Лірыка Аляксея Пысіна




Дата канвертавання11.10.2017
Памер134.7 Kb.
Лірыка Аляксея Пысіна

Нямыя
Тлумачыць можна нават кіем,

Тлумачыць можна і мятлою.

Нямыя размаўляюць ківам,

Вясёлых пальцаў мітульгою.


Нямыя моўчкі размаўляюць,

Нямую мову разумеюць.

Нямыя толькі не спяваюць,

Бо пець без голасу не ўмеюць.


Але ж вядуць свой спеў алені

I сінягубыя дэльфіны.

Мы ўчора толькі зразумелі,

Што адчуваюць нас расліны.


Гавораць не нямыя рукі,

I радасць, і журбу узносяць.

Мелодыя — не толькі гукі, —

Узлёт жыцця на светлай ноце.


Нямыя бачаць, заўважаюць

Спеў зорачкі ў пару начную.

Нямыя крыламі спяваюць,

Таму, на жаль, мы іх не чуем.


Свет гулкай цішынёй напяты,

I пахнуць зоры цішынёю.

Нямыя — гэта немаўляты

З дзіцячай чыстаю душою.

1976

* * *


Аляксею Зарыцкаму
Падымаецца камочак песні

Ад сырой зямлі да паднябесся.

У блакіце ўсходзіць, даспявае,

Людзі кажуць: «Жаўранак спявае».


I даспела песня і праліта

На зямлю, на маладое жыта.

I душа адчула: лёс нас песціць,

Покуль песня — ў хлебе, хлеб — у песні.

* * *

Па-над горадам у сіняве



Лета бабіна без павуціны.

Прылятаюць осы да мяне —

Жоўтыя, зялёныя пункціры.
Прылятаюць осы на балкон,

Тонкія падгалістыя осы.

А балкон — жалеза і бетон,

Дзе той горкі мёд і меданосы!


Асыпалі яблыні на дол

Белую парошу трапяткую.

Ды не бачыў я вясною пчол,

I хоць ос я сёння пашкадую.


Не, не снілася і каралю

Чаяпіцце вось такое — сподкі

На балкон выношу і кармлю,

I частую ос усім салодкім.


Чынш людской прыязнасці аддам

Усяму, што ў лесе, полі, лузе,

Бо таго не ведаю я сам,

Чым яшчэ на гэты свет з'яўлюся...


Па-над горадам у сіняве

Лета бабіна без павуціны.

Осы, осы, осы — да мяне, —

Жоўтыя, зялёныя пункціры.

1972

* * *


Пасадзілі ля дома бярозку,

Пажадалі ёй добрага росту,

Каб на радасць і ўнукам была.

Пацягнулася тонкае дрэўца,

I туды і сюды трапянецца —

Не хапае апоўдні святла.

Ценем хтось атуляе адразу,

Выпадае так мала ёй часу

Гнаць угору галінкі свае.

Ўсёй істотай яна адчувае:

Побач той, хто яе засланяе,

Хто паўсвета бярэ ад яе.

Трапянецца і ўправа і ўлева:

Ах, якое вялізнае дрэва,


Не абмацаць яго, не абняць!

Дзе ж ёй ведаць душою лясною,

Што не дрэва, а дом па-над ёю,

Не шпакоўні — балконы вісяць.

1972

Прыцягненне
Мог я, мог калісьці нават лётаць,

Падымала не крыло:

На душы ў мяне было так лёгка,

Так бязвоблачна было.


I сябрамі да мяне ляцелі

Птахі, пчолы, матылі...

Сёння і душа мая і цела

Пад уладаю зямлі.


Не дагнаць і не спыніць імгненне,

Што ляціць, як вецярок.

Адчуваю сілу прыцягнення,

Ўсё цішэй, цішэй мой крок.


Прыцягненне — гэта далучэнне

Лёсаў нечых і трывог,

Засяленне светам, напаўненне

Тым, што зведаў і збярог.


Ну, а што яшчэ не адпускае

Ад зямнога рубяжа?..

Хай жа верыцца, што не пустая,

Не глухая ты, душа.

1974

* * *


Пэўна, ўжо лету мяжа:

Сячэ павуцінне імжа,

Сухога не знойдзеш у лесе лаўжа...

Сініца, прынясі вясну!


Падмёў лістапад сады,

Блакадаю — халады,

Знікнуць чыесьці пад снегам сьляды...

Сініца, прынясі вясну!


Бясконцай здаецца зіма,

Сонца чакаю дарма,

А можа, не сонца — мяне ўжо няма?..

Сініца, прынясі вясну!

* * *

Сасна і кусты іван-чаю,



Далёка лугі і палі.

Дзе б крокі мае ні былі,

Я вёску ў сабе адчуваю.
Над хатай дымок, як калісьці,

То голуб, то кот на страсе...

Мне вецер з сасны данясе

Рыпенне забытай калыскі.


«Ўсё вёска, і зноў жа пра тое»,–

Хтось, можа, дакорам кальне...

Ёсць горад і вёска ў мяне,

Я зроду не быў сіратою.

1974

Дзявочая гара ў Мсціславе
Самалёт пакружыўся ў нізоўі,

Гайдануўся над дымкай лясной.

«...Давяралі мне тайну князёўны,

Сябравалі студэнткі са мной.

Толькі мне невядома каханне,

Усё гляджу праз світальны туман:

Дзесьці там у дняпроўскім тумане

Ёсць вясёлы блакітны курган.

Не сысці са стаптанага лугу,

Не пабегчы па белай траве...»

Разумею, гара, тваю скруху,

Разумею пакуты твае.

Уздыхалі манашкі па волі

У манастырскай лампаднай цішы,

Прыняслі цябе ў вузкім прыполе,

Калыхалі ў калысцы душы.

Пад малітву вячэрнюю зорам —

Спавівалі травою нязлой.

I стаіш ты сягоння дакорам

Сноў дзявочых, што сталі зямлёй.



Каханы Роў
Ёсць гарадок паміж бароў,

А ў ім нябачны з берагоў

I кручаў Сожа, быццам схоў, —

Каханы Роў.


З былых часоў, з былых вякоў

Таіў і шанаваў любоў,

На шлюбны ложак юных вёў

Каханы Роў.


Святло чаромхавых кастроў

Сышло з падземных вапнякоў.

I вабіць зноў і кліча зноў

Каханы Роў.


Спытайце нават салаўёў,

Спытайце нават матылёў,

Што трэба ім? Адказ без слоў:

— Каханы Роў.


He прыглядайся да зямлі,

Да тых слядоў, што тут ляглі, —

Пакуты й смерць таксама йшлі

Ў Каханы Роў.


Святло чаромхавых кастроў

Сышло з падземных вапнякоў.

I вабіць зноў, і кліча зноў

Каханы Роў.

***

Аддаваў цябе лесу, і бору,



I далёкім палям, і лугам.

He было ні жальбы, ні дакору,

Так, здавалася, думаў я сам.
He на іншую сыдзеш планету,

Захачу — даганю, будзе след.

Схамянуўся — ні сцежкі, ні следу,

Толькі луг, толькі лес, толькі свет.


Я гляджу праз гадоў павалоку:

He гукнуць, не дагнаць, не дайсці.

...Усміхаешся блізка здалёку,

Як зялёная зорка ў лісці.


***

На схіле дня святла яшчэ даволі,

Вільготны цень кладзе дубоў сям'я.

О, як патрэбны мне твае далоні,

Любоў мая.
Калі стамлюся некалі праз меру,

Адчуць бы мне падтрымку рук тваіх;

I я ў прыліў магутных сіл паверу,

Бо мы ўдваіх.


Прыкмеціш, што ўскіпаю недарэчы

I слова крыўднае сказаць хачу, —

Ты апусці далоні мне на плечы,

I я змаўчу.


Дубы на позні дол ссыпаюць лісце,

I ў кожнага зямны кароткі век.

Ў мой лістапад няшумны дакраніся

Маіх павек.


I я адчую, ўбачу, невідушчы,

Далонямі тваімі ўбачу я

Ў палёце ластаўку, рабіну ў пушчы,

Любоў мая.



Птушыныя гнёзды пад снегам заснулі...
Птушыныя гнёзды пад снегам заснулі,

Дрымотную пражу завеі прадуць.

А хочаш – зімой закукуюць зязюлі,

Мядовыя росы на дол упадуць.


Я сам пажадаў сёння гэткага раю.

На беразе казкі зімовай стаю;

Прыгожае імя тваё паўтараю,

Насустрач любоў выклікаю тваю.


Дыханнем качу тваё імя па снезе,

Качу, нібы сонца, па белых лясах;

І падымаюць галовы мядзведзі,

Што спалі ў мядова-малінавых снах.


Дыхніце, мядзведзі, на просінь, што свеціцца, –

Замёрзлае неба ужо адтае;

Ступае Вялікая наша Мядзведзіца

У светлы маліннік на сцежкі свае.


Чаго не стае нам? Звычайнай зязюлі.

Звычайнай зязюлі? Наш свет не збяднеў:

Я выпушчу зараз яе з-пад кашулі –

Гукай, мая птушка, ў сутоенасць дрэў.



Цябе, як пушчу, адкрываю...
Цябе, як пушчу, адкрываю

У зменах часу і святла.

То ты прамая, то крывая,

То немая, то гаваркая,

То ты – расінка, то – смала.

Калі ты блізка – так малюю,

Адыдзеш – і пазнаю

Бездапаможную, малую

Цябе, былінку палявую,

Былінку горную маю.



Іван-чай
Вабіць незнаёмая дарога,

I сабе ты кажаш: прыкмячай.

А калі дарог на свеце многа,

Друг мой, Іван-чай?

Ды тваіх, смаленскіх, не забуду

У снягах, дажджах і сіняве.

Тройчы адбівалі вёску Буду,

Тройчы паміралі за яе.

А пад Будай — хлопцы пахаваны,

А пад Будай — многія сябры.

Аляксеі, Віктары, Іваны...

Гліна коўзкая. Падзол сыры.

Узышлі травой і гарыцветам,

Узышлі на радасць ці жальбу?

Вунь Іван стаіць па-над кюветам,

Галавой ківае: «Вось жыву.

He здзіўляйцеся, што ўвесь чырвоны;

Восем куль было — крывёю сцёк.

Скора восень. Каркаюць вароны.

Жоўты каля ног маіх лісток.

Хочаш — пачастую нашым чаем,

Я ж цяпер навекі вадахлёб».

He, Іване, з чаем — пачакаем,

Закурыць не лішне нам было б.

Мы цыгарку скруцім па-былому,

Пусцім шызы дым на правады.

Першая зацяжка — мне, жывому,

Бо занадта ў сэрцы гаркаты.

...............................................

Чырвань, чырвань, колер праваты...




Дала мне маці гэту мову...
Дала мне маці гэту мову,

Каб не нямым прыйшоў у свет,

Дала мне маці гэту мову,

Як спадчыну і запавет.


Была яна не беларучкай

І на жніве, і на сяўбе;

На глебе добрай беларускай

Здабыты словы ўсе яе.


Прапахлі сонцам і падзолам,

Дажджамі, сокамі раслін,

Пад знак рукам яе мазольным,

Што мелі толькі ў сне спачын.


Дачка мая! У жыццёвай прозе

У буднях і святочным днём

Не пакідай яе ў парозе,

Калі ў нечы ўвойдзеш дом.



Мяркуй, што робіш для душы сваёй...
Мяркуй, што робіш для душы сваёй —

Шпакоўню, вулей, сціплую кармушку:

Падобны ў чымсьці на пчалу і птушку,

Ты б мог прыйсці ў свет птушкаю, пчалой.


Ты б мог прыйсці бярозкаю, што ссек,

Мурашкаю, што сок з пянёчка выпіла.

Ў істоце той, якою быць не выпала,

Сябе адчуй хоць зрэдку, чалавек!



Забыта многае ў жыцці...
Сцяпану Гаўрусёву
Забыта многае ў жыцці,

З дарогі змецена і змыта.

Мне ў жыта хочацца ўвайсці,

Мне вечнасцю здаецца жыта.


Вазьму шурпаты каласок

На чуйным провадзе саломы —

I адзавецца мне здалёк

Мой продак — сейбіт незнаёмы;


Жней невядомых галасы

Ўсплывуць над постаццю сухою.

Раскалыханы каласы
I даспявае далягляд
У трапяткім мембранным гуле.

Шукаюць рукі тых зярнят,

Каб нас таксама дзесь пачулі.

Густой паўдзённаю смугою.


Тут даспявае пад смугой

Зліццё надзей, жаданняў сумесь.

Гудзе жытнёвы провад мой —

Часоў былых і новых сувязь.




Лугоў зялёнае міжброўе...
Міхасю Стральцову
Лугоў зялёнае міжброўе,

Вада — славянскай сінявы.

Мне кожны колос Прыдняпроўя

Жадае добрага здароўя

Паклонам русай галавы.
Вось бескапытная дарога

Звініць у бесканечнасць дня.

Нібы на маманта жывога,

Гляджу на рыжага каня.


Зямля — у воблаках і мяце, —

Ляці увысь,

Глыбока сей!

Сасна паклікала, як маці,

Працяжна, глуха: «Аляксей...»


Пасадзілі ля дома бярозку...
Пасадзілі ля дома бярозку,

Пажадалі ёй добрага росту,

Каб на радасць і ўнукам была.

Пацягнулася тонкае дрэўца,

I туды і сюды трапянецца —

He хапае апоўдні святла.

Ценем хтось атуляе адразу,

Выпадае так мала ёй часу

Гнаць угору галінкі свае.

Ўсёй істотай яна адчувае:

Побач той, хто яе засланяе,

Хто паўсвету бярэ ад яе.

Трапянецца і ўправа і ўлева:

Ах, якое вялізнае дрэва,

He абмацаць яго, не абняць!

Дзе ж ёй ведаць душою лясною,

Што не дрэва, а дом па-над ёю,

He шпакоўні — балконы вісяць...



Ёсць на свеце мой алень...
Ёсць на свеце мой алень,

Ёсць і гэткае маленне:

Будзь заўсёды у аленя,

Цёмны мох і светлы дзень!


Вы, разумныя браты, —

Я і сам страляць умею —

Дайце жыць майму аленю

Пад галінкай дабраты.


Вось у цішыні лясоў

Ліст трапеча счырванелы.

Можа, гэта страх аленя

Тут асінкаю ўзышоў?


Я іду, іду між дрэў

Па асінавай алеі.

Мне пабачыць бы аленя...

Зноў я чую блізкі стрэл.




Палім мы маршанскую махорку...
Палім мы маршанскую махорку,

Бачым мы Дняпроўскую граду.

Будзе сёння бой. На тым узгорку,

Можа, я таксама упаду.


Будуць травы над курганам. Будуць

Адлятаць у вырай жураўлі.

Нас, напэўна, ў свеце не забудуць,

Успомняць, што на свеце мы жылі.


...Я гляджу на даўняе курганне,

На траву, на рыжых мурашоў.

Ведайце: калі мяне не стане —

Я ў сваю дывізію пайшоў.


Пасля ціхіх перастрэлак...
Пасля ціхіх перастрэлак

I налётаў штурмавых

На плацдармах абгарэлых

Усё менш і менш жывых.


Пад зямлёй сышліся цені

Неданесеных штыкоў.

Як загад аб наступленні —

Век кароткі ў юнакоў...


Зразумець мы хочам мову

Вешчых траў і светлых дрэў:

Можа, ў іх ёсць тыя словы,

Што сказаць хтось не паспеў.



Станцыя Гушчына
I

Знікаюць даўнія прыкметы

У знаёмых контурах зямлі.

Я пазнаю пагорак гэты,

Хоць травы шорсткія ўзышлі.

Быў тут бліндаж

Пад збітай цэглаю —

Салон без крэслаў і сталоў.

«Зямлянку» — зімнюю элегію

Спяваў камроты Весялоў.

Пасля мінорных дум аб смерці,

Аб завірухах, што мялі,

Жадаў выслоўем ён, каб дзеці

Ўсе кучаравыя былі.

Далёка да вясны і лета.

А ля разбураных хадоў —

Трафейныя веласіпеды

У абрыўках мёрзлых правадоў.


II

На Марыупаль і Адэсу

Вывозяць поўнач паязды.

О, каб сябрам

З-пад траў

I лесу


Туды —

Да той


Жывой

Вады:


Адмыць з вачэй жарству начную,

Сляды бяссонніц і пакут.

Ад правадніцы строгай чую:

— Стаіць наш поезд сем мінут!

Дзяўчаткі. Хлопцы без пагонаў.

Гітар лянівы перагуд.

Адкрыты дзверы ўсіх вагонаў

На сем мінут.

За сем мінут — устаць на ногі,

Сабраць мяшок паходны свой.

Але няма, няма трывогі,

Няма трывогі баявой.

Адна

Яна


Іх падымала

З пасцелі ў восені сырой,

З любога мёртвага прывалу

У бяссонны

Станавіла

Строй.


Мінута сёмая сцякае,

Пусцее ранішні перон.

Вакзальны

Развітальны

Звон.

А поезд — поезд не чакае.


III

Вагоны з песнямі і смехам.

Вы, песні юныя і смех,

Былі тады зямлёй і снегам,

Кастром салдацкім пры сасне.

I мы на гэтым кіламетры,

Ля камянёў і ля жарствы,

Уяўлялі цьмяныя прыкметы,

Угадвалі — якія вы?

...Быў тут бліндаж

Пад збітай цэглаю —

Салон без крэслаў і сталоў.

«Зямлянку» — зімнюю элегію

Спяваў камроты Весялоў.

I ўсё? I ўсё. I ўсе ўспаміны.

Расце трава. Цвіце язмін.

З усіх, хто едзе сёння міма,

Бліндаж той бачу

Я адзін.

З'явіся, новы дзень, пачаткам новым...
З'явіся, новы дзень, пачаткам новым

З світальнай запаведнай чысцінёй,

З забытай песняй, з халадком сасновым

I юны свет адкрый перада мной.


Травой і лесам узышла дарога,

Травой і лесам выспела ў цішы.

Я ведаю: ні сум, ні боль душы

Не вернуць мне, не вернуць мне нічога


З таго, што некалі бяздумна змята,

Знявечана пад дымнай сінявой,

Таго, што ворагам маім узята

У прыгажосці, у любві жывой.


З вышынь гадоў з жыццёвага ўзвышэння

Цяпер гляджу ў стамлёную душу;

I забыцця — прадмовы ўваскрашэння —

Ў цябе, наш век грымотны, не прашу.


Бяру з сабой нялёгкія дарогі,

Сляды пакут, што не датлелі там,

Бяру з сабой бяссонныя трывогі,

А юны свет — я юным перадам.


Сцяг
Тугое дрэўка на плячы,

Працяг жыцця ў руках.

Звіні, мой сцяг, і трапячы

У праменнях і вятрах.

Мой сцяг вышэй усіх няўдач,

Вышэй усіх няпраўд.

Я сам загорнуты ў кумач

Ад галавы да пят.

Паверкі

кулямі


былі,

I бачыў я тады:

Густою чырванню цвілі

На мне


мае

бінты.


Ты будзеш неўміручы, сцяг,

Бо мы цябе нясём

Ў сваёй крыві, ў сваіх касцях

Перадаём — з жыццём.


Гудкі паравоза ў дрымоце начной...
Гудкі паравоза ў дрымоце начной

Зайгралі басамі баяна.

Акорды трывогі сягоння са мной,

Як песня, што ўжо адспявана.


Даўно адгрымеў на мастах эшалон,

Над сінню пранёсся крылата.

Пытаюся ў станцый: дзе наш батальён,

Скажыце, хто бачыў камбата?


Няма батальёна. Камбата няма.

Дывізіі хутка не стане.

Звальняе не старасць. На старасць дарма

Крыўдуем у часе расстання.


Сузор'і сплываюць у глыб сінявы,

У сузор'яў свае ўспаміны.



Апошні гвардзеец жывы, радавы

Патомкам раздасць успаміны...


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка