Методыка арганізацыі вучэбных экскурсій




Дата канвертавання30.04.2017
Памер278.41 Kb.
Методыка арганізацыі вучэбных экскурсій
Эфектыўным сродкам навучання і выхавання вучняў з’яўляецца экскурсійная работа. Пра яе эфектыўнасць сведчаць:

  1. Яна садзейнічае больш глыбокаму засваенню дзецьмі матэрыялаў, звязаных з гістарычнымі падзеямі, пашырае і паглыбляе іх веды.

  2. Дае магчымасць больш увагі удзяліць вывучэнню краязнаўчым матэрыялаў.

  3. Фармуе гістарычную памяць падрастаючага пакалення пра мінулае свайго народа і гістарычныя карані сваёй зямлі, роду, населенага пункта.

Вылучаюцца наступныя віды вучэбных экскурсій:

  1. Па месцах гістарычных падзей.

  2. Да гістарычнага, гісторыка-краязнаўчага помніка.

  3. У музей.

  4. На прыроду і прыродна-ландшафныя комплексы.

  5. У архіўныя ўстановы і бібліятэкі.

  6. На вытворчасць.

  7. У замежныя краіны.

У адпаведнасці зх вучэбна-выхаваўчай задачай экскурсіі падзяляюцца на:

    • уступныя, якія праводзяцца напярэдадні вывучэння адпаведнай тэмы;

    • цякучыя, якія арганізуюцца у працэсе вывучэння новага матэрыялу;

    • выніковыя, якія праводзяцца пасля вывучэння гістарычнай тэмы і маюць мэтай замацаванне матэрыялу.

Правядзенне экскурсіі патрабуе добрай падрыхтоўкі настаўніка і вучняў і вымагае здзяйсненне мерапрыемстваў: а) вучэбных, б) выхаваўчых; в) арганізацыйных.

Вучэбныя мерапрыемствы прадугледжваюць шчыльную сувязь праграмнага матэрыялу з экскурсійнымі аб’ектамі. Таму настаўнік дэталёва распрацоўвае:

  • тэматыку гістарычных экскурсій;

  • маршрут экскурсій;

  • пералік гістарычных аб’ектаў і помнікаў, якія патрэбна наведаць;

  • заданні для вучняў у час экскурсій.

Выхаваўчыя мерапрыемствы пры падрыхтоўцы да экскурсіі садзейнічаюць фармаванню ў школьнікаў гістарычнай памяці, павагі да гістарычных і культурных традыцый свайго народа, гераізму і працоўных дасягненняў.

На этапе падрыхтоўкі экскурсіі настаўнік павінен адпрацаваць з вучнямі такія моманты, як:



  • знешні выгляд вучня;

  • правілы паводзінаў у транспарце ў час экскурсіі;

  • правілы паводзінаў у час паездкі да гістарычных аб’ектаў;

  • правілы дарожнага руху і тэхнікі бяспекі;

  • правілы паводзінаў каля гістарычнага аб’екта.

У залежнасці ад узроставых і псіхалагічных магчымасцяў вучняў ім могуць быць прапанаваны задачы пэўнага зместу. Напрыклад, адказаць у час экскурсіі або пасля яе вынікаў на пытанні абагульняючага характару:

    1. Што вам у час экскурсіі запомнілася больш за ўсё?

    2. Што новага вы даведаліся сёння?

    3. Якія экспанаты асабліва зацікавілі вас?

    4. Ці змянілісь вашы ўяўленні аб мінулым пасля экскурсіі?

    5. З якімі гістарычнымі помнікамі вы пазнаёміліся ў час экскурсіі?

Для вучняў старэйшых класаў пытанні могуць быць больш складанымі і творчымі:

  1. Пра што маглі бы вам расказаць гістарычныя помнікі?

  2. Чаму гэтыя помнікі ўзніклі менавіта ў гэты час?

  3. Чаму гэтыя гістарычныя помнікі знаходзяцца пад аховай ЮНЕСКО?

  4. Наколькі поўна помнікі аднаўляюць гістарычную праўду?

  5. Калі б вы былі скульптарам, мастаком ці архітэктарам, якія гістарычныя помнікі аднавілі?

  6. Чаму ў час панавання таталітарнай сістэмы разбураліся гісторыка-рэлігійныя помнікі?

  7. Як вы адносіцеся да разбурэнню помнікаў?

  8. Ці правільна робяць грамадства і дзяржава, што ў складаны для краіны час адраджаюць разбураныя храму і духоўныя святуні?

З вучнямі, якія ўжо маюць вопыт удзелу ў экскурсіях, настаўнік можа правесці гісторыка-краязнаўчы паход па тэрыторыі свайго рэгіёну, прысвяціўшы такое мерапрыемства актуальным пытанням мінулага роднага краю і сучаснасці. У мэтах ваенна-патрыятычнага выхавання карысна будзе прайсці па месцах гераічных падзей часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Арганізацыйныя мерапрыемствы прадугледжваюць:

  • уключэнне экскурсіі ў гадавы план навучальнай установы;

  • загад кіраўніка навучальнай установы аб правядзенні экскурсіі;

  • вызначэнне адказных за правядзенне экскурсіі, забеспячэнне бяспекі для жыцця і здароўя вучняў;

  • гутарку з вучнямі і іх бацькамі аб задачах экскурсіі, маршруце, часе і месцы пачатку і завяршэння, правілах паводзінаў.

У час экскурсіі вучнямі вывучаюцца матэрыялы аб гістарычных падзеях і аб’ектах, гісторыка-эканамічныя звесткі, інфармацыя аб палітычных, сацыяльных і культурных падзеях.

Экскурсійная работа, як бачым, цікавая тым, што дае магчымасць комплексна вывучаць гістарычнае мінулае.

Існуюць метадычныя ўмовы эфектыўнага правядзення вучэбнай экскурсіі. Такая экскурсія патрабуе адмысловай падрыхтоўкі вучняў, таму настаўнік наперад праводзіць гутарку са школьнікамі ( ад тэме экскурсіі, аб тым, якія месцы яны наведаюць, якія заданні і даручэнні павінны выканаць). Другім, не менш важным момантам, з’яўляецца падрыхтоўка і падрыхтаванасць самога настаўніка (практыка паказвае, што часта вучні лепш успрымаюць свайго педагога, чым запрошанага экскурсавода). Настаўнік гісторыі сам рыхтуецца да экскурсіі, шмат працуе з даведнікамі, мемуарнай, мастацкай літаратурай.

Спецыялісты раяць да пачатку экскурсіі і ў час яе правядзення даць вучням адмыслоўныя (індывідуальныя і калектыўныя) заданні:



  • падрыхтаваць невялікія паведамленні па тьэме (пісьмовыя або вусныя);

  • начарціць маршрут;

  • сфатаграфаваць пэўныя гістарычныя аб’екты;

  • падрыхтаваць выпуск альбома, бюлютэня,выстаўкі;

  • ускласці кветкі на брацкія магілы, правесці святочныя імпрывізаваныя мітынгі каля мемарыялаў Вялікай Айчыннай вайны.

Вынікі паходу могуць быць аформлены ў выглядзе табліцы:

Задачы

пошукавага

паходу

Што было вядома



Што новага даведаліся ў час паходу












Тэма экскурсіі




Дата правя-

дзення

Назвы


экскурсій-

ных аб’ек-

таў

Што было вядома



Што новага даведаліся ў час экскурсіі




Заўвагі






















Арганізацыя экскурсій ў школьны

краязнаўчы музей
Выкладаючы гісторыю, ставіш далёка ідучыя мэты па фармаванні асобы Патрыёта і Грамадзяніна сваёй краіны. Больш традыцыйны падыход заключаецца ў штудзіраванні падручнікаў, завучванні гістарычных фактаў і дат, але такое сухое і, часцей, адарванае ад жыцця выкладанне у лепшым выпадку не прынясе істотнага плёну, а то і нясе ў сябе вялікую шкоду. І вось чаму.

Ніводзін падручнік або дапаможнік не дасць школьнікам таго багатага і жывога гістарычнага матэрыялу, пра які могуць расказаць музейныя экспанаты. Помнікі гісторыі, культуры і прыроды дапамагаюць настаўніку больш яскрава адкрыцць перад вучнямі гістарычнае мінулае, дапамагчы ім зразумець працэс развіцця грамадства ад старажытнейшых часоў да нашых дзён.

Гісторыя, літаральна, ляжыць ў нас пад нагамі, знаходзіцца перад намі: гэта не толькі розныя археалагічныя аб’екты і помнікі архітэктуры, але і людзі, што перажылі цяжкія і гераічныя часы свайго жыцця, змагаючыся на франтах Вялікай Айчыннай, працуючы на цэліне, ці падымаючы родную гаспадарку. За кожным з іх стаіць лёс сям’і, роду. Кожны з іх (са сваімі думкамі і перажываннямі, з памяццю і вопытам пакалення, з дасягненнямі і няўдачамі) – неацэнная крыніца гістарычнай інфармацыі. Тут выконваецца галоўны прынцып – арганічная сувязь з жыццём і духоўнымі патрэбамі чалавека, галоўнай з якіх можна сувязь са сваімі каранямі, пераемнасць пакаленняў, што ні ў якім выпадку не павінна перарывацца.

Музейныя помнікі з’яўляюцца адлюстраваннем выдатных падзей гісторыі, гераічных поддзвігаў і працоўных свяршэнняў нашых землякоў. Але, калі кожная падзея праілюстравана рэччу, то гэтая музейная рэліквія становіцца сваеасаблівым “ жывым голасам” і нясе ў сябе вялікі эмацыйны зарад, а значыць можа служыць важнейшым ілістрацыйным матэрыялам. Прылады працы, зброя, адзенне, прадметы ўжытку людзей і быту, асабістыя рэчы знакамітых дзеячаў мінулага, дакументы, узнагароды, фатаграфіі, разнастайныя крыніцы дапамагаюць адчуць эпоху, а значыць лепш яе зразумець і павысіць інтарэс да мінулага.

Музейная дзейнасць, такім чынам, становіцца сапраўднай знаходкай для тых школ, дзе ёсць краязнаўчыя музеі, а дзе яшчэ няма, ёсць магчымасць арганізаваць, “запаліць” дзяцей на сбор экспанатаў, паступовае афармленне спачатку куточкаў, затым пакояў і , як вынік, экспазіцый. У любым выпадку менавіта вучні ў такой дзейнасці павінны адыгрываць актыўную ролю, актыўна займацца пошукам і афармленнем музейных скарбаў, а інакш уся дзейнасць губляе ўсялякі сэнс.

Музей павінен стаць важнейшым сацыа-культурным цэнтрам установы адукацыі і такім жа сродкам эмацыйнага, выхаваўчага і адукацыйнага уплыву на асобу маладога чалавека.

Адной з галоўных форм дзейнасці музеяў з’яўляецца экскурсія. Правядзенню экскурсіі звычайна папярэднічае вялікая падрыхтоўчая дзейнасць. Экскурсія, такім чынам, становіцца вынікам пошукавай, даследчай, аналітычнай і падрыхтоўчай работы настаўніка і вучняў.

Кожная экскурсія павінна быць тэматычнай, мець пазнавальную, развіваючую і выхаваўчую мэты. Яе можа праводзіць як настаўнік, а яшчэ лепей – экскурсаводы з ліку вучняў.

Спынімся на некаторых аспектах падрыхтоўкі экскурсіі, грунтуючыся на вопыце функцыянавання краязнаўчага музею нашай установы.

Краязнаўчая работа ў школе грунтуецца пераважна на дзейнасці міжпрадметнага ўнутрышкольнага МА настаўнікаў і выкананні краязнаўчых кампанентаў настаўнікамі-прадметнікамі па сваіх прадметах, а таксама выхаваўчага кампанента адпаведных праграп і планаў класных кіраўнікоў, і тут музеі са сваімі экспазіцыямі незаменныя і экскурсіі даволі частая з’ява.

Закрану непасрэдна пытанні, звязаныя з падрыхтоўкай экскурсій.

У падрыхтоўцы і правядзенні экскурсій можна вылучыць наступныя этапы:



    1. Вызначэнне (вылучэнне) актыву музея, у склад якога ўваходзяць зацікаўленыя вучні ўсіх класаў.

    2. Выбар настаўнікам, зыходзячы з планаў адукацыйнай ўстановы, краязнаўчых кампанентаў настаўнікаў-прадметнікаў і выхаваўчых планаў і праграм, а таксама пажаданняў і зацікаўленняў вучняў, тэматыкі, вызначэнне тыпу, мэт і задач экскурсіі, мяркуемай узроставай групы наведвальнікаў.

    3. Складанне плану экскурсіі.

    4. Вызначэнне адказных вучняў за падрыхтоўку пэўнай экскурсіі.

    5. Вывучэнне настаўнікам і вучнямі пэўнай экспазіцыі (або яе часткі), збор дадатковых матэрыялаў, вывучэнне адпаведных дадатковых крыніц і літаратуры.

    6. Гутарка з вучнямі пра змест і задачы экскурсіі.

    7. Падрыхтоўка фрагментаў выступленняў вучняў ў музеі.

    8. Адпрацоўка тэхнікі і прыёмаў правядзення экскурсіі.

    9. Рэпетыцыя будучай экскурсіі.

    10. Правядзенне экскурсіі. Аналіз вучнямі праведзенай экскурсіі і магчымае напісанне справаздачы.

    11. Падвядзенне настаўнікам вынікаў праведзенай экскурсіі, аналіз і абагульненне атрыманага практычнага вопыту.

З правядзеннем краязнаўчых заняткаў і экскурсіямі непасрэдным чынам звязаны метад “Экскурсавод”, распрацаваны аўтарам гэтага матэрыяла з улікам назапашанага вопыту.
Метад “Экскурсавод”
Задачы выканання метаду: развіццё індывідуальных здольнасцяў і самасвядомасці вучняў праз арганізацыю практычнай экскурсійнай дзейнасці ў музеі.

Этапы падрыхтоўкі і рэалізацыі:

  1. Падзел вучняў, якія прымаюць удзел у выкананні метаду, на чатыры групы (напрыклад, на адзін – чатыры). Варыянтам этварэння экскурсійных груп можа быць улік пажаданняў і інтарэсаў вучняў пры вызначэнні аб’екту вывучэння.

  2. Знаёмства вучняў з матэрыяламі аддзелаў школьнага музею.

  3. Падзел адпаведна нумарам, атрыманым пры жэраб’ёўцы, вучняў на некалькі груп, кожная з якіх адказная за падрыхтоўку сваёй часткі экскурсіі (па сваіх аддзелах музею), вывучае дадатковы матэрыял (у бібліятэцы, музеі, кабінеце гісторыі, аітрымлівае дадатковыя заданні па запісе матэрыялаў і зборы прадметаў (экспанатаў).

  4. Абмеркаванне з ўдзельнікамі сваіх груп і настаўнікаў вынікаў праведзенай падрыхтоўкі, адбор матэрыялу для экскурсіі.

  5. Правядзенне прадстаўнікамі груп пробнай экскурсіі і адпрацоўка прыёмаў выкладання матэрыялу пры правядзенні экскурсіі.

  6. Правядзенне экскурсіі экскурсійнай групай (якая складаецца з прадстаўнікоў экскурсійных груп).

  7. Рэфлексія (абмеркаванне вынікаў праведзенай дзейнасці, вызначэнне шляхоў паляпшэння выніковасці і якасці экскурсіі, а таксама міжасабовага ўзаемадзеяння).

Важнай умовай мерапрыемства з’яўлеяцца арыентацыя школьнікаў не толькі на пасіўнае слуханне або прагляд экспазіцыі, але і на лагічнае асэнсаванне гістарычнага матэрыяла. Напярэдадні мяркуемай экскурсіі ў музей, якая з’яўляецца або азнаямляльнай, або тэматычнай (г. з. дапаўняе пры вывучэнні пэўнай тэмы навучальнай праграмы ці падручніка), настаўнік прапануе некалькі варыянтаў пытанняў і заданняў.

Прыкладам такога падыходу можа служыць урок-экскурсія, прапануемы вашай увазе ніжэй.


Прыкладная схема плана экскурсіі

Дата:


Тэма: ...

Мэты: ...

Экскурсаводы: ...

Наведвальнікі (склад) :...

План правядзення:

1.

2.



3....

Падвядзенне вынікаў і магчымае заданне запрошаным.


Справаздача аб праведзенай экскурсіі


Назва

экскурсіі



З якімі гісторыка-краязнаў –

чымі экспанатамі пазнаёмі –

ліся


Што новага даведаліся ў час экскурсіі











Дадаткі
І. Памятка “Як паводзіць сябе ў музеі”

  1. Перш чым адправіцца аглядаць экспанаты, наведвальнік павінен прайсці ў гардэроб, каб зняць верхнюю адзежу і пакінуць вялікую паклажу (торбы, партфелі, пакеты і т. п.).

  2. Зарыентавацца ў вялікіх музеях і на выставах дапамогуць адмысловыя каталогі-даведнікі, якія прадаюцца пры ўваходзе ў выстаўныя залы. У такім разе няма неабходнасці імкнуцца ўбачыць усё адразу за час аднаго наведвання. Лепш за ўсё абраць якую-небудзь адну залу і ўважліва азнаёміцца з яго экспанатамі. У наступнае наведванне музея ці выставы можна будзе агледзець іншую залу і т. д.

  3. Па залах музея ці выставы варта перасоўвацца бясшумна. Гучна размаўляць ці крычаць, падклікаючы знаёмага ці сябра, недапушчальна.

  4. Гучнае абмеркаванне ці крытычныя заўвагі, выказаныя ў адрас твораў ці іх аўтараў - прыкмета благога тону. Сапраўдны знаўца не стане дэманстраваць сваю эрудыцыю і веды ў такім не зусім падыходным для гэтага месцы, як музей. Бо даваць такую інфармацыю - задача экскурсавода. Наведвальнікі толькі могуць абмяняцца адзін з адным некалькімі заўвагамі. Але рабіць гэта трэба напаўголасу, так, каб не патурбаваць стаяннях побач.

  5. Для таго каб азнаёміцца з якім-небудзь экспанатам, не трэба ўставаць перад іншым наведвальнікам. Лепш за ўсё дачакацца, калі ён, скончыўшы агляд, вызваліць месца.

  6. Чапаць рукамі музейныя ці выстаўныя экспанаты строга забараняецца. Пра гэта кожнаму наведвальніку нагадваюць адмысловыя таблічкі, наяўныя ў кожнай выстаўнай зале ці прымацаваныя да футаралаў экспанатаў.




Прапануем Вашпай увазе прыклады двух заняткаў у школьным краязнаўчым музеі.

Першы праводзіцца па тэме: “Наш край у старажытныя часы” (гісторыя Беларусі, 6 клас, раздзел І “Беларускія землі ў старажытныя часы”, урок 8).

Другі – па тэме “Наш край у гады Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны” (гісторыя Беларусі, 10 клас, раздзел ІІІ, урок 10).

На такіх занятках, можна напоўніцу выкарыстоўваецца багаты краязнаўчы матэрыял.




ІІ. Занятак у музеі: “Наш край у старажытныя часы” (6 клас)
Форма правядзення: вучэбная экскурсія.

Мэты і задачы:

  1. Пазнаёміць вучняў з гісторыяй нашай мясцовасці ў эпоху першабытнага грамадства, умовамі жыцця людзей і сведчаннямі прысутнасці першабытных людзей ў нашым рэгіёне.

  2. Праілюстраваць інфармацыю з дапамогай прадметаў музейнай экспазіцыі (Археалагічны аддзел).

  3. Выклікаць цікавасць вучняў да мінуўшчыны нашай малой радзімы.

  4. Фармаванне першасных уяўленняў вучняў аб эпосе.

  5. Развіццё навыкаў паводзінаў і дзейнасці вучняў ў музеі.


Забеспячэнне: экспанаты археалагічнага аддзелу музею, археалагічная карта раёна, малюнкі на стэндах, прысвечаныя жыццю першабытных людзей, выява археалагічнага помніка “Грэнскае шрочышча”.
План занятку:

  1. Уступнае слова настаўніка (тут ён знаёміць вучняў з музеем, распавядае пра тое, для чаго ствараюцца музеі, як сябе паводзіць (гл. памятку) і аб чым можна даведацца сёння на ўроку; вызначэнне мэтаў і задач урока).

  2. Экскурсія

  3. Выніковая гутарка па выніках экскурсіі.

  4. Падвядзенне вынікаў занятку.

  5. Дамашняе заданне.


Фактычны матэрыял да падрыхтоўкі экскурсіі
Добры дзень, паважаныя сябры! Рады вітаць вас у гісторыка – краязнаўчым музеі нашай школы. Музей дзейнічае з 1987 г. Ля вытокаў яго стварэння стаялі выпускнік Магілёўскага педінстытуту, настаўнік гісторыі, а затым дырэктар нашай школы Ясечка Віктар Сцяпанавіч, а таксама выкладчык пачатковай ваеннай падрыхтоўкі (цяпер нябожчык ) Пятроўскі Мікалай Іванавіч. За кансультацыямі звярнуліся да супрацоўніка Гомельскага абласнога музею М. З. Агеева. У аснову экспазіцыі пакладены матэрыялы па гісторыі нашага краю са старажытнасці да нашых дзён.

Экспазіцыю нашага музею адкрывае археалагічны аддзел. Тут прадстаўлены экспанаты, якія даюць уяўленне пра жыццё першабытных людзей і этапах засялення нашай мясцовасці. Звяртае на сябе самая старажытная па паходжанні рэч нашага музею – камень - дзічок, пры ўважлівым разглядзе на ім можна заўважыць адбіткі марскіх ракавін. Гэта маўклівы сведак ледавіковага часу, які разам з іншымі валунамі зрабіў падарожжа аднекуль з далёкай Поўначы. Яго падабраў у час вясення- палявых работ і прынёс да нас у музей жыхар вёскі Енцы Несцяровіч Георгій Васільевіч. На паверхні гэтага камяню можна бачыць не толькі адбіткі ракавін, а і мноства ўмяцін і і паліраваных участкаў. Такую форму ён атрымаў пры ўзаемадзеянні з масамі лёду і іншых валуноў.

Вядома, што чалавек вылучыўся з жывёльнага свету некалькі мільёнаў гадоў таму. А калі калі ж з’явіліся першабытныя людзі ў нашым краі? Як мяркуюць вучоныя, першыя спробы засялення тэрыторыі нашага краю адбываліся аж 100 – 35 тысяч год таму. Асвоіць яго перашкаджаў ледавік, які паступова сунуўся з гор Скандынавіі, пакрываючы амаль 2 – кіламетровай тоўшчай амаль усю Еўропу. Людзей таго часу вучоныя называюць неандэртальцамі, якія з’явіліся 100 тысяч год таму і праз 70 тысяч год зніклі.

Што ж уяўлялі сабой неандэртальцы? (Звяртаем увагу на карціну, дзе паказаны гэтыя людзі) Яны мелі невялікі рост (155 – 165 см.), галаву з пакатым ілбом, выступаючымі надвочнымі валікамі і скошанай ніжняй сківіцай. Хаця па прапорцыях неандэртальцы і нагадвалі сучаснага чалавека, але у іх яшчэ шмат захоўвалася прымітыўных рысаў (настаўнік паказвае малюнак такога чалавека ў музеі). Сярэдні аб’ём мозга – 1500 см3, што адпавядае памерам сучаснага чалавека.

Найбольш распаўсюджанымі прыладамі працы тагачаснага чалавека былі: скрэблы, востраканечнікі і ручныя рубілы. Галоўныя заняткі – паляванне і, магчыма, збіральніцтва. Палявалі на мамантаў, валасатых насарогаў, аўцабыкоў, паўночных аленяў, бізонаў, пясцоў і іншых жывёл.

Людзі ўжо навучыліся будаваць жытло, абаграваць яго агнішчам,, шыць вопратку са шкур жывёл. Свядома хавалі суродзічаў, карыстаючыся магічнымі рытуаламі. У неандэртальцаў зарадзіўся і арнамент. На думку даследчыкаў, у пахавальным абрадзе адлюстравана шырокае кола уяўленняў першабытных людзей: Сусвет з чатырма бакамі свету; Сонца – крыніца жыцця, святла і цяпла; шанаванне самога чалавека, які пасля смерці заставаўся ў памяці суродзічаў.

Ледавік (а тэрыторыя нашай краіны 5 разоў падпадала пад яго ўздзеянне) аказаў вялікае ўздзеянне на жыццё людзей, прыродныя неспрыяльныя ўмовы сталі прачынай таго, што толькі, што на нашы землі чалавек прыйшоў даволі позна. І хоць такіх пастаянных пасяленняў, як Бердыжская (Чачэрскі раён) , у нас не выяўлена, але ёсць звесткі (асобныя прылады працы, падобныя на бердыжскія, знойдзены ля в. Струмень), што і тэрыторыя нашага раёна ўваходзіла ў арэал гаспадарчай дзейнасці бердыжцаў (23 – 24 тыс. год таму). Ледавіковы перыяд закончыўся прыкладна 10 тыс. год таму, клімат пацяплеў, рэльеф стаў амаль такім, які мы бачым цяпер, пачалася новая хваля засялення, пасля чаго насельніцтва ўжо не пакідала нашых зямель.

На сцелажах экспазіцыі вы бачыце кавалкі крэменю, што адкрываюць археалагічную калекцыю, форма якіх не пакідае сумненняй, ў тым, што гэта справа рук чалавечых. Гэта прылады працы, зробленыя рукамі першабытных людзейна нанашай мясцовасці. Усе яны знойдзены вучнямі і настаўнікамі нашай школы ва урочышчы Грэнск. Гэта пясчаны ўзгорак, які размешчаны ў 2-х кіламетрах на ўсход ад вёскі Ворнаўка. Ён з’яўляецца астанцам першай пойменнай тэрасы, што ўзвышаецца на 6 - 7 метраў надмежанным урэзам вады ракі Сож. Ужо з канца ХІХ ст. урочышча прыцягнула ўвагу даследчыкаў. Па апытаннях мясцовых жыхароў стала вядома аб наяўнасці гарадзішча. У 1927 годзе беларускі археолаг Палікарповіч адкрыў мезалітычную стаянку, пасяленні эпохі неаліта, бронзавага і жалезнага веку. У пасляваенны час і да пачатку 80- х гг. ХХ ст. тут праводзіліся археалагічныя раскопкі.

Грунтуючыся на выніках даследванняў вучоных і экспанатах музею, можна сцвярджаць, што наша мясцовасць была пастаянна заселена, пачынаючы з эпохі ранняга мезаліту (10- 8 тыс. да н. э. ). Першымі пасяленцамі Грэнска былі паляўнічыя ранняга мезаліту, характэрнай асаблівасцю прылад якіх стала наяўнасць асіметрычных наканечнікаў стрэл і вядучая роля адшчэпаў, а не пласцін, як звычайна. Археалагічную культуру з такімі прызнакамі, якая атрымала сваё распаўсюджванне ў Верхнім Падняпроўі, вучоныя назвалі грэнскай. У эпоху мезаліту чалавек вёў вельмі рухомы спосаб жыцця. Асноўным заняткам грэнцаў стала паляванне. Яны шырока выкарыстоўвалі лук і стрэлы для палявання на паўночнага аленя і іншых (больш дробных) жывёл.

Калі мезаліт прадстаўлены толькі крамянёвым інвентаром, то носьбіты археалагічных культур наступных эпох не толькі карысталіся больш дасканалымі прыладамі, а і здзейснілі шэраг новых вынаходніцтваў – гліняны посуд у неаліце і плаўка металаў у эпоху бронзы, жалезаплавільныя печы ў жалезным веку.

Замест грэнцаў у басейне Верхняга Падняпроўя ў эпоху познягамезаліту (6-5 тыс. да н. э.) распаўсюдзіліся помнікі сожскай культуры. У гэты час на Беларусі ўсталёўваецца больш цёплы і вільготны атлантычны клімат. Багаты раслінны свет дазваляў чалавеку атрымліваць значную частку прадуктаў харчавання шляхам збіральніцтва. Спрыяльнымі былі таксама ўмовы і для палявання з рыбнай лоўляй.

Яшчэ больш вільготным і цёплым становіцца надвор’е э эпоху неаліту (У- ІІІ тыс. да н. э.). Наша мясцовасць тады ўваходзіла ў зону шыракалістых лясоў. Паўсюдна ўзняліся букавыя, грабавыя, і дубовыя гаі. Жывёльны свет стаў падобным да сучаснага.

Тэрыторыя Кармяншчыны ў неалітычную эпоху ўваходзіла ў арэал распаўсюджвання верхнедняпроўскай культуры. Аснову гаспадаркі гэтых плямёнаў складалі паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва, у канцы існавання культуры пачалося распаўсюджванне жывёлагадоўлі і земляробства.

У неаліце людзі навучыліся вырабляць гліняны посуд, пашыраліся шліфаваныя прылады працы. Абломкі глінянага посуду вялікай колькасццю трапляюцца на Грэнску, імі прадстаўлены неаліт у экспазіцыі нашага музею. Па этнічнай прыналежнасці насельніцтва Беларусі было пераважна фіна – угорскім. Магчыма, што назва ракі Сож паходзіць ад фіна – угорскага слова “воўк”.

У бронзавым веку, які у нашым краі пачаўся на мяжы 3 і 2 тысячагоддзяў да н. э. , значнае распаўсюджванне атрымалі помнікі сярэднедняпроўскай культуры. Галоўнае месца ў гаспадарцы занялі земляробства і жывёлагадоўля, а паляванне, збіральніцтва і рыбалоўства сталі дадатковымі. Для ўсіх гэтых відаў гаспадарчай дзейнасці ў ваколіцах Грэнска былі спрыяльныя ўмовы. Падцвярджаецца прысутнасць сярэднедняпроўскіх плямёнаў у нашай мясцовасці наяўнасцю абломкаў глінянага посуду, якія ёсць у нашым музеі.У параўнанні з неалітычным, посуд бронзавага веку становіцца больш танкасценным, узмацняецца трываласць у выніку лепшага абпальвання.

Прамой пераемніцай сярэднедняпроўскай культуры, па меркаванні вучоных, становіцца сосніцкая. З 1500 да 1000 года да н. э. Наша мясцовасць была зонай жыццядзейнасці гэтых плямён. Яны займалі пясчаныя поймавыя ўзвышшы, краі тэрас і мысы, што ўразаліся ў пойму. Займаліся сосніцкія плямёны земляробствам і жывёлагадоўляй, а таксама рыбалоўствам і паляваннем. Ёсць меркаванні вучоных, што гэтыя плямёны адносіліся да балцкай або балтаславянскай агульнасці.

Больш цвёрда можна меркаваць пра этнічную прыналежнасць прадстаўнікоў розных археалагічных культур з жалезнага веку. Ранні перыяд гэтай эпохі на Грэнску прадстаўлены мілаградскай (УІІ – ІІІ стст. да н. э.) і зарубінецкай (ІІ ст да н. э. – ІІ ст. н. э.) культур.

Ужо ў неаліце і бронзавым веку значна ўзрасла колькасць ваенных сутыкненняў паміж плямёнамі. У сувязі з гэтым з’яўляюцца ўмацаваныя паселішчы, якія атрымалі назву гарадзішчаў. Для плямён мілаградцаў характэрны два тыпы паселішчаў: умацаваныя гарадзішчы і адкрытыя селішчы. Гарадзішчы звычайна размяшчаліся на мысах. Так у паўночнай часцы ўрочышча Грэнск, над старым рэчышчам ракі Горна размешчана гарадзішча ранняга жалезнага веку , памерам 110 х 105 м. З поўдня і захаду пляцоўка ўмацавана двума дугападобнымі валамі і рвамі. Пад час раскопак і даследванняў знойдзены кавалкі ляпнога глінянага посуду, каменная зерняцёрка, бронзавыя падвескі, касцяная іголка, бронзавае кальцо, жалезная сякера – кельт. Два каменныя ачагі, месца выплаўкі жалеза і некалькі гаспадарчых ям.

Характэрнай асаблівасцю мілаградскай культуры з’яўляюцца гліняныя фігуркі жывёл культавага прызначэння. Адна з іх – фігурка коніка – трапіла нашым школьнікам пад час вандроўкі на гарадзішча Яна перададзена у археалагічны музей Гомельскага універсітэта імя Ф. Скарыны.

Асноўнымі заняткамі мілаградцаў былі падсечнае земляробства і жывёлагадоўля. Паляванне і рыбалоўства насілі дапаможны характар.

Зарубінцы звычайна выкарыстоўвалі гарадзішчы, якія раней належалі мілаградцам. Гэтыя плямёны таксама займаліся жывёлагадоўляй і земляробствам, спалучаючы падсеку з ворывам. Захоўвалася вялікае значэнне і паляванню з рыбалоўствам.

У экспазіцыі нашага музею гэтыя культуры прадстаўлены рэшткамі глінянага посуду. Большасць даследчыкаў лічыць зарубінецкую культуру стараславянскай, беларускі археолаг Побаль Л. Д. адносіць да славянскай і мілаградскую культуру.

Так, з усіх вышэйпрыведзеных фактаў становіцца відавочным, што тэрыторыя нашага раёна на працягу тысячагоддзяў была месцам прыцягнення розных плямёнаў. Важнымі апорнымі пунктамі ў асваенні нашай мясцовасці зўяўляліся пясчаныя ўзгоркі на берагах рэк. Адным з такіх месцаў стаў Грэнск. Ён уяўляе сабой паўвостраў, утвораны ракой Горна пры ўпадзенні яе у Сож і ручаём Падобчы, даліна якога зараз ператварылася ў балота. Рэчышча ракі было зменена пры правядзенні мілірацыйных работ. Пад час разліву Грэнск пераўтварыўся ў востраў. Паважаныя сябры, звярніце ўвагу на рэканструкцыю і малюнак урочышча Грэнск, а таксама археалагічную карту раёна з асноўнымі археалагічнымі помнікамі і стаянкамі.

Людзей каменнага веку акрамя паляўнічых і рыбалоўных угоддзяў цікавіла і наяўнасць сыравіны для вырабаў прылад працы. Сожскі мелакрэмень, кавалкі якога ў вялікай колькасці сустракаюцца ля падножжа ўзгорка па – над рэчышчам ракі Горна, выдатна падыходзіць для гэтай справы. У бронзавым і, асабліва, жалезным выках значна ўзрастае важнасць абарончых магчымасцей пасялення. А на берагах рэк Горна і Сож можна было знайсці сыравіну для здабывання жалеза. Што навучыліся рабіць каля VІІ ст. да н. э. Сведчаннямі выплаўкі жалеза з’яўляюцца, прадстаўленыя ў экспазіцыі, кавалачкі крыцы, жалезныя наканечнікі стрэлаў, а таксама шматлікія назвы вёсак у нашай мясцовасці са словам “Рудня”. Вялікае значэнне мелі спрыяльныя ўмовы для заняткаў жывёлагадоўляй і земляробствам.



Вывады

1. Тэрыторыя нашага раёну на працягу тысячагоддзяў была месцам прыцягнення розных плямёнаў. Важнымі апорнымі пунктамі ў асваенні нашай мясцовасці зўяўляліся пясчаныя ўзгоркі на берагах рэк.

2. Важным цэнтрам каланізацыі і гаспадарчай дзейнасці нашага рэгіёну па-ранейшаму заставаляся ўрочышча Грэнск, якое дало назву археалагічнай культуры эпохі мезаліту.

3. Знойдзеныя на тэрыторыі Кармяншчыны, рэчы сведчаць аб вялікіх зрухах у развіцці матэрыяльнай і духоўнай культуры насельніцтва, у т.л. у развіцці гаспадаркі, керамікі, металургічнай справы і грамадскай арганізацыі.

4. Тэрыторыя нашай мясцовасці вылучалася наяўнасцю сыравіны, мелакрэменю, жалезнай руды, што прыцягвала сюды шматлікае насельніцтва.
Археалагічныя помнікі і культуры

Кармяншчыны


Перыяды

Культуры

Помнікі на

тэрыторыі раёна



Даты культур

Фінальны палеаліт
Мезаліт:

1.Ранні


2.Позні

1.Грэнская археалагічная

культура


Урочышча Грэнск (каля

в.Ворнаўка) і інш.



12-8 тыс.

г.таму


10-8 тыс.

г.таму


(ур.Грэнск)

2.Сожская

археалагічная культура



Урочышча Грэнск, Бор

(каля в.Ворнаўка) і інш.


6-5 тыс.


да н.э.

Неаліт

3.Верхнедняпроўская

археалагічная

культура


Урочышчы:Лоша,Біручыха (каля в.Струмень), Бор, паўночны бераг ручая Падобчага; правы бераг р.Добрыч (урочышчы Падмаскоўшчына і Вышняя Бабровіна ) -каля в.Ворнаўка і Высокае.

К. 5-пач.

2-га тыс.

да н.э.

Бронзавы век


4.Сярэдняпроўская археалагічная культура

Урочышчы Лоша, Нарач

(каля в.Струмень), Грэнск (каля в.Ворнаўка) і інш.



2-я палова

3-га


першая палова

2-га тыс. да н.э.



5.Тшцінецка-сосніцкая

археалагічная культура




Лоша, Нараг (каля в.Струмень) і інш.

15-11 ст.ст. да н.э.



Ранні


Жалезны

век


6.Мілаградская археалагічная культура

Гарадзішча каля пас.Вазнясенск, гарадзішча ва ўрочышчы Грэнск, каля в.Зяцькавічы, пасёлка Луначарскі, каля в.Новы Млын

7 ст. да н.э.-
3ст.-н.э.

7.Зарубінецкая археалагічная культура

Гарадзішча каля ўрочышча Грэнск, пасёлка Луначарскі

3 ст. да н.э.-

3 ст. н.э.




Пытанні для гутаркі:


  1. Як мы даведваемся пра жыццё першабытнага чалавека?

  2. Чым першабытныя людзі адрозніваюцца ад жывёл?

  3. Чаму першабытныя людзі жылі і працавалі калектыўна?

  4. Што сведчыць пра развіццё чалавека на працягу першабытнасці?

  5. Якімі прыладамі працы карысталіся першабытныя людзі?

  6. Пра што сведчыць наяўнасць у першабытных людзей лукаў, стрэл, гарпуна, рыбалоўных кручкоў?

  7. Якія вывады можна зрабіць пра жыццё першабытных людзей, калі на стаянцы знойдзены косткі хішчных звяроў, птушак, рыб, чарапкі гаршкоў і зернецёрка?

  8. Якія археалагічныя помнікі найбольш вядомыя ў нашай мясцовасці і што вы пра іх ведаеце?

  9. Як прыродныя ўмовы ўплывалі на жыццё і гаспадарчую дзейнасць насельніцтва эпохі першабытнасці?

  10. Чым тлумачыцца факт таго, што для засялення тэрыторыі рэгіёну спатрэбілася неклалькі хваляў каланізацыі?

  11. Назавіце вядомыя помнікі і археалагічныя культуры нашай мясцовасці?

  12. Што вам больш за ўсё спадабалася і запомнілася?


Дамашняе заданне: Намалюйце малюнак на тэму “Жыцце першабытнага чалавека” альбо складзіце апавяданне “Адзін дзень з жыцця першабытнага чалавека”. Падвядзенне вынікаў.

ІІІ. Занятак у музеі: “Акупацыйны рэжым ў Беларусі”, 10 клас
Мэты і задачы:

  1. Вывучэнне гісторыі Вялікай Айчыннай вайны праз знаёмства з лёсамі жыхароў нашай мясцовасці, якія зведалі ўсе яе жахі.

  2. Паказаць той велізарны ўплыў, які зрабіла вайна на лёс кожнай беларускай сям’і.

  3. Садзейнічаць выхаванню павагі да людзей старэйшага пакалення.

  4. Абуджэнне цікавасці дзяцей да сваіх каранёў і духоўным вытокаў.

  5. Пазнаёміць вучняў з цікавымі людзьмі нашай мясцовасці і дапамагчы вучням устанавіць непасрэдныя дачыненні з гасцямі.

  6. Запісаць успаміны і звесткі, якія прагучаць на сустрэчы.


Забеспячэнне: экспанаты аддзелу “Наш край у гады Вялікай Айчыннай вайны”, схема “Вызваленне Кармяншчыны”, дыдактычныя матэрыялы.
План правядзення занятку


  1. Уступнае слова настаўніка. Знаёмства з задачамі і мэтамі сустрэчы.

  2. Экскурсія (праводзіцца вучнямі, якія выступаюць у ролі экскурсаводаў і знаёмяць прысутных са зместам аддзелу “Наш край у гады Вялікай Айчыннай вайны” гісторыка – краязнаўчага музею).

Кароткі змест экскурсіі, знаёмства з экспанатамі і стэндамі аддзелу: “Жыхары нашай мясцовасці – на франтах Вялікай Айчыннай”, “Настаўнікі школы ў барацьбе з фашызмам”, “Партызанскі рух”, “Жыццё пад акупацыяй”, “Героі Савецкага Саюзу”, “Яны аддалі жыцці за нашу свабоду”, “Вызваленне”, “Ушанаванне і памяць”, рэчы, успаміны і г. д.

  1. Знаёмства прысутных з тым, што зроблена і робіцца імі і вучнямі школы па даследванні ваеннай гісторыю нашага краю, ушанаванні памяці людзей, што прайшлі праз яе, Герояў Савецкага Саюзу, якія нарадзіліся альбо здзейснілі свой поддзвіг на нашай зямлі. (вучань класа).

  2. Гутарка з гасцямі, успаміны пра вайну (вучні запісваюць інфармацыю).

Прывядзем фрагмент занятку ў музеі, дзе госці распавядаюць вучням пра вайну.


Настаўнік: Зараз мы з вамі “гартаем” старонкі самай кравапрпалітнай вайны, поўнай вялікага болю, але і надзвычайнага гераізму, якога не ведала раней гісторыя. У гісторыю нашай краіны гэтая вайна ўвайшла як Вялікая Айчынная, яе трагічныя вынікі яшчэ і цяпер адбіваюцца і адгукаюцца ў кожнай беларускай сям’і . Ніякі падручнік не раскажа аб падзеях мінулай вайны больш, чым тыя, хто бачылі яе сваімі вачамі. Жывыя сведкі вывучаемых намі гістарычных падзей – жывая памяць народа, якая можа быць перададзена непасрэдна нам – іх наступнікам, а праз нас – новым пакаленням беларусаў, каб не загінула памяць. Сёння мы маем магчымасць гэта зрабіць. Дадзім слова нашым паважаным гасцям. Ім даручана далейшае вядзенне ўрока.
Апавядае Жлоба Алена Мітрафанаўна (былая вязень “Азарычаў” і настаўніца нашай школы):

- Нарадзілася я ў сялянскай сям’і ў Жлобінскім раёне. Расла без бацькі. Было цяжка. Прыходзілася дапамагаць маці на жывёлагадоўчай ферме. Вайна пачалася, калі мне было 9 гадоў. Да 1943 года мы жылі дома. Аднойчы зімой нас немцы эвакуіравалі у Жлобін, там разам з пажыткамі загналі ў вагоны і некуды павезлі.

Па дарозе нас некалькі разоў бамбілі. Наш вагон не закранула. Нас ніхто не карміў. Харчаваліся тым, што ўзялі з дому. З вагону не выпускалі. Выгружалі ж нас ноччу. Пажыткі ўзяць было нельга. У каго было шмат дзяцей нават не маглі і іх узяць з сабой. Навокал было адно балота. Тых дзяцей, каторыя стаміліся і не маглі самі ісці, ахоўнікі кідалі ў балотную багну. Ішлі мы ўсю ноч і палову дня. Нарэшце людзей прыгналі ў лагер. Тут ужо было шмат людзей. Яны нам сказалі, што нас павінны будуць усіх расстраляць. Маці надзела мне новыя боцікі і чыстую вопратку –так мы падрыхтаваліся сустрэць смерць.

Але нас не расстралялі, а пагналі далей па балотах. Прыгналі ў новы лагер. Па дарозе многія адставалі, ахоўнікі такіх аслабелых людзей дабівалі стрэламі. Стралялі і ў тых, хто спрабаваў па дарозе ўцякаць. Я моцна стамілася, што хацелася сесці і застацца, але мама мяне ўсяляк падтрымлівала і дапамагала. Толькі дзякуючы ёй і выжыла. Таму і скажу вам, што бацькоў трэба шанаваць і слухацца. Яны заўсёды вас зразумеюць і падтрымаюць.

Прыгналі нас у трэці лагер. Тут таксама было шмат людзей. Памірали кожны дзень ад голаду, смагі, хваробы. У гэтым лагеры нас сталі перабіраць: маладзейшых і здаравейшых у адзін бок, а старэйшых і слабейшых – у другі. Дзяцей забірали ад матак. Мая матуля сказала мне, каб я кульгала як мага часцей. Я вельмі дрэнна выглядала і нас не разлучылі і пагналі далей.

У наступным лагеры было найбольш жахліва. Людзей было яшчэ больш, чым дзе. Дах над галавой замянялі кусты, з якіх пыталіся ладзіць буданы, замест вады пілі растоплены снег, але і такую ваду піць было немагчыма: паўсюль было гнілое балота, ды і натуральныя патрэбы спраўляліся на месцы. Добра, калі каму – небудзь удавалася заняць купіну. Людзі гінулі як мухі. Памёрлых складвалі на балоце штабялямі. Мы сядзелі прама на трупах, бо месца было мала.

Ежу прывозілі вельмі рэдка. Адным разам пад’ехала машына, і з яе пачалі кідаць боханы хлеба. Пачалася вялікая даўка, у якой загінула шмат людзей. Кідалі таксама праз дрот сушаную капусту і кавалкі сухога мяса. Але даставалася далёка не ўсім.

Тут мы прасядзелі тры месяцы. Пастаянна прыляталі самалёты і стралялі па людзях з кулямётаў. Я цудам выжыла, ды і толькі дзякуючы родненькай матульцы дачакалася вызвалення. Пад канец нас яшчэ заразілі сыпным тыфам. Калі прыйшлі чырвонаармейцы, яны нас папрасіі заставацца на сваіх месцах, паколькі ўся дарога замініравана. Ноччы прылятала “рама” і зноў страляла па людзях. Раніцай прыйшлі нашы салдаты і павялі нас па сцяжынцы. А вакол было шмат тых, хто падарваўся на мінах. Урэзалася ў памяць жанчына з разарваным жыватом, а каля яе – маленькія дзеткі. Тысячы аслабелых, хворых на тыф вязныў, не маглі хадзіць – іх укладвалі на насілкі, выносілі з лагера і на падводах развозілі па суседніх вёсках, дзе, як казалі, былі арганізаваны спецыяльныя шпіталі. Нас жа прывялі на чыгуначную станцыю. Тут накармілі гарачай ежай. Усё поле станцыі было ўсцелена целамі нашых салдат. Дзецям сказалі здымаць сумкі з забітых, а дарослыя звозілі іх у адно месца на падводах. Потым нас размясцілі ў доме і абвясцілі каранцін. Многія паміралі ўжо там ад тыфу. Як я пазней даведалася, што няшчасных людзей заражалі гэтай страйнай хваробай таму што немцы разлічвалі на тое, каб, калі Азарычы вызваліць Чырвоная Армія, вызваліцелі сутыкнуцца з хворымі вязнямі і пачнецца вялікая эпідэмія. Было вельмі голадна. Мы вырашылі ўцячы адтуль. Дабраліся да станцыі, там удалося сесць на цягнік і даехаць да Жлобіна. Адтуль пехатой дадому.

Пазней я даведалася, што былі мы ў лагеры, які называўся “Азарычы”, што там загінула больш за 20 тысяч людзей з усёй Беларусі. Мне ж пашчасціла выжыць.

У мірны час я паступіла ў тэхнікум, а затым у інстытут. Пасля інстытута мяне накіравалі працаваць у Ворнаўку. Тут я і працавала да самой пенсіі настаўніцай, вырасціла і выхавала дзяцей.

Колькі ўжо прайшло гадоў пасля вайны і я адчуваю вялікую радасць ад таго, што пражыла да гэтага часу і магу падзяліцца з вамі сваімі ўспамінамі. І я хачу пажадаць вам, мілыя дзеткі, каб ніколі не давялося праходзіць праз такія выпрабаванні, якія выпалі на маю долю.
Апавядае Сафоненка Фёдар Макаравіч (былы дырэктар нашай школы):

- Я ўважліва і з хваляваннем слухаў Алену Мітрафанаўну і супастаўляў яе лёс і свой. Вайна была цяжкім выпрабаваннем для ўсяго нашага народа. Цяжка было не толькі на фронце, вялікія выпрабаванні выпалі і на долю жыхароўакупаванай тэрыторыі, дзе немцы ўстанавілі г. зв. “новы парадак”. За ваенны час у маім жыцці было некалькі выпадкаў, калі я стаяў пеерад тварам смерці.

Я нарадзіўся ў вёсцы Скартынь, там і сустрэў вайну 10 – гадовым хлапчуком. Вось аднойчы, у канцы 1942 года ясным сонечным днём у нашу вёску з боку Яскаўшчыны прыбыў нямецкі абоз. Напярэдадні, ноччу, у нас пабывалі партызаны, а гэта для сяльчан не заўжды было добра. Таму, як толькі людзі ўбачылі абоз, вырашылі, што гэта карнікі і сталі шукаць паратунку хто дзе. Немцы акружылі вёску і сагналі ўсіх людзей у цэнтр. Перад гэтым людзі хавалі свій сабраны ўраджай у ямах. У нашай сям’і было тры ямы, але іх адразу знайшлі, забралі і карову. Мяне дзядзька навучыў пайсці прасіць немцаў, каб яны пакінулі нам хоць што – небудзь. Я так і зрабіў. Але немец, да якога я звярнуўся, як шалёны. Закрычаў – “Партызан! Павесіць!”. Ён вывеў мяне з хаты і падвёў да свайго фельдфебеля. Яны аб нечым пагергеталі і , відаць. Вырашылі, што я для іх не ўяўляю небяспекі. Мяне моцна выцяглі ботам пад зад, так што я ледзь не зарыўся ў зямлю, і загадалі капаць бульбу. Мяне тое і выратавала, напэўна, што ім былі патрэбны рабочыя рукі, каб рабаваць ураджай.

Падобных выпадкаў за час вайны было са мной некалькі. Пра ўсе расказаць – патрэбна шмат часу. Я толькі ў заключэнне хачу сказаць, што вайна прынесла ўсім шмат гора і хацелася б, каб у вашым жыццёвым шляху не было месца вайне, а быў толькі мір.


Настаўнік: Ураджанне, якое зрабілі аповяды нашых шаноўных гасцей, вельмі цяжкае. Таму цяжка задаваць пытанні, нават, і загадзя падрыхтаваныя.

Я толькі хачу выказаць нашу агульную удзячнасць людзям, якія падзяліліся з намі часцінкай сваёй памяці і тым самым зрабілі нас саўдзельнікамі свайго ўласнага лёсу. І калі вы будзеце чытаць хатняе заданне, то памятайце, што за радком гісторыі стаяць людзі – жывыя і памерлыя, стаяць людскія лёсы. Прашу таксама усіх, у каго ёсць магчымасць, звярнуцца да сваіх бацькоў, дзядуль і бабуль і запісаць іхнія ўспаміны аб вайне . Гэта наш маральны доўг, гэта будзе наш уклад у памяць і гістарычную навуку.


suc53388.jpg

Мал. 1. У час экскурсіі ў палацавы комплекс Румянцавых – Паскевічаў (г. Гомель).



Мал. 2. Э час экскурсіі ў музей імя П. Лепяшынскага (в. Літвінавічы Кармянскага раёна).


swscan00003.tif

Мал. 3. Этнаграфічны куток запрашае наведвальнікаў.






База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка