Мёрская даўніна выданне рады музеяў дуа “Міёрская сш №3”




Дата канвертавання05.01.2017
Памер198.45 Kb.

Мёрская даўніна,студзень, 2013




У нумары: Нашы навіны - ЮБІЛЕЙНЫЯ  ДАТЫ  2013 - 75 ГОД  ГЕРМАНУ  КІРЫЛАВУ - Старапагосцкі пярсцёнак - Лёс, гартаваны эпохай - Дзісенскі пярсцёнак. Басянкі



МЁРСКАЯ ДАЎНІНА

Выданне рады музеяў ДУА “Міёрская СШ №3”

гуртка “Арганаўты мінулага” №1(25)2013


АД  РЭДАКЦЫІ

Завяршыўся  другі год выдання нашай газеты. Надрукавана  яшчэ  12 нумароў. У 2012 годзе  нам удалося  павялічаць  аб’ём да  10 старонак, а наклад  узрос  да 150 асобнікаў, пашырылася геаграфія   краін  і гарадоў  , куды   трапляла  “Мёрская даўніна “ :  Іспанія, Польшча , Германія, Рэспубліка  Саха, Масква, Пецярбург   і г.д. Вырасла  колькасць  чытачоў  газеты , якія яе атрымліваюць  па  электроннай  пошце, або чытаюць яе ў інтэрнэце. На жаль, нам не  ўдалося  знайсці  пастаяннага  фундатара  выдання  і таму  ўвесь  час існуюць фінансавыя праблемы. Вялікая колькасць  матэрыялаў  знаходзіцца ў архіве рэдакцыі, але  не можа быць надрукавана, стрымліваюць   аб’ёмы і перыядычнасць выпуску газеты. Таму  ў 2012 годзе мы не змаглі завяршыць распачатыя  тэмы “Даследаванні гуртка  ў  2011 годзе “, “Дзісенскі пярсцёнак “, “Падарожжа па музею кнігу і друку “. Мы рады   супрацоўніцтву з вядомымі  краязнаўцамі  Шымуковічам  Ф.Л., Кожан К.А. Дзякуючы ім, наша  газета  папаўняецца новымі  цікавымі матэрыяламі. У  2013 годзе мы  плануем завяршыць   друк   распачатых тэм    і  прадоўжыць знаёмства  чытачоў з новымі  пошукамі  і  даследаваннямі гуртка,   дзейнасцю  музеяў. Думаю , што  зацікавяць чытачоў газеты  і новыя  тэмы, якія мы плануем друкаваць: “Мёршчына  на старонках Полацкай  рэвізіі  1552”, “Развіццё адукацыі  ў нашым  краі пасля   вайны –1944-1951гг.“ , працягнем  падарожжа па музеі кнігі і друку. і г.д. Па-ранейшаму  шмат  будзем  надаваць увагі “жывой гісторыі “ –друкаваць успаміны старажыхароў  нашай мясцовасці. Спадзяёмся, што  нам  і надалей  хопіць вытрываласці, каб здзейсніць свае задумы і не спыніць  выданне нашай газеты. Мы ведаем, што наша выданне  яшчэ мае шмат недахопаў, спадзяёмся, што   чытачы  дапамогуць сваімі прапановамі і  заўвагамі  зрабіць газету больш  цікавай і змястоўнай.



НАШЫ  НАВІНЫ

У 2012 годзе, як і раней, у музеях жыццё віравала. Было  праведзена  130 экскурсій. Паасобку  і  ў экскурсіях  нашы   музеі  наведала  звыш  3 000 чалавек. Аб найбольш  цікавых экскурсіях і сустрэчах мы  перыядычна інфармавалі нашых чытачоў  на старонках  “Мёрскай даўніны”.  Фонды музеяў павялічыліся,  дзякуючы сябрам гуртка “Арганаўты мінулага “ і  рупліўцам  музея,   на  3 тысячы экспанатаў. Асаблівая  вялікая колькасць паступленняў склалі  манеты, дакументы, этнаграфічныя  матэрыялы, кнігі. Вялікая  падзяка ад Рады  музеяў  за перададзеныя  экспанаты  Міколе  Паўловічу з Латвіі  і   Сяргею Панізніку з Мінска. У гістарычным музеі працавалі тры выставы: “Новыя знаходкі”, “70 год нараджэння  С.С.Панізніка “, “200 год вайне 1812 года”. Працягвалася праца  па стварэнню музея  “Адукацыя Мёршчыны“. Даследчая дзейнасць  музеяў асвятлялася  пад  час шматлікіх навуковых канферэнцый, на семінарах, у раённым, абласным  і рэспубліканскім  друку, на  радыё і тэлебачанні.  Мы аказвалі  кансультацыі і дапамогу  вучоным, студэнтам, супрацоўнікам  музеяў, асобным наведвальнікам  не толькі з Беларусі, але і з замежжа.

Ермалёнак В.А.

      ВІНШУЕМ !


Чарговага поспеху дасягнуў вучань 11 класа, сябра гуртка “Арганаўты мінулага “ і Рэдакцыйнай  рады нашай газеты Кандратовіч Ігар. На гэты раз  ён   дабіўся перамогі на абласной алімпіядзе па гісторыі, якая праходзіла ў г. Орша. Ён заняў першае  месца і атрымаў  дыплом першай  ступені, значна апярэдзіўшы  ўдзельнікаў з іншых раёнаў  Віцебскай вобласці. Гэтаму поспеху садзейнічала  мэтанакіраваная  праца Ігара  па вывучэнню гісторыі, якая яму падабалася з  дзяцінства, удзел  і перамогі ў шматлікіх  конкурсах, напісанне  шматлікіх даследчых прац па гісторыі роднага краю, заняткі ў  нашым гуртку. Пажадаем  яму поспеху на рэспубліканскай алімпіядзе па гісторыі, якая адбудзецца ў сакавіку, у горадзе  Гомелі.

                         ЭКСКУРСІІ

Не забываюць  наведваць музеі нашай школы  былыя   выпускнікі. Пад час вучобы  яны не аднойчы  знаёміліся з экспазіцыямі  музея , але  успрыманне школьніка  значна адрозніваецца ад успрымання  дарослага  чалавека.У гэтым  мы пераканаліся  пад час наведвання музеяў  былым вучнем нашай  школы  Міколам Дземідзёнкам і яго жонкай,   мастацтвазнаўцай Алесяй Раманюк з Мінска. Госці  з цікавасцю азнаёміліся з  экспазіцыямі  музеяў. Нам было прыемна, што   Мікола шмат  экспанатаў памятае яшчэ са школьных часоў,  яго здзівіла новая экспазіцыя  музея  кнігі і друку, новыя цікавыя  знаходкі гістарычнага  музея. Алесю больш цікавілі прадметы мастацтва, якіх шмат  у гістарычным музеі, рарытэты   музеяў, старажытныя кнігі. Асабліва  зацікавілі  гасцей  люстэрка  гераіні  паўстання   1831 года  Эміліі Плятэр, дыван Язэпа Драздовіча, рэчы чараўніка  з вёскі  Чэрасы  і інш. Спадабалася  ім і  наша  газета, на якую яны  ахвяравалі   грошы, за што ім  шчырая   падзяка

.

Нашы музеі часта  наведваюць  вучні  і настаўнікі  з  Браслаўскага раёна. Нядаўна   да нас  завіталі  школьнікі  з  Браслаўскай   гімназіі  начале з настаўнікам  гісторыі Кропам Вячаславам Віктаравічам. Спачатку  гімназісты азнаёміліся з  экспазіцыяй  музея  кнігі і друку.  Вучням было цікава даведацца  аб цесных сувязях Мёршчыны і Браслаўшчыны, якія можна прасачыць  разглядаючы  гісторыю Барысавых камянёў, кнігу вучонага-самавука  з Друі  Аўгуста Адлера, іншыя выданні, знойдзеныя на Браслаўшчыне. У гістарычным музеі  вучняў з Браслава  зацікавіў перш за ўсё нумізматычны раздзел,  рэдкія этнаграфічныя знаходкі. Выкладчык гімназіі  Кроп  Вячаслаў Віктаравіч  актыўна займаецца  турызмам. Створаны  ім  клуб  “Эдэльвейс”  шырока вядомы  сваімі турыстычнымі паходамі не толькі  па Беларусі, але і далёка за яе межамі, як пехатою, так і на байдарках і веласіпедах.Таму адбылася зацікаўленая размова аб  пошукавай дзейнасці, паходах і вандроўках нашага  археолага -краязнаўчага  гуртка “Арганаўты мінулага “, праблемах краязнаўства.



Падарунак з  Мінска

Сапраўдны  багаты  калядны падарунак для нашых музеяў падрыхтаваў наш знакаміты зямляк Сяргей Сцяпанавіч Панізнік. Мы  даўно ведалі  Сяргея Сцяпанавіча не толькі як выдатнага паэта, пісьменнік, журналіста, краязнаўцу, але і заўзятага збіральніка. Аднак  толькі  дасланыя матэрыялы  раскрываюць  сапраўдную неабсяжнасць  яго  захапленняў. Найбольш  уражвае яго калекцыя  этыкетак ад  запалак. Нам  даслаў іх спадар  Панізнік   больш за   5000 тысяч, пры гэтым асноўная частка   іх  не паўтараецца. Наш зямляк пачаў іх збіраць яшчэ ў дзяцінстве. Асаблівы пік збораў прыйшоўся   на 60-70-я гады  20 ст. У тыя  часы ў СССР  сапраўды   адбываўся росквіт  філуменіі. Тады збіральнік  этыкетак мог заказаць іх на запалкавай фабрыцы,  адтуль  калекцыянерам  дасылалі іх  цэлымі лістамі. Найбольш  старыя этыкеткі, якія мы атрымалі  адносяцца да  пачатку  50-х гадоў 20 ст. Збіральніцта этыкетак здаецца звычайнай  дзіцячай забаўкай, але  зараз па іх можна вывучаць асноўныя  падзеі савецкай краіны, славутыя помнікі, знакамітых асоб  гісторыі і культуры. У падараванай  калекцыі мы знаходзім  этыкеткі   запалкавых фабрык амаль  з усяго Савецкага  Саюза, напрыклад: Пензенскай, Кіраўскай, Барнаульскай, Томскай, Бійскай, Балабанаўскай, Прыволжскай, Байкальскай, Турынскай  і інш. Разнастайныя этыкеткі выпускалі і беларускія фабрыкі: Пінская, Гомельская, Барысаўская. Ёсць ў калекцыі  этыкеткі  і  замежных краін, напрыклад, нават з В’етнама. Такім чынам, дзякуючы  дасланай калекцыі, у нашым музеі  кнігі і друку з’явіцца цэлы раздзел – “Філуменія”, плануецца  напісанне даследчых  прац  вучняў па дадзенай тэме.



Наш славуты  паэт займаецца вялікай  грамадска-культурнай дзейнасцю, праводзіць вялікую перапіску  і таму  ў яго калекцыі  сабрана шмат канвертаў  не толькі з  Беларусі, але і  іншых краін  свету: ЗША,Чэхіі , Канады,Латвіі, Украіны, Расіі, Польшчы і  г.д.  Наш музей  кнігі і друку  папоўніўся 100 канвертаў нашага земляка, але і шматлікімі асобнымі выразнымі  з іх этыкеткамі. Звыш  ста  экземпляраў  мы атрымалі і разнастайных паштовак –  пераважна  віншаванні з  Новым годам.У атрыманым падарунку  была вялікая калекцыя  сведак нашага паўсядзённага жыцця, менавіта тых, што звычайна,  мы не  задумваючыся,  выкідваем  у сметніцу – гэта праяздныя квіткі  у тралейбусах, аўтобусах, трамваях, цягніках. Звычайныя паперкі, але беражліва захаваныя, яны  таксама становяцца  сведкамі  мінулай эпохі. Напрыклад, квіток за 15 капеек 1980 года – праезд на пароме калгаса  “Савецкая Латвія “  Краслаўскага раёна. Невялікі ў гісторыі тэрмін , крыху больш за 30 гадоў, але колькі  зменаў!  Няма  ўжо ні Савецкай Латвіі, ні калгасаў,толькі   маленькі  кавалачак паперы  маўкліва сведчыць аб мінулым. Цікава разглядаць беларускія  праяздныя квіткі. Яны перш за ўсё сведчаць, якое фінансавае становішча было ў нашай краіне. Сучаснай моладзі цяжка паверыць, што калісьці праезд у трамваі каштаваў  толькі  3 капейкі , а ў гарадскіх аўтобусах і тралейбусах – 4 капейкі. У калекцыі захаваліся  і білеты коштам 30 тысяч рублёў за адну паездку. Усяго перададзеныя зборы квіткоў  склалі звыш трохсот штук, у тым ліку і замежных краін.  Сведкамі сучаснай  эпохі з’яўляецца калекцыя пластыкавых картак  на розныя віды тавараў, абанентныя  тэлефонныя карткі  розных краін. Гэтыя  экспанаты сучаснай  эпохі ў будучым таксама  змогуць перадаць нашчадкам  змест нашай эпохі. Папоўніўся   і раздзел музея  “ Календарыкі “  іх нам было даслана 300 штук, некаторыя з іх былі падвойныя, частка ў адным экземпляры. Асабліва шмат з іх рэкламавала  савецкую авіякампанію “Аэрафлот “. Яшчэ адзін накірунак збораў Сяргея  Сцяпанавіча – нявыйгрышныя латарэйныя білеты. У асноўным калекцыя сабрана ў 70-80-я гады 20 ст. Разнастайнасць  іх  вялікая: ДТСАФ, мастацкія, журналісцкай салідарнасці, грашова-рэчавыя, святочныя і г.д. Агульная іх колькасць склала  180 экземпляраў. Частка  падараваных экспанатаў  папоўніць музей  адукацыі раёна. Наш зямляк даслаў асабісты атэстат  сталасці  аб заканчэнні Лявонпальскай дзесяцігодкі, дзённікі вучня  са школы ў в. Латышы  1953-1954,  дыплом аб заканчэнні   Львоўскага  ваеннага вучылішча  і іншыя  рэчы, якія беражліва захоўваліся ў асабістым архіве паэта. Для  раздзела  музея   “Газеты“ мы атрымалі   выданне савецкай  групы  войск  у  Чэхіі  газету  “За  Родину”. Знойдзе свае месца  ў  экспазіцыі і   бронзавы абразок  з  выявай славянскіх святых Кірыла і Мефодзія- стваральнікаў  славянскай пісьменнасці.  Цікавым  напамінам аб мінулым савецкай  эпохі  з’яўляецца   чырвоная  нарукаўная павязка з надпісам “ Дружинник “, яна сведчыць, што яшчэ ў 60-е гады  Сяргей  Панізнік пад час вучобы  ў  Магілеўскім  медвучылішчы прымаў  удзел  у дзейнасці  дружыны.У дасланых матэрыялах  85 візітных картак  з  адрасамі  дзеячоў культуры, навукі, літаратуры не толькі  Беларусі, але  замежных краін. Наш  далёка няпоўны пералік  дасланых матэрыялаў можна завяршыць кнігамі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў,  падарунках нашаму земляку. Шчыра дзякуем  Сяргею  Сцяпанавічу за   перадачу  для нашых  музеяў  такіх  змястоўных скарбаў, спадзяемся, што ў будучым яны стануць падмуркам для стварэння экспазіцыі  літаратурнага  музея   нашага славутага паэта-песенніка.

                                                В.Ермалёнак.      



ЮБІЛЕЙНЫЯ  ДАТЫ  2013 г.

112?-1128 - княжанне ў Полацку Барыса Усяслававіча  з імем  якога звязана  гісторыя  Барысавых камянёў, якія знаходзіліся  ля Дзісны і Друі .

1333, 1343,1373,1413 гг. паходы крыжакаў на Дзісненшчыну і Полаччыну.

1498 год,  515  год з першага ўспаміну пра вёску Новы Пагост.

1513 год – 500 год з  першага   згадвання   ў пісьмовых крыніцах  пра  вёскі Орцы і Басянкі.

1563 год –  450 год назад Баркулаб Корсак пабудаваў  замак на востраве ў  Дзісне.

1533 год – 480 год  першых  ўспамінаў  ў дакументах пра  вёскі Цвеціна, Катовічы, Курыловічы

1563 год – 450 год першай  згадкі пра  вёску  Дарожкавічы.

1583 г – 430 год  першага ўспаміну  аб касцёле ў Дзісне.

1593 год – 420 год – будаўніцтва  касцёла ў Новым Пагосце.

 1633 год- першыя пісьмовыя згадкі пра  Уваскрасенскі  манастыр  і царкву  ў Дзісне.

1633 год – 380 год з часу смерці Льва Сапегі  выдатнага дзеяча ВКЛ, фундатара  касцёлаў у Новым Пагосце і Іказні.

1633 год – першы ўспамін пра вёску Узмёны.

1673 год – 340 год   створаны  срэбраны крыж   Дзісенскага праваслаўнага  брацтва

1728 год – 285  год назад узведзены  на сродкі Барадульскіх  Уваскрасенская і Затрапезная царква ў Дзісне.

1773 год– 340 год пабудове ў стылі барока  цаглянага   касцёла   францысканаў  у Дзісне.

 1793 год – 220 год уваходжання  Дзісненшчыны ў склад  Расійскай  імперыі  ў выніку  2-га падзелу  Рэчы Паспалітай

1793 год– 220 год люстрацыі (рэвізіі ) Друйскага   графства,   у якой змешчана шмат  інфармацыі аб нашай мясцовасці.

1 студзеня 1798 года – 215 год  зацвярджэння   генеральнага   плана  развіцця горада Дзісна.

1863 г. –150 год нацыянальна-вызваленчага   паўстання на Беларусі.

14 мая 1863 – 150 год  з дня гібелі знакамітага  паўстанца  і скульптара Генрыха Дмахоўскага з  Забалоцця.

1873 г. –140 год пабудове сядзібы Святапок- Мірскіх  у Каменполлі.

1878 г. –135 год асвячэння  новазбудаванай царквы  Св. Мікалая ў Новым Пагосце.

1883 г. 20 кастрычніка – 130 год з дня нараджэння  Вацлава Ластоўскага  (1883-1938 ) буйнейшага   дзеяча   беларускага  Адраджэння, дзіцячыя гады яго прайшлі ў Старым Пагосце.

1898 г. – 115 год  з дня нараджэння прафесара, доктара медыцынскіх навук  І.Бейраха з Дзісны.

1903 г. – 110 год пабудове бальніцы ў Дзісне  ў стылі мадэрн.

1908 г.– 105 год пабудове Мікалаеўскай  царквы ў Дзісне.

1918 г.– 95 год акупацыі  Мёршчыны нямецкімі войскамі.

1923 г. – 90 год з дня нараджэння Героя Сацыялістычнай  працы  Крышталевіч У.Ф.

1938 г. – 75 год пачатку будаўніцтва касцёла  Маці Божай Шкаплернай  ў Мілашове.

 1938 г. – 75 гадоў назад памёр  дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху  Браніслаў Туронак (1896-1938).    

1943 г.-- 70 год назад выйшаў першы  нумар   падпольнай газеты “Кліч партызана “.

1943 г. – 70 год назад  пачалася карная аперацыя фашыстаў “Фрыц “ супраць  партызан.

1943 г. – 70 год  утварэння  Мёрскага  і Дзісненскага   падпольных  райкомаў  КП(б)Б  

1948 г. – пачатак масавай  калектывізацыі  сельскай гаспадаркі  Мёршчыны.

1953 г. –3 мая  60 год з дня нараджэння  пісьменніка Франца Сіўко.

1968 г. – 45 год  утварэння  гідралагічнага  заказніка  “Ельня “.

1978 г. –35 год завяршэння электрыфікацыі  раёна.

1978 г. – 35 год узвядзення новага   Дома  быту ў Мёрах.
                  

    75 ГОД  ГЕРМАНУ  КІРЫЛАВУ

Споўнілася 75 гадоў з дня нараджэння Германа Кірылава. Беларускага пісьменніка і журналіста. Нарадзіўся Герман Іларыёнавіч 15 снежня 1937 года ў мястэчку Шаркаўшчына Дзісненскага павета ў сям'і дробнага рамесніка. Бацька яго працаваў пільшчыкам і змог добра зарабіць падчас пракладкі польскай чыгункі на Друю. За атрыманыя грошы ён купіў хату ў Шаркаўшчыне, якую потым памяняў на некалькі гектараў зямлі ў вёсцы Шкунцікі.

17 верасня 1939 года савецкія войскі ўступілі на тэрыторыю Заходняй Беларусі. У Шкунціках быў створаны сельсавет, сямігадовая школа. Падчас Другой сусветнай вайны баявыя дзеянні абмінулі вёску.

Першага верасня 1944 года Герман Кірылаў пайшоў у Шкунцікаўскую школу. На ўвесь клас быў адзін буквар. Мала ў каго былі ручка, аловак, сшыткаў не было. Герман адхварэў амаль месяц, але ў другі клас быў пераведзены. У 1951 годзе ён заканчвае Шкунцікаўскую сямігадовую, а ў 1954 Шаркаўшчынскую сярэднюю школу. Паступае на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Пасля яго заканчэння ў 1959 годзе працаваў літработнікам у рэдакцыі шаркаўшчынскай раённай газеты «Калгасны шлях». У 1960 годзе быў абраны другім, у 1961 годзе першым сакратаром райкома камсамола. Пасля скасавання Шаркаўшчынскага раёна ў 1962 годзе вярнуўся на журналісцкую працу. Працаваў загадчыкам аддзела пісьмаў, потым загадчыкам аддзелаў сельскай гаспадаркі, партыйнага жыцця, намеснікам рэдактара Міёрскай міжраённай газеты «Сцяг працы». Пасля працаваў у іншых газетах: полацкай «Сцяг камунізму», «Віцебскім рабочым»,  «Трудавой смене».

Герман Кірылаў друкуецца з 1974 года. Першая значная мастацкая публікацыя – апавяданне «Без крыўды у сэрцы» (Маладосць, 1974 год). У 1978 годзе ў часопісе «Беларусь» пабачыла свет апавяданне «Татава пілотка». У тым жа годзе было надрукавана апавяданне «Адажыа». У часопісе «Маладосць» у 1978 годзе змешчана аповесць «Сонца тваіх вачэй». У 1983 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшаў раман «Пах жыта», у якім расказваецца пра падзеі ў Заходняй Беларусі ў 1939 годзе. У 1997 годзе ў выдавецтве «Наша ніва» выйшла кніга «Гарт. З ўспамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Глыбокае, Паставы, 1945-1947 гг.». У ёй сабраны успаміны 12 удзельнікаў СПБ. За кнігу «Гарт» у 1997 годзе Герман Кірылаў узнагароджаны прэміяй імя Алеся Адамовіча Беларусскага ПЭН-цэнтра.

У часопісе «Полымя» за 2000-ы год надрукавана аповесць «Піраміда». Герман Кірылаў піша таксама п'есы, нарысы, гумарэскі, рэцэнзіі, працуе над новымі творамі.

Хочацца павіншаваць  Германа Кірылава з 75-годдзем, пажадаць юбіляру моцнага здароўя, натхнення і плёну ў далейшай літаратурнай творчасці..



К.А.Кожан. Германавічы. Скарочаны варыянт да друку падрыхтаваў А.В.Ермалёнак.

 


Герман Кірылаў другі справа, у складзе рэдакцыі “Сцяг Працы”. 1963г.
  

ЛЁС ГАРТАВАНЫ  ЭПОХАЙ

Надышоў красавік  1944 г. З вайсковай часці Уладзіміра Васільевіча падрыхтавалі роту на фронт, у якую наш суразмоўца трапіў .

 Усяму асабістаму складу новаспечанай роты было выдадзена новае абмундзіраванне, якое з мінулым проста нельга было нават і параўноўваць; а таксама трохдзённы паёк. Гэта ж трэба было так дадумацца, каб даць галодным людзям ажно трохдзённы паёк адразу!

 Затым салдат размясцілі па 40 чалавек у кожным вагоне  цягніка - так званаму “ цялятніку”,  і павезлі па чыгунцы ў Маскву.

 Як толькі цягнік крануўся і пайшоў па сваім шляху, так усе байцы і накінуліся на свае пайкі. Вось з чаго складаўся трохдзённы паёк: 2 булкі хлеба; паўтаракілаграмовыя амерыканскія кансервы, якія пастаўляліся па лэнд – лізу; цукар ды многае іншае. Як салдаты маглі стрымацца, калі яны ўжо даўно не елі нічога падобнага і не ведалі: чым усё гэта можа скончыцца…

 Многім з байцоў стала дрэнна (зрабіўся заварот кішок); чацвёра сканалі прама ў вагоне; шматлікія трапілі ў шпіталь. Туды трапіў і Уладзімір Васільевіч, якога выратавала ад смерці толькі тое, што ён не з’еў увесь трохдзённы паёк.

Дарэчы, трошкі раней за гэты цягнік на фронт ішоў яшчэ адзін з 70 – ю вагонамі салдат. Яны трапілі на фарсіраванне Дняпра і амаль усе загінулі. Рота, у якой быў і Уладзімір Васільевіч, павінна была быць адпраўлена на той жа рубеж. Таму, магчыма, дзякуючы гэтаму выпадку, знаходжанню ў шпіталі, яны і засталіся ў жывымі.

Затым Уладзімір Васільевіч служыў у ахове да 1947 г.

Да таго часу вайсковыя Статуты ды Кодэксы, якія дзейнічалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, былі зменены. У 1947 г. за дапамогу нацыстам падчас вайны давалі 25 гадоў турмы. Столькі ж давалі савецкім салдатам, якія груба парушалі Статут.

Падраздзяленне, у якім служыў Уладзімір, размяшчалася ў Літве. У гэтай краіне ўсё знаходзілася ў прыватнай уласнасці, былі незаконныя бандыцкія фармаванні (“лясныя браты”).

  Удзень мірны літовец арэ поле, а ноччу палюе з аўтаматам ці іншай зброяй за савецкімі салдатамі.

У той час часта знаходзілі забітых ды знявечаных чырвонаармейцаў.

Уладзімір ды іншыя салдаты з яго падраздзялення шукалі тых бандытаў, якія забівалі чырвонаармейцаў, і намагаліся іх знішчаць.

Аднойчы Уладзіміра Васільевіча ды яшчэ аднаго хлопца, з якім ён разам служыў, адправілі даследаваць вялікі, часткова разбураны, пры бамбёжцы, дом. А іх было толькі двое. Канешне, было страшнавата. Аднак проста прайсці паблізу таго дома, не даследаваўшы яго, было нельга, бо там потым іншыя маглі б выявіць бандытаў, тады б яны атрымалі турэмныя тэрміны па 25 гадоў, тым больш, трэба ж было помсціць бандытам – забойцам.

 Дык вось салдаты спусціліся ў падвал. Уладзімір пайшоў у адзін бок, а яго саслужывец – у іншы. У іх былі пры сабе ліхтарыкі. І вось нечакана Уладзімір Васільевіч наступіў на нешта мяккае, пасвяціў на гэта ліхтарыкам і са страху ажно ледзь не пасівеў, бо ўбачыў забітага і знявечанага бандытамі савецкага салдата!

Аднойчы Уладзімір стаяў на пасту у гарнізонным каравуле. А было гэта восенню. Надвор’е стаяла не вельмі добрае: калі наплывалі хмары амаль нічога нельга было ўбачыць, а калі сыходзілі – тады быў бачным поўны месяц ды рабілася трошкі відней.

 На варце наш салдат павінен быў стаяць з 23 – х гадзін –  да 4-х раніцы., пакуль не прыйдзе змена. Вартаваў ён нямецкія вайсковыя склады з боепрыпасамі. Яны былі зроблены з масіўнага чырвонага каменю, які меў таўшчыню ў 1 м. Дзверы былі не такімі як на савецкіх складах, яны неяк адмыслова адчыняліся.

Уладзімір Васільевіч хадзіў па сваёй тэрыторыі пад навесам.

Потым унутры яго з’явіўся нейкі страх, у душы было нейкае нядобрае пачуццё. Нешта адштурхвала салдата ад таго, каб абыходзіць усю тэрыторыю. Тады Уладзімір моцна прыціснуўся да сцяны і пачаў аглядацца па баках. Вакол былі зараснікі кустоў, а непадалёк і лес. Дзесьці зблізку знаходзіліся сакрэтныя пасты яго вайсковай часткі, але ён не ведаў дзе.

Раптам пачуўся нейкі шоргат…

Тады Уладзімір Васільевіч спалохаўся яшчэ болей, яшчэ мацней ўціснуўся  ў сцяну  ды перадзёрнуў  затвор аўтамата. Паглядзеў уверх, на дах… А адтуль да яго спускалася вяроўка з пятлёй на канцы! Уладзімір то раней чуў: як бандыты знімаюць вартавых і са страху ўсю абойму аўтамата выпусціў па даху. Адтуль на зямлю зваліўся бандыт. На стрэлы збегліся салдаты.

Пасля гэтага надзвычайнага здарэння Уладзіміра Васільевіча адправілі на 3 дні на гаўптвахту і кожныя 2 гадзіны выклікалі на допыты.

Затым Уладзіміру перад усімі салдатамі з яго падраздзялення аб’явілі падзяку і далі дзесяцідзённы водпуск за выдатную службу. Аднак ніхто не сказаў Уладзіміру Васільевічу кім быў той чалавек, які хацеў яго забіць.

Пасля Уладзімір служыў у аўтамабільных частках Літвы. У яго падраздзяленні было 10 машын.

Літоўскія бандыты працягвалі дзейнічаць, таму салдаты спалі ў машынах з аўтаматамі ў руках. Аднойчы аднаму шафёру бандыты адрэзалі галаву і паклалі яе на баранку машыны. Аўтамат гэтага байца бясследна знік, як і яго тулава, якое так і не знайшлі (толькі падумайце, якія жахлівыя рэчы рабілі літоўскія бандыты!).                             

  Кандратовіч   Ігар.



Даследаванні  гуртка ў 2011 годзе . СТАРАПАГОСЦКІ  ПЯРСЦЁНАК


Наўгародская школа. 1951г.
Наступны аб’ект нашага даследавання – вёска Каланіцы, якую смела можна называць   былая. Яшчэ у 19 стагоддзі яна называлася  Калодніцы і па нашай гіпотэзе  ўзнікла  ў  11 стагоддзі як пасяленне калоднікаў  (закаваных у калодкі)  палонных  Усяслава Чарадзея, якіх ён прывёў  з Ноўгарада. Пад час вандровак нашага гуртка былі запісаны і паданні мясцовых жыхароў. Зараз тут  стаяць толькі закінутыя будынкі,  разгромленыя  мясцовымі хуліганамі. У зарасніку вялікіх дрэў і хмызняку  нам пашчасціла знайсці шмат этнагарфічных рэчаў. Паміж імі Кандратовіч  Ігар  ўбачыў  рэдкі  збан 20- х  гадоў  20 стагоддзя  кляймом  арцелі  з  г.Дрысы. Доўгі  час  Каланіца была фальваркам Федаровіча, дзе ў пачатку 20 стагоддзя пражывала 15 чалавек. Менавіта ў яго сядзібе пасля вайны і   была размешчана   школа. У  1951 годзе  былі дабудаваныя новыя  драўляныя будынкі  для Наўгародскай сямігодкі, якая стала  цэнтрам   усіх пачатковых школ  мікрараёна. Так  шмат вучняў  было ў вёсцы  Белеўцы, якія спачатку вучыліся  ў хаце Кукуця Г.А, потым   ў памяшканні, пакінутым  Пухальскім Адольфам, які выехаў ў Польшчу. Вучняў было так шмат, што калі згарэла   ў 1958  гэта  школа, была пабудавана новая, якая праіснавала да  1996 года.  Да  1951  існавала  пачатковая школа ў Вусаўцах, да 1973 года  была  школа  ў маёнтку  Вострава, найбольш доўга  існавала Старапагостская  школа, якую  зачынілі ў 2002 годзе. А ў 2003 годзе такі лёс напаткаў і Наўгародскую школу. Жахліва нам было  хадзіць па былых класных пакоях, дзе вучні атрымлівалі веды, гучаў школьны званок. Выбітыя вокны, вырваныя дошкі  падлогі, разламаныя шафы і сістэма ацяплення. А колькі  намаганняў і сілаў патрэбна было  дырэктару школы  Пятру Ілсіфавічу Стаброніку каб  з цягам часу  дабудаваць  спачатку драўляныя, а потым і цагляныя будынкі. Сам  дырэктар быў чалавекам легендарнага лёсу. У вайну спачатку быў радыстам на мінаносцы “Ленін “ , пад час прарыву з Таліна яго карабель падставіў свой борт пад  нямецкую тарпеду і выратаваў тым самым  лінкор “Кіраў “. З экіпажа ў 300 маракоў засталося не больш 10  у тым ліку і Пётр. Застаўся ў жывых ён і пад час  ўзрыву  бомбы ў штабе, калі   знаходзіўся   на Ленінградскім  фронце. З  Наўгародскай  школы  выйшла за 50 год яе  існавання шмат знакамітых  асобаў :  Даргель  В. А. – вучоны-геадэзіст, палкоўнік, выкладчык агульнавайсковай   акадэміі ў Маскве, Скукоўскі  У. доктар філалогіі ў Польшчы, Сташулёнак В.К. кандыдат хімічных навук, Пугаўка А.В., кандыдат гістарычных навук, Драбо В.Н., удзельнік экспедыцый ў Антарктыду і Арктыку, сябра  Арктычнай Акадэміі навук, Касач  Ф.А., кандыдат тэхнічных навук, Сташулёнак С.П., кандыдат  фізіка-матэматычных навук і г.д.  Пад  час блукання па разбураных памяшканнях  сабралі для музея  адукацыі  шмат  экспанатаў: сшыткі  вучняў  Наўгародскай школы  50-х гадоў , педагагічную  літаратуру  эпохі  Сталіна  і Хрушчов, чарнілкі, фотаздымкі і  іншыя рэчы  паўвекавой   даўніны... Агледзелі   захаванасць  каменя-следавіка   на былой геаграфічнай пляцоўцы.  

                                 В.Ермалёнак



ДЗІСНЕНСКІ  ПЯРСЦЁНАК


Глінскі апавядае аб старажытнасцях в. Басянкі
Дарога на Язна  патрабавала ад нас шмат высілкаў: толькі што насыпаная  пяском  э камянямі і яшчэ не ўтрамбаваная замарудзіла наш рух. Па дарозе паміж Мёрскім і Шаркаўшчынскім раёнамі быццам прайшоў які паморак ці вайна . Жахлівае відовішча выклікалі пакінутыя хаты, панадворкі, якія  зарастаюць хмызняком, выбітыя вокны і дзверы. Усе гэта вельмі прыгнятала наш настрой, які  быў  такі ўзнёслы пасля наведвання Лужкоў.


Бюст А. С. Пушкіна ля былой школы ў Басянках
Нарэшце мы  бачым першую жылую хату, якая адносіцца  ўжо да Мёрскага раёна  вёскі Басянкі -2. Паходжанне назваў вёсак  Басянкі, Басяныя ў нашым раёне  звязана з ўладаннямі  смаленскага баярына  Івана Баса і яго жонкі, якую ў дакументах называюць Басіна. Мы сустракаемся  з  адзінымі  гаспадарамі вёскі   і распытваем іх аб мінулым. Нас перш за ўсё  цікавяць падзеі   савецка-польскай  вайны 1920 года. Асаблівасць  нашага маршрута  “Дзісенскі пярсцёнак “ і ў тым, што большая частка яго праходзіць па месцах жорсткіх баёў   пачатку  ліпеня 1920. Мы бачылі пахаванні польскіх жаўнераў ля вёскі Германавічы,  у Лужках, на многіх помніках  захаваліся  прозвішчы. Што датычыць  пахаванняў чырвонаармейцаў, то   за   час свайго існавання савецкая ўлада так і не ўшанавала  загінуўшых чырвонаармейцаў. Трагедыя  той вайны для нас  была   і  ў тым, што нашы землякі змагаліся як  у польскім войску, так  і ў шэрагах чырвонаармейцаў . Менавіта ў паласе руху нашага маршруту павінен быў адбыцца  па  планах  Тухачэўскага  “другі Седан “ поўнае акружэнне польскіх войскаў і іх разгром.  Па ўспамінах  старажыхароў захаваліся акопы польскай арміі у лесе за вёскай Авечкі. Нам іх паказаў спадар Глінскі. Гэтыя акопы якія займалі   жаўнеры  10 польскай дывізіі, іх  мужная барацьба,  контрудары пад час наступлення  54 дывізіі Чырвонай Арміі  адыгралі  галоўную ролю ў  зрыве  акружэння ўсіх  польскіх войскаў, якія  уступалі  па колькасці жывой сілы і зброі  ў два разы. Асноўныя баі адбываліся ў раёне вёсак Уліна, Новы Двор, Сакалоўшчына, Вугольнікі, Амбросенкі, Паўлавічы, Шамшуры, Паддубнікі , Спігальшчына. Тут была асноўная паласа прарыву    478, 481, 483, 484, 485, 486  палкоў   54 дывізіі  Чырвонай Арміі. Гэтыя  баі  яскрава апісаны  ў мемуарах  галоўнакамандуючага польскіх  войскаў І.Пілсудскага, камандзіра  8-й  беларуска-літоўскай дывізіі Жэлігоўскага, начштаба  Сяргеева. Найбольш падрабязна  пра гэтыя падзеі можна даведацца з кнігі Ф. Храмава “Прорыв  54-й дивизией  оборонительной полосы белополяков “ Москва, 1938 г. Спадар Глінскі нам паказаў захаваўшыяся акопы  ля вёскі Басянкі.


Каменны крыж у в. Авечкі

Выгляд гарадзішча ля р. Авута

План прарыву савецкімі войскамі абарончых ліній польскіх войск
А вось яго меркаванні пра франузскія могілкі  не пацвердзіліся. У вёсцы   Авечкі, ад якой захавалася некалькі хатаў, нас зацікавіў каменны крыж. Хутчэй за ўсё ён раней знаходзіўся на старых вясковых могілках. З цягам часу драўляныя крыжы на іх згнілі і мясцовыя жыхары пра іх забыліся. На месцы могілак  зараз агароды, дзе мы натрапілі на кераміку 16 стагоддзя. Таксама  ў хмызняку мы знайшлі рэшткі невялікіх насыпаў, якія засталіся ад вясковых могілак. А вось паданне,  што тут былі французскія могілкі ў  памяці  тутэйшых жыхароў утрымалася  да сённяшняга дня. Але ізноў жа  па нашых  меркаваннях да французаў  яно не  мела ніякага дачынення. Гэта былі  звычайныя  язычніцкія пахаванні ў курганах. Зноў жа па ўспамінах стражылаў старажыхароў ведама, што тут былі знойдзены пацеркі, бранзалеты, што  пераканаўча сведчыць аб язычніцкіх пахаваннях. Па дарозе  сумны выгляд ад пабачанай намі  закінутай  школы  ў Басянках. Толькі  бюст  паэта АС.Пушкіна нагадвае што калісьці тут  віравала  школьнае жыццё. Далей мы спыняемся ў вёсцы  Каралеўскія, каб  запісаць легенду аб паходжанні вёскі і даведацца аб мінулым. Тут мы атрымалі цікавыя звесткі аб  знаходжанні за  былой  вёскай Зямяне на беразе ракі   Авута назвы  мясцовасці Гарадзішча. Мы не змаглі  не скарыстаць магчымасць, каб не правесці  пошук  магчымага археалагічнага помніка. Пакінуўшы веласіпеды  ля  адной ацалелай хаты  вёскі Зямяне,  прабіваючыся праз хмызнякі,  зараснікі калючых дзядоў і крапівы амаль  у рост чалавека,  крок за крокам вывучалі ўсе пагоркі  поймы ракі  Авуты. І наш пошук быў не  дарэмны. За  450 метраў на поўдзень  ад вёскі  Зямяне мы знайшлі гарадзішча жалезнага  веку. Культурны пласт яго невялікі,  ўсяго 30-40 см. Памеры пляцоўкі, зарослай  дрэвамі, складаюць  30 на  50 метраў. Захаваліся сляды рова ва ўсходняй частцы гарадзішча. 

                           В.Ермалёнак.





База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка