Літаратурна-музычная кампазіцыя, прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы




Дата канвертавання17.04.2017
Памер143.89 Kb.
Літаратурна-музычная кампазіцыя, прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы
Выходзяць вядучыя ў нацыянальных касцюмах
1вяд. Добры дзень, чалавек, каго зваць Беларусам!

Мы гаворку такую з табой павядзёпм—

Пра культуру і мову, што як скарб засталіся

Нам ад прашчураў нашых і нашых дзядоў.


2вяд. Доўгі час слова роднае гналі, душылі.

«Гэта мова мужыцкая»,--нам гаварылі.

Хто ж такое дзе бачыў, каб мову матулі

Адкідаў чалавек, бы старую кашулю?!


1вяд. Няўжо горшая наша за тую ж расейскую,

мову польскую, чэшскую, ці за яўрэйскую?

І культура твая, Беларусь, багацей

Шмат за іншыя ў свеце. А колькі людзей

Сваю творчасць Радзіме тваёй прысвяцілі—

Багушэвіч, Купала яе ўзбагацілі.


2 вяд. Дык адродзім жа гонар мы роднай краіны,

Каб вятры не змялі, і не здолеў бы час

Ад мінуўшчыны нашай пакінуць руіны.

Каб сабе даказаць, ды і свету сказаць—

Мы не проста тутэйшыя, мы—БЕЛАРУСЫ!
1 вяд. ЯНКА КУПАЛА…. Які неабдымна шырокі і разнастайны сэнс нясе гэтае імя! Колькі ў ім светлага, узнёслага, уздымна-святочнага, прывабнага і колькі балючага, трывожнага і трагічнага! У нацыянальнай свядомасці беларусаў ён займае такое ж месца, як Пушкін у Расіі, Шаўчэнка ў Украіне, Адам

Міцкевіч у палякаў, Гвездаслаў у славакаў, Хрыста Боцеў у балгар…


2 вяд. Праз яго творы беларускі народ расказаў свету пра сваё жыццё, надзеі, звычаі, гісто рыю, прыроду, раскрыў свой характар, светапогляд і норавы, прад'явіў, інакш кажучы, сваё права «людзьмі звацца».
1 вяд. Гэта—народны паэт Беларусі.
2 вяд. Сапраўднае яго прозвішча—Іван Дамінікавіч Луцэвіч.
1 вяд. Вашай увазе мы прадстаўляем літаратурна-музычную кампазіцыю «Для ўсіх папараць-кветка ўзышла…», прысвечаную 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы.
На сцэне дзіцячая люлька. Гучыць ціхая мелодыя. Выходзіць ЖЫЦЦЁ .Каля калыскі чытае ўрывак з паэмы «Адвечная песня» Янкі Купалы.

Усясільнай рукою тварэння

Даю яму права існення,

На ўласнасць ваду і зямлю,

Душу яму такжа даю…

…Так будзе ён царам прыроды,

Сам найдасканальшага роду,

І будзе цар гэты навек

Названне насіць—чалавек.
Музыка ўзмацняецца і сціхае. Выходзяць чатыры чараўніцы.Адна ў белым уборы, другая—у жоўтым, трэцяя—у блакітным, чацвёртая—у чорным.

Жоўтая. Сёстры. Ля калыскі навароджанага з'яўляюцца чараўніцы і прарочаць яму ягоны лёс.


Чорная. Ля некаторых не з'яўляюцца.
Белая. У тых, хто пасля пальцам не варухне—аж да канца—дзеля брата, друга. У тых , хто толькі для сябе. У тых, хто толькі хлебаед.
Жоўтая. У астатніх – узнікаюць.
Блакітная. І мы заўсёды стаім ля калысак тых, хто адарве кавалак ад рота і дасць загнанаму, хто памагае цэламу народу стаць на ногі. Каля тых – заўжды.
Чорная. Які вы судзіце лёс яму?

Белая. Самы слаўны.


Чорная. Але і самы цяжкі.
Жоўтая. Але і самы вялікі.
Чорная. Ён будзе гадамі блукаць упоцемку.
Белая.І выйдзе на святло.
Чорная. І аслепне ад яго.
Жоўтая. І выведзе на яго іншых.
Чорная. Ён памрэ далёка ад роднай зямлі.
Белая. І вернецца ў яе. І давеку застанецца з ёю.
Блакітная. Чуеце—спяваюць. Нам скора знікаць. У туманы, у пушчы, да зор.
Жоўтая.Прыйдзем, калі з дзіцяці вырасце юнак.
Чорная. Ці вырасце? І ці тое, чаго вы хочаце?
Белая. Вырасце. І імя яму будзе Іван!
Выходзяць чытачы.

1.Граюць скрыпачкі і цымбалы.

І пайшло ад сяла да сяла:

Нарадзіўся Янка Купала—

Кветка-папараць расцвіла.

2.Цёмна ў пушчы. Зусім не відна.

Крукі лётаюць, кажаны.

Ажылі русалкі і відмы,

Старадаўнія курганы.

1.Поўнач блізка. Варушацца блікі.

Совы вухкаюць—не стрываць!

Сцежкі зблытаны—не разблытаць.

Чары ў пушчы – не расчараваць.

2.Рэха чуецца—знічка ўпала.

Пушча ветрана загучала:

Нарадзіўся Янка Купала,

Кветка-папараць расцвіла.

Выходзяць вядучыя.

1вяд. Народны паэт Беларусі, яе гонар і слава, Янка Купала нарадзіўся 7 ліпеня 1882 года, якраз на Купалле.


2 вяд. Нарадзіўся ён у фальварку Вязынка каля Радашковічаў на Міншчыне.
1 вяд. Вёска Вязынка

Хата на ўзгорку ля гаю,

Усёй краіне вядомай ты стала.

У глухім гушчары

Беларускага краю

Тут на свет нарадзіўся Купала.


2 вяд. Бацька, Дамінік Ануфрыевіч, быў беззямельным арандатарам. Маці, Бянігна Іванаўна, даглядала і гадавала дзяцей.
1 вяд. Дзякуй Вам, дзядзька Дамінік і цётка Бянігна,

Што падарылі зямлі вялікага сына,

Які, мужыком назваўшы сябе у народзе,--

Паэтам ступіў у стагоддзі і тысячагоддзі.



Вядучыя выходзяць.
Гучыць песня “ Ой, рана на Івана”. Ля “вогнішча” сядзіць Дамінік Луцэвіч і падлетак Янка.Бацька расказвае казку.
Луцэвіч. А пушча і кажа—ідзі: знойдзеш кветку—тваё шчасце. І чалавек стаў шукаць. Шукаў, дзеткі, шукаў… І ў цёмнай пушчы…
Янка. Загінуў!
Луцэвіч.Ой,ты, дзетка, не знаеш пушчы. Яна нагоніць на чалавека такія страхоцці, што калі хто і знойдзе, дык пакіне і ўцячэ.
Янка. А калі не ўцячэ, не пабаіцца?
Луцэвіч. Што ты—не пабаіцца? Не адно сэрца скаланецца і сёння. Гэта ж толькі раз на год такая ноч бывае.
Янка. А якім цветам яна расцвітае, татачка?
Луцэвіч. Каб жа я знаў, дзетка. Хто кажа, як мак, а хто кажа—блішчыць, як малюсенькі вугельчык. От, як гэты блішчыць і пячэцца…
Янка. А хто будзе шчаслівы—толькі той, хто знойдзе, ці ўсе людзі?
Луцэвіч. Ат, Яначка,-- шчаслівы не хоча думаць няшчасных. Гэта калі б хто з простых, з бедных людзей знайшоў, можа б ён і пра нас не забыўся.
Янка. Татка, а ты сам верыш, што ёсць шчасце?
Луцэвіч. Без веры , сынку , нельга жыць.
Янка. А ты шукаў яго, татка?
Луцэвіч. Я ўсё жыццё шукаю...

Песня ўзмацняецца. Янка ўзнімаецца, напружана ўглядаецца ў цемру і імкнецца ўперад.
Луцэвіч. Куды ты, Яначка?
Янка. Шукаць шчасця…

Песня “Ой, рана на Івана” змаўкае.
Вучань, які выконвае ролю Янкі Купалы, чытае верш.
Янка. Сярод балот, лясоў і выспаў

Ёсць занядбаны Богам кут.

Мне лёс такі на долю выпаў—

На белы свет радзіцца тут.

Мяне з-пад сонца, як зазвычай,

Падкінуў бусел пад страху

І ад калыскі мне пазычыў

Жалейку, пугу і саху.

І ўжо куды ні сабяруся,

Куды дарога не памкне,

Мне сняцца сны аб Беларусі—

Маёй пакутнай старане.


1 вяд. Маленства будучага паэта прайшло на колах—сям’я пераязджала з месца на месца.
2 вяд. Мясціны купалаўскага маленства—Міншчына, Лагойшчына—тэрыторыя даволі значная, сарцавінная для Беларусі, шырокі прастор для пзнання народнага жыцця, прыроды роднага краю.
1 вяд. У 1902 годзе сям’ю Луцэвічаў напаткала страшэннае гора : смерць бацькі і малодшых дзяцей . Янка Купала некаторы час працуе, як і бацька, арандатарам. Пасля – хатні настаўнік, пісар судовага следчага, служачы ў канторы маёнтка, прыказчык, зноў арандатар.
2 вяд. З восені 1905 года—практыкант, а фактычна чорнарабочы на бровары і, нарэшце, памочнік вінакура.
1 вяд. 1908 год. З восені –у Вільні, бібліятэкар у прыватнай бібліятэцы Б.П. Даніловіча. Супрацоўнічае ў газеце “Наша ніва”.
2 вяд. І ўсюды ён бачыў пакуты, слёзы і гора простага абяздоленага чалавека.
Купала. Я пахадзіў па свеце белым,

Жыццё пабачыў без пакут,

А сэрца ўсё адно балела

За родны мой забраны кут.

Як цуд чужы вачэй ні цешыў,

Душа шаптала мне сама:

Ёсць край цяплейшы, багацейшы,

Але раднейшага няма.

Ці абзавуцца ў небе гусі,

Ці дзяцел грукне па сасне,

Мне сняцца сны аб Беларусі—

Лясной, азёрнай старане.


1 вяд. Паэтычны дэбют Купалы – верш “Мужык”, надрукаваны ў 1905 годзе у газеце “Северо-Западный край”.
2 вяд. Верш “стрэліў як пярун сярод яснага дня”, абвяшчаючы моц і сілу народа, увасобленую ў вобразе мужыка.

Таблічка на стале “Издатель-редактор М. П. Мысавской”. За сталом сядзіць выдавец-рэдактар . Стук у дзверы. Заходзіць Я. Купала.
Мыс. Уваходзьце!.. Ну-с, малады чалавек ?
Купала. ( дастае з кішэні лісточак са школьнага сшытка і кладзе на стол).
Мыс. (бярэ лісток, глядзіць). Ага!.. Пра вас мне гаварыў Уладзімір Іванавіч.
Купала. Самойла, Уладзімір Іванавіч.
Мыс. Ага,ага, (чытае лісток вельмі доўга). Гэта ваш першы твор ?
Купала. Не зусім…
Мыс. Каб так гаварыць ад імя мужыка, як вы тут, вы ведаеце, кім трэба быць?
Купала. Купалам.
Мыс. Дзе логіка ?
Купала. Я нарадзіўся на Яна Купалу.
Мыс. Добра, добра. А ваша сапраўднае прозвішча, даруйце ?..
Купала. Луцэвіч Іван Дамінікавіч.
Мыс. Зрэшты гучыць. Янук Куп-па-а-ла -- Луцэвіч Іван Дамінікавіч.

Выходзіць вучань і чытае верш “Мужык”.

1 вяд. Вось так і прыйшоў у літаратуру юнак з простым сялянскім прозвішчам Луцэвіч, які падабраў сабе няпростае, высокае і красамоўнае—Купала.


2 вяд. Прыйшоў, каб заявіць ва ўвесь голас ад імя ўсіх абяздоленых аб простым чалавечым праве “ людзьмі звацца”.
1 вяд. У 1908 годзе ў Пецярбургу выходзіць з друку першы паэтычны зборнік Я. Купалы“ Жалейка”.
2 вяд. Нават эпіграфа да “Жалейкі” хопіць, каб раскрыць яе агульны тон і кірунак:
1 вяд. Грай, мая жалейка,

Пей, як салавейка !

Апявай нядолю,

Апявай няволю

І грымі свабодна,

Што жыве край родны !


2 вяд. “ Гусляр”—другі паэтычны зборнік Я.Купалы. Выходзіць у 1910 годзе, таксама ў Пецярбургу.
1 вяд. У “Жалейцы”—думкі аб селяніне, аб яго лёсе і лёсе роднай песні. У “Гусляры”—

Дык іграйце ж, думкі,

З вераю шчасліва,

Зменным людзям, свету !


2 вяд. У 1913 годзе ў Пецярбургу выдаецца трэці зборнік Я.Купалы – “Шляхам жыцця”.
1 вяд. Купала- рамантык самараскрываўся ў гэтым зборніку, як сонцалюбівая кветка ў веснавых промнях.
Купала. Я праг для Бацькаўшчыны шчасця,

Гатовы быў хоць на вайну,

А змог ёй толькі песню скласці

І разбудзіць яе ад сну.

Я гаманіў у кожнай хатцы

Тым словам, што жыло з вякоў,

І клікаў я народам звацца

Забітых працай мужыкоў.

Заўсёды аб адным малюся:

Хай пошасць нас не закране.

Мне сняцца сны аб Беларусі—

Шчаслівай, вольнай старане.


Ісцэніроўка верша Янкі Купалы “Маці і сын”.

1 вяд. Пра нашу беларускую мову пясняр з болем і гонарам біў у набат:

Загнанае слова ты, роднае слова !

Грымі ж над радзімай зямлёй:

Што родная мова, хоць бедная мова,

Мілей найбагатшай чужой !


2 вяд. Ворагам беларушчыны паэт пісаў:

Чаго вам хочацца, панове ?

Які вас выклікаў прымус

Забіць трывогу аб той мове,

Якой азваўся беларус ?

Чаму вам дзіка яго мова ?

Паверце, вашай ён не ўкраў,

Сваё ён толькі ўспомніў слова

З якім радзіўся, падрастаў.
1 вяд. Янка Купала аптымістычна адзначаў: “ Што ні тварылася б на свеце, беларуская думка аб нацыянальнай і сацыяльнай волі як жыла, жыве, так і жыць будзе”.
2 вяд. Гэтыя і іншыя словы Я. Купалы заўсёды з намі і будуць вечна жыць, пакуль будзе Беларусь, а яна павінна быць вечна.
1 вяд. Душа паэта з намі, яна хвалюецца, мучаецца, як і пры жыцці. Нам трэба ўсё зрабіць для таго, каб супакоіць яе.

Выходзяць чытальнікі.

1 чытач. Крыж пакуты нясём і нясём на плячах,

Аніяк іх не можам расправіць

З той пякельнай пары, як разбойнічаў страх,

Чорным воранам гойсаў па краі.


2 чытач. Па траве палыновай, па белых касцях,

Па сірочым, па ўдовіным плачы

Крыж цяжкі мы нясём, аж цямнее ў вачах,

Скалануўся ўвесь свет, як убачыў.


3 чытач Хто такі там ідзе ў немалой грамадзе

Курапацка-чарнобыльскім шляхам ?


4 чытач. – Беларусы ! Іх памяць наперад вядзе

Пад крывіцкім пакутніцкім сцягам.


1 чытач . А хто памяць ім тую вярнуў да жыцця,

Разбудзіў непакорлівы нораў ?

4 чытач. – Жах манкуртамі быць, жах не ўстаць з небыцця:

Даканае духоўны Чарнобыль.


2 чытач. – На якія агні хочуць выйсці яны,

Каб зажыць у святле несмяротным?


4 чытач. –Уваскрэслай душой адрадзіць карані

І быць вечным, як неба, Народам.


3 чытач. Купала—жыццё і час быстрацечны.

Таму й не звядзецца ніколі наш род.

Пакуль ёсць Купала—будзе народ.

А значыць, і песня, і позірк сардэчны !


1 вяд. …Дык не дайце ж загінуць і знікнуць ёй з твару планеты,

Хай жыве Беларусь і гучыць беларускае слова.

Хай не кане ў бяздонне вякоў і кане ў Лету

Беларускі народ, Беларусь, беларуская мова.

2 вяд. Дык жыві, Беларусь, вечна ў вэлюме белым красуйся !

Мы належым табе. І адной табе сэрцам адданы.

І пакуль я жыву, называюся ўслых беларусам,

І нікому мяне пры жыцці не закуць у кайданы.


Гучыць песня “ Спадчына” на словы Я. Купалы.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка