Міхал клеафас агінскі: запавет сыну упершыню абнародаваны ліст кампазітара да свайго сына Ірэнеуша — парады бацькі будучаму студэнту напачатку XIX стагоддзя




Дата канвертавання04.03.2017
Памер62.83 Kb.
МІХАЛ КЛЕАФАС АГІНСКІ: ЗАПАВЕТ СЫНУ
Упершыню абнародаваны ліст кампазітара да свайго сына Ірэнеуша — парады бацькі будучаму студэнту напачатку XIX стагоддзя.

Літаратар і гісторык, выдатны дыпламат і таленавіты фінансіст, палітычны дзеяч і кампазітар, Міхал Клеафас Агінскі пакінуў нашчадкам унікальны асабісты архіў, які год таму, у лютым 2008-га, быў вернуты ў Беларусь. Яшчэ да пачатку работы над дакументамі было зразумела: вывучэнне архіва гэтага выдатнага чалавека абяцае сенсацыі і музыказнаўцам, і гісторыкам. Тым больш што нават павярхоўны, першы прагляд прынёс сюрпрыз: музыказнаўца Святлена Немагай знайшла тры да гэтага часу невядомыя творы сусветна вядомага кампазітара. Прайшоў год, і архіў падносіць новае адкрыццё. На гэты раз — літаратарам і педагогам. 



Перадгісторыя, альбо Не толькі паланэз

Шэсць тысяч старонак архіва, складзеныя ў пяць скрынь і ўпарадкаваныя па літарах алфавіту, пасля смерці Міхала Клеафаса Агінскага ў 1833 годзе перадаў ураду Расійскай імперыі па апошняй волі свайго знакамітага бацькі Ірэнеуш Агінскі. І амаль два стагоддзі спадчына выдатнага дзеяча еўрапейскай гісторыі і культуры праляжала неразабранай у Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў. Пакуль у мінулым годзе пры актыўным садзейнічанні Нацыянальнай камісіі Беларусі па справах ЮНЕСКА архіў не быў вернуты ў Беларусь. Паміж архівістамі краін СНД не існуе дамоўленасці пра зварот арыгінальных архіўных дакументаў, таму архіў нашага знакамітага суайчынніка трапіў на радзіму ў мікрафільмах і на камп’ютэрных дысках. Але і ў такім выглядзе, упэўнена Зінаіда Кучар, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, дзе захоўваецца архіў Агінскага, гэтыя ўнікальныя дакументы — вялізны здабытак адразу для многіх галін навукі і культуры.

Аднак свае загадкі архіў не раскрывае лёгка. Большая частка спадчыны Агінскага — на французскай і польскай мовах, прычым абедзве мовы, зразумела, утрымліваюць старажытныя граматычныя формы, так што адэкватна перакласці іх на сучасную беларускую ці рускую мову можа далёка не кожны лінгвіст. Частка дакументаў зашыфравана, у прыватнасці ліставанне бацькі Міхала Клеафаса, таксама выдатнага палітычнага дзеяча Андрэя Агінскага, з апошнім каралём Рэчы Паспалітай Станіславам Аўгустам Панятоўскім. І хоць палітык пакінуў нашчадкам расшыфроўку, гэта, зразумела, усё ж значна ўскладняе работу. Да таго ж у кожнага, з кім ліставаўся Агінскі, — а сярод гэтых людзей такія гістарычныя імёны як, напрыклад, князь Даўгарукі альбо сенатар Мураўёў-Апостал, — быў свой почырк, далёка не заўсёды каліграфічны. Калі сам Агінскі пісаў досыць акуратна, то, напрыклад, лісты ад графа Патоцкага разабраць складана яшчэ і з-за неразборлівага почырку. Дарэчы, расказала суразмоўца, ёсць сярод эпісталярнай спадчыны кампазітара і лісты ад вядомых жанчын яго часу. Мабыць, архіў хавае яшчэ і прыгожую гісторыю кахання…

А пакуль што даследчыкі ўзяліся за тую частку архіва, што ўтрымлівае ноты. Мова музыкі — інтэрнацыянальная, зразумелая і нашым сучаснікам, і сучаснікам Міхала Клеафаса. Тым больш што Агінскі ўвайшоў у сусветную гісторыю ў першую чаргу як кампазітар. Хоць сам ён лічыў стварэнне музыкі не больш як захапленнем, вытанчаным хобі сур’ёзнага чалавека. Пасол у Англіі і Галандыі, міністр фінансаў Рэчы Паспалітай і сенатар Расійскай імперыі, давераная асоба імператара Аляксандра I, князь Агінскі разлічваў застацца ў гісторыі як палітык.

Аднак гісторыя вырашыла інакш. “Паланэз Агінскага” сёння — адна з найбольш вядомых мелодый, што гучыць не толькі ў канцэртных залах многіх краін, але нават з мабільных тэлефонаў. Іншая справа, нямногія, акрамя спецыялістаў, ведаюць, што ў паланэза ёсць назва — “Развітанне з Радзімай” (ён быў напісаны, калі пасля падаўлення паўстання Тадэвуша Касцюшкі Міхал Клеафас вымушаны быў эмігрыраваць). А яшчэ Агінскі — аўтар больш як 20 паланэзаў. Спадчына кампазітара — гэта і фартэпіянныя п’есы, мазуркі, маршы, менуэты, рамансы, вальсы. Шэраг даследчыкаў прыпісваюць Агінскаму і аўтарства музыкі польскага гімна (Jeszcze Polska nie zginela).

За год больш за 400 лістоў нот вывучана і атрыбутыравана музыказнаўцамі. У бліжэйшы час, расказала Зінаіда Кучар, пабачыць свет нотны зборнік, які ўключыць у сябе ноты з архіва Агінскага: як творы Міхала Клеафаса, вядомыя і невядомыя, так і тую музыку еўрапейскіх кампазітараў, што гучала ў яго доме. Тры невядомыя творы Агінскага — марш у аранжыроўцы дачок кампазітара, Амеліі і Эмы (надпіс на нотным лісце — “Для нашага дарагога таты”), раманс і галоп — аматары класічнай музыкі змогуць пачуць у сучасным аркестровым выкананні, набыўшы кампакт-дыск, што таксама хутка выйдзе ў свет.


Сані — летам

Сучасныя камп’ютэрныя тэхналогіі дазваляюць узнавіць дакументы двухсотгадовай даўнасці ў такім выглядзе, што ад арыгінала копію адрозніць толькі спецыяліст. Найбольш цікавыя старонкі архіва, расказала Зінаіда Кучар, складуць аснову экспазіцыі музея Агінскага “Залессе”. Напрыклад, экспанатамі стануць больш як 340 візітовак тых людзей, што бывалі на балях і прыёмах у Залессі: князь Чарльз Панятоўскі, граф Баляслаў Патоцкі, рускі аташэ Пашкоў, герцагіня Тасканская, граф Шувалаў… У часы Міхала Клеафаса ў яго маёнтку Залессе недалёка ад Смаргоні збіраліся, як успамінаюць сучаснікі, “знакамітыя грамадзяне Кароны і Літвы”, вышэйшы свет Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, многіх еўрапейскіх дзяржаў. Тут ігралі знакамітыя музыканты канца XVIII — пачатку XIX стагоддзя: дырэктар музыкі пецярбургскіх імператарскіх тэатраў Іосіф Казлоўскі, вядомы іспанскі скрыпач Эскудэра, італьянскі кампазітар і спявак Джузэпэ Паліані.

Адраджэнне вытанчанай атмасферы Залесся з яго тэатральнай і музычнай заламі, аранжарэямі, паркам, канюшнямі і нават звярынцамі (маёнтак называлі Паўночнымі Афінамі) — справа будучыні. План рэстаўрацыі зацверджаны, зараз Залессе — у чарзе на інвестыцыйную праграму. А вось экспазіцыю супрацоўнікі Дзяржаўнага музея тэатральнай і музычнай культуры Беларусі пачынаюць ствараць ужо ў гэтыя дні — рыхтуюць, згодна з народнай мудрасцю, сані летам. І хто ведае, можа, да заканчэння рэстаўрацыі Залесся ў нашай краіне апынецца поўны архіў Агінскага. Беларускай часткай архіва ўжо зацікавілася Літва, якая таксама валодае дакументальнай спадчынай палітыка і кампазітара. Зараз беларускія і літоўскія архівісты і музейшчыкі вядуць перамовы аб абмене (зразумела, на электронных носьбітах). Заці-каўленасць выказала і Польшча, у гісторыі якой Агінскі адыграў значную ролю. Апошнія гады жыцця Міхал Клеафас правёў у Фларэнцыі, і калі наладзіць кантакты яшчэ і з італьянскімі архівістамі, мараць беларускія музейшчыкі, з’явіцца рэальная магчымасць сабраць поўны архіў выдатнага сына беларускай зямлі.
Запавет сыну

Дзіця маё, ты пакідаеш бацькоўскі дом, і з гэтага першага кроку пачынаецца новы этап твайго жыцця”. Так пачынаецца “Запавет сыну Ірэнеушу”, які Міхал Агінскі напісаў у 1822 годзе, калі яго сын ад’язджаў з роднага Залесся вучыцца ў Італію. Пад гэтымі 14 запаветамі, напэўна, і сёння падпішуцца бацькі, чые сыны і дочкі пакідаюць родны кут, каб стаць студэнтамі. Вось гэтыя парады-запаветы:



1. Чалавек — не воля выпадку, ён не нараджаецца без мэты.

2. Ні на імгненне не забывай, чым ты абавязаны сваёй маці. Прызвычайся нічога не рабіць, папярэдне не запытаўшы сябе: “А мая маці ўхваліць ці не?” І калі тваё сумленне адкажа: мая матуля гэта ўхваліць — дзейнічай смела. Калі яно скажа адваротнае — устрымайся, і ты пазбавішся ад памылкі.

3. Будзь заўсёды раннім — уставай на золку, не давай час для ляноты, перамагай сябе.

4. Ты павінен пазбягаць празмернасці, асабліва ў віне, троху віна — на два пальцы — усё, што можаш сабе дазволіць. Не захапляйся таксама і півам. Трэба пазбягаць залішняга і ў ежы.

5. Ты захаваеш сваё здароўе, калі будзеш захоўваць гігіену (чысціня цела ўплывае на чысціню душы), а таксама і рэжым, выконваць гімнастычныя практыкаванні.

6. Дзень трэба заканчваць малітвай, пытаючы сваё сумленне аб тым, што было зроблена.

7 (Гэта Агінскі пісаў сыну ў сувязі з тым, як неабходна ставіцца да слуг, але запавет актуальны і ў адносінах паміж сучаснымі людзьмі.). Памятай, паміж дабрынёю і фамільярнасцю ёсць вялікая розніца. Першае — велікадушнасць сэрца, другое — з-за пасрэднасці і пошласці. Нарадзіўшыся не дзеля таго, каб абслугоўваць, а быць тым, каго абслугоўваюць, ты абавязаны гэтым выпадку, тут няма падстаў ганарыцца.

8. Каб замацаваць звычку самааналізу, лепш завесці дзённік. Да таго ж гэтая звычка выпрацоўвае добры літаратурны стыль.

9. Што датычыцца тваіх заняткаў — неабходна, каб твае намаганні былі скіраваны на дасягненне пастаўленай перад сабой мэты.

10. Яшчэ адно пажаданне: вывучаць сучасныя замежныя мовы.

11. Каб добра вывучыць замежную мову, неабходна яе палюбіць. Дзеля гэтага — чытаць кнігі лепшых аўтараў на гэтай мове і нават ліставацца на ёй з сябрамі.

12. Намагайся заслужыць добразычлівасць аднакурснікаў ва ўніверсітэце роўнымі паводзінамі — прыязнымі, ветлівымі, да ўсіх аднолькавымі. Не ўцягвайся ў справы, якія ты лічыш для сябе непрымальнымі. Часцей той, хто баіцца славы баязліўца і сваю ганарыстасць выдае за смеласць — той і ёсць баязлівец.

13. Паслухмянасць і добразычлівасць да тых, што заменяць табе бацькоў (Агінскі мае на ўвазе выкладчыкаў універсітэта і ў першую чаргу сваякоў, якія жылі ў Італіі), — лепшая падзяка за клопат пра цябе.

14. Я вельмі добра думаю пра цябе, мой дружа. Калі ты любіш нас, як я спадзяюся, гэта падтрымае цябе ва ўсіх тваіх пачынаннях.



Читать полностью: http://news.tut.by/culture/129266.html


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка