Мілы кут маіх дзядоў




Дата канвертавання15.08.2017
Памер28.97 Kb.
Мілы кут маіх дзядоў”

Бурак Ганна, 10 клас

Лепей за ўсё мне на свеце мясціна

Тая, дзе я нарадзіўся і ўзрос.

Бэз пад акном і на полі каліна,

Ціхае сонца, блакіты нябёс…

группа 4 Кастусь Кірэенка

“Мой родны кут, як ты мне мілы!..” – такімі радкамі, якія зрабіліся класічнымі і якія ведае кожны школьнік, выказаў Якуб Колас сваю любоў да Радзімы. Але, як кожны вялікі паэт, ён выказаў гэтымі словамі не толькі свае думкі, а думкі ўсіх людзей, кожнага чалавека. Нездарма, у народзе склалася прыказка -дарагая тая хатка, дзе радзіла мяне матка. Тою хаткаю мы звязаны на ўсё жыццё, і куды б не закінуў нас лёс, свой родны куток ён будзе ўспамінаць з любасцю, яго будзе вабіць туды.

Родная Беларусь! Сінявокі азёрны край з багатай гісторыяй. Кожны, хто нарадзіўся на гэтай зямлі, можа з гонарам сказаць: “Я – беларус і ганаруся, што маю гэтае імя”. Менавіта тут, ля парога бацькоўскага дома, і пачынаецца наша Радзіма. Наша агульная і адзіная Радзіма - Рэспубліка Беларусь. Тут мы нарадзіліся, тут жылі нашы продкі, жывуць і працуюць нашы бацькі, суседзі, землякі -грамадзяне нашай краіны.

А яшчэ у кожнага з нас ёсць свая маленькая радзіма. Гэта тое месца, дзе мы нарадзіліся, зрабілі першыя крокі, сказалі першае слова:

У краі тым, дзе я жыву,

У парку заліваецца салоўка,

А пасля першага вясенняга дажджу

Над возерам успыхвае вясёлка.

Гэтыя радкі пра цудоўны куточак з жывапіснай прыродай і багатай гістарычнай спадчынай – вёску Станькава - напісала мая маці.

Станькава – мая родная вёска. Тут я нарадзілася і ўзрасла, тут жывуць мае бацькі, сябры, знаёмыя. Я ганаруся, што мне пашчасціла нарадзіцца тут. Дзе ж знаходзіцца гэтая цудоўная мясціна?

Ёсць пад Койданавам Станькава -

Прыгожы парк, альтанка, пруд…

Сюды вас шчыра запрашаем,

Гасцям заўсёды рады тут.

Тут кожны валун, асобнае дрэва мае сваю гісторыю. І як не ўспомніць адну з легенд знакамітага Станькаўскага парка, што належыў некалі графу Чапскаму.

       Не ведала беларуская зямля больш прыгожай і нешчаслівай гісторыі кахання, чым гэта. Садоўнік і пані. Раніцай, гуляючы па парку, пані міла ўсміхалася садоўніку. А ён лавіў кожны  жэст, кожны пагляд. Акрылены высокім пачуццём, закаханы, здавалася, мог звярнуць горы. Калі б ён быў паэтам, то напісаў бы цудоўныя вершы для любай. Калі б быў спеваком, то ўсю ноч спяваў песні пад яе вокнамі. А калі б быў мастаком, то  намаляваў бы незвычайны па прыгажосці партрэт каханай. Але... ён быў толькі садоўнікам. А што можа просты садоўнік? Пасадзіць кветкі! Не, восенню яны завянуць. А што, калі пасадзіць дрэва, такое, якога больш нідзе не знойдзеш, у якім уся яго душа, пяшчота, якое зможа пакарыць сэрца прыгожай пані.

 Праз некалькі гадоў пад вокнамі графіні выраслі тры незвычайныя дрэвы. Гэта былі сапраўдныя творы мастацтва: замест кроны вясной зацвілі карані! Сімвал гэтага дзіва – закаханы, які згубіў галаву, і ўвесь свет для яго “перавярнуўся ўверх нагамі”. З тых часоў вясною тры вязы – “Вера”, “Надзея”, “Любоў” – “плакалі” аб няшчасным каханні.

        Прайшло шмат гадоў. Памёр садоўнік, памерла графіня, а дрэвы раслі. І ўсё ж гады зрабілі сваё. Спачатку прапала адно дрэва, затым другое, трэцяе. І толькі старыя дрэвы ў парку ціха шапочуць лістотай, быццам хочуць паведаць нам свае таямніцы.

Дзе б мы не былі, якую б экзатычную прыроду не бачылі, нас заўсёды цягне да самага найдаражэйшага куточка, дзе мы нарадзіліся.

Я люблю цябе, родны край! Люблю кожны лісток на дрэве, што ўзрасціла твая зямля, кожную хвалю на тваіх блакітных вачах, кожную хваінку ў тваіх густых пушчах.

Я люблю цябе, васільковая далечыня! Я сэрцам прысягаю тваім квітнеючым прасторам, што закалыхваюць сваёй прыгажосцю.

Промні сонечнага святла разліваюцца ранкам па зямлі маіх продкаў. Я бачу гэтае святло. Мне здаецца, што яно ў маёй душы...



Люблю!.. Я люблю цябе, мая радзіма! Я ўдзячна лёсу, што нарадзілася на гэтай зямлі, і веру, што яна калі-небудзь падаруе мне шчасце.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка