Леанід Дайнека Чалавек з брыльянтавым сэрцам




старонка9/12
Дата канвертавання02.04.2017
Памер2.67 Mb.
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   12

ЧАЛАВЕК, СЫН ЧАЛАВЕКА


 

XIII


 

Усе тэлестанцыі і радыёстанцыі Зямлі, перарваўшы свае перадачы, літаральна прастрэлілі эфір трывожным сенсацыйным паведамленнем:

«Як толькі што стала вядома, на планеце Вар вернута жыццё пятнаццацігадоваму падлетку з мегаполіса Менск Клёну Дубровічу. Гэта той самы падлетак, якога называлі Гарантам Вечнага Міру. Такім чынам, закладзены краевугольны камень у падмурак добрасуседскіх мірных адносін Старой Цывілізацыі і зямлян. Але гадзіну назад Клён Дубровіч, ратуючы жыццё Веры Хрысцінюк, добраахвотна стаў заложнікам нейкай нявысветленай істоты або сістэмы з пакуль што невядомай нашым астраномам планеты Сіняя Зорка. Клён Дубровіч ахвяраваў сабой. Грамадзяне Індаэўрапейскай Канфедэрацыі Вера Хрысцінюк і Радаслаў Буслейка, якія на планеце Вар удзельнічалі ў ажыўленні Клёна, знаходзяцца ў бяспечным месцы, рыхтуюцца да вяртання на Зямлю. Больш дакладная інфармацыя маецца ў рэпарцёра Індаэўрапейскага тэлебачання Навума Масейкіна».

Праз некалькі імгненняў на тэлевізійных экранах усёй планеты, арбітальных касмічных станцый, шахцёрскіх пасёлкаў Месяца і Марса з'явіўся Навум Масейкін. Ён быў разгублены і не паспеў нават як след прычасаць сваю чарнявую кашлатую чупрыну.

- Спадар Масейкін, - звярнулася да яго маладзенькая сімпатычная дыктарка, вочкі ў якой аж гарэлі ад цікаўнасці, - якім чынам вы атрымалі інфармацыю з планеты Вар?

Масейкін адкашляўся, прыгладзіў рукою валасы і раптам сказаў:

- Ці ёсць у вас тут хоць глыток мінералкі? У горле перасохла.

Сімпатычная дыктарка дужа здзівілася - ас тэлерэпартажу, стары тэлевізійны воўк, і раптам такі «пракол», такая неахайнасць у жывым эфіры. Але адразу ж забулькала мінеральная вада. Масейкін зрабіў некалькі прагных доўгіх глыткоў, выцер вусны беласнежнай насоўкай.

- Ідыёцкая смага, быццам толькі што пешшу адолеў пустыню Сахара, - сказаў ён. - А інфармацыю аб апошніх падзеях на планеце Вар я атрымаў ад маёй сяброўкі Веры Хрысцінюк.

- Той самай?

- Так, той самай, якая знаходзіцца ў лапах, а можа, у руках ці нават у нагах (разумееце?) страшыдлы па імені Ўльтрамозг, Уладар Таямніцы. Гэта несумненна высокаарганізаваная разумная істота ў форме пяцікутнай зоркі, валодае моцным энергетычным полем, мае на сваім узбраенні гіпноз і яшчэ сякія-такія штучкі.

- Штучкі? - зачаравана перапытала дыктарка. - Ці не можаце вы, спадар Масейкін, болын папулярна, болып даходліва растлумачыць нашым тэлегледачам тое, аб чым расказваеце?

- У гасцях у гэтай зорачкі, - усміхнуўся Навум, - быў не я, а Вера. Я атрымаў ад Хрысцінюк мазгаграму, з якой вынікае, што Ўльтрамозг, Уладар Таямніцы, нейкім чынам можа ствараць эфект фата - марганы, складанай, надзвычай рэдкай формы міража.

- Як цікава, - прашаптала дыктарка.

- Мы жывем у эпоху касмічнага мыслення чалавецтва, у эпоху, калі стваральная энергія пакрысе пачынае перамагаць разбуральную, - натхняючыся, зацугляў свайго любімага коніка - красамоўства - Масейкін. - Па маім глыбокім перакананні, на планеце Вар наша зямная цывілізацыя ўшчыльную сутыкнулася з пакуль што невядомай нам магутнай цывілізацыяй. Я кажу не пра плазмоідаў, не пра СЦ. Я маю на ўвазе так званага Ўльтрамозга, Уладара Таямніцы. У мазгаграме Веры Хрысцінюк мяне насцярожылі некалькі не зусім зразумелых слоў.

- Якія ж гэта словы? - кальнула яго, як птушачка дзюбай, цікаўна-вострым позіркам дыктарка.

- Біяробаты... Рабы... Прыгожыя рабыні...

- Што, на вашу думку, гэта можа азначаць?

- Я не з'яўляюся членам Сусветнай Федэрацыі Астролагаў імя Настрадамуса, але таксама нашу галаву на плячах і, здаецца, (так, у прыватнасці, лічыць мой цесць) недурную, - сказаў Масейкін. - Думаецца, што ў блізкай ці далёкай будучыні мы, зямляне, павінны чакаць экспедыцыю, і не адну, з планеты Сіняя Зорка. Добра, што мы не паддаліся атакам пацыфістаў і захавалі войска, рэгулярнае войска.

- Няўжо паміж канфедэрацыямі можа ўспыхнуць вайна? - аж прыўзнялася са свайго цёмна-вішнёвага крэсла дыктарка.

Навум Масейкін зірнуў на яе, як на першакласніцу.

- Войска спатрэбіцца нам, каб адбіць напад з Космасу, - растлумачыў ён. - На жаль, спадарыня вядучая, ВЭП канчаткова ўсталявалася толькі ў нашым не дужа аб'ёмістым рэгіёне Сусвету. Ёсць яшчэ, як напісалі б раней, касмічныя каланізатары, якія, пакуль мы з вамі тут сядзім, пакуюць ужо недзе ў грузавыя ракетапланы люстэркі, завушніцы, званочкі, бразготкі і іншую драбязу.

- Навошта? - не зразумела дыктарка.

- Ды дзеля таго, каб за ўвесь гэты бліскучы і траскучы друз адцяць у нас палову планеты, а то і ўсю яе матухну разам з намі ў дадатак. Яны ж лічаць нас за папуасаў.

Дыктарка засмяялася.

- А вы, аказваецца, песіміст.

- Любачка ты мая, - прыклаў рукі да грудзей, прыкінуўся местачковым блазнам Масейкін, - калі я быў пяцігадовым шпінгалетам, я быў такі вясёлы, радасны, усмешлівы, што мая бабка Фаіна гаварыла маім бацькам: «Ну й аптыміст ён у вас, хоць ты мухам яго скармі». Вось так. Мы, людзі, людзі-чалавекі, павінны быць (я ў гэтым глыбока перакананы) разумнымі песімістамі. Свой пік, сваю вяршыню мы ўжо ўзялі, і, хочам мы гэтага, ці не хочам, неабходна думаць аб тым, як без сінякоў, без драпін асцярожна спусціцца ўніз на альпійскія лугі жыццёвых рэалій.

- Ды вы паэт! - няшчыра ўсклікнула дыктарка, бо ў яе планы зусім не ўваходзіў тэледыспут на філасофскую тэму.

- Як вы думаеце, - перавяла яна гаворку ў патрэбнае рэчышча, - што можа пагражаць у гэтыя хвіліны Веры Хрысцінюк, Буслейку і Дубровічу на планеце Вар? Асабліва Клёну Дубровічу?

Навум Масейкін уздыхнуў.

- Я добра знаёмы з сям'ёй Дубровічаў. Клён - цудоўны малады чалавек, разумнік, сур'ёзна цікавіцца гісторыяй планеты, філасофіяй. Учора я амаль паўдня глядзеў на яго фатаграфію. Вы ж, напэўна, ведаеце, што калі чалавек памрэ, памрэ сваёй смерцю, ягонае фота адразу, што называецца, тухне, траціць кантраснасць, бляск. Гэта дзейнічае нядаўна адкрыты эфект доктара Каласкоўскага. Калі ж чалавека забіваюць, фота павольна тухне на працягу некалькіх дзён. Спяшу супакоіць паважаных тэлегледачоў: фатаграфія Клёна Дубровіча, як я ні ўзіраўся ў яе, абсалютна не змянілася, а з гэтага вынікае, што наш адважны хлопчык жывы.

- Брава! - пляснула ў ладкі дыктарка. - Мы будзем чакаць яго ўсёй планетай! І яшчэ я хачу паведаміць усім шаноўным тэлегледачам і вам, спадар Масейкін, што мы, маладыя журналісты Індаэўрапейскага тэлебачання, паслалі на адрас Надзвычайнага З'езда Ўсіх Зямных Канфедэрацый тэлеграму, у якой прапануем прысвоіць Клёну Дубровічу за ягоны гераічны высакародны ўчынак званне Чалавека з брыльянтавым сэрцам, вышэйшае ганаровае званне планеты Зямля.

Тут ужо Навум Масейкін даў волю радаоным эмоцыям, але амаль адразу ж астудзіў сябе.

- Дык жа Клёну яшчэ няма шаснаццаці, - сказаў ён.

- Ну й што? - упэўнена парыравала дыктарка. - Нас падтрымала Ліга Акселератаў.

- Хіба ўжо ёсць і такая? - здзівіўся Масейкін.

- Ёсць. І яна настойвае, каб нават дванаццацігадовыя жыхары планеты Зямля карысталіся абсалютна ўсімі грамадзянскімі правамі. Іхні інтэлект нічым не саступае інтэлекту шаснаццацігадовых. Ці я кажу няпраўду?

Навум Масейкін дыпламатычна паціснуў плячыма.

Усе наступныя дні ў шмат якіх гарадах планеты адбываліся шэсці, стыхійныя мітынгі. Людзі неслі транспаранты: «Выратуем Клёна Дубровіча!», «Выратуем сына Планеты!», «СЦ, ты з намі ці з Сіняй Зоркай?!», «Касмічныя войны - у чорную дзірку!». Асабліва бурны мітынг адбыўся ў Менску, родным горадзе Клёна. Сотні тысяч людзей затапілі вуліцы, плошчы. На вуліцы Заслаўскай каля двухпавярховага катэджа сям'і Дубровічаў моладзь арганізавла збор подпісаў пад прапановай прысвоіць іхняму земляку званне Чалавека з брыльянтавым сэрцам. У гэты час на балкон выйшаў Гай Дубровіч, якога сустрэлі авацыяй. Гай узняў руку, просячы цішыні, і калі ўсталявалася крохкая цішыня, сказаў разгубленым голасам:

- Няўжо гэта так важна?

- Важна! - закрычалі юнакі і дзяўчаты. - Важна! Ваш сын павінен стаць першым беларусам, які атрымае высокае званне.

- Брыльянтавае сэрца, - горка ўсміхнуўся Гай. - А жывое сынава сэрца - хто мне верне яго?

Крыклівы і гаварлівы натоўп заціх. Бацькоўская пакута чорнымі ценямі ляжала на твары ў гісторыка, і ніхто не хацеў бесцырымоннай шумнай весялосцю пакрыўдзіць яго. Нават калі адзін чалавек сумуе, павінна хоць нейкае імгненне сумаваць уся Зямля. Так павялося паміж людзей ВЭП. На вышынным саракапавярховым будынку Крэдытнага Банка, які ўвінчваўся ў неба на вуліцы Заслаўскай непадалёк ад катэджа Дубровічаў, нехта павесіў вялікі каляровы партрэт Клёна. Вецер шкуматаў, ірваў палатняны прамавугольнік. Клёнаў твар то напалову знікаў, то кісла моршчыўся, то браўся рухомымі, рознага памеру пухірамі. Гай глядзеў на сынаў партрэт, і дзіўныя пачуцці віравалі ў душы. Ён шкадаваў сына і ў той жа час (можа, нават падсвядома) быў злы на яго - куды палез, што за рыцарства стукнула ў маладую, яшчэ дурнаватую галаву? Памяццю ж гісторыка ён (зноў падсвядома) пераносіўся ў далёкую-далёкую мінуўшчыну, у Канстанцінопаль, які ўзялі ў аблогу і хацелі штурмаваць орды сельджукаў. Тады духавенства і абаронцы горада вынеслі на сцены велізарныя выявы Хрыста і Багамацеры, намаляваныя на палатне. Вецер адразу ж заварушыў іх, распальваючы ярасны агонь фарбаў. «Багі на сцены выйшлі!» - закрычалі да смерці спалоханыя язычнікі, пападалі на калені і ўцяклі, пабеглі ў свае стэпы і пустыні.

- Адзіны, цябе клічуць да тэлефона, - сказала Бярозка, якая гэтымі журботнымі днямі насіла чорную сукенку, нікуды не выходзіла і адчувала ціхую нянавісць да ўсіх шумных натоўпаў - там сын у лапах невядомай пачвары, а яны вішчаць, гарлапаняць, патрабуюць даць сыну найвышэйшую ўзнагароду планеты. Ды рассыпся прахам гэтая ўзнагарода - абы сын быў жывы і здаровы, быў побач.

Гай узяў тэлефонную трубку. Пакрысе ён пачаў баяцца тэлефонных размоў. Чалавечы голас, асабліва незнаёмы голас, мог прынесці нечаканы боль, жахлівую вестку пра Клёна. Ён браў трубку, і было адчуванне, быццам яго праз некалькі хвілін кінуць у кіпецень.

- Спадар Гай Дубровіч, - рашуча сказала трубка, - вам тэлефануе маёр рэспубліканскай гвардыі Хвалібог. Які ў вас крывяны ціск і што вы бачылі ў апошнім сне?

«Ну й людзі! Божа, - аж застагнаў у думках Гай, - ведаюць, што нелады з сынам, і цікавяцца, ці добрае самаадчуванне ў ягонага бацькі. Пракляты этыкет! Ды лепей бы мяне абклалі трохпавярховым матам». Але давялося, як і належыць чалавеку ВЭП, пачціва адказваць на пытанне.

- Нядаўна ўбачыў на тэлеэкране выступленне Навума Масейкіна і тэлефаную вам, - напорыста казаў невядомы Гаю маёр. - Атрад касмадэсантнікаў колькасцю ў пяцьсот чалавек рыхтуецца да высадкі на планеце Вар. Мне аказаны гонар быць камандзірам гэтага атрада. Я - чалавек дзеяння. Гэта не прымітыўная самарэклама, а жыццёвы факт. Клянуся вам, спадар Дубровіч, што ваш сын здаровы і непашкоджаны вернецца на Зямлю. Жывуць Сонца і Кісларод!

На тым канцы запікалі кароткія гудкі. «Лаканічны чалавек. Добры чалавек», - падумаў Гай.

А праз нейкую гадзіну пазваніў Метэор і па старой дружбе запрасіў у Дом Пераўтварэнняў.

- Для вас у мяне маецца навінка, - сказаў доктар.

Гай адразу ж згадзіўся, бо трэба было ратавацца ад неадчэпнай трывогі, якая магла скончыцца дэпрэсіяй.

На пятнаццатым паверсе Дома Пераўтварэнняў робаты ўвялі яго ў маленькі круглы пакой, пасадзілі ў крэсла-вяртушку. Доктар Метэор, як заўсёды, з'явіўся на экране. Гэта было ўжо звычна, як узыход Сонца.

- Вітаю вас, глыбокашаноўны спадар Дубровіч, і прыношу свае шчырыя спачуванні, - мякка і журботна сказаў доктар Метэор. - Я, як і ўсе зямляне, упэўнены, што ваш сын неўзабаве прыляціць дадому і ўсе мы, вашы і ягоныя сябры, зможам абняць Клёна. Дзякуй вам і спадарыні Бярозцы, што выгадавалі патрыёта Зямлі. Я ведаю - вам цяжка. І каб скінуць гэты цяжар, прапаную паўдзельнічаць у абсалютна новым цыкле пераўтварэнняў.

- Я згодны, - адразу кіўнуў галавой Гай.

- Але вы яшчэ не ведаеце, аб чым ідзе размова. Паўтараю - гэта зусім новы, ні на кім з добраахвотнікаў не апрабаваны цыкл, і могуць адбыцца нечаканасці, збоі ў сюжэце пераўтварэння. Вам, калі казаць высакамоўным стылем, прапануецца роля Калумба.

- Ніколі не хварэў калумбінізмам, - зморшчыўся Гай, - але згодны ўдзельнічаць у пераўтварэнні. Давайце пачынаць.

Далей усё пайшло па звыклым сцэнарыі. Маўклівыя робаты (дарэчы, ім строга забаронена размаўляць з людзьмі, за парушэнне - кавальскі прэс) панеслі Дуброзіча па вузкім чорным калідоры, потым пасадзілі ў цэнтрыфугу. Ажыла страла цэнтрыфугі, цемра падступіла да вачэй.

...Ён ляжаў у маладым густым ельніку і пільна, не адводзячы вачэй, сачыў за тым, што дзеецца на дарозе. Гэтая дарога, слаба раз'езджаная і слаба растаптаная, ужо амаль зарослая травой, выбягала з-за ўзгорка, спускалася ў балоцістую лагчыну, чаплялася за ўскраек лесу, дзе ён хаваўся, і знікала ў шырокім полі. За ўзгоркам была ягоная весь, ягоная беласценная хатка з чаратовай калючай страхой. Была, калі яе дагэтуль не спалілі обры або не разламалі на білы і аглоблі для сваіх вялізных скрыпучых арбаў. Ён ляжаў, затаіўшыся, нібы звер, у нізкарослым ельніку, які толькі што зацвіў ярка-жоўтымі, мяккімі, вельмі прыгожымі шышачкамі. Ён чакаў.

У яго была як бы падвойная, напластаваная адной палавінай на другую, свядомасць. Ён разумеў, што ён Гай Дубровіч, гісторык, што ў яго ёсць любімая жонка Бярозка і любімы сын Клён, што ён жыве ў горадзе Менску і што зараз на вуліцы 223 год Вялікай Эры Плюралізму. І ў той жа час востра, да звону ў скронях, ён адчуваў сябе маладым дваццацідвухгадовым воем Карпуком са славянскага племені дулебаў. У яго быў бацька Красамір, маці Няжыла, пяцёра братоў, усе маладзейшыя, і зеленавокая меднавалосая каханка Трыснята. Ён, Карпук, умеў з самага маленства араць зямлю, засяваць узараную ніву, касіць, пілаваць і калоць дровы, рабіць цэглу, гнуць палазы, дугі, выразаць з мяккага дрэва вёдры, лыжкі, зубы для грабляў, лавіць рыбу, абкурваць горкім дымам дзікіх пчол і забіраць іхні мёд, біць камень, гнаць смалу, драць лыка. Яшчэ ён умеў лавіць у сілкі птушак і падрабляць птушыныя галасы, гартаваць у чорнай кузні меч, іграць на жалейцы, спыняць кроў, калі яна хвошча са свежай раны, маліцца Сварогу і Перуну, цалаваць дзяўчат і асабліва Трысняту. Ён шмат што ўмеў, бо быў, як здагадваўся сам, братам Ветру і Грому, Ваўку і Вужу. Іхняя весь мясцілася на высокай надрэчнай выспе, абгароджанай шчыльным дубовым частаколлем. Вясною амаль да самых хат падступала, падыходзіла рака, плылі крыгі, карчы, жмуты бурай саломы. Потым падсыхала зямля, цямнелі, наліваліся гневам воблакі, ярасна глядзела з нябёсаў сліпучае сонца - пачынаўся Час Навальніц. На зыходзе асабліва спякотнага дня рабілася душна і глуха, заміралі трава і лістота, з разяўленых пашчаў выкідвалі чырвоныя доўгія языкі сабакі, ластаўкі трывожна ляпіліся да самай-самай зямлі. І вось бухаў гром, расколваючы суровае чорнае неба. Маланка залівала жоўтым святлом зямныя і нябесныя абшары.

- Пярун - крычаў Карпукоў бацька Красамір, з непакрытай галавой становячыся пад лютым дажджом на калені, працягваючы да чырвона-пепельных воблакаў жылаватыя загарэлыя рукі. - Пярун! Божа! Дзякуй, што ты да нас прыйшоў!

Усе дулебы радасна падалі на калені. І паперадзе ўсіх на мокрай гарачай зямлі стаяла зеленавокая, меднавалосая прыгажуня Трыснята.

- Пярун! - крычала яна. - Божа! Дзякуй, што ты зноў да нас прыйшоў!

Гром падаў з неба - трах! - і разляталася на кавалкі верхавіна якога-небудзь занадта прыкметнага, дагэтуль буйна-жывога моцнага дрэва. Ад грамападнага ляскотнага ўдару заложвала ўвушшу.

- Дзякуй! - крычалі дулебы.

Адкуль жа, з якога боку, укусіла іх усіх, як гадзюка, бяда? Што было прычынай бяды? Ён, Карпук, баючыся самога сябе, сваіх думак, лічыў, што зямныя няшчасці прыйшлі да дулебаў пасля таго рання, калі яны падпільнавалі і забілі сям'ю лясных людзей, сям'ю волатаў: мужчыну, жанчыну і дзіця. «Спасу няма ад іх», - амаль сонцаварот перад тым крывавым раннем казалі дулебы пра волатаў, пра дзікіх лясных людзей велізарнага росту, якіх на свае вочы ды яшчэ ўдзень ніхто ніколі не бачыў, ад якіх заставаліся толькі сляды на лясных палянах, на берагах чарнаводных лясных азёр. У такі велізарны след цалкам магло ўмяшчацца гадавалае дзіця. Волаты, калі казаць праўду, ніякай шкоды дулебам не чынілі. Болын таго, хаваліся ад іх, стараліся быць непрыкметнымі і выходзілі са свайго логавішча толькі глыбокай цёмнай ноччу. Яны баяліся не толькі дня, сонца, яны баяліся яркага месяца. Але дулебаў раздражняў на сваіх землях, у сваіх лясах «чужы дух». «Дзікія людзі палохаюць звера, птушку, і мы прыносім у весь усё меней мяса», - плюючыся, сціскалі кулакі маладыя паляўнічыя. «Ад іх вяне трава на палянах і ўздоўж ручаёў», - скардзіліся старыя сівавалосыя зялейніцы. Волатам быў вынесены прысуд. «Смерць», - сказала племя. І гэта, як пачынае цяпер здагадвацца Карпук, наблізіла няшчасці саміх дулебаў. На волатаў пачалося шматдзённае паляванне. Нават уначы каля непрыкметных крыніц і глухіх лясных азёр сядзелі ў засадзе маладыя воі. Смага павінна была выгнаць волатаў з патаемнага логвішча. Але, пэўна, яны мелі свой, схаваны ад старонняга вока калодзеж.

Лясных людзей злавілі выпадкова. І прычынцам гэтаму быў ён, Карпук. У той дзень ён пайшоў правяраць венцеры, якія ставіў на ўюноў. Ён борзда крочыў па цёмна-зялёнай халоднай траве і думаў пра Трысняту. Медныя валасы бачыліся ў яркіх сонечных бліскаўках, што былі густа рассыпаны ўсюды: на ствалах дрэў, на мурашніках, на кветках. Лёгка дыхалася, хацелася спяваць. Каля тоўстага, нібы дзежка, дуба, які стаяў між густога арэшніку, Карпук прыпыніўся. У дуба маланкаю была ссечана верхавіна, абсмалена кара, звілістыя, як вужакі, трэшчыны беглі зверху ўніз, пераходзячы ў аб'ёмістае дупло. І вось з глыбіні гэтага дупла, з таямнічай трывожнай чарнаты на імгненне ўспыхнуў ці то агеньчык, ці то сонечны зайчык і адразу ж патух. Кароткая ўспышка - і зноў цемра. Карпук адламаў арэхавы пруток, сашмаргнуў з яго лісце і, падышоўшы да дуба, рэзка торкнуў прутком у дупло. Яму чамусьці падумалася, што адтуль выскачыць собаль або куніца. Але пачуўся захліпісты ўскрык, стогн. Голас быў не звярыны. Карпук здагадаўся, чый гэта голас. Як ветрам адкінула яго ад дуба. Крышачы арэшнік, ён ірвануўся далей ад згубнага праклятага месца. Некалькі разоў ён падаў потырч носам на слізкай траве.

- Куды бяжыш? - весела спынілі яго. Аказваецца, з косамі на плячах непадалёку ішлі касцы, пяць-шэсць чалавек.

- Там... У дупле... - задыхаючыся прахрыпеў Карпук.

Навошта ён сказаў тады гэтыя словы?

Пераглянуўшыся, касцы натоўпам пабеглі да дуба, і Карпук следам за імі. З дупла, заціскаючы рукой левае вока, нязграбна вылазіла нейкая істота - белыя, як лён, доўгія валасы, звярыная касматая шкура на пукатых плячах, вялізныя ногі абуты не ў боты, не ў лапці, а шчыльна абматаны шырокімі палосамі свежай ліповай кары. Істота скокнула на зямлю, прысела, а калі выпрасталася на ўвесь рост, аказалася вышэйшай разы ў два за самага высокага дулеба. «Я выбіў гэтаму волату вока», - халадзеючы здагадаўся Карпук. Душу спальвала віна. Ён адступіў убок ад гаманлівага вясёлага натоўпу супляменнікаў.

- Малога знайшлі! - узбуджана крычалі дулебы. - Трэба шукаць маці і бацьку!

«Малы» ўзвышаўся над імі, як баравое дрэва над падлескам. Але і сапраўды гэта быў малалетак - дзіця васьмі - дзесяці гадоў, не болын. Ён стаяў і плакаў ад болю і страху.

- Бач ты, яшчэ плача, - здзівіліся дулебы.

Карпук раптоўна зразумеў, што ненавідзіць лютай нянавісцю і сябе і сваіх аднавяскоўцаў. Хіба можна стаяць і насміхацца над пакутай дзіцяці? Гэта ж не ваўчанё, гэта чалавечы сын, хоць і непадобны на цябе тварам і паставай. Дый ваўчанё трэба шкадаваць, не ламаць хрыбетнік.

- А як жа знойдзем маці ягоную і бацьку? - разважалі тым часам дулебы. - Жыўцом недзе палезлі, зашыліся ў зямлю, і хоць перавярні ўверх карэннем увесь лес, не знойдзеш.

У малога волата зноў пырснулі слёзы, як бярозавік з-пад сякеры.

- Я ведаю, - сказаў, жорстка ўсміхнуўшыся, Чацвяртак, худы, вечна зялёны ад гэтай сваёй худобы, хоць еў, як жартавалі, за чацвярых. - Прывязвайце лесавіка вунь да той бярозы.

Малога прывязалі сырамятнымі рамянямі. Чацвяртак падышоў да яго, пагладзіў, паляпаў, устаўшы на дыбачкі, па плячы і раптам кальнуў вострым, як джала, кончыкам касы ў бок. Лёгенька, як бы шкадуючы, кальнуў. Белавалосы волат ускрыкнуў.

- Крычы. Грамчэй крычы, - аднымі вуснамі ўсміхнуўся Чацвяртак.

І зноў пачаў калоць. Каса зачырванела ад крыві. Волат заенчыў на ўвесь лес.

«Была б тут Трыснята», - падумаў Карпук, адводзячы позірк, сціскаючы зубы. Яму нясцерпна хацелася схапіць Чацвяртака загрудкі, вырваць у яго з рук касу і паламаць кассё на ягоных плячах. Ён глуха застагнаў, а потым заплюшчыў вочы...

(«Удзельнік эксперымента нуль-нуль-адзін! Спадар Гай Дубровіч! - уварваўся ў навушнікі гермашлема рашучы голас аднаго з асістэнтаў доктара Метэора. - Праз дзевяць хвілін пяцьдзесят дзевяць секунд выходзім на плюсавое пераўтварэнне! Удзельнік эксперымента нуль-нуль-адзін!»)

- Выйшлі, - раптам уражана прашаптаў натоўп, і ўсе, акрамя Чацвертака, што калоў і калоў юнага волата, адступілі ад бярозы.

Пэўна, дзяды дзядоў не бачылі такога. З-за вывараценя вельмі старой, абрушанай на зямлю елкі, з-за бледна-жоўтых растапыраных ва ўсе бакі, як лапы падземнага страшыдлы, каранёў выйшлі двое - Ён і Яна. Беласкурыя волаты. Людзі з блакітнымі вачамі. У яго валасы белыя, светла-льняныя, як у сына; у яе - каштанавыя з рыжыной і доўгія, аж да пят. Волат і валаціха былі голыя па пояс, прычым цыцкі ў жанчыны (дулебы не паверылі сваім вачам) былі завязаны за спіною, каб не перашкаджалі пры хадзьбе. Лясныя людзі выйшлі з дзікіх нетраў, вядома ж, на крык свайго сына і твар у твар сутыкнуліся з дулебамі. У жанчыны спалохана запалымнелі шчокі. Яна была на галаву ніжэй за мужа і адразу ж схавалася за ягоную спіну. Але крычаў, екатаў ад болю яе сын, якога катаваў Чацвяртак, што адзіны з усіх не заўважыў з'яўлення волатаў, і валаціха, глуха ўскрыкнуўшы, нават, падалося, па-птушынаму прысвіснуўшы, кінулася ўперад, схапіла Чацвертака за шыю, паваліла яго на зямлю. Лязом касы ёй распарола левую руку. Ярка-чырвоная кроў («лясная кроў», - падумалі дулебы) густа хлынула на белыя кветкі суніц.

- Мз-з-зу-у-ур! - закрычаў волат-малалетак, убачыўшы маці і бацьку.

Ніколі не чулі дулебы такога слова.

- Мз-з-зу-у-ур! - зноў закрычаў скрываўлены сын непраходных лясоў.

І тады ягоная маці, адкінуўшы ўбок, як палена, Чацвертака, рынулася да дзіцяці, упала перад ім на калені і ўсё роўна была ўпоравень з дулебамі. Шмаргануўшы з-за спіны свае доўгія-доўгія валасы, яна пачала выціраць імі кроў з сынавага цела. Яна, здаецца, была гатова зняць, садраць уласную скуру, каб ахінуць яго, прыкрыць ад бяды свайго сына.

(«Удзельнік эксперымента нуль-нуль-адзін! Што з вамі?!»

«Мне падалося, што гэта мой сын, мой Клён...»

«Удзельнік эксперымента нуль-нуль-адзін! Спадар Гай Дубровіч!

Адбываецца невялічкі збой у сюжэце пераўтварэння, але зараз мы гэта ўладзім, зараз уладзім... вось так! Праз сем хвілін нуль чатыры секунды выходзім на плюсавае пераўтварэнне!»)

Волатаў забілі, усіх траіх, спалілі на жоглішчы і попел пусцілі з ветрам. Дулебы, праўда, муліліся, ніхто не хацеў першы ўзнімаць руку на лясных людзей, але Чацвяртак, якога адштурхнула валаціха і які добра мякнуўся аб цвёрдыя дубовыя карані, прутка ўскочыў на ногі і з ўсяго маху шахнуў ёй касой проста па шыі.

Забілі з-за таго, што непадобныя, нязвычныя, не такія, як яны. З-за таго, што болыныя ростам і сілай. Напэўна, з-за таго, што разумнейшыя, дабрэйшыя.

Той ноччу ў Чырвонай Пушчы доўга выў воўк, лётала пад месяцам, перакрываючы яго велізарнымі чорнымі крыллямі, маўклівая сава, а на кургане, там, дзе спрадвеку хаваюць у гаршках попел памерлых, спаленых на агні дулебаў, лопнула зямля, адчынілася шырокая дзіркарана і з яе выкацілася роўна трыццаць тры гаршкі.

...Карпук ляжаў у ельнічку, ціснуўся да травы. Зялёная лясная муха дзумкала каля шчакі, нават некалькі разоў пякуча садзілася на спіну, на тонкую льняную кашулю, але муху нельга было ні адагнаць, махнуўшы рукой (выдасі самога сябе), ні тым болей забіць, бо яна, як зразумеў, здагадаўся Карпук, прыляцела з кургана, дзе ляжыць у гаршках прысак продкаў, з той дзіркі. Муха звязвала Гэты свет і Той і, вядома ж, невыпадкова прыляцела.

«Едзе. Зноў едзе», - як страла з тупым наканечнікам, ударыла ў глыбіню душы, у сэрца думка. - Хоць у смалу ўскоч, але давядзецца яшчэ раз убачыць такое».

З узгорка, за якім калісьці стаяла Карпукова весь, з'язджала вялізная шырокая арба-двухколка. З'язджала, весела пазвоньваючы, бо да яе былі густа напрывязаны маленькія медныя і срэбныя званочкі. Здавалася, ціўкае мноства лясных і лугавых птушачак. На арбе, на капе свежай толькі што скошанай травы, з якой ва ўсе бакі тырчалі галоўкі прыгожых яркіх кветак, напаўсядзеў, напаўляжаў, важна трымаючы ў руках лейцы і хвосткі бізун, Насаты. Ён быў голы па пояс; тлустыя смуглыя грудзі, што зараслі чорным калючым воласам, уздрыгвалі, калі колы арбы траплялі на выбоіну. Сёння Насаты апрануў ярка-чырвоныя шаўковыя шаравары, падперазаныя залатым махрыстым рушніком. За рушнік ён уваткнуў тры кінжалы з багатымі, у зіхоткіх камянях, ручкамі. Побач, каля правай рукі, ляжалі лук і тул, напоўнены стрэламі.

Насатым Карпук называў правадыра обраў, здаравілу-мужчыну гадоў сарака з гладка паголенай бліскучай галавой і вялізным, як глюга ў птушкі, носам. Пэўна, ён быў князем гэтага жорсткага незразумелага народа. Як зграя ваўкоў, як хмара саранчы, накінуліся, напалі яны сонцаварот назад на мірныя весі дулебаў, у якіх было ўсяго дзесяць - пятнаццаць беласценных хатак. Племянную дружыну разбілі, стапталі ў першай жа сечы. Дулебскага князя Вастрагляда ўзялі параненага ў палон, завялі на курган, дзе ляжаць у гаршках спаленыя косці мёртвых, там з жывога лупілі скуру. Густа пасалілі шэрай соллю і, смеючыся, кінулі канаць пад чорным роем мух на летнім сонцапале. Усіх дулебаў мужчынскага полу, хто не быў забіты, або не схаваўся, як Карпук, звязалі вяроўкамі, сплеценымі з цвёрдага конскага воласу, паставілі на калені, аблілі з даўгагорлых гладышоў нейкай чорнай смярдзючай вадкасцю і падпалілі. Ад паўдня да самага вечара гарэла жахлівае вогнішча, тлустая чорная сажа лётала ў наваколлі.

Разграміўшы, знішчыўшы дулебаў, обры падзялілі між сабою іхніх жанчын. Просты воін атрымаў па дзве галавы ў сваё валоданне. Насаты ж узяў сабе роўна дзесяць, прытым самых маладых і самых прыгожых.

Цяжка, моташна Карпуку ўзнімаць позірк, глядзець на тое, што адбываецца. Ды трэба глядзець, трэба запамінаць. Трэба ўбачыць, што не коні і не валы запрэжаны ў арбу, на якой, важна разваліўшыся, едзе ў госці да свайго суседа Насаты. «Людажэр», - з нянавісцю шаптаў пра яго Карпук. Але што гэтыя словы Насатаму, што яму нейкі недабіты дулеб, які, як зямлярыйны чарвяк, хаваецца ў ельніку, не можа на сваёй зямлі, на зямлі сваіх дзядоў-прадзедаў устаць на поўны рост? Сёння ва ўсім наваколлі адзіны бог, адзіны пан, адзіны ўсемагутны ўладар - Насаты. У яго вельмі шмат золата, зброі, авечак, рознакаляровых шатроў, коней. Але навошта яму коні, калі ў госці да такога ж, як ён, багатага суседа-обра вязуць яго дзесяць маладых, дзесяць надзвычай прыгожых дзяўчат. Прычым усе яны - голыя, голенькія як маці нарадзіла.

«У гэтага мярзотнага племені рабоў дужа белая скура, - ляніва думаў Насаты, закалыханы роўнай дарогай, свежым ветрыкам і цёплым сонцам. - Пэўна, яны ніколі не бачылі сапраўднага лета, калі закіпвае ад гарачыні вада ў стэпавых рэчках і азёрах. Адсутнасць сонца зрабіла іх палахлівымі, ніхто з іх не можа зірнуць проста ў вочы обру - адводзяць убок вочы, нібы сабакі».

- Тпру-у-у, - сказаў Насаты.

Арба спынілася. Маладзенькія дулебкі з распушчанымі валасамі, з шырокімі скуранымі лямкамі на плячах, стаялі, апусціўшы ў дарожны пясок вочы, закусіўшы губы. Твары ва ўсіх былі белыя, бяскроўныя.

Насаты злез на зямлю, спусціў з ляжак шаравары, смачна памачыўся ў пыльную траву, падышоў да адной з дзяўчат, уладна сказаў:

- Твая чарга. Пагляджу, якая ты гарачая. Кладзіся.

Дулебка спалохана войкнула, прыкрыла вочы рукамі. Слёзы пакаціліся па шчоках.

- Доўга я буду чакаць?!

Насаты бізуном шлёгнуў яе па спіне. Потым, спатоліўшы свой ненасытны юр самца, усеўся на арбу, шкуматнуўшы вожкі, павольна паехаў далей.

(«Чаму ты ўвасобіў мяне ў гэтага палахліўца Карпука?! - закрычаў Гай Дубровіч доктару Метэору. - Я не жадаю быць размазнёй! Я не жада...»

«Нервы, удзельнік эксперымента нуль-нуль-адзін. Нервы, - спакойна перарваў яго асістэнт Метэора. - Стрымлівайце сябе, бо можа адбыцца непрадбачаны збой у сюжэце эксперымента».

«Я хачу, каб як найхутчэй адбыўся гэты пракляты збой!» - зноў закрычаў Гай, але...)

Карпук пальцамі рук і ног упіваўся ў падатлівую лясную зямлю, калаціўся ад гневу і нянавісці. «Я павінен забіць Насатага, - шалеючы ад аднаго толькі позірку на пыхлівага самаздаволенага обра, думаў ён. - Я павінен сцерці яго ў пыл. Ягоны струк, якім ён пластаваў нашых дзяўчат, я кіну ў жорны і буду круціць іх усю ноч. Вялес і Пярун, багі залатыя, дапамажыце мне».

Ён добра ведаў, што Насаты ніколі не выпраўляецца ў дарогу адзін, заўсёды ахоўваюць ягоную асобу дзесяткі, сотні лучнікаў, якія непрыкметна, як стэпавыя лісіцы, шнуруюць у кустоўі ўздоўж дарогі. Так і ёсць - вунь паміж зеляніны мільгануў пляскаты шлем, начэрнены смалой, каб не блішчэў на сонцы. Вунь другі, трэці... Карпук бяссільна скрыгануў зубамі.

Тым часам Насаты быў у самым лагодным настроі, быў у гуморы. Гледзячы зверху ўніз на маладых дулебак, на «сваіх кабылачак», як ён іх называў, обр казаў:

- Дзе ж вашы мужчыны, вашы абаронцы! А-я-яй, кінулі такіх прыгожых, такіх смачненькіх. Ды ці былі паміж дулебаў мужчыны?

- Яны ёсць! - раздаўся раптам пранізлівы крык, ад якога ўсе ўздрыгнулі.

Крокаў за дзесяць паперадзе арбы заварушыўся, паплыў ва ўсе бакі жоўты пясок на дарозе. З гэтага пяску, з яміны, у якой хаваўся, чакаючы свайго часу, выскачыў Карпукоў адналетак - русавалосы Снягур з бліскучым двухручным мячом. А Карпук думаў, што ён разам з многімі дулебамі згарэў у тым вогнішчы, дзе обры спалілі палонных.

Пясок цёк у Снягура па валасах, па плячах. Рот быў разарваны жахлівым крыкам. Снягур бег насустрач Насатаму, пагрозна сціскаючы меч.

(«Перадсмяротная малітва дулебаў», - сказаў раптам нейчы голас, і Гай Дубровіч пачуў ціхае стоенае галашэнне: «Божа Сварозе, Божа Вялесе, Божа Пяруне, чаму караеш самых мірных і самых працавітых? Ці адальюцца калі-небудзь слёзы дулебаў? Божа Сварозе, Божа Вялесе, Божа Пяруне, утапі на тым свеце нашых мучыцеляў у нашых слязах. Разарві ім вушы і сэрцы нашым плачам бясконцым. Няхай замест хлеба грызуць свае шаблі і бізуны».)

Ахова, якая ішла паабапал дарогі, заўважыла Снягура адразу ж. Обры з гіканнем ускінулі лукі, пусцілі свае страшныя доўгія стрэлы. Некалькі стрэл прабілі Снягуру грудзі, адна ўпілася ў правую нагу. Але ён, хрыпучы, дабег да арбы, секануў мячом і ўпаў, абліўшыся крывёю. Насаты не паспеў выхапіць з-за пояса кінжал. Ён толькі крутнуўся ўсім целам і гэтым выратаваў сваю галаву. Снегураў меч, цяжка свіснуўшы, адсек яму нос. Насаты («Бязносы!» - радасна крыкнулі дулебкі і рынуліся ад арбы ва ўсе бакі) схапіўся рукамі за скрываўлены твар, пачаў енчыць ад болю.

- Уцякайце! - вытыркнуўшыся са сваёй схованкі, крычаў дзяўчатам Карпук. - Ратуйцеся!

Ды обры забілі ўсіх. Якую ўзяла шабля, якую дагнала страла. З глухім стогнам упаў Карпук у елачкі, абадраў сабе шчокі, заліўся няўцешным плачам. Калі ж узняў галаву, убачыў над сабой стэпавікоў. Са звязанымі рукамі, з арканам, які да жаўцізны ў вачах пераціскаў шыю, пабег ён за канём у родную весь.

- Апошні дулеб? - здзівіўся Бязносы, седзячы на мяккіх вышываных падушках у святліцы князя Вастрагляда. - Адзіны?

- Адзіны, - смела адказаў Карпук, - як адзіны быў у цябе нос.

- А-а-а! - люта крыкнуў обр, ускочыў з падушак, цвёрдым наском скуранога бота з усяе сілы ўдарыў Карпука ў жывот.

Потым Карпука адлілі вадой, падцягнулі да акна, і Бязносы, пырскаючы слінай, закрычаў:

- Глядзі, сабака, на двор! Бачыш вунь тыя шасты?! Ведаеш, што на іх вісіць, што сушыцца?! Шкуры дулебак, якія хацелі збегчы ад мяне!

І ён, чырванеючы вачамі, зарагатаў. Як па камандзе зарагаталі ўсе прысутныя обры.

Яны смяяліся, а Карпук, кусаючы губы, ломячы пальцы рук, глядзеў на светлую дзявочую скуру, злупленую з цела разам з густымі доўгімі валасамі. Вунь, як вячэрняя зара, палымнеюць на шасце прыгожыя медныя валасы. Трыснята!

- Апошні дулеб, - казаў між тым Бязносы, пільна пазіраючы на Карпука. - Я не забіваю апошніх. Жыві. Дыхай. Чарвякам хапае месца там, дзе пасвяцца крылатыя стэпавыя жарабкі. Жыві. Старайся не патрапіць пад бязлітасны капыт. Але на табе абарвецца род дулебаў, і, як нікчэмная восеньская павуціна, назаўсёды знікнуць яны.

Павярнуўшыся да аховы, Бязносы загадаў:

- Кастрыраваць яго і выкінуць у поле!

(«Ці не занадта жорсткі эксперымент? - спытаў нехта з людзей доктара Метэора. Голас гучаў як з-пад зямлі».

«Боль павінен лячыцца болем, - адказаў сам доктар. - Толькі праз пакуты ўсе мы знаходзім радасць - і людзі, і народы».)

Як бяздворны сабака, Карпук жыў у ельніку. Еў ягады, арэхі, кіслую заечую капусту. У лясным ручаі лавіў рыбу, вяліў яе на сонцы. Кожную ноч сніліся не обры і нават не Трыснята, а забітыя волаты, асабліва іхні малы. Снілася, як ён бязгучна плакаў у той час, калі Чацвяртак пераразаў касой яму горла.

Жыццё страціла ўсялякі сэнс. Ён быў ужо не чалавекам, а паловай, нават трэцяй часткай чалавека, мужчыны. Пасля сябе на зямлі ён нікога не мог пакінуць, і зараз у яго нікога не было, толькі ягоны цень.

Але аднойчы ўпершыню прысніўся сон не пра волатаў. Устаў над Карпуком, як жытнёвы колас, малодшы брат князя Вастрагляда князь Клён (Клён!!!), сказаў:

- Ты - дулеб і я - дулеб. Радуйся. Не памёр наш народ. Не знік і не высах, як высыхаюць у спёку ручаі. Цэлы сонцаварот вёў я сваіх людзей на новую зямлю, і мы знайшлі яе. Радуйся. Тут шуміць белы бярозавы гай. Тут у зялёнай траве з рагамі хаваюцца нашы каровы. Тут цячэ рака Бярэзіна, а ў яе ўліваецца рака Вольса, а ў Вольсу ўпадае маленькая, як зайчыкаў хвосцік, рэчачка. Мы завем яе Дулебкай.

Радасна зрабілася Карпуку, радасна і шчасліва. Ён прутка ўзвіўся на ногі, смелым вокам зірнуў на наваколле, і аказалася, што не ўсе пачуцці памерлі ў ягоных грудзях. Той, хто быў жорстка паранены жыццём, у каго на вачах забілі самых родных і самых любімых, каму плявалі ў вочы і кідалі камяні ў твар, заўсёды павінен помніць, што свеціць яму адно-адзінае сонца. Імя таму сонцу - Помста.

Ён (адзін!) знішчыў цэлую арду обраў на чале з Бязносым. Не жалезам, вядома. Стаяла лютая спякота, і проста на вачах дашчэнту высыхалі рэкі і рэчачкі, знікала вада. Конскія табуны обраў і самі обры пакутвалі ад смагі. Да крыніц, а іх у наваколлі, як цвёрда ведаў Карпук, было пяць, выстрайваліся шумныя чэргі. Крычучы, лаючыся, кожны са'сваім канём ірваўся да выратавальнай вады.

Карпук схадзіў да таго дуба, дзе забілі і закапалі волатаў, раскалупаў дубовым суком іхнюю магілу, узяў Чацвертакову касу, якую пахавалі разам з волатамі. Гэтай касой ён абразаў хвасты коням стэпавікоў. Падкрадваўся да коней у начным лузе, паіў вадой са скураной торбы і рэзаў гарачы цвёрды волас. Шмат валасні назбіралася за некалькі дзён. З яе Карпук, хаваючыся ў ельніку, нарабіў пробак-затычак. Потым, зноў жа ноччу, ныраў у яміны, дзе яшчэ заставалася вада, знаходзіў пругкі халодны струменьчык і мёртвай валасяной пробкай затыкаў крыніцу, закупорваў яе. Гэтак ён «патушыў» чатыры крыніцы. Днём, лежачы ў ельніку, ён з радасцю чуў, як ажно выюць ад злосці і адчаю обры. Там, дзе яшчэ дзень-два назад мог напіцца конь і чалавек, ляжала, пакрытая пылам, гарачая скарынка сухога карычневага дна.

Заставалася апошняя, пятая крыніца - Святы Круг. Яна была самая халодная, самая глыбокая. У яе на Купалле князь Вастрагляд кідаў шчодрай рукой тры круглыя залатыя манеты. Такія манеты купецкія караваны прывозілі з поўдня, з далёкай зямлі народа, які называецца рамеямі. Карпук, калі яшчэ быў смаркатым недаросткам-малалеткам, чуў ад дарослых, што на дне Святога Круга ўзвышаецца курганок гэтых манет, ён ззяе ў месячныя ночы.

- А што, калі нырнуць і дастаць на бераг гэты залаты курганок? - спытаў, помніцца, Карпук.

- Толькі дакранешся да яго, і адразу рука па плячо адсохне, - сказалі яму.

Моцныя струмяні, якія былі з дна Святога Круга, Карпук не мог адолець - імклівая, аж ледзяная вада вырывала ўсе пробкі. Ды ён ведаў, што гэткім чынам ніколі не пераможа Святы Круг. Ён падумаў і зрабіў інакшае.

У глухую поўнач, калі не было відно ні зорак, ні месяца, ні сцежкі, ногі самі вынеслі Карпука на курган, дзе ляжаў попел продкаў. У поўнай цемры, не запальваючы агонь, ён адшукаў тую дзірку-рану, з якой перад самым нашэсцем обраў выкаціліся трыццаць тры гаршкі. Ён стаў на калені перад гэтай дзіркай, перад брамкай, што вяла ў Зямлю Нябожчыкаў.

- Дзед Славук, - хвалюючыся, загаварыў ён. - Я ведаю, што твае спаленыя косці знайшлі тут вечны прытулак. Я сам разам з бацькам прынёс і закапаў гаршчок, на баку якога была выціснута мядзведзева галава. Ты - шчаслівы, бо не бачыў, да якога прыніжэння давялі обры наш ратайны, раней вясёлы народ. Няма ўжо на гэтым свеце твайго сына, а майго бацькі Красаміра, няма маёй маці Няжылы, няма Трысняты, сумесна з якой думаў я ўпрыгожыць жывымі кветкамі галіну на пладаносным дрэве дулебаў. Нічога няма. Ёсць рабства, ярмо, бізун. Што ты мне параіш, дзед?

Карпук прыціх, апусціў галаву, чуў, як тоненька свішча над курганам начны вецер, як гучна б'ецца ў грудзях сэрца. Пацяклі імгненні. Ён чакаў. Нарэшце, тройчы зрабіўшы зямны паклон, радасна сказаў:

- Дзякуй табе, дзед Славук. Я пачуў твае словы, і словы гэтыя вось якія: «Няхай попел стане атрутай». Дзякуй табе. Я буду рабіць так, як наказаў і загадаў мне ты.

Ён без аніякага страху палез у пралом у кургане, поўз у абсалютнай цемры, датыкаючыся да халодных магільных гаршкоў, прычым датыкаўся то рукой, то плячом, то шчакой. Нарэшце пальцы намацалі вялізны гаршчок і выяву мядзведзевай галавы на ім. Карпук прыціснуў гаршчок да грудзей, як прыціскаюць малое дзіця, падаўся назад. І як толькі вылез - ярка ўспыхнулі над галавой нябесныя зоркі. Гэта было знакам, што продкі разумеюць яго, сочаць за ім, жадаюць перамогі. Ён пасядзеў на траве, аддыхваючыся, падстаўляючы ветру ўспацелыя шчокі і лоб, потым бясшумна, лёгка ўзняўся, пайшоў да Святога Круга. Вялікая светлая пляма вады туманна выплывала з чорнага кустоўя.

Роўна праз два дні на обраў і на іхніх коней наваліўся страшэнны мор. Ніякія лекі, ніякія шаптуны не дапамагалі. Касцістай чэпкай рукой брала смерць усё новыя ахвяры. Горы конскіх трупаў, над якімі кружылася, гудзела безліч сініх мух, тлелі ў лузе. Мёртвых людзей спальвалі на вогнішчах, а ўсіх вогнішчаў было дванаццаць.

Бязносы зразумеў, здагадаўся, адкуль заляцела страла спусташэння ў ягоную арду. Як некалі Ксеркс, ён загадаў люта пакараць ваду. На бераг Святога Круга выйшлі ў грубых чорных кафтанах бічаносцы, пачалі лупцаваць бізунамі хвалі. Ва ўсе бакі паляцелі пырскі, здавалася, што гэта слёзы. Калі ж сам Бязносы ўзяў у руку бізун, калі, заскрыгатаўшы зубамі, ударыў з усяго пляча, на самай сярэдзіне Святога Круга вынырнуў з вады Карпук, выплюнуў з рота чаратовую дудачку, праз якую дыхаў, весела засмяяўся.

(«Хавайся! - закрычала адразу ж некалькі ўсхваляваных галасоў. - Дурань! Хавайся! У іх жа лукі і стрэлы! У Бязносага - аркан!»)

- Папілі вадзіцы? - смяяўся Карпук. - А гэта ж слёзы дулебаў. Нясмачныя нашы слёзы? Што маем, тым частуем. Дзед Славук, мой дзед, які пражыў сто тры сонцавароты, вас пачаставаў. Вось з гэтага гаршка.

Карпук абедзвюма рукамі высока ўзняў над галавой пусты гаршчок, з якога срэбна лілася вада.

- Раб! - у шаленстве крыкнуў Бязносы. - Ты насыпаў у крыніцу мярцвячыны! Зараз цябе прывяжуць да конскіх хвастоў і раздзяруць на кавалкі!

- Я не раб, - смяяўся Карпук. - Я - дулеб. Чуў пра такі народ? Ён перажыве цябе і тваіх псоў. Чуў пра раку Дулебку і князя Клёна?

(«Князь Клён, - успыхнулі словы ў самай патаемнай глыбіні душы Гая Дубровіча. - Мой сын таксама Клён. Гэта невыпадкова. У гэтым - найвялікшы сэнс».

«Удзельнік эксперымента нуль-нуль-адзін! Спадар Гай Дубровіч! Выходзім на плюсавое пераўтварэнне! Выходзім на плюсавое пераўтварэнне!»)

І амаль адразу ж зазвінела цеціва, свіснула страла над блакітнай вадой...

- Як самаадчуванне, спадар Дубровіч? - асцярожна пацікавіўся доктар Метэор.

Яны сядзелі ў доктаравым кабінеце, глядзелі тэлевізар. Перадавалі Ўсепланетныя Навіны.

- Вы прымусілі мяне ўдзельнічаць у вельмі цяжкім эксперыменце, - сказаў Гай.

Каштанавыя загнутыя вейкі ў доктара ўздрыгнулі. Адчувалася, што ён не хацеў бы чуць такія словы.

- Кожнага чакае перакрыжаванне на жыццёвай дарозе, дзе ад нечага варта адмовіцца, - павольна, як бы з неахвотаю прамовіў Метэор і спытаў: - Вы былі дулебам?

- Так. Дулебам. Апошнім дулебам.

Гай імкліва ўзняўся з крэсла, загаварыў стоячы, бо падумалася, што тое, што ён зараз скажа, неабходна неяк падкрэсліць, вылучыць.

- Вялікі дзякуй вам, доктар. Вы яшчэ не ведаеце самі, што зрабілі. Вы ажывілі мне душу. Вы далі мне новыя вочы, новыя вушы і новае сэрца. Так-так. Я кажу гэта з усёй шчырасцю, паверце. Старадаўнія мудрацы навучалі: «Час асвятляецца людзьмі». Дык вось гэты юны дулеб, гэты горды непакорны славянін, якога хацелі зрабіць скацінай, быдлам, асвятліў і асвяціў, зрабіў, як кажуць па-расейску, «угодным Богу» жыццё маіх далёкіх продкаў. Я зразумеў сэнс іхняга і майго з маім сынам Клёнам існавання. Без нас, учарашніх, сённяшніх і заўтрашніх, чалавецтва было б аднакрылым. І гэта не прыгожая фраза. Можаце мне паверыць.

- Цікава, вельмі цікава. - Узняўся са свайго крэсла доктар Метэор.

Было відно, што яму, як прафесіяналу, дужа прыемна пераканацца ў карыснасці і неабходнасці сваіх пошукаў. Твар па-маладому заружавеўся, у вачах з'явіўся востры цёплы бляск.

- Мой сын у вялікай бядзе, - працягваў між тым Гай Дубровіч, - але я ўпэўнены, што ўбачу яго жывым і здаровым. Такую ўпэўненасць далі мне вы, доктар. Цвёрдасцю і мужнасцю вы напоўнілі ўсю маю істоту. Яшчэ раз дзякуй.

У гэту хвіліну зазваніў тэлефон. Доктар Метэор узяў трубку.

- Нехта хоча пагаварыць з вамі, - сказаў ён, перадаючы трубку Гаю.

- Гай Дубровіч слухае, - прамовіў Гай, усё яшчэ не астыўшы ад свайго маналога.

- Хто гэта? - глухавата спытаў далёкі голас.

- Гай Дубровіч.

- А я думаў - Гай Юлій Цэзар, - сказаў незнаёмец, здзекліва засмяяўшыся.

І адразу ж запіпікалі кароткія гудкі.

- Нічога не разумею, - развёў рукамі Дубровіч. - Ці гэта недарэчны жарт, ці... Нічога не разумею.

Людзі ВЭП даўно адвыклі ад хамства - бытавое яно або службовае. Усе гэтыя «шпількі», «падсечкі», «падсадкі» абляцелі, абцерабіліся, як прыкрае шалупінне. Чалавек паступова навучыўся казаць у вочы іншаму чалавеку ўсё, што ён аб ім думае, ці амаль усё. Вось чаму непрыемна здзівіў Гая гэты нечаканы званок.

- Экспедыцыйны корпус пад камандай маёра Хвалібога тры дні назад адбыў на планету Вар, - сказала тэлевізійная дыктарка. - Пяцьсот чалавек, паміж якіх цывільныя добраахвотнікі і рэспубліканскія гвардзейцы, павінны вызваліць Клёна Дубровіча. «Я не вярнуся ў Менск без Клёна», - заявіў нашаму карэспандэнту маёр Хвалібог.

Доктар Метэор і Гай Дубровіч пераглянуліся.

- А зараз перадаем паведамленне асаблівай важнасці, з якім выступіць дырэктар Галоўнага Індаэўрапейскага Стрэсографа Лех Патоцкі.

На экране з'явілася барадатая галава Патоцкага. Ён быў вельмі ўсхваляваны. Побач з ім у студыі сядзеў стрэсаператар Карл Гакенхольц.

- Панове, - басавіта загаварыў Патоцкі, - па свайму службоваму абавязку мы з панам Гакенхольцам павінны папярэдзіць вас, што ў раёне гарадоў Стакгольм, Рыга, Вільнюс, Менск, Чарнігаў, Варонеж з гадзіны на гадзіну, падкрэсліваю - з гадзіны на гадзіну, чакаецца суперканцэнтрацыя адмоўнай энергіі, атака СЦ, якая ацэньваецца намі, стрэсаператарамі, як атака дзевятай і нават дзесятай катэгорыі. Гэта небяспечна для людзей, асабліва для малых дзяцей. Не забудзьце праверыць, каб у кожнага з вас пад рукой быў індывідуальны Ўзмацняльнік Волі. Усім, хто сядзе за руль аўтамабіля або за штурвал верталёта, патрэбна вельмі ўважліва сачыць за сваімі дзеяннямі, за паказаннямі прыбораў. Запомніце: чакаецца бунт аўтамабіляў. Яшчэ раз паўтараю: чакаецца бунт аўтамабіляў, які справакавала СЦ. Псіхіятрам і брыгадам «хуткай дапамогі» неабходна падрыхтавацца да рэзкага павелічэння колькасці выклікаў, дэпрэсій і спроб самазабойства. Завастраю ўвагу супрацоўнікаў Дамоў зняволення і духоўнага перавыхавання, што могуць быць рэцыдывы непадпарадкавання адміністрацыі. Але асаблівую ўвагу звярніце на сваіх дзяцей. Пакладзіце іх раней спаць, дайце вады з мёдам, змажце скроні ментолавым маслам, пад падушкі насыпце свежай мяты. Глядзець тэлевізар, кінабаевікі катэгарычна не рэкамендуецца.

- Закруцілася кола, - уздыхнуў доктар Метэор і па селектару пачаў аддаваць неабходныя загады гаспадарчым і ахоўным службам Дома Пераўтварэнняў.

Гай жа сядзеў, як уражаны громам. Калі чакаецца яшчэ адна атака СЦ, значыць, Клён, сын ягоны, не стаў, як абяцалі, Гарантам Вечнага Міру, значыць, ён у гэтыя самыя хвіліны можа быць мёртвым. Гай абхапіў рукамі галаву.

- Супакойцеся, - мякка паклаў яму далонь на плячо доктар Метэор.

Шж тым Лех Патоцкі перадаў слова Карлу Гакенхольцу. Той, адкашляўшыся ў круглы загарэлы кулак, сказаў:

- Па маіх асабістых падліках, гэта ўжо сто сорак трэцяя атака Старой Цывілізацыі. Можа, я памыляюся, дык няхай мяне паправяць болып кампетэнтныя спецыялісты. Але чаму зноў разгараецца полымя, якое, як мы ўсе спадзяваліся, пачало патухаць? На гэты конт чакаецца афіцыйная заява З'езда Ўсіх Зямных Канфедэрацый, і ўсё-ткі я, карыстаючыся дазволам, які маю, пастараюся, паважаныя тэлегледачы, накідаць хаця б пункцірную схему таго, што адбылося і што мусіць адбыцца.

Ён паглядзеў на Патоцкага. Пан Лех адабральна кіўнуў галавой.

- Справа ў тым, што з-за межаў нашай метагалактыкі грамадзянам планеты Зямля і ўсім насельнікам Бліжняга Космасу паступіў ці то ўльтыматум, ці то парада вышэйшых па інтэлекце (заўважце - не багі-алімпійцы, а проста вышэйшыя па інтэлекце) унесці значную, я б сказаў, кардынальную карэкціроўку ў перспектывы развіцця чалавецтва. Нейкі нябачны касмічны дырыжор уладна ўзмахнуў палачкай і хоча, і патрабуе, каб мы спявалі толькі па ягоных нотах. Хто ж гэты дырыжор? Гэта цывілізацыя планеты Сіняя Зорка. Да нядаўняга часу астраномам і ўсім вучоным Зямлі нічога не гаварыла гэта назва. Сёння ж мы ведаем, што жыхары Сіняй Зоркі практычна бяссмертныя, адным словам, яны навучыліся жыць неабмежаваную колькасць гадоў і стагоддзяў. Яны валодаюць крыніцамі суперэнергіі. Яны могуць перамяшчацца ў прасторы з хуткасцю думкі. Заўважце, не гуку, не святла, а думкі.

- А ці хутка яны думаюць? - умяшаўся Лех Патоцкі. - Сярод жывых істот ёсць жа значны працэнт тугадумаў.

- Гэта ўжо іншая справа, - суха адказаў Гакенхольц, які не любіў дыялогаў, - мяркую, калі яны дыктуюць умовы нашай высокаарганізаванай цывілізацыі, думаюць яны і хутка, і эфектыўна. Па апошніх звестках, Сіняя Зорка ці бярэ, ці ўжо ўзяла пад свой кантроль цывілізацыю планеты Вар, так, так, той самай, якую СЦ лічыць прарадзімай і на якой усё яшчэ знаходзіцца Клён Дубровіч. Вар, на вялікі жаль, робіцца плацдармам, адкуль эмісары Сіняй Зоркі пагражаюць Зямлі. Сёння яны прыслалі ўльтыматум. Што ад іх і ад іхніх саюзнікаў чырвоных і фіялетавых плазмоідаў можна чакаць заўтра?

Карл Гакенхольц, задаўшы тэлегледачам і самому сабе вельмі няпростае пытанне, змоўк. Яго замяніў Лех Патоцкі.

- Ідэяй фікс цывілізацыі Сіняй Зоркі я назваў бы яе страснае жаданне спыніць Час, - сказаў ён. - Разумееце: не гадзіннік спыніць, не канвеер або лінію метрапалітэна, а Час. У сваім ультыматуме сінязорцы заяўляюць, што ўмеюць гэта рабіць і што менавіта такое ўменне дазволіла ім знайсці ключы ад бессмяротнасці. У бліжэйшыя іхнія планы ўваходзіць правядзенне эксперымента над чалавецтвам. Ведаеце, якая найпершая ўмова дасягнення людзьмі бессмяротнасці? Забарона, катэгарычная і безумоўная забарона нараджаць дзяцей. Адным словам, бессмяротным чалавек можа стаць без сына, без дачкі. Гэтага патрабуе ад усіх нас Сіняя Зорка.

- Абсурд, - рашуча выдыхнуў Гакенхольц. - Стварыць Чалавека Несмяротнага, стварыць Ното (як гэта па латыні? Здаецца, Коптогіз) і вечна жыць без дзіцячага смеху і плачу, без радасці мацярынства і бацькоўства... Зямля ператворыцца ў халодны базальтавы шар, які будзе бязмэтна і сумна плаваць у прасторах Сусвету. Каму патрэбна такое бясконцае бессэнсоўнае жыццё? Сінязорцы са сваёй, як вы кажаце, ідэяй фікс ніколі не зразумеюць зямлян, бо за чужой шчакой зуб не баліць.

- Паеду дадому, - сказаў раптам Гай Дубровіч, якому болып не захацелася слухаць ні пра Сінюю Зорку, ні пра несмяротнасць. - Разам з жонкай будзем чакаць вестак з планеты Вар.

- Будзьце асцярожныя, - папярэдзіў доктар Метэор. - Ёсць інфармацыя, праўда, неафіцыйная, што ў ваколіцах горада і ў самім Менску з'явілася агентура СЦ. Могуць быць усялякія штучкі-дручкі.

Ён пстрыкнуў пальцамі правай рукі, правёў Гая да ліфта.

У ліфце акрамя Дубровіча спускаліся дзве маладжавыя прыгожыя жанчыны і бледнатвары худы мужчына гадоў сарака. Нягледзячы на гарачыню ён быў у тоўстым ваўняным світэры, з пярэстым шалікам на шыі. У яго неяк дзіўнавата блішчалі вочы. Жанчыны шчабяталі аб новым часопісе мод, мужчына з шалікам на шыі пазіраў на іх, але, падалося Гаю, як бы скрозь іх, і гэта было ненатуральна, бо на эфектных гаваркіх жанчын мужчыны так не глядзяць. Раптам Гай падсвядома адчуў нейкую трывогу, нейкі халадок пад сэрцам. Жанчыны весела тараторылі, мужчына з шалікам пільна пазіраў на іх і скрозь іх, а Гай Дубровіч аж ледзянеў ад нечаканай трывогі. «Зараз нешта павінна здарыцца», - шапнуў унутраны голас, які ніколі не памыляўся. Мужчына ўзняў руку, тонкую, бледную, каб расслабіць шалік на шыі, і Гай міжволі скалануўся. На чалавечай руцэ не было пазногцяў. Была вузкаватая, з сінімі ручайкамі венаў, кісць, было пяць пальцаў, а пазногцяў не было. Там, дзе яны звычайна знаходзяцца, Гай убачыў абсалютна гладкую бледную скуру. Ён пачынаў ужо здагадвацца, хто едзе разам з ім у марудлівым ліфце, хто стаіць за крок-паўтара ад яго. Лютая гарачыня, духата, ваўняны тоўсты світэр, які нібы металічны панцыр абціскае хударлявую фігуру, і ні малюсенькай кроплі поту на твары. Ліфт спыніўся, палавінкі абшарпаных дзвярэй пачалі павольна раз'язджацца ў бакі, і раптам мужчына з нізкім вантробным гыркам хіснуўся ўперад, аскаліў зубы і гучна клацнуў імі - укусіў жанчыну, што стаяла бліжэй да яго, за шчаку. Жанчына дзіка ўскрыкнула, асела на падлогу ліфта. Мужчына з крывавым ротам нязграбна скокнуў цераз яе, шаргануў Гая каляным рукавом світэра па твары і вельмі хутка пабег у змрок доўгага калідора.

- Які жах! - усклікнула сяброўка ўкушанай. У яе пачалася істэрыка.

Гай Дубровіч стаяў каля дзвярэй ліфта, бачыў, як санітары вядуць жанчыну да машыны «хуткай дапамогі», як малады ліфцёр зацірае кроў на падлозе, і душа кіпела абурэннем. Нельга так далей жыць. Лепей жахлівы канец, чым бясконцы жах. Перасохла ў роце. Ён падышоў да аўтамата, каб напіцца. Але газіроўкі чамусьці не было.

- Просім прабачэння, - сказаў, тройчы міргнуўшы зялёнай лямпачкай, аўтамат. - Праз дзве хвіліны сорак пяць секунд будзе дазапраўка. Пачакайце. Ды Гай, махнуўшы рукою, сеў на таксі, папрасіў шафёра як найхутчэй ехаць у Менск. Шльгалі за акном чырвоныя і зялёныя катэджы, купкі дрэў, акуратныя лужкі. З прыёмніка неслася меланхалічная песня, «цвік сезона»:

 

Не кружы, зязюля, над чужым гняздом.



Пабудуй, зязюля, свой уласны дом.

Бач: пасля дасвецця

Зноў плыве імгла.

Цяжка тваім дзецям

Без твайго крыла.

 

«Клён, сынок, - думаў Гай, - хутчэй бы ўбачыцца з табою».



Раптам песня перарвалася.

- Увага, - строга сказаў металічны голас. - Гаворыць Штаб грамадзянскай абароны горада Менска. Просім усіх мінчукоў заставацца дома, не выходзіць на вуліцы. Праверце, ці ў зборы ўсе члены вашых сем'яў, асабліва дзеці, зачыніце дзверы і вокны, не стойце на балконах, ні ў якім разе не пускайце ў кватэры незнаёмых асабіста вам людзей. Помніце: гэта можа быць агентура СЦ. У горадзе пачаліся баі. Па папярэдніх звестках, Серабранка і Чыжоўка захоплены атрадамі Старой Цывілізацыі і робатамі з аўтамабільнага завода, якія далучыліся да іх. Атрады СЦ, выкарыстоўваючы агнямёты, па лініях метрапалітэна хочуць прабіцца ў цэнтр горада. Баявікі Старой Цывілізацыі знешне вельмі падобныя на людзей. Розніца ў тым, што ў час мімікрыі прайшоў дэфект, і на пальцах рук і ног яны не маюць пазногцяў. Помніце: у іх няма пазногцяў. Асцерагайцеся людзей у пальчатках і рукавіцах, патрабуйце, каб яны неадкладна здымалі іх. Тых мінчукоў, хто ў гэтыя хвіліны слухае нас за рулём аўтамабіля, просім прыехаць на чыгуначны вакзал і аўтавакзал. Там працуюць паходныя лазарэты для параненых і будзе патрэбна ваша дапамога.

- Едзьце на чыгуначны вакзал, - усхвалявана сказаў Дубровіч таксісту.

Той згодна кіўнуў галавой, павялічыў хуткасць, і раптам Гай убачыў у яго на руках белыя пальчаткі.

Кроў зазвінела ў галаве, пачала, здаецца, ламаць скроні.

- Што гэта? - спытаў Гай.

- Вы аб чым? - не зразумеў таксіст.

- Спякота, а ў вас на руках пальчаткі.

- Ну й што? Мне так падабаецца, - усміхнуўся таксіст, але вочы былі напружаныя, суровыя.

- Неадкладна здыміце, пакажыце свае рукі. Я хачу іх убачыць.

- А я цябе, жлоб, хачу ўбачыць у труне ў белых тапках, - адказаў таксіст і раптам, кінуўшы руль, схапіў Гая за горла.

Дубровічу ўдалося вывернуцца. Усім целам ён падаўся назад, але вялікія рукі ў белых грубых пальчатках цягнуліся да яго.

«Зараз машына загрыміць у кювет, - падумаў Гай. - Не ведаю, што застанецца ад гэтага пярэваратня. Ад мяне ж - адны костачкі».

Кулаком ён ударыў таксіста, стараючыся патрапіць у сківіцу. Але ўдар прыйшоўся ў грудзі і прабіў іх, прарваў, бо пад кулаком была не пругкая чалавечая плоць, а нейкая рыхлая маса, нейкая вата. Ад нечаканасці і агіды пацямнела ўваччу. Стварэнне, якое толькі што было таксістам і даволі спрытна і ўмела ўпраўлялася з аўтамабілем, на вачах пачало набываць фіялетава-чырванаваты колер. Такім робіцца корань у грыба падасінавіка пасля таго, як яго зрэжуць.

Па рацыі Гай перадаў дыспетчару, што на лініі ў горадзе і ў прыгарадах могуць працаваць і, вядома ж, працуюць вадзіцелі-пярэваратні, хітрая агрэсіўная пятая калона СЦ.

- У іх няма цела, - дадаў ён.

- Як? - асекся голас у маладзенькай дзяўчыны-дыспетчара. - Як вы сказалі?

- У іх няма цела, - паўтарыў Дубровіч.

- А як жа яны кіруюць машынамі?

- Шлая мая, у іх няма чалавечага цела, - стараючыся не раздражняцца, пачаў цярпліва тлумачыць Гай. - Напрыклад, вось гэты прыгажунчык, што сядзіць побач са мной, з выгляду самы сапраўдны каўбой, супермэн, адным словам, але ўвесь ён нашпігаваны нейкай ватай і нейкім пілавіннем.

- І вам не страшна? - ціха-ціха спыталася дыспетчарка.

Гай не адказаў, выключыў рацыю. Увесь гэты час ён вёў аўтамабіль, скінуўшы фіялетавыя (нават пальчаткі зрабіліся фіялетавымі!) адразу памякчэлыя робатавы рукі з руля. Потым ён наогул надумаў ачысціць ад пярэваратня салон. Ціскануў на тормаз, хацеў адчыніць дзверцы, але аўтамабіль не слухаўся, нёсся, як раз'ятраны звер, па шашы. Гай быў вопытнейшым шафёрам, мог, калі трэба, з завязанымі вачыма кіраваць машынай, ведаў, адчуваў у ёй кожную маленькую гаечку, і ён зразумеў, што стаіць за нечаканым бунтам аўтамабіля. Аўтамабіль таксама быў фікцыяй, падробкай, муляжом, называй як хочаш. Аўтамабіль быў жывой істотай, якая дзёрзка не падпарадкоўвалася чалавеку, хацела яго забіць, знішчыць.

- Спыніся, чортава калымага! - у адчаі закрычаў Дубровіч, зноў і зноў націскаючы на тормаз.

Раптам аўтамабіль рэзка рвануўся на сустрэчную паласу руху, намерваючыся ўдарыцца - лоб у лоб - з вялізным цяжкім малакавозам. У апошняе імгненне шафёр малакавоза вільнуў убок і люта пагразіў Гаю кулаком.

- Бунт аўтамабіля! - закрычаў у рацыю Гай. - Прашу дапамогі! Прашу тэрміновай дапамогі!

- Дзе вы знаходзіцеся? - спытаў у яго строгі басавіты мужчына, пэўна, афіцэр ДАІ.

- На шашы Вільнюс - Менск, у раёне Новай Вёскі! Аўтамабіль, не ведаю, як і называць гэту пачвару, пастаянна кідаецца на сустрэчныя слупы і машыны! У мяне мярцвеюць рукі! Вось ён хоча скокнуць у кювет!

Гай заскрыгатаў зубамі, у чарговы раз не дазволіўшы аўтамабілю самаліквідавацца.

- Дапамажыце! - крычаў ён.

З неймавернай хуткасцю пачаў расці, раздзімацца руль і неўзабаве прыціснуў Дубровіча да сядзення, ды так, што не прадыхнуць. Адначасова пачулася лёгкае шыпенне. У салоне запахла нечым гаркавата-салодкім. Гай адчуў, як пачынаюць зліпацца павекі. «Сонны газ», - здагадаўся ён. У смяротнай тузе заныла сэрца. Ён убачыў на заднім сядзенні цяжкую металічную гантэлю. «Навошта ў машыне гантэля? - мільганула ў галаве, якая ўжо клявала носам, вялая думка. - Пэўна, ёю пярэварацень збіраўся трушчыць чарапы людзям». Гай схапіў гантэлю, заплюшчыўшы вочы, што ёсць сілы ўдарыў ёю па ветравым шкле. Дзве мэты ставіў ён перад сабой - упусціць у салон свежае паветра і прычыніць гэтаму стварэнню, гэтаму самазабойцу боль. Але шкло толькі злёгку прагнулася, ні трэшчынкі не з'явілася на ім. Гэта даканала Гая. «Карачун мне... Канец», - падумаў ён.

У гэты час над шашой нізка праляцеў патрульны верталёт ДАІ, за ім - другі, трэці. Яны пачалі скідваць на асфальтавае палатно гумовыя дарожкі, спрэс утыканыя вострымі жалезнымі шыпамі.

- Трымайцеся, - звязаўся з аўтамабільнай рацыяй пілот верталёта. - Зараз гэты шустрачок наколецца на шпільку, і ўсё будзе о'кэй.

Але аўтамабіль - верталётчыкі аж разінулі раты ад здзіўлення - пачаў пераскокваць праз дарожкі, рэзка віляць у бакі, аб'язджаючы іх.

- Ну й слаламіст, - здзіўлена прысвіснуў пілот. - Застаецца адно - страляць па шынах.

Верталёты знізіліся амаль да ўзроўню шашы і, летучы на шалёнай хуткасці ўслед за аўтамабілем, адкрылі ўраганны кулямётны агонь. Кулі, чыркаючыся аб асфальт і рыкашэцячы, высякалі доўгія яркія іскры. Нарэшце лопнула задняя шына, аўтамабіль крутнуўся, спыніўся. Гаю падалося, што ён застагнаў.

Пілоты падбеглі, зубіламі рассеклі дзвярныя петлі, іначай Гай, у якога пачыналіся ўжо галюцынацыі ад невядомага гаркавата-салодкага газу, сканаў бы ў салоне. Яго выцяглі, далі вады. Ён зрабіў глыток і рухнуў на гарачы смуродлівы асфальт.

- Гэта Гай Дубровіч, - сказаў адзін з пілотаў. - Ранавата ён страціў прытомнасць. Пратрымайся ён хаця б сотую долю секунды, і я сказаў бы яму, што ягоны сын Клён жывы, цэлы і непашкоджаны толькі што вярнуўся на Зямлю з планеты Вар.

 

1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   12


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка