Літаратурныя імёны слаўгарадчыны




Дата канвертавання14.08.2018
Памер122 Kb.
ЛІТАРАТУРНЫЯ ІМЁНЫ СЛАЎГАРАДЧЫНЫ
Слаўгарадская зямля – радзіма вялікіх пісьменнікаў і паэтаў: Кастусь Кірэенка, Міхась Стральцоў, Фелікс Шкірманкоў і інш. Гэта не проста імёны ў беларускай літаратуры, а за кожным з іх бачыцца плынь часу і непаўторны беларускі свет.

Пісьменнікі і паэты не толькі даносяць да нас беларускае слова, ім дадзена цудоўная магчымасць праз сваю творчасць уплываць на людзей. Кнігі вучаць шанаваць радзіму, бацькоў, род свой, родную мову, традыцыі. Мастацкія творы памагаюць захаваць у сваёй душы спагаду, добрыя адносіны да людзей, заўсёды быць Чалавекам.

12 снежня 1918 года споўнілася 100 год з дня нараджэння Кастуся Ціханавіча Кірэенка. Нарадзіўся будучы пісьменнік ў вёсцы Гайшын Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці.

У 1934 годзе К. Кірэенка скончыў сямігодку і паехаў вучыцца ў Гомельскі аўтадарожны тэхнікум, аднак у тэхнікуме прабыў толькі год. У 1935 годзе паспяхова вытрымаў экзамены на літаратурны факультэт Гомельскага педінстытута.

Пасля заканчэння педінстытута пяць гадоў (з 1940 па 1945) служыў у войску, чатыры з іх – на фронце. Быў цяжка паранены, але выжыў і вярнуўся ў строй.

Творы, якія ствараліся ў дні вайны увайшлі ў першы зборнік паэта «Ранак ідзе» (1945). Шмат вершаў К. Кірэенкі маюць лірыка-філасофскі роздум аб чалавеку, яго месцы ў жыцці і грамадстве, яб сэнсе яго існавання, аб вялікім значэнні дружбы людзей, аб прызначэнні паэта і паэзіі.

Ён таксама аўтар зборнікаў для дзяцей («Алёнчына школа» (1951), Вясна-красна» (1956), зборнікаў «Зялёнае рэха» (1960), «Урачыстая песня» (1965), “Прысяга” (1969) і інш. ).

Асобае месца ў творчасці К. Кірэенкі займае кніга «Вандроўнае шчасце» (1988), якую сам аўтар назваў «рыбацкай паэмай», дзе распавёў пра прыгажосць любімых «сваіх» рэк і азёр.

Асноўныя зборнікі: Выбраныя творы. У 2-х тамах (Мн., 1978), «Жывыя ідуць наперад» (Мн., 1978), «Сіні вырай» (Мн., 1976), «Вёсны веснаваць» (Мн., 1979), «Пралеска» (Мн., 1970), «Теплая радуга» (М., 1970), Збор твораў у 3-х тамах (Мн., 1988).

Яркім сведчаннем прызнання заслуг К. Кірэенкі ў развіцці беларускай літаратуры з’яўляецца прысуджэнне яму ў 1964 годзе літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы за кнігу вершаў “Смага” (1962) і ў 1972 годзе Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы за зборнік вершаў “Кніга ста песень” (1971).

Да канца жыцця Кастусь Кірэенка памятаў пра родныя мясціны, параўнальна часта прыязджаў у госці да землякоў, цікавіўся іх жыццём, спрыяў ім з друкаваннем уласных твораў, бо доўгі час быў супрацоўнікам літаратурных часопісаў, якія пасля ўзначальваў: «Бярозка», «Полымя».

Заслужаны дзеяч культуры памёр 15 верасня 1988 года. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.

12 красавіка 2018 года спаўнілася 80 год з дня нараджэння Алеся Масарэнкі.

Нарадзіўся будучы пісьменнік у вёсцы Ходарава Слаўгарадскага раёна. Пасля заканчэння сярэдняй школы прайшоў сур’ёзныя жыццёвыя выпрабаванні. Працаваў інструктарам Слаўгарадскага райкама камсамола, служыў у арміі, у 1960 годзе паступіў у Белдзяржуніверсітэт. Пасля атрымання дыплома працаваў у рэдакцыях газет, часопісаў, на радыё.

Як і многія беларускія празаікі, Алесь Масарэнка пачынаў з вершаў па-грамадзянску актыўных, напісаных у духу часу, якія ўпершыню апублікаваў у 1959 годзе. Паралельна спрабаваў сілы і ў прозе. Не надта спяшаўся з першай кніжкай. Друкаваўся ў перыядычных выданнях. Першае апавяданне было надрукавана ў 1962 годзе.

У апавяданні «Ніка» (1966) выявіліся патаемныя сімпатыі і памкненні маладога пісьменніка, паэтычная атмасфера першай закаханасці.

У 1971 годзе выйшла першая кніга А.Масарэнка «На бабровых тонях». Менавіта ёй малады пісьменнік заявіў аб сабе, як аб творцы. У гэтым творы Алесь Масарэнка, бадай, адзін з першых загаварыў пра экалагічную культуру.

У 1976 годзе выйшаў у свет першы зборнік аповесцяў і апавяданняў пісьменніка “Журавіны пад снегам”. Сюды ўвайшлі аповесць “Сонца майго дня” і апавяданні “Журавіны пад снегам”, “Трыпціх”, “Плачуць журавы”, “Жытнёвыя каласкі”, “Рэўнасць”.

У 1982 годзе надрукаваны раман “Баргузінскае лета”. Перш чым узяцца за гэты твор, пісьменнік сам прайшоўся шляхамі-пуцявінамі сваіх герояў. Пакінуўшы на некалькі месяцаў звыклую журналісцкую пісьменніцкую працу, ён паехаў у далёкае Забайкалле, у Бурацію, каб заняцца тым, чым займаюцца і героі "Бургузінскага лета” – будаваць БАМ.

Героі кнігі Алеся Масарэнкі “Пакуль не завялі кветкі”, якая выйшла ў свет у 1994 годзе, цікавыя не толькі сваімі няпростымі характарамі. Да ўсяго іншага – гэта яшчэ і надзённыя захавальнікі дабрыні і чалавечнасці, роднай культуры і матчынай мовы, народных традыцый і звычак.

У 2006 годзе выйшаў зборнік вершаў “Рэха гіпербалы”. Гэта першы паэтычны зборнік, у які празаік уключыў вершы розных гадоў – разнастайныя па тэматыцы, выкананыя ў пэўнай пачуццёвай танальнасці.

Творы Алеся Масарэнкі пакідаюць глыбокі след у душы, вымушаюць разважаць над прачытаным, сачыць за самім ходам аўтарскага апавядання.

У асобе Паўла Вераб’ёва беларуская паэзія мае прыклад супадзення характару творцы з ягонымі вершамі. Гэта паэзія стрыманая ў пачуцці і ўзважаная розумам, прапушчаная праз сэрца і ахалоджаная канкрэтным жыццём, няўмольным побытам.

Вершы, у якіх пераважае роздум і памкненне спасцігнуць сэнс жыцця і вечнасці, аскетычна-дакладныя…

Нарадзіўся Павел Вераб’ёў 7 лістапада 1958 года ў вёсцы Рабавічы Слаўгарадскага раёна. Пасля заканчэння школы з 1976 г. да 1985 г. працаваў у Слаўгарадскай раённай газеце карэспандэнтам, загадчыкам аддзела, намеснікам рэдактара. Адначасова ў 1977-1983 гг. завочна вучыўся на факультэце журналістыкі БДУ.

Першы свой верш ён надрукаваў ў роднай раёнцы ў 1976 г.

Чытачы мелі магчымасць пазнаёміцца з вершамі П. Вераб’ёва на старонках абласной газеты “Магілёўская праўда”, газетах “Чырвоная змена”, “Сельская газета”, штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, часопісе “Маладосць”.

У 1990 годзе выйшаў зборнік вершаў паэта “Крытычная маса”. Гэта вершы для тых, хто марыць, жыве летуценнямі і рамантыкай, надзеяй і каханнем. І… роздумам аб сваім лёсе і прадвызначэнні, месцам на зямлі.

У 1995 г. выйшаў другі зборнік яго вершаў “Цёмнае віно”. Прэзентацыя кніжкі адбылася ў Мінскім Доме літаратараў.

Пра свае Рабавічы, пра “край-свет”, пасля ўжо чарнобыльскай пары, Павел Вераб’ёў напісаў няшмат. Але важка. У калектыўнай кніжцы “Прайсці праз зону” (2001 г.), выдадзенай у “Мастацкай літаратуры”, – цыкл яго вершаў. Прасякнуты і болем, і надзеяй, і верай…

У 2005 г. выйшаў зборнік вершаў і эсэ Паўла Вераб’ёва “Не трэба вас...”. У гэтай кнізе аўтар паспрабаваў па-свойму распавесці нам пра жыццёвую мудрасць свайго радаводу.

У 2018 годзе паэту споўніласая 60 год з дня нараджэння. Жыве ў Мінску.



Міхась Стральцоў, наш зямляк, таленавіты беларускі празаік, паэт, перакладчык, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі нарадзіўся 14 лютага 2012 года ў вёсцы Сычын Слаўгарадскага раёна. Пасля заканчэння школы паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ. Затым працаваў у рэдакцыі газеты “Літаратура і мастацтва”, пазней – у іншых перыядычных выданнях: часопісах “Полымя”, “Маладосць”. У 1983 годзе стаў загадчыкам аддзела крытыкі часопіса “Нёман”, дзе працаваў да заўчаснай смерці (1987 г.).

Першая проба пяра з’явілася яшчэ ў школьныя гады. У газеце “За Радзіму” у 1952 годзе друкаваліся яго вершы. Празаічны дэбют – апавяданне “Дома” – адбыўся ў 1957 годзе ў часопісе “Маладосць”. Чытач адразу быў узяты ў палон яго адметным шчырым талентам.

У 1962 годзе, пасля выхаду ў свет першага зборніка прозы “Блакітны вецер”, Міхась Стральцоў быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР. Кніга апавяданняў звярнула ўвагу чытачоў, крытыкі, грамадскасці здольнасцю аўтара пранікаць ва ўнутраны свет сваіх герояў, зацікаўленасцю маральна-этычнымі праблемамі.

Імя пісьменніка стала больш вядомым пасля таго, як з’явіліся зборнік апавяданняў “Сена на асфальте”, аповесць “Адзін лапаць, адзін чунь”. Гэтыя творы вызначаюцца веданнем жыцця, наватарскім падыходам да адлюстравання рэчаіснасці, арыгінальнасцю творчых пошукаў і знаходак.

Вялікую зацікаўленнасць у чытача выклікалі яго зборнікі прозы “Загадка Багдановіча”, “На ўспамін аб радасці”, “Падарожжа за горад”, “Выбранае”.

Адначасова з празаічнымі творамі М. Стральцоў выдаў шэраг паэтычных зборнікаў. Кнігі паэзіі “Ядлоўцавы куст”, “Цень ад вясла”, “Яшчэ і заўтра”, “Мой свеце ясны”. Яны дапамагаюць чытачу раскрыць духоўны свет сучасніка, настроіць яго на аптымістычны лад.

За актыўны ўдзел у літаратурнай дзейнасці М.Стральцоў узнагароджаны граматай Вярхоўнага Савета БССР. У 1988 годзе, пасмяротна, яму было прысвоена званне лаурэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы за кнігу вершаў “Мой свеце ясны”.

Рубанаў Уладзіслаў Якаўлевіч нарадзіўся 15 снежня 1952 года ў вёсцы Аляксандраўка-1 Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці. Пасля заканчэння школы паступіў на факультэт журналістыкі БДУ (1970 – 1975).

З 1975 года працаваў карэспандэнтам, адказным сакратаром старадарожскай раённай газеты “Поступ Кастрычніка”, з 1978 года ў аддзеле прозы часопіса “Полымя”, з 1986 года загадчык рэдакцыі прозы выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1982 года.

Творчай працай пачаў займацца з 1976 года. Першая кніга апавяданняў і аповесцей пад назвай “Вокны без фіранак” выйшла ў 1981 годзе. Потым былі выдадзены кнігі апавяданняў і аповесцей “Пахі адталай зямлі” (1984), “Цёплы пух адуванчыкаў” (1987). Па гэтых кнігах ёсць магчымасць глыбей зразумець кірунак творчых пошукаў аўтара, яго здабыткі і магчымасці.

У 1989 г. выйшла кніга “Таямніца птушынага гнязда”, за якую аўтар ў 1990 г. атрымаў літаратурную прэмію Саюза пісьменнікаў Беларусі імя І. Мележа.

У 1990 г. выйшла кніга “Светлы ручай любві”. У 1994 г. – раман “Не аднойчы забіты”.

У сваіх творах У. Рубанаў даследваў жыццё вёскі і горада, духоўны свет сучасніка, імкнуўся паказаць лепшыя традыцыі сялянскага побыту, сцвярджаў высокастаноўчыя рысы характару вяскоўцаў старэйшага пакалення: працавітасць, гаспадарлівасць, любоў і прыхільнасць да зямлі, прыроды.

Ужо пасля смерці пісьменніка ў 2007 годзе ў свет выйшла кніга “Укус змяі”, прысвечаны тэме адвечнай барацьбы бездухоўнай часткі грамадства з адухоўленай, здольнай ствараць.

Раман “Паветраная жанчына” сам аўтар назваў авантурным. Эмацыянальна афарбаваны, вострасюжэтны твор прысвечаны каханню.

Вось такія адметныя і разнастайныя творы належаць пяру нашага пісьменніка-земляка.

Заўчасная смерць вырвала яго з нашых радоў, але яго мастацкія творы і сёння радуюць чытачоў.



Фелікс Уладзіміравіч Шкірманкоў нарадзіўся 27 мая 1926 годзе ў г. Слаўгарадзе. Пятнаццацігадовым падлеткам ён стаў у шэрагі абаронцаў Айчыны, сталеў і мужнеў у баях з фашысцкімі захопнікамі. Пасля доўгі час працаваў геолагам на Далёкім Усходзе, шмат пабачыў, перажыў і зрабіў карыснага для грамадства.

Яго вяртанне ў Беларусь супала з бурлівымі падзеямі распаду СССР і доўгачаканага, але такога нялёгкага, драматычнага ўтварэння і станаўлення незалежных нацыянальных дзяржаў. Землякі абралі Ф.У. Шкірманкова старшынёй Слаўгарадскага гарадскога савета народных дэпутатаў. На гэтай пасадзе ён засведчыў сваю годнасць грамадзяніна і патрыёта Беларусі, выявіў арганізатарскі талент і высокія чалавечыя якасці. Такім жа няўрымслівым, актыўным, неабыякавым да ўсяго, што адбываецца на яго малой радзіме і ў краіне Ф. Шкірманкоў застаецца і зараз – на заслужаным адпачынку.

Пісаць аўтар спрабаваў яшчэ з маладосці. Але друкаваць, перадаваць на суд чытачоў напісанае ніколі не спяшаўся. І вось ў 1990 годзе выйшла кніга для дзяцей «Кто обидел медведя?» на рускай мове.

З 1993 года пачынае друкавацца ў часопісах “Полымя” і “Нёман”, газеце “ЛІМ”.

У 1995 годзе выходзіць дакументальная аповесць “Выпрабаванне”, прысвечаная баявой дзейнасці партызанскай брыгады імя генерала Даватара ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

У 2004 годзе выйшла першая маленькая кніжачка вершаў для дзяцей малодшага школьнага ўзросту на беларускай мове «Незвычайны каляндар».

Амаль праз год выйшаў зборнік вершаў “Через годы, через расстояния”.

У 2006 г. выйшла кніга вершаў Ф.У. Шкірманкова на беларускай мове “Існасць”, рэцэнзію да якой напісаў паэт Сяргей Законнікаў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я.Купалы, лаўрэат Міжнародных прэмій Польшчы і Украіны.

У 2007 г. выйшаў зборнік вершаў “У костра своей осени”, ў 2008 годзе – “С нами надежда и вера”, у 2009 – “Так вижу…”. Тэмы, закранутыя аўтарам у вершах сур’ёзныя, выпакутаныя і перажытыя не ў адзін дзень, а на працягу ўсяго жыцця. Сюды ўвайшлі вершы аб родным краі, аб пошуку чалавекам сэнсу жыцця на складаных шляхах. Знайшла адлюстраванне і галоўная тэма ўсіх твораў – тэма кахання.

У 2009 годзе выйшаў зборнік “Пераэкзаменаўка на восень”, куды ўвайшло дзесяць апавяданняў. Усе яны прысвечаны апошняй вайне на беларускай зямлі.

У 2010 годзе выйшла новая кніга Ф.Шкірманкова “Захоўваць вечна”, прысвечаная 65-годдзю перамогі нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. У дакументальнай аповесці, вершах, якія ўвайшлі ў кнігу, чырвоным радком праходзіць думка: мы павінны заўсёды помніць тых, хто адстаяў родную Беларусь у крывавай вайне з фашысцкімі захопнікамі, і аддаваць ім пашану.

На працягу апошніх год пісьменнікам выдадзены кнігі прозы і паэзіі: “Папараць-кветка”, “Баліць, крычыць мая душа”, “Беларусь – любы край” і інш. Сумесна з пісьменнікам Незнанавым М.М. выдадзены зборнік вершаў “Между двух океанов”. Гэты зборнік – даніна памяці ўсім тым, хто ў гарах і тайзе Калымы і Чукоткі прысвяціў сваю маладосць геалогіі.

На сённяшні дзень Фелікс Уладзіміравіч працягвае сваю літаратурную дзейнасць, цікавіцца ўсім, што адбываецца на яго малой радзіме і ўсё гэта адлюстроўвае ў сваіх творах. Расказы і вершы Фелікса Уладзіміравіча можна сустрэць у рэспубліканскіх часопісах “Полымя”, “Нёман”, на старонках рэспубліканскай газеты “Літаратура і мастацтва”, а таксама ў раённай газеце “Прысожскі край”.

Уладзімір Іванавіч Кузьмянкоў нарадзіўся 27 чэрвеня 1936 г. у в. Устаннае Слаўгарадскага раёна. Дзяцінства і юнацтва прайшлі ў роднай вёсцы.

Пасля заканчэння школы працаваў у калгасе, потым служыў у арміі у ваенна-паветраных войсках.

Прыцягальная сіла слова, імкненне быць заўсёды сярод людзей, казаць пра іх цёпла і шчыра, паказваць іхнюю душэўную прыгажосць прывяла яго ў журналістыку.

Доўгі час пісьменнік працаваў ў рэдакцыях газеты і часопісаў “Чырвоная змена”, “Звязда”, “Настаўніцкая газета”, “Медыцынскі веснік”. Ён кандыдат гістарычных навук.

Літаратурная дзейнасць Уладзіміра Кузьмянкова пачалася з нарысаў, навел, сюжэты якіх далі сустрэчы і ўражанні журналісцкіх вандровак. Потым на старонках рэспубліканскага друку паявіліся апавяданні маладога пісьменніка, у якіх ён прачула расказваў пра людскія лёсы, пра высокія памкненні нашых сучаснікаў, не абыходзячы праблемы, супярэчнасці, глыбока раскрываючы характары, асэнсоўваючы падзеі.

Лепшыя апавяданні склалі зборнік “Ішла вясна”, які пабачыў свет у 1972 годзе. У яго ўвайшлі апавяданні пра сучаснікаў, пра дзяцінства, абпаленае вайной, пра каханне і сяброўства. Сярод іх: “Бацька”, “Такая доўгая ноч”, “Споведзь”, “Страшная гульня”, “Вяртанне” і інш. Апавяданні напісаны цёпла і сардэчна.

На творчым рахунку пісьменніка і гісторыка нямала твораў “малой прозы” – апавяданняў. Яго пяру прысутны высокая публіцыстычнасць і грамадзянскасць.

Дзмітрый Пятровіч Магдалёў. Нарадзіўся 2 лютага 1951 года ў в. Жаролы Слаўгарадскага раёна.

Пасля заканчэння школы паступіў у Пінскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, пасля першага курса вучобы – служба ў радах Савецкай Арміі. Пасля заканчэння тэхнікума працаваў на розных участках работы – у Клічаве, Касцюковічах, Краснаполлі, Круглым. Закончыў завочна Горацкую Беларускую сельскагаспадчую акадэмію, гідрамеліярацыйны факультэт.

Вершы ў Дзмітрыя Пятровіча зараждаліся з самага дзяцінства, а пачалі фарміравацца ў радкі ў час службы ў арміі, далёка ад роднага краю, у Чэхаславакіі. Друкавацца пачаў у Краснапольскай раённай газеце “Чырвоны сцяг” у 1980-1990 гг. Вершы паэта з’явіліся і на старонках газет “Магілёўскія ведамасці”, “Могилевская правда”, “Ленінскае слова” і інш.

Тэматыка яго вершаў вельмі разнастайная. Шмат вершаў прысвячана роднаму краю, дзе прайшло яго дзяцінства і маладосць, роднай прыродзе.

Тэме кахання да жанчыны, любові да жанчыны-маці, тэме сяброўства прысвечаны вершы: “Я прочту, что на сердце написано”, “Берегите любовь”, “Прости”, “Маё каханне”, “Вернись”, “Ностальгия” і інш.

Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС паэту прыйшлося пакінуць родныя мясціны і пераехаць на Кругляншчыну, дзе ён жыве і зараз. У яго вершах гучаць і чарнобыльскія матывы. Верш “Землякам-чарнобыльцам” і іншыя гучаць як песні.

Усе творы паэта сабраны ў літаратурныя зборнікі. У 1997 годзе выйшла ў свет кніга вершаў паэта пад назвай “Зямля мая, журба мая, маё каханне”, у 2009 г. – “Я прочту, что на сердце написано” і інш.

Віктар Ракаў. Нарадзіўся будучы паэт 22 студзеня 1935 г. у в. Целяшы Слаўгарадскага раёна. Вучыўся ў Целяшоўскай СШ. Скончыўшы ў 1958 фізіка-матэматычны факультэт Магілёўскага педагагічнага інстытута, настаўнічаў на Магілёўшчыне, спачатку ў Целяшоўскай школе, дзе калісьці вучыўся, а потым у Рэчкаўскай сярэдней школе.

З юных гадоў жыла ў сэрцы паэта любоў да паэзіі, да роднай літаратуры, што і вызначыла ў далейшым працоўны і жыццёвы шлях.

Літаратурнай дзейнасцю пачаў займацца ў студэнцкія гады. Першы верш надрукаваў у газеце “Магілёўская праўда”.

У 1968 годзе выйшаў у свет першы паэтычны зборнік “Вернасць”. Нягромкае, але даволі мудрае слова ўчарашняга настаўніка тады кранула многіх, хто сустрэўся з маладым паэтам.

Потым з’явіліся ў свет паэтычныя кнігі "Акно ў зялёны сад", "Пазыўныя", "Песня і памяць", "I сноп, і птах, і я…" і інш.

У 1995 годзе у свет выйшла новая кніжка паэта “Жыць-палоць”. Змест кнігі адпавядае назве: тут сабраны творы, паэтычна блізкія да фальклорных строяў, прасякнутыя пяшчотай, душэўным лірызмам.

На рахунку Ракава больш за поўдзесятка паэтычных зборнікаў і у кожным шмат шчырых вершаў пра многае, што хвалявала і хвалюе кожнага. Нямала у іх замілаваннасці і дабрыні, а разам з тым турбот і заклапочанасці, роздуму над з’явамі жыцця і шмат любві да роднага краю, мясцін і людзей, сярод якіх рос.

Сярод выдатных песняроў Слаўгарадчыны ёсць і іншыя імёны: Анатоль Кананкоў, Сямен Рэзнік, Федар Мацішаў.



Паэты, празаікі, крытыкі. Каторых ужо няма, пайшлі ад нас назаўсёды, але іхнія творы з прыцягальнай дабрынёй будуць яшчэ доўга-доўга прыносіць шмат радаснага настрою, вучыць любві да роднага краю, да малой радзімы, святой роднасці з ёй.

Дзяржаўная установа культуры “Цэнтралізаваная сетка публічных бібліятэк Слаўгарадскага раёна”


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка