Можна смела сказаць, што паэзія Аркадзя Куляшова духоўная энцыклапедыя яго пакалення




Дата канвертавання09.01.2017
Памер167 Kb.
http://library.mogilev.by/exhibition/images/kuleshov/1.jpg
1.Класік беларускай паэзіі Аркадзь Куляшоў
2.Кнігі Аркадзя Куляшова
3.Паэзія Аркадзя Куляшова
4.Галерэя

"Можна смела сказаць, што паэзія Аркадзя Куляшова - духоўная энцыклапедыя яго пакалення"


П. Панчанка

Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў 


6 лютага 1914 — 4 лютага 1978

Куляшоў Аркадзь Аляксандравіч [псеўданім: Амсціслаўцы (з Ю. Таўбіным), Аркадзь Дуда, Аркадзь Жытнёвы, Апанас Казарлюга, Язэп Качкін (з З. Астапенкам і Ю. Таўбіным), Мсціслаўцы (з З. Астапенка, Ю. Таўбіным)].


Аркадзь Куляшоў нарадзіўся 6.02.1914 г. (24.01.1914) у вёсцы Саматэвічы Клімавіцкага павету Магілёўскай губерніі, цяпер Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці.
З сям'і вясковых настаўнікаў. Бацька, Аляксандр Мікалаевіч, у маладосці некаторы час жыў у Маскве, дзе спяваў у народнай оперы. Пявунняй была і маці, Кацярына Фамінічна Ратабыльская. Іх схільнасць да спеваў, музыкі слова перадаліся А. Куляшову, што было немала важным у станаўленні яго як паэта. Бацькі да пенсіі працавалі настаўнікамі ў родных мясцінах. У час вайны знаходзіліся на часова акупіраванай тэрыторыі ў г.п. Хоцімск. Бацька на працягу 6 тыдняў працаваў у камендатуры, куды быў завочна абраны насельніцтвам. Пасля арышту гестапа знаходзіўся ў канцлагерах Германіі. Памёр ён у 1977 г. (дарэчы, сын перажыў яго толькі на 3 месяцы), маці — у 1988 г. http://library.mogilev.by/exhibition/images/kuleshov/2.jpg

З 1921 г. А. Куляшоў вучыўся ў Саматэвіцкай сямігодцы, пасля сканчэння якой у 1928 г. паступіў у Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум. Там склалася ў той час група таленавітых пачынаючых пісьменнікаў, сярод якіх вылучаліся З. Астапенка і Ю. Таўбін, падавала надзеі Г. Сапрыка. Сяброўства з імі дабратворна ўплывала на развіццё паэтычнага таленту А. Куляшова. У 1930 г. ён пераехаў у Мінск, дзе працягваў вучобу на літаратурным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута (1931-33г). З'яўляўся членам БелАПП. Працаваў у рэдакцыі газеты "Чырвоная змена", на Беларускім радыё (1934-36), быў літкансультантам у кабінеце маладога аўтара СП БССР (1936-37, разам з К. Чорным).

А. Куляшоў часта наведваў родныя мясціны, што давала яму дадатковы стымул для творчасці. Вайна застала А. Куляшова ў чарговым адпачынку на Хоцімшчыне. Калі вярнуўся ў Мінск, сям'і ўжо не застаў. 24 чэрвеня пакінуў ахоплены пажарам горад, быў скіраваны ў ваенна-палітычнае вучылішча пад Ноўгарадам. З ліпеня 1941 г. працаваў у армейскай газеце "Знамя Советов". Вялікай папулярнасцю карысталіся яго вершы і гумарыстычная байка пра байца Аляксея Пятрова, напісаныя на рускай мове разам з І. Чэкіным. Напісаў "баявы гімн" 11 арміі, "Песня нашага злучэння" (Музыка М. Смузікава). Са снежня 1943 г. і да вызвалення Беларусі А. Куляшоў працаваў у Беларускім штабе партызанскага руху. У 1945-46 гг. — рэдактар газеты "Літаратура і мастацтва". Гэта быў адказны перыяд у развіцці беларускай літаратуры, калі рабіліся першыя спробы пераглядзець вульгарызатарскія ацэнкі асобных мастацкіх твораў. Працяглы час А. Куляшоў знаходзіўся на творчай рабоце. У 1958-67 гг. працаваў начальнікам сцэнарнага аддзела, потым галоўным рэдактарам на кінастудыі "Беларусьфільм". Напісаў (сумесна з А. Кучарам) сцэнарый фільма "Чырвонае лісце", які атрымаў высокую ацэнку гледачоў і кіназнаўцаў. У сааўтарстве з М. Лужаніным стварыў сцэнарыі кінафільмаў "Першыя выпрабаванні" (паводле трылогіі Я. Коласа "На ростанях") і "Запомні гэты дзень" (аб Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Беларусі). З 1967 г. ён зноў на творчай рабоце. З 1974 г. персанальны пенсіянер рэспубліканскага значэння. Працаваў Аркадзь Аляксандравіч да апошняга. Не стала А. Куляшова 4 лютага 1978 года ў нясвіжскім санаторыі, дзе ён адпачываў, а пад вершам "Карусель" значыцца памета: "3-га лютага".

Беларуская, уся шматнацыянаьная савецкая літаратура панесла цяжкую страту: памёр паэт, чыя шматгадовая творчая дзейнасць – узор служэння народу. Лепшыя творы Куляшова – класіка беларускай савецкай літаратуры.


А. Куляшоў узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, многімі медалямі. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 2-9 склікання. Яго імя прысвоена Магілёўскаму дзяржаўнаму педагагічнаму інстытуту, дзе перыядычна (з 1984), адзін раз у 5 гадоў праводзяцца рэспубліканскія Куляшоўскія чытанні, а таксама Саматэвіцкай сярэдняй школе Касцюковіцкага раёна, адной са школ у Мінску, вуліцам у Мінску, Могілеве і Касцюковічах. У Мінску на доме № 7 па вул. Я. Купалы, дзе жыў паэт апошнія гады, устаноўлена мемарыяльная дошка, на магіле — помнік работы І. Міско і І. Мурамцава. З 1979 г. за лепшыя паэтычныя і драматычныя творы прысуджаецца прэмія імя А. Куляшова Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пра А. Куляшова створаны дакументальны фільм "Край крынічны" (1972).

Паэтычны талент А. Куляшова абудзіўся рана. Першыя вершы А. Куляшоў пісаў на рускай мове з шасцігадовага ўзросту. У 1926 г. у Клімавіцкай акруговай газеце "Наш працаўнік" з'явіўся ў друку яго верш на беларускай мове "Ты мой брат" (будучы паэт вучыўся тады ў шостым класе Саматэвіцкай сямігодкі). У наступныя гады яго творы змяшчаліся ў часопісах "Чырвоны сейбіт", "Маладняк", "Полымя", газеце "Чырвоная змена", а ў 1930 г. Белдзяржвыдавецтва выпусціла першы зборнік яго вершаў "Росквіт зямлі". Усім вядома песня І. Лучанка "Алеся", у аснову якой пакладзены верш А. Куляшова "Бывай...''. Ён напісаны ў 1928 г. чатырнаццацігадовым юнаком. 

Творчасць А. Куляшова 20-30-х гадоў мае некалькі выразных этапаў, якія сведчаць пра інтэнсіўнасць фарміравання і развіцця асобы паэта. Спачатку поруч з вучнёўскімі, крыху дэкларацыйнымі вершамі сустракаліся і такія, што сведчылі пра "напружанае асваенне паэтычнай культуры, засяроджанасць і інтэнсіўнасць унутранай працы душы" (В. Бечык). Першы этап творчасці А. Куляшова завяршыўся зборнікам вершаў "Медзі дождж" і паэмай "Аманал". Я. Колас пісаў, што паэт "ідзе нейкім новым, сваім шляхам, шукае новых сродкаў для рэалізацыі сваіх творчых замыслаў". Цыкл вершаў "Сонечнае заўтра", паэмы "Аманал", "Гарбун" ("Антон Шандабыла") неслі ў сабе значны філасофска-эстэтычны патэнцыял для далейшага росту паэта. Крытыкі і калегі адзінадушна прызнавалі поспех А. Куляшова, але яго самога напісанае не задавальняла. Таму, паводле слоў паэта, ён усё часцей і часцей звяртаўся да крыніц народнай творчасці, да твораў Я. Купалы і Я. Коласа, Пушкіна і Някрасава. Штуршком для новых пошукаў паслужыла з'яўленне паэмы А. Твардоўскага "Краіна Муравія". З таго часу ўзмацнілася і сяброўства паэтаў. Канец 30-х гадоў — сапраўдны ўзлёт творчасці А.Куляшова. Паэтычны цыкл "Юнацкі свет", іншыя вершы і паэмы сведчылі аб завяршэнні фарміравання яго творчай індывідуальнасці.http://library.mogilev.by/exhibition/images/kuleshov/3.jpg

А. Куляшоў востра перажываў трагедыю першых дзен Вялікай Айчыннай вайны. 24 чэрвеня ен пакінуў разбураны Мінск, пяшком прайшоў "горкі шлях" да Оршы, а ў Калініне добраахвотна ўступіў у рады Чырвонай Арміі. На старонках франтавога друку паэт расказваў пра суровую праўду змагання з фашысцкімі вылюдкамі, пра мужнасць і стойкасць байца-камсамольца на Бранскім фронце, якога фашысты на марозе аблілі вадой, пра безыменнага мінаметчыка, які на сваім участку стрымліваў наступленне фашысцкай дывізіі "Дзень на перадавой, вечар у дарозе, ноч у зямлянцы, дзе пры цьмяным святле газоўкі пісаліся вершы, нарысы, артыкулы, заметкі. А раніцою ўсе гэта ўжо чыталася ў палках і на батарэях" - так пісаў пра работу франтавога журналіста рускі паэт Аляксей Суркоў. Так праходзілі на фронце дні і ночы і ў Аркадзя Куляшова. Ва ўмовах франтавога жыцця А. Куляшоў здолеў напісаць выдатныя мастацкія творы за незвычайна кароткі час. У жніўні 1942 г. ен напісаў паэму "Сцяг брыгады" - кнігу пра байца, які зведаў горыч разгрому брыгады, страту баявых сяброў, але выйшаў з варожага акружэння разам з параніным камісарам. У паэме "Дом №24", напісанай таксама ў гады вайны, А. Куляшоў расказаў пра абуджэнне жыцця на папялішчах вайны, пра вяртанне да жыцця чалавечых душ, спапяленых вайной. Назаўжды ў народнай памяці застануцца героі напісаных А. Куляшовым у гады вайны балад — дзеці і сястра камандзіра партызанскай брыгады Міная Шмырова, расстраляныя фашыстамі, мужныя беларускія дзяўчаты, якіх фашысты вывезлі ў Германію, але не змаглі зламаць духоўна. Пра гэта Аркадзь Куляшоў расказаў у такіх творах, як "Балада аб чатырох заложніках", "Камсамольскі білет", "Ліст з палону", "Над брацкай магілай". Гэтыя творы ў гады вайны не толькі гаварылі суровую праўду пра пакуты і мужнасць нашага народа — яны былі і застаюцца крыніцай духоўнай сілы чалавека.

Паэзія А. Куляшова пасляваеннага дзесяцігоддзя развівалася ў рэчышчы тагачаснага літаратурнага працэсу, але і тады яна вызначалася інтэлектуалізмам, які разам з палкім грамадзянскім пафасам выдзяляў яе з агульнага патоку. А. Куляшову належала першынство ў выяўленні адчуванняў чалавека, які вяртаецца на Зямлю пасля касмічнага палёту. Вершы яго станавіліся ўсеахопнымі, напаўняліся грамадскай думкай і ў той жа час былі канкрэтнымі. "Новая кніга" А. Куляшова — гэта выхад ўсёй беларускай паэзіі на вышэйшыя рубяжы. 
У 60—70-я гады яшчэ больш узрасла філасафічнасць яго паэзіі. Праблемы вайны і міру, існавання чалавецтва, захавання планеты ад глабальнага знішчэння, недапушчальнасць нарушэння норм жыцця характэрны, напрыклад, для філасофскіх твораў "Цунамі", "Маналог". У паэме "Варшаўскі шлях" праз асэнсаванне жыццёвага і творчага шляху паэта А. Твардоўскага па-майстэрску паказана атмасфера грамадскага жыцця, роля асобы паэта ў грамадстве. Драматычная паэма "Хамуціус" уваскрашала вобраз рэвалюцыянера-дэмакрата Кастуся Каліноўскага, пацвярджала пераемнасць гістарычных падзей, паядноўвала наша мінулае з сучаснасцю. 

Вядомы А. Куляшоў і як перакладчык. Яшчэ ў 1930-я гады ён узнавіў на беларускай мове асобныя творы А. Пушкіна. Пазней перакладаў творы М. Лермантава, паэмы "Энеіда" І. Катлярэўскага, "Спеў аб Гаяваце" Г. Лангфела і інш. Выступаў ён з крытычнымі і публіцыстычнымі артыкуламі.

Творы А. Куляшова перакладаліся на многія замежныя мовы. На словы паэта кампазітары (І. Лучанок, І. Любан, А. Фляркоўскі і інш.) напісалі музыку. Надзвычай папулярнымі сталі песні "Алеся", "Згадай усё...".

Кнігі А. Куляшоваhttp://library.mogilev.by/exhibition/images/kuleshov/7.jpg

Куляшоў, А. Збор твораў. У 5 т. / Аркадзь Куляшоў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1975.

Творчая спадчына Аркадзя Куляшова з гадамі не старэе, а набывае новую сілу і прывабнасць. Яго вершы і паэмы — адзін з самых каштоўных скарбаў нашай літаратуры. Паэзія А. Куляшова – гэта ўсхваляваны маналог пра людзей, якія ва ўпартым змаганні з варожымі абставінамі застаюцца непераможнымі духоўна. У яго творах назаўсёды засталіся жыць вобразы лепшых сыноў нашага народа – жывая памяць пра гераічнае мінулае.



http://library.mogilev.by/exhibition/images/kuleshov/8.jpg

Куляшоў, А. Выбранныя творы. У 2 т. / Аркадзь Куляшоў. — Мінск : Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1957.

Сумненняў няма і быць не можа: сёння адна з найбольш яркіх старонак у гісторыі беларускай паэзіі — творчасць А. Куляшова. Яна — складнік таго своеасаблівага ланцуга, які ўтворыцца, калі паставіць поруч імёны Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Максіма Танка. Месца А. Куляшова, вядома ж, паміж Купалам і Танкам. 


Паэзія А. Куляшова належыць не толькі нам, а і наступнікам, якім адкрываць яе нанава і па-новаму прачытваць.

http://library.mogilev.by/exhibition/images/kuleshov/10.jpg

Куляшоў, А. Выбраныя творы / Аркадзь Куляшоў ; [укладанне і прадмова В. Куляшовай]. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2009. — 205 c. — (Школьная бібліятэка).

Паэзія Аркадзя Куляшова (1914—1978) — гэта вечная захопленасць жыццём і творчае гарэнне, яркасць пачуццяў, нястомнае напружанне душы і думкі, пазнанне сябе і людзей.


У кнігу ўвайшло найлепшае з творчай спадчыны паэта, паэмы "Цунамі", "Варшаўскі шлях".

http://library.mogilev.by/exhibition/images/kuleshov/13.jpg

Куляшоў, А. Грозная пушча : вершаваная хроніка / Аркадзь Куляшоў. — 3-е выданне, дапрацаванае. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1963. — 206 с.

У гэтай вершаваная хроніцы знайшлі адбітак прыкметы свойго часу, рысы савецкага ідэалагічнага мыслення. 


http://library.mogilev.by/exhibition/images/kuleshov/14.jpg

Куляшоў, А. Далёка да акіяна : паэма / Аркадзь Куляшоў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1972. — 223 с. : іл.

"Далёка да акіяна" — новая паэма народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова. Героі паэмы - сучаснікі паэта, жыццёвы і творчы шлях якога прыпадае на гады ломкі царскай машыны прыгнёту і сцвярджэння сацыялістычнага ладу на беларускай зямлі.



http://library.mogilev.by/exhibition/images/kuleshov/16.jpg

Куляшоў, А. Дарогі / Аркадзь Куляшоў ; [укладанне В. Куляшовай]. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2003. — 318 с. — (Беларуская проза ХХ стагоддзя).

Паэзія Аркадзя Куляшова (1914—1978) — гэта вечная захопленасць жыццём і творчае гарэнне, яркасць пачуццяў, нястомнае напружанне душы і думкі, пазнанне сябе і людзей.


У кнігу ўвайшлі лепшыя вершы з творчай спадчыны паэта, паэмы "Цунамі", "Хамуціус", "Варшаўскі шлях".


http://library.mogilev.by/exhibition/images/kuleshov/17.jpg


Кулешов, А. Две поэмы : авторизированный перевод с белорусского / Аркадий Кулешов. — Москва : Советский писатель, 1977. — 192 с.

Новая книга народного поэта Беларуси Аркадия Кулешова объединяет две поэмы.


Первая поэма "Варшавский шлях" рисует разносторонне и образно человеческий и литературный облик поэта Александра Твардовского, сердечно рассказывает о многолетней дружбе с ним автора книги.
Вторая поэма "Хамутиус" повествует о выдающемся белорусском революционере Кастусе Калиновском, он же Хамутиус, он же Черноцкий, он же Яська.
В основе многопланового художественного полотна поэмы — белорусское народное движение 60-х годов прошлого столетия.

http://library.mogilev.by/exhibition/images/kuleshov/18.jpg


Куляшоў, А. Залатое жыта : вершы / Аркадзь Куляшоў, Аляксей Пысін, Анатоль Сербантовіч. — Минск : Літаратура і мастацтва, 2009. — 128 с.

Калектыўны зборнік паэзіі "Залатое жыта" складаецца з трох кніг выбраных вершаў вядомых паэтаў Магілёўшчьшы: "На паўмільярдным кіламетры" Аркадзя Куляшова (1914—1978), "На чуйным провадзе саломы" Аляксея Пысіна (1920—1981) і "Плач кнігаўкі" Анатоля Сербантовіча (1941—1970).


Гэтых шырока знаных і неардынарных творцаў яднае не толькі адна Радзіма, у тым ліку і малая (Касцюкоўшчына, Краснапольшчына і Шклоўшчына), адзін гістарычны час (XX стагоддзе), але і адзінаверная любоў да сваёй Беларусі, філалагічнае і філасофскае асэнсаванне жыцця свайго народа, прадчуванне перспектыў яго развіцця і грамадскага станаўлення, як унутры былой вялікай дзяржавы (СССР), так і ва ўсім свеце ўвогуле.

http://library.mogilev.by/exhibition/images/kuleshov/21.jpg


Куляшоў, А. Крылы : лірыка 1927-1977 / Аркадзь Куляшоў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1985. — 271 с. : іл. 

Кніга народнага паэта Беларусі, лаўрэата Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, класіка беларускай літаратуры Аркадзя Куляшова (1914—1978) выдаецца да 70-годдзя паэта. Перакладзены на многія мовы народаў нашай краіны і народаў свету, Аркадзь Куляшоў стаў паўпрэдам нашай роднай паэзіі.



http://library.mogilev.by/exhibition/images/kuleshov/22.jpg
Куляшоў, А. Маналог : вершы, паэмы / Аркадзь Куляшоў ; [укладальнік В. Куляшова]. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1989 — 127 с.

Кніга народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова (1914-1978) - ўсхваляваная, сардэчная і мудрая размова аб высокім прызначэнні на зямлі чалавека з яго адвечнымі клопатамі, трывогамі і надзеямі, з невычэрпным памкненнем ў светлую будучыню.




http://library.mogilev.by/exhibition/images/kuleshov/23.jpg


Куляшоў, А. Мая Бяседзь : лірыка / Аркадзь Куляшоў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1973. — 175 с. — (Бібліятэка беларускай паэзіі).

Кніга выбранай лірыкі Аркадзя Куляшова "Мая Бесядзь", якая выдаецца ў серыі "Бібліятэка беларускай паэзіі",— яркая творчая біяграфія аўтара з яго светапоглядам, глыбокім асэнсаваннем жыцця, высокім паэтычным майстэрствам.



http://library.mogilev.by/exhibition/images/kuleshov/26.jpg
Куляшоў, А. Паміж наступным і былым : вершы, паэмы / Аркадзь Куляшоў ; [укладальнік і прадмова В. Куляшовай]. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1995. — 542 с. — (Бібліятэка беларускай класікі).

У гэтай кнізе народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова (1914—1978) чытач знойдзе лепшае з творчай спадчыны выдатнага пісьменніка, які ўзбагаціў нашу літаратуру рамантычна адухоўленай, высокаметафарычнай, напоўненай багаццем філасофскіх вобразна-асацыятыўных сувязей і адначасова ў найвышэйшых сваіх праявах глыбока інтымнай, прапушчанай праз жывое трапяткое сэрца паэзіяй.



http://library.mogilev.by/exhibition/images/kuleshov/27.jpg
Куляшоў, А. Профілі : лірыка / Аркадзь Куляшоў ; [прадмова і ўкладанне У. В. Гніламёдава]. — Мінск : Мастацтва, 1987. — 96 с. — (Паэтычная бібліятэка).

Зборнік склалі лепшыя творы народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова (1914-1978), якія адрасаваны моладзі і закранаюць вострыя праблемы маральнага ўдасканальвання і духоўнага станаўлення чалавека.



http://library.mogilev.by/exhibition/images/kuleshov/30.jpg


Куляшоў, А. Сцяг брыгады = Знамя бригады = Стяг бригади / Аркадзь Куляшоў. — Мінск : Беларусь, 1970. — 240 с.

Гераічнаму подзвігу нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны прысвяціў сваю паэму народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў. На беларускай, рускай і украінскай мовах.



http://library.mogilev.by/exhibition/images/kuleshov/31.jpg

Куляшоў, А. Хуткасць : кніга паэзіі / Аркадзь Куляшоў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1976. — 255 с.

"Хуткасць" — новая кніга паэзіі выдатнага майстра пранікнёнага слова, народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова.


Хуткабежнасць часу і спрадвечнасць жыцця, клопат нашага дня і незабыўныя старонкі гісторыі прасякнуты глыбокім роздумам і даверлівым лірызмам, выкрышталізаваны ў дакладных і акрыленых радках.
Чытач зноў сустракаецца са сваім любімым паэтам, шчырым субяседнікам і зычлівым дарадцам

http://library.mogilev.by/exhibition/images/kuleshov/29.jpg

Кулешов, А. Стихи и поэмы : [перевод с белорусского] / Аркадий Кулешов. — Москва : Военное издательство, 1967. — 190 с. 

Аркадий Кулешов — один из крупнейших советских поэтов, участник Великой Отечественной войны.


В золотой фонд военной поэзии вошли такие волнующие поэмы Аркадия Кулешова, как "Цимбалы", "Знамя бригады", "Дом № 24" и др.
В книге, кроме этих поэм, читатель найдет и лучшие лирические стихи поэта.

Паэзія Аркадзя Куляшова



Бывай

Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая.


Чаму так горка, не магу я зразумець.
Шкада заранкі мне, што ў небе дагарае
На ўсходзе дня майго, якому ружавець.

Ці помніш першае нясмелае прызнанне?..


Над намі жаўранкам звінеў і плакаў май.
Назаўтра золкае, туманнае світанне,
Суровы позірк твой і мой нямы адчай.

Пайшла ты, любая, пад гоман жоўтых сосен,


Пайшла, маўклівая, пад хваль жытнёвых шум,
Туды, дзе гойдала зялёнае калоссе
На сцежках ростані мой адзінокі сум.

Пайшла за ціхія, далёкія прасторы


Світальнай зоркай ты, што гасне ў сіняве.
Душы пакрыўджанай гарачыя дакоры
Слязой халоднаю застылі на траве.

Пайшла, пакінуўшы мне золкі і туманны,


Палынны жаль смугой ахутаных дарог,
Каб я хвілінны боль і горыч гэтай раны
Гадамі ў сэрцы заглушыць сваім не мог.

Пайшла, ніколі ўжо не вернешся, Алеся.


Бывай, смуглявая, каханая, бывай.
Стаю на ростанях былых, а з паднябесся
Самотным жаўранкам звініць і плача май.

Бывай, абуджаная ў сэрцы, дарагая.


Твой светлы вобраз панясу я па жыцці.
На ўсходзе дня майго заранка дагарае,
Каб позна вечарам на захадзе ўзысці.

1928 г.

Маладосць 

Я за трактарам калісьці бег,
Кінуўшы ў агонь вярцёл і сала;
Ты да ціхіх саламяных стрэх
З гулам пад'язджала.

Я ўпрыгожваў з дзеўчынай сваёй


Перад святам арку дзеразою;
Ззяла ты вясёлкавай дугой
Над калгаснай аркай, над страхою.

На таку ўмалот свой залаты


Вымяралі мы паўнюткім мехам;
Адгукалася па хатах ты
Пераможным рэхам.

Я цябе, жаданую, чакаў,


Сустракаў без крыўды, без трывогі,
Жоўценькім пясочкам пасыпаў
У прысадах летнія дарогі.

Па дарогах тых, па сцежках тых,


Па якіх ішла сяброў сям'я ўся,
Нёс цябе між даляў дарагіх
I натхнёна плакаў і смяяўся.

Шлю падзяку вёснам і сябрам,


Жытнім копам на шырокім полі...
Маладосць! — я ўсё табе аддам,
Не сыду з дарог тваіх ніколі.

1938 г.


Крылы

Я пакідаў маленства край,


Дзе жыў жыццём вясёлым,
Прыйшла і мне чарга бывай
Сказаць лясам і долам.

Глядзелі зоры на мяне


Здалёк, як на другога,
Нібы за жорава мяне
Лічылі маладога.

Глядзелі з вокнаў аганькі


Мне ўслед з трывогай шчырай,
Нібы ў далёкі і цяжкі
Я падымаўся вырай.

Зямля шаптала мне — ляці,


Спяшайся, жораў ранні,
Цябе чакаюць у жыцці
Усе выпрабаванні.

Яны стаяць за радам рад:


З крыві, агню, з жалеза.
Ляці!
Няма шляхоў назад
Да салаўёў і бэза.

Адчуў я прагу вышыні,


Зямля дала мне сілы,
Мяне ўзнялі юнацтва дні —
Майго адлёту крылы.

Свіст кулі чуў я на вайне,


Штык не здымаў з вінтоўкі.
Там, нібы з жорава, з мяне
Ляцела пер'е толькі.

Дзе ні праехаць, ні прайсці —


Я поўз, я лез, упарты.
Я не шкадую! Дзесяці
Не бітых біты варты.

Каб нават я забіты лёг


На дно сырой магілы,
Скарыцца б і тады не змог,
Свае не склаў бы крылы.

Я б зажадаў яшчэ зазнаць


Адно выпрабаванне —
З магілы ўстаць, хоць цяжка ўстаць,
Каб зноў убачыць ранне.

Адмыў бы я імглу з вачэй


У ручаі самохаць,
Зямлю атрос бы, каб людзей
Зямлёю не палохаць.

Рвануўся б з месца, каб набраць


Паветра ў грудзі й жылы.
...Няхай ляцяць, ляцяць, ляцяць
Майго юнацтва крылы!

1945 г.


Балада

Можа, брамкі позні рып


Патрывожыў слых?
Можа, гэта рэчкі ўсхліп
Даляцеў і сціх?

А калі не брамкі рып,


Можа быць, тапор
Абуджае неруш рыб,
Патаемнасць нор?

Што за гук, што кожны год


Непакоіць сны,
Перайшоўшы цераз брод
Лета і вясны?

Гэта ноччу, каля тых


Лугавых ракіт,
Драч майструе для малых,
Дробных дзетак плыт.

Хоча ён сваіх сыноў


Хвалям перадаць, —
I рыпіць, рыпіць з лугоў
Нецярпліва снасць.

1970 г.

Сасна і бяроза 

Трымаюць Зямлю без падважнікаў тых,
Без мудрага троса,
Жывымі рукамі карэнняў сваіх
Сасна і бяроза.

Ад дыму да пары ў пякельных катлах


Судна, паравоза
Прайшлі яны поруч гарачы свой шлях —
Сасна і бяроза.

Лягла на іх плечы цяжарам вайны


Акопная проза:
Служыла салдатам сасна — для труны,
Для крыжа — бяроза.

Знікала з тузоў, гандляваўшых крывёй,


Пыхлівая поза,
Калі перад імі ўстазалі з пятлёй
Сасна і бяроза.

Ад явы крывавай не вынайшлі лек...


I ўзнікла пагроза,
Што могуць пад крыжам закончыць свой век
Сасна і бяроза.

Ужо на насенне, якое ў раллі,


Паглядваюць коса
Аратыя смерці, каб больш не раслі
Сасна і бяроза.

Над імі ракетны ўзрываецца гук


I гул бамбавоза...
А што, як Зямлю нашу выпусцяць з рук
Сасна і бяроза?

1968 г.


Не сустракацца мне больш ніколі

Не сустракацца


мне больш ніколі
З маім маленствам
у чыстым полі,
З маім юнацтвам
у лесе цёмным,
З маім ваенным
жыццём бяздомным.
Па ціхіх вулках,
па трактах гулкіх
Прайшлі маленства,
юнацтва леты
I, перакуленыя ў рачулках,
Сплылі з вадою
на край планеты.
Яны ўжо —
кропля святла ў сусвеце.
А я, не вечны і нецярплівы,
Чакаць не згодны,
што нехта недзе
Праявіць некалі
іх негатывы.
Мне б хуткасць думкі,
бляск уяўлення,
Каб мог я словам
дагнаць праменне
I нечаканым
спыніць экранам
Гады былыя
на вокамгненне.
Я б галавою
прыпаў ссівелай
Тады б да ног іх,
ад шчасця плакаў,
У чыстым полі
паперы белай,
У цёмным лесе
чарнільных знакаў.

http://library.mogilev.by/exhibition/images/kuleshov/38.jpg

Маці і бацька паэта - Кацярына Фамінічна Ратабыльская і Аляксандр Мікалаевіч Куляшоў.

http://library.mogilev.by/exhibition/images/kuleshov/39.jpg

А. Куляшоў - выпускнік Саматэвіцкай сямігодкі. 1928 г.

http://library.mogilev.by/exhibition/images/kuleshov/52.jpg

А. Куляшоў, Аляксей Зарыцкі, Аксана Вечар.

http://library.mogilev.by/exhibition/images/kuleshov/40.jpg

А. Куляшоў на Бранскім фронце. 1943 г.



База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка