Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ананіч Ліліі Станіславаўны




Дата канвертавання15.06.2017
Памер53.85 Kb.


Даклад

Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь

Ананіч Ліліі Станіславаўны

на другой сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання

3 красавіка 2017 г.

г. Мінск
Паважаны Міхаіл Уладзіміравіч!

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Шаноўныя запрошаныя!


Найперш дазвольце выказаць шчырую падзяку Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, асабіста Вам, паважаны Міхаіл Уладзіміравіч, за ўключэнне ў парадак дня надзвычай важнага пытання, разгляд якога сведчыць пра вялікі клопат дзяржавы аб умацаванні духоўнасці беларускага грамадства.

У гісторыі кожнай краіны ёсць падзеі і з’явы, якія з’яўляюцца светачам развіцця народа. Сваім зместам, сваімі ўплывамі на свядомасць грамадзян яны фарміруюць грунт гуманістычнага будаўніцтва краіны. Такой падзеяй, такой з’явай уяўляюцца і вытокі беларускага кнігадрукавання, крынічны штуршок якім даў легендарны асветнік, першадрукар усходнеславянскіх земляў, наш суайчыннік Францыск Скарына. Сын свайго часу, ён быў яркім увасабленнем тых падзей, што адбываліся ў Беларусі і на суседніх землях болей як паўтысячы гадоў. Здолеўшы набыць веды па многіх галінах, вывучыўшы чатыры ці пяць моў, маючы прагу да падарожжаў, Францыск Скарына прыняў для сябе, а як пасля высветлілася і для ўсёй беларускай гісторыі, лёсавызначальнае рашэнне: выкласці Біблію на зразумелай усім мове. Так, у Празе, грунтуючыся на еўрапейскім вопыце, маючы на ўвазе чэшскія, італьянскія і нямецкія выданні, углядаючыся ў стараславянскія, стараяўрэйскія, грэчаскія, чэшскія і лацінскія тэксты, наш зямляк пераклаў і выдаў 22 кнігі Бібліі. Так быў зроблены важкі па сваёй сутнасці і па разуменню перспектыў будаўніцтва новага грамадства крок.

І ў сілу гэтага Францыска Скарыну можна смела залічваць у спіс “тытанаў” эпохі Адраджэння.

Падарожнічаючы па блізкіх і далёкіх краінах, ад Масквы да Падуі, Францыск Скарына разбураў сярэдневяковую замкнутасць і абмежаванасць. За кароткі адрэзак часу беларускі асветнік выканаў такі абсяг працы, на які прадстаўнікам іншых народаў не хапала жыцця. Зброяй першадрукару служыла друкаванае слова.

Пяцісотгоддзе беларускага кнігадрукавання мы сустракаем у справах па развіццю нацыянальнага кнігавыдання.

І ў гэтым сэнсе Беларусь мае вялікія набыткі і найперш дзякуючы вялікай дзяржаўнай падтрымцы.

Мы ганарымся, што ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў толькі ў нашай краіне ў 2012 годзе прыняты Закон “Аб выдавецкай справе ў Рэспубліцы Беларусь”.

Дарэчы, у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі 2012 год быў абвешчаны Годам кнігі.

Для кнігавыдаўцоў і ўсіх, хто разглядае кнігу як найвялікшую каштоўнасць, гэты год меў працяг і ў Годзе культуры, і зараз, у Годзе навукі.

Нягледзячы на імклівае развіццё новых інфармацыйных тэхналогій, кніга па-ранейшаму займае значнае месца ў адукацыйным і духоўным жыцці нашага грамадства – у 2016 годзе у Беларусі выдадзена звыш дзесяці тысяч назваў кніг агульным накладам больш за 23 мільёны экзэмпляраў.

У апошнія гады штогод павялічваецца выпуск кніг на беларускай мове – у сярэднім 1200 назваў у год накладам каля 4 мільёнаў экзэмпляраў.

Выдавецкай дзейнасцю займаюцца больш за 500 выдавецтваў розных форм уласнасці і амаль 1500 суб’ектаў распаўсюджваюць друкаваныя выданні.

Міністэрства інфармацыі ажыццяўляе рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў галіне кнігавыдання.

Штогод аказваецца значная фінансавая падтрымка нацыянальнаму кнігавыданню ў выглядзе частковага бюджэтнага фінансавання выпуску сацыяльна значнай літаратуры.

У 2016 годзе на гэтыя мэты выдаткавана звыш 2 мільёнаў рублёў.

На дзяржаўным узроўні падтрымліваюцца праекты ў адпаведнасці з даручэннямі Кіраўніка краіны, Урада, нацыянальнымі і дзяржаўнымі праграмамі, прадстаўнічыя выданні, прысвечаныя знакавым юбілейным датам, нацыянальныя энцыклапедыі, навуковая і вучэбная кніга, а таксама кнігі краязнаўчай тэматыкі, па гісторыі, эканоміцы, культуры Беларусі.

Зараз Нацыянальнай акадэміяй навук распачынаецца рэалізацыя маштабнага дзяржаўнага праекта, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 9 сакавіка 2017 года “Аб падрыхтоўцы і выпуску навукова-папулярнага выдання “Рэспубліка Беларусь – 25 гадоў стварэння і здзяйсненняў”, у якім будуць адлюстраваны этапы фарміравання і ўмацавання беларускай дзяржаўнасці, сацыяльна-эканамічнага і гуманітарнага развіцця краіны.

Важнейнымі накірункамі дзейнасці беларускіх выдавецтваў таксама з’яўляецца выпуск мастацкай літаратуры беларускіх аўтараў для папаўнення фондаў публічных бібліятэк, кніг для дзяцей-інвалідаў па зроку шрыфтам Брайля, аўдыёкніг з праграмнымі творамі беларускіх пісьменнікаў.

Шырокую вядомасць набылі серыі кніг “Залатая калекцыя беларускай літаратуры”, “Жыццё знакамітых людзей Беларусі”, “Славутыя мастакі з Беларусі”, “Наш сучаснік”.

Беларусь мае вялікі вопыт энцыклапедычнага кнігавыдання. У дапаўненне да сямнаццацітомнай энцыклапедыі “Рэспубліка Беларусь” у апошнія гады выдадзены сямітомная энцыклапедыя “Рэспубліка Беларусь” на рускай мове, энцыклапедыі “Гарады і вескі Беларусі”, “Рэгіёны Беларусі”, “Культура Беларусі”. Яны сталі неацэнным скарбам для будучых пакаленняў.

Зараз Міністэрствам інфармацыі прымаюцца захады па стварэнню ў 2018-2022 гадах электроннай энцыклапедыі “Рэспубліка Беларусь”. З улікам развіцця сучасных інфармацыйных тэхналогій ёсць патрэба ў стварэнні электроннага пашпарта краіны, шматузроўневай базы дакладных ведаў у Інтэрнэт-прасторы аб суверэннай дзяржаве –Рэспубліцы Беларусь.

Упэўнена, гэты праект будзе падтрыманы на самым высокім дзяржаўным узроўні, з’явіцца лагічным працягам ствараемага зараз друкаванага навукова-папулярнага выдання “Рэспубліка Беларусь – 25 гадоў стварэння і здзяйсненняў”.

Нацыянальнае кнігавыданне – важнейшы складнік міжнароднага гуманітарнага супрацоўніцтва – 30 краін свету былі гасцямі Мінскай міжнароднай кніжнай выставы. Беларуская кніга штогод з гонарам прадстаўляе краіну на прэстыжных міжнародных кніжных выставах.

Такі плён, такія здабыткі, забяспечаныя ўсямернай дзяржаўнай падтрымкай, даюць самыя шырокія падставы для маштабнага ўшанавання даты 500-годдзя беларускага кнігадрукавання у нашай краіне і далёка за яе межамі.

Распараджэннем Урада створаны Рэспубліканскі аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенні святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, які ўзначалілі Міністр інфармацыі і Міністр культуры, зацверджана змястоўная праграма мерапрыемстваў, якая кансалідуе працу органаў дзяржаўнага кіравання, абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў, арганізацый і ўстаноў.

З нагоды юбілейнай даты ўжо выдадзены цэлы шэраг кніг.

Плануецца правядзенне навукова-практычных канферэнцый, святочных прэзентацый у Беларусі і ў розных краінах свету. Ужо прайшлі такія мерапрыемствы ў Літве, Вялікабрытаніі, Францыі.

Разам з прадстаўленнем беларускай кнігі на выставах у Расіі, Польшчы, Чэхіі, Сербіі, Кітаі пройдуць круглыя сталы з удзелам шырокай грамадскасці, якія будуць важкім унёскам у справу асэнсавання велічы подзвігу Скарыны, умацавання беларускай дзяржаўнасці.

Шмат медыйных ініцыятыў пабачым мы на старонках рэспубліканскіх выданняў. У якасці інфармацыйных пляцовак задзейнічаны Інтэрнет-рэсурсы сродкаў масавай інфармацыі, акаунты ў сацыяльных сетках. Цікавыя праекты запланаваны нацыянальнымі тэлеканаламі.

Дамінантнай падзеяй 500-годдзя беларускага кнігадрукавання стане Дзень беларускага пісьменства ў Полацку.

Справа Скарыны – спадчына чалавецтва. Гэтай ідэяй прасякнуты праект Міністэрства інфармацыі “Францыск Скарына на мовах народаў свету”. Ужо ажыццёўлены пераклад і выдадзена на 70 мовах свету прадмова Францыска Скарыны да “Кнігі Юдзіф”. Рыхтуецца міжнародная тэлевізійная версія праекта.

І сёння маюць сучаснае гучанне словы Скарыны, якія сцвярджаюць права грамадзян розных краін ганарыцца сваёй Айчынай і любіць яе, адстойваюць роўнасць усіх народаў між сабой і каштоўнасць кожнага з іх паасобку.

Патрыятычнае пачуццё любові да роднай зямлі – найвялікшая грамадзянская каштоўнасць, якую сцвярджае Беларусь у свеце.

Гэта наш духоўны запавет для ўсёй чалавечай супольнасці.





База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка