Леанід Лахманенка Газета




Дата канвертавання10.04.2017
Памер55.65 Kb.
Леанід Лахманенка

Газета «Звязда».


Тэма прызнання і ўмацавання суверэнітэту Беларусі

на старонках «Звязды»


Дыпламатычнае прызнанне суверэнітэту Рэспублікі Беларусь насіла, прама скажам, лавінападобны характар. Дзяржавы адна за другой тэлеграфавалі ў Мінск аб прызнанні суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Гэты працэс знаходзіў поўнае адлюстраванне на старонках «Звязды». Яна аператыўна друкавала паведамленні аб падпісанні пагадненняў аб усталяванні дыпламатычных адносін. У прыватнасці, на адным з пасяджэнняў Вярхоўнага Савета рэзананс выклікала яе публікацыя «Дыпламатычны прарыў Беларусі». «Звязда» у ёй паведамляла аб важных і выніковых сустрэчах за мяжой тагачаснага міністра замежных спраў П. Краўчанкі. Шэраг амбіцыйных дэпутатаў палічыла, што іх абышлі ў такой важнай справе, як адстойванне нацыянальных інтарэсаў на міжнароднай арэне, а таму запатрабавалі тлумачэння ад МЗС, захацела міністра «паставіць на месца». Такія вось калізіі ўзнікалі ў перыяд актыўнага дыпламатычнага прызнання нашай краіны.

Тым часам у Мінск пачалі прыязджаць паслы замежных дзяржаў. Натуральна, «Звязда» імкнулася ўзяць інтэрв'ю ў кіраўнікоў дыпламатычных місій. Напрыклад, першы пасол КНР у Беларусі Ван Сінда ў інтэрв'ю карэспандэнту «Звязды» казаў пра неабходнасць развіваць і паглыбляць гандлёва-эканамічнае, навукова-тэхнічнае, культурнае і гуманітарнае супрацоўніцтва паміж краінамі. За дваццаць гадоў пасля таго інтэрв'ю Беларусь і Кітай дасягнулі велізарных поспехаў ва ўсіх сферах: палітычнай, эканамічнай, сацыяльна-культурнай і г.д. Аб гэтым у газеце рэгулярна змяшчаліся разнастайныя матэрыялы. Як паведамляла «Звязда» (24.04. 2012), у Інстытуце журналістыкі БДУ адбылася грунтоўная размова аб ролі СМІ Беларусі і Кітая ў дынамічным, шматгранным і вельмі перспектыўным партнёрстве дзвюх краін. Нагодай для гэтай сустрэчы сталі важкія прычыны: 20-годдзе ўсталявання дыпламатычных адносін паміж краінамі-партнёрамі і выхад іх стратэгічнага партнёрства на якасна новы ўзровень, адной з прыкмет якога з'яўляецца ўсё больш актыўнае і паспяховае ўзаемадзеянне рэгіёнаў Беларусі і Кітая. Прычым не толькі па лініі гандлёва-эканамічных адносін. У гэтым сэнсе цікавы і вельмі змястоўны даклад аб станаўленні і паступовым развіцці двухбаковых стасункаў за двадцаццігадовы перыяд пасля ўсталявання дыпламатычных адносін зрабіў пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі Гун Цзяньвэй. У сваім выступленні пасол цяперашні этап кітайска-беларускіх адносінаў ахарактарызаваў як этап вялікіх перспектыў і новых магчымасцяў. Ён зрабіў выснову: у апошнія гады ў дзелавых сувязях Беларусі і Кітая з'явіўся вельмі важны феномен, які ён характарызаваў як «паступовы адыход ад чыста гандлёвага да фінансава-інвестыцыйнага супрацоўніцтва». Прычым ён зрабіў акцэнт на тым, што размова ідзе не толькі пра кітайскія інвестыцыі ў эканоміку Беларусі, але і пра беларускія інвестыцыі ў Кітай. Увогуле, на думку Гун Цзяньвэя, за 20 гадоў Беларусь і Кітай сталі сапраўднымі партнёрамі і сябрамі. А гэта адкрывае новыя магчымасці для паглыблення двухбаковага супрацоўніцтва. Таму тэма стратэгічнага партнёрства і ўзаемадзеяння рэгіёнаў Беларусі і Кітая абяцае стаць адной з галоўных на старонках перыёдыкі, у тэле- і радыёперадачах.

Адразу пасля абвяшчэння незалежнасці адным з найважнейшых напрамкаў сваёй знешняй палітыкі Беларусь вызначыла ўдзел у рабоце ўніверсальных і спецыялізаваных, глабальных і рэгіянальных міжнародных арганізацый і інтэграцыйных аб’яднанняў. Беларускім дыпламатам тады вельмі дапамог шматгадовы ўдзел БССР (з 1945 г.) у дзейнасці ААН, адной з заснавальніц якой была наша рэспубліка. У многім дзякуючы гэтаму ў Мінску амаль 20 гадоў назад было адкрыта прадстаўніцтва ААН. Яго дзейнасць пастаянна асвятляецца ў «Звяздзе» літаральна з першых дзён работы ў беларускай сталіцы. Як, між іншым, і дзейнасць у краіне прадстаўніцтваў вядучых міжнародных фінансавых і эканамічных арганізацый. Рэгулярна публікуюцца матэрыялы на тэму супрацоўніцтва з Міжнародным валютным фондам, Сусветным банкам, Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскай эканамічнай камісіяй ААН і Канферэнцыяй ААН па гандлі і развіцці (ЮНКТАД). «Звязда» ў сваіх публікацыях робіць акцэнт на тое, што менавіта неабходнасць змякчэння наступстваў глабальнага эканамічнага крызісу для Беларусі і правядзення ў краіне структурных рэформаў у сферы эканомікі і фінансаў абумовілі сучасную тэндэнцыю пашырэння супрацоўніцтва нашай краіны з гэтымі структурамі.

Развіццё нашага ўзаемадзеяння з Еўрасаюзам – асобная і складаная тэма ў газеце. Спецыяльны карэспандэнт «Звязды» асвятляў першыя перамовы ў Бруселі беларускай дэлегацыі на чале з першым намеснікам міністра замежных спраў Беларусі В. В. Цапкалам з прадстаўнікамі Еўрапейскай камісіі ЕС. Перамовы прайшлі паспяхова. Пра гэта быў апублікаваны шэраг матэрыялаў з Бруселя. Потым, як вядома, адносіны былі азмрочаны крытыкай ЕС беларускага кіраўніцтва, рознымі патрабаваннямі да ўладаў і г.д. Няпроста складваюцца адносіны з ЕС і сёлета.

Гісторыя асвятлення ў «Звяздзе» адносін Беларусі і Еўрапейскага саюза таксама налічвае ўжо больш за дваццаць гадоў. Пасля двух апошніх пашырэнняў ЕС на ўсход наша краіна непазбежна апынулася ў зоне эканамічнага і геапалітычнага прыцягнення гэтай міждзяржаўнай структуры. Яе ўплыў Беларусь адчувае на сабе пастаянна. Патрэбна адэкватна сфарміраваная, узаемавыгадная і эфектыўная палітыка супрацоўніцтва – лейтматыў многіх публікацый «Звязды».

Неабходна заўважыць, што амаль адначасова пасля дыпламатычнага прызнання суверэнітэту Рэспублікі Беларусь паўстала і новая для яе задача – стварэнне станоўчага іміджу краіны, работа па прызнанні яе месца і ролі ў сусветнай супольнасці. Сёння Беларусь як суверэнная еўрапейская дзяржава праводзіць самастойную і міралюбную знешнюю палітыку, актыўна развівае супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі ў розных частках зямнога шара, уносіць значны ўклад ва ўмацаванне міжнароднай бяспекі і стабільнасці. Беларусь зараз падтрымлівае дыпламатычныя адносіны «са 170 дзяржавамі свету, у 51 з якіх адкрытыя 63 дыпламатычныя і консульскія прадстаўніцтвы, не лічачы 13 аддзяленняў пасольства» [1].

Аднак, на жаль, для жыхароў многіх краін Беларусь па-ранейшаму застаецца тэра інкогніта. З гэтай нагоды «Звязда» актыўна падтрымала ініцыятыву творчай інтэлігенцыі Беларусі распачаць стварэнне канцэпцыі папулярызацыі беларускай культуры за мяжой. Упершыню гэта ідэя была агучана напрыканцы 2009 года на пашыраным пасяджэнні праўлення Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязi з замежнымі краінамі. На падзею «Звязда» адгукнулася публікацыяй «Наспела беларуская культурная экспансія» (05.12.2009). Далей тэма атрымала развіццё ў дыялогу двух рупліўцаў беларускай культуры, прадстаўнікоў Беларускага фонду культуры Уладзіміра Гілепа і Анатоля Бутэвіча «Не толькі з фальклорам чакаюць нас у Еўропе... » («Звязда» 19. 01. 2010). Апошняя публікацыя ў «Звяздзе» на гэтю тэму – «Наша культура – наш пасол» – з'явілася 19.05.2010. Змест дыскусій, калі казаць вельмі лаканічна, датычыцца таго, як сродкамі культуры зрабіць нашу краіну вядомай і прывабнай у свеце, каб у іншаземцаў узнікала жаданне больш даведацца пра Беларусь, наведаць яе. У прыватнасці, прадстаўнікі творчай і мастацкай інтэлігенцыі прапаноўвалі зрабіць дакладны аналіз дзейнасці ўсяго больш-менш вартага ўвагі, што зроблена па папулярызацыі беларускай культуры за мяжой за апошнія 10–15 гадоў. Таксама істотна павялічыць колькасць культурных цэнтраў за мяжой і, магчыма, правесці сумесную калегію Міністэрства культуры і Міністэрства замежных спраў. Іх прадстаўнікі гэту ідэю прызналі слушнай. Да яе абмеркавання далучыліся чытачы «Звязды». Згодна з іх допісамі і водгукамі, ім было б карысна і цікава выказаць асабістае меркаванне па ўзнятым коле пытанняў і праблем у вышэй пералічаных публікацыях у газеце.

 Сёння «Звязда» пастаянна інфармуе чытачоў аб захадах Беларусі па ўмацаванні і пашырэнні так званай далёкай «знешнепалітычнай дугі» саюзнікаў і партнёраў у азіяцкім, лацінаамерыканскім, блізкаўсходнім і афрыканскім рэгіёнах. Дыверсіфікацыя гандлю, паглыбленне эканамічнай кааперацыі з краінамі розных рэгіёнаў планеты з’яўляюцца важнымі тэмамі на старонках газеты. «Звязда» паказвае, як наша краіна шукае новыя спосабы рэагавання на новыя міжнародныя выклікі і пагрозы.



 

Літаратура



  1. Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь: афіцыйны сайт [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://www.mfa.gov.by/. – Дата доступу: 08.09.2012.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка