Метады і прыёмы работы пры падрыхтоўцы вучняў 5-8 класаў да прадметнай алімпіяды Сінкевіч Наталля Іванаўна




Дата канвертавання02.05.2017
Памер81.38 Kb.
Метады і прыёмы работы пры падрыхтоўцы вучняў 5-8 класаў да прадметнай алімпіяды

Сінкевіч Наталля Іванаўна



ДУА”Сярэдняя школа №1 г.Сянно імя З.І.Азгура”

E-mail: senno.school1@gmail.com
Ніхто не будзе аспрэчваць, што падрыхтоўка алімпіядніка – складаны і вельмі крапатлівы працэс. Ён патрабуе і ад настаўніка, і ад вучняў выдаткаў, патрабуе сістэматычнасці і пастаяннага аналізу. Пры рабоце з высокаматываванымі (адоранымі) вучнямі настаўніку трэба наладзіць работу так, каб захапіць прадметам, каб у вучняў узнік інтарэс да прадмета, каб узнікла жаданне адкрываць нешта новае ў вядомым. Іншымі словамі, алімпіядай трэба ”захварэць” самому, калі хочаш, каб ёй ”захварэлі” твае вучні. Як здорава, калі знаходзіш такія ”алмазікі”! Тады ўся работа настаўніка і адоранага вучня будзе накіравана на адшліфоўку іх граняў.Таму першы крок ” ювелірнай” работы пачынаецца з абавязковай гутаркі з настаўнікамі пачатковых класаў. Яны вельмі добра ведаюць сваіх выхаванцаў і амаль заўсёды беспамылкова ўказваюць , хто на што варты. Другі крок – знаёмства з новым класам у пошуках калі не ” алмазаў”, то хаця б тых, у каго гараць вочкі на ўроку, хто неабыякавы да слова. Шматгадовы вопыт работы па падрыхтоўцы вучняў да алімпіяд паказвае, што пачынаць гэту работу на апошняй ступені адукацыі (9-10-ыя класы), калі пачынаецца ўдзел у раённых алімпіядах з выхадам на 3-і этап рэспубліканскай алімпіяды, дастаткова позна. Да гэтага часу ў вучняў старэйшых класаў ужо можа сфарміравацца цікавасць да іншых прадметаў. Добра вядома, што жаданне пазнаваць свет, адкрываць нешта новае ўласціва малодшаму і сярэдняму школьнаму ўзросту.Такіх дзетак прасцей захапіць, зацікавіць.Таму лічу, што працу з алімпіяднікамі абавязкова трэба пачынаць з 5-ага класа і не пазней.

Арганізоўваючы работу з такімі вучнямі, настаўніку прыходзіцца шмат чаго перагледзіць і ў сваёй рабоце, пабудаваць мадэль (схему) сваіх узаемаадносін з вучнямі:

ствараць шчырую, даверлівую атмасферу ў час работы з вучнямі-алімпіяднікамі;

абавязкова наладжваць з вучнямі зваротную сувязь;

умець бачыць перад сабой не проста вучня, а асобу;

абавязкова спрыяць фарміраваннню станоўчай матывацыі да навучання;

выкарыстоўваць розныя метады і прыёмы навучання.

Работа з алімпіяднікамі – гэта цэлая сістэма, якая ўключае ў сябе і работу на ўроках, і на дадатковых (стымулюючых) занятках, і на факультатыўных занятках, а таксама індвывідуальную і групавую работу. Прыгэтым, працуючы з высокаматываванымі вучнямі, стараюся арыентавацца на здольнасці кожнага з іх. Для гэтага далучаю вучняў да розных формаў пазакласнай работы па прадмеце: удзел у інтэлектуальным рэспубліканскім конкурсе ”Буслік”, удзел у мерапрыемствах прадметнага тыдня і тэматычных дзён, дзейнасць у рабоце гуртка ”Роднае слова”. Распрацоўваю індывідульныя планы работы з кожным вучнем, куды ўключаюцца пытанні, якія трэба разгледзіць разам з вучнем, а таксама той матэрыял, які вучань разглядае самастойна. План складаецца на кожнае паўгоддзе.



Дата

Прозвішча вучня, клас

Тэма для самастойнага разгляду

Тэма для разгляду з настаўнікам

Заданні для самастойнага выканання

Заданні для выканання з настаўнікам

15.09.

Бінцяй Аліна, 7 клас

Вымаўленне некаторых галосных і зычных гукаў

Асаблівасці арфаэпіі беларускай мовы

Заданні з даведачнай літаратуры

Выкананне алімпіядных заданняў

Каштоўнасць такога плану у тым, што вучань бачыць, якія тэмы яму трэба паўтарыць ці паглыбіць, што ён можа зрабіць самастойна, а што – пад кіраўніцтвам настаўніка. На працягу заняткаў у план можна ўносіць карэкціроўкі, дапаўненні.

Для падрыхтоўкі да алімпіяды прапаноўваю вучням як самастойна складзеныя заданні, так і заданні, якія друкуюцца ў рэспубліканскіх прадметных часопісах ”Роднае слова”,”Беларуская мова і літаратура”, іншых метадычных выданнях, выкарыстоўваю базу школьнага рэсурснага цэнтра, дзе сабраны даволі-такі багаты матэрыял. Гэтым жа матэрыялам карыстаюцца і вучні пры самастойнай падрыхтоўцы да прадметнай алімпіяды.

Вуснае выказванне – адзін з трох этапаў, з дапамогай якога ацэньваюцца веды і ўменні вучняў на алімпіядах па прадмеце.Таму асаблівую ўвагу ўдзяляю развіццю камунікатыўных навыкаў вучняў. На факультатыўных занятках, а таксама пры правядзенні індывідуальных заняткаў (“Гадзіна алімпіядніка”) прапаноўваю вучням тэму, для раскрыцця якой адводзіцца час у межах 3-5 хвілін.Тут асаблівую ўвагу звяртаю на лагічнасць, звязнасць і кампазіцыйную структуру вучнёўскага паведамлення. Не застаецца па-за ўвагай арыгінальнасць падачы, нестандартнасць выкладу тэмы. Абавязкова робіцца аналіз выказванняў. У 7-8 класах да аналізу прыцягваю і саміх вучняў, якія займаюцца ў групе.Такім чынам вучу дзяцей слухаць і чуць таго, хто гаворыць. Вучымся задаваць пытанні, выказваць свой пункт погляду. Паколькі пры падрыхтоўцы да вуснага выказвання вучні павінны абавязкова паказваць чытацкі вопыт, арыентавацца на канкрэтныя літаратурныя творы, то ўжо пачынаючы з пятага класа мы прыгадваем сюжэты твораў, іх назвы, аўтараў, імкнёмся аб’ядноўваць іх па тэматыцы, прывучаемся завучваць вершаваныя радкі, дзелімся ўражаннямі ад прачытанага, сумесна распрацоўваем пэўную тэму: складаем план, затым па плане прагаворваем уголас. З вучнямі 8-ага класа практыкуем праслухоўванне гатовых выступленняў алімпіяднікаў (метадычнае забеспячэнне рэсурснага цэнтра дае такую мажлівасць), аналізуем станоўчае, звяртаем увагу на недакладнасці.

Для развіцця творчых здольнасцей часта выкарыстоўваю наступныя прыёмы: ”Алфавіт”, ”Асацыяцыі”, ”Мазаіка”, ”Сінквейн”, ”Дыяманта”, ”Інтэрв’ю”.

Дадзеныя метадычныя метады і прыёмы даюць станоўчыя вынікі не толькі пры падрыхтоўцы да алімпіяды, але і да іншых творчых конкурсаў.

Некалькі слоў хочацца сказаць пра прадметны гурток як адну з найбольш эфектыўных , на мой погляд, формаў арганізацыі пазаўрочнай работы з высокаматываванымі вучнямі. Літаратурна-творчы гурток дазваляе развіваць творчыя здольнасці вучняў, вучыць працаваць са словам, прыглядацца да яго, назіраць. Вучні вучацца складаць кадрапланы да літаратурных твораў, прыдумваюць сінквейны, шарады, спрабуюць пісаць уласныя вершы, апавяданні, эсэ, нарысы, знаёмяцца з творчасцю пісьменнікаў . На занятках гуртка ”Роднае слова” вучні паглыбляюць свае веды па тэорыі літаратуры, знаёмяцца з тэорыяй вершаскладання. Гэта стварае добры фундамент пры падрыхтоўцы да вуснага выказвання, а таксама да такога этапу алімпіяды, як водгук.

І ўсё ж такі асноўнай формай работы з вучнямі, у тым ліку і адоранымі, з’яўляецца ўрок. Заняткі стараюся праводзіць з прымяненнем метадаў тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення (складанне кластараў, схем , планаў, чытанне тэкстаў з прымяненнем прыёму інсерт, складанне тоўстых і тонкіх пытанняў па тэме).

Пры рабоце з высокаматываванымі вучнямі практыкую наступныя метады: даследчы, часткова-пошукавы, праблемны, эўрыстычны, тлумачальна-ілюстрацыйны (“Лагічны ланцужок”,”Выбар”,”Алфавіт”, “Завяршы фразу”) . Дадзеныя метады вырашаюць тэхналагічнасць працэсу фарміравання ведаў і ўменняў, развіццё здольнасцей. На ўроках стараюся практыкаваць розныя формы дзейнасці:

работа ў парах і групах;

індывідуальныя творчыя заданні;

самастойная работа з падручнікам і дадатковай літаратурай;

рознаўзроўневыя заданні.

У рабоце са здольнымі вучнямі я выкарыстоўваю дыферэнцаваны падыход, які дазваляе расшырыць веды вучняў, скіраваць іх на арганізацыю самастойнай працы на ўроку. Бо як адзначаў Якуб Колас: ”Толькі тады веды робяцца нашым сталым здабыткам, калі мы прыходзім да іх, здабываем самі”. Арганізацыя самастойнай працы патрабуе высокага ўзроўню самасвядомасці вучняў, але ж самастойнае рашэнне нестандартных задач і прыносіць такім вучням асаблівае маральнае задавальненне ад вынікаў работы. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы ”Прыметнік” прапаную высокаматываваным вучням дыферэнцаваныя заданні з улікам іх жадання:

скласці кластар і падрыхтаваць па ім звязны адказ на тэму”Утварэнне і правапіс прыметнікаў”;

падабраць матэрыял да арфаграфічнага слоўнікавага дыктанта з абавязковай аргументацыяй выбару слоў;

падрыхтаваць паведамленне-даследванне ”Сэнсава-стылістычная роля прыметнікаў у прыказках і прымаўках”.

Пры падрыхтоўцы да выканання такіх заданняў вучні прывучаюцца больш уважліва працаваць з падручнікам, рознай даведачнай літаратурай, вучацца складаць схемы, апорныя табліцы.

Галоўная мэта, якую стаўлю перад сабой, прывучыць працаваць са словам, сказам, тэкстам. І каб яе дасягнуць, перш за ўсё карыстаюся вучнёўскім падручнікам, у якім даволі-такі шмат алімпіядных заданняў, на якія мы проста часам не звяртаем увагі. Ужо ў 5-6-ых класах на першых уроках, прысвечаных мове, відам маўленчай дзейнасці, практыкаванні насычаны выказваннямі аб мове, прыказкамі, вершамі. Магчыма, не ўсе вучні іх запомняць, але тыя, з кім я планую рыхтавацца да алімпіяды, павінны гэта рабіць, павінны больш уважліва працаваць з такімі практыкаваннямі. Прапаную вучням скласці невялічкія паведамленні і выступіць перад класам, бо з гэтага пачынаецца падрыхтоўка да вуснага выказвання. Ніколі не прапускаем па-за ўвагай рубрыку “Да вытокаў слова” , у якой раскрываецца этымалогія паходжання некаторых устойлівых выразаў. На аснове яе пашыраецца слоўнікавы запас вучняў, а для алімпіяднікаў арганізоўваецца хвілінка творчасці на ўроку ці прапануецца такое заданне ў якасці дамашняга. Цудоўнейшы дадатковы матэрыял для аматараў роднай мовы прапануе рубрыка ”Для цікаўных”. Заданні фармулююцца нестандартна, развіваюць даследчую кампетэнтнасць вучняў. Напрыклад, разглядаючы тэму ”Лік і склон назоўнікаў”, прапануецца знайсці адказ на наступныя пытанні:

1.Словы сок, вада не змяняюцца па ліках, а ў магазіне можна прачытаць ”Сокі”, ”Воды”. Ці правільна гэта?

2.Максім купіў паліто і штаны. Колькі рэчаў ён купіў?

Пытанням па арфаэпіі ў сярэднім звяне адводзіцца зусім малая калькасць часу (некалькі гадзін у 5-ым класе), а заданні такога кшталту заўсёды ёсць на алімпіядах. Але затое ва ўсіх падручніках уведзена рубрыка ”Вымаўляем і пішам правільна”, якая дае мажлівасць настаўніку і вучням трымаць гэтае пытанне пад пільнай ўвагай. Я прывучаю сваіх вучняў да таго, што ў падручніку няма нічога лішняга і непатрэбнага. На ўсё трэба звяртаць увагу.

Сваіх вучняў і на ўроках, і на факультатыўных занятках прывучаю да таго, што немагчыма атрымаць адказы на ўсе пытанні ў гатовым выглядзе, трэба вучыцца самім іх знаходзіць.Таму з першых заняткаў знаёмлю сваіх вучняў з асноўнымі слоўнікамі: ”Арфаграфічным слоўнікам”, ”Тлумачальным слоўнікам беларускай мовы”, ”Фразеалагічным слоўнікам”,” Слоўнікам сінонімаў, антонімаў”, ”Літаратуразнаўчым слоўнікам”. Пры рабоце з тэкстам прапаную дадатковыя заданні : што абазначае тое ці іншае слова, растлумачыць значэнне, падабраць сінонімы, скласці сказы са словамі. Прывучаю да таго, што для сапраўднага алімпіядніка гэтая даведачная літаратура павінна стаць настольнай.

Кожны настаўнік, рыхтуючы вучняў да алімпіяды, здае своеасаблівы экзамен па прафесійным майстэрстве. А паспяховая падрыхтоўка – гэта і творчасць настаўніка, і творчасць вучня.Толькі тады, калі будзе ўзаемаразуменне, калі вучань пойдзе за сваім настаўнікам, толькі тады можна дасягнуць вынікаў.

Спіс выкарыстанай літаратуры

1. Босы, І.Ч. Актывізацыя пазнавальнай дзейнасці праз дыферэнцыяцыю навучання / І.Ч.Босы // Беларус. мова і літ. –2007.— №4.—С.3-7.

2. Выкарыстанне сучасных адукацыйных тэхналогій на ўроках беларускай мовы і літаратуры / В.У.Быхавец ( і інш.); пад агул.рэд. С.І.Цыбульскай.—Мн.: Сэр-Віт, 2006.—208 с. –(Майстэрня настаўніка).

3. Запрудский, Н.И. Контрольно-оценочная деятельность учителя и учащегося: пособие для учителя/ Н.И. Запрудский.—Минск:Сэр-Вит, 2012.—160с.—(Мастерская учителя).

4. Кныш, М.А. Развіваць асобу вучня / М.А.Кныш // Беларус. мова і літ.—2009.—№5.—С.36-38.

5. Лазарук, М.А. Навучанне і выхаванне творчасцю: пед.роздумы і пошукі / М.А.Лазарук.—Мінск: Нар.асвета—1994.—200с.

6. Нівяркевіч, С.І. Арганізацыя самастойнай пазнавальнай дзейнасці на ўроках беларускай літаратуры/ С.І.Нівяркевіч // Беларус. мова і літ.— 2008.—№5.—С.12—18.



7. Ялінскі, М.Г.Асобасна арыентаваная тэхналогія навучання мове / М.Г.Ялінскі// Беларус. мова і літ.—2008.—№12.—С.8—10.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка