Марчанка Алена Уладзіміраўна




Дата канвертавання14.02.2019
Памер75.54 Kb.
Марчанка Алена Уладзіміраўна

Мінск
ШЛЯХ У СІСТЭМЕ ВОБРАЗАЎ МІФАЛАГІЧНАЙ ПРАСТОРЫ

ПАЭМЫ ЯКУБА КОЛАСА “СЫМОН-МУЗЫКА”
Прасторавыя вобразы належаць да першасных і асноўных у літаратуры. У мастацкім творы яны бясконца разнастайныя і глыбока значныя. У сапраўдным літаратурным творы мы знойдзем прасторавыя вобразы, што бяруць пачатак яшчэ з архаічных часоў і маюць непасрэдную сувязь з міфалагічнымі ўяўленнямі чалавека. Гэтыя вобразы сведчаць пра характар нацыі, яе мысленне, сцвярджаюць яго. Найлепш яны ўвасабляюцца ў класічных творах, праз якія мы можам больш поўна ўсвядоміць нацыянальны Космас, “прасторавыя каардынаты” [6, 102].

У межах дадзенага даследавання на матэрыяле паэмы Якуба Коласа “Сымон-музыка”, дзе дакладна прасочваюцца сляды міфапаэтычнай канцэпцыі прасторы, мы вылучым асноўныя складнікі і формы рэалізацыі вобраза шляху як аднаго з цэнтральных прасторавых вобразаў Больш за тое, сапраўдная і самадастатковая прастора ў мастацкім творы звычайна адсылае менавіта да міфапаэтычнай прасторы з характэрным для яе чляненнем і семантыкай яе складнікаў. Рэшткі старажытных уяўленняў захаваліся ў народным светапоглядзе і ўвайшлі ў літаратуру. А літаратурны твор мае магчымасць аб’ядноўваць, набліжаць, спалучаць у адно цэлае розныя вобразы і віды прасторы.

Розныя аб’екты запаўняюць прастору, канстытуююць яе, ствараючы пэўную структуру. Яна мае адзін або некалькі пэўных цэнтраў, якія ў славян звязаны з уяўленнямі пра мадэль свету і абрадамі, што маюць дачыненне да магіі дома. У паэме “Сымон-музыка” такіх сакральных месцаў некалькі. Гэта родная хата, з якой Сымон, выгнаны бацькам, выпраўляецца вандраваць па свеце і да якой вяртаецца на чужыне ў снах, спадзеючыся на сустрэчу з роднымі мясцінамі: “Эх ты, родненькі куточак! // Ці ж не думаў ён аб ім? // Многа думаў, не спаў ночак // Тут, слугуючы чужым! // Сніўся родны дом хлапчыне, // Вабіў моцна, бы святло. // Млела сэрца па айчыне, // Хоць і цяжка ў ёй было” [2, 103]. Акрамя таго, прасторавым цэнтрам з’яўляецца і дрэва, у прыватнасці – дуб, які паўстае ў Коласа як Сусветнае Дрэва, крыніца ўсяго існага, месца яднання неба і зямлі: “З ім парады ветрык вёў, // З ім размовы мелі хмаркі, // Перасмейваліся з ім, // Плывучы ў адзенні яркім, // Тканым сонцам залатым; // З ім ўлетку, дзень і ночку, // Булькаў светлы ручаёк, // А з палёў, з лясоў дубочку // Нёс навіны матылёк” [2, 77]. Згаданае дрэва – увасабленне “мудрасці і таямнічых законаў Быцця” [4, 201]: “A ў яго быў кут багаты // Думак розных, спеву, сноў, // Казак вугал непачаты” [2, 77]. Гэты вобраз суправаджае героя на працягу яго вандраванняў і звязаны са спазнаннем Сымонам свету, законаў жыцця і творчасці.

Ад аднаго цэнтра да іншых Сымона вядзе шлях – гэта значыць тое, што звязвае з цэнтрам (вышэйшай сакральнай каштоўнасцю) самую аддаленую перыферыю (у нашым выпадку – шырокую прастору, свет, які пазнае Сымон) і ўсе аб’екты, што запаўняюць прастору (лес, поле, ростані; розныя сімвалы, напрыклад, крыжы і г.д.). Рух па гэтым шляху, такім чынам, дае магчымасць самому герою спазнаць прастору, засвоіць яе, дасягнуць пэўных сакральных мясцін. Дарога робіцца “сімвалам руху думкі” [1, 119], для Сымона гэта – дарога роздуму і самапазнання.

“Пачатак шляху – той локус, які з’яўляецца натуральным для суб’екта шляху” [3, 259]. У нашым выпадку – гэта родная хата Сымона. У сувязі з яго відавочнасцю пачатак шляху не апісваецца падрабязна, разгорнута. У канцы гэтага шляху герой самаўдасканальваецца, пазнае вышэйшыя сакральныя каштоўнасці, ператвараецца ў сапраўднага творцу: “Пайшоў Сымон сваёй пуцінай, // Бо ён прыроджаны пясняр. // Панёс ён людзям песень дар – // Агонь душы і сэрца жар, // Панёс пяснярскай каляінай.”[2, 205]. У. Тапароў адзначае, што “пачатак і канец шляху могуць не быць дакладна фіксаваны ў рэальнай прасторы” [3, 259]. Напрыклад, у паэме пачатак шляху знаходзіцца ў цэнтры – у родным доме, які здаўна ўяўляўся схаваным ад небяспекі, асвечаным боскай сілай. Канец шляху дакладна не вызначаны – ён дзесьці ў будучыні. У творы засяроджваецца ўвага толькі на пэўным перыядзе ў жыцці Сымона, усё ў яго яшчэ наперадзе: “Я развітваюся з Сымонам – // Тут круг замкнут адзін, а там // Сваім звычайным ходам-гонам // Пачнуцца новыя кругі – // Яшчэ далёкі берагі, // Аб іх раскажа повесць вам // Ужо не я, а хто другі” [2, 204].

У пэўным сэнсе можна лічыць, што шлях заўсёды вядзе да нейкага цэнтру; незалежна ад яго рэальнага месцазнаходжання, ён выдзелены ў міфапаэтычнай прасторы ў цэнтр.

Шлях – гэта адлегласць паміж яго пачаткам і канцом, якія звязваюцца самім гэтым шляхам, а пачатак і канец – гэта яго ўнутраны сэнс. Пачатак і канец шляху – дзве памежныя, крайнія кропкі, якія можна абазначыць пэўнымі прадметамі (дом – вялікі свет, свет) і персанажамі (наш герой, пераадольваючы шлях, безумоўна, набывае больш высокі статус, чым быў у яго спачатку).

Структура шляху часам з дакладнасцю паказвае ўсе грані пераходу паміж “сваёй” і “чужой” прасторай. Асаблівая ўвага міфапаэтычнай свядомасці да пачатку і канца (рубеж) з аднаго боку і да пераходаў-межаў (парог, дзверы, мост, роў і г.д.) – з другога, выяўляе яе здольнасці да засваення значэння пэўных частак прасторы, ад якіх можа залежыць і бяспека чалавека. У паэме “Сымон-музыка” перад намі пастаянна паўстаюць такія сферы, прычым, як рэальныя, так і сімвалічныя, абстрактныя. Сымон аказваецца каля паркана: “Але – ша! там штось мільгнула, // Голька шурхнула лістком! Пад парканам, каля шула // Штось стаілася цішком!” [2, 73]; моста: Bось масточак і рачулка // З сітняком і чаратом. // Ідуць домікі радамі // З аканіцамі, садамі, // Каля вокан геаргіні, // Ружы, кусцікі і мак...” [2, 129], або гэты мост пераязджае: “Шырыня, разгон, прастор! Брычка двойчы павярнула, // Тры ўжо мосцікі мінула // І спынілася – канец!” [3, 131]; рва: “Страшны замак, цяжкі, грозны, // Пара вежаў, як адна, // А навокал роў глыбозны, // І не згледзіш яго дна” [2, 138]. Акрамя таго, Сымон сам непасрэдна знаходзіцца на сімвалічнай мяжы, на граніцы: “Ён цяпер, бы на граніцы, // На высокім рубяжы; // Па адзін бок – блеск дзянніцы, // Па другі – цьма,дзе ён жыў” [2, 86].

Згадваюцца ў паэме і парогі, прычым, не толькі як пэўная рэалія (напрыклад, парог хаты), але і як нейкая абстракцыя, перашкода на шляху да шчасця, якую трэба пераадолець: “Паміж намі ёсць парогі, // І нам іх не абмінуць <...> // Многа ў свеце ёсць дарог, // Дык шукай жа сваёй мэты, // А парогі – прэч з дарогі” [3, 118].

У архаічнай мадэлі свету асаблівая ўвага надавалася такім элементам прасторы, шляху, як скрыжаванне дарог. У беларускай літаратуры, увогуле, вельмі важны матыў ростаней, што, безумоўна, звязана з асаблівасцямі жыцця людзей. Беларусы геаграфічна і гістарычна знаходзяцца на ростанях: “…амаль у самым цэнтры Еўропы, на шляхах паміж Усходам і Захадам, Поўначчу і Поўднем, паміж заходняй культурай і візантыйска-рускай, паміж праваслаўем і каталіцтвам. Спрадвеку – выбар шляху” [5, 80]. Аднак гэтае месца мае дваістую семантыку. У адным выпадку ростані дарог уяўляюцца як “дурная” прастора, неспрыяльная. Яны палохаюць сваёй нязведанасцю, варожасцю, змрочнасцю: “Знаць, не вернецца ніколі, // Там чужыя рубяжы, // А на ростанях – таполі // Ды збуцвелыя крыжы” [2, 85]. З другога боку, дарогі, што разыходзяцца ў розныя бакі, вымагаюць беларуса да пошуку, творчасці, выбару. Свайму герою Якуб Колас прапаноўвае вялікую колькасць шляхоў, дзе можна шукаць шчасце і долю, сваё прызванне: “Толькі ў полі затрымаўся, // Пастаяў на растанцох // Пад тым крыжам, дзе дарогі // Секлі следам сваім след // Ды праз нетры і разлогі // Беглі дальш у белы свет. // Гэй, дарогі ў край шчаслівы!.. // Над Сымонкам думкі ўюцца: // Што рабіць? Куды пайсці? // Ці назад дамоў вярнуцца, // Ці ў свет гора панясці? // Ды вялікі свет бясконца... // І дадому ж ён не пойдзе // Здзек цярпець і спіну гнуць, // Долю знойдзе ці не знойдзе – // Гайда ў пуць, далёкі пуць!” [2, 43].

Разглядаючы вобраз шляху як частку міфалагічнай прасторы ў паэме “Сымон-музыка”, неабходна засяродзіцца на такіх характарыстыках, як вертыкаль і гарызанталь, рух уверх і ўніз. Калі звярнуцца да беларускай культуры, то можна адзначыць, што тут, у адрозненні ад рускай, дзе пануе бязмежнасць гарызанталі, мы знойдзем “…хутчэй скрыжаванне гарызанталі і вертыкалі: поле, сінь азёраў, стужкі рэчак, дарогі – і курганы, дрэвы, лес” [5, 80]. Магчыма, праз структуру такой прасторы і прапускаюць беларускія пісьменнікі з’явы, факты, людзей, рэчы.

Звяртаючыся непасрэдна да твора, заўважым, што паэму перапаўняе дзеянне, прычым, як па гарызанталі, так і па вертыкалі. У пастаянным руху знаходзяцца нябесныя свяцілы, зямля і ўсё паміж небам і зямлёй. Рухаецца ўсё на зямлі, над зямлёй: ажывае, адухаўляецца пісьменнікам: “А месяц двурогі // З далёкай дарогі // Спусціў на зямлю свае ніці” [2, 184]; “І з зямлі празрыстым парам // К небу ўзносіцца туман, // Як малітва сонцу, хмарам, // І дрыжыць, гарыць пажарам // Скат узгоркаў і курган” [2, 61]; “Над зямлёю мрок нясмела // Калыхнуў сваім крылом” [2, 184]; “Вось з-за лесу ўстала сонца. // Рассыпае каснікі” [2, 204]. І ў той жа час па гарызанталі рух спакойны, размераны: “Вол у полі скончыў дзела, // Шоў дамоў з гаспадаром” [2, 184].

У. Тапароў сцвярджае, што чалавек “можа рэальна выйсці на гарызантальны шлях і пры асаблівых умовах здзейсніць яго, але вертыкальны шлях можа быць здзейснены толькі <...> яго душой” [3, 261]. Прыведзеныя словы можна аднесці да героя паэмы. Сапраўды, Сымон вандруе па зямлі, яго рэальны шлях разгортваецца ў гарызантальнай плоскасці: “Што ж тут думаць? Смела, браце! // Не – назад няма дарог! // Гайда, покі сілак хваціць, // На прасторыну-разлог. // Гоніць хлопец прэч трывогу, // як паганы які сон, // І з кургана на дарогу // Зварачае зноў Сымон. // Сталым крокам, між бярозак // З сябрам-кіем ён ідзе...” [2, 193]. Але, у той жа час, мы заўважаем ледзь улоўны рух свядомасці Сымона, адчуваем яе сувязь з вышэйшымі сферамі, што падуладна толькі асобе з тонкай духоўнай арыентацыяй: “І яму так лёгка стала, // Як бы што яго ўзняло // І так ціхенька гайдала // І так лёганька нясло. // Вось узняўся над крыжамі // І паплыў,паплыў, паплыў! // Толькі ветрык за вушамі // Ціха-ціха захадзіў. // А ён дальш усё нясецца, // Хмаркі гоняцца за ім // І смяюцца, ён смяецца // Смехам радасным такім. // А над імі сонца ззяе, // І цалуе, як дзяцей, // І праменні пасылае // Сустрачаць сваіх гасцей. // Лёгка, вольна і лагодна, // Бы на крыллях светлых мар, // Ён лятае так свабодна // У клубах купчастых хмар” [2, 41]. Туды, у вышэйшыя сферы, імкнуцца і думкі вольнага творцы: “Волі, волі і прастору! // Прэч граніцы! // Ёсць жывыя там крыніцы, // Ззяюць зоры, // Бліскавіцы. // Гэй, угору!” [2, 166].

Такім чынам, прасторавыя вобразы, характэрныя для архаічнага светапогляду, захаваліся ў народнай памяці і перайшлі ў літаратурны твор. У паэме “Сымон-музыка” Якуб Колас вялікае значэнне надае шляху, выдзяляючы тыя рытуальна значныя месцы і сферы міфалагічнай прасторы, што характэрны для светапогляду беларусаў і звязаны з гістарычнымі і геаграфічнымі ўмовамі існавання, ландшафтам. Шлях выступае аб’ядноўваючым вобразам розных структурных частак міфалагічнай прасторы, яе значных сфер: цэнтр і ростані, вертыкальная і гарызантальная прастора, верхнія і ніжнія сферы прасторы. У розных вобразах, якія ўключае ў сябе шлях (дрэва, мост, мяжа, ростані і інш.) Колас увасабляе тыя прасторавыя рэаліі, што характарызуюць нацыянальнае светаўспрыманне беларусаў.



Літаратура


  1. Даиржанова, С. Б. Время и пространство в повести А. А. Алимжанова “Возвращение учителя” / С. Б. Даиржанова // Ритм, пространство и время в литературе и искусстве: Сб. ст. – Алма-Ата: КазПИ, 1984. – 289 с. – С 115-123.

  2. Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 9: Паэма “Сымон-музыка”/ Я. Колас. – Мінск: Беларус. навука, 2009. – 431 с.

  3. Топоров, В. Н. Пространство и текст / В. Н. Топоров // Текст: семантика и структура: Сб. ст. / Редкол.: Т. В. Цивьян (отв. ред.) [и др.]. – М.: Наука, 1983. – 302 с. – С.227-284.

  4. Шамякіна, Т. Міфалагема Сусветнага Дрэва як код прасторава-часавых працэсаў у фальклоры (на матэрыяле замоў) / Т. Шамякіна, М. Афоніна // Міфалогія – фальклор – літаратура: праблемы паэтыкі: зб. навук. прац. Вып. 2. / Пад аг. рэд. В. П. Рагойшы. – Мінск: РІВШ, 2003. – 221 с. – С. 200-211.

  5. Шамякіна, Т. І. Нацыянальны космас беларусаў і літаратура (да пастаноўкі праблемы) / Т. І. Шамякіна // Шляхам стагоддзяў: Мат-лы дзвюх канферэнцый аднаго года: Ягелонскі ун-т (Кракаў) – 20-25 лют. 1989; Беларускі ўн-т (Мінск) – 23-28 кастр. 1989 / пад рэд. А. А. Лойкі. – Мінск: Універсітэцкае, 1992. – 166 с. – С. 78-87.

  6. Шамякіна, Т. І. Элементы беларускай геасофіі як аснова нацыянальнай літаратурнай класічнай традыцыі / Т. І. Шамякіна // Беларуская філалогія: Зб. навуковых прац вучоных філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта / пад аг. рэд. І. С. Роўды. – Мінск: ВТАА “Права і эканоміка”, 2003. – 208 с. – С. 97-105.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка