Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)




старонка1/3
Дата канвертавання02.08.2018
Памер0.51 Mb.
  1   2   3
Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце

«Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)»

для VІІІ клаcа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі

з беларускай мовай навучання і выхавання




Мастацтва

(айчынная і сусветная мастацкая культура)
Тлумачальная запіска
Вучэбны прадмет «Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)» ва ўзаемадзеянні з іншымі гуманітарнымі прадметамі ўносіць важкі ўклад у развіццё духоўна-маральных, эмацыянальных і творчых якасцей асобы; спрыяе самавызначэнню і самарэалізацыі падрастаючага пакалення ў сучасным свеце.

Мэта вывучэння прадмета «Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)» — фарміраванне мастацкай культуры асобы ў працэсе творчага асваення свету мастацка-эстэтычных каштоўнасцей.

Дасягненне названай мэты прадугледжвае рашэнне наступных задач:

развіццё каштоўнасных і маральна-этычных якасцей асобы;

фарміраванне ведаў пра разнастайнасць з’яў у мастацкай культуры;

фарміраванне ўменняў успрымання, інтэрпрэтацыі і ацэнкі мастацкіх твораў;

развіццё эмацыянальна-вобразнага мыслення, творчых здольнасцей;

фарміраванне мастацкага густу і патрэбнасці ў зносінах з творамі мастацтва;

пашырэнне вопыту самастойнай мастацка-творчай дзейнасці.

У аснову праграмы пакладзены наступныя тэарэтычныя палажэнні:

аб вобразнай прыродзе мастацтва. Мастацкі вобраз — мэта і вынік мастацка-творчай дзейнасці. Унікальнасць мастацкага вобраза выяўляецца з дапамогай розных сродкаў і матэрыялаў (слова, гук, інтанацыя, рытм, малюнак, колер, пластыка, міміка, мантаж і інш.) і раскрываецца ў працэсе ўспрымання твораў мастацтва, якія маюць яркую эмацыянальна-сэнсавую і каштоўнасную накіраванасць;

пераемнасці мастацкай адукацыі. Змест вучэбнага прадмета «Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)» грунтуецца на сістэме ведаў, атрыманых вучнямі на ўроках вучэбных прадметаў «Выяўленчае мастацтва», «Музыка», і забяспечвае магчымасць працягваць вывучэнне мастацкай культуры на наступных узроўнях адукацыі;

варыятыўнасці мастацкай адукацыі. Праяўляецца ў прадстаўленні настаўніку шырокіх магчымасцей выбару адукацыйных стратэгій і педагагічнага інструментарыя ў навучанні;

актыўным удзеле вучняў у мастацка-творчай дзейнасці. Актыўны ўдзел неабходны не толькі пры засваенні сумы ведаў пра вывучаемую мастацкую з’яву, але і ў розных відах практычнай мастацка-творчай дзейнасці, якія ўмацоўваюць сацыяльна-прыкладную ролю вучэбных заняткаў па прадмеце;

дыдактычнай мэтазгоднасці. У працэсе пабудовы і канструявання зместу вучэбнага прадмета ўлічваліся агульнадыдактычныя прынцыпы (нагляднасці, паслядоўнасці, культуралагічнай адпаведнасці, даступнасці, адпаведнасці ўзроставым асаблівасцям вучняў) і прынцыпы педагогікі мастацтва (полімастацкасці, полікультурнасці, дыялагічнай прыроды твора мастацтва).

Змест вучэбнай праграмы пабудаваны на аснове кампетэнтнаснага падыходу. З пазіцый кампетэнтнаснага падыходу ён адрозніваецца большай інтэграванасцю, каштоўнасна-сэнсавай і практыка-арыентаванай скіраванасцю. Веды, уменні і навыкі застаюцца ў складзе гэтых патрабаванняў, але з мэты адукацыі яны ператвараюцца ў сродак развіцця чалавека, які расце. Якасць кампетэнтнаснай падрыхтоўкі вучня забяспечваецца яго ўключэннем у актыўную мастацка-творчую дзейнасць і вызначаецца па зменах і прыросце ў сацыяльна-асобасным развіцці вучняў.

У адпаведнасці з кампетэнтнасным падыходам вучні павінны авалодаць наступнымі групамі кампетэнцый:

асобаснымі:

здольнасцю арыентавацца ў сучасным полікультурным свеце і адаптавацца да яго ўмоў;

гатоўнасцю да зносін са з’явамі культуры і стварэння новых мастацкіх вобразаў;

здольнасцю пазнаваць, асвойваць і трансліраваць традыцыі і дасягненні сусветнай мастацкай культуры, айчыннай культуры ў кантэксце сусветнай;

здольнасцю і гатоўнасцю да самапазнання, самаразвіцця, самавызначэння і канструявання індывідуальнай адукацыйнай траекторыі;

метапрадметнымі:

пазнавальнымі — здольнасцю да самастойнай пазнавальнай дзейнасці (пастаноўка мэты, аналіз, арганізацыя, планаванне, самаацэнка, рэфлексія) у працэсе асваення, прысваення і стварэння мастацкіх каштоўнасцей;

камунікатыўнымі — здольнасцю і гатоўнасцю камунікаваць з тымі, хто акружае; уменнем уступаць у дыялог (палілог) з культурнымі з’явамі, мастацкімі творамі;

інфармацыйнымі — здольнасцю і гатоўнасцю да пошуку, аналізу, адбору, пераўтварэння, захавання і апрацоўкі вучэбнай інфармацыі з дапамогай сучасных інфармацыйных тэхналогій;

рэгулятыўнымі — здольнасцю эмацыянальнай самарэгуляцыі, самаацэнкі і самакантролю ў адукацыйнай і рэальнай жыццёвай сітуацыі; гатоўнасцю ўсвядомленага кіравання сваімі паводзінамі і дзейнасцю ў адукацыйнай і рэальнай жыццёвай сітуацыі;

прадметнымі:

веданнем твораў мастацтва сусветнай і айчыннай культуры;

веданнем спецыяльнай тэрміналогіі і ключавых паняццяў, выразных сродкаў мастацтва;

авалоданнем вопытам асваення свету мастацкай культуры ў разнастайнасці відаў, жанраў і стыляў;

здольнасцю і гатоўнасцю да пазнавання, аналізу і інтэрпрэтацыі мастацкага вобраза;

здольнасцю да творчага ўвасаблення мастацкага вобраза ў самастойнай мастацка-творчай дзейнасці.

Змест вучэбнай праграмы «Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)» для VIII класа структураваны ў адпаведнасці з гісторыка-храналагічным прынцыпам, які дазваляе сістэматызаваць ход развіцця мастацкай культуры. Пры гэтым у праграме выдзелены спецыфічныя характарыстыкі кожнай гістарычнай эпохі, а таксама каштоўнасныя асновы розных нацыянальных школ, у тым ліку і беларускай школы на ўсіх этапах яе развіцця.

Мастацка-ілюстрацыйны матэрыял, прапанаваны да вывучэння ў VIII класе, структураваны на аснове прынцыпу выдзялення культурных дамінант гістарычных эпох. Дадзены прынцып дазваляе пашырыць магчымасці асваення мастацкіх характарыстык твораў мастацтва, акцэнтуючы ўвагу вучняў не на колькасці помнікаў мастацкай культуры, а на эмацыянальна-вобразным складальніку разглядаемых твораў мастацтва.

Рэалізацыя дадзенага прынцыпу магчыма дзякуючы выкарыстанню мастацкіх твораў, адабраных у адпаведнасці:

з мастацка-эстэтычнымі і каштоўнаснымі вартасцямі;

сацыякультурным кантэкстам айчыннай і сусветнай мастацкай культуры;

тэматыкай вучэбнай праграмы;

узроставымі асаблівасцямі і магчымасцямі вучняў.

Вучэбная праграма «Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)» для VIII класа ўключае наступныя раздзелы: «Таямніцы мастацтва Сярэдніх вякоў», «Мастацтва беларускіх зямель у Сярэдневякоўі», «Мастацкая культура эпохі Адраджэння», «Барока, ракако і класіцызм у мастацтве XVII—XVIII стагоддзяў», «Мастацкая культура на землях Беларусі ў XVII—XVIII стагоддзях».

Мастацкая культура беларускіх зямель разглядаецца ў неад’емнай сувязі з сусветнай мастацкай культурай.

Вывучэнне вучэбнага прадмета «Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)» у VIII класе прадугледжвае фарміраванне ў вучняў больш глыбокіх уяўленняў пра мастацкія стылі, кірункі, нацыянальныя школы; асваенне больш складаных мастацтвазнаўчых паняццяў; паглыбленне ведаў пра сродкі мастацкай выразнасці; пашырэнне дзейнасці па ўспрыманні і творчай інтэрпрэтацыі мастацкіх твораў.

Асаблівасцю вучэбнай праграмы для VIII класа з’яўляецца ўключэнне ў змест кожнага раздзела твораў сучаснага мастацтва. Гэта дазволіць сфарміраваць у вучняў уменне распазнаваць элементы мастацтва мінулых стагоддзяў у мастацкай культуры наступных эпох.

На вывучэнне айчыннай і сусветнай мастацкай культуры ў VIII класе вучэбным планам адводзіцца 35 гадзін з разліку 1 вучэбная гадзіна на тыдзень.

Тэмы кожнага з раздзелаў вучэбнай праграмы «Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)» з’яўляюцца прыкладнымі. У адпаведнасці з логікай пабудовы вучэбнага матэрыялу настаўнік мае магчымасць самастойна вызначаць ключавыя змястоўныя лініі раздзела; выбіраць мастацкія творы, якія адпавядаюць абранай стратэгіі; вызначаць паслядоўнасць іх вывучэння.

Кожная тэма вучэбнай праграмы забяспечана мастацкім матэрыялам у шырокім дыяпазоне. Рэкамендуемы спіс мастацкіх твораў з’яўляецца прыкладным. Настаўнік мае права:

карэкціраваць спіс твораў мастацтва на падставе мастацкіх пераваг вучняў, тэхнічных і метадычных магчымасцей установы адукацыі;

вызначаць і вар’іраваць паслядоўнасць і колькасць разглядаемых відаў мастацтва, мастацкіх твораў;

выбіраць методыку навучання;

вызначаць мастацка-педагагічныя акцэнты, глыбіню і шырыню спасціжэння мастацкага вобраза.

Пры планаванні вучэбных заняткаў, пры выбары мастацкіх твораў і методык іх вывучэння важна ўлічваць інтарэсы вучняў, якія маюць непасрэдны вопыт наведвання розных краін свету, знаёмства з нацыянальнымі традыцыямі, культурнымі з’явамі і мастацкімі дасягненнямі іншых народаў.

У праграме ўлічваецца жыццёвы вопыт вучняў, прадугледжваецца магчымасць разнастайных форм яго выражэння ў самастойнай мастацка-творчай дзейнасці.

Прапанаваныя да кожнай тэмы віды дзейнасці маюць рэкамендацыйны характар.

Прыярытэтнымі формамі атэстацыі з’яўляюцца самастойныя работы і праекты вучняў, у якіх прад’яўляюцца вынікі іх дзейнасці ў працэсе ўспрымання, інтэрпрэтацыі і стварэння мастацкіх твораў.

Важнае месца на вучэбных занятках айчыннай і сусветнай мастацкай культуры займае працэс эмацыянальна-вобразнага ўспрымання мастацкага твора, неабходнай умовай арганізацыі якога з’яўляецца выкарыстанне якасных рэпрадукцый, аўдыя- і відэазапісаў.

Вялікае значэнне для ўспрымання вучнямі твораў мастацтва маюць наведванне імі музеяў, мастацкіх галерэй, выстаў, тэатраў, палацава-паркавых комплексаў, запаведнікаў, мастацкіх майстэрань; арганізацыя экскурсій, сустрэч з яркімі прадстаўнікамі культуры — архітэктарамі, мастакамі, скульптарамі, музыкамі, пісьменнікамі, акцёрамі і інш.

У працэсе навучання настаўнік мае магчымасць вар’іраваць віды ўрокаў (урокі-экскурсіі, вандроўкі, творчыя лабараторыі, турніры і інш.), выкарыстоўваць інфармацыйныя сродкі навучання, шырока прымяняць актыўныя метады навучання, сучасныя адукацыйныя тэхналогіі.

Выкарыстанне тэхналогій навучальных праектаў (даследчых, інфармацыйных, творчых, прыкладных, гульнявых) накіравана на развіццё самастойнасці, асабістай ініцыятывы вучняў. Тэхналогіі навучання ў супрацоўніцтве дазволяць сканструяваць адносіны ўзаемнай адказнасці паміж удзельнікамі адукацыйнага працэсу з дапамогай розных тэхнік рашэння мастацка-камунікатыўных задач. Ужыванне тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення пашырыць праблемнае поле вучэбных заняткаў, створыць умовы для фарміравання ўласных крытэрыяў ацэнкі мастацкага тэксту, генерыравання і адстойвання ўласных меркаванняў у галіне культуры і антыкультуры.

Апошнія ўрокі навучальнага года прысвечаны паўтарэнню і абагульненню вывучанага матэрыялу. Падагульняючыя ўрокі могуць праводзіцца з прымяненнем гульнявых тэхналогій (віктарына, конкурс і інш.); у форме прэзентацыі і абароны праектаў (індывідуальных, групавых); у форме дэманстрацыі і абароны партфоліа індывідуальных дасягненняў.

Змест вучэбнага прадмета

(35 гадзін)
Р а з д з е л 1

ТАЯМНІЦЫ МАСТАЦТВА СЯРЭДНІХ Вякоў

(7 гадзін)


1—2. Уводзіны.

«Каменны летапіс» Сярэдніх вякоў

(2 гадзіны)

Паняцце «Сярэдневякоўе». Узаемасувязь сярэдневяковага мастацтва з мастацкай культурай Антычнасці, Еўропы, Азіі. «Стыль» у мастацтве.

Абарончае дойлідства: феадальны і каралеўскі замкі. Данжоны.

Раманскі стыль — увасабленне прыгоннай магутнасці ў перыяд феадальнай раздробленасці Еўропы. Знакамітыя раманскія замкі Еўропы.

Гатычны сабор — «Біблія ў камені». Знакамітыя гатычныя саборы Еўропы. Гатычныя ратушы — сімвал гарадскога самакіравання.

Гутарка на тэму «Ідэі эпохі Сярэдневякоўя і іх адлюстраванне ў мастацкай культуры».

Віртуальная экскурсія ў сярэдневяковы замак.

Схематычная замалёўка раманскага і гатычнага храмаў.

Складанне табліцы «Раманскі і гатычны стылі ў архітэктуры: агульнае і рознае».
Мастацка-ілюстрацыйны матэрыял

Францыя: Базіліка Сакрэ-Кёр абацтва Парэ-ле-Ман’яль; Замак Каркасон; Сабор Нотр-Дам у Лане; Сабор Нотр-Дам у Парыжы; Сабор Нотр-Дам у Шартры; Сабор Нотр-Дам у Рэймсе; Замак Лош; Венсенскі замак; Замак П’ерфон; Ам’енскі сабор.

Англія: Лонданскі Таўэр; Глостэрскі сабор; Сабор Вестмінстэрскага абацтва; Солсберыйскі сабор.

Германія: Кёльнскі сабор; Вормскі сабор; Майнцкі сабор.

Італія: Сабор Сан-Сабіна ў Бары; Пізанскі сабор; Базіліка Сан-Мікеле Маджорэ ў Павіі.

Адлюстраванне сярэдневяковай архітэктуры ў культуры наступных эпох: Сабор Санкт-Петэр (Кёльн, Германія); Сабор Святога Віта (Прага, Чэхія); Касцёл Панны Марыі (Кракаў, Польшча); Міхайлаўскі (Інжынерны) замак (Санкт-Пецярбург, Расія); Вестмінстэрскі палац (Лондан, Англія); Замак Нойшванштайн (Германія).

3. Выяўленчае мастацтва Сярэдніх вякоў:

нябеснае і людское (1 гадзіна)

Разнастайнасць відаў сярэдневяковага жывапісу. Змястоўныя асаблівасці манументальнага жывапісу (фрэска, вітраж).

Кніжная мініяцюра як энцыклапедыя жыцця чалавека Сярэдневякоўя: традыцыі, мода, інтэр’ер.

Аскетычны ідэал у сярэдневяковай скульптуры.



Гутарка на тэму «Ідэалы і прынцыпы эпохі Сярэдневякоўя».

Выкананне эскіза касцюма і герба сучаснага чалавека ў стылістыцы сярэдневяковай культуры (на аснове кніжных мініяцюр).
Мастацка-ілюстрацыйны матэрыял

Жывапіс: Вітражы «Цар Давід», «Маці Божая з дзіцем» (сабор Нотр-Дам у Шартры, Францыя); Вітраж «Адам» (Кентэрберыйскі сабор, Англія); Вітражы «Поры года» (сабор Нотр-Дам у Лазане, Швейцарыя); Фрэскі «Бітва архангела Міхаіла з цмокам», «Ноеў каўчэг» (царква Сен-Савэн-сюр-Гартан у Пуату, Францыя); Фрэска «Хрыстос Пантакратар» (апсіда царквы Сан-Клементэ дэ Тауль, Іспанія).

Кніжная мініяцюра: Мініяцюры з Псалтыра Людовіка Святога (Францыя); Мініяцюры з «Кнігі евангельскіх чытанняў Генрыха II»; Старонкі рукапісу «Кніга гадзін» (Францыя); Мініяцюры з рукапісу «Люстэрка чалавечага збаўлення» (Германія); Мініяцюры з «Хронікі Жана Фруасара» (Францыя); Ілюстрацыі да «Манескага кодэкса» (Германія).

Скульптура: Гарэльеф «Страшны суд» (тымпан цэнтральнага партала сабора Святога Лазара ў Ацёне, Францыя); Віліджэльма. Рэльеф (кафедральны сабор у Модэне, Італія); Тымпан цэнтральнага партала (заходні фасад Ам’енскага сабора, Францыя); Скульптура «Постаць вершніка» (сабор у Бамбергу, Германія); Скульптура «Святы Іосіф» (сабор Нотр-Дам у Рэймсе, Францыя); Скульптурная група «Сустрэча Марыі і Лізаветы» (сабор Нотр-Дам у Рэймсе, Францыя); Скульптура «Персанажы Старога Запавету» (сабор Нотр-Дам у Шартры, Францыя); Матэа. «Порцік Славы» (кафедральны сабор Сант’яга-дэ-Кампастэла, Іспанія); Статуі маркграфа Экерхарда і маркграфіні Уты (сабор у Наумбергу, Германія).

Адлюстраванне сярэдневяковага мастацтва ў культуры наступных эпох: Марк Шагал. Вітражы «Дрэва Іесеева», «Укрыжаванне Хрыста» (сабор Нотр-Дам у Рэймсе, Францыя), XX ст.; Анры Маціс. Афармленне Капэлы Ружанца ў Вансе, 1949—1951.


4. Сюжэты і вобразы ў літаратуры, музыцы і тэатры Сярэдневякоўя (1 гадзіна)

Эпічны цыкл пра брытанскага караля Артура і рыцараў Круглага стала. Гісторыя пра Трыстана і Ізольду: тэма кахання як адна з распаўсюджаных тэм рыцарскіх раманаў.

Грыгарыянскі харал. Вобраз цудоўнай дамы ў свецкай рыцарскай лірыцы: трубадуры, труверы, мінезінгеры.

Сярэдневяковыя тэатральныя формы: містэрыя, міракль, фарс.



Гутарка на тэму «Трубадуры і мінезінгеры: учора і сёння».

Падрыхтоўка прэзентацыі на тэму «Трыстан і Ізольда ў творах сучаснага мастацтва».

Інсцэніроўка ўрыўка з п’есы «Цяперашнія браты».
Мастацка-ілюстрацыйны матэрыял

Літаратура (сюжэты): Эпас пра караля Артура і рыцараў Круглага стала; Ж. Бедзье. «Трыстан і Ізольда»; Балады пра Робін Гуда; Паэзія трубадураў, мінезінгераў (на выбар).

Музыка (на выбар): Грыгарыянскі харал: гімны «Kyrie eleison», «Veni Creator Spiritus», секвенцыі «Dies irae», «Stabat mater»; Гіём дэ Машо. Ронда «З маёй смерці пачынаецца маё жыццё»; Гімны «Gaudeamus», «Развітанне са Швабіяй».

Тэатр: Містэрыі Ёркскага цыкла; Г. Каё. Містэрыяльная сцэна ў Валансьене; Рутбёф. «Дзейства пра Тэафіла»; П’есы «Цяперашнія браты», «Разумны і Неразумны».

Адлюстраванне сярэдневяковага мастацтва ў культуры наступных эпох: Грыгарыянскі харал у сучаснай апрацоўцы: ансамбль «Арганум» пад кіраўніцтвам Марсэля Перэса, група «Gregorian»; С. Кавалёў. П’еса «Трышчан ды Іжота» (фрагменты); Экранізацыі эпасу пра караля Артура, пра Трыстана і Ізольду (фрагменты).
5. Сімвалізм у мастацтве Візантыі (1 гадзіна)

Сімвалізм у сярэдневяковым мастацтве. Сімволіка і ўнутраная канструкцыя візантыйскага храма. Форма крыжова-купальнай царквы.

Сабор Святой Сафіі як вышэйшае дасягненне візантыйскага мастацтва. Кампазіцыйная праграма роспісаў храма.

Віртуальная экскурсія па сабору Святой Сафіі.

Гутарка на тэму «Значэнне сабора Святой Сафіі ў сучаснай культуры».

Праект-даследаванне «Канструкцыя храма ў маім горадзе (вёсцы, пасёлку)».
Мастацка-ілюстрацыйны матэрыял

Архітэктура: Анфімій і Ісідар. Сабор Святой Сафіі ў Канстанцінопалі; Царква Сан-Вітале ў Равене (Італія); Баптыстэрый праваслаўных у Равене (Італія); Сабор Сан-Марка ў Венецыі (Італія); Царква Святых Феодараў у Містры (Грэцыя).

Жывапіс: Мазаіка «Хрыстос Пантакратар» (храм Маці Божай у Дафні); Мазаікі «Маці Божая з немаўлём на троне», «Імператар Канстанцін Манамах і імператрыца Зоя перад Хрыстом», «Канстанцін Вялікі і Юсцініян перад Маці Божай з немаўлём на прастоле» (сабор Святой Сафіі ў Канстанцінопалі); Мазаіка «Ушэсце» (купал сабора ў Салоніках, Грэцыя); Мазаіка «Добры пастыр» (маўзалей Галы Плацыдыі ў Равене).

Адлюстраванне мастацтва Візантыі ў культуры наступных эпох: Блакітная мячэць у Стамбуле.
6. Ззянне візантыйскага жывапісу (1 гадзіна)

Эстэтычная своеасаблівасць мастацтва Візантыі: уплыў антычнай культуры.

Візантыйская мазаіка: тэхніка стварэння, асаблівасці трактоўкі вобраза. Сярэдневяковы іканапіс. Сімволіка колеру, жэстаў, прадметаў у іконе і мазаіцы. Тэхналогія стварэння іконы.

Эвалюцыя рукапіснай кнігі: ад скрутка да кодэкса.



Гутарка на тэму «Антычныя традыцыі ў мастацтве Візантыі».

Падрыхтоўка прэзентацыі «Асноўныя сюжэты і сімволіка ў іканапісе».
Мастацка-ілюстрацыйны матэрыял

Жывапіс: Мазаікі «Працэсія святых», «Пакутніцы» (храм Святога Апалінарыя Новага ў Равене, Італія); Мазаікі «Імператар Юсцініян са світай», «Імператрыца Феадора са світай», «Сцэны з жыцця Аўраама» (храм Сан-Вітале ў Равене, Італія); Мазаіка «Хрыстос» (сабор Святой Сафіі ў Канстанцінопалі); Мазаіка «Пакланенне вешчуноў» (царква Маці Божай у Дафні); Абразы «Святы Георгій», «Цуд архангела Міхаіла ў Хонях», «Святы Лука, які піша абраз Маці Божай з немаўлём».

Кніжная мініяцюра: Мініяцюры і застаўкі ў візантыйскіх рукапісных Евангеллях; Скрутак Ісуса Навіна «Ісус Навін і два шпіёны»; Мініяцюра з рукапісу «Архангел Міхаіл»; Мініяцюры з рукапісу Іаана Кантакузіна.

Адлюстраванне мастацтва Візантыі ў культуры наступных эпох: Традыцыі візантыйскага кніжнага мастацтва ў мініяцюрах полацка-смаленскай школы: малюнак княжацкай сям’і ў Зборніку Святаслава, 1073; Феафан Грэк. Дэісус іканастаса (Благавешчанскі сабор Маскоўскага Крамля), XV ст.; Мазаіка «Маці Божая з немаўлём» Пакроўскага сабора ў Баранавічах, XIX ст.; «Хрыстос Пантакратар» у капліцы Святаполк-Мірскіх у Міры, XX ст.
7. Веліч і гонар мастацтва Старажытнай Русі

(1 гадзіна)

Уплыў Візантыі на развіццё архітэктуры і жывапісу Старажытнай Русі. Шматкупальныя храмы Старажытнай Русі: Сафійскія саборы ў Кіеве і Ноўгарадзе. Уладзімірская школа архітэктуры і традыцыі белакаменнага дойлідства. Ансамбль Маскоўскага Крамля. Званіца як неад’емны кампанент храмавага комплексу.

Мазаікі і фрэскі Старажытнай Русі. Творчасць Феафана Грэка і Андрэя Рублёва. Іканастас.

Знаменны спеў. Своеасаблівасць звонавай музыкі Старажытнай Русі.



Віртуальная экскурсія па гарадах Старажытнай Русі (на выбар).

Падрыхтоўка прэзентацыі «Матывы старажытнарускай архітэктуры ў жывапісе рускіх мастакоў».

Праект «Музыка звона ў сучаснай культуры».
Мастацка-ілюстрацыйны матэрыял

Архітэктура: Сабор Святой Сафіі ў Кіеве; Сафійскі сабор у Ноўгарадзе; Царква Спаса Праабражэння ў Ноўгарадзе; Успенскі сабор ва Уладзіміры; Царква Пакрова на Нерлі ва Уладзіміры; Ансамбль Саборнай плошчы Крамля ў Маскве (званіца «Іван Вялікі», Успенскі сабор); Георгіеўскі сабор Юр’ева манастыра ў Ноўгарадзе; Царква Пятра і Паўла ў Кажэўніках; Царква Спаса на Нярэдзіцы ў Ноўгарадзе.

Жывапіс: Мазаіка «Маці Божая Аранта (Непарушная сцяна)» (сабор Святой Сафіі ў Кіеве); Фрэскі Сафійскага сабора ў Кіеве; Абраз «Маці Божая Уладзімірская»; Роспісы Успенскага сабора ва Уладзіміры; Абраз «Спас Нерукатворны»; Феафан Грэк. Роспісы царквы Спаса Праабражэння ў Ноўгарадзе; Андрэй Рублёў. Абразы «Троіца», «Спас».

Музыка: Звонавая музыка (на выбар); Знаменны спеў «У Царстве Тваім».

Адлюстраванне мастацтва Старажытнай Русі ў культуры наступных эпох: Гісторыя будаўніцтва, аднаўлення і афармлення храма Хрыста Збавіцеля ў Маскве; Знаменны спеў у творах рускіх кампазітараў XIX—ХХ стст. (П. Часнакоў, П. Чайкоўскі, С. Рахманінаў).


Р а з д з е л 2
мастацтва беларускіх зямель у сярэдневякоўі

(4 гадзіны)


8. Беларускі сярэдневяковы горад (1 гадзіна)

Полацк і Тураў як цэнтры хрысціянскай культуры на беларускіх землях. Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку. Фрэскі Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку. Барысаглебская (Каложская) царква ў Гродне.



Гутарка на тэму «Асаблівасці беларускага мастацтва ў эпоху Сярэдневякоўя».

Віртуальная экскурсія ў Тураў і Полацк.

Выкананне праекта «Аблічча сярэдневяковага беларускага горада», «Рэстаўрацыя фрэсак Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку».
Мастацка-ілюстрацыйны матэрыял

Сафійскі сабор у Полацку (перабудаваны ў XVIII ст.); Барысаглебская царква (Каложская) у Гродне; Спаса-Праабражэнская царква Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў Полацку; Фрэскі Спаса-Праабражэнскай царквы Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў Полацку.



Адлюстраванне старажытнабеларускага мастацтва ў культуры наступных эпох: Вобраз Каложскай царквы ў работах Н. Орды, В. Цвіркі, А. Вырвы, П. Татарнікава; Полацкія храмы ў графічных ілюстрацыях-рэканструкцыях П. Татарнікава.
9. Майстэрства мастакоў і рамеснікаў
  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка