Марксісцкая гістарыяграфія ў 20–30-я гады ХХ ст.: Праблемы генезісу капіталізму ў расійскай імперыі




Дата канвертавання13.01.2017
Памер130.67 Kb.


МАРКСІСЦКАЯ ГІСТАРЫЯГРАФІЯ Ў 2030-Я ГАДЫ ХХ СТ.:

ПРАБЛЕМЫ ГЕНЕЗІСУ КАПІТАЛІЗМУ Ў РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ
Лютая, А. Э. Марксісцкая гістарыяграфія ў 20гады ХХ ст.: праблемы генезісу капіталізму ў Расійскай імперыі / А. Э. Лютая // Труд. Профсоюзы. Общество. – 2011.  № 1. – С. 6771.

Ключевые слова: буржуазныя адносіны, гісторыя прамысловасці, капіталізм, прыгоннае права.
Праблема зараджэння і развіцця буржуазных адносін у Расіі і асобных яе рэгіёнах была вельмі актуальнай у савецкай марксісцкай гістарыяграфіі.

У 20-х гг. пануючым быў пункт гледжання М.М. Пакроўскага. У працах, выдадзеных пасля 1917 г. [1], ён паўтарае сваю версію зараджэння і развіцця капіталізму ў Расіі, гэтак жа перабольшваючы ролю гандлёвага капіталу. Сацыяльна-эканамічныя карані палітычнага развіцця Расіі былі падменены ім роляй і значэннем гандлю [2].

Некаторыя буржуазныя гісторыкі і эканамісты, якія займаліся гісторыяй прамысловасці, таксама апынуліся пад уздзеяннем М.М. Пакроўскага і яго тэорыі гандлёвага капіталізму [3]. У іх працах змяшчаўся велізарны фактычны матэрыял па гісторыі прамысловасці, аднак адсутнічалі вывады пра яе сацыяльна-эканамічны характар. Ім уласціва апісальнасць, выкладанне фактаў і працэсаў без сувязі з канкрэтнымі гістарычнымі ўмовамі, без шырокіх абагульненняў.

Цікавы падыход да гісторыі прамысловасці ў Расіі другой паловы XVIII – першай паловы XIX ст. у М.С. Балабанава. Ён адзначаў, што для гэтага пераходу характэрна перапляценне прымусовай і вольнанаёмнай працы, маецца на ўвазе перапляценне феадальных і капіталістычных адносін, тлумачачы гэту з’яву выспяваннем буржуазных адносін у нетрах феадальнага ладу, г. зн. генезісам капіталізму [4, с. 23–24]. Імкненне асобных сучасных гісторыкаў прыпісаць М.С. Балабанаву ролю марксісцкага крытыка буржуазнай канцэпцыі генезісу капіталізму [5, с. 10] не мае падстаў. М.С. Балабанаў не быў прыхільнікам ленінскай канцэпцыі гісторыі капіталізму ў Расіі, лічыў, напрыклад, што прамысловая вытворчасць развівалася ад фабрычнай да саматужнай, адзначаў высокі ўзровень развіцця прамысловасці ў Расіі ў другой палове XVIII ст. у параўнанні з краінамі Заходняй Еўропы [4, с. 19] і г. д.

Прыгонніцкі характар мануфактуры ў Расіі ў XVIII ст. адзначаў Б.І. Сырамятнікаў, лічачы, што прыгоннае права затрымлівала ўтварэнне рынку свабодных рабочых рук, таму мануфактура XVIII ст. у Расіі магла стаць толькі прыгонніцкай фабрыкай. У гэтым аўтар бачыў своеасаблівасць рускай прамысловасці. Разглядаючы гісторыю развіцця тэкстыльнай прамысловасці, ён зрабіў вывад, што з’яўленне буйной мануфактурнай прамысловасці базіравалася на саматужных промыслах [6, с. 23].

Адносіў мануфактуру да прыгонніцкай прамысловасці і П.І. Ляшчэнка [7, с. 214]. Знаходзячыся пад моцным уплывам М.М. Пакроўскага, П.І. Ляшчэнка выдзяляў асобную эпоху гандлёвага капіталізму ў гісторыі Расіі з XV да сярэдзіны XIX ст. і лічыў гэты перыяд пераходным ад феадалізму да капіталізму [7, с. 132–133].

Да XVIII ст. адносіў мануфактурны перыяд развіцця прамысловасці ў Расіі і П.Р. Любаміраў. Ён адзначаў, што нельга абмінуць XVIII ст. у пошуку генезісу рускага прамысловага капіталізму [8, с. 194], разумеючы пад капіталістычнай прамысловасцю мануфактуру, якая заснавана на вольнанаёмнай працы. Гэта была адна з першых спроб адмовіцца ад тэорыі “гандлёвага капіталізму”, якая перашкаджала савецкім гісторыкам пазбавіцца ад цяжару застарэлых канцэпцый.

Вялікае значэнне для вывучэння праблемы генезісу капіталізму мела дыскусія аб грамадска-палітычных фармацыях канца 20-х – пачатку 30-х гг. С.М. Дуброўскі ўпершыню раскрытыкаваў канцэпцыю “гандлёвага капіталізму”, адзначаў, што гандлёвы капітал не ўтварае асобнага спосабу вытворчасці, асаблівай грамадска-эканамічнай фармацыі [9, с. 38]. Але для яго канцэпцыі была характэрна іншая памылка: развіццё таварна-грошавых адносін у перыяд позняга феадалізму ён тлумачыў з’яўленнем новай фармацыі – прыгонніцтва, асноўнымі прыкметамі якога былі прыгонная гаспадарка і паншчынная мануфактура [9, с. 57].

Удзельнікі канферэнцыі імкнуліся вырашаць спрэчныя праблемы, аднак прыйсці да агульнай думкі яны так і не здолелі. Адмовіўшыся ад разумення гандлёвага капіталізму як асобнай грамадска-эканамічнай фармацыі, П. Андрэеў, Г. Зейдэль, А. Кудраўцаў, А. Лідак змагаліся за захаванне самога тэрміна для вызначэння пераходнага перыяду як першай фазы развіцця капіталізму, за прызнанне вызначальнай ролі гандлёвага капіталу ў гістарычным развіцці Расіі ў XVI–XVII стст. [10; 12; 14].

Праўда, большасць гісторыкаў згадзіліся з С.М. Дуброўскім у тым, што няма падстаў лічыць гандлёвы капіталізм не толькі асобнай грамадска-палітычнай фармацыяй, але і асобным перыядам. Да гэтага ж вываду ў пачатку 30-х гг. прыйшоў і сам М.М. Пакроўскі [11]. П. Шчогалеў адзначаў, што ігнараванне мануфактурнага перыяду прыводзіць прыхільнікаў тэорыі “гандлёвага капіталізму” да вываду пра позняе зараджэнне капіталізму ў Расіі, на стадыі развіцця капіталістычнай фабрыкі [12, с. 97].

Аднак і дагматычнае разуменне выразу К. Маркса пра мануфактуру як першую стадыю капіталізму прыводзіла гісторыкаў да хлуслівага метадалагічнага падыходу, у выніку чаго выпадала дробная капіталістычная вытворчасць з этапаў генезісу капіталізму і пераацэньвалася роля мануфактуры ў станаўленні буржуазных адносін. Асобныя навукоўцы прапаноўвалі пачатак мануфактурнага перыяду, а значыць, і генезіс капіталізму, аднесці да моманту з’яўлення сялянскіх мануфактур. Так, М.А. Зяленскі адносіў падыход мануфактурнага перыяду да другой паловы XVIII ст., калі ў натуральнай сялянскай гаспадарцы расла “хатнекапіталістычная прамысловасць, расла капіталістычная мануфактура”, калі прыкметна выдзяляліся прамысловыя вёскі…” [13].

Далейшае паступовае развіццё феадалізму ў XVI–XVIII стст. гісторыкі тлумачылі павольнымі тэмпамі росту таварна-грашовых адносін у Расіі.

Панаванне натуральнай гаспадаркі, узмацненне прыгонніцтва перашкаджала, на думку аўтараў, развіццю буржуазных адносін [12, с. 81; 14, с. 88–189].

У час дыскусіі выявілася, што шэраг пытанняў, якія звязаны з генезісам капіталізму, патрабуюць спецыяльнага даследавання, аналізу новага фактычнага матэрыялу. Невыпадкова ў 1933–1934 гг. выдаецца зборнік дакументаў і матэрыялаў у пяці частках па гісторыі мануфактурнай прамысловасці, крыніцах фарміравання рабочага класа Расіі і яе асобных рэгіёнаў [15].

Гэта публікацыя дазволіла даследчыкам больш прадметна падысці да праблемы генезісу буржуазных адносін. Тым не менш і новы багаты фактычны матэрыял не ліквідаваў часам выключныя пункты гледжання на гэтыя пытанні. Прыкладам можа служыць новая дыскусія па адным з каранёвых пытанняў праблемы генезісу капіталізму – аб характары расійскай мануфактуры. Пачатак дыскусіі паклаў выхад у свет зборніка “Прыгонная мануфактура ў Расіі”. У якасці перадумоў былі апублікаваны артыкулы С.Г. Струміліна, С.І. Сонцава, С.Р. Тамсінскага і М.П. Вяткіна, якія прапаноўвалі розныя падыходы да ацэнкі прыгоннай мануфактуры ў Расіі. С.Р. Тамсінскі выдзяляў прыкметы прыгоннай мануфактуры як прадпрыемства, заснаванае на прыгоннай працы, якое ўзначальваў прадпрымальнік-прыгоннік [16, с. 17], адносячы да прыгоннай усю прамысловасць Расіі XVIII і першай паловы XIX ст. Вывад аўтара аб тым, што ў “феадальна-прыгонным грамадстве і размовы не магло быць аб капіталістычнай фабрыцы” [17, с. 39] выключаў з працэсу генезісу капіталізму ўвесь дарэформенны перыяд і супярэчыў рэчаіснасці. С.Р. Тамсінскага падтрымаў і М.П. Вяткін, які прызнаваў факты прымянення ў XVIII ст. наёмнай рабочай сілы, але зазначаў, што ўладарніцкія феадальныя адносіны прыводзяць да змяншэння класа вольных рабочых, да іх паступовага запрыгоньвання [18, с. 24], што феадальныя адносіны пранікаюць усё глыбей у прамысловасць, паступова, але няўхільна падпарадкоўваючы яе сваім эканамічным законам.

Бясспрэчна, што феадальныя адносіны, уладарнасць, прыгонніцтва накладвалі адбітак на характар мануфактурнай прамысловасці і яна з’яўляецца, па меркаванні У.І. Леніна, пераходнай ступенькай ад дробнай вытворчасці да фабрыкі, захоўваючы рысы гэтага пераходнага звяна, дзе пераплятаюцца як старыя феадальныя, так і новыя капіталістычныя адносіны [19, с. 345].

Для С.Р. Струміліна характэрна іншая крайнасць – ён адносіў пачатковы этап генезісу капіталізму да XVII ст. і лічыў, што сама па сабе мануфактурная вытворчасць – гэта капіталістычная арганізацыя працы [20, с. 17].

Разглядаючы гісторыю развіцця пятроўскіх мануфактур, С.І. Сонцаў назваў іх капіталістычнымі па змесце, але прыгоннымі па форме [21, с. 24], а М.Ф. Злотнікаў мануфактуру да першай чвэрці XVIII ст. характарызаваў як капіталістычную, а сам перыяд – як першую фазу прамысловага капіталізму [22].

Аднак не ўсе гісторыкі 30-х гг. пазбавіліся канчаткова тэорыі “гандлёвага капіталізму”, хаця сам заснавальнік гэтай тэорыі М.М. Пакроўскі адмовіўся ад яе асноўных палажэнняў. У 30-х гг. выходзіць некалькі работ Д. Кашынцава, прысвечаных гісторыі металургічнай прамысловасці ў Расіі [23], у якіх праблема генезісу буржуазных адносін выкладаецца ў межах тэорыі “гандлёвага капіталізму”.

У цэлым, дыскусіі канца 20-х – пачатку 30-х гг. стымулявалі тэарэтычную дзейнасць гісторыкаў, паскорылі пераадоленне вульгарна-эканамічнага падыходу да праблемы генезісу капіталізму, але яны не ліквідавалі супярэчнасцей у ацэнцы асобных этапаў зараджэння капіталізму. Гэта дыскусія паказвала, што неабходна паглыбленае вывучэнне новых крыніц, дыферэнцыраваны падыход да ацэнкі сацыяльна-эканамічных працэсаў не толькі асобных краін, але і асобных рэгіёнаў, тым больш у такой шматнацыянальнай краіне, як Расія.

Інтэнсіўна вывучалася гэта праблема на Украіне. Калі ў працах 20-х гг. М.Е. Слабчанкі, А.П. Аглобліна, П. Нічапарэнка, К.А. Пажытнава [24] праводзілася думка аб тым, што мануфактуры на Украіне не мелі эканамічнай базы і іх з’яўленне і развіццё абумоўліваліся заказамі, сілком навязанымі з боку расійскага самаўладдзя, то ў пачатку 30-х гг. з’явіўся супрацьлеглы пункт гледжання. В. Дуброўскі выступіў супраць тэзіса аб вяласці ўкраінсага гандлёвага капіталу і ўкраінскай прамысловасці. Украінскі гандлёвы капітал “імкнуўся і пераўтвараўся ў прамысловы адначасова і ў тых жа формах, як у Заходняй Еўропе і ў Расіі” [25, с. 7]. Відавочна, што гісторыкі імкнуцца стварыць так званую “прыярытэтную” тэорыю, даказаць, што развіццё капіталізму ў нацыянальных раёнах не адрознівалася ад агульнарасійскага, а агульнарасійскае – ад заходнееўрапейскага, адсюль і жаданне знайсці вытокі буржуазных адносін як мага глыбей, тэмпы яго развіцця паказаць высокімі, падчас нават сказіць для гэтага фактычны матэрыял. Так, Глушкоўскую суконную мануфактуру першай чвэрці XVIII ст. У. Дуброўскі лічыў капіталістычным прадпрыемствам, першым крокам развіцця прамысловага капіталізму на Украіне [25, с. 108].

Для беларускай гістарыяграфіі 20–30-х гг. характэрна большая цікавасць для аграрнай гісторыі. Выдатнай з’явай у гэты перыяд былі работы У.І. Пічэты. Ён лічыў, што вядучай тэндэнцыяй сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі і ў эпоху гандлёвага капіталу з’яўляецца рост феадальных адносін, што было абумоўлена рэвалюцыяй “сельскай гаспадаркі наогул і памешчыцкай у прыватнасці” [26, с. 99]. Тым самым У.І. Пічэта не атаясамлівае працэс генезісу капіталізму з развіццём гандлёвага капіталу.

Пэўны фактычны матэрыял аб перыядзе разлажэння феадалізму падаюць публікацыі М.В. Мялешкі, А. Шлюбскага і Д. Жарыкава [27]. Аднак усе яны прысвечаны аналізу стану сельскай гаспадаркі Беларусі, яго эвалюцыі ад феадальнага спосабу вытворчасці да капіталістычнага. Вывады гэтых аўтараў часам супярэчлівыя. Напрыклад, на думку Д. Жарыкава, прыгонная вёска і пры дрэнных умовах перажывала працэс росту прадукцыйных сіл і гэты працэс непрыкметна, хаця і няўхільна, падточваў аснову прыгоннага права [28]. Цяжка пагадзіцца з аўтарам, што рост прадукцыйных сіл з’яўляўся асноўнай прычынай разлажэння, крызісу феадальных адносін. Хутчэй за ўсё, падзенне тэмпаў росту прадукцыйных сіл і прыгонніцтва, якое абцяжарвала іх рост, былі спадарожнікамі крызісу феадалізму. Толькі ліквідацыя прыгонніцтва магла садзейнічаць развіццю капіталістычнай вытворчасці.

На думку М.В. Доўнар-Запольскага, усё XVIII ст. – гэта перыяд прагрэсіруючага эканамічнага заняпаду, але к канцу стагоддзя, пасля далучэння да Расіі, стварыліся, магчыма, “лепшыя ўмовы для гаспадарчага жыцця краіны” [29, c. 66]. Аднак зазначым, што і М.В. Доўнар-Запольскі апынуўся пад уплывам пануючай у той час тэорыі “гандлёвага капіталу”. Пераход да гандлёва-грашовых адносін, на думку аўтара, уплываў і на характар сацыяльна-эканамічнай структуры Літоўска-Беларускай дзяржавы ў XVI–XVIII стст. [29, с. 52–53].

Прыхільнік тэорыі “гандлёвага капіталу” М.М. Пакроўскага К.І. Кернажыцкі кваліфікуе другую палову XVIII ст. якасна новым этапам развіцця феадальных адносін, які характарызуецца пераходам ад натуральнай да грашовай гаспадаркі, назапашваннем дваровай гаспадаркай капіталу. Капітал маёнткаў і арандатараў быў крыніцай пашыранага ўзнаўлення за кошт эксплуатацыі наёмнай працы [30, с. 37, 43, 83, 84, 91]. Арандатары і гандляры з’яўляліся “капіталістамі таго часу” [30, с. 37].

Рост панскай гаспадаркі, з’яўленне прамысловых прадпрыемстваў па апрацоўцы сыравіны, рост феадальных павіннасцей, скарачэнне сялянскіх надзелаў і павелічэнне панскай ворнай зямлі, рост маёмаснай дыферэнцыяцыі ў асяроддзі сялянства з’явіліся вынікам дзеяння толькі гандлёвага капіталу [31].

У якасці прыкладу “тыпічнага феадальнага дамену эпохі разлажэння феадалізму і перамогі гандлёвага капіталу” К.І. Кернажыцкі даследаваў Бабруйскае староства. Рост прыгоннага прыгнёту, эвалюцыя сацыяльнай структуры насельніцтва староства, сувязь панскай і сялянскай гаспадарак з рынкам ён звязваў з развіццём гандлёвага капіталу як пераўтваральнай сілы і рухавіка сацыяльна-эканамічнага жыцця рэгіёну [32, с. 54]. Т.І. Забела на аснове даследавання і інвентару прыйшоў да вываду аб заняпадзе сельскай гаспадаркі ў Літве і Беларусі ў другой палове XVIII ст. Узмацненне феадальнага прыгнёту прыводзіла да крызісу не толькі сялянскую, але і памешчыцкую гаспадарку [33].

У працах, прысвечаных гісторыі беларускіх гарадоў, таксама прасочвалася тэндэнцыя знайсці карані буржуазных адносін у XV–XVII стст., а багатыя гарадскія вярхі – паказаць як буржуазны клас [34].

Канцэнтраваны вынік даследаванняў па сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі быў падведзены ў перадваенныя гады ў працах К.І. Кернажыцкага і У.І. Пічэты. У манаграфіях аўтары аналізуюць агульны ход эканамічнага развіцця рэгіёну, імкнуцца канчаткова пазбавіцца ад канцэпцыі “гандлёвага капіталу” [35]. Аднак спрэчка паміж прыхільнікамі ранняга пачатковага этапа генезісу капіталізму і іх праціўнікамі не заціхала не толькі ў перадваенныя гады, але і ў час Другой сусветнай вайны.

Літаратура і крыніцы

1. Покровский, М.Н. Избранные произведения: в 4 кн. / М.Н. Покровский; под общ. ред. акад. М.Н. Тихомирова. – М.: Мысль, 1966–1967. – Кн. 1: Русская история с древнейших времен. – 1966.– 725 с.

2. Покровский, М.Н. Избранные произведения: в 4 кн. / М.Н. Покровский; под общ. ред. акад. М.Н. Тихомирова. – М.: Мысль, 1966–1967. – Кн. 3:

3. Введенский, А. Служащие и работные люди у Строгановых в XVI–XVII вв. / А. Введенский // Труд в России. – М., 1924. – Кн. 1; Архангельский, С. Процесс образования пролетариата в Нижнем Новгороде / С. Архангельский // Труд в России. – М., 1925. – Кн. 1.

4. Балабанов, М.С. Очерки по истории рабочего класса в России / М.С. Балабанов. – 2-е изд. – Киев: Сорабкоп, 1924. – 179 с.

5. Столярова, Г.Н. Проблема генезиса капитализма в России в советской историографии 20-х – первой половины 30-х годов / Г.Н. Столярова // Генезис капитализма в России в отечественной историографии. – Ярославль, 1981.

6. Сыромятников, Б.И. Очерк истории русской текстильной промышленности в связи с историей народного хозяйства / Б.И. Сыромятников. – Иваново-Вознесенск, 1925. –

7. Лященко, П.И. История русского народного хозяйства / П.И. Лященко. – М.; Л., 1927. –

8. Любомиров, П.Г. Очерки по истории русской промышленности в XVIII и начале XIX века: Организационная структура промышленных предприятий / П.Г. Любомиров. – : Прибой, 1930. – с.

9. Дубровский, С.М. К вопросу о сущности “азиатского способа производства”, феодализма, крепостничества и торгового капитала / С.М. Дубровский. – М., 1929. –

10. Андреев, П. К итогам дискуссии вокруг книги С.М. Дубровского “К вопросу о сущности “азиатского способа производства” феодализма, крепостничества и торгового капитала” (Проблема торгового капитала в русском историческом процессе) / П. Андреев // Вопросы истории и экономики: сб. ст. – Смоленск, 1932.

11. Покровский, М.Н. О русском феодализме, происхождении и характере абсолютизма в России / М.Н. Покровский // Борьба классов. – 1931. – № 2. – С. 80.

12. Спорные вопросы методологии истории. – Харьков, 1930.

13. Зеленский, М.О. О двух “новых” теориях происхождения и сущности крепостного хозяйства в России / М.О. Зеленский // Борьба классов. – 1931. – № 2. – С. 163.

14. Против механических тенденций в исторической науке: Дискуссия в ИКП. – М., 1930.

15. Крепостная мануфактура в России: в 4 ч. – Л., 1930–1934.

16. Томсинский, С.Г. Начальная стадия крепостной мануфактуры в России: Вводные замечания к материалам по истории крепостной мануфактуры / С.Г. Томсинский // Крепостная мануфактура в России. – Л., 1930. – Ч. 1.

17. Томсинский, С.Г. Крепостной или вольнонаемный рабочий / С.Г. Томсинский // Крепостная мануфактура в России. – Л., 1932. – Ч. 3.

18. Вяткин, М.П. К вопросу истории крепостной мануфактуры / М.П. Вяткин // Крепостная мануфактура в России. – Л., 1934. – Ч. 4.

19. Ленин, В.И. Полное собрание сочинений: в 50 т. / В.И. Ленин. – 5-е изд. – М.: Политиздат, 1979–1983. – Т. 2: 1895–1897. – 677 с.

20. Струмилин, С.Г. Царская мануфактура XVII века / С.Г. Струмилин // Крепостная мануфактура в России. – Л., 1932. – Ч. 3.

21. Солнцев, С.И. К вопросу о социальном составе рабочих на мануфактурах первой половины XVIII века / С.И. Солнцев // Крепостная мануфактура в России. – Л., 1934. – Ч. 4.

22. Злотников, М.Ф. К вопросу о формировании вольнонаемного труда в крепостной России (первая половина XVIII века) / М.Ф. Злотников // История пролетариата СССР. – 1930. – № 1. – С. 146.

23. Кашинцев, Д. Материалы к изучению истории заводов Урала и Приуралья / Д. Кашинцев // История пролетариата СССР. – 1933. – № 1–2; Кашинцев, Д. Металлургические заводы России XVII–XVIII вв. / Д. Кашинцев // История пролетариата СССР. – 1934. – № 2; Кашинцев, Д. История металлургии Урала / Д. Кашинцев. – М.-Л., 1939. – Т. 1. – 193 с.

24. Слабченко, М.Е. Организация хозяйства Украины от Хмельнищины до мировой войны / М.Е. Слабченко. – Одесса, 1922. – Т. 2; Оглоблин, А.П. Очерки истории украинской фабрики: Мануфактура в гетманщине / А.П. Оглоблин. – Киев, 1925; Нечипоренко, П. Фабрики Разумовського в Посем’ё / П. Нечипоренко // Зап. Iсторично-філологічного відділу. – Киïв, 1927. – Т. II; Нечипоренко, П. Умови рабітничоі праці на Батурінських і Глухівських “национальных строениях”: Iсторико-географічний збірник / П. Нечипоренко. – Киïв, 1927. – Т. 1; Пожитнов, К.А. Очерки по истории рабочего класса на Украине / К.А. Пожитнов. – Харьков, 1926.

25. Дубровський, В. Перша фабрика на Украіні: Слобідська Глушківська мануфактура (1719–1729 рр.) / В. Дубровський. – Харьків, 1930. –

26. Пичета, В.И. История сельского хозяйства и земледелия в Белоруссии (до конца XVI в.) / В.И. Пичета. – Минск, 1927. – Ч. 1. –

27. Мялешка, М.В. Паншчына на Беларусі (Гісторыка-этнаграфічны нарыс з жыцця сялян міншчыны за прыгонам 1826–1857 гг.) / М.В. Мялешка // Полымя. – № 4(12). – С. 106–129; Шлюбскі, А. Паны і сяляне ў першай палове XIX ст. / А. Шлюбскі. – Мінск, 1924; Жариков, Д. Крестьянская дифференциация перед падением крепостного права / Д. Жариков // Працы БДУ. – 1925. – № 6–7. – С. 252–282; Жарыкаў, Д. Прыгонная гаспадарка Беларусі паводле даных расійскай гаспадарчай літаратуры і журналістыкі 30–40-х гадоў / Д. Жарыкаў // Полымя. – 1928. – № 8. – С. 98–117; № 9. – С. 136–150.

28. Жарыкаў, Д. Прыгонная гаспадарка Беларусі паводле даных расійскай гаспадарчай літаратуры і журналістыкі 30–40-х гадоў / Д. Жарыкаў // Полымя. – 1928. – № 9. – С. 149–150.

29. Доўнар-Запольскі, М.В. Сацыяльна-эканамічная структура Літоўска-Беларускай дзяржавы ў XVI–XVIII сталеццях / М.В. Доўнар-Запольскі // Гістарычна-архэолёгічны зборнік. – Мінск, 1927. – № 1.

30. Кернажыцкі, К. Гаспадарка старостваў на Беларусі і эканамічны стан іх насельніцтва ў другой палове XVIII ст. / К. Кернажыцкі // Зап. аддз. гуманіт. навук: Працы класа гісторыі. – Мінск, 1928. – Т. 2.

31. Кернажыцкі, К. Брожаскі ключ 1639–1810 гг. (Сацыяльна-эканамічны нарыс з гісторыі Бабруйшчыны) / К. Кернажыцкі // Зап. аддз. гуманіт. навук: Працы класа гісторыі. – Мінск, 1929. – Т. 3, кн. 8. – С. 145.

32. Кернажыцкі, К. Аграрная рэформа ў Бабруйскім старостве і эканамічнае становішча яго насельніцтва з XVII да паловы XIX ст. / К. Кернажыцкі. – Мінск, 1931. –

33. Забела, Т. Панская гаспадарка на Беларусі і быт падданага сялянства ў другой палове XVIII стагоддзя / Т. Забела // Зап. аддз. гуманіт. навук: Працы класа гісторыі. – Мінск, 1928. – Т. 2, кн. 3. – С. 95–152.

34. Даўгяла, З. Магілёўскае брацтва прасолаў / З. Даўгяла // Гістарычна-архэолёгічны зборнік. – Мінск, 1927. – № 1; Дружыц, В. Магістрат у беларускіх местах з Магдэбургскім правам у XV–XVII ст. / В. Дружыц // Зап. аддз. гуманіт. навук: Працы класа гісторыі. – Мінск, 1929. – Т. 3, кн. 8.

35. Кернажыцкі, К.І. Гаспадарка прыгоннікаў на Беларусі ў канцы XVIII – першай палове XIX ст.: Да праблемы разлажэння феадалізму ў Беларусі / К.І. Кернажыцкі; адказ. рэд. В. Шчарбакоў; Бел. акад. навук, Ін-т гісторыі імя М.Н. Пакроўскага. – Мінск: Выд-ва Бел. акад. навук, 1935. – 273 с.; Пичета, В.И. Основные моменты исторического развития Западной Украины и Западной Белоруссии / В.И. Пичета. – М.: Гос. соц.-экон. изд-во, 1940. – 136 с.





База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка