Мінская абласная бібліятэка імя А. С. Пушкіна




Дата канвертавання21.02.2017
Памер146.89 Kb.
эмблема полная.jpg
ДУ “Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна”

Аддзел бібліятэказнаўства





http://vitvesti.by/cache/gilevich_images_35-03_thumb_medium250_0.jpg

«Звонкае сэрца паэта» :

Памяці Ніла Гілевіча прысвячаецца…


Мінск 2016

Ніл Гілевіч

(1931 – 2016)


Біяграфія
Ніл Сымонавіч Гілевіч нарадзіўся ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці
30 верасня 1931 года. Там прайшлі яго дзіцячыя
і падлеткавыя гады, тры з якіх выпалі на час нямецкай акупацыі. З 1947 года жыў ў Мінску.

Любоў да роднай мовы, жаданне авалодаць багацейшымі скарбамі літаратуры і сказаць у ёй сваё паэтычнае слова прывялі будучага пісьменніка спачатку ў Мінскае педагагічнае вучылішча, а затым на філалагічны факультэт БДУ. Пасля яго заканчэння (1956) вучыўся ў аспірантуры, з 1960 па 1986 гады працаваў на кафедры беларускай літаратуры (у 1963 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па гісторыі беларускай паэзіі ХХ ст., у 1978 годзе атрымаў вучонае званне прафесара). У 1980 годзе яму прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі.

Творчасць Ніла Гілевіча добра вядомая шырокай грамадскасці рэспублікі і далёка за межамі краіны. Прырода шчодра надзяліла яго шматгранным талентам: паэт-лірык, сатырык і публіцыст, драматург, палымяны прамоўца, трыбун, грамадскі дзеяч, асветнік, вучоны, фалькларыст, перакладчык.

І ўсё ж феномен Ніла Гілевіча – не ў «цэхавай» прыхільнасці да адной толькі сферы паэтычнага, шмат сіл давялося аддаць прозе – у жыцці


і дзейнасці. Ён быў першым сакратаром Саюза пісьменнікаў БССР (19801989), дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (19851990), старшынёй Пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета Беларусі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны (19901995), старшынёй Таварыства беларускай мовы (19891997). Паэзію актыўна
і плённа спалучаў з перакладчыцкай творчасцю, навуковай і публіцыстычнай дзейнасцю.

Упершыню ў друку з вершамі выступіў


у 1946 г. Яму належаць кнігі паэзіі «Песня ў дарогу» (1957), «Прадвесне ідзе па зямлі» (1959), «Неспакой» (1961), «Бальшак» (1965), «Перазовы» (1967), «Лісце трыпутніку» (1968), «А дзе ж тая крынічанька» (1972), «Запаветнае» (1975), «Актавы» (1976), «У добрай згодзе» (лірыка, гумар і сатыра, 1979), «Святлынь» (1984), «Повязь» (1987), «Як дрэва карэннем» (1986), раман у вершах «Родныя дзеці» (1985), а таксама зборнікі сатыры і гумару «Званковы валет» (1961), «Да новых венікаў» (1963), «Ці грэх, ці 2» (1970), «Як я вучыўся жыць» (1974), «Русалка
на Нарачы» (1974), «Кантора» (1989), «Дыялог на хаду» (1990). Выдаў зборнікі вершаў і паэм для дзяцей «Сцяжок на мачце» (1959), «Сіні домік, сіні дом» (1961), «Зялёны востраў» (1963), «Дождж-грыбасей» (1966), «Загадкі» (1971), «Калі рана ўстанеш» (1984), «Добры чалавек» (1987). Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах (1981).

Выдаў зборнік п'ес «Начлег на буслянцы» (1980) і аповесць «Перажыўшы вайну» (1988).

Аўтар кніг па літаратуразнаўству і фалькларыстыцы «Акрыленая рэвалюцыяй» (Паэзія «Маладняка») (1962), «Наша родная песня» (1968), «З клопатам пра песні народа» (1970), «Паэтыка беларускай народнай лірыкі» (1975), «Паэтыка беларускіх загадак» (1976), «Верная вялікім запаветам: Сучасная балгарская паэзія. 1956-1976» (1977), «Вусная народная творчасць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян» (1978), зборнікаў літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў «У гэта веру» (1978), «Удзячнасць
і абавязак» (1982), «Покліч жыцця і часу» (1983), «Годнасць, сумленнасць, мужнасць» (1988), «Вяртанне і працяг» (1990).

Укладальнік і навуковы рэдактар фальклорных зборнікаў «Песні сямі вёсак» (1973), «Песні народных свят і абрадаў» (1974), «Лірычныя песні» (1976), «Лірыка беларускага вяселля» (1979), «Народныя казкі, байкі, апавяданні і мудраслоўі» (1983).

Працаваў у галіне перакладу. У яго перакладзе з балгарскай выйшлі аповесць П.Вежынава «Сляды застаюцца» (1960), раман С.Даскалова «Свая зямля» (1961) і яго ж зборнік апавяданняў «Любча-безбілетнік» (1959), зборнік «Балгарскія народныя песні» (1961), анталогія сучаснай паэзіі «Ад стром балканскіх» (1965), кніга вершаў для дзяцей «Чарадзейны ліхтарык» (1968), анталогія класічнай паэзіі «Хай зорыць дзень!» (з А.Разанавым, 1973), анталогія аднаго верша «Сто гадоў. Сто паэтаў.
Сто песень». (1978), кніга лірыкі Н.Вапцарава «Песня пра чалавека» (1982), Хр. Радзеўскага «Цвіціце, зёлкі, травы, дрэвы» (1985), Г.Джагарава «Зямля – як чалавечая далонь» (1984), Л.Леўчава «Мелодыя для флейты» (1990). Пераклаў многія творы Х.Боцева, І.Вазава, П.Яварава, Н.Вылчава, А.Германава, I.Давыдкава, Д.Методзіева, А.Стаянава і інш.
У 1978 г. выйшлі выбраныя старонкі славенскай паэзіі XIX-XX ст. «Маці мая, Славенія». У 1970 г. – казкі народаў Югаславіі «Ці страшны страх»,
у 1980 – зборнік югаслаўскай паэзіі «Па камянях,
як па зорах», у 1985 – кніга лірыкі О.Жупанчыча
«У вечным дазоры». Перакладае таксама з расейскай, украінскай, польскай, сербахарвацкай, лужыцкай
і іншых моў.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1980) за кнігу паэзіі «У добрай згодзе»


і перакладчыцкую дзейнасць і Міжнароднай прэміі імя Х.Боцева (1986) за рэвалюцыйную паэзію
і публіцыстыку.

Памёр Ніл гілевіч 29 марта 2016 года.


«Звонкае сэрца паэта»
Сцэнарый літаратурнай вечарыны
“Памяці Ніла Гілевіча прысвячаецца…”
(У зале арганізавана кніжная выстава
твораў паэта з яго партрэтам)

Чытальнік I
Чытальнік II
Вядучая

Вядучая:
Добры дзень, дарагія госці! Мы вельмі рады бачыць Вас сёння! На гэтай сустрэчы мы зазірнём
у паэтычны свет беларускага народнага паэта Ніла Гілевіча.

Як вядома амаль усё жыццё ён прысвяціў служэнню літаратуры, выявіўшы сябе творцам універсальнага кшталту. Нілу Гілевічу пашчасціла быць нашчадкам моцнага сялянскага роду, прадстаўніком надзіва жывучага народа, які за чатыры стагоддзі перажыў шмат апакаліптычных катастроф. Паэта, як кожнага беларуса, ратавала не так фізічная, як духоўная моц – вера і любоў. Пра гэта Ніл Гілевіч хораша сказаў на паўдарозе свайго творчага шляху ў вершы “Мой белы дзень”.




Чытальнік I:
I я стаяў над прорвай роспачы,
I ноч мне цемрыла душу,
I думаў, лiст слязою росячы:
Нiчога больш не напiшу.
Але вяртаўся промень страчаны,
У сэрцы плавiўся лядзень,
I зноўку вера ў слова матчына
Свяцiла мне, як белы дзень!



Вядучая:

Пра “паэтычны сверб” Ніл Гілевіч казаў, што


ў ім ён прачнуўся вельмі рана, яшчэ ў пачатковай школе, разам з пачуццём любві і павагі да сваёй беларускай мовы, да беларускіх кніжак, якія
ў дзіцячыя гады былі яго лепшымі сябрамі. Пра гэта ён хорша паведаміў у вершы “Першая клятва”.
Чытальнік I:
Як ты дорага мне, мая родная мова!

Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова!


Ты калісьці з калыскі мяне падымала

І вучыла ў бацькоў на руках гаварыць.

У жыцці маім слова найпершае “мама”

І цяпер для мяне сама міла гучыць.

Я па літарах родных вучыўся чытаць,

І буквар для мяне быў жыцця палавінай.

Быў шчыслівы я роднаю мовай сказаць

Першы раз: “Беларусь, мая маці-краіна!”


І цяпер для мяне ты з усіх прыгажэй,

Хоць, я ведаю, моваў на свеце нямала,

І з усіх песняроў мне мілей і бліжэй

Роднай мовы пясняр – неўміручы Купала.


А задумае вораг з далёкага краю

Апляваць, адабраць, знішчыць мову маю –

Не дазволю.

Не дам.


Не прадам.

Не змяняю.

І да смерці за волю тваю пастаю!

Вядучая:
Загаловак лірычнага зборніка «Неспакой» дакладна засведчыў духоўнае сталенне аўтара – чалавека і паэта. Неспакой – ад страчанага дзяцінства і юнацтва, што не раскрыла свае скарбы жудаснаю вайною і пасляваеннай нястачай.
Чытальнік II:

Ты кажаш, я не ведаю вайны,


Што мне было тады гадоў замала.
Чаму ж яна мае забрала сны?
На ўсё жыццё наперад сны забрала?
Чаму ж амаль не кожнае начы
Я прачынаюся, скаваны жахам?
Хачу ад смерці лютай уцячы —
I стрымгалоў бягу аўсом няжатым,
Паўзу бульбянішчам па баразне,
Да хмызняку куляюся па пожні,
Але ратунку мне няма і ў сне –
У вочы стрэл грыміць у міг апошні...
Я ведаю: пазбыцца гэтых сноў
Не дапаможа мне ніхто на свеце.
Я буду трызніць імі зноў і зноў,
Яны – мае навек, да самай смерці.
Застаўшыся з маленства на вайне,
Я аднаго хачу, мая краіна:
Каб гэта скончылася ўсё на мне.
Каб гэта ўсё не стала доляй сына.

Вядучая:
Неспакойна на душы паэта і ад таго, што былыя вяскоўцы, пабыўшы год-другі ў горадзе, ужо тады, у яго студэнцкую маладосць, саромеліся ў вёсцы спрадвечнага бацькоўскага Слова. Быў гэты неспакой хутчэй творча актыўны, грамадзянскі, хрысціянскі – нават незалежна ад рэлігійнасці.
Чытальнік I:
Пры суседзях у вёсцы нялоўка
"Невучоным" сябе паказаць,
I пiльнуецца хлопец, каб слоўка
Так, як кажуць яны, не сказаць.


Мовы ён не забыўся, вядома,
Гэтых простых i сцiплых людзей.
Толькi ён ужо год, як не дома,
I на дом не ўскладае надзей.


Мацi песню малому спявала
Пра духмяны ў бары чабарок...
Песня сыну нялюбаю стала,
Як пакiнуў бацькоўскi парог.


Ад калыскi знаёмыя рэчы
Ён па-iншаму ў хаце заве.
Мацi тулiць хусцiнаю плечы:
"Што ж, i пэўна: не ў вёсцы жыве".


Ёй не ў крыўду сынова пагарда:
Друг высока абучаны мой!
Сёння матчынай мовы, а заўтра
Засаромiшся мацi самой?


Ведай: роднае слова грымела
У крывавым агнi барыкад,
За свабоду адважна i смела
Заклікала ў паход, як набат.


За яго памiралi i гiблi,
Каб на здзекi i глум не аддаць,
Каб маглі сёння песнi i гiмны
Пра шчаслiвую долю складаць.



Вядучая:
Раман, а дакладней, раман-паэма «Родныя дзеці» – адзін з самых інтымных, глыбока прадуманых твораў, якому паэт аддаў дванаццаць гадоў натхнення і рупнай працы. Ён мог быць напісаны толькі ў асяроддзі беларускай інтэлігенцыі, гараджанаў першага пакалення, якія «галавою» і функцыянальна жылі ў вялікім горадзе, а сэрцам і душою – у «родным куце» сваіх бацькоў, братоў, дзядоў. А зараз паслухаем невялікі ўрывак з гэтай паэмы.
Чытальнік II:
О, Беларусь!.. – Няхай усклікну

І я – за волатамі ўслед.

Як пілігрым нясе малітву –

Так я нясу іх запавет.

 

Я скалясіў і змераў пешкі



Твае прасторы ўдоўж і ўшыр –

І ўсе шляхі, дарогі, сцежкі

Пакрыжаваліся ў душы.

 

Не знаю сам, якога зелля



Ты падліваеш мне ў пітво, –

Што гэтак моцна, гэтак хмельна

Тваё чаруе хараство.

 

Не знаю слоў, каб растлумачыць,



Разгадку тайны праявіць, –

Чаму штодня мне трэба бачыць

Твой непаўторны краявід.

Чаму без роднага паветра

Я доўга дыхаць не магу.

Чаму мне суджана павечна

У неаплатным быць даўгу –

 

Перад тваёю некрыхлівай,



Зусім не кідкаю красой,

Што з воч зрываецца імклівай,

Непераможнаю слязой,

 

Што анікому не чужая



І нават кончаных бадзяг

Адчуць раптоўна прымушае,

Як радасць тахкае ў грудзях.
 Вядучая:
Шматжанравая творчасць Ніла Гілевіча 80-90-х гадоў развівалася ў кірунку набліжэння да новых праблемаў беларускай рэчаіснасці, радыкальнага адказу ад рэліктаў савецкіх ідэалаў, да мастацкага спасціжэння драматызму постчарнобыльскага жыцця народа. Высокі эстэтычны густ не дазволіў яму друкаваць вершаваную публіцыстыку на апакаліптычную тэму чарнобыльскай бяды. Затое ў зборніку «Повязь: Вершы і песні» (1987) ёсць антытэза да ранейшай, «райскай» па сваім ладзе песні «Вы шуміце, бярозы». Трагічна-суровая, прарочая для Беларусі песня «Палыновая ростань».
Чытальнік I:
Знаю: мне не вяртацца

Гэтым шляхам ніколі –

На апошнюю ростань,

На спатканне з былым.

Белай стужкай дарога

Раскацілася ў полі,

А по ўзбоччы дарогі –

Толькі шызы палын.


Ад запозненай мары,

Ад шчаслівай трывогі

Мне навек застанецца

Сумна-горкі ўспамін.

Сонцам плавіцца далеч,

Дзень самлеў ад знямогі,

А по ўзбоччы дарогі –

Толькі шызы палын.

Заўтра недзе далёка

Ты ўсміхнешся міжволі:

Неба нізкім не стала,

Свет не здаўся малым…

А мая мне дарога –

Белай стужкай у полі,

А па ўзбоччы дарогі –

Толькі шызы палын.


Вядучая:
Паэзія Н. Гілевіча – гэта не толькі лірычныя маналогі і эпічныя сюжэты. На сваім узлёце яна дыялагічная, паэт спрачаецца не толькі са светам, з антаганістамі, антыгероямі нашай пакутлівай гісторыі і сучаснасці. Ён спрачаецца з боскім наканаваннем (багаборчыя матывы ёсць у сусветнай літаратуры, пачынаючы ад Бібліі), урэшце, з самім сабою, са сваёй радасцю і сваім болем. Прыпомнім песню «Мой лёс – каханне».
Чытальнік I:
Прыйдзі – як снег на квецень маю,
Прыйдзі – як бура на зямлю, –
Не страшна мне, бо я – кахаю,
Не скрушна мне, бо я – люблю.

Я ўсё сцярплю, я ўсё стрываю


I ўсё навек благаслаўлю –
Адно адчуй, як я кахаю,
Адно спазнай, як я люблю.

Ці зладжу я з сабой – не знаю,


I аб адным цябе малю:
Не папракай, што я кахаю,
Не праклінай, што я люблю...

Вядучая:
Апошнія гады на мяжы новага стагоддзя сталіся для паэта і рыцара нацыянальнай культуры шчодраю восенню. Заціхлі ранейшыя шквалы маладосці. Затое прыбавілася мудрасці, чалавечай і пісьменніцкай відушчасці. У паэзіі ўсё часцей трапляюць хрысціянскія матывы, пакаяльныя вершы-малітвы.
Чытальнік II:
Люблю цябе, жыццё, любоўю кроўнай.
Я не нахлебнiк твой. Я на зямлю
Не для таго прыйшоў, каб жменяй поўнай
Уцехi браць. Я – аддаваць люблю.
Тым, што зрабiў, любоў я вымяраю.
I калi мой апошнi час праб'е,
Павiнен ведаць я, што памiраю,
Аддаўшы ўсё да кропелькi – табе.

Вядучая:
Ну вось і ўсё, шаноўныя госці! Спадзяёмся, што сёння гэтыя паэтычныя матывы Ніла Гілевіча пакінулі глыбокі след у вашых сэрцах.
Мастацкія творы:

Вечны матыў: лірыка, паэмы, раман у вершах: для ст. шк. узросту/ Ніл Гілевіч; маст. А. У. Басалыга. – Мн.: Юнацтва, 1994. – 271 с.: іл. – (Школьная б-ка).


Выбраныя творы / Ніл Гілевіч; [прадм. У. Конана]. – Мінск: Кнігазбор, 2009. – 597 с. – (Беларускі кнігазбор. Сер. 1. Мастацкая літаратура).
Вяртанне і працяг: з публіцыстычнага дзённіка. – Мн.: Маст. літ., 1990. – 342 с.
Годнасць, сумленнасць, мужнасць : публіцыстыка / Ніл Гілевіч. – Мінск : Маст. літ., 1988.– 319 с.
Жыта, сосны і валуны : новыя вершы / Ніл Гілевіч. – Мінск : Маст. літ., 1992.– 78 с.
Запаветнае : лірыка / Ніл Гілевіч. – Мн. : Маст. літ., 1975.– 190 с. – ( Б-ка беларускай паэзii).
Збор твораў: у 6 т. / Ніл Гілевіч; [прадм. У. Конана]. – Мн.: Маст. літ., 1996.
З клопатам пра песні народа : кароткі нарыс гісторыі збірання і даследавання беларус. народ. песень / Ніл Гілевіч. – Мн. : Выд-ва БДУ, 1970.– 160 с.
Кантора : сатыра і гумар / Ніл Гілевіч. – Мінск : Маст. літ., 1989.– 166 с.
Лісце трыпутніку : выбр. творы / Ніл Гілевіч. – Мн. : Беларусь, 1968.– 254 с.
Любоў прасветлая : роздумы ў вершах і прозе аб роднай мове : лірыка-публіцыстычная хроніка, 1947-1995 / Ніл Гілевіч. – Мінск : Навука і тэхніка, 1996.– 544 с.
На высокім алтары : новая кніга паэзii / Ніл Гілевіч; Афарм. В.К.Латышава. – Мн. : Маст. літ., 1994. –142 с.
Начлег на буслянцы : п'есы / Ніл Гілевіч. – Мінск : Маст. літ., 1980. – 172 с.
Наша родная песня : навук.-папул. нарыс / Ніл Гілевіч. – Минск : Нар. асвета, 1968.– 214 с.
Неспакой : вершы / Ніл Гілевіч. – Мн. : Дзяржвыд БССР, 1961. – 80 с.
Паэтыка беларускай народнай лірыкi : слова і вобраз. Паэтычны сінтаксіс. Гукапіс і рыфма / Ніл Гілевіч. – Мн. : Выш. шк., 1975.– 287 с.
Перажыўшы вайну : аповесць у абразках памяці : [для ст. шк. узросту] / Ніл Гілевіч. – Мінск : Юнацтва, 1988. – 222 с.
Повязь : вершы і песнi / Ніл Гілевіч. – Мінск : Маст. літ., 1987. – 110 с.
Покліч жыцця і часу : публіцыст. выступленнi і артыкулы / Ніл Гілевіч. – Мн. : Беларусь, 1983.– 239 с.
Родныя дзецi : раман у вершах: для ст.шк. узросту / Ніл Гілевіч; маст.У.Савіч. – Мн. : Маст. літ., 1995. – 182 с.
Талісман : вершы. Публіцыстыка / Ніл Гілевіч; воклад.У.Савіча. – Мн. : Бацькаўшчына, 1994.– 224 с.
У добрай згодзе : лірыка, гумар, сатыра / Ніл Гілевіч. – Мн. : Маст. літ., 1979.– 142 с.
Ці грэх, ці два : гумар і сатыра / Ніл Гілевіч; маст. Б. і М. Заборавы. – Мн. : Беларусь, 1970.– 79 с.


Аб жыцці і творчасці пісьменніка
30 верасня – 75 год з дня нараджэння (1931)
Н.С. Гілевіча, народнага паэта Беларусі, літаратуразнаўца, фалькларыста, перакладчыка // Новыя кнігі. – 2006. - № 5. – С. 22 – 25.

Балукова, Н. Шчодры талент / Н. Балукова // Мін. праўда, 1981, 30 верас.

Базарэвіч, М. З народных глыбінь / М. Базарэвіч // Ленінскі сцяг, 1981, 22 верас.

Бечык, В. Песня з сэрца / В. Бечык // Звязда, 1981, 30 верас.

Богданов, Ю. Сыновний долг / Ю. Богданов // Нёман. – 1986. - № 6. – С. 155 – 156.

Бондар, Т. Па самым высокім абавязку / Т. Бондар // Полымя, 1981, № 9, С. 227 – 332.

Бутучак, Г. Захавальнік і абаронца беларускасці : да 80-годдзя з дня нараджэння Ніла Гілевіча / Г. Бутучак // Бібліятэка прапануе. – 2011. – № 8. – С. 23-28.
Герцык, А. В. Вывучэнне лірыкі Ніла Гілевіча : традыцыі паэтычнай класікі (11-ты клас) / Аляксандр Герцык // Роднае слова. – 2015. – № 1. – С. 67-70.
Гілевіч Ніл Сямёнавіч [Пісьменнік і літаратуравец, ураджэнец Лагойск. р-на] // Прафесары і дактары навук Беларускага Дзяржаўнага Універсітэта. – Мн., 2001. – С. 61 – 62.

Каваленка, В. Дакрананне душой / В. Каваленка. – У кн. : Каваленка В. Жывое аблічча дзён. – Мн., 1979. – С. 179 – 193.

Калеснік, У. Паэт у страі. Рысы да літаратурнага партрэта Н. Гілевіча / У. Калеснік //Полымя, 1976, № 4, С. 196 – 222.

Кароткая, Л. “Люблю цябе любоўю кроўнай…” / Л. Кароткая // Маладосць, 1975, № 4, С. 155 – 167.

Конон, В. “Мой усім вам паклон змны…” / В. Конон // Нёман. – 2001. - № 9. – С. 176 – 196.

Крупянькова, А. Ніл Гілевіч у Маладзечне: "А ўсё-такі мы будзем жыць!" // Маладзечанская газета.– 2001.– 6 лістап.


Мікуліч, М. Зорнае водгулле / Мікола Мікуліч // Маладосць. – 2015. – № 8. – С. 141-149.
Несцяровіч, С. Літаратурны дыктант // Роднае слова.– 2010.– № 11.– С. 85-87.
Несцяровіч, В. Ад чырвонага касцёла – да радзіннага кута / Віктар Несцяровіч // Родны край. – 2001. – 28 лістап. – С. 2.

Несцяровіч, В. “Ты кажаш, я не ведаю вайны…” / Віктар Несцяровіч // Родны край. – 2013. – 27 лістап. – С. 3.

Несцяровіч, В. Узяў у дарогу песню / В. Несцяровіч // Ленінскі сцяг, 1981.
Ніл Гілевіч – пісьменнік універсальнага таленту // Роднае слова.– 2006.– № 9.– С. 84-86.
Ніл Гілевіч, якога я не ведала // Маладосць.- 2009.– № 7.– С. 110-115.
Пучынскі, У. Песні Слабадскога краю / Уладзімір Пучынскі // Краязнаўчая газета. – 2012. – № 21 (чэрв.). – С. 2.
Сіненка, Г.Д. Ніл Гілевіч : нарыс творчасцi / Г.Д.Сіненка. – Мн. : Выш. шк., 1981.– 270 с.
Станкевіч, І. Нілу Гілевічу прысвячалася... // Родны край.– 2006.– 14 кастр.– С. 9.

Чарот, І. На карысць славянскага брата / І. Чарот. – Беларусь, 1985, №4, С. 22 – 23.

Шпакоўскі, Я. Насустрач любові людской / Я. Шпакоўскі. – У кн.: Шпакоўскі Я. Узрушанасць. – Мн., 1978, С. 125 – 135.

Звонкае сэрца паэта

(“Памяці Ніла Гілевіча прысвячаецца…”)


Складальнікі: Галімская Г.В.

Мельнічак А.А.


Рэдактар: Законнікава Л.Р.

Адказны за выпуск: Лыка М.У.


Падпісана да друку 07.06.2016

Тыраж 3 экз. Заказ № 7

Рызограф Мінскай абласной бібліятэкі

імя А.С.Пушкіна



220005 г. Мінск, вул. Гікалы, 4

Мінская абласная бібліятэка імя А.С.Пушкіна



База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка