Леанід Дайнека Чалавек з брыльянтавым сэрцам




старонка7/12
Дата канвертавання02.04.2017
Памер2.67 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   12

VIII


 

Галоўнай славутасцю планеты Вар было Вялікае Балота, вядома, на думку статка дзікоў, на чале з моцным і грозным Вінгам. Дзікі мелі доўгае, брудна-шэрае, пад колер балотнай травы, шчацінне, вострыя лычы, іклы і капыты. Як помнілі дзікі, іхнім домам заўсёды было балота, іхнія прапрадзеды і прадзеды нарадзіліся і жылі таксама тут. Якія салодкія карэньчыкі былі ў цвёрдай балотнай травы! А як добра было, высунуўшы наверх толькі лычы, ляжаць у цёплай зеленаватай вадзе, калі яе прыпякала ласкавае сонейка! Яны любілі сваё балота. Так ужо здаўна павялося. Тыгр любіць джунглі, белы мядзвезь - ільды і снягі. А дзік? Ну зразумела ж, дзік павінен любіць балота. Тым больш калі на ўсёй планеце няма ні джунгляў, ні снягоў, а ёсць толькі адно бясконцае балота.

Калі маленькі Фырк з'явіўся на свет, ён быў цвёрда перакананы, што лепшага, прыгажэйшага кутка няма нідзе. Ён адразу ж заняў сваё месца пасярэдзіне статка, бо ззаду і спераду маглі напасці ворагі. Перад ім бег моцны і грозны Вінг, і калі Фырк адставаў, Вінг нетаропка паварочваў назад галаву і глядзеў на яго маленькім сярдзітым вокам.

Яны жылі ў самым цэнтры Вялікага Балота.

Удзень ляжалі ў зялёнай твані, а ледзь пачынала змяркацца, Вінг паднімаў усіх. Прынюхваючыся, прыслухоўваючыся да кожнага гуку, асцярожна ішлі яны ў гушчэчу цёмных чаратоў шукаць ежу. Слаба звінела, булькала пад нагамі чорная, як дзёгаць, вада. Над балотам плыў срэбны халаднаваты туман. Сэрца ў маленькага Фырка замірала ад гэтай цішыні, ад волкага туману, ад любові да свайго балота, да свайго статку.

Ён вельмі хутка рос. Цела налівалася гарачай сілай, іклы і капыты цвярдзелі, а шчацінне з мяккага і белага рабілася шэрым, калючым і пругкім, як дрот. І яму крыўдна было, што магутны Вінг усё яшчэ глядзіць на яго, як на малога. «Я дакажу яму, што я моцны і адважны, што я сапраўдны дзік», - не раз думаў Фырк, лежачы ў зялёнай твані ці праломваючы ўслед за Вінгам непраходную сцяну траскучых чаратоў.

Аднойчы, ласуючыся салодкімі ярка-белымі карэньчыкамі балотнай травы, яны твар у твар, вока ў вока сутыкнуліся з вялікай галоднай гайнёй ваўкоў. Гэта былі апошнія ваўкі на іхняй планеце Вар, таму што амаль уся яна была заліта бетонам, засталося балота, а ваўкі не могуць трываць смуроднага паху гнілой травы.

- Мы будзем біцца з вамі, сыны балота, - сказаў важак ваўкоў, худы і вялізны Гыр. - Мы будзем біцца, бо дарогі назад у нас няма. Жалезныя Людзі залілі наша логава праклятай каменнай карой.

- Ідзіце і нападзіце на Жалезных Людзей, Гыр, - прыгнуў тоўстую галаву, выставіў уперад вострыя жоўтыя іклы Вінг.

- Жалезныя Людзі не баяцца нашых зубоў. І таму мы будзем біцца з вамі.

І ў чаратах пачаўся бой дзікоў з ваўкамі. Даўно не было такога жорсткага бою. Ваўкі ліхаманкава круціліся перад дзікамі, разбіўшыся на кучкі, напіралі то злева, то справа, то ззаду. Яны рвалі цвёрдую скуру, мёртвай хваткай упіваліся дзікам у загрыўкі, раздзіралі жываты.

Дзікі стаялі як сцяна. Маленькіх парасят яны схавалі ўсярэдзіне статка, а самі, збіўшыся ў шчыльны гурт, магутнымі ўдарамі адбівалі атакі ваўкоў. Доўгія, ужо не жоўтыя, а чырвоныя іклы Вінга мільгалі, нібы маланкі. Ён паспеў распароць жываты двум ваўкам, і ў гэты міг на яго збоку кінуўся Гыр. Вінг заўважыў, крутнуўся ў мутнай вадзе, ажно пырскі шуганулі наўкола, на ляту спаймаў Гыра вострымі ікламі. Той толькі змог учапіцца яму ў вуха. І адразу ж адляцеў убок, спусціў дух.

Дзікі перамаглі. Фырк, хістаючыся, стаяў каля Вінга. Кроў залівала спіну. Але ён вельмі ганарыўся, што не аказаўся палахліўцам.

- Мы абаранілі сваё балота, - ціха сказаў Вінг і апусціўся на калені, бо не мог трымацца на нагах. Шмат ранаў на сваім доўгім вяку атрымаў Вінг, але сённяшнія былі смяртэльныя. Ён гэта ведаў і таму, памаўчаўшы, пачаў гаварыць:

- Усяго трое засталося вас. Ты, Рохк, і ты, Бурк, і ты, Фырк, усе разам, як толькі я назаўсёды закрыю вочы, хутчэй ідзіце адсюль. За чаратамі ёсць сухая зямля. Ідзіце туды і там убачыце бліскучы белы пясок. Ён лечыць раны. Гыра і ваўкоў болып няма. Вам іх не трэба баяцца. Бойцеся Жалезных Людзей. Дзе ні ўбачыце, уцякайце, хавайцеся ў балоце.

Вінг адчуў, што памірае, і загаварыў хутчэй:

- Даўным-даўно, калі ўсім навокал яшчэ валодалі Каменныя Нажы, адзін з дзікоў, Чвак, паверыў Каменным Нажам. З балота, са свайго сховішча ён пайшоў да іх, жыў побач з імі. Каменныя Нажы былі хітрыя. Яны давалі Чваку самую смачную траву, калі ён ляжаў, наеўшыся, яны часалі яму жывот. А потым забілі Чвака. Каменных Нажоў ужо няма. Іх, як калісьці яны Чвака, знішчылі Жалезныя Людзі. Паслухайце ж мяне, старога Вінга. Ніколі не выходзьце з балота. Жывіце і памірайце тут. А зараз падыдзіце да мяне. Як нашы прадзеды, дакранемся на развітанне адзін да аднаго лычамі.

Яны дакрануліся да Вінга лычамі і пайшлі праз чараты да сухой зямлі. Не азіраючыся, яны чулі, як гаворыць Вінг:

- Вазьмі мяне, Вялікае Балота. Хачу вярнуцца ў зялёныя лугі, да бацькі майго, да дзеда майго.

За чаратамі яны ўбачылі сухую зямлю і на ёй бліскучы белы пясок. Яны паваліліся ў гэты пясок і пачалі качацца па ім. Фырку, нібы агнём, апякала рану на спіне. Ён вішчаў, курчыўся ад болю, але яшчэ мацней уціскаўся ў пясок, бліскучы, белы і салёны.

Раны зажылі хутка. І зноў пачалося звычнае жыццё. Толькі цяпер дзікоў было ўсяго трое, і яны зрабіліся яшчэ больш асцярожнымі. Шукаць ежу выходзілі ноччу, а днём вылежваліся ў чаратах. Фырк прыслухоўваўся да наваколля, і трывога сціскала сэрца. Сваім вострым слыхам ён лавіў нейкія незразумелыя гукі. Гукі гэтыя з кожным днём усё набліжаліся, ахоплівалі чараты з усіх бакоў.

- Сюды ідуць Жалезныя Людзі, - разгублена сказаў Рохк, які пасля гібелі Вінга быў у іх за важака. - Жалезныя Людзі ідуць і ўдзень, і ўначы таму, што не ведаюць.што такое сон. Хутка яны прыйдуць сюды.

Дзікі паглядзелі на чорна-зялёнае неба, на чырвоныя і аранжавыя зоркі, і ім захацелася, каб іхнія чараты перанесліся раптам на неба, туды, дзе няма Жалезных Людзей. Але неба - радзіма птушак, а дзік спрадвеку можа жыць толькі ў балоце. І яны шчыльней уплішчыліся ў цёмную ваду і затаілі дыханне.

І вось да чаратоў, да схованкі дабраліся Жалезныя Людзі. Страшна было глядзець на іх. Яны былі зроблены з бліскучага металу, што сляпіў вочы. Рукі і ногі доўгія, прымацаваныя да тулава меднымі спружынамі. На грудзях у Жалезных Людзей, як злыя чырвоныя агеньчыкі, гарэлі электрычныя ліхтарыкі. Часам гэтыя ліхтарыкі пачыналі тухнуць, ледзьве свяціліся, і тады Жалезныя Людзі спыняліся, бралі нешта з металічных скрыначак, якія былі прыкручаны ў кожнага да правага калена, і сыпалі ў дзірачку, што была прабіта ў жалезных галовах замест роту. Праз колькі часу ліхтарыкі зноў ярка ўспыхвалі, і Жалезныя Людзі ішлі ўперад. У правай руцэ кожны трымаў доўгі чорны прут. Усё, да чаго дакраналіся гэтыя пруты, адразу ж знікала, быццам яго і не было. Жалезныя Людзі ішлі павольна таму, што сваімі прутамі ім трэба было дакранацца да кожнага дрэва, кожнага кусціка і чарацінкі. Следам за першым ланцугом Жалезных Людзей рухаўся другі. З вялікіх насосаў-помпаў яны залівалі голую зямлю гарачым бетонам. Жалезныя Людзі з трэцяга ланцуга, што замыкаў гэта няўмольнае шэсце, былі абуты ў вялізныя, тоўстыя, жалезныя чаравікі.

Імі яны старанна ўтоптвалі бетон, і той рабіўся гладкі, як стол.

Дзікі ў сваім сховішчы перасталі нават дыхаць. А Жалезныя Людзі падыходзілі ўсё бліжэй. Яны ішлі моўчкі, без адзінага слова. Толькі было чутно, як у апошнім, трэцім,ланцугу цяжка грукаюць жалезныя чаравікі аб бетон: тук... тук...

Першы не вытрымаў Бурк. Ён выскачыў з-пад кучы звялага вецця і рынуўся на Жалезных Людзей, пагрозліва нахіліўшы вострыя іклы. Але што мог зрабіць дзік, нават самы моцны, самы агрэсіўны і адважны? Бурк падбег да Жалезнага Чалавека, і Фырк з Рохкам убачылі, што ён таму ўсяго толькі па калена. Жалезны Чалавек нават ні крышачку не пахіснуўся ад магутнага тараннага ўдару. Чорным прутом ён лёгенька дакрануўся да Бурка, і Бурк знік. Толькі засталіся сляды ад ягоных капытоў.

Фырк з Рохкам моўчкі перазірнуліся. «Ты малодшы, - аднымі вачамі сказаў Рохк. - Табе яшчэ трэба жыць, бо нельга балоту без дзікоў. А я - важак. І я пайду ўслед за Буркам. Як вучыў нас Вінг».

Рохк ускочыў з зямлі, але не кінуўся, як Бурк, на Жалезных Людзей. Ён пачаў асцярожна кружыцца на адным месцы, стараючыся знайсці хоць якую-небудзь шчылінку, дзе можна б было выслізнуць з гэтага страшнага кола.

Жалезныя Людзі тым часам падыходзілі ўсё бліжэй. Пярэднія чорнымі прутамі знішчалі ўсё жывое, сярэднія залівалі зямлю гарачым бетонам, які аж дыміўся, а самыя апошнія старанна ўтоптвалі бетон. Яны не здзівіліся, убачыўшы перад сабой яшчэ аднаго дзіка. Яны не ўмелі здзіўляцца.

Рохк з адчаем круціўся на адным месцы. І тут ён заўважыў, што ўсе Жалезныя Людзі злучаны між сабой тоненькім дроцікам. Да правага калена кожнага жалезнага страшыдлы была прыкручана металічная скрыначка. Усе гэтыя скрыначкі і злучаў амаль непрыкметны дроцік. Жалезныя Людзі былі падобны на вялізных бліскучых рыбін, якіх начапіў нехта на адну нізку. Вось лямпачка на грудзях у Жалезнага Чалавека пачала тухнуць. Ён нахіліў галаву, доўгай нязграбнай рукой палез у скрыначку, каб узяць белых шарыкаў, якія былі насыпаны там. На нейкае імгненне ён выпусціў Рохка з поля зроку. І Рохк рынуўся ў яго каля ног, разарваўшы дроцік, выскачыў за першы ланцуг Жалезных Людзей. Ён бы пабег і далей, але капыты праваліліся, загрузлі ў гарачым бетоне. Дарэмна, напружваючы ўсе сілы, спрабаваў Рохк вырвацца з гэтай страшнай пасткі. Яго ўсё глыбей засмоктвала ў бетон. Вось ён ужо ў бетоне па калені, па жывот, вось толькі відны лыч і хвосцік... Падышлі Жалезныя Людзі ў вялізных чаравіках з тоўстымі падэшвамі. Яны ўтапталі, утрамбавалі бетон, і нічога не засталося ад беднага Рохка.

Але недарэмна загінуў Рохк. Жалезны Чалавек, у якога ён парваў дроцік, ніяк не мог скрануцца з месца. Ён быццам аслеп, бязладна тыкаў перад сабой чорным прутом. Вось ён няўклюдна крутнуўся і сваім прутом зачапіў плячо суседа. Раз! - і суседа не стала. Нешта, відаць, парушылася ў, здавалася б, неадольным ланцугу. Жалезныя Людзі пачалі знішчаць адзін аднаго. За некалькі хвілін усе яны разам са сваімі чорнымі прутамі зніклі. Толькі іхнія скрыначкі з белымі шарыкамі засталіся ляжаць у балоце ды з чорнай, нібы смаляной вады з шыпеннем узвіваліся срабрыстыя пухіры.

Фырк не верыў вачам. Ён ужо чакаў смерці, а тут прыйшло нечаканае збавенне. Два апошнія ланцугі Жалезных Людзей, тыя, што залівалі голую зямлю бетонам і ўтоптвалі бетон, пастаялі як здранцвелыя, пачакалі, усе адначасова павярнуліся і пайшлі з балота. «Дзуг, дзуг», - грукалі іхнія чаравікі па бетоне.

І Фырк ірвануўся са свайго сховішча. Ніколі раней не бегаў ён так хутка. Здавалася, ён ляцеў над балотам. Шбы замест хвосціка ў яго раптам з'явіўся прапелер. Чараты так і трашчалі пад нагамі.

Але Вялікае Балота даўно ўжо зрабілася маленькім, бо Жалезныя Людзі з усіх бакоў удзень і ўначы наступалі на яго. Вось чаму вельмі хутка Фырк вьь скачыў на шэры цвёрды бетон, паслізнуўся на ім і ўпаў. Ён узняўся, аддыхаўся, асцярожна і палахліва агледзеў наваколле. Да самага небасхілу ўсё было заліта бетонам, які дзе-нідзе пабраўся ўжо трэшчынамі і трэшчынкамі. Ні травы, ні кветкі, ні кусціка не ўбачыў перад сабой Фырк. Толькі вулкан, не дужа вялікі, з коса зрэзанай чорнай вяршыняй, дыміўся непадалёку. Да яго, нізка ўнурыўшы ў зямлю галовы, ішлі Жалезныя Людзі. Яны тупалі адзін за адным і блішчалі пад промнямі сонца. Здавалася, вялізная бліскучая гадзюка павольна ўспаўзае на схіл вулкана. Усё вышэй і вышэй узнімаліся Жалезныя Людзі і правальваліся, знікалі ў кратэры. Вось знік апошні, і зноў пустэча і цішыня зазвінелі наўкол.

Вельмі сумна зрабілася Фырку. Няма Вінга, няма Рохка з Буркам... Што рабіць? Куды ісці? Ён павярнуўся і патрухаў назад, у сваё балота. Увесь дзень праляжаў у чаратах. Нават не ўзняўся і тады, калі пачаўся вечар, калі на чорна-зялёным выстылым небе загарэліся яркія чырвоныя зоркі. Ён глядзеў на зоркі і думаў, што Вялікі Статак загінуў. Раніцой прыйдуць новыя Жалезныя Людзі, і нехта з іх дакранецца да яго, Фырка, чорным прутом, у якім хаваецца смерць. Не, ён не здасца ім без бою! Да сканання ён будзе падобны на Вінга!

Фырк ускочыў на ногі. Сэрца білася рашуча і смела. Ён панюхаў паветра, асцярожна, але ўпэўнена, пайшоў па чаратах. «Пакуль жыве Фырк - жыве Вялікі Статак!» - увесь час думалася яму. Там, дзе Жалезныя Людзі спалілі адзін аднаго, ён наткнуўся раптам на металічную скрыначку, што напалову была заліта вадой. Белыя шарыкі высыпаліся з яе і аж зіхцелі на чорнай зямлі. Мільготкае святло зорак рабіла іх нібы жывымі.

Фырк доўга глядзеў на гэтыя дзіўныя белыя шарыкі, таптаўся вакол іх, абнюхваў, потым з асцярогаю праглынуў адзін шарык. Трохі пачакаўшы, праглынуў другі і трэці. Дагэтуль ён не каштаваў нічога падобнага. Шарыкі былі горка-кіслымі, ад іх анямела ў роце і закружылася галава. Ён падумаў, што галава кружыцца ад стомленасці, і дзе стаяў, прылёг крыху адпачыць. Але лягчэй не зрабілася. У вачах успыхвалі яркія іскры, падобныя на вясновых жывых апалонікаў, якія ператвараліся ў зялёныя і сінія кветкі. Тыя кветкі раслі, буйнелі, спляталіся між сабой. Іх схіляў да зямлі моцны парывісты вецер. Фырк адчуў, як ударыла ў вочы гэтым гарачым нясцерпным ветрам, і адразу ж заснуў.

Невядома, колькі ён праспаў. Калі прачнуўся, сонца стаяла высока над зямлёй. Рознакаляровыя стракозы пырхалі тудысюды. Птушка кранг шпарка бегла па балоце, трымаючы ў вялізнай плюскатай дзюбе сваё яйка, круглае, цяжкое, з чырвонымі плямамі на асляпляльна белай шкарлупіне. У ранейшыя часы Фырк адразу б сігануў у чарот, каб толькі не сутыкнуцца з крангам, бо той, ледзьве што, шпурляе гэта яйка пад ногі першаму сустрэчнаму зверу альбо птушцы, і яйка адразу ж узрываецца, са страшнай сілай раскідваючы наўкол востранаточаныя касцяныя пласцінкі, якія могуць нават забіць. Але зараз Фырк адчуваў, што ён ужо не той, што быў раней, і таму ні кропелькі не спалохаўся дурнога кранга. Гэта здзівіла і насцярожыла Фырка. Вядома ж, упершыню пакаштаваныя белыя шарыкі зрабілі яго такім. Незвычайныя сіла і лёгкасць адчуваліся ў целе. Ён быў мацнейшы за Вінга, за ўсіх дзікоў, якія калі-небудзь жылі на планеце Вар. Але, самае галоўнае - ён пачаў разумець глыбінны сэнс таго, што адбываецца. Нібы з цёмных непраходных чаратоў выскачыў на шырокую, залітую сонцам прагаліну. Ён і ўчора разумеў зыкі і пахі наваколля. Ды яны жылі ў ім і вакол, сплеценыя ў шчыльны клубок, засланялі адзін аднаго, перашкаджалі з усіх галасоў выдзеліць нейкі адзін голас. Сёння ж ён чуў, як тоненька, танюсенька спявае чарот, як з мокрага шчаціння зрываюцца срэбныя кроплі вады, як сіняя страказа, што села на пёрка травы, імкліва б'е па паветры сваімі празрыстымі крылцамі.

«Белыя таямнічыя шарыкі Жалезных Людзей зрабілі мяне такім, відушчым і мудрым, - сам сабе сказаў Фырк. - Значыць, Вялікі Статак не загіне. Учарашняга Фырка, палахлівага і няўмелага, болей няма. Сёння я - Аюс Першы. Я разумею галасы прыроды. Я ведаю, што мае ворагі Жалезныя Людзі і тыя, хто прысылае гэтых жалязяк сюды з вулкана. Яны хочуць знішчыць усё жывое і непадобнае на іх, хочуць, каб скрозь быў шэры цвёрды бетон. Але ім не адолець, не перамагчы Аюса Першага».

Аюс (назаўсёды забудзем імя Фырк!) вырашыў, як толькі змеркнецца, выйсці з балота і разведаць тэрыторыю па той бок вулкана. А пакуль што ён старанна пазбіраў металічныя скрыначкі з белымі шарыкамі і схаваў іх у надзейнае месца - між тоўстых каранёў старога дрэва тулур, якое, свецячы патрэсканай попельна-сіняй карой, расло непадалёку. Ён ведаў - яны абавязкова спатрэбяцца і яму, і яго новым сябрам. А ў тым, што ён напаткае сяброў, не ў балоце, дык па той бок вулкана, Аюс Першы ні кропелькі не сумняваўся. Жалезныя Людзі, гаспадары Жалезных Людзей, бетон, якім яны, нібы струпам, хочуць пакрыць усё, нічога не будуць варты ў параўнанні з Аюсам і ягонымі адважнымі сябрамі.

Так думаў, чакаючы прыцемкаў, Аюс Першы, кароль жывёл з планеты Вар.

 

IX


 

- Дык вось адкуль узяліся ўсе нашы зямныя казкі аб жывой вадзе, - сказаў Радаслаў Буслейка Веры Хрысцінюк, убачыўшы, што твар у Клёна Дубровіча паружавеў, затрымцелі вейкі, а неўзабаве расплюшчыліся вочы. - Лептонная энергія, якая застаецца пасля фізічнай смерці кожнага чалавечага індывідуума, як і прадказвалі вучоныя і фантасты, не знікае, не рассыпаецца ў космасе, а стараецца трымацца кампактнай масаю, чакаючы ці аднаўлення ранейшага цела (як у выпадку з Клёнам), ці з'яўлення абсалютна новага, каб усяліцца ў яго. Я гэта ўбачыў яшчэ ў час бою з шышкагаловікамі каля Пятровіцкага вадасховішча. Але ж там былі не людзі, а псеўдабіялагічныя копіі. А тут - чалавек, падлетак, які быў мёртвы, знаходзіўся ў стане клінічнай смерці і на нашых вачах ажыў.

Ён сядзеў, звесіўшы ногі, на круглым металічным дыску. Гэты дыск, знутры якога даносілася роўнае, мяккае, як пчалінае, гудзенне, знаходзіўся на вышыні ў два-тры з паловай метры над Ракой Адноўленых Твараў. Лёгкія хвалі беглі па рацэ. Але там, унізе, у бліскучых металічных берагах, цякла не вада, а нейкая густая масляністая вадкасць, колерам падобная на малако. Яна была ў меру празрыстая, і Радаслаў добра, выразна бачыў твар Клёна Дубровіча - нахмураныя цёмныя бровы, запалыя шчокі. Усё цела падлетка было пагружана ў гэту вадкасць, у тым ліку і твар. Клён ляжаў на спіне, танклявы, худы, і часам здаваўся Радаславу маладой драпежнай акулай, якая, затаіўшыся, падкаравульвае здабычу.

- Ты будзеш жыць, - пільна і неадрыўна ўзіраючыся ў твар Клёну, як заклінанне, як малітву, паўтараў і паўтараў Буслейка. Так загадалі плазмоіды. Тое ж самае рабіла і Вера Хрысцінюк, дыск якой вісеў над ракой метры за тры ад Радаслава.

І вось Клён павольна і, адчувалася, пакутліва расплюшчыў вочы.

- Ура! - пляснула ў ладкі Вера Хрысцінюк, і дыск пад ёй захістаўся.

- Цішэй, жыхарка не нашай планеты, - адразу пачулася збоку невялікага зялёнага шара, які ціха-ціха кружыўся над металічным берагам Ракі Адноўленых Твараў. - Трэба суадносіць свае дэцыбелы, акустычную моц свайго голасу са свяшчэннасцю гэтай хвіліны. У дадзеную біялагічную структуру вяртаецца жыццё, а ты можаш спалохаць яго, як лугавую птушку, сваім крыкам. Цішэй.

Вера Хрысцінюк пагардліва зморшчыла прыгожы носік, але адразу ж прыкусіла язык. Радаслаў жа прыкмеціў, што акрамя зялёнага шара па абодва берагі ракі роўным шнуром, як бы нешта вычэкваючы, застылі фіялетавыя і чырвоныя шары. «Два кланы, якія не хочуць мірыцца з чалавецтвам, - здагадаўся стрэсаператар. - Іхнія прадстаўнікі, дакладней, іхнія шпікі, таксама прысутнічаюць пры ажыўленні Клёна. Настроены яны даволі агрэсіўна - пускаюць іскры».

Тым часам Клён здзіўлена пазіраў знізу ўверх на Радаслава і Веру, на іхнія дыскі. Потым, рэзка шырока раскрыліўшы рукі, адштурхнуўся ад «вады», стаў на ногі, і адчувалася - рака глыбокая і стаіць ён не на дне. І што цікава - не пачулася аніякага плёскату. «Вада» была безгалосая, нямая.

- Дзе я? - разгублена спытаў сам у сябе Клён. Пэўна, ён думаў, што бачыць усё гэта ўва сне.

- Жыхар не нашай планеты, ты знаходзішся на Свяшчэннай планеце Вар, - стрымгалоў сарваўшыся з месца, падляцеў да яго зялёны шар.

- Дзе? Які самавар? - не дачуўшы, іранічна зморшчыўся Клён Дубровіч.

- Ты знаходзішся на Свяшчэннай планеце Вар, - з годнасцю, ні на ёту не пакрыўдзіўшыся, паўтарыў зялёны плазмоід.

Тут да Клёна нарэшце дайшло, што ён не спіць, а стаіць па пояс у нейкай вадкасці і размаўляе, як з жывым (!), з нейкім шарам.

- Што ж са мной было? - спалохана, глытаючы словы, спытаў ён.

- Ты быў мерцвяком. Клеткі твайго галаўнога мозга пачыналі разбурацца...

- Мерцвяком? - аж падскочыў Клён. І зноў «вада» ў Рацэ Адноўленых Твараў не ўзляцела ва ўсе бакі пырскамі, засталася бясшумнай.

- Так, бо ўсё жывое павінна некалі памерці. «Каб не памерлі, дык неба б падперлі». Здаецца, гэта'к кажуць на планеце Зямля? Але Розум Народа Ўсіх Сямі Колераў ажывіў цябе. Жыві і памятай, што ты - гарант прымірэння дзвюх цывілізацый: Старой, або Плазмоіднай, і Бялковай.

У гэты час на берагах ракі пачулася разгневанае шыпенне. Радаслаў Буслейка заўважыў, што фіялетавыя і чырвоныя шары пачалі пагрозна раздзімацца, узбуджана скакаць. Іскры так і сыпаліся з іх. Вось яны, шчыльней згуртаваўшыся, павольна паплылі да сярэдзіны Ракі Адноўленых Твараў, дзе знаходзіўся ўшчэнт разгублены Клён, якому здавалася, што ён скрануўся з глузду.

- Спыніцеся, Фіялетавыя і Чырвоныя Браты! - гучна прамовіў зялёны плазмоід. - Падумайце, што болып: два кланы ці пяць кланаў?

Але тыя павольна падплывалі ўсё бліжэй.

- Мне страшна, - умольна пазіраючы на Радаслава, дрыготкім голасам прамовіла Вера Хрысцінюк.

- Дайце сваю руку, - загадаў ёй Радаслаў.

Яны памкнуліся адно аднаму насустрач, ледзь не ўпалі з дыскаў, і ўсё ж Буслейку ўдалося падцягнуць яе разам з дыскам да сябе. Трое зямлян: жанчына, мужчына і падлетак і зялёны плазмоід побач з імі насцярожана сачылі за няўмольным набліжэннем раз'юшаных чырвоных і фіялетавых шароў.

- Мы апынуліся паміж молатам і кавадлам, - ціха сказаў Радаслаў, моцна сціскаючы вузкую цёплую далонь Веры.

І тут зялёны плазмоід, рэзка ўзвіўшыся ўгору, каменем упаў адтуль уніз, пляснуўся аб застылую паверхню Ракі Адноўленых Твараў, рассыпаўшыся на сотні дробных рознакаляровых кавалачкаў-іскрынак. «Ахвяраваў сабой», - зразумеў Радаслаў.

Тое, што яны ўбачылі адразу ж пасля самагубства зялёнага шара, пераўзыходзіла ўсе самыя фантастычныя мроі на палотнах мастакоў-сюррэалістаў. Рака зараўла, як параненая мядзведзіца. Мноства яркіх, самых розных колераў і адценняў пухіроў з'явілася, ускочыла па ўсёй яе шырыні. Некаторыя з іх звонка, аглушальна лопаліся, але большасць адрывалася ад ракі, пакідаючы на сваім месцы варонкі, і ўзлятала ў паветра. Яны імгненна групаваліся, ствараючы эліпсавідныя колы, і рашуча кіраваліся насустрач фіялетавым і чырвоным плазмоідам. Вось пярэднія сутыкнуліся, загрымеў гром, бліснулі зіхоткія маланкі, гарачы вецер нясцерпна пайшоў наўкол. Магутным парывам Радаслава скінула з дыска, і ён паляцеў (Вера Хрысцінюк ляцела разам з ім) над Ракой Адноўленых Твараў, у якой здранцвела стаяў Клён Дубровіч. Ён баяўся, каб іх не ўдарыла аб металічны бераг, але ім пашанцавала, і яны ўпалі ў мяккі зялёны пясок і нейкі час ляжалі нерухома. Дзікая бура свістала, грукатала над іхнімі галовамі, разломваючы неба. Асляпляльныя маланкі ўспыхвалі адна за адной і мелі форму крыжоў, востраканцовых зорак, вогненных мядуз.

- Што з Клёнам? - у роспачы закрычала Вера Хрысцінюк.

- Ён у рацэ, - давячыся ветрам, адказаў Радаслаў. - Як нас несла сюды, ён стаяў у рацэ.

- Бедны хлопчык, - сумна прамовіла Вера. - Ды і мы з вамі, Радаслаў, няшчасныя бедныя людзіч Вы адчуваеце сваю нікчэмнасць, поўную безабароннасць сярод гэтага незразумелага вар'яцкага хаосу?

- Я? - спытаў Буслейка. - Ні кропелькі не адчуваю. Мы - зямляне, Вера. І гэтым сказана ўсё. І я зараз жа іду шукаць Клёна. А вы заставайцеся тут, чакайце.

- Я таксама пайду.

- Не трэба. Там небяспечна. Я хутка вярнуся.

Радаслаў, нізка прыгнуўшыся, закрываючы вочы рукамі, цяжка пакрочыў да Ракі Адноўленых Твараў. Ён адчуваў, як гарачым ветрам яму абсмальвае шчокі. Грымела з усіх бакоў, зверху. Здавалася, яшчэ імгненне і яго наскрозь пранізае смертаносны востры рог маланкі. Зямлю пад нагамі («Як завецца тут тое, па чым я іду? - падумаў ён. - Вар? Варыт?») залівала зялёным, вельмі яркім святлом.

- Клён? - крыкнуў Радаслаў. - Клён, дзе ты?!

Раптоўна, як па ўзмаху нейкай чароўнай палачкі, усё сціхла, адразу ж праяснілася неба, Рака Адноўленых Твараў нерухома ляжала перад Буслейкам, толькі «вады» ў ёй было трохі менш, бо металічны бліскучы бераг цягнуўся да самага небасхілу шырэйшаю паласой. Клён стаяў на тым жа месцы, дзе яго заспела нечаканая бітва-віхура плазмоідаў. Проста ў яго над галавой, як шчыт, што прыкрывае ад удараў, вісела група плазмоідаў, каля васьмі - дзесяці шароў.

- Радаслаў Алесевіч! - радасна закрычаў Клён, убачыўшы Буслейку. - Якоё шчасце, што вы жывыя! А я ўжо думаў - ніколі не сустрэнемся. Так грымела, так грымела.

Ён палахліва зірнуў на чыстае зялёнае неба, на якім не было ні хмурынкі, толькі дзе-нідзе лёталі вялізныя крангі, моцна сціскаючы ў кіпцюрыстых лапах свае пярэстыя яйкі.

- Што гэта за птушкі? - спытаў Клён.

- Не ведаю, бо ўсяго другі дзень гасцюю на гэтай планеце, - весела адказаў Радаслаў. - Падобны на нашых зямных грыфаў - такія ж голыя шыі.

Буслейка быў вельмі задаволены, што Клён жывыздаровы. Гэты падлетак паспеў ужо запасці яму ў сэрца сваім трагічным лёсам, сваёй напорыстай весялосцю, дый проста тым, што быў, як і ён, як і Вера, зямлянінам. За некалькі дзесяткаў парсекаў ад Зямлі такое адчуваецца надзвычай востра. Сусвет напоўнены мноствам жывых істот, але Чалавек, куды ні пракладзі курс касмічных караблёў, адзін, непаўторны, і ўдалечыні ад роднай блакітнай планеты яго сустракаеш, як Брата. Вядома ж, куды лепш напаткаць у касмічным вандраванні не васьмілапага звышразумнага павука, не геніяльнага суперінтэлектуальнага яшчара з касцістым грабянцом на шурпатай спіне, а двухногага і двухвокага нашчадка Адама, які мае адну галаву і адно чалавечае сэрца.

Да Ракі Адноўленых Твараў ужо бегла Вера Хрысцінюк. Шчасцем свяціліся вочы. Некалькі хвілін назад яна думала, што і Радаслаў і Клён загінулі, што яе таксама чакае непазбежная смерць на гэтай жахлівай планеце, дзе люта б'юцца паміж сабой не людзі, не страшыдлы, а нейкія шары.

- Радаслаў! - закрычала яна. - Клёнік! Даражэнькія вы мае!

Клён спахмурнеў, убачыўшы Веру. Успомнілася, як некалі на Чорным Хутары яна пажадліва, з бляскам у вачах глядзела на ягонага бацьку. Зараз чамусьці яму кінулася ў вочы, што ў яе дужа белыя, як снежныя, зубы, і гэта было непрыемна. Каб неяк вылузнуцца з прыкрага становішча (усё ж Вера - зямлянка, а тут, на планеце Вар, ім, зямлянам, трэба трымацца дружна, разам), ён сказаў:

- Стаяў, калаціўся ў гэтай рацэ і нават твар не замачыў. Эх, і нырну ж я зараз!

Раптам пачуўся рэзкі ўладны голас:

- Не купайся ў Рацэ Адноўленых Твараў! Памятай, жыхар не нашай планеты, - тое, у чым ты стаяў і стаіш, не Н2О. Калі ты не хочаш, каб твой мозг звар'яцеў і захацеў неадкладна аддзяліцца ад твайго цела, асцярожна выходзь на бераг. Цябе там чакаюць твае сябры. Ты паспіш, адпачнеш і паляціш на планету Зямля. Ты - Гарант Вечнага Шру.

- Ты - Гарант Вечнага Шру! - зладжаным хорам усклікнулі ўсе плазмоіды, што віселі над Клёнам.

- Які яшчэ гарант? - незадаволена сказаў Клён, але адразу ж пачаў выбірацца на бераг, стараючыся ісці нешырокімі крокамі і па прамой лініі.

- Прывітанне, землячок! - сціснуў яго, як малодшага брата, у абдымках Радаслаў Буслейка.

- Добры дзень, Клёнік, - цмокнула Клёна ў шчаку Вера Хрысцінюк.

Ад прыліву ўдзячнасці, нават любові да гэтых малазнаёмых людзей (Радаслава да планеты Вар ён наогул не ведаў) Клён ледзь не заплакаў. Але стрымаўся, як і належыць мужчыне. Спытаў:

- І калі мы паляцім назад на Зямлю? Плазмоіды ж абяцалі, што паспім, адпачнем і адразу паляцім. Значыць, адпраўляемся заўтра?

- Не спяшайся, жыхар не нашай планеты, - цвёрда, амаль сурова прагучала ў іх над галовамі. Яны ўбачылі вялізны зялёны шар, які паважна выплываў з купы іншых, значна меншых.

- Не трэба спяшацца, - лагаднеючы, казаў шар. - Ты правільна пачуў словы: «...паспіш, адпачнеш і паляціш на планету Зямля». Усё гэта так. Але на нашым Вары ноч доўжыцца каля сарака васьмі зямных гадзін. А наконт адпачынку... Што такое адпачынак? Можна адпачыць з паўгадзіны пасля палёту, або, як у вас, пасля пешаходнай прагулкі. Добра папрацаваўшы зімою (на нашай планеце таксама выпадае снег), можна адпачываць усё лета. А лета на планеце Вар умяшчаецца ў трыста песень свяшчэннай птушкі кранг. Кранг жа, да вашага ведама, зямляне, на адну сваю песню адводзіць адну ноч, і такім чынам...

- Дык вы хочаце сказаць, што мы можам прабыць у вас... вашымі гасцямі трыста дзён і трыста начэй? - пачырванеўшы ад гневу, рашуча перарвала маналог зялёнага плазмоіда Вера Хрысцінюк.

- Усё можа быць, жыхарка не нашай планеты, - шматзначна прамовіў таўстун і, на ўсялякі выпадак, узвіўся крыху вышэй.

- Што ж гэта такое? - пляснула рукамі Вера. - Запрашаюць на абсалютна невядомую планету, прыкідваюцца джэнтльменамі, гаспадарамі свайго чэснага слова, а завозяць людзей на задворкі Галактыкі, як у нейкую турму.

Пры слове «задворкі» плазмоіды абурана і ўзбуджана зашыпелі.

- Не трэба, панове, - іранічна ўсміхнулася Хрысцінюк. - У мяне на планеце Зямля ёсць цудоўны электрычны чайнік, і ён таксама, калі нагрэецца, шыпіць. Радаслаў Алесевіч, - павярнулася яна да Буслейкі, - вы, як мужчына, як прадстаўнік усіх мужчын Зямлі, павінны абараніць нашага юнага сябра Клёна Дубровіча і мяне, слабую жанчыну, ад гэтага нахабства, ад гэтага, можна сказаць, міжпланетнага шантажу. Праз тры дні я павінна быць у сваім інстытуце. Разумееце? Мы праводзім вельмі важны, можна сказаць найважнейшы навуковы эксперымент, і калі мяне не будзе...

Яна з імпэтам трагічнай актрысы заламала прыгожыя белыя рукі. Плазмоіды заціхлі і, адчувалася, з лёгкім страхам і надзвычайнай цікаўнасцю сачылі за ёй.

Радаслаў для саліднасці адкашляўся.

- Я мяркую, - суха сказаў ён, - я абсалютна ўпэўнены, што паважаная Старая Цывілізацыя, якая жадае заключыць вечны мір з людзьмі планеты Зямля, даставіць нас дадому, - ён у роздуме зморшчыў загарэлы лоб, - праз тры дні, роўна праз тры дні гасцявання на цудоўнай і непаўторнай планеце Вар.

- Які вы малайчына! Які дыпламат! - зачаравана пляснула ў ладкі Вера Хрысцінюк. - За адну-аднюсенькую секунду знайшлі мудрае кампраміснае рашэнне. Шэдаўральна!

Слова «шэдаўральна» для тых людзей, якія больш-менш ведалі рамантычную натуру Веры, азначала, што з гэтага моманту яна закахала'ся ў стрэсаператара Радаслава Буслейку. Яе нават называлі «жанчына-вулкан» за такую рысу характару.

- І ўсё ж я хачу як мага хутчэй быць на Зямлі, - упарта сказаў Клён. - Там мяне мама з бацькам чакаюць.

Радаслаў уважліва паглядзеў на яго.

- Гэта вельмі добра, што чакаюць. Але ж мы ў гасцях, і гаспадары будуць рашаць, у які дзень мы на развітанне памахаем ім ручкай.

- Я як чалавек, - горда вымавіў Клён, - як жыхар планеты Зямля, магу сам, - разумееце? - сам распараджацца сваім лёсам. Гэта маё неад'емнае права. Дзеля гэтага мае і вашы продкі дадумаліся да такой мудрай штукенцыі, як ВЭП.

- Чалавек? - Буслейка злёгку ўсміхнуўся. - Што ж, і ты - чалавек, і мы з Верай - чалавекі. Але паслухай, дарагі Клён, адну просценькую прытчу. Неяк спытаў філосаф Арыстоцель у філосафа Платона: «Што такое чалавек?» - «Гэта істота, - адазаў Платон, - якая прама стаіць на дзвюх нагах, не пакрыта ні шэрсцю, ні пухам і валодае зычным голасам». На тым яны і разышліся. А праз нейкі час Арыстоцель прынёс абскубанага жывога пеўня, кінуў пад ногі Платону і сказаў: «Бяры свайго чалавека, Платон». Вось так.

Вера Хрысцінюк весела засмяялася. Клён, наадварот, пазмрачнеў, сціснуў губы, пасля некаторай паўзы раздражнёна спытаў:

- Дык павашаму атрымліваецца, што я певень?

- Ты што? - паляпаў яго на плячы Радаслаў. - Ты, Клён, самы стопрацэнтны чалавек - чалавек з вялікай літары, як раней любілі пісаць белетрысты. Надышла ноч. На планеце Вар не бывае таго пераходнага часу сутак, які зямляне называюць вечарам. Неба адразу зрабілася густа-зялёным, быццам Інкліна са старадаўняй бутэлькі. Перасталі лётаць, селі ў свае гнёзды крангі. Узняўся парывісты, даволі халодны вецер. Ён тут дзьме толькі ўначы.

- Дзе ж начуюць плазмоіды? - задумліва сказаў Радаслаў Буслейка, бо наўкол, куды ні скіруй вока, не стаяла ніякіх будынкаў. Толькі купкі тулураў, дрэў, у якіх фасфарычна свяцілася кара, былі раскіданы ў безжыццёвай зялёнапясчанай пустыні.

Нібы адказваючы на пытанне стрэсаператара, пачулася звонкае шчоўканне - расчыніліся дзесяткі металічных люкаў. Ручайкамі пабег па закрыўках пясок.

- Значыць, яны жывуць у зямлі, у норах, - разгублена прамовіў Клён, спыніўшыся перад адным з такіх люкаў.

- Не спяшайся з абагульненнямі, малады чалавек, - паправіў яго Радаслаў. - У нашым разуменні нара - гэта тое месца, якое насяляюць звяры або змеі ці берагавыя птушкі. Але ў дадзеным выпадку мы маем справу з высокаразвітай цывілізацыяй, і я не думаю, каб плазмоіды называлі сваё жытло нарою. Пэўна ж, у іх маецца нейкі іншы назоў.

- Ну няхай гэта будзе палац, - іранічна сказаў Клён.

Ён не паспеў нічога дадаць, бо раптоўна моцны парыў ветру ўцягнуў, усмактаў іх усіх у люк. Там была абсалютная цемра.

- Дзе вы, Радаслаў? Дайце мне руку, - войкнула Вера.

Яны апынуліся ў эластычным, не надта шырокім і не надта вузкім, а якраз па чалавечай фігуры, рукаве, падобным на той, пры дапамозе якога ратуюцца ў час пажару людзі з ахопленых полымем высокіх паверхаў. Пад цяжарам уласных целаў усе заслізгалі ўніз. Гэтае нястрымнае падзенне доўжылася хвіліны тры-чатыры. Калі ўзняліся на ногі, то ўбачылі светлую шарападобную залу дыяметрам каля пятнаццаці метраў, падобную на жылы адсек касмічнага карабля. Не мелася ніякай мэблі - хоць бы крэсла, хоць бы канапка. Адно пад столлю віселі тры гамакі.

- А як жа я? - строга сказала Вера Хрысцінюк. - Па-першае, я не сплю па сорак восем гадзін, а па-другое, я - жанчына, а тут, як я разумею, нейкі мужчынскі інтэрнат.

Зялёны шар, што следам за імі з'явіўся ў зале, выскачыўшы з таго ж рукава, нерухома завіс над Верай. Пасля кароткай паўзы крайні ад левай сцяны гамак апусціўся ніжэй, пачулася мернае гудзенне, потым прыглушаны воплеск, і блакітнае прыгожае воблака шчыльна акружыла, зрабіла нябачным гамак. Запахла нейкімі вясновымі зямнымі кветкамі.

- Там тваё месца, жыхарка не нашай планеты, - пачціва прамовіў плазмоід.

Залезлі ў гамакі, і адразу ўсіх змарыў сон, хоць Клён Дубровіч пад чэснае слова пакляўся Радаславу і Веры, што не засне, а будзе сачыць за ўсім, што адбываецца ў «трубе». Трубою ён назваў іхні спальны пакой. Ды загучала ціхая музыка, сатканая з аднастайнага шуму дажджу, з шолаху лісця, са свісту ветру і спакойнага рокату начнога мора...

Калі зямляне моцна заснулі, над іхнімі тварамі нізка-нізка, ледзь не датыкаючыся да лба, застылі тры празрыстыя малочна-попельныя шары, «чытальнікі думак і настаўнікі адзіна магчымай мудрасці». Яны пільна ўзіраліся ў самыя патаемныя глыбіні чалавечага мозгу, які спаў, але не ўвесь. Нейкія яго цэнтры працягвалі сачыць за рухам крыві і дыханнем, за няспыннай працай сэрца і абменам рэчываў. На тварах у людзей прабягалі то светлыя ўсмешкі, падобныя на сонечныя зайчыкі, то змрочныя халодныя хмурынкі. Усё гэта старанна фіксавалася плазмоідамі, перадавалася на вялізны шарэкран, які знаходзіўся ў Аддзяленні Розума Народаў Усіх Сямі Колераў (АРНУСК) на планеце Вар. Там не спалі трыццаць плазмоідаў. З найвялікшай увагай яны сачылі за тым, што бясстрасна, не ўтойваючы ні драбніцы, паказваў экран. Сны людзей з Зямлі, мужчыны, жанчыны і падлетка, былі афарбаваны ў розныя колеры. У мужчынскім сне пераважалі чырвоныя і залатыя адценні, упэўненая яркасць і сакавітасць, трывалы спакой і сіла. На экране ішлі бясконцыя людскія натоўпы, нешта спявалі, крычалі; выціраючы са шчокаў загарэлым кулаком пот, пажылы зямлянін з цёплай сівізной у валасах касіў касой густую траву, з якой спалохана выляталі маленькія птушачкі; нехта сінявокі і шыракаплечы паіў, стоячы па калена ў рачной вадзе, каня. Дамінантай сноў-мрояў мужчыны па імені Радаслаў былі словы: «Нельга абяссэнсваць («пазбаўляць сэнсу», - удакладніў экран) жыццё продкаў». Духоўнае напаўненне жанчыны бачылася жаўтлявым, фіялетавым, зялёным. Нейкія хвалі і дробныя кветкі; восеньскае размяклае лісце, што наліпла на халоднае марозлівае шкло вокнаў; рыжаватыя пушыстыя вавёркі, якія спрытна слізгаюць па верхавінах дрэў. Дамінантаю ўсяго гэтага выступілі на экране словы: «Я такая кволая». Падлетак паўстаў перад плазмоідамі нябесна-блакітным і свінцова-шэрым. Як Акіян, што плешчацца дзесьці на няўтульнай планеце (іншая справа - Вар!) Зямля. У ягоным сне грымела, неўтаймоўна бушавала агністая музыка, танцавалі даўганогія, надта худыя дзяўчаткі, каратыст рэзкімі ўдарамі ног і рук валіў на зямлю чырванатварага здаравілу. У ягоным сне ўладарнічалі рух, шалёны рытм. Дамінантаю ж пульсавала думка-стрыжань: «Бацька, я не падвяду цябе».

Патух шар-экран, трыццаць плазмоідаў расплыліся ў розныя бакі, каб самаадключыцца на цэлых сорак восем гадзін, а чытальнікі думак і настаўнікі адзіна магчымай мудрасці пачалі ўкараняць у мозг спячых зямлян інфармацыю аб планеце Вар. Зямляне бачылі бязмежную касмічную прастору, мірыяды зорак і астэроідаў, туманнасці, чорныя дзіркі, яркія хвасты камет, абломкі касмічных караблёў, міжзоркавыя навуковыя станцыі. Космас быў, як добра звараны апетытны булён, срэбная лыжка Месяца блішчала ў ім. Космас вабіў да сябе галінастым белым дрэвам Млечнага Шляху. Потым перад вачамі ў сонных зямлян забушавалі, распачалі сваю адвечную страляніну сонечныя пратуберанцы. Яны ўзвіваліся, як вогненныя ліяны, як шчупальцы жудасных залатавокіх і медназубых драконаў. Усё палала, хадзіла клубком, плавілася, лілося... З гэтай неймавернай мартэнаўскай печы з аглушальным грукатам выстрэльваліся цэлыя акіяны плазмы. Чорнае бязмежжа глытала іх, але яны ляцелі зноў і зноў, як фантастычныя феерверкі, як слёзы багоў. Гэта было і самазабойства і самаўзнаўленне. Прырода шукала ісціну. Плазма была той нябеснай спермай, што ўпарта і мэтанакіравана расцякалася, разбягалася па ўсім Сусвеце, каб напаткаць тое, у судакрананні з чым успыхне іскра жыцця. І вось пакаціліся па сухой пясчанай раўніне бліскучыя зіхоткія шары. Іх - сотні, тысячы, дзесяткі тысяч...

Пры такім відовішчы падлетак, пэўна спалохаўшыся, рэзка махнуў правай рукой і ледзь не ўдарыў плазмоіда, што вісеў над ягоным тварам. Плазмоід пудліва сігануў пад самую столь.

А праз сорак восем гадзін сну (яны праляцелі, як шэсць - восем зямных) Радаслава, Веру і Клёна запрасілі на сняданак.

- Цікава, што ядуць і як ядуць на гэтай планеце? - прамовіў Клён і борзда пакіраваўся ўслед за зялёным плазмоідам, бо страўнік ягоны, як ён сам прызнаўся, ужо даўно «іграў марш».

Але нічога звышарыгінальнага не прапанавалі. На нізкіх каменных століках ляжала ў гліняных сподках нейкая салата і ярка-сінія кіславатыя плады.

- А я думаў, што нас падключаць да разетак і будзем мы харчавацца электрычнасцю, - змрачнавата пажартаваў Клён, бо тутэйшая кулінарыя глыбока яго расчаравала.

- Як гэта падключаць? - не зразумела Вера.

- Ноздрамі, - адрэзаў Клён. Маючы вельмі няпросты характар, ён зноў пачаў злаваць на Веру Хрысцінюк, успомніўшы яе салодкія ўсмешачкі і буркатлівы галасок, калі яна размаўляла з ягоным бацькам.

- Малады чалавек, хіба так сапраўдныя джэнтльмены размаўляюць з дамай? І не забывайся, што мы твае хросныя маці і бацька, - паспрабаваў перавесці ўсё на жарт Радаслаў, ды не надта атрымалася.

Так супала, што на планеце Вар адзначаўся Дзень Забітага Брата. З самай раніцы сотні тысяч плазмоідаў павольна і ўрачыста ляцелі ў бок Ракі Адноўленых Твараў, прычым ляцелі прадстаўнікі ўсіх сямі кланаў. Старая Цывілізацыя арганізавала шматфарбнае грандыёзнае прадстаўленне, на якое, вядома ж, былі запрошаны і зямляне.



Дзеля чаго задумвалася некалі гэта свяшчэннадзейства? Цяжка знайсці вычарпальны адказ. Адно відавочна - плазмоіды, доўгі час жывучы на адной планеце з людзьмі, значна раней людзей навучыліся вельмі высока цаніць канкрэтнае жыццё кожнага канкрэтнага індывідуума. У той час, калі першабытныя людзі трымаліся толькі статкам, разумелі сябе ў суровым жорсткім свеце маленькай нікчэмнай часцінкай усясільнага статка, плазмоіды (кожны ў паасобку) вычленілі сябе, сваю непаўторнасць з шэрай аднароднай масы. І як адразу ж змянілася, як павесялела жыццё! З'явілася сем кланаў і адпаведна сем колераў. Вельмі востра пачала адчувацца трагічнасць знікнення, самараспаду. Асабліва гэта тычылася тых, што паміралі не сваёй натуральнай смерцю, а былі знішчаны ў час бясконцых войнаў, калі чорнае неба распорвалі незлічоныя электрычныя разрады, калі з грамападобным грукатам узрываліся жэралы вулканаў і неслася па схілах кіпучая лава, ператвараючы металы і камяні ў ваду. Плазмоід забіваў плазмоіда. Панаваў культ вайны, бясспрэчнай была думка, за якую праз стагоддзі ўхапіліся японскія самураі: «Як бы дорага ні каштаваў меч, ён заўсёды акупіць сябе». І вось адбыўся пералом, зрух, прарыў. Старая Цывілізацыя зразумела, што, у рэшце рэшт, яна можа знішчыць самую сябе. Адразу расцвіў культ Авеля, нявінна забітага брата. Плазмоіды, як прыроджаныя капіісты, поўнасцю запазычылі яго ў людзей, у чалавецтва. Вось чаму на 223 годзе Вялікай Эры Плюралізму зямляне Радаслаў Буслейка, Вера Хрысцінюк і Клён Дубровіч, стоячы на металічным беразе Ракі Адноўленых Твараў, што цячэ па таямнічай планеце Вар, з вялікай цікавасцю сачылі за тым, як святкуецца Дзень Забітага Брата. Каласальная фігура Авеля, уся ў белым, узвышалася на паўночным беразе ракі. Плазмоіды і зямляне знаходзіліся на паўднёвым беразе. Па абодва бакі вакол Авеля маўкліва стаялі сотні, калі не тысячы, такіх жа белых, маўклівых, але значна меншых постацей. Зямляне адразу адзначылі, што Старая Цывілізацыя выкарыстоўвае ў гэтай сваёй містэрыі толькі чалавечыя фігуры, пазбягаючы, невядома з якой мэтай, шарападрбных формаў. Тут, канечне ж, была не сляпая выпадковасць, а заканамернасць. Радаславу падумалася, што плазмоіды, значна старэйшыя за чалавецтва, інстынктыўна цягнуцца да людзей, як дарослы цягнецца, горнецца да малога дзіцяці, бо бачыць у ім натуральную прыгажосць і непасрэднасць, бачыць будучыню і свежы розум, якому яшчэ мудрэць і мудрэць. Вера Хрысцінюк, як і кожная зямная жанчына, заўсёды баялася папаўнець, «страціць талію», і таму лічыла шар не звышідэальнай формай існавання плазмы (а гэта менавіта так), а проста сімвалам пульхнасці. Клён жа Дубровіч яшчэ толькі ўваходзіў у спартыўны ўзрост, і круглыя плазмоіды і плазмоідзікі міжволі асацыіраваліся ў яго з футбольнымі і баскетбольнымі мячыкамі. Вось які раскід думак меўся ў зямлян, калі яны назіралі, як святкуецца на планеце Вар Дзень Забітага Брата. Аказалася, што ў яго ёсць яшчэ адна назва - Дзень Ажыўлення, і менавіта дзеля ажыўлення сваіх родных па клане і сабраліся тут усе плазмоіды. Вярнуць існаванне, жыццё можна толькі тому, хто памёр не сваёй, а гвалтоўнай смерцю. Той жа, каго забрала старэчая нямогласць, ужо не мог аднавіцца на планеце Вар, бо страціў інтарэс да жыцця, а навошта жыць, калі гэта табе нецікава? Як і на Зямлі, адразу ж знайшоўся гід. Заўважана, і заўважана даўно, што ўсе больш-менш разумныя істоты надта любяць быць гідамі, любяць павучаць, расказваць, паказваць і г.д. Такім гідам стаў Талеркій Сіні Восемдзесят Трэці. Адрэкамендаваўшыся Радаславу, Веры і Клёну, гэты сімпатычны сіні плазмоід натхнёна прачытаў кароткую лекцыю аб усіх насельніках цудоўнай планеты Вар. Аказваецца, саманазва плазмоідаў, якія пастаянна жывуць на планеце, талеркіі. Яны істотна адрозніваюцца ад плазмоідаў з Зямлі, з'яўляючыся асобнай расай. Кожны мае лятучую талерку. Жывуць у вулкане, там і падзараджаюцца. Калі пражыве талеркій роўна тысячу гадоў, то пераплаўляецца ў новага, прымаючы чарговы парадкавы нумар. Напрыклад, пераплавіўшыся, Талеркій 102, робіцца Талеркіем 103, і гэтак бясконца. Ростам яны не вышэй за паўтара метра. Хто атрымаецца хаця б на сантыметр вышэйшым, таго адразу ж пераплаўляюць. Кланы ў талеркіяў, як і ў астатніх плазмоідаў, вядуцца па сямі колерах сонечнага спектра. Рэгулярна даволі шматлікія эскадрыллі талеркіяў лётаюць з Талеркіяны (так яны між сабой называюць планету Вар) на Зямлю. Таемна (толькі ноччу, калі людзі спяць) назіраюць за людзьмі. Ён, Талеркій Сіні 83, назіраў ажно чатыры разы. Знаходзячыся на Зямлі, начуюць на правадах электраліній высокага напружання. Не пераносяць дзённага зямнога святла. Калі ў Эўропе разгараецца дзень, пералятаюць у Амерыку, і наадварот. Вельмі, можна сказаць, надзвычай любяць наведваць цыркі і крытыя стадыёны. Там, маскіруючыся, лепяцца да столі, прымаючы форму плафонаў электрасвяцільнікаў. Любяць глядзець бой быкоў, карыду і пеўневыя баі.

Вось якая інфармацыя, быццам снежная лавіна, абрушылася на зямлян.

- Дзівосы, - аж прышчоўкнуў языком Клён і не ўстрымаўшыся трошкі з'едліва спытаў: - Вы, паважаны Талеркій Сіні 83, бачылі людзей ажно чатыры разы, і кожны раз толькі ноччу. Зараз вы ўбачылі зямлян у пяты раз і ўдзень. Якія вашы ўражанні?

- Цудоўна, - увесь засвяціўся плазмоід. - Цудоўна. Асабліва прыемна бачыць вось такога прадстаўніка планеты Зямля.

Ён злёгку пакруціўся над Верай Хрысцінюк.

- Прадстаўніцу, - паправіла Вера, але голас быў лагодны, цёплы. Зямныя дочкі прамацеры Евы любяць самарэкламу, ды ніколі яшчэ не крыўдзіліся на рэкламу, вядома ж, рэкламу сваіх надзвычайных жаночых чараў.

Тым часам з Ракі Адноўленых Твараў адзін за другім бадзёра ўзвіваліся плазмоіды, да якіх вярнулася жыццё. Гэта было вельмі прыгожае відовішча. Здавалася, рознакаляровы букет распукаецца ў зялёным небе.

- Умеюць жыць. Умеюць радавацца жыццю, - задумліва ўздыхнула Вера.

- Вы аб чым, Верачка? - нахіліўся да яе Радаслаў Буслейка.

Але яна не адказала, толькі зірнула на стрэсаператара прасветленым загадкавым позіркам. І гэта яе маўчанне і стоены бляск прыгожых вачэй так не пасаваліся з тым, што акружала зараз іх. Радаславу чамусьці ўспомніўся мокры бліскучы ад дажджу вясенні лес, бярозы, маладыя, мілыя, светласкурыя, у цёмных вяснушках. Адна бяроза, што стаіць на сонечнай утульнай палянцы, падсочана. Буйнымі кроплямі зрываецца ў гліняны гладыш бярозавік: кап... кап... Хочацца стаць на калені, абхапіць рукамі тонкі халодны ствол і пацалаваць бярозу.

Адзін толькі Клён Дубровіч, як і належыць юнаму і гордаму грамадзяніну планеты Зямля, заставаўся рэалістам. Ён пільна глядзеў на плазмоід і ўсё стараўся ўбачыць у яго рот ці нейкую іншую адтуліну, адкуль вылятаюць словы і гукі. Але плазмоід быў падобны на абсалютна гладкі більярдны шар - як кажуць, ні сучка ні трэшчынкі. Словы ішлі знутры, з самай патаемнай глыбіні і гучалі выразна, чыста. Яшчэ адным дзівам было тое, што плазмоід, як, дарэчы, і ўсе яго супляменнікі, з'яўляўся паліглотам - мог гаварыць на ангельскай, на беларускай, на шведскай, на якой хочаш мове. Як да яго звярталіся, на такой мове ён і адказваў. «Мне б такія здольнасці, - шчыра пазайздросціў Клён.

- Шкада, што мы, зямляне, яшчэ не ўмеем рабіць такое, - усклікнуў Радаслаў Буслейка, убачыўшы, як чарговы плазмоід ажыў і шчасліва ўзляцеў у зялёнае варскае неба.

- Вось заключым вечны мір з жыхарамі планеты Зямля і навучым вас, - паважна прамовіў Талеркій Сіні 83.

Клён хмыкнуў.

- Цябе ж мы ажывілі, - сказаў яму плазмоід. Клёну не было, як кажуць, чым крыць і ўсёткі ён задзірыста выпаліў:

- Што я? Я - жывучы. А паспрабавалі б вы чалавека падняць, які сто ці трыста гадоў назад жыў. Дудкі!

- Ты памыляешся, - спакойна выслухаўшы яго, загаварыў Талеркій Сіні 83. - Прабач мне, жыхар не нашай планеты, але каэфіцыент інтэлектуальнасці Старой Цывілізацыі, як вы нас называеце, значна вышэй, чым у вашай, бялковай. Я не хацеў гаварыць, але гэта так. Прабачце і вы, жыхары не нашай планеты, - звярнуўся ён да Веры і Радаслава.

- Не нашай планеты... Не нашай планеты, - раззлаваўшыся, перадражніў Клён. - Заладзіў, як паламаны відзік. Сусвет - адзін. Матэрыя - адна. У нас гэта кожны пяцігадовы карапузік ведае. А значыць, і Вар, і Зямля, і Сонца - нашы.

Клён шырока махнуў рукой.

І раптам Талеркій Сіні 83 знік, як у ваду ўпаў.

- Пакрыўдзіўся, - сказала Вера. - Асцярожней трэба, Клёнік, далікатней... Усё ж - чужая планета.

Клён не паспеў адказаць, бо сіні плазмоід зноў з'явіўся перад імі і не адзін, а з жоўтым, болыпым, чым ён, плазмоідам.

- Талеркій Жоўты 106, - пачціва назваў сябе новапрыбыўшы. - Дваццаць сем разоў назіраў на Зямлі за соннымі людзьмі. Асабліва прыгожа спяць маленькія дзеці. У іхніх роціках тырчыць нешта, падобнае на свісток, але чамусьці не свішча.

Клён з Радаславам весела перазірнуліся.

- Мне паведаміў мой вельмішаноўны малодшы сабрат з вельмішаноўнага клана Сініх Талеркіяў, што вы, жыхары не нашай планеты, сумняваецеся ў нашых здольнасцях, - працягваў жоўты плазмоід. - Дарэмна. Мы можам вярнуць да жыцця чалавека, які памёр нават чатырыста гадоў назад. Але памёр не ад старасці, а ад свінца, бронзы, сталі, жалеза, сінільнай кіслаты...

- Памёр гвалтоўнай, не сваёй смерцю, - падказаў Радаслаў Буслейка.

- Так. Такой смерцю. Але толькі не ад агню - тут мы яшчэ пакуль бяссільныя. Для таго каб чалавек ажыў, патрэбна яго фатаграфія, голас, запісаны на магнітную плёнку, ён, яго фігура ў кінакадрах, група крыві, адбіткі пальцаў і, - Талеркій Жоўты 106 зрабіў шматзначную паўзу, - ягоны розум.

- Розум? - перапытаў Клён.

- Так. Розум. Кнігі і карціны, якія ён напісаў. Сімфоніі, навуковыя адкрыцці, выдатныя інжынерныя дасягненні...

- А як жа я? - паныла сказаў Клён. - Я ж некалі зноў памру, назаўсёды, а ў мяне - ні адкрыццяў, ні сімфоній, ні кніжак, нічога няма.

- Усё яшчэ ў цябе наперадзе, Клёнік, - весела засмяялася Вера.

Ды Клён Дубровіч пачуваў сябе вельмі няўтульна.

- Што ты зрабіў, жыхар не нашай планеты, за сваё жыццё? - узнёсла, трохі напышліва спытаў у яго жоўты плазмоід.

- Нічога, - перасмыкнуў плячамі Клён. - Здаецца, нічога. У ліцэі на ўроках працы табурэткі рабіў.

- Табурэткі? Што гэта? Ага, здагадваюся. Гэта такія прамавугольныя збудаванні на чатырох слупках. Правільна? Нам, плазмоідам, добра - мы абыходзімся без такіх збудаванняў, я хачу сказаць, без табурэтак. Але не адчайвайся, жыхар не нашай планеты, бо для майстравання табурэтак таксама патрэбен розум, і немалы.

Клён, відно па ўсяму, быў задаволены вердыктам, які вынес ягоным разумовым дасягненням плазмоід. А гаваркі Талеркій Жоўты 106, адцясніўшы свайго сіняга сабрата, расцякаўся шматслоўем.

- Розум Народа Ўсіх Сямі Колераў вырашыў, як вы ведаеце, заключыць з бялковай цывілізацыяй, з чалавецтвам вечны мір. Мы зразумелі, што пераможцаў у тысячагадовай барацьбе не будзе, што вышэй жыцця, у якіх бы формах яно ні існавала, нічога няма. Вышэй - смерць. І наша, і, прабачце, ваша. А барацьба вялася жорсткая. Асмелюся спытаць вас, жыхар не нашай лланеты, - звярнуўся ён да Радаслава, - што вы можаце сказаць пра пасажырскае судна «Тытанік»?

Пра «Тытанік»? - Буслейка наморшчыў лоб. - Буйнейшы карабель пачатку дваццатага стагоддзя. Пабудаваны ў Вялікабрытаніі. Вадазмяшчэннем, калі не памыляюся, каля сарака сямі тысяч тон. Даўжынёй дзвесце шэсцьдзесят дзевяць метраў. Ужо тады плавалі ў морах такія мастадонты. У красавіку 1912 года сутыкнуўся з гіганцкім айсбергам і пайшоў на дно. Загінула каля паўтары тысячы пасажыраў. Вось і ўсё, што я помню.

- Памяць у вас выдатная, - пахваліў плазмоід. - Толькі наконт айсберга ў вас недакладная, а калі гаварыць шчыра, зусім няправільная інфармацыя.

- Чаму? - здзівіўся Радаслаў. - Увесь свет гэта ведае. Прэса пісала. Засталіся жывыя відавочцы.

- Таму, што айсберга не было, а была падводная таранная машына, якую вынайшлі і зрабілі ў глыбокай тайне ад Старой Цывілізацыі фіялетавы і чырвоны кланы.

- Але ж айсберг быў. Цэлая ледзяная гара!

- Гэта быў муляж. Унутры так званага айсберга была ўманціравана наймагутнейшая таранная машына са стальным біўнем даўжынёй у сто метраў. Воданепранікальныя перагародкі «Тытаніка» ён прабіў, як іголка прабівае мяккую тканіну.

- Не веру, - матнуў галавой Клён. - Я глядзеў кінафільм «Гібель «Тытаніка».

- І я не веру, - падтрымала яго Вера Хрысцінюк. - І не бачу ніякага сэнсу ў гэтай бандыцкай, інакш не скажаш, акцыі.

- Старая Цывілізацыя сурова асудзіла напад фіялетавага і чырвонага кланаў на «Тытанік», - павольна, з адчуваннем уласнай годнасці загаварыў Талеркій Жоўты 106. - З таго часу, можна сказаць, і пайшла глыбокая трэшчына ў жывым целе народа плазмоідаў. Фіялетавы і чырвоны кланы аддзяліліся ад нас і працягваюць па сённяшні дзень атакаваць чалавецтва. А калі гаварыць пра сэнс таго, што адбылося ў туманах і хвалях халоднай Атлантыкі, дык гэта было папярэджанне чалавецтву і помста.

- За што? - спытаў Буслейка.

- За тэхнічны прагрэс, за пахвальбу і непамерныя амбіцыі.

- Калі помсціць кожнаму, хто не так, як паложана, паглядзіць на веласіпед і задумае прыкруціць да яго нейкую новую гайку, дык мы апынемся ў каменным веку.

- Згодзен з вамі, жыхар не нашай планеты. Старая Цывілізацыя, добра зразумеўшы тую небяспеку, якую прынясе ўсім нам бясконцая і, самае галоўнае, бяссэнсавая канфрантацыя, рэзка асудзіла фіялетавы і чырвоны кланы. Зараз мы ваюем не з вамі, а з гэтымі двума кланамі - адшчапенцамі. Вы ўчора бачылі, як мы ваюем.

- Гэта было жахліва, - сказала Вера Хрысцінюк.

- Учора адшчапенцы пацярпелі паражэнне, адступілі, - не звярнуўшы ўвагі на яе словы, працягваў Талеркій Жоўты 106. - Але ў іх яшчэ шмат сілы. Яны трымаюць пад сваім кантролем адну трэць планеты Вар, у тым ліку вулкан Нябесны Зуб, дзе робяць і трэніруюць полчышчы Жалезных Людзей.

- Робатаў? - спытаў Клён.

- Так. Жалезныя Людзі, змайстраваныя імі, заліваюць бетонам паверхню ўсёй планеты, не пакідаючы нічога жывога. Вы спытаеце: навошта? Можна даць некалькі адказаў. Першы і, відаць, галоўны - яны хочуць, выцесніўшы з Вара астатнія пяць кланаў, пабудаваць помнік самім сабе. Вам, людзям, цяжка зразумець такое. Вы ўзводзілі і зараз яшчэ ўзводзіце помнікі некаторым дзеячам, якіх лічыце вартымі пасмяротнай увагі і славы. Вы значна сціплейшыя, чым яны, бо фіялетавы і чырвоны кланы прагнуць калектыўнага самаўслаўлення. Планета Вар, гладка залітая бетонам, будзе павялічанай копіяй плазмоіда, што вечна плавае ў касмічнай прасторы, прычым адна палова яе будзе пафарбавана ў фіялетавы колер, другая - у чырвоны. Два гэтыя кланы - і ўсё. І ні жоўтага, ні зялёнага, ніякага...

Падалося, што Талеркій Жоўты 106 усхліпнуў.

- Няўжо гэта так важна? - асцярожна пацікавіўся Радаслаў. - Няўжо з-за таго, у які колер афарбавана планета, можна распачынаць жорсткую вайну?

- Якія вы дзіўныя і незразумелыя, прадстаўнікі бялковай цывілізацыі, - уздыхнуў плазмоід. - Пэўна, вы дальтонікі. Ды колер гэта - усё. Разумееце? Усё. Як можна існаваць мне і майму зялёнаму клану, калі планета Вар будзе толькі фіялетавай і толькі чырвонай? Дзеля чаго мы будзем існаваць?

Радаслаў здагадаўся, што няўдалым пытаннем моцна пакрыўдзіў плазмоіда. Каб неяк загладзіць віну, спытаў:

- А яшчэ што за прычына, з-за якой Вар пакрываюць бетонам?

- Па некаторых звестках, чырвоны і фіялетавы кланы хочуць перад сваёй самаліквідацыяй (а яна некалі абавязкова адбудзецца) выстраліць па планеце Зямля з Нябеснай Гарматы. Вар будзе і гарматай і ядром.

- Хіба такое магчыма?

- У Розума Народа Ўсіх Сямі Колераў маецца інфармацыя, што па Зямлі ўжо раз стралялі з космасу. Гэта адбылося шэсцьдзесят пяць мільёнаў гадоў назад. На тэрыторыі мексіканскага паўвострава Юкатан вашы вучоныя знайшлі ў дзікіх джунглях кратэр з варонкай дыяметрам сто семдзесят сем кіламетраў. Яны, вашы зямныя вучоныя, са сваёй заўсёднай самаўпэўненасцю аб'явілі, што гэта след ад сутыкнення Зямлі з гіганцкім астэроідам, у выніку якога вымерлі ўсе дыназаўры. Дыназаўры вымерлі, гэта праўда, як і тое, што вымерла семдзесят пяць працэнтаў усіх жывых істот на планеце. Але варонка на Юкатане зусім не ад астэроіда, а ад ядра Нябеснай Гарматы. Адным словам, гэта была не касмічная выпадковасць, а прыцэльны стрэл з глыбіняў космасу.

Клён вельмі ўважліва слухаў словы плазмоіда, хваляваўся.

- Вы хочаце сказаць, што Зямлю хацелі знішчыць? - нарэшце спытаў ён.

- Так, знішчыць.

- Але навошта? Каму яна перашкаджала?

- Не ведаю, - адказаў Плазмоід Жоўты 106. - Мы, плазмоіды (гэта я гавару з усёй адказнасцю), не маглі страляць, бо самі знаходзіліся ў той час на Зямлі. Вар мы асвоілі значна пазней. Існуюць, жыхар не нашай планеты, Законы Касмічнай Канкурэнцыі. Кіруючыся гэтымі законамі, нейкая цывілізацыя з нейкай планеты і стрэліла па Зямлі.

Невядома, колькі б яшчэ доўжылася гэта размова-дыскусія, калі б не надзвычайнае здарэнне, якое парушыла плаўнае, выверанае стагоддзямі цячэнне свята. Зусім нечакана для ўсіх з тулуравага не дужа густога лесу з'явіўся магутны рухавы дзік, спакойна і ўпэўнена падышоў да Ракі Адноўленых Твараў, прыпыніўся на самым беразе. Адразу ж мноства плазмоідаў закружылася над ім.

- Хіба на планеце Вар жывуць дзікі? - здзіўлена спытаў Клён у Талеркія Жоўтага.

- Як бачыш, жывуць, - адказаў той. - Наколькі мне вядома, у Вялікім Балоце быў яшчэ зусім нядаўна зафіксаваны іхні статак. Водзяцца ў нас і іншыя зямныя жывёлы - коні, каровы. Іх прывезлі на планету Вар з Зямлі нашы прашчуры. Але такія дзікі ў нас ніколі не вадзіліся.

- Якія - такія?

- Смелыя, самаўпэўненыя, я б сказаў, нахабныя. Дзік - асцярожны жыхар чаратоў і дрыгвы і яшчэ ніколі, прынамсі, да сённяшняга дня, ніводнага лыча не было відно над свяшчэннай Ракой Адноўленых Твараў. Хаця, чакайце... Што такое?

Жоўты плазмоід пабялеў, пэўна, ад нейкай абсалютна невераемнай весткі, і стрымгалоў ірвануўся туды, дзе стаяў дзік. Вярнуўшыся, ён ад вялікага ўзрушэння колькі хвілін не мог гаварыць, а потым выдыхнуў:

- Фантастычна! Гэта, аказваецца, не проста дзік з Вялікага Балота. Гэта - Аюс Першы, кароль жывёл планеты Вар. Фантастычна!

Сіні плазмоід таксама злётаў да дзіка і, вярнуўшыся, таксама ўвесь трымцеў ад сенсацыйнай навіны.

- Разумееце, кароль Аюс патрабуе (патрабуе!), каб з гэтага часу ён і ягоныя сабрацці (гэта значыць усе жывёлы планеты Вар!) мелі права ўдзельнічаць у святкаванні Дня Забітага Брата, мелі права ажыўляць сваіх продкаў. Калі хто чуў пра такое?

Зямляне пра такое чулі ўпершыню. Ужо даўно на Зямлі дзякуючы пастаяннай актыўнасці «зялёных», якіх падтрымлівала большая частка грамадства, былі вельмі сурова абмежаваны правілы палявання, на ўліку былі кожнае зайчанё, кожная птушка. Чалавек, хоць і са спазненнем, пачаў рупна аберагаць некранутую дзікую прыроду, ад якой засталіся маленькія крошкі. Чалавек пры любой магчымасці стараўся саступіць дарогу ваўку, вожыку, мурашцы. Праўда, не ўсе пагаджаліся з такім становішчам спраў, як і не ўсе былі вегетарыянцамі. Гром Стралковіч у тэлеінтэрв'ю, якое нарабіла шмат шуму, рашуча заявіў: «Я - паляўнічы, і я забіваю звера. Я, прабачце, ем мяса мной забітага звера. Ну й што? Я аказваю зверу паслугу, бо ён робіцца часткай майго чалавечага цела, пачынае, так сказаць, працаваць на мой чалавечы мозг». Пасля гэтага інтэрв'ю кіраўнік «зялёных» Індаэўрапейскай Канфедэрацыі Хаім Коган назваў Грома «садыстам нумар адзін» і выклікаў яго на дуэль, якая па нейкіх прычынах не адбылася.

- Трэба і нам зірнуць на караля жывёл, нанесці яму візіт ветлівасці, - сказаў, быццам жартам, Радаслаў Буслейка, але ў голасе чулася разгубленасць.

- Калі тут, на планеце Вар, такія разумныя жывёлы, то мне тым болыы трэба як мага хутчэй вяртацца на Зямлю, - пачухаў патыліцу Клён.

Вера Хрысцінюк засмяялася, і яны пайшлі да Аюса Першага.

Незвычайны дзік стаяў на металічным беразе Ракі Адноўленых Твараў. Плазмоіды хмарамі кружыліся каля яго. У іхных паводзінах, рухах не было агрэсіўнасці або злосці - адна цікаўнасць.

Аюс адразу ўбачыў людзей, здзівіўся, бо сустракаў зямлян, вядома ж, упершыню. Шэрыя вострыя вочы глядзелі насцярожана, але без кроплі страху. «Я - Аюс Першы, кароль жывёл планеты Вар, - сказалі вочы. - Хто вы?»

- Мы прыляцелі з планеты Зямля, - спыніўся насупраць дзіка Радаслаў Буслейка. - Твае продкі, кароль Аюс, таксама прыляцелі некалі на Вар з нашай планеты.

«Я ведаю Іша гэта», - з годнасцю адказалі вочы.

- Ён размаўляе не голасам, а вачамі, - здзіўлена шапнуў Веры Клён Дубровіч. - Ён усё-ўсё разумее, што яму гавораць, а размаўляе вачамі.

«Хто ў вас галоўны? - казаў між тым Аюс. - Ты, светлавалосы і высакарослы? Слухай. Мы не хочам, каб наша балота, наш луг і наш зялёны пясок залівалі бетонам агідныя Жалезныя Людзі. Пасля бетону не застаецца ні гнёздаў, ні нораў, ні лежбішчаў. Нават нашых слядоў не застаецца. Скажы, светлавалосы і высакарослы, як нам жыць? Хіба на тваёй далёкай планеце не водзяцца болей звяры, птушкі і рыбы?»

- Водзяцца, - глухім голасам прамовіў Радаслаў Буслейка. Ён усё не мог прызвычаіцца да таго, што размаўляе, як з чалавекам, з дзіком.

«Мы не плазмоіды, - працягваў кароль жывёл планеты Вар. - У нашых жылах цячэ чырвоная кроў, падобная на вашу. Гэтая лясная кроў ніколі не скорыцца бетону. Дапамажы нам, светлавалосы і высакарослы. Дапамажы і ты, прыгожая жанчына. І ты, хутканогі і вастравокі юнак».

- Мы згодныя, але як? - разгублена ўсміхнулася Вера Хрысцінюк.

— Мы дапаможам! - усклікнуў Клён.

«Трэба захапіць Нябесны Зуб і зрабіць усё, каб з яго ніколі не выходзілі Жалезныя Людзі».

- Нябесным Зубам ты называеш патухлы вулкан? - спытаў Радаслаў Буслейка.

«Так».

Зялёнае неба ззяла над Ракой Адноўленых Твараў. Плазмоіды святкавалі, шумна і весела, Дзень Забітага Брата. Усё новыя і новыя шары, да якіх вярнулася жыццё, узвіваліся ўгору, упляталіся ў карагод, што вадзілі іхнія суродзічы. З тулуравага лесу даносіліся гартанныя галасы крангаў. Планета Вар імкліва і бясшумна плыла ў чорнай касмічнай бездані. Далёка-далёка адсюль, як дробненькае макавае зярнятка, блішчала Зямля. Трое зямлян, стоячы на зялёным пяску чужой планеты, шэптам, каб не падслухала чыё-небудзь вуха, кляліся дапамагчы каралю жывёл Аюсу Першаму.



 

1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   12


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка