Лукская сярэдняя школа




Дата канвертавання19.06.2018
Памер51.05 Kb.
Аддзел адукацыі спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама

Дзяржаўная установа адукацыі “Лукская сярэдняя школа”



ВАНДРОЎКІ ПА ВАКОЛІЦАХ

ВЁСКІ ЛУКІ

Аўтар: Ваўчок Кацярына Уладзіміраўна, 11 клас

Кіраўнік: Жыгало Зінаіда Фадзееўна,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры

тэл: 8(01596) 29144

ВАНДРОЎКІ ПА ВАКОЛІЦАХ ВЁСКІ ЛУКІ

Зноўку з раніцы падмарозіла. Няўдалая выдалася летась вясна: хутка сярэдзіна красавіка, а цёплыя дні можна на пальцах пералічыць. А так хочацца хутчэй закінуць за плечы рукзак і разам з сябрамі павандраваць па нашых любімых мясцінах.

А такіх мясцін на маёй малой радзіме, ў вёсцы Лукі і яе ваколіцах, нямала. І хоць яе цяпер па-моднаму завуць аграгарадком, але мне больш даспадобы традыцыйная назва – вёска. Што можа быць больш родным і мілагучным за гэта старажытнае слова – “вёска”, “вёсачка”, “деревня”, “деревенька”, “деревушка”? Прыгожыя, добрыя словы. Колькі доўгіх вёрст і “весяў” ні адмервай па зямлі-матухне, але ўсё ж прыгажэй і ўтульней чым нашы беларускія вёскі не знойдзеш.

Беларускія вёскі - ад гоняў, ваколіц і пажыцяў,

Беларускія вёскі – з абярэгам драўляных крыжоў,

Тут прадзеды спрадвеку магутнаму Госпаду моляцца,

Ад нягод ахінаючы ўнукаў сваіх і сыноў.
Беларуская вёска – у сполахах зарываў казачных,

З сінню рэк і азёр, што калышуць на хвалях зару.

Ад даўніны сівой непадзельна з ёй памяццю звязаны

Гонар, песня, гасціннасць і слава твая, Беларусь.

(Анастасія Падліпская. Лукская СШ)

Мае родныя вёскі Лукі, Асташын староннім людзям, магчыма, здадуцца звычайнымі, нічым не адметнымі ад іншых, аднак для мяне і маіх сяброў яны найлепшыя і пры кожным новым спатканні сустракаюць нас сваімі неразгаданымі таямніцамі. Таму і чакаем мы з нецярпеннем цёплых дзянькоў, каб паблукаць у выхадныя дні па любімых мясцінах, адчуць зноў рамантыку “бадзяжніцкага” жыцця.

Калі ўзыдзеш на “могліцкі” пагорак, то ўся вёска Лукі перад табой як на далоні. Добра відаць нашу школу, новы мікрараён, роўныя вуліцы, якія нібы імкнуцца за гарызонт. Лёгка крочыць па асфальтавай шашы з аднаго канца вёскі ў другі.

А самы лепшы прыпынак – ля возера, з якога выцякае невялічкая рэчка Буча. Гэта рачулка, як гаворыцца ў мясцовых паданнях, калісьці дала пачатак і нашай вёсцы (бо выгіналася лукою), і першым пасяленцам па прозвішчу Бучацкія.

Возера прыцягвае нас у любую пару года. А галоўная яго славутасць – гэта лебедзі. Мы з задавальненнем любуемся гэтымі прыгожымі, паважнымі, грацыёзнымі птушкамі. Як цікава назіраць, як лебедзь, нібы дбайны тата і муж, беражліва ахоўвае сваю лябёдку, калі тая выседжвае птушанят. Лябяжае сямейства жыве на возеры да восені. Птушкі становяцца амаль ручнымі, бо ўсе жыхары іх вельмі любяць, і кожны стараецца, праходзячы міма, пачаставаць сваіх крылатых сяброў. Лебедзі настолькі прывыклі да нашых мясцін і так іх упадабалі, што прылятаюць сюды ўжо не адзін год, а некаторыя нават застаюцца зімаваць: возера ў апошнія гады да канца не замярзае.

Нашы хлопчыкі любяць пасядзець на беразе з вудамі, але больш са спартыўнага інтарэсу, чым для спажывы.

Адпраўляючыся ў паход, мы не мінаем наш Цятранскі лес. Асабліва любім вабіць там час увосень, калі ён не толькі зіхаціць у сваім рознаколерным убранні, але і ад душы частуе грыбнікоў багатым ураджаем апенек. Вы б толькі пабачылі, колькі іх тут бывае – хоць касой касі! Мае аднавяскоўцы і на самай справе косяць іх косамі і мяхамі возяць дахаты. Як жа тут утрымаешся і не выберашся ў гэтую пару ў лес? А самы лепшы прывал у Цятранскім лесе – пад старым, шматгадовым волатам-дубам. Ён, як вартавы, стаіць на ўскрайку лесу і быццам назірае з-пад сваёй шапкі-кроны за тым, каб не трапілі ў яго ўладанні нязваныя чужынцы.

А яшчэ мы любім з сябрамі паблукаць па берагах ракі Сэрвач. Самыя цікавыя месцы тут звязаны з падзеямі далёкай Першай сусветнай вайны: гэта і нямецкі дот на левым беразе ракі, і нямецкі бункер, і рускія і нямецкія акопы, якія да сённяшняга дня добра захаваліся. Шмат цікавых мясцін нам паказаў наш настаўнік, кіраўнік школьнага ваенна-патрыятычнага клуба “Віцязь” Матусевіч Уладзімір Уладзіміравіч. У час аднаго з нашых паходаў мы разам з настаўнікам старанна агледзелі гэты нямецкі дот, ачысцілі яго ад моху і абнаружылі адбіткі ботаў нямецкага салдата. На другім баку дота знайшлі надпіс «1916». Уявіце сабе: гэтым слядам больш ста гадоў! Уладзімір Уладзіміравіч зацікавіў нас гісторыяй таго часу, звязанай з нашымі мясцінамі, таму мы разам з ім знайшлі ў нашых вёсках яшчэ шмат сведчанняў таму, што тут у час Першай сусветнай вайны праходзілі значныя баі.

Прайшоўшы па беразе Сэрвачы, ты абавязкова трапіш у вёску Асташын, якая добра вядома тым, што з’яўляецца радзімай знакамітага беларускага фатографа Яна Булгака. Ну і як жа не спыніцца ля цікавага геалагічнага помніка прыроды, што знаходзіцца пад аховай дзяржавы, - чортава камня асташынскага! Гэты вялізны валун даўжынёй амаль чатыры метры і шырынёй больш двух. Па навуковых звестках, ён прынесены ледавіком каля 220-150 тысяч гадоў назад і мае масу больш дзесяці тон.

З валуном звязана шмат легенд. Адна з іх распавядае пра тое, што калі жыхары вёскі Асташын будавалі сабе царкву, то чорт, каб перашкодзіць ім, узваліў на балоце сабе на спіну велізарны камень і панёс з мэтай заваліць ім царкоўную пабудову. Аднак нячысцік не разлічыў свае сілы, не паспеў данесці камень да першых спеваў пеўня, пасля чаго сілы пакінулі яго - і камень упаў на чорта. Так і застаўся валун ляжаць на гэтым месцы, а адсюль паходзіць і яго назва - “чортаў” камень. Пасядзіш на гэтым казачным валуне – і нібы сіл прыбаўляецца ўдвая. Можна і далей крочыць…

Гэта яшчэ далёка не ўсе месцы на нашай малой радзіме, якія мы любім наведваць. Улетку разам з нашым настаўнікам мы садзімся на веласіпеды - і зноў у велапаход. Нас чакаюць новыя мясціны, новыя адкрыцці, новыя знаёмствы.

Нашы родныя вёскі… - яны для мяне і маіх сяброў найлепшыя ў свеце. І гэта не можа быць інакш, бо тут жывуць нашы дзяды, бацькі, родныя і блізкія людзі, нашы лепшыя сябры. Цяжка ўявіць, што хутка, закончыўшы школу, мы павінны будзем разляцецца ў розныя бакі. Але, я спадзяюся, што і потым маіх сяброў будзе цягнуць сюды – да лебядзінага возера, да цятранскіх дубоў, да загадкавых і не адкрытых яшчэ мясцовых таямніц.


Выгляд вёскі Лукі з могліцкага пагорка

Лукскія вуліцы

“Лебядзінае” возера ўлетку

“Лебядзінае” возера вясной

Цятранскі лес. Дуб-волат

На ўскрайку Цятранскага лесу ўвосень

Нямецкі дот часоў Першай сусветнай вайны на левым беразе ракі Сэрвач

Адбітак ботаў нямецкага салдата на лабавой частцы дота



Чортаў камень асташынскі
Ваўчок Кацярына Уладзіміраўна


Жыгало Зінаіда Фадзееўна


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка