Методыка актывізацыі інтэракцыі на занятках па бяспецы жыццядзейнасці чалавека. Варывоцкі С. У




Дата канвертавання01.01.2017
Памер31.73 Kb.


Методыка актывізацыі інтэракцыі на занятках па бяспецы жыццядзейнасці чалавека.

Варывоцкі С.У.

Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт ім. М.Танка, г. Мінск

Сярод шматлікіх методык павышэння матываванасці студэнтаў да практычнай актыўнасці на занятках медыцынскага цыклу існуюць некалькі – не самых запатрабаваных. Сярод іх інтэрактыўная методыка форум-тэатра выглядае адной з найбольш перспектыўных. Хаця эфект выкарыстання методыкі ў запамінанні навучальнага матэрыялу, засваенні практычных навыкаў, актывізацыі ініцыятывы і фарміраванні маральных якасцяў цяжка пераацаніць, у практыцы яна, на жаль, зусім не сустракаецца.

Сутнасць методыкі: Навучальная група падзяляецца на 2 падгрупы (“актораў” і “гледачоў”), з самых кемлівых студэнтаў прызначаюцца “рэжысёр” і асістэнты. У адпаведнасці з патрабаваннямі падрыхтоўкі да занятку “рэжысёр” распрацоўвае сцэнар кароткай сцэнкі-праблемнай сітуацыі, распісваючы дзеянні і ролі герояў, знаёміць з імі “актораў”. Сцэнка дзеліцца на дзьве (ці больш) часткі момантам (момантамі) у якія магчымыя значныя змяненні сітуацыі у залежнасці ад выбару тактыкі дзеянняў “актораў”. Сцэнка дэманструецца “гледачам” да моманту першага крызісу. У момант, што патрабуе далейшага выбару, гульня актораў спыняецца (“стоп-момант”) і яны заміраюць у нерухомасці. Рэжысёр звяртаецца да гледачоў і просіць падказваць далейшы выбар дзеянняў. Прайграванне сцэнкі адбываецца ў адпаведнасці з траекторыяй, залежнай ад зробленага “гледачамі” выбару. Выбар “гледачоў” можа быць абсалютна адвольным ці залежаць ад папярэдняй падрыхтаванасці групы. Дзеянні “актораў”, іх рэплікі кіруюцца не “рэжысёрам”, а самімі назіральнікамі. Вынікі развіцця падзеяў ацэньваюцца ”гледачамі” і пры іх незадаволенасці сцэнка вяртаецца да моманту спынення. Робіцца наступная спроба правільнага выбару і атрымання адпаведнага выніку. Вяртанне паўтораецца неабмежаваную колькасць разоў. Пажадана, каб да сканчэння занятку быў атрыманы вынік, які задаволіць усіх актараў (і “гледачоў”, і “актораў”, і “рэжысёра”) форум-тэатра. У ролі “рэжысёра” можа выступаць сам выкладчык, але пажадана, каб гэта быў аўтарытэтны лідэр групы.

Тэмы, па якіх магчымае прайграванне методыкі, – “Клінічная і біялагічная смерць. Асновы рэанімацыі” , “Часовае спыненне крывяцёкаў”, “Транспартная імабілізацыя”, “Сіндром працяглага сціскання”, “Першая дапамого пры абмаражэннях, апёках, утапленні” ды іншыя, у якіх прысутны кампанент актыўнага дзеяння, выбару студэнтамі слушнай стратэгіі і тактыкі паводзінаў у незвыклай сітуацыі.

Так, па тэме “Асновы рэанімацыі” “акторы” спыняюцца на моманце дыягностыкі стану клінічнай смерці, калі ад “гледачоў” залежыць тое, як будзе праведзена выяўленне сімтомаў клінічнай/біялагічнай смерці, хуткасць у якім вызначае магчымыя рэзультаты ўсіх далейшых мерапрыемстваў аж да ўзнікненне стану ”сацыяльнай смерці”. Магчымыя “стоп-моманты” і на момантах падзелу роляў рэаніматараў, працягласці рэанімацыйных мерапрыемстваў. У выпадках, калі “гледачы” не маюць адэкватнага адказу на выклікі сітуацыі “рэжысёр” можа прапанаваць свой загадзя падрыхтаваны і вядомы “акторам” сцэнар разгортвання падзеяў. Магчымая і сітуацыя актыўнага ўваходжання “гледача” ў тэатральнае дзеянне, калі нехта з актораў не спраўляецца з ускладзенай на яго задачай.

Бясспрэчна, методыка форум-тэатра вымагае дастаткова важкіх высілкаў у падрыхтоўцы да занятку (выбар таленавітых “актораў” і “рэжысёра”, падрыхтоўка сцэнарыяў, рэпетыцыі сцэнкі). Але атрыманыя вынікі семінараў, нагляднасць, актыўны ўдзел у сітуацыя “гледачоў” цалкам кампенсуюць выдаткі на падрыхтоўку і час на правядзенне, мабілізуючы веды і навыкі аўдыторыі, атрыманыя на лекцыях і семінарскіх занятках не толькі з дысцыпліны “Бяспека жыццядзейнасці. Ахова насельніцтва”, але і з адпаведных раздзелаў сумежных дысцыплін.

Вельмі істотным момантам для пацверджання карыснасці методыкі выглядае і аспект актыўнага ўваходжання студэнта ў мадэльную сітуацыю. Сам факт, што працэс можна прайграць некалькі разоў, выбіраючы аптымальны з варыянтаў разгортвання падзей, валодае высокай адукацыйнай каштоўнасцю. Не варта забываць пра вартасць магчымасці змянення роляў у такім сацыяльным спектаклі (сёння студэнт – абыякавы “глядач”, а заўтра - “актор”, якому патрэбныя дакладныя інструкцыі па далейшых дзеяннях, альбо рацыянальная дапамога). Тут існуюць усе падставы спадзявацца на праяўленне і ўмацаванне гуманістычных пачаткаў у светаглядзе і праксісе студэнта.

Пры магчымасці, выглядала б цалкам мэтазгодным фарміраваць “акторскі склад” з найбольш здатных студэнтаў навучальнай плыні, пераходзячы з “гастрольнымі” дэманстрацыямі па астатніх групах факультэта. Магчыма выкарыстанне методыкі форум-тэатра і падчас лекцыйнага занятку, але з агаворкамі, што датычаць ўзроўню падрыхтаванасці аўдыторыі.





База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка