Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ГеАграфІя Вучэбная праграма




старонка1/6
Дата канвертавання03.01.2017
Памер0.88 Mb.
  1   2   3   4   5   6
Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

ГеАграфІя
Вучэбная праграма

для VI—XI класаў

устаноў агульнай сярэдняй адукацыі

з беларускай мовай навучання

Мінск 2014


Тлумачальная запіска
Геаграфічная адукацыя дае веды пра сутнасць працэсаў і з’яў, якія адбываюцца ў прыродных і сацыяльна-эканамічных сістэмах Зямлі. Пры вывучэнні вучэбнага прадмета «Геаграфія» вучні знаёмяцца з асаблівасцямі прыроднага, сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця канкрэтных тэрыторый, з заканамернасцямі развіцця тэрытарыяльных прыродна-грамадскіх сістэм, удасканаленнем тэрыта­рыяльнай арганізацыі грамадства, з прынцыпамі рацыянальнага прыродакарыстання, эфектыўнага гаспадарання, аховы прыроднага асяроддзя і беражлівых адносін да прыродных рэсурсаў.

Праграмы ўяўляюць сабой адзіную сістэму ўзаемазвязаных курсаў, якія забяспеч­ваюць пераемнасць зместу, формаў і метадаў арганізацыі вучэбнай дзейнасці вучняў.



Агульная мэта — фарміраванне асобы, тых яе якасцей, поглядаў, прынцыпаў і нормаў паводзін, якія адпавядаюць агульначалавечым каштоўнасцям.

Роля геаграфіі як вучэбнага прадмета ў фарміраванні і развіцці асобы вызна­чаецца спецыфікай навукі. Геаграфія — комплексная грамадская прыродазнаўчанаву­ковая дысцыпліна, для якой характэрны комплексны падыход у даследаванні і тлумачэнні заканамернасцей узаемадзеяння прыроды і грамадства, узаемасувязей паміж іх асобнымі кампанентамі. Толькі сродкамі геаграфіі можа быць сфарміравана ўяўленне аб прасторава-часавым характары з’яў і працэсаў, неабходнае для разумення сутнасці сучасных праблем чалавецтва — сацыяльных, экалагічных, эканамічных, палітычных.



Пачатковы курс геаграфіі (VI—VII класы) закліканы здзейсніць пераход ад вывучэння інтэграванага прадмета «Чалавек і свет» да сістэмнага вывучэння геаграфіі.

Мэта — фарміраванне ўяўленняў аб Зямлі як прыродным комплексе, аб асаблівасцях зямных абалонак і іх узаемасувязях, насельніцтве, палітычнай карце, гаспадарцы і яе структуры.

Задачы:

  • азнаямленне вучняў з геаграфіяй як навукай, геаграфічнай картай — яе мовай;

  • фарміраванне ўяўленняў аб прыродзе зямной паверхні, насельніцтве Зямлі і яго гаспадарчай дзейнасці, геаграфічных працэсах і з’явах;

  • замацаванне першапачатковых геаграфічных ведаў і ўменняў на прыкладзе кампанентаў прыроды, буйных геаграфічных аб’ектаў зямной паверхні з прыцягненнем краязнаўчага матэрыялу.

Геаграфія мацерыкоў і краін (VIII—IX класы). Пры вывучэнні «Геаграфіі мацерыкоў і краін» рэалізуецца комплексны краіназнаўчы падыход, які ўключае геаграфічныя асаблівасці і спецыфіку прыроды, насельніцтва і гаспадаркі мацерыкоў і асобных краін зямнога шара.

Мэта — паказаць вучням агульныя геаграфічныя заканамернасці мацерыкоў і акіянаў, асобных краін у разнастайных прыродных умовах, асаблівасці ўплыву прыроды на гаспадарку, культуру; даць комплексную геаграфічную характарыстыку мацерыкоў, краін і акіянаў, спецыфіку фарміравання іх прыродна-рэсурснага патэн­цыялу і асаблівасці іх сучаснага развіцця. Упершыню выдзелены раздзел «Краіны Беларускага парубежжа» з мэтай фарміравання разумення вучнямі агульных этнічных, культурных, гаспадарчых каштоўнасцей, якія гістарычна сфарміраваліся.

Задачы:

  • развіццё комплекснага геаграфічнага мыслення; фарміраванне аб’ектыўнага погляду вучня на свет;

  • стварэнне цэласнага вобразнага ўяўлення аб планеце Зямля, краінах Зямлі, іх прыродзе, насельніцтве, культуры і каштоўнасцях, эканамічным развіцці.

Асноўны аб’ект вывучэння геаграфіі мацерыкоў і краін — краіназнаўства, якое з’яўляецца сувязным звяном паміж навукай геаграфіяй і агульначалавечай культурай.

Геаграфія мацерыкоў і краін заклікана сфарміраваць у вучняў уяўленне аб разнастайнасці і адзінстве свету, неабходнасці захавання прыроднай разнастайнасці і забеспячэння ўстойлівага развіцця краін у бліжэйшай і далёкай перспектыве.

У ІХ класе разглядаюцца асаблівасці прыроды і гаспадаркі Еўразіі, у цэнтры якой знаходзіцца Рэспубліка Беларусь, чыя гаспадарка фарміруецца і развіваецца ў цеснай сувязі з глабальнымі міжнароднымі працэсамі на мацерыку. Неад’емнай часткай курса з’яўляецца вывучэнне геаграфічных асаблівасцей краін: Расіі як члена саюзнай дзяржавы, краін Беларускага парубежжа (Украіны, Польшчы, краін Балтыі), най­буйнейшых дзяржаў Еўрапейскага Саюза — патэнцыяльных партнёраў эканамічнага і культурнага супрацоўніцтва, а таксама вядучых краін Усходу.

Геаграфія Беларусі (X клас). На прыкладзе сваёй рэспублікі вучні атрым­ліваюць усебаковае ўяўленне пра комплексную геаграфічную характарыстыку асобных краін. Пры вывучэнні вучні арыентаваны на глыбокае комплекснае вывучэнне прыроды, насельніцтва і гаспадаркі сваёй краіны, яе асобных раёнаў.

Мэта — фарміраванне ведаў аб уплыве асаблівасцей прыроды на размяшчэнне насельніцтва і спецыялізацыю гаспадаркі. Беларусь разглядаецца як тэрытарыяльная геаграфічная сістэма, сістэма прыродных, гаспадарчых і сацыяльных аб’ектаў і з’яў, якія развіваюцца ў пастаянным узаемадзеянні.

Задачы:


  • вывучэнне асаблівасцей геапалітычнага становішча Рэспублікі Беларусь;

  • ацэньванне з пазіцыі ўплыву яго значэння на развіццё гаспадаркі;

  • фарміраванне і ўмацаванне палітычнага, сацыяльнага і эканамічнага іміджу Рэспублікі Беларусь.

Агульная геаграфія (XI клас) з’яўляецца заключнай, абагульняючай у сістэме геаграфічнай адукацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі і ўяўляе сабой між­прадметную вобласць ведаў, якія ўзнікаюць на сутыку прыродных і грамадскіх навук.

Мэта — азнаямленне вучняў з тэарэтычнымі і практычнымі кірункамі сучаснай геаграфічнай навукі, геаграфічнымі аспектамі асноўных праблем чалавецтва і шляхамі іх вырашэння, новымі метадамі і кірункамі развіцця сучасных геаграфічных ведаў, магчымасцямі практычнага выкарыстання геаграфічнай навукі і навуковых ведаў для арганізацыі гаспадаркі і маніторынгу навакольнага асяроддзя, стварэння цэласнага ўяўлення пра геаграфічныя аб’екты і з’явы.

Асноўным аб’ектам вывучэння геаграфіі з’яўляецца геаграфічная абалонка — жыццёва важная прастора і сфера чалавечай дзейнасці. Прадметам вывучэння з’яўля­юцца геаграфічныя з’явы і працэсы, заканамернасці, канцэпцыі, тэорыі развіцця геагра­фічнай абалонкі, грамадства і ўзаемадзеяння паміж імі.



Задачы:

  • фарміраванне ў вучняў навуковых уяўленняў аб навакольным асяроддзі ў развіцці;

  • разуменне найбольш актуальных палітычных, эканамічных, сацыяльных, экалагічных праблем, якія ўзнікаюць у геаграфічнай прасторы;

  • раскрыццё сутнасці праблемы ўстойлівага развіцця як асновы гарманічнага развіцця грамадства і прыроды.

Праграмай прадугледжваецца правядзенне практычных работ. Асобныя практыч­ныя работы праводзяцца на вучэбных занятках абагульняючага паўтарэння. Выніковыя практычныя работы абазначаны зорачкай. У праграме кожнага года навучання прадугледжаны рэзерв часу. Выдзелены патрабаванні да вынікаў навучання з улікам іх зместавай вобласці і ўзроставых фізіялагічных асаблівасцей вучняў. Геаграфічная наменклатура пералічваецца ў патрабаваннях без паўтору, па меры выкарыстання пры вывучэнні новага матэрыялу.

У праграме прадугледжана дадатковая літаратура для настаўніка і вучняў.


Пачатковы курс геаграфіі
VI клас

(35 гадзін)
Уводзіны (1 гадзіна)
Геаграфія — навука аб прыродзе Зямлі і прычынах яе разнастайнасці, насельніцтве і яго гаспадарчай дзейнасці. Значэнне геаграфіі ў жыцці і гаспадарчай дзейнасці людзей. Абалонкі Зямлі: літасфера, гідрасфера, атмасфера, біясфера.

Асноўныя паняцці: геаграфія, літасфера, гідрасфера, атмасфера, біясфера.
Патрабаванні да вынікаў навучання
Вучням неабходна:

называць аб’екты вывучэння геаграфічнай навукі; абалонкі Зямлі;

тлумачыць ролю геаграфіі ў жыцці і гаспадарчай дзейнасці людзей;

ведаць вобласці прымянення геаграфічных ведаў.
Раздзел I. АБЛІЧЧА зямлі.

Геаграфічныя адкрыцці (3 гадзіны)
Мацерыкі. Акіяны. Часткі свету. Склад сушы: мацерыкі, паўастравы, астравы, архіпелагі.

Геаграфічныя адкрыцці ў Старажытным свеце і ў сярэднія вякі. Эпоха Вялікіх геаграфічных адкрыццяў. Падарожжы Хрыстафора Калумба і Фернана Магелана.

Вытокі сучасных геаграфічных даследаванняў. Вывучэнне Зямлі з космасу. Вывучэнне Сусветнага акіяна: Тур Хеердал, Жак Пікар, Жак Іў Кусто.

Асноўныя паняцці: мацярык (кантынент), акіян, частка свету, мацярык, паўвостраў, востраў, архіпелаг.
Патрабаванні да вынікаў навучання
Вучням неабходна:

ведаць мацерыкі, акіяны, часткі свету, паўастравы, астравы;

называць вядомых даследчыкаў і падарожнікаў: Марка Пола, Тура Хеердала, Жака Пікара, Жака Іва Кусто;

называць і паказваць маршруты найважнейшых падарожжаў; кантыненты: Афрыка, Антарктыда, Аўстралія, Паўднёвая Амерыка, Паўночная Амерыка, Еўразія; акіяны: Ціхі, Атлантычны, Індыйскі, Паўночны Ледавіты; часткі свету: Афрыка, Еўропа, Азія, Амерыка, Аўстралія і Акіянія, Антарктыда; паўастравы: Аравійскі, Індастан, Скандынаўскі, Лабрадор; астравы: Грэнландыя, Ісландыя, Вялікі Бар’ерны рыф;

тлумачыць адрозненне паміж мацерыком і часткай свету; ролю геаграфічных падарожжаў і даследаванняў у развіцці грамадства.
Раздзел ІІ. Адлюстраванне паверхні зямлі на плане

мясцовасці, глобусе і карце

(11 гадзін)


Т э м а 1. План мясцовасці (4 гадзіны)
Стораны гарызонту. Арыентаванне на мясцовасці. Компас. Азімут.

Паняцце аб плане мясцовасці, умоўныя знакі. Вымярэнне адлегласцей на мясцовасці і на плане. Маштаб і яго віды.

Вызначэнне азімутаў і напрамкаў па зададзеных азімутах з дапамогай компаса.

Складанне плана мясцовасці. Вакамерная здымка. Выкарыстанне планаў мясцо­васці ў практычнай дзейнасці чалавека.



Практычныя работы

1. Арыентаванне на мясцовасці. Вызначэнне азімутаў і напрамкаў па зададзеных азімутах з дапамогай компаса.

2. Складанне плана невялікага ўчастка мясцовасці спосабам вакамернай здымкі. Вымярэнне адлегласцей на мясцовасці і на плане.

Асноўныя паняцці: арыентаванне, азімут, план мясцовасці, маштаб, лікавы, най­менны і лінейны маштабы, умоўныя знакі, вакамерная здымка, палярны і маршрутны здымкі плана мясцовасці.


Патрабаванні да вынікаў навучання
Вучням неабходна:

называць спосабы здымкі плана мясцовасці;

называць і паказваць умоўныя знакі;

вызначаць стораны гарызонту, азімут;

вымяраць адлегласці на мясцовасці;

чытаць план мясцовасці (вызначаць кірункі, адлегласці, аб’екты, іх узаема­размяшчэнне);

складаць элементарны план мясцовасці.
Т э м а 2. Геаграфічная карта

(6 гадзін)


Форма і памеры Зямлі. Асаблівасці паказу зямной паверхні на глобусе. Градусная сетка на глобусе. Экватар, паралелі, мерыдыяны, пачатковы мерыдыян, геаграфічныя полюсы. Часавыя паясы.

Паняцце аб геаграфічнай карце. Легенда карты. Адрозненні карт па маштабе (дробнамаштабныя, сярэднемаштабныя, буйнамаштабныя).

Віды геаграфічных карт па ахопе тэрыторыі (сусветныя карты, карты асобных мацерыкоў і акіянаў, карты частак мацерыкоў), па змесце (агульнагеаграфічныя і тэматычныя).

Паняцце аб тапаграфічнай карце. Умоўныя знакі на тапаграфічнай карце. Абсалютная і адносная вышыні. Рэльеф. Адлюстраванне рэльефу на картах.

Геаграфічныя каардынаты: геаграфічныя шырата і даўгата. Сучасныя спосабы вызначэння геаграфічных каардынат.

Адрозненне геаграфічнай карты ад плана мясцовасці. Значэнне карт у геаграфіі, жыцці і гаспадарчай дзейнасці людзей. Контурныя карты.


Практычныя работы

3. Чытанне тапаграфічнай карты.

4*. Вызначэнне геаграфічных каардынат па картах і нанясенне геаграфічных аб’ектаў па зададзеных каардынатах на контурную карту.
Асноўныя паняцці: геаграфічная карта, легенда карты, экватар, паралелі, меры­дыяны, пачатковы мерыдыян, градусная сетка, геаграфічныя шырата і даўгата, геагра­фічныя каардынаты, часавыя паясы, дробнамаштабныя, сярэднемаштабныя, буйна­маштабныя (тапаграфічныя) карты, агульнагеаграфічныя і тэматычныя карты, адносная і абсалютная вышыні, рэльеф, гарызанталі.

Патрабаванні да вынікаў навучання
Вучням неабходна:

называць віды геаграфічных карт;

адрозніваць геаграфічныя карты па маштабе, ахопе тэрыторыі, змесце;

называць і паказваць экватар, пачатковы мерыдыян, геаграфічныя полюсы; на карце і глобусе геаграфічныя аб’екты;

вызначаць (вымяраць) адлегласці па картах і глобусе, геаграфічныя каардынаты і напрамкі, геаграфічнае становішча аб’ектаў, паясны час; абсалютную і адносную вышыні гор і раўнін;

умець чытаць тапаграфічную і геаграфічныя карты;

абазначаць і падпісваць геаграфічныя аб’екты на контурнай карце.
Абагульняючае паўтарэнне (1 гадзіна)

Раздзел ІІІ. Прырода Зямлі (19 гадзін)
Т э м а 3. Літасфера і рэльеф Зямлі (8 гадзін)
Унутраная будова Зямлі: ядро, мантыя, зямная кара. Будова і магутнасць зямной кары. Паняцце аб літасферы.

Унутраныя сілы Зямлі. Землетрасенні, вулканізм.

Знешнія сілы Зямлі. Выветрыванне.

Горныя пароды і мінералы, якія складаюць зямную кару. Магматычныя, асадка­выя і метамарфічныя горныя пароды.

Рэльеф Зямлі. Асноўныя формы рэльефу: раўніны, горы. Горы і горныя краіны. Адрозненне гор па вышыні (нізкія, сярэднія, высокія).

Віды раўнін па характары паверхні (плоскія, узгорыстыя), па абсалютнай вышыні (упадзіны, нізіны, узвышшы, пласкагор’і).

Рэльеф дна Сусветнага акіяна.

Выкарыстанне і ахова нетраў Зямлі.


Практычныя работы

5*. Апісанне па геаграфічнай карце асобных раўнін і горных краін.

6. Вызначэнне глыбіні мораў і акіянаў па геаграфічнай карце.
Асноўныя паняцці: ядро Зямлі, мантыя, зямная кара, кантынентальная і акіяніч­ная зямная кара, горныя пароды: магматычныя, асадкавыя, метамарфічныя, мацеры­ковая водмель (шэльф), мацерыковы склон, ложа акіяна, жолаб, землетрасенне, ачаг і эпіцэнтр, вулканізм і вулканы, магма, лава, жарало, кратар, вулканічны конус, раўніны, горы, горныя краіны, горны хрыбет, вяршыня, горная даліна, нізкія, сярэднія і высокія горы, упадзіны, нізіны, узвышшы, пласкагор’і, выветрыванне, фізічнае, хімічнае і біялагічнае выветрыванне.
Патрабаванні да вынікаў навучання
Вучням неабходна:

называць асноўныя формы рэльефу Зямлі;

характарызаваць адрозненні кантынентальнай і акіянічнай зямной кары;

называць і паказваць на карце розныя формы рэльефу зямной паверхні; раўніны: Усходне-Еўрапейская, Мінскае ўзвышша, Амазонская нізіна, Сярэднесібірскае пласка­гор’е, упадзіна Гхор; горы: Альпы, Каўказ, Уральскія, Гімалаі з вяршыняй Джама­лунгма (Эверэст), Кардыльеры, Анды; вулкан Везувій; Марыянскі жолаб;

вызначаць на карце глыбіні мораў і акіянаў; формы паверхні Зямлі;

рабіць апісанне асобных раўнін, гор, рэльефу сваёй мясцовасці;

тлумачыць размяшчэнне формаў рэльефу Зямлі;

абазначаць на контурнай карце асноўныя формы рэльефу.
Т э м а 4. Гідрасфера (10 гадзін)
Асноўныя часткі гідрасферы: Сусветны акіян і воды сушы. Сусветны акіян і яго часткі. Моры. Залівы. Пралівы.

Тэмпература, салёнасць акіянічных водаў. Рух вады ў акіяне — марскія хвалі, цунамі, прылівы і адлівы. Цёплыя і халодныя акіянічныя цячэнні.

Воды сушы. Падземныя воды (грунтавыя і напорныя (артэзіянскія)). Крыніцы. Роля падземных водаў у фарміраванні рэльефу. Апоўзні, карставыя з’явы.

Паверхневыя воды. Рака і яе часткі. Рачная даліна і яе элементы: рэчышча, пойма, схіл, тэраса. Рачная сістэма, рачны басейн, водападзел.

Раўнінныя і горныя рэкі. Уплыў рэльефу на напрамак і характар цячэння рэк. Парогі і вадаспады, плёсы. Ухіл і падзенне ракі. Жыўленне (снегавое, дажджавое, леда­віковае, падземнае, змешанае) і рэжым рэк (разводдзе, паводка, межань).

Азёры і балоты. Азёры сцёкавыя і бяссцёкавыя, прэсныя і салёныя. Утварэнне азёрных катлавін. Тэктанічныя, вулканічныя, ледавіковыя, запрудныя, карставыя, старычныя азёры. Вадасховішчы.

Ледавікі, іх утварэнне. Мацерыковыя і горныя ледавікі. Уздзеянне ледавікоў на рэльеф.

Значэнне Сусветнага акіяна ў жыцці людзей і ахова акіянічных водаў. Ахова водаў сушы.


Практычная работа

7. Экскурсія. Вывучэнне прыроднага аб’екта сваёй мясцовасці.


Асноўныя паняцці: Сусветны акіян, мора, унутраныя і ўскраінныя моры, заліў, праліў, салёнасць, марскія хвалі, цунамі, цячэнні, прылівы, адлівы, воды сушы, пад­земныя воды: грунтавыя, напорныя (артэзіянскія) і ненапорныя воды, крыніцы, гейзеры, апоўзні, карст, рака, выток, вусце, дэльта, рачная даліна, русла, пойма, пры­ток, рачная сістэма, рачны басейн, водападзел, парогі, вадаспад, ухіл і падзенне ракі, жыўленне і рэжым рэк, межань, разводдзе, паводка, возера, сцёкавыя, бяссцёкавыя, прэсныя, салёныя азёры, ледавікі, мацерыковыя і горныя ледавікі.
Патрабаванні да вынікаў навучання
Вучням неабходна:

называць састаўныя часткі гідрасферы; найбольш і найменш глыбокія акіяны, найменшую і найбольшую салёнасць водаў акіянаў; асноўныя часткі ракі і элементы рачной даліны; фактары, якія ўплываюць на рэжым і жыўленне рэк;

называць і паказваць моры: Міжземнае, Чырвонае, Чорнае, Балтыйскае; залівы: Біскайскі, Бенгальскі; пралівы: Магеланаў, Гібралтарскі, Берынгаў; цячэнні: Гольф­стрым, Заходніх Вятроў; рэкі: Ніл, Амазонка, Волга, Дняпро; азёры: Байкал, Каспій­скае мора, Нарач; вадаспады: Анхель, Вікторыя; ледавік Маласпіна;

тлумачыць прычыны ўтварэння марскіх хваль, прыліваў і адліваў, цунамі; характар цячэння горных і раўнінных рэк; змянення водаў сушы пад уздзеяннем гаспа­дарчай дзейнасці чалавека;

характарызаваць асобныя рэкі і азёры;

абазначаць рэкі, вадаспады і азёры на контурнай карце.
Абагульняючае паўтарэнне (1 гадзіна)
Рэзервовы час (1 гадзіна)
VII клас

(35 гадзін)
Раздзел ІІІ. Прырода Зямлі (12 гадзін)
Т э м а 5. Атмасфера. Надвор’е і клімат (8 гадзін)
Атмасфера, яе склад, будова і значэнне.

Паняцце «надвор’е». Метэаралагічныя элементы і з’явы: тэмпература паветра, атмасферны ціск, вецер, вільготнасць паветра, атмасферныя ападкі.

Назіранне за надвор’ем. Тэмпература паветра.

Атмасферны ціск. Вецер. Напрамак і скорасць ветру. Сіла ветру.

Вільготнасць паветра: абсалютная і адносная. Туман. Воблакі.

Атмасферныя ападкі. Віды ападкаў.

Паняцце «клімат». Кліматаўтваральныя фактары: геаграфічная шырата, размеркаванне сушы і акіяна, аддаленасць тэрыторыі ад акіянаў і мораў, марскія цячэнні, вышыня мясцовасці над узроўнем мора, рэльеф мясцовасці.


Практычная работа

1*. Апрацоўка матэрыялаў назіранняў за надвор’ем і апісанне надвор’я сваёй мясцовасці.


Асноўныя паняцці: трапасфера, стратасфера, надвор’е, сярэдняя тэмпература, амплітуда тэмператур, атмасферны ціск, вецер, ружа вятроў, вільготнасць паветра, абсалютная і адносная вільготнасць паветра, максімальная вільготнасць, клімат.
Патрабаванні да вынікаў навучання
Вучням неабходна:

называць метэаралагічныя элементы і прыборы для іх вымярэння;

складаць апісанне надвор’я;

тлумачыць уплыў асноўных кліматаўтваральных фактараў на клімат;

карыстацца тэрмометрам, барометрам, гігрометрам, флюгерам;

умець складаць графікі ходу тэмпературы, складаць ружу вятроў, вызначаць сярэднясутачныя і сярэднямесячныя тэмпературы, амплітуды тэмператур.
Т э м а 6. Біясфера (3 гадзіны)
Біясфера і яе межы. Геалагічная роля жывога рэчыва. Разнастайныя праяўленні жыцця і вертыкальныя межы размеркавання жывога рэчыва ў літасферы, гідрасферы, атмасферы.

Глебавае покрыва — особнае цела Зямлі. Паняцце «глеба». Урадлівасць глеб. Значэнне глебы ў гаспадарчай дзейнасці людзей. Эрозія глеб. Меліярацыі. Ахова глебы.

Прыродны комплекс і яго кампаненты. Ахова прыродных комплексаў Зямлі.

Практычная работа

2*. Апісанне прыроднага комплекса сваёй мясцовасці.


Асноўныя паняцці: жывое рэчыва, глеба, урадлівасць, эрозія, меліярацыя, прыродны комплекс, кампаненты прыроды (горная парода, паветра, вада, расліны, жывёлы, глеба).
Патрабаванні да вынікаў навучання
Вучням неабходна:

называць склад і межы біясферы;

характарызаваць асаблівасці біясферы і глеб;

тлумачыць прычыны разнастайнасці прыродных комплексаў сушы і Сусветнага акіяна.
Абагульняючае паўтарэнне (1 гадзіна)
Раздзел IV. Насельніцтва і яго гаспадарчая дзейнасць

(22 гадзіны)


Т э м а 7. Насельніцтва Зямлі (3 гадзіны)
Чалавецтва — неад’емная частка біясферы. Колькасць насельніцтва зямнога шара, яго дынаміка. Асноўныя расы. Структура насельніцтва (узроставы і палавы склад). Працоўныя рэсурсы.

Натуральны (нараджальнасць, смяротнасць, натуральны прырост) і механічны (міграцыі) рух насельніцтва.

Размяшчэнне насельніцтва. Шчыльнасць і рассяленне насельніцтва. Гарады і сельскія пасяленні.

Практычная работа

3*. Рашэнне задач. Вызначэнне змянення колькасці насельніцтва з улікам натуральнага і механічнага руху.


Асноўныя паняцці: расы, структура насельніцтва, натуральны прырост, шчыльнасць насельніцтва, міграцыя, гарады і сельскія пасяленні.
Патрабаванні да вынікаў навучання
Вучням неабходна:

называць колькасць насельніцтва Зямлі і Рэспублікі Беларусь, асноўныя расы, сярэднюю шчыльнасць насельніцтва свету; фактары, якія вызначаюць змяненне колькасці насельніцтва і яго шчыльнасць, асноўныя тыпы населеных пунктаў;

называць і паказваць раёны з найбольшай і найменшай шчыльнасцю насельніцтва;

тлумачыць змяненне колькасці насельніцтва, залежнасць шчыльнасці насельніцтва ад розных фактараў, прычыны росту гарадоў і гарадскога насельніцтва;

вызначаць шчыльнасць насельніцтва, абсалютны прырост насельніцтва.
  1   2   3   4   5   6


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка