Леанід Дайнека Чалавек з брыльянтавым сэрцам




старонка8/12
Дата канвертавання02.04.2017
Памер2.67 Mb.
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   12

КАЛІ ГРУКОЧУЦЬ ВУЛКАНЫ


 

X


 

На планеце Вар Радаславу, Веры і Клёну заставалася яшчэ прабыць трохі менш двух сутак. Калі памятаць, што суткі на Вары ўкладваюцца ў сорак восем гадзін, дык у іхнім распараджэнні быў ладны кавалак часу. У першую чаргу трэба было неяк пазбавіцца ад пастаяннай апекі плазмоідаў. Плазмоіды (маюцца на ўвазе пяць мірных кланаў) паказвалі сябе гасціннымі, клапатлівымі гаспадарамі. Толькі гасціннасць гасціннасцю, але калі проста ў цябе перад носам цэлы дзень, ні на хвіліну не аддаляючыся, круцяцца рознакаляровыя шары, хочацца плюнуць і ўваткнуць галаву ў падушку або ў мяккую зялёную траву. Ды не было падушак, а замест зялёнай травы рыпеў пад нагамі зялёны буйназярністы пясок.

- Мы хочам паспавядацца свайму Богу, - сказаў Радаслаў гіду, Талеркію Сіняму 83. - На Вары няма нашых храмаў, і таму мы пойдзем, пойдзем толькі трое, бо пры споведзі нельга прысутнічаць чужым вачам і вушам, на высокае чыстае месца, дзе і пагутарым са сваім Богам. Там нас можа пачуць адзін вецер, але ён вольны, нікому не служыць, нікому нічога не расказвае.

- Што такое Бог? - спытаў плазмоід.

- Гэта тое, чаму ты верыш, - адказала Вера Хрысцінюк.

Плазмоід памаўчаў, потым сказаў:

- Значыць, гэта - плазма, наша несмяротная плазма, наша прамаці ўсіх плазмоідаў. Зямляне пераглянуліся.

- Мы пойдзем, - сказаў Радаслаў, - і вернемся, калі Зялёная Зорка стане над тулуравым лесам.

Плазмоід быццам бы не пярэчыў - адпусціў. Але крокаў праз трыста Вера, азірнуўшыся, прамовіла шэптам:

- Здаецца, за намі ўвязаўся, як раней казалі, «хвост». Паглядзіце ўважлівей вунь на той узгорачак, што зарос сіняй травой. Бачыце? Там нібы сонечны зайчык бегае.

- Гэта плазмоід, а дакладней, маленькі плазмоідзік, - упэўнена сказаў Радаслаў Буслейка. - Ён або малалетак, або карлік. Што ж зрабіць, каб ён адчапіўся ад нас?

- Давайце ісці, як ішлі, - прапанаваў Клён. - І ўвесь час азірацца. Плазмоід зразумее, што мы яго заўважылі і...

- І што? - іранічна спытаў Радаслаў.

- Яму зробіцца сорамна і...

- І што?

- Што вы «штокаеце»? Ён пакінё нас у спакоі.

- Значыць, ты лічыш, што плазмоідам, як і нам, людзям, уласцівы такія пачуцці, такія эмоцыі, як сорам, страх, няўпэўненасць, адчуванне віны?

- А чаму б і не? Інтэлект у іх вельмі высокі. А дзе інтэлект, вялікі розум, там і адпаведная псіхіка. Высокаінтэлектуальны мозг не можа належаць падонку.

- Ты геній, Клёнік! - захоплена ўсклікнула Вера.

Радаслаў Буслейка паглядзеў на падлетка са здзіўленнем і павагай, падумаў: «У чалавецтва яшчэ не ўсё страчана, калі нараджаюцца такія акселераты».

Маленькі плазмоід, і праўда, памігцеў-памігцеў з травы, з-за ствалоў тулураў і знік, як яго не было. Затое кіламетры праз два на камяністым пустынным плато зямлян сустрэў Аюс Першы, а разам з ім былі конь, бык і смаляна-чорны певень, які горда сядзеў у быка на спіне.

«Мае сябры, - сказаў Аюс, - Конь Іг, бык Яр, певень Кук. Я навучыў іх разумець ісціну».

Кароль жывёл, як і ўсе каралі, не вызначаўся асаблівай сціпласцю.

«Іга я знайшоў у цырку, - працягваў Аюс. - На паўночным схіле Нябеснага Зуба ёсць арэна, якую зрабілі Жалезныя Людзі. Там Іг танцаваў на задніх нагах, а на шыі ў яго быў павязаны ружовы вялізны бант. Уявіце толькі: конь - і танцуе. Замест таго каб цягнуць плуг, вазіць фурманку, імчаць у атаку з адважным рыцарам на спіне. Бык Яр удзельнічаў у карыдзе. Яго калолі шпагамі, а ён кідаўся, як шалёны дурань, на чырвоную анучу. Я навучыў Яра ўдарыць рогам не ў гэту анучу, а ў жывот тарэадору. Чулі б вы, як заенчыў тарэадор!»

- Тарэадорам быў зямлянін? - спытаў Клён.

«Жалезны Чалавек. Але Яр, пасля таго як я яго навучыў, ударыў бы і чалавека. Усё жывое павінна быць роўным між сабой. Ці не так, людзі?»

Кароль жывёл планеты Вар Аюс Першы пільна глядзеў на Радаслава, Веру і Клёна, чакаў адказу.

- У прынцыпе я згодзен з табой, кароль Аюс, - прамовіў нарэшце Радаслаў Буслейка. - Але ўсё далёка не так проста, як ты мяркуеш. Калі б ты і твае падданыя ці сябры (не ведаю, як і назваць) умелі чытаць, я раіў бы вам пазнаёміцца з кніжкай Джорджа Оруэла, ангельца, «Жывёльны двор». Там кабан Напалеон падбухторыў свойскіх жывёл узняць паўстанне супроць свайго гаспадара-фермера.

«Яны перамаглі?» - радасна заззялі вочы ў Аюса.

— Перамаглі. Толькі перамога не прынесла ім радасці.

«Чаму?»

- Зноў жа - не так проста адказаць.



- Некалі я прачытаю табе, кароль Аюс, гэту кніжку, - горача ўсклікнуў Клён Дубровіч. - Прылячу на Вар з Зямлі і прачытаю.

«Дзякуй, хутканогі і вастравокі, - сказаў Аюс Першы. - А зараз, зямляне, я і мае сябры просім вас дапамагчы нам адолець Жалезных Людзей. Калі мы гэта не зробім, яны зальюць бетонам усю планету».

- З чаго ж мы пачнем? - у роздуме паглядзеў на конусападобную вяршыню Нябеснага Зуба Радаслаў.

Клён і Вера таксама задумаліся. Яны, вядома, вельмі хацелі зрабіць нешта добрае для дзіка, пеўня, каня і быка. Але як? Хіба можна голымі рукамі перамагчы Жалезных Людзей? З надзеяй пазіралі яны, падлетак і жанчына, на Радаслава Буслейку. Ды той, нахмурыўшыся, зацята маўчаў.

- Радаслаў Алесевіч, Радаслаўчык, у вас жа не мозг, а самы найноўшы камп'ютэр. Прашу вас - выдайце якую-небудзь ідэю, - какетліва, з абаяльнай усмешачкай папрасіла Вера Хрысцінюк, але ў голасе адчуваліся хваляванне і трывога. Спагадлівая мяккая душа, яна ўжо аж да слёз перажывала з-за тых страшэнных несправядлівасцей, якія змушаны цярпець ад Жалезных Людзей бедныя жывёлы планеты Вар. Можна толькі здагадвацца, як яна б сябе паводзіла, калі б раней за Аюса з падобнай просьбаю звярнуліся да зямлян Жалезныя Людзі. Няма сумнення, што яна кінулася б ратаваць няшчасных робатаў. Ва ўсім гэтым - сакрэт (магчыма, яго ніколі не разгадаюць) Веры Хрысцінюк, сакрэт і веліч таямніча-пяшчотнай жаночай душы. Уславім жа гэту душу, дзб б мы ні знаходзіліся: на далёкіх планетах, на змрочным акіянскім дне ці каля вечаровага цяпельца, што мірна гарыць, патрэсквае на лужку каля Лондана або Менска.

«Спачатку мы пойдзем у Вялікае Балота. Акрайчык яго яшчэ захаваўся», - сказаў Аюс Першы, і ўсе з ім пагадзіліся. Рушылі адразу ж - паперадзе бык Яр з пеўнем Кукам на спіне, за імі зямляне, у ар'ергардзе Іг і Аюс.

Наўкол ляжалі маўклівыя зялёныя пяскі. Вецер змятаў іх у невялікія дзюны. Дзе-нідзе з гэтых дзюнаў тырчалі саржавелыя вострыя абломкі нейкіх металічных канструкцый. Разы са тры паміж пяскоў трапляліся адчыненыя (у іх свістаў вецер) люкі. Зямляне ўжо ведалі, што гэта ўваходы ў падземнае жытло плазмоідаў. Значыць, па нейкіх прычынах жытло занядбана, пустуе і там начуюць толькі цені і незразумелыя чалавечаму вуху шолахі.

- Здаецца, тут была вайна, - сказаў Клён Дубровіч.

- Падобна, - згадзіўся Радаслаў і пацішэлым голасам дадаў: - Як пустэльна і як сумна...

Пад нагамі танюсенька, не па-зямному, рыпеў пясок. У ім вецер нарабіў баразёнак, прыгожых хвалістых грабеньчыкаў. Раптам крокаў за пяць ад сябе Клён заўважыў гняздо, у якім ляжала (ён імгненна злічыў) дванаццаць буйных яек - адзінаццаць асляпляльна белых з яркімі чырвонымі плямамі і адно зялёнае. Дзіўнае гняздо было зроблена не з травы, не з пер'я, галінак або моху, а з калючага жалезнага дроту.

- Гняздо, - разгублена прамовіў Клён і памкнуўся да яго. Чамусьці вельмі захацелася ўзяць, адчуць даланёю прыгожае і, пэўна ж, важкае і цёплае яйка.

«Назад!» - гнеўна закрычаў Аюс Першы і адштурхнуў Клёна лычом.

Вера з Радаславам здзіўлена глядзелі на тое, што адбываецца. Ішлі мірна-спакойна, і раптам гэты дзік, гэты кароль жывёл, як ён сам сябе называе, нечакана накінуўся на Клёна. Ну ўзяў бы той, пакратаў яйка - усё-ткі яшчэ малалетак.

- Напэўна, нас падманулі, Вера, - адчуваючы, як пачынае пульсаваць у скронях кроў, сказаў Радаслаў Буслейка. - Мы - зямляне, мы прывучаны верыць усяму жывому, але ж гэты гаваркі дзік і ягоныя маўклівыя малойчыкі не ўручалі нам ніякіх вярыцельных грамат. Адкуль мы ўзялі, што ён кароль? Кароль жывёл з планеты Вар! На Зямлі нас засмяюць. Па-мойму, гэта хаўруснікі чырвоных і фіялетавых плазмоідаў і вядуць яны нас у нейкую пастку.

У гэты час Аюс з лютым выразам вачэй загадаў усім:

«Хавайцеся вунь у той люк! Хутка!»

Жывёл як ветрам змяло. Клён з Вераю таксама кульнуліся ў чорную прорву адчыненага люка, які, на шчасце, быў непадалёку. Радаслаў жа замарудзіў, хацеў запярэчыць Аюсу, хоць слоўца поперак паставіць, але ўвагу ягоную прыцягнулі вялізныя птушкі, што імкліва і нізка несліся над зялёнымі ўзгорыстымі пяскамі, кіруючыся на яго і дзіка. У чарадзе іх было штук дзесяць - дванаццаць. «Крангі, - успомніў іхнюю назву Радаслаў. - Прыгожа пікіруюць, быццам ракетапланы-знішчальнікі».

«У люк!» - закрычаў Аюс.

І толькі тут Буслейка ўбачыў, як пярэдняя птушка, што была ўжо амаль над ягонай галавой, выпусціла з кіпцюрыстых лапаў бела-чырвонае яйка. З вышыні, прыкладна, дваццаці метраў яйка з глухім свістам падала ў пясок. «Дык гэта ж бамбардзіроўка!» - як апякло Радаслава. Ён ірвануўся да люка, але спатыкнуўся і ўпаў. Гэта выратавала яго, бо прабяжы ён крок-другі, і смертаноснае яйка пляснулася б яму проста ў цемя. Грымнуў выбух, узвіўся пясок. Нібы агнём, паласнула па правай шчацэ. Стрэсаператар кумільгом уваліўся ў люк, паспеўшы ўбачыць краем вока, як ліхаманкава ўсвідроўвае, закопвае сваю лычастую галаву ў пясок Аюс і як зялёнымі пухірамі ўстаюць наўкол яго фантанчыкі выбухаў. Крангі, пакідаючы на пяску чорныя вастракрылыя цені, калючай шарэнгаю мільганулі над іржавым люкам і зніклі, як расталі ў зялёным небе.

- Цьфу на вас! - пагразіў ім кулаком Клён. - І водзіцца ж гэткая нечысць.

«Няхай жывуць, - раптам сказаў Аюс Першы. - Хіба неба ад іх абваліцца?»

Кароль жывёл планеты Вар, адзін з усіх не схаваўшыся ад крангаў, глядзеў зверху ўніз праз шырокае жэрала люка на зямлян і на сваіх падданых, і кроў тонкімі палоскамі бегла з тых месцаў, дзе асколкі ўсё ж прабілі цвёрдую, як бубен, скуру.

- Але ж яны цябе паранілі, - здзівіўся Клён.

«У мяне шмат ран, як і ў кожнага сапраўднага караля, - горда прамовіў Аюс. - Я ўжо прывык. А крангі няхай жывуць, бо гэта часцінка нашай планеты, нашага Вара. У нас няма, як на вашай Зямлі, пчол або чмялёў, але ёсць крангі. Хіба гэта дрэнна?»

Клён нічога не мог запярэчыць.

«Кука, пеўня, я адвучыў удзельнічаць у пеўневых баях, якія так любяць Жалезныя Людзі, - казаў далей Аюс, калі ўсе ўжо вылезлі з люка. - Пеўню зламалі крыло і ледзь не выдзеўблі вочы. А я выратаваў яго. І ён больш ніколі не будзе біцца на пацеху дурным Жалезным Людзям. Праўда, Кук?»

Смаляна-чорны певень, седзячы на спіне ў чырвонага быка, звонка залопаў крыламі і закукарэкаў.

«Крангаў жа не перавучыш. Пэўна, таму, што іхнія продкі нарадзіліся не на Зямлі, а тут, на Вары, дзе грымяць бясконцыя бітвы плазмоідаў. Кранг - адзіная птушка планеты Вар. Бачылі, з чаго ён будуе гняздо? З калючага дроту. І кладзе ў тое гняздо дванаццаць яечак - адно зялёнае, адзінаццаць - ярка-белых з чырвонымі крапінамі. Гэтыя адзінаццаць - ягоныя бомбы. Вы самі пераканаліся, як яны сякуць асколкамі. (Дарэчы, высакарослы і светлавалосы, у цябе моцна паранена шчака, і зараз мы пойдзем лячыцца да Ракі Адноўленых Твараў.) З зялёнага ж яйка нараджаецца маленькі кранг. Адзін на ўсё гняздо. Вось чаму так берагуць крангі свае гнёзды».

Слухаючы Аюса, зямляне дайшлі да Ракі Адноўленых Твараў, і Радаслаў старанна прамыў рану. Потым у «ваду» зайшоў сам кароль жывёл планеты Вар і з вялікай насалодай тры разы акунуўся ў яе. Конь, бык і певень з берага ўважліва пазіралі на яго, і ніхто з іх нават не шавяльнуўся. «Прыдворны этыкет», - падумаў Радаслаў Буслейка.

Начавалі ў Вялікім Балоце. Прычым дзік і ўсе астатнія жывёлы пайшлі спаць у чараты, а зямляне атабарыліся ў маленькім сінім вагончыку, які стаяў на круглым лапіку бетону. Пэўна, тут была нейкая паходная майстэрня Жалезных Людзей, бо на падлозе валяліся бліскучыя маткі дроту, выкарыстаныя электроды, балты і гайкі. Востра пахла машынным маслам. Уздоўж сцен вагончыка стаялі два старыя тапчаны.

- Спартанскія ўмовы, - уздыхнула Вера. - Трэба адзначыць, што Вар не самая камфортная планета.

- Дзе беласнежныя прасціны? Дзе душ? - у тон ёй, але яўна пацвельваючыся, ледзь не праспяваў Клён.

Вера ўважліва паглядзела на яго.

- Мілы Клёнік, - сказала яна, - дадаць можна яшчэ адно пытанне: «Дзе асобная жаночая спальня ці хаця б шырма?» Але прабач, я забылася, што плазмоіды бясполыя і іх падобныя пытанні ніколькі не хвалявалі.

- Неяк пакімарым, - вінаватым голасам прамовіў Радаслаў Буслейка. - Мы з Клёнам паспрабуем умясціцца на адным тапчане.

Перад сном Клён выйшаў з вагончыка. Моцны вецер, які дзьме толькі ўначы, ужо ваўсю пачынаў развінаць свае халодныя крылы. На фоне зялёнага неба трывожна хісталіся вершаліны тулураў. Фасфарычны, нежывы бляск струменіўся адтуль. Клёну здавалася, што нечае цяжкое вока пільна пазірае на яго. Адчуванне гэтага позірку было такое вострае, такое рэальнае, аж дрыжыкі пабеглі па скуры. Вярнуцца б на Зямлю, на Чорны Хутар, хутчэй убачыць маці з бацькам, а потым на захадзе сонца слухаць, як шумяць дробнай варухлівай лістотай маладыя бярозкі.

Раптам з густой зялёнай цемры пачуўся гук, які прымусіў уздрыгнуць сэрца. Гэта адначасова быў і ўрачыста-радасны крык, і прыдушаны стогн, і невыносны хваравіты хрып. Ён выплыў з начных прастораў Вара нечакана і ўладна. Але нечаканым ён быў для зямляніна, для Клёна, бо нейкае падсвядомае пачуццё падказала, што гэты ашаламляльны крыкенк жыве тут заўсёды, вечна, што наваколле прывыкла да яго, як прывыкаюць да неба над галавой. Вядома ж, выдаваць такі гук, вывяргаць яго магла толькі жывая істота, прычым каласальных памераў. Клён хуценька вярнуўся ў вагончык, накінуў знутры металічную завалу на дзверы, асцярожна лёг побач з Радаславам. Сэрца ўсё калацілася, і ён прыціснуў руку да грудзей, і кляў сябе самымі крыўднымі словамі за палахлівасць, бо паміж равеснікаў заўсёды хадзіў у адважных. Ужо супакоіўшыся, засынаючы, ён падумаў, што на Вары адвага, як і ўсё астатняе, можа быць не падобнай на зямную адвагу.

Спалі ўсю ноч, гэта значыць, каля сарака васьмі гадзін. Арганізм зямляніна ў нармальных умовах не разлічаны на такі працяглы сон, але плазмоіды далі па глытку эліксіру, які ўшчыльняе час.

Прачнуўся Клён ад пякучага адчування трывогі. Радаслаў з Верай ужо стаялі каля дзвярэй вагончыка. Стрэсаператар, скінуўшы металічную завалу, спрабаваў адчыніць дзверы, ды яны чамусьці не адчыняліся. Радаслаў аж пачырванеў ад напружання.

- Радаслаў Алесевіч, нас нехта не хоча выпусціць, - спалохана, пацішэлым голасам сказала Вера Хрысцінюк.

- Што за д'ябальшчына? - гарачыўся Радаслаў, налягаючы плячом.

Клён усхапіўся з тапчана, прыслухаўся. Ні шолаху, ні шэпту не даносілася знадворку. Здавалася, увесь Вар яшчэ спіць, усё анямела. А зусім жа нядаўна з ліпкай зялёнай цемры нёсся жахлівы ўсемагутны крык, ад якога ледзянела душа. Клён падбег да прарэзанага ў сцяне вагончыка вузенькага акенца. Яно было амаль пад столлю, і давялося стаць на пальчыкі і выцягнуць шыю. Ён убачыў такое, ад чаго адхіснуўся, нібы ў твар плюхнулі кіленем. Трыма шарэнгамі, плячо да пляча, маўкліва стаялі, абкружаючы вагончык, нейкія металічныя бліскучыя стварэнні з чорнымі прутамі ў рукахклешнях. Пэўна, гэтая нямая раць ужо даўно пільнавала зямлян, з самай ночы, бо ўсе яны былі абсыпаны густой расой.

- Жалезныя Людзі! - усклікнуў Клён. Радаслаў падышоў да акенца, глянуў на вуліцу. Вочы зрабіліся суровымі.

- Здаецца, мы палонныя, - сказаў ён і адразу ж дадаў: - Толькі не хвалюйцеся, Вера. Думаю, што гэтыя робаты не асмеляцца крануць зямлян і нам давядзецца мець справу з іхнімі гаспадарамі, фіялетавымі і чырвонымі плазмоідамі. Толькі чаму не прыйшоў Аюс?

- Гэты дзік завёў нас у пастку, - злосна выдыхнуў Клён. - Як вы маглі яму паверыць, Радаслаў Алесевіч?

- Але паверыў і ты, - паклаў Буслейка руку на плячо Клёну. - Ніколі не вучыся перакідваць сваю віну, якой бы малой яна ні была, на чужыя плечы. Запомні - ты мужчына з планеты Зямля.

Ад такіх слоў Клён нервова прыкусіў губу. Ён лічыў сябе сумленным, прынцыповым, і заўвага стрэсаператара балюча ўдарыла па самалюбству. Атрымлівалася, што ён яшчэ маленькае дзіцятка і толькі блытаецца пад нагамі ў дарослых. Ды Клён сцярпеў, як і належыць чалавеку ВЭП. Каб патушыць агонь крыўды, ён зноў глянуў у акенца і раптам здзіўлена закрычаў:

- Да нас коціцца зорка!

 

XI


 

Відовішча было, трэба сказаць, фантастычна-прыгожае. Клён бачыў, як зладжана і бязгучна расступіліся ў бакі Жалезныя Людзі, ствараючы шырокі праход. І вось у гэты праход-пралом у бліскучай металічнай сцяне павольна і велічна кацілася пяцікутная, надзвычай зіхоткая зорка. Яна скочвалася (а можа, ішла?!) з травяністага спадзістага ўзвышша ў лагчыну, дзе стаяў вагончык. Нечаканая госця была метры чатыры ў папярэчніку, і Жалезныя Людзі выглядалі на яе фоне маленькімі, кволымі. Залацістае ззянне струменілася ад зоркі. Там, дзе адзін з яе пяці канцоў датыкаўся да пяску або травы, усё ружавела, іскрылася, быццам адразу маладзеючы. Плямы яркага святла, якое, аднак, не рэзала вочы, клаліся на плечы і галовы Жалезным Людзям. Зорка падкочвалася ўсё бліжэй. «Усё-ткі яна ідзе, - здагадаўся Клён. - Пяць канцоў не што іншае, як пяць яе ног». У думках ён спачатку назваў яе Пяціножкай, але ў назве была нейкая здробненасць, мініяцюрнасць, а зорка мела ўнушальныя памеры, і ён прыдумаў ёй імя - Пяціног.

- Якая прыгожая, - прашаптала Вера, калі зірнула на зорку.

Пяціног падкаціўся-падышоў да вагончыка, у якім знаходзіліся зямляне, спыніўся. У акенца палілося мяккае святло. Было ў ім нешта ад бляску расы на ранішнім лузе.

- Цікава, гэта жывая істота ці чарговая мадыфікацыя якога-небудзь робата? - быццам у самога сябе запытаў Радаслаў Буслейка.

- Агрэсіўная або міралюбная гэта прыгажуня? - у сваю чаргу, спытала Вера.

- Гэта - Пяціног, - раздражнёна сказаў Клён.

- Як? Пяціног? - Радаслаў задумліва паглядзеў на Клёна. - Ты ўжо, аказваецца, імя знайшоў. Што ж, тваё права. Першаадкрывальнік, а ты першы ўбачыў зорку, мае законнае права прысвойваць ёй імя. Такім чынам, перад намі Пяціног...

Радаслаў хацеў яшчэ раз глянуць на зорку, памкнуўся тварам наперад, але раптам насустрач яму ў акенца жвава торкнулася адна з ног Пяцінога. Стрэсаператар адскочыў убок. Зямляне затаілі дыханне.

Несумненна гэта была частка цела (нага, рука або хобат - іншая справа) жывой істоты. Відно было, як пульсуе ў ёй дыханне, як дробненька ўздрыгвае яна. Нагу шчыльна пакрывала ярка-залацістае лускавінне, што аж гарэла ў паўзмроку вагончыка. Але самым здзіўляючым, самым ашаламляльным было... вока, вялікае, таксама залацістае, з чорнай зрэнкай усярэдзіне.

- Пяціног глядзіць на нас, - аднымі вуснамі выдыхнуў Клён і пачаў адступаць, туліцца да Радаслава.

Жывое пранізлівае вока, вока невядомага стварэння пільна і ў той жа час насцярожана сачыла за зямлянамі. Што рыхтаваў гэты позірк людзям?

Тым часам у акенца пралезла яшчэ адна нага з яшчэ адным вокам.

- Думаю, што гэта і Пяціног і Пяцівок, - стараючыся быць бадзёрым, сказаў Радаслаў, але раптам, глыбока ўздыхнуўшы, падышоў да акенца, пакорліва схіліў галаву.

- Што вы робіце?! - закрычала Вера Хрысцінюк і адразу ж здагадалася, абвяла голасам. - Гіпноз...

Буслейка стаяў, як смірнае рахманае цялятка, і не адрываючыся глядзеў на Пяцінога.

- Радаслаў Алесевіч, - шкуматнуў яго за руку Клён. - Глядзіце на мяне. Глядзіце на мяне, а не на яго.

- Адвяжыся, - ціхім абыякавым голасам сказаў стрэсаператар. - Ты нічога не разумееш. Вялікае шчасце пазіраць у мудрыя вочы Ўльтрамозга, Уладара Таямніцы.

Клён зразумеў - зараз ён для Буслейкі, як надакучлівая восеньская муха. Не болей.

Тым часам у руках у некалькіх Жалезных Людзей з'явіліся вострыя, адпаліраваныя да люстранога бляску сякеркі. Ніхто ім іх не даваў, і нідзе яны іх не бралі. Проста сякеркі выскачылі знутры іхніх рук-клешняў, рукі гэтыя зрабіліся сякеркамі. Жалезныя Людзі з найвялікшай стараннасцю і метадычнасцю пачалі секчы вагончык, пашыраючы акенца.

- Што яны хочуць? - дрыготкім голасам спытала Вера.

Раптам Пяціног схапіў Радаслава за шыю і за плячо і ў адно імгненне выцягнуў з вагончыка.

- Жахоцце! - закрычала Вера, але адразу ж заціхла, бо вірлавокія ногі вярнуліся назад і Пяціног накіраваў на яе неадрыўны позірк, як стрэліў. Вера спачатку збялела, потым паружавела, і неўзабаве лагодная супакоеная ўсмешка засвяцілася на твары.

- Не глядзіце на яго, - пачаў упрошваць Клён. - Ён жа зробіць з вамі тое самае, што з Радаславам Алесевічам.

- Ах, Клёнік, ты яшчэ такі маладзенькі, - усміхалася Вера, пазіраючы на Пяцінога. - Каб ты ведаў, якая асалода быць разам з Ультрамозгам, Уладаром Таямніцы, чытаць ягоныя думкі. Колькі золата, срэбра і мармуру ў беласнежных палацах гэтых думак.

- Да вы ўсе звар'яцелі! - закрычаў Клён.

Пяціног гэткім жа самым чынам, як Буслейку, спрытна схапіў Веру Хрысцінюк, і ў вагончыку застаўся адзін Клён. Праз нейкі міг у акенца ўпэўнена палезла лускаватая нага.

- Ну не, страшыдла, проста так ты мяне не возьмеш, - з адчаем і злосцю сказаў Клён.

Стараючыся не глядзець на Пяцінога, ён адскочыў у самы далёкі ад акенца кут вагончыка. Тут было цемнавата, і Клён спадзяваўся, што гіпноз не будзе мець такой сілы. Але нага ўпарта цягнулася ў яго бок, свяцілася ўсёй сваёй луской, а пранізлівае вока пачынала ўжо свідраваць душу. Як жа ратавацца? Клён убачыў раптам паржавелую металічную каністру, якую, пэўна, пакінулі ў вагончыку робаты. У каністры плёхалася машыннае масла. Ён лінуў гэтым маслам у вока Пяціногу, а потым і каністру шпурнуў. Мяркуючы па ўсяму, нечаканае супраціўленне збянтэжыла Пяцінога. Агрэсіўная зорка імгненна прыняла сваю нагу, рэціравалася з вагончыка. Там, за сцяной, наступіла мёртвая цішыня. Можна было толькі здагадвацца, што Жалезныя Людзі стаяць як стаялі, непарушнай сцяной, і чакаюць, пакуль Пяціног пачне новыя маніпуляцыі. Ды той чамусьці не спяшаўся. «Пэўна, зараз робаты зноў возьмуцца за свае сякеркі, - падумаў Клён. - Дастануць мяне адсюль, як барсука з нары». Яму было вельмі шкада Радаслава і Веру. Такія разумныя, такія адважныя і моцныя, а нейкае страшыдла з лёгкасцю перамагло іх. Значыць, чалавек не ўсясільны, значыць, не толькі для чалавека некім задумваўся і будаваўся Сусвет.

У гэты час пачуўся мерны цяжкі тупат. Клён, забыўшы пра небяспеку, кінуўся да акенца. Жалезныя Людзі шчыльнымі бліскучымі шарэнгамі адыходзілі ад вагончыка. Ён бачыў толькі іхнія патыліцы і плоскія спіны. Паперадзе робатаў велічна каціўся-крочыў Пяціног. Гэтае шэсце нагадвала нечым трумф рымскіх імператараў, не хапала толькі калясніцы з белымі коньмі. Радаслава і Веры, як ні ўглядаўся Клён, нідзе не было. «Я выратаваўся, - успыхнула ў душы радасць. - Пяціног не здолеў зламаць мяне сваім гіпнозам. Цікава, чаму Радаслаў з Верай называлі яго Ўльтрамозгам, Уладаром Таямніцы? Што паспеў ён унушыць ім?»

Трывога за людзей, якія дзеля ягонага ажыўлення прыляцелі на Вар і самі трапілі ў бяду, сціснула сэрца. Дзе яны зараз? У кратэры вулкана? У патаемнай рэзідэнцыі Пяцінога? Ці жывыя яны?

Клён Дубровіч адчуў, што вось-вось пакоцяцца з вачэй слёзы, але ён быў прывучаны ніколі не плакаць, і таму, узяўшы пачуцці ў кулак, пачаў рабіць фізічныя практыкаванні. Гэта дапамагло, і праз колькі хвілін вярнулася ўпэўненасць і сіла. Клён падышоў да дзвярэй, прыслухаўся. Здаецца, знадворку нікога не было. Ён таўхануў дзверы, баючыся, што яны не адчыняцца. Ды дзверы надзіва лёгка паплылі ад яго, выпускаючы з вагончыка.

Ланцуг Жалезных Людзей ішоў, ззяў на схіле вулкана і знікаў, быццам правальваўся ў кратэр. Стаяла надзвычайная цішыня - хоць бы адзін малюсенькі гук. Клёну здавалася, што ў яго вушы заліты воскам. Што ж рабіць? Зноў ляжала перад ім чужая планета, дзе жывуць плазмоіды і крангі, дзе ўначы палохаюць, раздзіраюць душу жахлівыя незразумелыя крыкі, дзе маўклівымі робатамі кіруе ўсясільны Пяціног, які ўзяў у палон ягоных сяброў. Заставалася адно - шукаць караля жывёл планеты Вар Аюса Першага. Аюс сказаў, што будзе начаваць у Вялікім Балоце, значыць, трэба ісці ў балота.

Клён, уважліва гледзячы пад ногі, азіраючыся, павольна пашыбаваў у трыснягі. Разгаралася раніца. Калісьці на Зямлі бацька будзіў яго, пырскаў халоднай вадою ў твар, смяяўся і казаў: «Прачынайся, сынок. Раніца. Самая часіна ісці тушыць расу», Яны, дарослы і малы Дубровічы, уздрыгваючы ад волкай свежасці, басанож спяшылі на луг, крочылі, прытупваючы, па бліскучай расянай траве. Ногі аж заходзіліся ад холаду, успыхвала, здавалася, гарэла пад першымі сонечнымі промнікамі раса, а Клён быў вельмі-вельмі шчаслівы - ён тушыў расу.

Дзе ж Аюс і ўсе астатнія жывёлы? Няўжо і яны скарыліся Пяціногу? Клён прайшоў ужо амаль з паўкіламетра, але толькі спудзіў аднаго кранга ды парадкам намачыў ногі. З левага боку праз густую шчэць трыснягу пачала адкрывацца велізарная заасфальтаваная пустка. Розныя ўчасткі яе мелі розны колер: чорны, шэры, сіняваты. Клён здагадаўся, што пярэстасць афарбоўкі залежыць не ад якасці раствору, а ад таго, даўно ці нядаўна залівалі яго Жалезныя Людзі. Раптам крокаў за сто ад сябе на масляніста-чорным асфальце ён убачыў Радаслава і Веру і ледзь не задыхнуўся ад радасці.

- Я тут! - што ёсць моцы выгукнуў Клён. - Радаслаў! Вера! Я тут!

Ломячы трыснёг, ён ірвануўся да іх, бо не было ў гэтую хвіліну раднейшых людзей ва ўсім свеце.

- Я тут! - ляцеў з горла крык.

Але Радаслаў з Вераю (і гэта здзівіла Клёна) не звярнулі на яго ніякай увагі. У іх на галовах былі прыгожыя вянкі, сплеценыя з дробных блакітных кветак. Яны весела смяяліся, з любасцю пазіралі адно аднаму ў вочы і (што зноў здзівіла Клёна) горача цалаваліся. Для іх, як ён здагадаўся, не існавала ў гэтую хвіліну ні планеты Вар, ні плазмоідаў і робатаў, ні яго, Клёна. Ён усё яшчэ бег да іх, але ўжо не крычаў. «Яны, вядома ж, пачулі мой голас, не маглі не пачуць, але нават не павярнулі ў мой бок галовы, - думаў ён. - Чаму? Яны ж дапамаглі мне ажыць, яны ж, калі верыць ім, паважалі, нават любілі мяне. Няўжо іх не хвалявала тое, што магло здарыцца са мной у вагончыку?»

З вострай крыўдай у душы Клён бег ужо толькі па інерцыі. І раптам яго нешта ўдарыла па нагах і ён упаў, тыцнуўшыся рукамі і тварам проста ў твань. Кароль жывёл стаяў над ім.

«Не бяжы туды, - загадаў Аюс. - Табе нельга туды бегчы, хутканогі і вастравокі».

- Чаму? - спытаў Клён, хуценька ўскокваючы.

«Там - міраж».

Клён абтрасаў ад бруду рукі, выціраў твар і ўсё не мог даўмецца, аб чым яму гаворыць дзік.

«Там - міраж. Гэта не зямляне і не твае сябры. Вазьмі камень (вунь ляжыць каля куста) і кінь у іх. І ты ўбачыш, што адбудзецца».

- Кінуць у Радаслава і Веру? Шукай дурняў.

«Бяры камень».

Аюс ужо амаль загадваў. Клён абурана глянуў на яго, але нагнуўся, узяў мокры камень, кінуў. Пакуль той ляцеў, абміраў сэрцам, каб толькі не параніла, або, не дай бог, не прыбіла каго-небудзь з сяброў. Ды раптам грымнуў выбух, і там, дзе толькі што цалаваліся Радаслаў з Верай, застаўся чысты сінявата-шэры асфальт. Гэта было так нечакана, так палохала сваёй нязвычнасцю, што Клён уздрыгнуў.

«Міраж, - сказаў Аюс. - Ультрамозг, Уладар Таямніцы, яшчэ не такое можа прыдумаць. Ніхто ніколі не бачыў міражоў, пакуль ён не з'явіўся на планеце Вар».

- Дык ён не з вашай планеты? - здзівіўся Клён.

«Не. У нас акрамя мяне і маіх падданых жывуць і жылі крангі. І яшчэ жыве вурдак. Той, што ўначы крычыць. Крангаў шмат, дзесяткі тысяч, а вурдак толькі адзін. Чуў, як ён крычыць?»

- Чуў. Вельмі страшна, - адказаў Клён.

«А Ўльтрамозг, Уладар Таямніцы, прыляцеў да нас з іншай галактыкі. Іхні зоркалёт трыста дваццаць гадоў назад пацярпеў крушэнне на арбіце Вара і разбіўся ўшчэнт. Жывым са ста членаў экіпажа застаўся ўсяго адзін, якога мы называем Ультрамозгам, Уладаром Таямніцы».

- Я заву яго Пяціногам, - уставіў слоўца Клён Дубровіч.

«Можна і так, - згадзіўся Аюс. - У яго і сапраўды пяць ног. Дык гэтага аднаго, што ацалеў у час аварыі, знайшлі чырвоныя і фіялетавыя плазмоіды. Вось чаму яны такія магутныя, амаль непераможныя - Пяціног (буду і я зваць яго гэтак, бо ненавіджу) навучыў іх мудрасці, хітрасці і жорсткасці. Вось чаму пяць кланаў не могуць справіцца з двума».

- Што Пяціног можа зрабіць з Радаславам і Верай? - спытаў Клён.

«Над кожным, хто трапляе да яго, ён праводзіць эксперымент. З кожнага, хто б гэта ні быў, высмоктвае ўсю да рэшты інфармацыю».

- Высмоктвае?

«Так. Пяць ягоных ног абвіваюць галаву і цела ахвяры. А потым Жалезныя Людзі таго, над кім скончыўся эксперымент Ультрамозга, Уладара Таямніцы, выносяць з Нябеснага Зуба і аддаюць вурдаку».

— Раскажы мне пра вурдака, - папрасіў Клён.

«Гэта самая вялікая жывёліна планеты Вар. Ды, пэўна, і Зямлі».

- Не гавары пра Зямлю, калі ні разу не быў на ёй, - раззлаваўся Клён. - У нашых акіянах жыве блакітны кіт. Ведаеш, які ён? Вагою амаль сто дзевяноста тон, даўжынёю - пад трыццаць тры метры.

Кароль Аюс здзіўлена паглядзеў на Клёна, але здзівіўся не габарытам сіняга кіта, а той раздражнёнасці, гарачлівасці, з якой былі выдыхнуты словы. «Ён сумуе па Зямлі, - зразумеў Аюс. - Зямля для яго такая ж дарагая, як для крангаў Вар».

«Вурдак большы за акіянскага кіта, - міралюбна сказаў Аюс. - А які ён у даўжыню, я не ведаю. Не думай, што я палахлівы, толькі да вурдака немагчыма блізка падысці. Ён жыве ў велізарнай расколіне за Нябесным Зубам, ляжыць у ёй нямаведама колькі гадоў. За сотню крокаў ад яго ўсё жывое пачынае засынаць. Я спаў запар трое сутак, каб быць бадзёрым і падысці да яго, але ўсёроўна адразу ж заснуў. Дурныя крангі засынаюць цэлымі чародамі і сыплюцца з неба проста яму ў лежбішча».

- І ён іх з'ядае? - ціха спытаў Клён.

«Так. Але гэта не галоўная ягоная ежа. Харчуецца ж ён, гэта аграмадзіна, сваімі роднымі дзецьмі».

- Вурдак есць сваіх дзяцей? - жахнуўся Клён.

«Есць і аблізваецца. Мы, жывёлы планеты Вар, ненавідзім яго, гэтаксама ж як і Пяцінога. Ён самаапладняецца, нараджае дзяцей і адразу пажырае іх. Вось чаму на нашай планеце жыве ўсяго толькі адзін вурдак. Пяціног, як толькі аб'явіўся на Вары, падыходзіў да лежбішча, да расколіны (і яго не ўзяў сон), доўга глядзеў на вурдака. А потым Жалезныя Людзі пачалі насіць з Нябеснага Зуба вурдаку ўсё жывое, над чым праводзіў эксперыменты Пяціног. І светлавалосага і высакарослага з жанчынай панясуць, калі толькі яны не здолеюць вызваліцца».

- Ты кажаш, что Радаслава і Веру таксама могуць аддаць вурдаку? - перапыніў Аюса Клён.

«Усё жывое Жалезныя Людзі адносяць яму».

- Што ж рабіць? - у адчаі ўсклікнуў Клён. - Ты разумны, кароль жывёл, вельмі разумны - дапамажы, парай.

«Я - разумны, - паважна згадзіўся дзік. - Я праглынуў белыя шарыкі, якія Жалезныя Людзі хаваюць у накаленных каробачках. Белае рэчыва гэтых шарыкаў называецца інтэлектыт. Ягоным сакрэтам валодае толькі Пяціног».

- Ты праглынуў інтэлектыт і зрабіўся мудрым, - нецярпліва сказаў Клён. - Але як вызваліць маіх сяброў?

«Я й сам не ведаю», - раптам прызнаўся Аюс Першы.

Пачуўшы гэтыя словы, Клён колькі імгненняў разгублена глядзеў на караля жывёл планеты Вар. Усяго ён чакаў, ды толькі не такога. Паспеўшы ўжо трохі вывучыць Аюса, ён быў упэўнены, што той пачне хваліцца, важнічаць, часцей чым трэба называць сябе каралём, а іншых жывёл сваімі падданымі, але ў рэшце рэшт падкажа, улічыўшы ўсе мясцовыя асаблівасці, як дапамагчы Радаславу з Верай. Ён не сумняваўся менавіта ў такім павароце справы, аж атрымалася неспадзяванка. Адразу ж у душы пачала закіпаць злосць. Клён пагардліва прыжмурыў вочы, сказаў з'едліва і з расцяжкаю:

- Калі худ, не лезь на кут.

«Не разумею цябе, хутканогі і вастравокі», - пільна пазіраючы на яго, прамовіў Аюс.

- І не трэба разумець. Ты, прабач, усё-ткі нечалавек і нават не Пяціног, а дзік, дзік з планеты Вар. А сказаў я табе старадаўнюю беларускую прымаўку. Прымаўкі ж не прынята тлумачыць. «Растлумач», - запатрабаваў Аюс.

- Добра, слухай. На кут, ганаровае месца за сталом, саджалі самых шаноўных людзей. Самых разумных, самых аўтарытэтных, самых добрых. Калі ж чалавек быў «худ», быў, як кажуць, шчуплы і розумам, і плячамі, яго не саджалі на кут. Усёк?

«Што такое «ўсёк»?» - строга спытаў кароль жывёл.

- Дык ты і гэтага не ведаеш? - пакпіў Клён.

Такая, здавалася б, нявінная рэпліка дорага каштавала яму. Аюс пагрозліва чмыхнуў, крутнуў вострым цвёрдым лычом.

«Я загадаю сваім падданым - Ігу і Яру - завесці цябе да вурдака, - сказаў Аюс. - Ты зямлянін, чалавек, хоць маленькі ростам і гадамі. А мы ведаем, што ў вас на Зямлі ўсе жывёлы знаходзяцца ў цяжкім рабстве ў людзей. Вы адзелі на іх хамут, вы дрэсіруеце іх агнём і бізуном, вы забіваеце іх».

- У нас ёсць саюзы «зялёных», - паспрабаваў пярэчыць Клён.

«Маўчы, - загадаў Аюс. - Маўчы і слухай. Калі б я трапіў на Зямлю, я адразу б пайшоў у Індыю. У гэтай цудоўнай краіне аб'яўлена свяшчэнным кожнае жыццё, жыццё чалавека і жыццё самай дзікай малпы, ужо не кажучы пра карову альбо каня. Там ёсць людзі, якія падмятаюць перад сабой зямлю, каб выпадкова не наступіць на якую-небудзь кузурку. Іхнія багі сябруюць з жывёламі: Брахма - з лебедзем, Шыва - з быком, Вішну - з арлом Гарудай. Я хацеў бы стаць каралём жывёл у Індыі».

Аюс змоўк, сярдзіта глядзеў на Клёна Дубровіча. Клён пры ўсёй сваёй акселерацкай нахабнаватай смеласці зразумеў, што дужа ўгнявіў дзіка і што самае лепшае ў такой сітуацыі - абачліва трымаць язык за зубамі. Надаючы твару нявінна-лагодны выраз, ён падумаў: «На Зямлі ёсць не толькі Індыя. На Зямлі жыве Гром Стралковіч».

«Я магу загадаць, і ты паклонішся не толькі мне, але і ўсім маім падданым, - загаварыў далей Аюс Першы. - Гэтым самым ты хоць неяк акупіш велізарную віну людзей перад жывёламі. Ды зараз і ты, і твае сябры зямляне ў бядзе. Я сам запрасіў усіх вас на барацьбу супроць агіднага Пяцінога, і я пастараюся разам са сваімі падданымі дапамагчы вам. Толькі ты павінен шанаваць мяне, як шанаваў бы самага найгалоўнага зямнога караля».

Мяркуючы па ўсяму, з гэтага дзіка, калі б ён быў чалавекам і жыў у ранейшыя часы, атрымаўся б неблагі манарх, які-небудзь Людовік-Сонца. Яшчэ б з паўгадзіны назад Клён, што ў душы лічыў сябе заядлым рэспубліканцам, пачаў бы горача выкрываць рэакцыйную сутнасць манархізму, але зараз ён згодна кіўнуў галавой. У смяротнай бядзе былі сябры, і не час прыглядацца, сядзіць або не залатая карона між насцярожаных дзіковых вушэй.

Аюс зычна рохнуў, і на гэты сігнал выйшлі з трыснягоў конь, бык і певень, прычым певень, як заўсёды, сядзеў у быка на спіне.

«Нашы саюзнікі з Зямлі трапілі ў палон да Пяцінога і знаходзяцца ў Нябесным Зубе, - урачыста сказаў кароль жывёл. - Яны хацелі дапамагчы нам, але атрымалася так, што ім спатрэбілася наша дапамога. Слухайце мяне, мае падданыя. Я - Аюс Першы, кароль жывёл планеты Вар, аб'яўляю вайну Пяціногу. Вы, пэўна, не ведаеце, хто такі Пяціног? З гэтага часу так будзе называцца Ўльтрамозг, Уладар Таямніцы. А зараз пойдзем да Трох Камянёў, і да нас прыляціць Страб».

Моўчкі рушылі па балоце. Срэбнымі пырскамі скакала з-пад ног вада. Клён бачыў у небе над сабой нейкія сухія карычневыя воблакі. Яны не неслі ў сабе дажджу, яны былі з пылу або з дыму. Святло, што лілося з нябёсаў, таксама было пыльнае, нярэзкае. Ва ўсім адчувалася блізкасць вулкана, які хоць і патух, прыціх, але ў сваёй патаемнай недаступнай воку глыбіні назапашваў пакрысе каласальную разбуральную энергію. Праз тысячагоддзі ён зноў загрыміць, залямантуе пад гэтым зялёным небам. Праўда, тады ўжо не будзе ні Клёна, ні караля Аюса...

На травяністай макраватай лугавіне ляжалі тры велізарныя пасечаныя трэшчынамі камяні. Спыніліся каля іх. Аюс узняў галаву, пачаў узірацца ў неба. Яр, Іг і Кук неадрыўна глядзелі туды ж. Раптам у самым зеніце з'явілася чорная кропачка. Спачатку яна была малапрыкметная, марудлівая, здавалася, мурашка паўзе па зялёным шкле. Але праз некалькі хвілін пачуўся ярасны шум крылляў, што імкліва разразалі, разрывалі, разломвалі паветра, і магутная чарнапёрая птушка літаральна ўпала з неба на адзін з камянёў. Звонка шчоўкнулі доўгія гнутыя кіпцюры. Агромністыя птушыныя крылы рэзка напяліся, як ветразь або як тармазны парашут. Птушка пахіснулася, але ўтрымалася на месцы, толькі яе кіпцюры, падалося Клёну, выбілі з каменя іскрыну. Вось крылы абмяклі, знерухомелі, і птушка ва ўпор глянула на Аюса, нібы дзеўбанула вострым смелым позіркам.

«Добра, што прыляцеў, Страб, - нахіліў лыч да самай травы Аюс. - Мы цябе чакалі з вялікім нецярпеннем. Я аб'явіў вайну Пяціногу - такое зараз імя Ўльтрамозга, Кладара Таямніцы».

Чорнае варанёнае пер'е дзівоснай птушкі пахла халодным верхавым ветрам, цьмяна блішчэла, і Клён падумаў раптам, што гэта блішчыць метэарытны пыл, які асеў на крылле там, у галавакружных нябёсах.

«З намі прыйшоў чалавек з планеты Зямля, - казаў далей Аюс. - Тады, калі на месцы Нябеснага Зуба была ўсяго кучачка пяску, мае прашчуры таксама жылі на ягонай планеце. Пяціног разам з Жалезнымі Людзьмі захапіў у палон зямлян. Мы павінны вызваліць іх».

Страб зірнуў на вулкан, потым на Клёна.

«Узнімайся над Нябесным Зубам, Страб, глянь, што робіцца ў кратэры. Глянь, чым займаецца Пяціног, куды збіраюцца ісці Жалезныя Людзі».

Аюс падышоў да вялізнай птушкі, што горда сядзела на вялізным камені, і вушы ягоныя былі на ўзроўні птушыных кіпцюроў. Страб узняў, узвіхурыў крыло, пагладзіў дзіка крылом. Потым рэзка адкінуў назад сваю прыгожую галаву, закрычаў-заспяваў чыстым высокім голасам. Ніколі не чуў Клён такой птушынай песні. Галасы зямных птушак у параўнанні з гэтым незвычайным голасам былі салодкім абрыдлым кісялём, якому ніколі не зраўняцца са старадаўнім высакародным віном самага далікатнага гатунку. Страб шырока ўзмахнуў крыламі, рэзка адштурхнуўся ад каменя моцнымі кіпцюрыстымі лапамі, паляцеў і неўзабаве завіс над вулканам.

«Гэта - Страб, - пачаў тлумачыць Аюс Клёну. - Так мы ўсе яго завём. Я гаварыў табе, хутканогі і вастравокі, што на планеце Вар жывуць толькі крангі, птушкі, якія адкладваюць у свае гнёзды яйкабомбы. А пра Страба я нічога не сказаў. Справа ў тым, што ён і жыве і як бы не жыве на Вары».

- Хіба такое можа быць? - не зразумеў Клён.

«Можа. Ён і ягоныя родзічы ўюць гнёзды на воблаках».

Клён здзіўлена паглядзеў на караля жывёл.

«Так-так, - кіўнуў галавой Аюс, - ты правільна пачуў - на воблаках. Калісьці і страбы, як крангі, ладзілі свае гнёзды на пяску, у скалах або на дрэвах. Ды плазмоіды аб'явілі ім вайну, ніхто нават не ведае чаму, з якой прычыны. Пэўна, плазмоіды пачалі зайздросціць страбам, такім прыгожым, хуткім, звонкагалосым. Яны аб'явілі: «Неба Вара належыць плазмоідам і крангам». Страбаў пачалі лічыць д'ябальскай птушкай, знішчаць іхнія гнёзды, яйкі, іх саміх. Так было сотні гадоў. І страбы зніклі, ні пярынкі не засталося. Усе думалі, што з імі назаўсёды скончана, забыліся пра іх. Але аднойчы я зусім выпадкова ўбачыў гэтага Страба. Ён прыляцеў на Вар на самым досвітку, калі неба было яшчэ зусім цёмнае, і вельмі стараўся, каб ніхто яго не прыкмеціў. Напачатку я падумаў, што гэта якісьці гіганцкі кранг, бо ніколі на свае вочы не бачыў жывых страбаў. Ды гэта быў менавіта ён - самы сапраўдны страб. Як каралю жывёл планеты Вар ён адкрыў мне сваю таямніцу, прызнаўся, што разам са сваімі родзічамі навучыўся віць гнёзды на воблаках».

- Але воблакі такія недаўгавечныя, - сказаў Клён Дубровіч. - На Вары таксама ж бываюць дажджы. Пайіпоў дождж - і няма воблака.

«Правільна, - згадзіўся Аюс. - Вось чаму страбы надзвычай хутка выводзяць птушанят і адразу вучаць іх пераносіць гнёзды з воблака на воблака. Гнёзды яны робяць са сваіх пер'яў і з павуціны. На Вары, у шчылінах скал, жыве павук-залаталапік. Вецер абрывае ягоную павуціну, уздымае аж пад воблакі. Страбы там яе ловяць».

- Як гэта, напэўна, здорава - плаваць на воблаках, - паглядзеў на неба Клён і ўсклікнуў: - Страб вяртаецца!

Магутная птушка, як метэарыт, упала з нябёсаў на той жа самы камень, і Аюс не пакаралеўску жвава падбег да яе.

Праз некаторы час Клён ужо ведаў у агульных рысах план вызвалення Радаслава і Веры. Аюс Першы вырашыў правесці франтальную атаку Нябеснага Зуба па найболып спадзістым схіле вулкана, дзе вогненная лава прабіла калісьці амаль паўкіламетровы тунель. Акрамя самога караля жывёл, акрамя Клёна, Яра, Іга і Кука ў атацы павінны былі прыняць удзел усе пяць кланаў плазмоідаў, прычым сінія плазмоіды намерваліся нанесці ўдар, які адцягнуў бы ўвагу абаронцаў вулкана, у іншым месцы. Дзве тысячы крангаў рыхтаваліся да бамбардзіроўкі Нябеснага Зуба, выкочвалі з гнёздаў яйкабомбы. Але самым эфектыўным момантам штурму задумваўся нечаканы рэзкі ўдар ажно дзесяці страбаў - імгненнае пікіраванне з-пад воблакаў проста ў кратэр. Ні Пяціног з Жалезнымі Людзьмі, ні ягоныя саюзнікі, фіялетавыя і чырвоныя плазмоіды, мяркуючы па ўсяму, не ведалі, што такая вялікая колькасць адважных моцных птушак гняздуецца на воблаках і што зусім нядаўна страбы прымірыліся з каралём Аюсам і з пяццю кланамі.

 

XII


 

Ультрамозг, Уладар Таямніцы, загадаў Жалезным Людзям прывесці да сябе Радаслава Буслейку. Робаты, сінхронна грукаючы цяжкімі металічнымі чаравікамі, накіраваліся ў Залу Новых Нараджэнняў, а дакладней, у самы сапраўдны мартэнаўскі цэх, што быў пабудаваны ў тоўшчы застылай лавы. Там меліся тры мартэнаўскія печы, у якіх пераплаўляліся пакалечаныя або зусім спарахнелыя ад іржы і старасці робаты. Непадалёку ад адной з такіх печаў стаялі, прывязаныя дротам да металічнага слупа, Радаслаў Буслейка і Вера Хрысцінюк. Іх трымалі менавіта тут не таму, што ў Нябесным Зубе не хапала іншых памяшканняў, а, пэўна, дзеля таго, каб запалохаць бясконцым грукатам і смуродам, мігценнем агню, снапамі яркіх іскраў. Побач з мартэнаўскімі печамі, за тонкай крацістай перагародкай, былі кузня, дзе цяжка вухкаў паравы молат, і зборачны цэх з канвеерам. Зямляне бачылі, як павольна плыла стужка канвеера, на якой стаялі, сядзелі і ляжалі новенькія робаты. У некаторых пакуль што не мелася галоў, рук, ног, тулава, і не пакідала ўражанне, што знаходзішся ў нейкім вар'яцкім шпіталі або ў пекле. Жалезныя Людзі адвязалі Радаслава, цесна абкружылі, павялі.

- Не адчайвацеся, Вера, - сказаў ён. - Я хутка вярнуся. Я ўпэўнены, што нашы сябры-плазмоіды і Зямля не дадуць нас у крыўду.

Веры Хрысцінюк, вядома ж, было нязвыкла і страшна ў такіх абставінах, але яна валодала сабой, нават усміхнулася, толькі папрасіла:

- Даведайцеся хоць што-небудзь пра Клёна. Бедны хлопчык.

Старшы па званні між Жалезных Людзей, начальнік дзесяткі, у кантралюемую праграму якога была закладзена роўна тысяча слоў, манатонна прамовіў, звяртаючыся да яе:

- Ты не Жанна д'Арк. Супакойся. Ты - Вера.

- А ты - заўтрашні металалом, - адрэзала Вера.

Пяціног, чакаючы Радаслава Буслейку, павольна хадзіў-перакочваўся па спецыяльна для яго пракладзенай Дарожцы Ўспамінаў. Гэта дарожка была зроблена ў круглай зацемненай зале і ўяўляла сабой вузкую, шырынёю да сарака сантыметраў, металічную стужку, на якой былі запісаны малюнкі-вобразы Сіняй Зоркі, радзімы Пяцінога. Калі адначасова дзве нагі дакраналіся да шурпатай цёмна-сіняй Дарожкі Ўспамінаў, спрацоўвала электрамагнітнае рэле, пасылаючы хвалепадобны імпульс у мозг Пяціногу. Акрамя Пяцінога ў зале знаходзіліся пятнаццаць чырвоных і пятнаццаць фіялетавых плазмоідаў. Яны з найвялікшай пачцівасцю кружыліся над Ультрамозгам, Уладаром Таямніцы, суправаджалі яго ў задумліва-мройных блуканнях па Дарожцы Ўспамінаў, з'яўляючыся як бы своеасаблівым ганаровым эскортам. Часам Пяціног прыпыняўся, заміраў, толькі залацістае або жоўта-зялёнае святло лагодна пульсавала, мякка струменілася ва ўсе бакі. Тады і плазмоіды заміралі над ім і ў зале пачынала звінець абсалютная цішыня. Немагчыма было паверыць, што непадалёку адсюль, у гэтай жа падэшве старога тысячагадовага вулкана, люта грыміць гарачы молат, знясілена скрыгоча жалеза.

Пяціногу бачылася бязмежная прастора Сусвету, чорны міжгалактычны калідор, і ў самым канцы, як надзея, як покліч, як апафеоз усяго - Сіняя Зорка. Там востра ўразаюцца ў неба сінія металічныя слупы, ззяюць азёры, напоўненыя ртуццю, рассыпаюцца і зноў злучаюцца ў адно цэлае мільёны бліскучых адпаліраваных касмічным ветрам шароў і шарыкаў. Гэтыя шары і шарыкі, цяжка грукаючы, збіваюцца ў агромністыя рухомыя горы, падступаюць да стромкіх адкаваных з метэарытаў сцен Палаца Розуму і адразу ж ператвараюцца ў прах, у нікчэмны пыл, бо нельга ім, сляпым шарам і шарыкам, хоць на імгненне, хоць у думках параўнацца з тымі, што жывуць і мысляць за метэарытнымі сценамі. А жывуць і мысляць там несмяротныя, якія абралі формай свайго цела залацістую зорку, якім падуладны Ўчора, Сёння і Заўтра...

Жалезныя Людзі прывялі Радаслава Буслейку да Пяцінога, і самі спыніліся каля ўвахода. Стрэсаператар жа прайшоў у самы цэнтр залы, сеў на крэсла-вяртушку.

- Ультрамозг, Уладар Таямніцы, вітае цябе, жывая істота з планеты Зямля, - урачыста данеслася з таямнічага паўзмроку, і Пяціног зноў пайшоў-пакаціўся па Дарожцы Ўспамінаў. Следам за ім, як бы прыцягнутае магнітам, пачало павольна кружыцца Радаславава крэсла.

- Называй мяне чалавекам, а не істотай, - з годнасцю сказаў Буслейка. - І адпусці на волю маю спадарожніцу і мяне. Ніхто не мае права трымаць у палоне грамадзян з планеты Зямля.

- Нават я? - спытаў Пяціног.

- Нават ты.

Падалося, што Пяціног ледзь-ледзь запаволіў сваю ўрачыстую кругавую хаду, але, пэўна, гэта толькі падалося. Як стрэлка гадзінніка на цыферблаце, ён працягваў няспынны рух. Радаслаў Буслейка, седзячы ў крэсле-вяртушцы, чакаў, чым скончыцца гэтае маляўнічае, у нечым тэатральнае шэсце.

Нарэшце Пяціног спыніўся, і адразу ж спыніліся плазмоіды.

- Вы, жыхары планеты Зямля, невылечна хварэеце антрапацэнтрызмам, - загаварыў Пяціног, быццам ягоная размова з Радаславам не перарывалася ні на хвіліну. - Вы атоесамліваеце эвалюцыю ўсяго жывога з развіццём чалавечага мозгу. А гэта далёка не адно і тое ж; З'яўленне вашага розуму - вынік гульні сляпога выпадку, неабавязковае здзяйсненне адной з многіх раўнацэнных магчымасцей эвалюцыі жывога. А ці задумваліся вы, што так званае развіццё ад малпы да чалавека можа ўспрымацца той жа малпай як перамена не ў лепшы, а, наадварот, у горшы бок?

- Не ведаю, ці займаліся такой праблемай зямныя вучоныя, а я аб гэтым не думаў, - прызнаўся Радаслаў.

- Цудоўна, - задаволена зрабіў абарот вакол сваёй восі Пяціног. - Значыць, мы на Сіняй Зорцы не памыляліся. Значыць, у бясконцых прасторах Метагалактыкі, якая ўмяшчае ў сябе некалькі мільярдаў галактык, толькі Ўльтрамозг, Уладар Таямніцы, беспамылковы, бяспройгрышны, бо ідзе цэнтральным шляхам пазнання, а ўсе астатнія, у тым ліку і чалавечая цывілізацыя планеты Зямля, тупіковыя сцяжынкі ў нішто. Я - частка Ўльтрамозга, Уладара Таямніцы з Сіняй Зоркі. Як я ганаруся гэтым!

На нейкі міг падалося, што зараз Пяціног затанцуе.

- Навошта ж табе мая спадарожніца і я, калі ты такі звышмудры? - спытаў Буслейка.

- Пазнанне не ведае межаў, - паблажліва сказаў Пяціног. - Нават мы, несмяротныя з Сіняй Зоркі, павінны асвойваць усё новыя і новыя экалагічныя нішы.

- Вы несмяротныя? - перапытаў Радаслаў. - І ў гэтым, як я пачынаю здагадвацца, ваша таямніца?

- Так. Ты правільна здагадаўся.

- Ніколі не верыў, што калі-небудзь сустрэну несмяротнага, - пасля маўчання раздумліва прамовіў Радаслаў. - Ніколі не верыў... Хаця чаму здзіўляцца? Яшчэ ж блажэнны Аўгусцін сказаў: «Цуды не супярэчаць прыродзе, яны супярэчаць толькі вядомай нам прыродзе». А зараз перада мной - невядомая прырода. І я рады, вельмі рады такой сустрэчы, хоць, магчыма, мне пагражае смяртэльная небяспека. Ён пацёр правай рукой лоб, папрасіў: - Адпусці жанчыну і мяне.

- Я павінен правесці эксперымент. Эксперымент - вышэй за ўсё, - жорстка сказаў Пяціног.

- Хіба мы, зямляне, марскія падвопытныя свінкі? - вочы ў Радаслава наліліся гнеўным бляскам. - Хіба мы давалі табе сваю згоду?

- Яна непатрэбна, ваша згода, для несмяротнага, - перарваў яго Пяціног. - Я абавязаны абшукаць усе самыя патаемныя куточкі твайго і жаночага мозгу. Вышэй усяго - інтарэсы Сіняй Зоркі.

- Але я пратэстую! - закрычаў Радаслаў і хацеў устаць з крэсла.

Плазмоіды, чырвоныя і фіялетавыя, пагрозліва закружыліся над ім, ды пакуль што нічога не рабілі, пэўна, чакаючы рашэння Ўльтрамозга, Уладара Таямніцы. Пяціног пачаў павольна выпростваць дзве свае бліскучыя лускаватыя нагі. Такі манеўр быў ужо добра вядомы Радаславу - дацягнецца нагамі як мага бліжэй да твару і адключыць свядомасць гіпнозам.

- Дзярмо! - крычаў Радаслаў. - Касмічны бруд! Пяцілапы бандыт!

Ногі няўмольна набліжаліся. Хвіліна-другая - і залье душу халодная абыякавасць. Раптам у залу, гучна тупаючы, увайшоў робат, начальнік дзесяткі, аб'явіў:

- Яны атакуюць Нябесны Зуб.

Пэўна, і несмяротныя не пазбаўлены такой вельмі вострай эмоцыі, як здзіўленне, бо Пяціног, імгненна забыўшыся пра Буслейку, неяк сутаргава падкурчыў дзве свае агрэсіўныя нагі, спытаў:

- Хто атакуе?

- Дзік, які аб'явіў сябе каралём жывёл планеты Вар, разам з ім конь, бык, певень і маленькі чалавек з планеты Зямля.

- І ўсё? - здзівіўся Пяціног. - Дык гэта ж самазабойцы. Яны ідуць па тунелі?

- Па тунелі.

- Бяры Жалезных Людзей, сустрэнь гэтых дурняў у тунелі і знішчы іх.

Робаты пачалі выходзіць з трох сваіх казармаў, строіцца ў шарэнгі. У руках былі чорныя пруты. Пяціног выкаціўся ўслед за імі, сачыў за пастраеннем і пакуль што пакінуў Радаслава ў спакоі.

Вось бліскучая металічная вужака, цяжка ступаючы па застылай чырванаватай лаве, узнялася туды, дзе зеўраў пралом-калодзеж тунеля. І раптам усё пацямнела, быццам хмара імгненна закрыла нябесны абшар. Вастракрылыя вёрткія птушкі густа ўсеялі круглую лапіну неба над кратэрам.

- Крангі! - закрычаў Пяціног.

Роўна дзве тысячы асляпляльна белых з чырвонымі плямамі яйкабомбаў паляцелі на галовы Жалезным Людзям. Робаты ўбачылі гэта, зразумелі, якая бяда чакае іх усяго праз некалькі імгненняў, але былі пазбаўлены хоць якога-небудзь манеўру, бо злучаліся між сабой энергасілавым дротам. Крангам цяжка было прамахнуцца. Іхнія яйкі разрываліся ў самай гушчыні Жалезных Людзей. Тое яйка, што ўразалася ў лаву, уздымала буры пылавы слуп, сякучую каменную крошку. Робатаў збівала, валіла з ног. Калі падаў адзін, падаў і ягоны сусед, цягнучы за сабой ледзь не ўсю шарэнгу. Выбуховыя яйкі гучна лопаліся на бліскучых галовах, спінах. Страшная сіла адрывала металічныя кляпаныя лісты, і яны з пранізлівым віскам разляталіся наўкол. Чорныя пруты некаторых робатаў пачалі ў гэтым хаатычным жалезным месіве знішчаць усё, да чаго дакраналіся. З дзвюх соцень Жалезных Людзей ацалела штук трыццаць - сорак, не болей. Выратаваўся той, каму пашанцавала заскочыць пад тоўсты каменны казырок, што цяжка вісеў над уваходам у тунель.

- Ты ж казаў, што атакуюць адны толькі жывёлы і маленькі чалавек! - шалеючы ад гневу, закрычаў Ультрамозг, Уладар Таямніцы, начальніку дзесяткі. - Ты нічога не даклаў мне пра крангаў! Дурное ржавае вядро! Сёння ж пойдзеш у пераплаўку!

Начальніку дзесяткі адарвала левую нагу. Ён сядзеў у смуродлівым чорным пыле, вельмі перажываў, біў па сваёй жалезнай галаве жалезнымі рукамі, але не стагнаў і не плакаў - робаты не маюць слёз.

- Бітва яшчэ толькі пачынаецца, - спакайнеючы і не звяртаючы болей аніякай увагі на пакалечанага начальніка дзесяткі, сказаў Пяціног. - Мае верныя адважныя саюзнікі, фіялетавыя і чырвоныя плазмоіды, пакажыце сваю вернасць і сваю адвагу. Перад вамі слабыя нікчэмныя стварэнні, якія хочуць валодаць Нябесным Зубам і ўсім Варам. Разатрыце іх у слізь, у пыл, ператварыце іх у вецер, што свішча над гнілым балотам.

Дзве эскадрыллі фіялетавых і чырвоных плазмоідаў (прыкладна, па сто шароў у кожнай) пагрозна вырваліся з-пад нізкіх, акаваных стальнымі пласцінамі скляпенняў каравульнага памяшкання, паплылі ў бок тунеля. Перад самым уваходам у тунель яны прытармазілі, трохі пачакалі, бо начальнік дзесяткі, што невядома якім чынам паспеў даклыпаць сюды, загадаў Жалезным Людзям збіраць і кідаць у чорную яміну тунеля металічны лом, друз - рэшткі сваіх ужо нерухомых таварышаў. Здавалася, гіганцкая катапульта страляе жалезам. Ляцелі зверху ўніз цяжкія металічныя галовы, рукі, тулавы. Робаты не сумняваліся, што гэта лавіна змяце на сваім шляху ўсё.

Калі загрымела зверху і пасыпалася жалезнае ламачча, Аюс Першы жвава адскочыў убок, прыціснуўся да шурпатай сцяны тунеля. Тое самае зрабілі Яр, Іг, Кук і Клён. У гэтую ж хвіліну сотні плазмоідаў з чатырох кланаў (сіні клан рыхтаваў атаку ў іншым месцы) ірвануліся наперад, сышліся, зліліся ў своеасаблівы плазменны шчыт, які густа заіскрыўся, запульсаваў, сустракаючы жалезны град, прымаючы ўвесь удар на сябе. Жалеза імгненна плавілася, выпаралася. Ад нясцерпнай гарачыні, здавалася, вось-вось аблупіцца скура, выскачаць з вачніц вочы. Аб тым жа, што дзеелася па той бок ахоўнага плазменнага шчыта, якое там лютавала пекла, можна было толькі здагадвацца.

Жалезныя Людзі, выкарыстаўшы, пакідаўшы ў тунель увесь металалом, рушылі ў атаку самі. Яны не ведалі, што такое страх смерці або страх цяжкога калецтва, і таму адважна ішлі на зіхоткі плазменны шчыт, якім быў перагароджаны тунель. Фіялетавыя і чырвоныя плазмоіды плылі следам, схаваўшыся ў іх за плячамі.

Клён, які стаяў, прыціснуўшыся да сцяны тунеля, убачыў, што ў плазмоідным шчыце з'явіліся раптам дзве даволі вялікія круглыя адтуліны, падобныя на соплы. Так вясной у цёмных дажджавых хмарах адчыняюцца ясныя, напоўненыя блакітам і сонцам «вокны». Праз іх Клён разгледзеў першую шарэнгу Жалезных Людзей. Яна, цяжка грукочучы, набліжалася, як бы затапляючы сабой увесь тунель.

Плазмоіды з чатырох кланаў узбуджана зашыпелі, пачалі мяняць колер і раздзімацца, рыхтуючыся да бітвы. Не ўсе з іх зліліся ў шчыт, стаўшы яго цаглінамі. Многія, не змяніўшы сваю форму, групаваліся за шчытом, як за барыкадай, пэўна, чакаючы нейкага сігналу. Раптам пачуўся прарэзлівы свіст.

Ад плазменнага шчыта аддзяліліся два вузкія доўгія адросткі, як дзве рукі. Яны схапілі пеўня Кука і праз адтуліну ў шчыце кінулі проста пад ногі Жалезным Людзям. Бедны Кук не паспеў нават дзюбу раскрыць або крыллем залопаць. Абураны Аюс ірвануўся да адтуліны, каб выбавіць свайго падданага, але яна імгненна знікла, зрабіўшыся суцэльнай плазменнай перагародкай, і дзік толькі абпаліў лыч. Клён здагадаўся, што плазмоіды рашылі выкарыстаць пеўня ў якасці своеасаблівай ахвяры, і зараз яны назіраюць, як адрэагуюць робаты на гэту ахвяру.

Жалезныя Людзі працягвалі ісці як ішлі. Яны б растапталі пеўня, але ў самы апошні момант Кук, спалохана закукарэкаўшы, узляцеў і сеў на плячо аднаму з робатаў. Той нават галаву не павярнуў. «Перамагаюць не самыя разумныя, а самыя жорсткія», - успомніліся Клёну словы са шматсерыйнага тэлебаевіка аб 7-й Нафтавай вайне. Ён адчуў, як да сэрца падкочваецца страх.

- Што вы робіце?! - закрычаў Клён, і невядома было, да каго звернуты крык - да плазмоідаў або да Жалезных Людзей.

Востраканцовыя зіхоткія маланкі выскачылі з плазменнага шчыта, ударылі перад самымі нагамі ў робатаў, а потым - праз імгненне - і па нагах. Пярэдняя шарэнга павалілася, як трава пад узмахам наточанай касы. Рэзкі ляскотны гук ад такога падзення пакаціўся па тунелі. Зверху пасыпаўся абпалены пясок. Але робатаў, якія ацалелі, гэта ніколькі не збянтэжыла. Яны вышэй узнялі ногі, пераступілі сваіх пераможаных сабраццяў, пайшлі, не збаўляючы крок, наперад. «Цуг, цуг, цуг», - глуха неслася з цёмнага задымленага тунеля. Тады з плазменнага шчыта зноў вырваліся два доўгія вузкія адросткі, зноў схапілі пеўня, які акамянела сядзеў на плячы ў робата, шпурнулі пад ногі Жалезным Людзям. Певень, як зразумеў Клён, зрабіўся разменнай манетай у жорсткай гульні жыцця і смерці. Певень не быў плазмоідам, не быў робатам, і яго, як чужую незразумелую іпастась, можна было прыносіць у ахвяру. «Яны, плазмоіды, і мяне б схапілі і кінулі за шчыт, але Кук лягчэйшы, і таму кінулі Кука», - з крыўдай і гневам падумаў юны зямлянін. Ён адчуў вострую шкадобу да пеўня, да камяка жывой плоці, якая павінна пакутаваць у гэтым хаосе, у агні і дыме. На Зямлі яго вучылі, што жыццё, і не толькі чалавечае, вышэй за ўсё. Ды тут дзейнічаюць зусім іншыя законы, іншыя каштоўнасці і матывацыі. Клёну Дубровічу ўспомнілася славутая фраза славутага акадэміка Вярнадскага: «Ці такі ўжо мэтазгодны наш свет?» Пад «нашым светам» мелася на ўвазе, вядома ж, Зямля, яе разумныя і гордыя насельнікі. Ён заўсёды быў глыбока перакананы ў мэтазгоднасці зямнога чалавечага свету, той наасферы, што стваралася інтэлектам і рукамі людзей. Ён верыў, што чалавечая раса абавязкова заселіць Бліжні і Дальні Космас. Але тут, на Вары, упершыню прыйшло адчуванне абмежаванасці творчага патэнцыялу зямной цывілізацыі. І плазмоіды, і Жалезныя Людзі, і той жа Аюс неслі столькі загадак, былі такія непрадказальныя і шматварыянтныя, што юны зямлянін канчаткова пераканаўся: «Чалавек, як яму ні было б крыўдна, не з'яўляецца мерай усіх рэчаў і вянцом Прыроды. Ён - толькі часцінка Сусвету, адна з некалькіх дарог, і наогул, мяркуючы па ўсяму, Прырода не мае нейкай магістральнай мэты, цэнтральнай звышзадачы. Прырода жыве, самаразвіваецца - і ўсё».

Жалезныя Людзі ў рэшце рэшт растапталі Кука. І тады не адна, не дзве, а дзесяткі маланак ударылі з плазменнага шчыта і пачалося знішчэнне робатаў. Клён бачыў, як адважна махаюць яны чорнымі прутамі, як робяцца вішнёвымі ад лютай гарачыні, як напачатку тоненькімі, а неўзабаве шырокімі бурлівымі ручаямі расцякаюцца іхнія металічныя грудзі і ногі. На вачах яны ператвараліся ў бліскучыя лужыны. Захапіўшыся разгромам Жалезных Людзей, чатыры кланы прапусцілі момант, калі фіялетавыя і чырвоныя плазмоіды апынуліся ў іхнім тыле, прарваўшыся праз адтуліны ў шчыце. Толькі аднойчы назіраў Клён нешта падобнае. Тры гады назад разам з бацькам ляцелі яны ў аэробусе ў Стакгольм і над Балтыйскім морам трапілі проста ў эпіцэнтр навальніцы. За ілюмінатарамі было мора агню, найярчэйшыя ўспышкі, гарматная страляніна грому, вогненна-пякучая павуціна маланак, што апляла ўсю нябесную сферу. І горы воблакаў. То снежна-белыя, то чырвоныя або карычневыя. У гэтым жахлівым месіве вялізны цяжкі аэробус шпурляла ўверх і ўніз, як дзіцячы паветраны шарык. Зараз у тунелі Клён перажываў такое ж самае спусташэнне душы, калі чалавек перакананы, што праз адну-дзве хвіліны скончыцца жыццё. Яго падхапіў гарачы віхор, кінуў на цвёрдую шурпатую сцяну. Ён, безумоўна, разбіўся б, але некалькі плазмоідаў акружылі яго, і ў лічаныя імгненні ён апынуўся ўнутры своеасаблівай ахоўнай капсулы з празрыстымі сценкамі. Капсулу матляла ў бакі, і Клён упіраўся рукамі і нагамі, стараючыся ўтрымацца ў вертыкальным становішчы. Наўкол грымела жорсткая бітва. Яркія вострыя прамяні разразалі змрок. Вось адзін з такіх смертаносных прамянёў выпусціла, выстраліла з сябе Клёнава капсула, і чырвоны плазмоід, што ішоў, здавалася, на таран, аглушальна лопнуў, разляцеўся на кавалачкі.

Сілы былі няроўныя. Фіялетавыя і чырвоныя плазмоіды адступілі з тунеля ў кратэр. З робатаў не ацалеў ніводны.

Клён імкліва ляцеў у капсуле, азіраўся па баках - хацеў убачыць Аюса з жывёламі. Але іх нідзе не было. Усюды валялася пабітае, папаленае жалеза. Плазмоіды чатырох кланаў густым роем кіраваліся туды, дзе віднеўся ўваход у кратэр. Там ззяў круглячок святла.

У гэты час Пяціног, сабраўшы вакол сябе рэшткі плазмоідаў і робатаў з Залы Новых Нараджэнняў, загадаў прывесці Радаслава Буслейку і Веру Хрысцінюк. Зямляне прыйшлі, трымаліся незалежна і горда. Вера абапіралася аб Радаславава плячо.

- Я памыліўся, - сказаў Пяціног. - Хоць Ультрамозг, Уладар Таямніцы, не можа памыляцца, але я гатовы прызнаць уласную памылку, адзіную за трыста шэсць апошніх гадоў. Мне патрэбна было правесці эксперымент не над мужчынам і жанчынай, а над падлеткам па імені Клён. Яго, як мне вядома, называюць Гарантам Вечнага Шру.

Пры гэтых словах фіялетавыя і чырвоныя плазмоіды захваляваліся, абурана зашумелі:

- Дзе ён?!

- Адшукай і знішчы яго, Ультрамозг, Уладар Таямніцы!

- Ён вось-вось будзе тут, перад намі, - папераджальна выставіў уперад тры свае нагі Пяціног. - Праз граніт і застылую лаву я ўжо бачу, як імчыцца ён сюды, знаходзячыся ўнутры нейкага сасуда. Ага - ён знаходзіцца ў капсуле, а гэту капсулу стварылі сваімі целамі аранжавыя, жоўтыя, зялёныя і блакітныя плазмоіды. Чамусьці не бачу сярод іх сініх. Дзе сінія плазмоіды?

- Яны пачалі атаку з паўночнага боку вулкана, - адказалі яму.

- Дурні, - засмяяўся Пяціног. - Роўна праз сто чатыры гады прыляціць міжгалактычны ўльтралёт з Сіняй Зоркі. Я хацеў узяць іх з сабой.

- Вазьмі нас, - залемантавалі фіялетавыя і чырвоныя плазмоіды.

- Сваім колерам яны вельмі і вельмі тасаваліся б да пейзажаў Сіняй Зоркі, - быццам не пачуўшы іх, казаў далей Пяціног. - Але яны (о неразумная дзікая плазма!) пайшлі вайной на мяне, Ультра-мозга, Уладара Таямніцы, быццам я не даваў ім інтэлектыт і не вылучаў іхні колер з усіх астатніх колераў.

- Вазьмі нас, - зноў узвысілі голас фіялетавыя і чырвоныя плазмоіды.

- Чаго або каго вы баіцёся? - нарэшце звярнуў на іх увагу Пяціног. - Бялковых смертных істот? Дык вось дзве такія істоты стаяць перад вамі. Я ўзяў іх у палон і магу зрабіць з імі ўсё, што толькі захачу. А можа, вы смерці баіцёся? Дык у вас жа ёсць Рака Адноўленых Твараў. Праз нейкі час пасля свайго знікнення вы зноў адновіцеся. І так - вечна. Чаго ж вы хочаце?

- Знішчы з Зямлі падлетка па імені Клён! - хорам закрычалі плазмоіды. - Забі таго, каго назвалі Гарантам Вечнага Міру! Мы жадаем, мы прагнем бясконцай вайны з Бялковай Цывілізацыяй!

- Няўжо вам так хочацца вайны? - ціхім голасам сказаў Радаслаў Буслейка, але яго адразу ж пачулі. - Як мне вядома, пяць кланаў плазмоідаў, пяць кланаў вашых братоў заключылі мір з чалавецтвам. Я сам бачыў, як гарэла зялёная трава і плавіўся пясок на беразе Пятровіцкага вадасховішча. Няўжо толькі на гэта здольна Старая Цывілізацыя? Мы - антыподы. Але мы разам існуем у Сусвеце. Давайце існаваць паралельна, мірна, не скрыжоўваючы кап'ё і меч. Напачатку было Слова...

- Напачатку была Зброя! - крыкам перарвалі яго плазмоіды.

- Любоў... - казаў далей Радаслаў.

- Нянавісць! - яшчэ гучней закрычалі плазмоіды.

Узняліся страшэнны гвалт, густое металічнае гудзенне, якое пераходзіла ў злавеснае шчоўканне. З плазмоідаў пасыпаліся іскры. Яны пачалі раздзімацца, прычым з шарападобных і эліпсавідных некаторыя, напэўна, самыя агрэсіўныя, рабіліся востравугольнымі. Цяжка сказаць, што чакала б Радаслава і Веру, але ў гэты момант у кратэр Нябеснага Зуба праз тунель уварваліся чатыры кланы. Паміж іх у празрыстай непрабівальнай капсуле імчаўся Клён Дубровіч. І адразу ж з нябёсаў ударылі страбы. Дзесяць магутных птушак, на імгненне як бы засланіўшы ўсё неба, спікіравалі дакладна туды, дзе стаялі Радаслаў з Верай, прыкрылі іх крыламі. Затым дзве птушкі з двух бакоў шчыльна падступілі да стрэсаператара, нагнулі свае прыгожыя моцныя шыі. Радаслаў зразумеў - абхапіў гэтыя шыі рукамі, і страбы лёгка ўзняліся, панеслі яго з Нябеснага Зуба. Трэці страб ляцеў знізу - страхаваў.

Фіялетавыя і чырвоныя плазмоіды, убачыўшы такое, з найвялікшай ярасцю напалі на астатніх страбаў, якіх заставалася сямёра, прычым трое намерваліся выносіць з вулкана Веру Хрысцінюк. Але жыхары воблакаў спрытна ўхіліліся ад іхніх стрэлаў-маланак, і, у сваю чаргу, самі перайшлі ў атаку. Аказваецца, страбы ведалі тую адзіную кропку, тую своеасаблівую «ахілесаву пяту», ударыўшы ў якую, можна было паралізаваць плазмоіда. Некалькі шароў глуха засіпелі і ўпалі, падняўшы воблачкі вулканічнага пылу. У гэты час Вера Хрысцінюк ніяк не адважвалася даверыць сваё жыццё страбам, узляцець разам з імі.

- Баюся, - шаптала яна, пазіраючы то на дзіўных птушак, то на неба.

Дарэмна падстаўлялі страбы шыі, нават падштурхоўвалі яе моцнымі крыллямі. Жанчыну скаваў страх.

- Не магу, баюся, - паўтарала яна, нібы зацыкліўшыся на двух гэтых словах. - Я слабая... У мяне змярцвеюць, не вытрымаюць рукі, і я ўпаду з вышыні. Я не хачу разбіцца...

- Вера! - закрычаў Клён Дубровіч, выскокваючы са сваёй ахоўнай капсулы, якая, ледзь крануўшыся паверхні Вара, імгненна расчынілася. - Я тут! Нічога не бойся!

Ён адчуваў надзвычайную адвагу, рашучасць, ён гатоў быў схапіцца загрудкі з самім Пяціногам. Але Ўльтрамозг, Уладар Таямніцы, апярэдзіў яго. Лускаватыя залацістыя ногі павярнуліся, нібы антэны, да Веры, і загучаў меладычны чысты, як ранішняя раса, голас, у якім была непадуладная чалавечаму разуменню ўсёпранікальнасць.

- Ідзі да мяне, Жанчына, ідзі да мяне, безабаронная і несуцешная, - загаварыў Ультрамозг, Уладар Таямніцы. - Я напоўню тваю душу жыццём. Я павяду цябе ў мроі. Сіняя Зорка, чакаючы, глядзіць на цябе з Космасу.

Вера Хрысцінюк шчасліва ўспыхнула тварам, заплюшчыла вочы, выцягнула ўперад рукі і пайшла да Пяцінога. Расступіліся страбы, расплыліся ў бакі фіялетавыя і чырвоныя плазмоіды.

- Не ідзі! Спыніся! - крычаў Клён. - Паглядзі на мяне, Вера! Ты станеш ягонай заложніцай! Пракляты Пяціног! Агідзіна!

Клён схапіў камяк застылай лавы, шпурнуў у Пяцінога. На ляту гэты сухі камяк ператварыўся ў букецік надзіва прыгожых яркіх кветак, падплыў да Веры, мякка тыцнуўся ёй у руку. Яна, не расплюшчваючы вачэй, узяла кветкі, панюхала, ціха засмяялася.

Плазмоіды чатырох кланаў узбуджана зашыпелі, згрупаваліся, і на Пяцінога абрушыўся ўраганны ўдар іхніх смертаносных прамянёў. Але на самым падлёце да зіхотка-велічнай зоркі ўсе гэтыя, здавалася б, неадольныя прамяні раптам зламаліся, выгнуліся і слізганулі ўгору, не прычыніўшы Пяціногу ніякай шкоды. Некаторыя з іх нават весела лопнулі, узарваліся рознакаляровымі бяскрыўднымі агеньчыкамі, нібы святочныя петарды.

Вера тым часам радасна і бязвольна падышла да Пяцінога, апусцілася перад ім на калені. Твар быў натхнёны, светлы.

- Я прыручыў яе, самку чалавека, - засмяяўся Ўльтрамозг, Уладар Таямніцы. - Вось гэтак на планеце Зямля першалюдзі, або, калі быць дакладным, малпалюдзі, прыручалі дзікіх жывёл. Жывёлы рабіліся свойскімі, пакорнымі, аддавалі малпалюдзям малако, мяса, воўну, сваю сілу, сваіх дзяцей. На Сіняй Зорцы нам, Вялікай Расе Ўльтрамозгаў, Уладароў Таямніцы, аддана служаць безліч механічных робатаў. Праз сто чатыры гады я прывязу туды біяробатаў, прывязу людзей. Гэта будзе найвялікшая асалода - панаваць над істотамі, абалонка ў якіх зроблена не з металічных пласцін і ад якіх не смярдзіць мярзотнай іржой і дымам. Каля маёй Дарожкі Ўспамінаў на Сіняй Зорцы будзе стаяць на каленях не адна яна, а тысячы такіх, як яна, распусціўшы мяккія пяшчотныя валасы, пазіраючы на мяне ўмольнымі вачамі, у якіх гараць салодкія агеньчыкі.

- Адпусці яе! - закрычаў Клён. Але Пяціног, не звяртаючы на яго ніякай увагі, казаў далей:

- Зараз я зазірну ў самыя глыбінныя, у самыя патаемныя куточкі гэтай істоты. Нішто не схаваецца ад майго позірку. Ды я ўжо бачу, аб чым думае, аб чым марыць яна.

Пяціног рэзка ўзвіў угору свае ногі, скрыжаваў іх, сплёў у шчыльнае кола, а сам завіс у паветры і зрабіўся падобны на лятаючую талерку. Адразу пад ім з'явіўся невялічкі лужок з аксамітнай, роўна падстрыжанай травой, з блакітным мячыкам на гэтай траве, з дзецьмі, светлавалосым пульхнашчокім хлопчыкам гадоў трох і такой жа дзяўчынкай, якія весела цягнулі ручкі да мячыка. Сінякрылая страказа, як іскрынка, успыхнула над лужком, пакружылася, палётала і села на далоньку дзяўчынкі. Вера Хрысцінюк, ледзьве-ледзьве расплюшчыўшы вочы, замілавана глядзела на гэту ідылічную сцэнку. Само шчасце ззяла ў позірку.

Плазмоіды пяці кланаў (падляцеў і сіні клан) зноў пагражальна зашыпелі, пачалі ўсё бліжэй падплываць да Ўльтрамозга, Уладара Таямніцы. Ён імгненна знішчыў, сцёр міраж, прыняў форму зоркі, сказаў урачыстым голасам:

- Ведайце, што я - Бязмежны ў Часе, Несмяротны і Неразбуральны. Што б вы ні рабілі, што б ні хацелі зрабіць, я буду існаваць. Энергія Сіняй Зоркі, якая пульсуе ўва мне, маё астральнае поле могуць скрыўляць Час, бо Час таксама матэрыяльны, могуць прыспешваць або замаруджваць яго. Гэту істоту, гэту жанчыну з планеты Зямля вы ўжо ніяк не вернеце. Ніяк.

- Я ведаю, як вярнуць яе! - крыкнуў Клён Дубровіч, і вочы ягоныя заблішчалі.

- Ты? - здзівіўся Ўльтрамозг, Уладар Таямніцы. - Яе можна вярнуць толькі мёртвай, вярнуць толькі абалонку.

- Ты вернеш гэту жанчыну жывую, бо замест яе да цябе пайду я.

Наступіла раптоўная цішыня. Было чутно, як недзе высока-высока пад воблакамі, а можа, і за воблакамі, крычыць страб, было чутно, як грукоча Клёнава сэрца.

«Што ты надумаў, сынок?! Што ты гаворыш?! - Як усплёск маланкі, як пажарная сірэна, пранізаў Клёнаву душу роспачны голас-крык маці, голас Бярозкі Дубровіч - мазгаграма з далёкай Зямлі. - Апамятайся! Спыніся! Мы з бацькам не зможам жыць без цябе!»

Твар Клёна пабялеў, вусны пакутліва скрывіліся, ён пацёр далонямі скроні, ціха сказаў:

- Вы ж самі вучылі мяне... Я - зямлянін. Я - мужчына. Я павінен абараніць жанчыну з планеты Зямля. Вы ж самі вучылі мяне.

 

1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   12


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка