Ля вытокаў літаратурнага ўзаемазацікаўлення першыя крокі кітайскай украіністыкі І Тарас Шаўчэнка, першыя ўкраінскія І беларускія пераклады




Дата канвертавання10.04.2017
Памер58.51 Kb.
ЛЯ ВЫТОКАЎ ЛІТАРАТУРНАГА

ЎЗАЕМАЗАЦІКАЎЛЕННЯ

(першыя крокі кітайскай украіністыкі і Тарас Шаўчэнка,

першыя ўкраінскія і беларускія пераклады

кітайскай літаратуры)

Т.В. Кабржыцкая (Мінск)

Пачатак ХХ ст. пазначаны інтэнсіўным нацыянальна-вызваленчым рухам як у царскай Расіі, так і ў Кітаі. Кітайская літаратура гэтага часу адлюстроўвала антыімперыялістычныя настроі, выступала супраць маньчжура-кітайскіх феадалаў, выявіла актыўнасць у азнаямленні з дасягненнямі сусветнай культуры, звярнулася да перакладаў лепшых твораў заходнееўрапейскага пісьменства, у тым ліку і рускага, і ўкраінскага. Вызваленчыя змаганні 1919 г. пад назвай “Рух 4-га мая” спрыялі далейшай дэмакратызацыі кітайскай літаратуры, выспяванню асветніцкіх памкненняў, што прывяло да абнаўлення тэматыкі і сродкаў мастацтва слова. Узначаліў гэты працэс пісьменнік Лу Сінь (1881-1936), які лічыцца заснавальнікам новай кітайскай літаратуры.

Лу Сінь увабраў у сваю творчасць паэтыку еўрапейскага рамантызму і рэалістычныя тэндэнцыі рускай літаратуры. Як асветнік ён шмат артыкулаў прысвяціў папулярызацыі ведаў пра літаратуру Еўропы, як перакладчык даў жыццё на роднай кітайскай мове творам балгарскіх, венгерскіх, галандскіх, польскіх, чэшскіх, японскіх пісьменнікаў, а таксама творам пісьменнікаў Расіі. Арыгінальныя творы Лу Сіня ў пачатку яго творчай дзейнасці знаходзіліся пад уздзеяннем твораў М. Гогаля і А. Чэхава, выяўлялі ўдумлівае стаўленне аўтара да праблем народа, што збліжала яго творчасць з рэвалюцыйна-дэмакратычным кірункам расійскай літаратуры ХІХ ст.

Паказальна, што дзякуючы Лу Сіню ў Кітаі пачалося актыўнае азнаямленне з паэзіяй Тараса Шаўчэнкі. Сапраўднае прозвішча і імя Лу Сіня – Чжоў Шу-жэнь. Малодшы брат Лу Сіня Чжоў Цэо-жэнь па парадзе Лу Сіня перадаў мовай веньянь верш Т. Шаўчэнкі “Ой три шляхи широкії», надрукаваўшы разам з перакладам артыкул пра Кабзара яшчэ ў 1912 г. у выданні «Міньсінь жыбао». У верасні 1921 г. часопіс “Сяошо юебао” – “Штомесячнік навел” – надрукаваў спіс еўрапейскіх пісьменнікаў, з чыімі творамі кітайскія перакладчыкі меліся знаёміць свайго чытача. Сярод трыццаці імёнаў чацвёртым у спісе па парадзе Лу Сіня было пазначана: “Тарас Шаўчэнка”.

У наступным, кастрычніцкім нумары гэтага часопіса Лу Сінь надрукаваў ва ўласным перакладзе раздзел, прысвечаны ўкраінскай літаратуры, узяты з нямецкага выдання “Агульнай гісторыі літаратуры”, што ўбачыла свет у 1921 г. у Берліне. Аўтар выдання нямецкі вучоны, гісторык літаратуры, журналіст Густаў Карпелес высока ацэньваў творчасць Т. Шаўчэнкі, якая перадае “ўсю паэзію Украіны”, пісаў пра Кабзара як пра народнага правадыра, прарока сваёй айчыны. Пераклад літаратуразнаўчага матэрыялу з “Агульнай гісторыі літаратуры”, дапоўненага ўласнымі меркаваннямі Лу Сіня, суправаджаўся публікацыяй верша Т. Шаўчэнкі “Сонце заходить, гори чорніють» пад назвай «Роздумы ў зняволенні». Пераклад верша на кітайскую мову ажыццявіў пісьменнік Мао Дунь.

Амаль сінхронна распачаўся і працэс азнаямлення з кітайскай літаратурай на ўкраінскіх землях. Першыя ўкраінскія пераклады з кітайскай мовы з’явіліся ва ўкраінскім друку ў выніку рэвалюцыйных падзей 1905 г., калі была аслабленая палітыка царскага ўраду, скіраваная на забарону перыядычных выданняў на нацыянальных мовах народаў Расіі. У 1918 г. у Кіеве выходзіць асобнае выданне «Хинські оповідання». Паказальны той факт, што найперш увагу перакладчыкаў прыцягнулі творы жанру навелы-казкі. Для кітайскай літаратуры гэты малы эпічны жанр вельмі характэрны, ён вырастаў з народнай творчасці, быў напоўнены эпічнасцю на поўначы краіны і лірызмам на яе поўдні. Дарэчы, схільнасць да лаканізму, закладзеная ў паэтыку кароткага жанру навелы-казкі, з’явіцца адной з паказальных прыкмет прозавай творчасці Лу Сіня.

Украіназнаўчая ўвага Лу Сіня паклала пачатак далейшым перакладам на кітайскую мову твораў Т. Шаўчэнкі, такіх класікаў украінскай літаратуры, як Іван Франко, Леся Украінка, Васіль Стафанік, Міхайла Кацюбінскі і іншых аўтараў. Што датычыць увагі да творчасці Лу Сіня з украінскага боку, то заўважым, што час нацыянальнага ўздыму, адраджэнскі перыяд 20-30-х гг. ХХ ст. быў спрыяльны для прэзентацыі кітайскага аўтара, творы Лу Сіня друкаваліся ў часопісах “Вапліте”, “Червоний шлях”, асобным выданнем кніга “Творы” выйшла ў Кіеве ў 1981 г.

Цікава адзначыць, што пачатак беларускай кітаістыкі таксама пазначаны ўвагай да жанру малой прозы ў кітайскай літаратуры. Таксама, як і ўкраінская кітаістыка, беларуская бярэ свой пачатак з надыходам ХХ ст.

Беларуская кітаістыка зарадзілася на старонках першай беларускамоўнай газеты “Наша Ніва” (1906 – 1915). Кітайскае мастацкае слова прадстаўлена двума творамі: казачнымі апавяданнямі са старажытнакітайскай кнігі “Тысяча апавяданняў”. “Наша Ніва” адзначыла, што запрапанаваныя газетай тэксты напісаны “у канцы 17 стагоддзя кітайскім вучоным з правінцыі Шань-Дунь Пу Сун-лінам”. Створанае Пу Сун-лінам залічваецца ў шэдэўры кітайскай навелістыкі. Публікацыі ўласна кітайскіх твораў у газеце суправаджаліся наступнай інфармацыяй: “Для “Нашай Нівы” з кітайскай мовы пераклаў прыват-дацэнт В. Аляксееў. М. Карлсберг, Віленскай губерні, Вілейскага павета”.

Будучы акадэмік-кітаязнавец В. М. Аляксееў быў знаёмы з А. Уласавым, тагачасным рэдактарам-выдаўцом “Нашай Нівы”. Гасцюючы ў маёнтку А. Уласава, Аляксееў, безумоўна, дзяліўся з беларускім сябрам сваімі ўражаннямі ад нядаўняй паездкі ў Кітай. Значна пазней, у 1958 г., у Маскве выйдзе асобным выданнем кніга В. Аляксеева “В старом Китае. Дневники путешествия 1907 года”. Няма сумнення, што пераклады для “Нашай Нівы” былі зроблены па просьбе Уласава і не без яго ўдзелу. У далейшым усе свае пераклады з кітайскай літаратуры В. Аляксееў суправаджаў навуковымі каментарыямі. Кітайскія казкі (так у газеце абазначаўся жанр твораў) былі змешчаны ў “Нашай Ніве”: “Даос з гор Лао” у № 23-24 за 1910 г., “Гульня мячом у падводным царстве” у № 28 за 1910 г.

У папярэдніх сваіх выступленнях, прысвечаных беларускай кітаістыцы (гл., у прыватнасці: Кабржыцкая Т. Беларускай кітаістыцы – 100 гадоў / ЛіМ, 20 снежня 2012 г.), мы прыводзілі меркаванні на карысць аўтарства “нашаніўскай” беларускамоўнай апрацоўкі рускамоўных перакладаў кітайскіх твораў. Паўторымся: Вацлаў Ластоўскі ўжо меў добры вопыт у справе ўзнаўлення іншаземнага тэксту на беларускай мове. І пачаткі беларускай кітаістыкі былі закладзены менавіта Властам, Вацлавам Ластоўскім. Як гэта ні дзіўна, але ўдзел Ластоўскага ў станаўленні беларускага мастацкага перакладу абыдзены ўвагай гісторыкаў літаратуры і навукоўцаў.

Выдаўцы беларускай газеты, адчуваючы, наколькі складаным для нашаніўскага чытача будзе метафарычная экзатычнасць тэкстаў, пасля першай публікацыі зрабілі прыпіску: “Гэта кітайская казка не такая простая, як можа каму здацца. Рэдакцыя просіць чытачоў добра над ёю падумаць і напісаць нам, хто як яе зразумеў, што гэтай казкай кітайцы хочуць сказаць, ці няма ў Евангеллі падобнай думкі? Наймудрэйшы і найлепшы адказ будзе надрукаваны ў “Нашай Ніве”. Другі твор суправаджала фотаілюстрацыя -- “арыгінальны рысунак з кітайскім надпісам да гэтай казкі”. На жаль, чытацкіх водгукаў на пераклады твораў з кітайскай кнігі “Тысяча апавяданняў Лао Чжай-чжы” на старонках “Нашай Нівы” не зафіксавана, не ўдалося адшукаць такога роду допісы і ў архіве газеты.



Вызначэнне перакладзеных кітайскіх твораў як казкі – досыць умоўнае. На самой справе, гэта кароткія апавяданні павучальнага зместу. Яны ўспрымаюцца як водгукі на праблемы грамадства, вызначаюцца глыбокай змястоўнасцю, што перадаецца праз іншасказальнасць. Уласцівы ўсходняму пісьменству сінкрэтызм розных сюжэтных планаў і стылёвых адзнак робіць гэтыя малыя па памерах творы вельмі мабільнымі ў дачыненні да чытацкай аўдыторыі рознага часу, розных народаў. Аповед у іх не мае храналагічных прыкмет. Алегарычнасць, выразна скіраваная на мараль, парабалічнасць кампазіцыі характарызуюць гэтыя творы як прытчы. Чалавеку, не знаёмаму з кітайскай міфалогіяй, не ўсё адкрыецца ў змесце твораў. Аднак вельмі важна тое, што ўкраінскамоўныя і беларускамоўныя публікацыі кітайскіх прытч-казак выводзілі чытачоў за межы канкрэтнага апісання, скіроўвалі на філасофскі роздум. У гэтым мастацкі пераклад спрыяў расшырэнню магчымасцей нацыянальных літаратур украінцаў і беларусаў у выкарыстанні народнай мудрасці, паэтыкі ўласнага фальклорнага матэрыялу. Сінкрэтызаваная міфалогія, згушчаная фантастыка, іранічная падсветка традыцыі – тыя якасці, якія з чужога вопыту актыўна ўспрымалі славянскія літаратуры, што на пачатку ХХ ст. далучаліся да працэсу мадэрнізацыі мастацкіх магчымасцей літаратуры. Як бачым, у гэтым ўкраінскай і беларускай літаратурам спрыяў не толькі заходнееўрапейскі вопыт, але і вопыт культуры Усходу.

Трэба прызнаць, што літаратуразнаўства і перакладчыцкая практыка народаў Савецкага Саюза актывізавалі свае зацікаўленні кітайскай літаратурай ў другой палове ХХ ст., што з’явілася вынікам утварэння КНР. Былі здзейснены цікавейшыя грунтоўныя выданні “Возвращенная драгоценность. Китайские повести ХVІІ века” і “Заклятье Даоса. Китайские повести ХVІІ века”, абодва ўбачылі свет у Маскве ў 1982 г. Сярод украінскіх перакладчыкаў кітайскай класікі, літаратуры ХХ ст. -- знакаміты пісьменнік перыяду нацыянальнага адраджэння 20-30-х гг. ХХ ст. В. Підмагільны, творцы ўкраінскай літаратуры другой паловы ХХ ст., асаблівая заслуга ў пытаннях украінска-кітайскага ўзаемаазнаямлення належыць літаратуразнаўцу і перакладчыку І. Чырко.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка