаэўрапейскае тэлебачанне хочуць вось гэтага крыкуна і грубіяна аб'явіць Чалавекам з брыльянтавым... цьфу ты! З бронзавым сэрцам», - раптам падумаў Гай.

- Не смейце крычаць на мяне, - ціха, але цвёрда сказаў ён Стралковічу.

- Што? - аж спыніўся паляўнічы.

- Не смейце, - зноў пачаў Гай, але ў гэты самы час твар ягоны прасвятлеў і засяродзіўся, вочы заплюшчыліся самі сабой. Ён схапіўся рукамі за лоб. «Мазгаграма», - здагадаўся Гром Стралковіч. «Бацька, - загучаў у самай патаемнай глыбіні Гаевай істоты ўсхваляваны голас Клёна, сына. - Бацька, я жывы! Чуеш?! Я - жывы! Я на планеце Вар... Да спаткання...»

 

1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   12


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка