Людміла далідовіч з ліку сумленных І мужных




Дата канвертавання03.12.2018
Памер83.65 Kb.
Людміла ДАЛІДОВІЧ
З ліку сумленных і мужных
У 20-ыя гады мінулага стагоддзя ў станаўленні, як тады казалі, новай беларускай савецкай літаратуры вялікую ролю адыгрывалі творчае аб'яднанне "Маладняк" (1923 – 1928) і аднайменны часопіс (1923 – 1932), вакол якіх у розны час групавалася таленавітая плеяда маладых паэтаў, празаікаў, драматургаў і крытыкаў: К. Чорны, 3. Бядуля, К. Крапіва, У. Дубоўка, У. Галубок, Я. Журба, М. Лынькоў П. Броўка, А. Звонак, С. Шушкевіч, В. Маракоў і іншыя. У маладнякоўцаў была свая праграма, што некалькі разоў удакладнялася новымі дэкларацыямі, што была накіравана сцвярджаць новыя ідэі, шукаць новыя літаратурныя формы і сродкі, дзеля чаго ўжываліся дзёрзкасць, нават фармалістычная штукарства (за гэта і за непрыманне "старой" літаратуры іх празвалі "бурапеннымі"). Пазней, пасля 50-х гадоў, калі з'явілася магчымасць належна асэнсаваць тыя з'явы, яны і былі даследаваныя. Паээія – Н. Гілевічам у манаграфіі "Акрыленыя рэвалюцыяй", проза – А. Адамовічам у літаратуразнаўчай працы "Беларускі раман", у прыватнасці ў раздзелах "Маладнякоўская проза. Юнацкая аповесць" і "Раман маладых". Былі адзначаныя як пэўныя творчыя дасягненні, так і пралікі на аснове тых ідэйна-творчых і стылёвых прынцыпаў.

Аўтары маладнякоўскай прозы мелі розныя жыццёвыя і творчыя біяграфіі, але напачатку, як слушна зазначаў А. Адамовіч, "проза гэтых пісьменнікаў была як бы адзіным акордам маладога пафасу", таму яны, скажам, падтрымлівалі ўзнёслы, "эмацыянальна-рамантычны" стыль Зм. Бядулі, паэзію Я. Купалы, а вось "ціхага", "рахманага" Я. Коласа не прымалі, хоць ён неаднойчы заклікаў іх адмаўляцца ад дэкларатыўнасці і вычварнасці, больш заглыбляцца ў асэнсаванне жыцця, духоўнага свету сваіх герояў, у культуру творчасці і больш прадумана выкарыстоўваць мастацкае слова, г. зн., ствараць больш сур'ёзную, сапраўдную паэзію і прозу, выдатныя ўзоры якіх былі і ёсць у "старой" літаратуры, у якой было і ёсць чаму вучыцца. Пазней, пад канец 20-х, многія маладыя творцы прыслухаліся да голасу мудрага чалавека і класіка, удасканалілі свае погляды і метады, выйшлі на тую дарогу, што вяла менавіта туды, да сапраўднай літаратуры.

Сярод тых, хто напачатку адпавядаў маладнякоўскім праграмным дэкларацыям, нават быў лідэрам, а пасля пераасэнсаваў свае творчыя прынцыпы, далучыўся да старэйшых пісьменнікаў, быў і Міхась Зарэцкі.

М. Зарэцкі (Міхаіл Яўхімавіч Касянкоў) нарадзіўся 20 лістапада 1901 г. на Талачыншчыне, вучыўся на святара, затым, пасля рэвалюцыі, звязаў свой лёс з Чырвонай Арміяй, у 1920 – 1926 гады будучы там палітработнікам. Як празаік заявіў аб сабе ў 1922-м апавяданнем "У Саўках" і стаў адным з найбольш яркіх прадстаўнікоў "эмацыянальна-рамантычнага" накірунку ў новай беларускай прозе. Яго высока ацэньвалі крытыкі: "У сэнсё дынамічнасці стыль 3. Бядулі і М. Зарэцкага, безумоўна, стаіць вышэй ад стылю Якуба Коласа...", і , як успамінаў у размове са мной С. Шушкевіч, Зарэцкі карыстаўся вялікай папулярнасцю і ў чытачоў, "быў самы модны пісьменнік".

Першыя зборнікі прозы Зарэцкага (з 1925 года) "У віры жыцця", "Пела вясна", "Пад сонцам", як бачым, ужо сваімі назвамі цапкам адпавядаюць яго творчаму прынцыпу "эмацыяналь-рамантычнасці", дзе панаваў падчас рэвалюцыйных пераўтварэнняў і іншых нават самых нязначных праяў (апавяданні "У віры жыцця", "Чаплюк", "Спакуса"), узрушанасці і своеасаблівага псіхалагічнага стану, "вірам чалавечай душы" на гістарычным пераломе (апавяданні "Ворагі", "Бель", "Кветка пажоўклая"). Вялікую ўвагу пісьменнік удзяляў і асэнсаванню, зразумела, пад сваім пунктам погляду, і свету пачуццяў, кахання, сям'і – тым спрадвечным пытанням, якія тады асабліва хвалявалі новае савецкае грамадства: адны па-ранейшаму высока цанілі гэтыя рэчы, без якіх кожны чалавек не з'яўляецца паўнацэннай асобаю, а іншыя, наадварот, адмаўляліся ад іх, лічачы, што цяпер, у новую эпоху, асабістае павінна паступіць грамадскаму (апавяданні "На маладое", "Дзіўная", "Паэма пра чорныя вочы", "Ой, ляцелі гусі...").

"Цікавасць да яго твораў, – зазначаў А. Адамовіч, – асабліва з боку юнацкай аўдыторыі, тлумачылася тым, што ў творах Зарэцкага чытач знаходзіў востра драматычныя сітуацыі, што пісьменнік гэты не ігнараваў (у адрозненне ад некаторых іншых маладнякоўцаў) супярэчлівасці чалавечай псіхалогіі, не абыходзіў складаных маральна-этычных праблем. Маладому чытачу імпанаваў сам стыль Зарэцкага, яго схільнасць да рамантызацыі сюжэта і мастацкага вобраза. Нават моцны налёт літаратуршчыны, асабліва характэрны для апавяданняў Зарэцкага, не толькі не адштурхоўваў гэтага чытача, а, можна сказаць, садзейнічаў папулярнасці яго твораў: і маладыя пісьменнікі, і малады чытач аднолькава імкнуліся да большай літаратурнай культуры — вось чаму ўжо самі пошукі ў гэтым напрамку падабаліся не вельмі адукаванаму яшчэ чытачу". Але варта было Зарэцкаму пакінуць маладнякоўскія шэрагі і падкарэкціраваць свой метад і стыль (аповесць "Голы звер", раманы "Сцежкі-дарожкі", "Крывічы" і "Вязьмо"), як яго пачалі рэзка крытыкаваць і тыя, хто яго яшчэ нядаўна ўзносіў.

Аповесць "Голы звер" (1926) – твор спрэчны. Спрабуючы на вобразе Яроцкага развянчаць чалавека-індывідуаліста, пісьменнік у многім быў павярхоўны, агульны (трэба ісці "наперад, далей і вышэй па дарозе да сонца, да шчасця"). У рамане "Сцежкі-дарожкі" (1927) аўтар пачаў адыходзіць "ад бясплоднага капання ў душы чалавека, вырванага з грамадскага жыцця, з народнага асяроддзя, і стаў на шлях тыпізаванага паказу чалавека ва ўсёй складанасці яго сувязей з грамадскім і народным жыццём". (А. Адамовіч.) Тут ён засяродзіў увагу пра лёс інтэлігенцыі ў рэвалюцыі, пра ўдзел лепшых з яе ў барацьбе за народныя інтарэсы (Васіль Лясніцкі). Лясніцкі пачынае супярэчліва, напачатку нават далучаецца да пагромшчыкаў-чарнасоценцаў, але яго змушае адумацца рабочы Андрэй, і ён з горада вяртаецца ў добра знаёмую вёску, у народ, дзе спрабуе рабіць справу, ён хоча шчыра памагчы сялянам, хоць тыя лепш разумеюць не столькі яго, колькі таго ж рабочага Андрэя, у кім ён часамі бачыць дэмагога. Андрэй не задавольваецца вынікамі лютаўскай рэвалюцыі, падбівае сялян сілай забіраць у пана "сваю" зямлю. Спроба гэтая не ўдалася, але сяляне лепш адносяцца не да "памяркоўнага" Лясніцкага, а да "бунтара" Андрэя ды яшчэ і за тое, што ён, Лясніцкі, закахаўся ў панскую дачку. Лясніцкі перажывае, асцерагаецца класавай нянавісці, бачыць у ёй вялікую кроў і ўрэшце расчароўваецца ў сваёй вёсцы, пакідае яе ("Паслаліся перад вачмі бязмежныя сцежкі-дарожкі, перапляліся пераплётам заклятым – не згадаць, па якой трэба пайсці, каб патрапіць на правільны шлях") Пазней, ва ўмовах нямецкай акупацыі, бальшавік Андрэй прыцягвае яго да змагання, і ён знаходзіць "правільны шлях" – становіцца героем-камісарам. У апошнім "пераўтварэнні" Лясніцкага малапсіхалагічнае, схемнае, да ўсяго пісьменніку ўсё яшчэ заміналі былыя "эмацыянальна-рамантычныя" прыёмы (неперакананае, спрошчанае каханне Лясніцкага і панскай дачкі, невыразныя, непераканаўчыя вобразы бальшавіка Андрэя і народніка Матруніна), а таксама квяцістасць стылю, любімыя штампаваныя эпітэты.

На прыканцы 20-х і на пачатку 30-х Зарэцкі піша новыя апавяданні, асвойвае новыя жанры (публіцыстыка, драматургія), дзе ўжо не заўсёды ўхваляе новыя палітычныя ўстаноўкі, што былі цесна звязаныя з калектывізацыяй і з разгортваннем барацьбы супраць так званай нацдэмаўшчыны (нарыс "Падарожжа на новую зямлю", раман "Крывічы", друкаванне якога ў "Полымі" (1929, № 4) было перапынена, і тое, што не было апублікавана, мабыць, было знішчана). "Крывічы", ужо нават мяркуючы па загалоўку, адзначаліся навізной, увагай "да праблемы нацыянальна-самабытных асноў народнага жыцця" (М. Мушынскі), пісьменнік пачаў глыбей асэнсоўваць і беларускую гісторыю (драма "Рагнеда", якая не была апублікаваная і, мабыць, таксама знішчаная не, аўтарам). За вышэйназваныя нарыс і раман Зарэцкага пачалі ўжо не столькі востра, але жорстка і бязлітасна крытыкаваць, палітычна абвінавачваць. У першым выпадку за "прышчэпаўшчыну", у пэўным сэнсе хутаранстве і стаўку, што нібыта замінала калектывізацыі, а ў другім – за "празмерную" ўвагу да нацыянальнага пытання, за што яго залічылі ў шэраг ідэолагаў нацыяналізму антысаветчыны. "Вораг у доме" – так называўся артыкул Будзінскага ("Полымя", 1929, № 11–12). I гэта назва вельмі дакладна перадае сэнс і характар палітычных абвінавачванняў у адрас М. Зарэцкага (М. Мушынскі). А між тым Зарэцкі – ужо ў клопатах пра развіццё тэатра, кіно – захоплена працягваў адстойваць пазіцыі нацыянальнай культуры, якой грэбавалі тагачасныя чыноўнікі розных рангаў.

"Што мы павінны браць у суседніх і блізкіх ад нас па агульнай накіраванасці культур: расійскай, украінскай, і інш.?" – пытаўся пісьменнік. Адказ можа быць адзін: самае лепшае, самае каштоўнае, чаго яны дасягнулі. Мы павінны браць шэдэўры, якія могуць быць прыкладам у будаўніцтве нашай уласнай культуры. А ў нас робіцца інакш. Мы часта падбіраем усё, што валяецца ў іх на задворках, ад чаго яны самі адмаўляюцца, мы падбіраем замест шэдэўраў бруднае пустое пазаддзе. Такая пазіцыя (а хіба не актуальная яна і сёння?) яшчэ болей узмацніла шквал бесцырымонных атак і абвінавачванняў, яму фактычна забаранілі нават выступіць у сваю абарону і ў адхіленні абраз, зняваг і прысудаў. I ўсё ж Зарэцкі мужна працуе, піша новыя апавяданні, нарысы (у іх часамі мусіць ісці на пэўныя кампрамісы, падтрымлівае агульную лінію), пачынае раман "Смерць Андрэя Беразоўскага", дзе нібыта будзе "папраўляць" сваіх жа "Крывічоў", піша раман з сімвалічнай назваю "Вязьмо" (1932).

"Вязьмо" па-рознаму ацэньвалася ў 30-ыя і пасля 1956 года. "Дзякуючы атмасферы галоснасці і ўсталяванню прынцыпаў дэмакратызму ў грамадскім жыцці сёння мы маем магчымасць адкрыта, не баючыся палітычных абвінавачванняў, сказаць, што раман М. Зарэцкага "Вязьмо" – гэта адзін з нямногіх твораў у беларускай, а можа, і ўсёй савецкай літаратуры пачатку 30-х гадоў дзе ў сюжэтна-вобразнай форме праведзена ідэя немэта-згоднасці суцэльнай калектывізацыі сельскай гаспадаркі"! (М. Мушынскі.)



Выкарыстоўваючы розныя мастацкія прыёмы, Зарэцкі паказаў, што пад выглядам раскулачвання замахнуліся на сапраўдных, гаспадароў-земляробаў, што бяздумна нішчыцца даўно ўсталяваны вясковы лад жыцця, што такія кар'ерысты, як Пацяроб ці Сымон Карызна, слепа выконваючы лінію зверху, нясуць вялікую небяспеку, разбурэнні, духоўнае выраджэнне, хоць дзе-нідзе (вобразы таго ж Карызны, рабочага Зеленюка, селяніна Пунціка, часамі спрошчаныя). Тым не менш "Вязьмо" засведчыла развіццё таленту пісьменніка. Пазней, у цяжкіх умовах, Зарэцкі працягвае працу над апавяданнямі, нарысамі, крытычнымі артыкуламі, перакладамі, п'есамі і кінасцэнарыямі, але, на жаль, не можа на поўную моц выявіць свае творчыя сілы – за ім пільна сочаць, яго цкуюць і абвінавачваюць ва ўсіх грахах, а ў лістападзе 1936-га арыштоўваюць і незадоўга да другой сусветнай вайны маладога, каму яшчэ няма і 40, хто мог бы яшчэ працаваць ды працаваць, унесці яшчэ большы свой уклад у далейшае развіццё беларускай літаратуры, расстрэльваюць. Рэпрэсіравалі і яго брата-настаўніка, жонку, а малых дзяцей аддалі ў дзіцячыдом у Калінінскую вобласць. Рэабілітавалі Міхася Зарэцкага ў 1956 годзе, прызнаўшы, што ён но быў ні нацыяналіст, ні адзін з кіраўнікоў антысавецкага падполля, а быў шчыры і сумленны чалавек, выдатны беларускі празаік, якому, як сотням тысяч, мільёнам і іншым, улада не толькі не дала фізічна ды творча развіцца, але якога бессардэчна пазбавіла жыцця.

Далідовіч, Л. З ліку сумленых і мужных / Людміла Далідовіч // Маладосць. – 2001. – № 12. – С. 233-238.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка