Метафізка. Сітуацыя росквіту І сітуацыя заняпаду




Дата канвертавання31.12.2016
Памер221.95 Kb.
МЕТАФІЗКА. СІТУАЦЫЯ РОСКВІТУ І СІТУАЦЫЯ ЗАНЯПАДУ

Калі я быў падлеткам і толькі прызвычаіўся ўслухоўвацца ў таямніцу самога сябе ды ўглядацца ў зоры над хатай, мяне пачала пакутліва вярэдзіць адна і тая самая думка: як можна кахаць дзяўчыну, маліцца Богу, будаваць дамы, дарогі, камунізм, калі невядома, навошта ўсё гэта: зямля, неба, чалавек?

Чаму,-- думаў я тады,-- людзі не адкладуць на нейкі час свае пільныя справы, каб неяк высіліцца разам і знансці адказ на гэтыя першыя запытанні, бо без адказу на іх і камунізм, і Бог, і чалавек губляюць хоць які сэнс.

У тую пару мне падавалася жахлівым жыць і не ведаць, навошта ты жывеш, навошта з’яўляецца, жыве і памірае чалавек?... (Зрэшты, гэтаксама мне падаецца і сёння.) Значна пазней я дазнаўся, што яшчэ ў XIX ст. вось гэтыя страх і трымценне перад вусцішнай тайніцай быцця адзін чалавек паклаў у под сваёй філасофіі. Звалі гэтага чалавека Сёрэн Кіркегар, і яму ў першую чаргу мы абавязаныя з’яўленнем такой філасофскай падзеі, як экзістэнцыялізм.

Але задоўга да таго, як мне сёе-тое стала вядома пра гэтага вялікага мысляра, я ўжо здагадаўся: філосаф -- гэта той, каго ва ўсе ягоныя гады працінае падлеткавы жах перад невымоўнай тайніцай быцця. Праўда, энцыклапедыі ператлумачвалі грэцкае слова “філасофія” як “любоў да мудрасці” (усяго толькі), але я не даваў веры ні грэкам, ні энцыклапедыям, ні тлумачэнням, бо напэўна ведаў, што філасофія -- гэта немагчымасць жыць...

Менавіта так: немагчымасць жыць без уцямнага ведання, навошта ты вымкнуты з небыцця ў быццё, і ёсць філасофія...

У тую пару, калі я гэтак імператыўна вызначаў для сябе сутнасць філасофіі, наш край быў аддзелены ад усяго свету “жалезнай заслонай” і мне, натуральна, нават не да галавы было, што ніякай філасофіі ўжо даўно няма, што тэза пра “канец філасофіі” дыскутуецца хіба адно ліцэістамі падчас курса “Уводзіны ў філасофію”, што слова “філосаф” на Захадзе, амаль як у нас за камуністамі, прамаўляецца ў лепшым выпадку з адценнем прыхаванай іроніі, у горшым -- з непрыхаваным сарказмам. Для неафіта з Усходу, якому пашэнціла зазірнуць за “жалезную заслону”, гэтая сітуацыя выглядала яшчэ больш незразумелай з таго, што нягледзячы на татальнае адмаўленне філасофіі ў праве на існаванне, яна заставалася адной з абавязковых дысцыплінаў сістэмы адукацыі, мела мноства акадэмічных інстытуцый і ўвогуле прысутнічала ў інтэлектуальным жыцці з непараўнальнай ні з чым раней інтэнсіўнасцю.

Зрэшты, разабрацца ў парадаксальнасці гэтай сітуацыі было зусім не складана, бо якраз наяўныя філасофскія інстытуцыі толькі тым і займаліся, што абмяркоўвалі ўласныя хаўтуры. I хаця ў гэтым шматбочным абмеркаванні праблема “канца філасофіі”, здаецца, была прааналізаваная ва ўсіх магчымых ракурсах, я вырашыў гэтым разам звярнуцца менавіта да яе, паколькі гэта мая ўласная праблема, якая мусіць быць прааналізавана, асэнсавана і вырашана (ці не вырашана) мной асабіста, бо як праблемы веры, так і метафізічныя праблемы ніхто ні за каго не вырашае, наколькі б бліскуча для сябе яны не вырашаліся іншымі.

Вышэй я зусім не выпадкова сказаў -- “метафізічныя праблемы”, а не “філасофскія”. Я належу да тых, хто тоесніць філасофію амаль выключна з метафізікай, гэта значыць абмяжоўвае поле філасофскай праблематыкі некалькімі элементарнымі падлеткавымі запытаннямі, якія адначасна знаходзяцца як у праекцыі анталогіі, так і ў праекцыі экзістэнцыі, а менавіта: скуль існае і быццё, навошта яны і навошта я ў гэтым існым і гэтым быцці? А калі яшчэ карацей, то і зусім проста: што ёсць ісціна?.. Усё астатняе, што прама ці ўскосна не стасуецца з праблемай ісціны, знаходзіць сябе ў дыскурсе іншых інтэлектуальных практыкаванняў, што, у асобных выпадках, не выключае іхніх інтэрвенцый у метафізіку (як, скажам, у выпадку з псіхааналізам Фрэйда ці “фізікай” Прыгожына). Але перш чым непасрэдна падступіцца да сітуацыі “канца метафізікі”, у якой мы цяпер быццам знаходзімся, здаецца будзе не лішнім запытацца пра пачатак і росквіт метафізікі.

Кажучы пра пачатак метафізікі, я не маю на ўвазе першых філосафаў і першыя філасофскія тэксты, зафіксаваныя гісторыяй. I зусім не таму, што Фалес ці Геракліт, відавочна, былі далёка не першымі, хто пачаў разважаць над існым і быццём як над актуальнай праблемай, а таму, што мне тут не ўяўляюцца істотнымі ні геаграфія, ні гісторыя, ні персаналіі. Істотным у пытанні пра пачатак метафізікі мне здаецца толькі адно: скуль, з чаго ў чалавека ўзнікла патрэба метафізічнага мыслення?

Верагодна, некага можа здзівіць нават магчымасць падобнага пытання... Паколькі чалавек быў, то ён не мог не пытацца, чым ёсць тое, дзе ён ёсць і кім ёсць той, хто ёсць у гэтым ёсць?

Не думаю, што ўсё гэтак проста, і на карысць майго сумневу тая ж самая сённяшняя сітуацыя, калі згадка пра “канец метафізікі” сталася агульным месцам, а гэта значыць, што пытанне пра існае і быццё як цэлае, пра ісціну і чалавека як суб’екта ісціны ўжо амаль пазбаўленыя статусу карэктнасці, з чаго лагічна вынікае, прынамсі цалкам гэтага нельга выключаць, што неўзабаве ўсе метафізічныя пытанні могуць згубіць для чалавека хоць якую ўцямную матывацыю.

У 1996 г. “ЭўроФорум” у серыі “Адкрытае грамадства” выдаў кнігу Жаны Эрш, якая называлася “Філасофскае здумленне”. У аснову канструкцыі сваёй працы Жана Эрш паклала першапачатковае здумленне, якое падштурхнула таго ці іншага еўрапейскага філосафа да тых ці іншых развагаў над метафізічнымі праблемамі быцця. Але на працягу ўсёй кнігі ні сама Жана Эрш і ніхто з суплёту выбітных еўрапейскіх мысляроў, якіх яна прэзентуе, не кранае пытання: а чаму, уласна, метафізічнае здумленне ўвогуле сталася магчымым? З якой такой чалавечай патрэбы чалавек стаў здумляцца над сэнсам быцця? Урэшце, што ён меў з гэтага ці хаця б што спадзяваўся займець?

Я магу, прынамсі самому сабе, дастаткова лагічна вытлумачыць наяўнасць тэхналагічнага мыслення; вытлумачыць як прычыну яго ўзнікнення, так і падставы яго разгортвання, бо праз тэхналагічнае мысленне, яго развой і ўдасканаленне чалавек вялічыў меру забяспечанасці сябе жыццём. Урэшце, механізм забеспячэння сябе мерай існавання закладзены ўва ўсё, што з’яўляецца існаваць, інакш і само з’яўленне хоць чаго было б немагчымым. I ў сілу самога факта наяўнасці нечага, гэты механізм забеспячэння існаваннем не можа ў той ці іншай меры не удасканальвацца. Магчыма жартам, а магчыма і не да рэшты жартам, я часам думаю, што нават неарганічныя формы існавання не пазбягаюць эвалюцыі, скіраванай на павялічэнне забяспечанасці мерай і якасцю існавання, і, скажам, камяні сёння больш моцныя, дакладней, больш камянейшыя, чым яны былі мільён гадоў таму назад.

Як гэта ні праблематычна ў сітуацыі татальнага скепсісу да ўсялякіх эвалюцыяністычных тэорый, але хаця б у якасці гіпотэзы мы можам нават дастаткова лагічна выснаваць пачаткі тэхналагічнага мыслення чалавека з эвалюцыі тэхналагічнай інтуіцыі жывёлаў. Уласна, уся розніца паміж тэхналагічнай інтуіцыяй жывёлаў і тэхналагічным мысленнем чалавека і палягае ў меры ды якасці забяспечанасці існаваннем. Бадай нават можна сказаць, што менавіта з прычыны большай эфектыўнасці тэхналагічнага мыслення адносна тэхналагічнай інтуіцыі і стаўся магчымым для чалавека статус чалавека сярод іншых жывёлаў, да якіх ён належыць па ўсіх астатніх параметрах існавання.

Канструкцыя жытла, каменная сякера, кола, іерархічная структура хаўрусу, жалеза, свойскія жывёлы і апрацаваныя палі, сістэма падліку і астраномія і г.д. і да т.п. аж да малекулярнай фізікі і кампутараў -- адным словам усё, што месціцца ў полі тэхналагічнага мыслення, досыць лагічна і ясна абгрунтоўваецца натуральным памкненнем чалавека да павелічэння меры і якасці забеспячэння сябе быццём.

Але дзе, у чым падстава, прычына метафізічнага мыслення, якой такой патрэбай чалавека было справакавана пытанне пра ісціну?

Відавочна, што метафізічная праблематыка не надыктаваная прагматыкай адбывання быцця. Для таго, каб адбыць свой век, зусім не абавязкова задзіраць бараду дагары і невядома ў каго пытацца, навошта зорнае неба нада мной, альбо ўнурвацца ў сваё нутро з трывожным здумленнем, скуль гэта маральны закон ува мне? Нічога гэтыя пытанні да колькасці і якасці жыцця не дадавалі і нягледзячы на мноства філасофскіх сістэмаў, якія паўсталі на подзе метафізічнага здумення, нічога гэтыя шматлікія філасофіі не зменялі ў рэальным жыцці як асобнага чалавека, так і чалавечай супольнасці, хіба толькі ўскосна дапамагалі ўдасканальваць апарат тэхналагічнага мыслення.

У свой час (эсэ “Хто “Я”, альбо Мяне не было, няма, не будзе”) я, падзяліўшы ўсю гісторыю бытавання чалавека на эру Татэма, Міфа і Тэкста, паспрабаваў прамаркіраваць эвалюцыю метафізічнага мыслення, вылучыўшы яго ў адмысловую, інтэлігібельную прастору, якую назваў прасторай а-рэальнасці. Але тады перада мной пытанне матывацыі ўзнікнення феномена метафізічнага мыслення не паўставала, хаця не выключана, што я інтуітыўна ўхіляўся яго, наперад прадбачачы немагчымасць уцямнага адказу. Бо калі пра пераемнасць ад тэхналагічнай інтуіцыі да тэхналагічнага мыслення мы можам казаць хоць з якой мерай упэўненасці, бо і сёння на свае вочы бачым, як праз тэхналагічную інтуіцыю (тэхналагічныя інстынкты) жывёльны свет забяспечвае сябе мерай існавання, то казаць пра падобную пераемнасць у метафізіцы, пра пераемнасць паміж метафізічнай інтуіцыяй жывёлаў і метафізічным мысленнем чалавека ніяк не выпадае, прынамсі ў нас, здаецца, няма ніякіх падставаў сцвярджаць, што іншыя ад чалавека біялагічныя формы існавання (не кажучы ўжо пра неарганічныя формы існавання), валодаюць нечым (інтуіцыяй, інстынктам, чымсьці яшчэ), што дае ім магчымасць успрымаць і ацэньваць існае, як цэлае, гэта значыць -- як быццё.

Але калі ўсё існае існуе па-за метафізічным, то відавочна, што метафізічнае абумоўлена не самім існаваннем, а толькі пэўнай яго формай, і яно неабходна не для ўласна існавання, а толькі для існавання менавіта гэтай формы як такой. Аднак гэтая a priori відавочная выснова ўсё роўна нам яшчэ нічога не тлумачыць, бо як мы не бачым патрэбы метафізічнага мыслення ў справе забеспячэння чалавека мерай і якасцю існавання, так і не бачым месца абавязковай прысутнасці метафізічнага мыслення для забяспячэння чалавека формай і сутнасцю чалавека. Каб у свеце існавання арганічных формаў займець форму і статус чалавека, чалавеку дастаткова было тэхналагічнага мыслення, якое адначасна забяспечвала яго як самім існаваннем, так і формай гэтага існавання.

Таму мы зноў мусім запытацца, з якой гэта патрэбы чалавек пачаў мысліць метафізічна, гэта значыць злучаць мноства адзінкавых (сінгулярных) фактаў і падзеяў у нейкія абстрактныя паняткі, катэгорыі, універсаліі, каб потым (ці адначасна) пытацца (і пытацца не стамляючыся цягам тысячагоддзяў), які сэнс чалавека і сусвету выяўляецца праз гэтыя універсальныя паняткі і катэгорыі? Карацей, навошта чалавек навыдумляў безліч сімулякраў (словаў, якім нішто не адпавядае ў наўсцяж адзінкавай, у кожньш сваім моманце канкрэтнай рэальнасці) і стаў вярэдзіць сябе бясконцымі пытаннямі пра Ісціну, замест таго, каб проста з’яўляцца ў быццё, адбываць яго і без лішніх метафізічных мітрэнгаў сыходзіць у невараць.

Гэтак катэгарычна вымаўленае “навошта”, натуральна, мы пакінем без адказу. Пакуль мы з нашых папярэдніх развагаў хіба можам выснаваць адно тое, што метафізічнае палягае не ў дыскурсе адбывання быцця, а ў дыскурсе функцыявання мовы, што мова ёсць бацькаўшчынай метафізікі, што здумленне над быццём магчымае толькі пры наяўнасці абстрактных паняткаў -- а адсюль, што праблема метафізікі -- гэта найперш праблема мовы, бо гэтая мова пытае ў самой сябе, мова пытае ў мовы, чым ёсць быццё, Ісціна, Бог, чалавек?

З таго, што метафізіка разгортваецца ў дыскурсе мовы, а існаванне чалавека -- у фізічным дыскурсе, атрымліваецца, што яны не проста рассунутыя паміж сабой, а рассунутыя па розных вымярэннях. Адсюль мы і маем, што адносна сэнсу і сутнасці існавання ў фізічным свеце метафізічныя пытанні ні пра што не пытаюцца, а метафізічныя адказы ні на што не адказваюць. I калі гэта насамрэч так, то сама метафізіка, як праблема, павінна аналізавацца не метафізікай, а лінгвістыкай.

Аднак вернемся трохі назад: падаецца найбольш верагодным, што мова з прычыны самой сябе ўжо латэнтна ўтрымлівала магчымасці метафізічнага мыслення -- іншая рэч, ці ў самой сабе яна ўтрымлівала механізм яго разгортвання. Бадай недзе тут, у запытанні: а менавіта што паклікала метафізічнае мысленне да разгортвання ў мове?-- і палягае ўвесь цяжар праблемы. Метафізічнае мысленне амаль напэўна паўстала з нейкіх адцягненых лексічных формаў, якія спакваля напрацоўваліся тэхналагічным мысленнем, увогуле па сваёй прыродзе не надта схільным да залішняй універсалізацыі сінгулярнага. Гэтая сітуацыя вельмі добра заўважная ў старажытнагрэцкай мове, дзе адны і тыя ж словы вельмі часта пазначалі як канкрэтныя рэчы і канкрэтныя тэхналагічныя дзеянні, так і адцягненыя эстэтычныя ды метафізічныя катэгорыі.

Але калі гэта і так, калі метафізічнае мысленне ўзнікла і сфармавалася на подзе мыслення тэхналагічнага і было абумоўленае не запатрабаваннямі існавання, а ўнутранымі магчымасцямі мовы, то гэта ўсё роўна пакуль нам не тлумачыць, якой жыццёва неабходнай чалавеку патрэбай яно было пакліканае выявіцца ў мове?

Таму тут мы мусім збочыць ад анталогіі ў бок экзістэнцыі, бо відавочна, што дзе б і ў чым метафізічнае ні разгортвалася, узнікненне гэтага феномену было з’ініцыявана чымсьці, што знаходзіла сябе ў чалавеку, у нейкіх спратах ягонай экзістэнцыі.

Спробы прадумвання пытання, што экзістэнцыі чалавека магло справакаваць падзею метафізікі, патрабуюць асобнага тэкста, тут я пазначу толькі адну з верагодных версій, якая акрэслівае месца магчымага ўзнікнення метафізічнага здумлення, а менавіта: найбольш пэўна, што падзея метафізікі выявілася ў полі запатрабаванняў эмацыянальна-пачуццёвага чалавека, з a priori дадзенай яму здольнасці не проста функцыянальна рэагаваць на праявы існага, а рэагаваць эмацыянальна, гэта значыць суадносіць рэагаванне не толькі з колькасцю забеспячэння сябе існаваннем, але і з якасцю існавання, інакш -- суадносіць сваё існаванне не адно з існым, але і з быццём. I хаця эмацыянальнае напэўна правакуе актыўнасць эстэтычнага ці тэхналагічнага мыслення, як таго, што вырашае праблемы асалоды, голаду, болі, а не інтэлектуальнага, абстрактна-лагічнага, спекулятыўна-універсальнага -- тым не менш, калі мы хочам хоць як пазначыць тое месца, дзе маглі запачаткавацца экзістэнцыйныя інтэнцыі метафізічнага мыслення, то гэтым месцам, падобна, мусім абраць эмацыянальнае.

Эмацыянальна выяўлены і зафіксаваны жах ні ў ва што сэнсоўнае не ўгрунтаванага быцця і жах перад яшчэ больш бессэнсоўным небыццём з’ініцыявалі і мабілізавалі магчьшасці, якія меліся ў мове і мысленні, каб спачатку праз эстэтычнае (міф), потым лагічна-абстрактнае (філасофскую сістэму) і, урэшце, этычнае (рэлігійны дагмат) паспрабаваць задаволіць тыя патрабаванні аптымізацыі жаху небыцця, якія ўзнікалі ў сферы эмацыянальнага.

Вызначыўшы, натуральна, з пэўнай доляй умоўнасці, што метафізічнае ўзнікла ў полі эмацыянальнага з патрэбы аптымізацыі жаху небыцця, мы не можам ухіліцца і ад наступнага запытання: калі ўзнікла метафізічнае мысленне, што непасрэдна змусіла яго аб’явіцца?

Мне здаецца, я магу досыць канкрэтна адказаць на гэтае запытанне. Метафізічнае мысленне пачало намацваць сябе толькі тады, калі праз эмацыянальнае чалавек усвядоміў наяўнасць Няма.

Ёсць (існае) не патрабавала метафізічнага мыслення. Есць патрабавала толькі тэхналагічнага мыслення, бо Ёсць было тым, з чаго чалавек забяспечваў сябе мерай існавання.

Ёсць (існае), акрамя тэхналагічнага мыслення, яшчэ магло хіба спарадзіць эстэтычнае мысленне як адказ на патрэбу выяўлення радасці быцця, як форму захаплення веліччу і прыгажосцю ўсяго, што існуе, як зафіксаваную ў містычнай ці мастацкай дзеі асалоду ад быцця ў існым. Амаль напэўна эстэтычнае мысленне ў сваіх пачатковых варыянтах з’явілася раней, чым метафізічнае. Пэўна, нейкі і досыць працяглы час чалавек толькі цешыўся тым, што Ёсць, што ёсць існае і ёсць ён, чалавек (назавем гэтую ягоную пару перыядам Эдэма), не ведаючы, нават не ўсведамляючы, што акрамя Ёсць ёсць яшчэ і Няма, што Няма ўвогуле магчымае, што Няма можа быць... А калі ўсвядоміў -- яго наскрозь працяў метафізічны жах. Усведамленне наяўнасці Няма было і застаецца найвялікшай падзеяй з усіх тых, што здарыліся з чалавекам за ўсю яго гісторыю. Нават само з’яўленне чалавека саступае ў значнасці гэтай падзеі, бо сам факт з’яўлення прынцыпова не вылучаў чалавека з астатняга жывёльнага свету і нават калі чалавек стаў забяспечваць сябе не толькі мерай, але і якасцю існавання, гэта значыць быццём, то і тады ён яшчэ радыкальна не вылучаўся ў нешта выключнае сярод існага. Каб набыць ужо сапраўдны статус чалавека, яму спатрэбілася ўбачыць за відарысам Ёсць акрайчык Няма, і ў пагоні за гэтым відзежам ён пакінуў Эдэм, дзе і па сёння застаецца ўсё астатняе: рыбы, птушкі, звяры, дрэвы, камяні.

Чалавек -- гэта той, хто ведае, што ёсць Няма. Чалавек ведае, што ёсць Няма і што ён, чалавек, ёсць не толькі ў Ёсць, а ёсць і ў Няма, і з гэтага яго сэрца, як джала, працінае метафізічны жах.

Метафізічны жах ад неадчэпнай прысутнасці побач з чалавекам Няма і ёсць першапрычынай філасофскага здумлення, як спосаба пошуку шляхоў да аптымізацыі гэтага жаху1.

З пэўнай доляй верагоднасці можь а сцвярджаць, што спачатку эмацыянальнае намагалася вырашыць праблему Няма ўласнымі сродкамі, гэта значыць, сродкамі эстэтычнага. Так з’явіліся містычныя рытуалы і міфы, якія спрабавалі асэнсаваць феномен Няма праз феномен Ёсць, а іменна праз эстэтычна выяўленую інтэрпрэтацыю сусвету і чалавека ў сусвеце.

Не станем заглыбляцца ў пытанне, чаму эстэтычнае (інакш -- міфалагічнае) мысленне сталася недастатковым для аптымізацыі жаху небыцця і ўзнікла патрэба ў мысленні ўжо ўласна метафізічным. Прычына тут, бадай, не ў недастатковасці эстэтычнага мыслення, а ў тьш, што эра Тэкста выявіла магчымасць кардынальна іншых тэхналогій мыслення і эмацыянальнае імі скарысталася ў памкненні да ўсё больш вытанчаных і ўсё больш разгорнутых аргументаў на карысць прымірэння з наяўнасцю Няма.

Тут мы абыйдзем увагай шматлікія міфалагічныя і метафізічныя версіі аптымізацыі жаху небыцця, якія зафіксавала гісторыя міфалогіі і філасофіі, каб паспець закрануць яшчэ адно з найбольш вялікіх і найбольш таямнічых пытанняў гісторыі быцця чалавека, адказ на якое толькі і мог бы патлумачыць як прычыны колішняга росквіту, так і падставы цяперашняга заняпаду метафізікі. А менавіта, чаму ў метафізікі ці, шырэй, метафізічнага мыслення магчымы быў росквіт, ды не проста росквіт, а нешта непараўнальна большае за хоць якую з ацэначных катэгорый. На гэтае дзіва ўжо шмат хто звяртаў увагу, не прамінем яго і мы і сфармулюем пытанне пра дзіва наступным чынам: чаму за выняткам апошніх двух-трох стагоддзяў, ва ўсю астатнюю гісторыю чалавецтва, як зафіксаваную хоць у нечым, так і рэканструяваную герменеўтычна, дамінавала метафізічнае мысленне, дамінавала наўсцяж, татальна, праз тысячагоддзі? Верагодна, панаванне метафізічнага мыслення ва ўсю, да Новага часу, папярэднюю пару чалавецтва не выглядала б на такое дзіва, каб паралельна яму актыўна разгортвалася тэхналагічнае мысленне. Але апошняе быццам знерухомела ў тысячагоддях. I вось гэтая невымерная дысгармонія аб’ёмаў іх прысутнасці ў быцці чалавека і ёсць сапраўдным дзівам.

Тэхналагічнае мысленне забяспечвае чалавека існаМетафізічнае мысленне забяспечвае чалавека толькі сэнсам існавання.

На відавоку першынство тэхналагічнага мыслення перад метафізічным, і тым не менш тэхналагічнае мысленне знерухомела ў зародкавым стане на тысячагоддзі, а метафізічнае за гэты час стварыла велічныя, ні з чым не параўнальныя і па сёння паэтычныя міфы (Гільгамеш, Эды, Гамэр, Вергілій і да т.п.), проста неверагодныя па вытанчанасці, складанасці і глыбіні філасофскія сістэмы (Платон, Арыстотэль, Тамаш Аквінскі і шмат, шмат хто яшчэ), магутныя рэлігіі (іўдаізм, хрысціянства, мусульманства, будызм) і безліч, безліч усяго іншага... Адным словам, чалавек сканструяваў мноства мудрагелістых метафізічных канструкцый, дасягнуў мяжы дасканаласці, якую ўжо ніколі не будзе магчымым перасягнуць, у скульптуры, паэзіі, архітэктуры, драматургіі, логіцы, але за ўвесь гэты час ён не змог прыдумаць коміна, каб дым ў хаце альбо палацы не еў вочы ці хаця б форткі, праз якую можна было б гнілую задуху жытла разагнаць свежым паветрам. Тысячагодцзі праміналі за тысячагоддзямі, а чалавек, прабачце, штодня выстаўляючы ў загуменні па натуральнай патрэбе голы азадак на скразнякі, мароз, заедзь, думаў не пра тое, як зладзіць прыбіральню, не кажучы ўжо пра ўнітаз, а думаў пра касмалогію існага, пра сутнасць быцця і сэнс раскарачанага сядзення чалавека ў загуменні.

Усе тыя версіі, якімі, пачынаючы з эпохі тэхналагічнай рэвалюцыі, спрабавалі патлумачыць, чаму раней так марудна адбываліся тэхналагічныя зрухі ў забеспячэнні чалавека мерай і якасцю жыцця, ніколі нікога не задавальнялі, улучна з самімі аўтарамі гэтых версій. Бо можна яшчэ зразумець і пагадзіцца, што каб паходню ў руцэ замяніў электрычны ліхтарык, тэхналагічнаму мысленню трэба было зрабіць шэраг гіганцкіх перарухаў (хаця ўсё роўна застаецца невытлумачальным, чаму гэтыя перарухі былі праробленыя не за дзесятак папярэдніх тысячагоддзяў, а за колькі там апошніх стагоддзяў), але якімі тэхналагічнымі адлегласцямі можа быць абгрунтаваны той факт, што чалавек не адно тысячагоддзе скакаў на кані, бязладна боўтаючы нагамі, перш чым дадумаўся да страмёнаў, ці бог ведае колькі ігнараваў магчымасці падлогі ў жытле альбо ўжо згаданага вышэй коміна, і г.д. і да т.п.

Больш за тое, нават калі чалавек вынаходзіў нейкія новыя тэхналагічныя ідэі, якія відавочна вялічылі меру і якасць забяспечанасці жыццём, то не спяшаўся імі скарыстацца, на доўгія стагоддзі, а то і тысячагоддзі забываўся на іх ці выкарыстоўваў адно дзеля забаўкі (згадаем хаця б гісторыю пораху ці лятучага змея).

Але бадай куды больш яскрава за кожны факт паасобку малюе нам рэальную сітуацыю тагачасная сістэма адукацыі. Звернем увагу хаця б на апошні перыяд метафізічнай эры. Яшчэ на пачатку V стагоддзя рымлянін Мартыян Капэла вылучыў у аснову сістэмы адукацыі так называемыя “сем вольных мастацтваў”: граматыку, рыторыку, дыялектыку, арыфметыку, геаметрыю, астраномію і музыку. Гэта ўсё былі пераважна метафізічныя дысцыпліны, бо нават арыфметыка і геаметрыя, якія сёння безумоўна адносяцца да дысцыплін тэхналагічных, у метафізічную пару ў значна большай меры вучылі містычнаму вытлумачэнню сакральнага сэнсу лічбаў і прасторавых кампазіцый (згадаем хаця б Мікалая Кузанскага), чым іх практычнаму выкарыстанню дзеля прагматыкі існавання.

Метафізічная сістэма навучання праіснавала ў Еўропе больш за тысячагоддзе і пачала рэальна трансфармавацца адно з пачаткам Тэхналагічнай эры.

Вось гэтая абыякавасць да магчымасцяў тэхналагічнага мыслення з боку сістэмы адукацыі, як і абыякавасць да тэхналагічных навацыяў у штодзённай пабытовай сферы, якія тэхналагічна знаходзіліся побач з ужо засвоенымі тэхналогіямі, былі блізкімі да ўжо выяўленых і таму не патрабавалі рэвалюцыйных перарухаў, сведчыць, што незапатрабаванасць патэнцыялу тэхналагічнага мыслення была абумоўленая прычынамі, якія палягалі за межамі самога тэхналагічнага мыслення.

Пакуль мы не можам адказаць, якімі гэта прычынамі, мы можам толькі канстатаваць, што на працягу тысячагоддзяў і тысячагоддзаў панавала не тэхналагічная, а метафізічная індустрыя, якая эстэтычна-інтэлектуальнымі сродкамі ў безлічы выпрацоўвала метафізічную прадукцыю. Як не можам з дастатковай мерай упэўненасці адказаць і на адваротнае пытанне: чаму ў пэўны момант гісторыі чалавецтва адбылася рашучая перамена быційных парадыгмаў і наперад метафізічнага мыслення заступіла тэхналагічнае? Нам застаецца хіба толькі просталінейна меркаваць, што ў рэшце рэшт метафізічнае мысленне ўсвядоміла немагчымасць праз свае інтэлектуальныя тэхналогіі прарваць аблогу Ёсць. I калі канчаткова сталася зразумелым, што для метафізічнага чалавека прастора Няма заўсёды будзе недасяжнай, метафізічны чалавек памёр, і на яго месцы нарадзіўся тэхналагічны чалавек, якому нічога не заставалася, як толькі вьюўляць і рэалізоўваць магчымасці Ёсць у справе забеспячэння сябе мерай і якасцю быцця.

Заакцэнтуем, метафізічная эра скончылася не таму, што распачалася эра тэхналагічная, а наадварот, тэхналагічная эра распачалася таму, што скончылася метафізічная. I хаця на працягу колькіх стагоддзяў (прыкладна з эпохі Рэнесансу) яны знаходзіліся як бы ў стане парытэту, а пара першых рэвалюцыйных тэхналагічных прарываў недзе супадае з росквітам нямецкай класічнай філасофіі, усё больш фактаў сведчыла за тое, што метафізічны час чалавека на сыходзе. Адным з першых і найбольш выразна ўвідавочніў гэты факт Фрыдрых Ніцшэ. Бадай менавіта адсюль, з рэальнай сітуацыі канца эры метафізікі, увогуле досыць звычайная фразеалагема “Бог памёр” (чаго толькі задоўга да Ніцшэ не казалася пра Бога, згадаем хаця б французскі атэізм у пару Асветніцтва) сталася знакавай, ключавой фразеалагемай для ўсяго сучаснага мыслення. Гэты яе выключны статус якраз і быў абумоўлены тым, што яна наўпрост тлумачыла змену быційных парадыгмаў, сведчыла пра канчатковы заняпад гіганцкай індустрыі па вытворчасці метафізічных сімулякраў праз смерць Бога, галоўнага сімулякра, сімулякра ўсіх сімулякраў.

Хаця тут мы мусім адразу адзначыць і іншае: дагмат і яго аналітычныя інструкцыі -- тэалогія -- сёння застаюцца адзіным месцам, дзе метафізіка захоўвае сваю ранейшую ролю.

Трансцэндэнтны Бог, як адзін з сінонімаў метафізічнай Ісціны, ужо некалькі тысячагоддзяў выступае ў якасці таго, што для прафаннага ўзроўню свядомасці аптымізуе скруху быцця і жах небыцця. Праз Бога дагмат адаптаваў праблему метафізічнай Ісціны для масавага выкарыстання, завярнуўшы яе з інтэлектуальнага дыскурсу ў дыскурс эмацыянальны, дзе, уласна, патрэба Ісціны, як магчымасць вытлумачэння феномену Няма, і ўзнікла.

Але паколькі Бог -- гэта тое самае Ёсць, толькі адсунутае ў прыцемкі трансцэндэнцыі, то Бог, усё роўна як і Ісціна, не здольны перасунуцца ў прастору Няма. Таму Бог -- хаця Ён як быццам і апякуецца намі ў нашым небыцці, у нашым Няма -- не адказвае сваёй наяўнасцю на ўсё тью самыя, толькі ўжо пазначаныя канкрэтнаму адрэсату, пытанні метафізічнага чалавека: навошта Богу існае, быццё і чалавек, а тым болей, навошта Бог сам сабе?

Аднак дзякуючы таму, што Дагмат адмаўляе ў легітымнасці падобным пытанням, ён і застаецца адзіным месцам, дзе метафізіка, хай і ў абсечаным стане, мае сабе прытулак. Хаця асабіста мне далейшыя перспектывы метафізікі ў форме тэалогіі ўяўляюцца праблематычнымі, бо мысленне, у сваёй скіраванасці да тэхналагічнага дыскурсу, татальна пакідае метафізічныя абсягі, а гэта значыць, што доўга яму не ўтрымацца і ў абсягу тэалагічнага.

Натуральна, перамена быційных парадыгмаў (з метафізічнай на тэхнакратычную) не магла доўга заставацца незаўважанай. Аналітыку Ніцшэ, у якой найбольш поўна выявілася і найбольш ярка сфармулявалася тэза пра канец метафізікі, неўзабаве проста ці ўскосна пацвердзілі самыя розныя інтэлектуальныя праграмы. Уласна, пачынаючы недзе з апошняй чвэрці XIX стагоддзя і па нашу пару ўсе гуманітарныя дысцыпліны -- біялогія (Дарвін), псіхалогія (Фрэйд), сацыялогія (Маркс), культуралогія (Шпэнглер), гісторыя (Фукуяма), лінгвістыка (Вітгенштэйн), уласна метафізіка (Гайдэгер) і г.д. -- проста ці ўскосна даводзілі сабе і іншым, што гэта напраўду так, метафізіка канчаткова занядужыла. Дарэчы, меркаванні лінгвістыкі ў кансіліўме ля бездыханнага цела метафізікі былі ці не найбольш абгрунтаванымі. Сучасная лінгвістыка выявіла магчымасці і акрэсліла межы мовы, з чаго сталася зразумелым, што мова можа толькі фармуляваць метафізічныя пытанні, але не можа на іх адказваць, паколькі мова сама знаходзіцца ў дыскурсе Ёсць, а адказы на гэтыя пытанні палягаюць (калі палягаюць хоць дзе) за межамі Ёсць -- у Няма.

Такім чынам, напрыканцы другога тысячагоддзя мы апынуліся ў сітуацыі “пасля” метафізікі, “пасля” метафізічнага мыслення, а ў пэўным сэнсе і ў сітуацыі “пасля мыслення”, бо традыцыйна панятак “мысленне” ў нас найперш асацыяваўся з тым дыскурсам, які арганізоўваўся метафізічным мысленнем.

Натуральна, тут узнікае пытанне, наколькі гэтае “пасля” канцавое, ці не зможа метафізічнае мысленне знайсці дадатныя рэсурсы ў самім сабе альбо ці не зможа неяк самадастаткова выявіцца ў формах паноўнага цяпер тэхналагічнага мыслення? Тым болей, што ўжо сёння мы маем даволі прыкладаў, калі метафізічныя праблемы перасаджваюцца філосафамі на тэхналагічны грунт, дзе і ладзяцца спробы іх вырашэння праз фактуру і тэрміналогію тэхнакратычнай рэальнасці. Скажам Хайдэгер атаясаміў метафізічнага “звышчалавека” Ніцшэ з сучасным чалавекам, які валодае звышэнергіяй тэхнакратычнай цывілізацыі, Дэрыда нагрузіў метафізічным значэннем атамную бомбу, а Бадрыяр выявіў метафізічную сутнасць у звычайных пабытовых рэчах -- інтэр’еры жытла, легкавіку...

У гэтым сэнсе бадай найболын паказальным мне падаецца досвед нямецкага філосафа Гігерыха, які ўсё быццё перасунуў з натуральнага, прыроднага дыскурса ў тэхналагічны дыскурс; адпаведна там жа апынулася і метафізіка.

Дык можа Гігерых сапраўды мае рацыю, калі сцвярджае, што на змену метафізічнаму Богу прыходзіць Бог тэхналагічны (у Гігерыха яго таксама рэпрэзентуе атамная бомба), бо ўся гэтая гіганцкая тэхнакратычная індустрыя ўрэшце не можа не сакралізавацца, не можа не стаць у сваім цэлым нечым трансцэндэнтным, паколькі ўжо нават сёння досыць цяжка патлумачыць, як і чаму няспынна ды зладжана дзеіць гэтая нічым не вымераная махіна сусветнай цывілізацыі і з яшчэ большым, чым прырода, дэтэрмінізмам навязвае чалавеку свой, тэхнакратычны вобраз жыцдя.

Але якімі б аўтарытэтамі не падмацоўваліся спробы трансплантацыі метафізічнага мыслення ў тэхналагічнае, я не думаю, што там яно зможа адрадзіццаў сваім ранейшым значэнні. Прычыну гэтага мы ўжо сфармулявалі раней: тэхналагічнае мысленне з сваёй сутнасці скіраванае на забеспячэнне чалавека не сэнсам, а мерай ды якасцю быцця, і таму яно ў прынцыпе не здольнае да выхаду за межы Ёсць у Няма.

З таго, што метафізічнае мысленне засталося амаль цалкам незапатрабаваным тэхнакратычнай цывілізацыяй, філасофія апынулася ў сітуацыі, якая пакідае ёй адно значэнне прыватнай справы, ператварае яе ў нешта вельмі падобнае да звычайнага хобі. Нехта, стаміўшыся ад кампутарных гульняў у працу ці Іульню, пляце лапці, нехта з той жа нагоды рэфлексуе над нейкімі метафізічнымі дэфініцыямі. Але ні для каго гэтае рэфлексаванне не патрэбнае, акрамя як для самога рэфлексуна. (Натуральна “не патрэбна” я тут ужыў у анталагічным значэнні “патрэбы”). Бо хаця памкненні да адцягненага рэфлексавання падтрымліваюцца і ўсё яшчэ ініцыююцца шматлікімі інстытуцыямі, але як “высокая”, скажам так, мастацкая літаратура, так і філасофская літаратура ўжо цалкам згарнулася ў форму інтэлектуальна-эстэтычнай забавы для вузкага кола людзей, якіх не задавальняюць (ці задавальняюць не цалкам) поп-забавы.

Адным словам, стратэгія адбывання быцця ў тэхнакратычную эру ўжо не ўключае філасофію ў склад сваіх базавых чыннікаў, больш за тое, яна ўжо не звяртаецца да філасофіі за аналітыкай гэтай стратэгіі -- адваротнае ўражанне ствараецца хіба толькі з асобных выпадкаў, але найперш з таго, што філасофія сама напрошваецца на гэтую ролю, каб мець хоць якую ролю у тэатры механічных марыянетак. Ні з якога гледзішча тэхнакратычная цывілізацыя не мае ў метафізіцы патрэбы і пэўна адно з інэрцыі традыцыі трымае яе за нейкую каштоўнасць. Разам з тым, як бы ні была выключана метафізіка з дыскурсу тэхнакратычнага быцця, тэхнакратычнаму чалавеку таксама пакуль нікуды не падзецца ад метафізічных пытанняў, бо памкненне да аптымізацыі жаху небыцця ўсё яшчэ застаецца актуальным запатрабаваннем экзістэнцыі.

Дык што рабіць чалавеку ў сітуацыі, калі тэхнакратычны лад быцця не патрабуе метафізікі, а канстытуцыя экзістэнцыі яе патрабуе як і раней, у метафізічную цывілізацыю, калі ўсё быццё ладзілася ў форме адказу на гэтае запатрабаванне?

Безумоўна, гэта рытарычнае пытанне ў тым сэнсе, што яно не можа мець універсальнага адказу. Асабіста я не бачу для сябе іншага выйсця, як свядома зрабіць філасофію сваёй прыватнай справай, гэта значыць, вярнуць сябе ў метафізічную цывілізацыю ці, дакладней, у прасторы тэхнакратычнай цывілізацыі адгарадзіць сабе месца пад майстэрню па вырабу індывідуальных праектаў аптымізацыі жаху небыцця. Хай сабе Ёсць, як існае і быццё, перапрацоўваецца ў меру і якасць майго існавання, але экзістэнцыйна я застаюся за метафізічнай агароджай сам-насам з Няма. Бо калі чалавек як “Я”, калі я-чалавек у нешта і ўгрунтаваны анталагічна, то напэўна ён угрунтаваны не ў Ёсць, дзе анталагічна яго сапраўды няма, а якраз наадварот -- у Няма. З гэтага гіпатэтычнага меркавання вынікае, што калі дзе і можна падшукаць анталагічнае абгрунтаванне феномену чалавека і яго экзістэнцыйны сэнс, то толькі ў Няма.

Калі атрымаецца знайсці, буду мець там уласны прытулак. Калі не атрымаецца, застануся з усімі ў Ёсць.

Валянцін АКУДОВІЧ.


1 Першым задзіночыў жах (страх) і Няма (Нішто), як і адсутнасць іх -- з “эдэмам”, Сёрэн Кіркегар у працы “Страх і трымценне”: “Цнота -- гэта няведанне. У няведанні чалавек не вызначаны, як дух, але вызначаны душэўна ў еднасці са сваёй прыродай. Дух у людзях мроіць... У гэтым стане пануе згода і супакоенасць; аднак у той самы час тут знаходзідца і нешта іншае, што, між тым, не ёсць ні мірам, ні змаганнем, бо тут яшчэ няма нічога, з чым можна было б змагацца. Але што гэта тады? Нішто. А якое дзеянне мае нішто? Яно родзіць страх” (курсіў мой -- В.А.).

Праўда, Кіркегар, вызначыўшы Нішто за радзіму “страху і трымцення”, не лучыў гэты звяз з феноменам запачаткавання метафізічнага мыслення. Нішто, жах і метафізіку значна пазней задзіночыў Марцін Гайдэгер (“Што ёсць метафізікай?”). Аднак ён таксама абмінае ўвагай праблему пачаткаў метафізічнага мыслення, ён толькі цалкам пагружае метафізіку, як падзею, ў Нішто (“пытанне пра Нішто працінае сабой усё цэлае метафізікі...”), а жах робіць інструментам выяўлення наяўнасці Нішто. Таму ў Гайдэгера, насуперак Кіркегару, не Нішто спараджае страх, а “Жах прыадчыняе Нішто”.




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка