Мова выданняў Скарыны




Дата канвертавання25.05.2018
Памер36.67 Kb.
Мова выданняў Скарыны

Скарынаўскі пераклад Бібліі быў адным з першых аўтарскіх перакладаў у Еўропе і служыў нацыятворчым мэтам.

На якую ж мову быў зроблены пераклад? Сам Скарына называў яе рускай. Пад рускай у той перыяд, як лічаць навукоўцы, мелася на ўвазе тагачасная афіцыйная мова Вялікага Княства Літоўскага. Аднак, калі прааналізаваць тэксты Скарыны, бачым, што тут не ўсё так адназначна, бо сама мова ў залежнасці ад тэкстаў у вельмі значнай ступені адрозніваецца. Калі ўзяць, напрыклад, “Псалтыр”, “Апостал” і “Малую падарожную кніжыцу”, то яны напісаныя на царкоўнаславянскай мове з асобнымі беларускімі ўкрапваннямі. Тыя словы, што Скарына лічыць для беларусаў не зразумелымі, ён суправаджае тлумачэннямі на палях кнігі (глосы): кивот- скриня, нигер – чорный, языцы – народы. А вось у кнігах, дзе літаратурна-мастацкі кампанент больш выразны, напрыклад, ”Песнь песней”, “Юдифь”, “Плач Иеремии”, ён набліжае мову да жывой народнай гаворкі. Больш за ўсё Скарына звяртаецца да жывой беларускай гаворкі ва ўласных тэкстах: вершах, створаных да асобных кніг Бібліі, прадмовах і пасляслоўях. Праўда, часта ў гэтых творах - цытаты з Бібліі, ніяк графічна не аддзеленыя ад тэксту самога аўтара, таму ў моўным плане тэксты выглядаюць неаднароднымі.

Дык як усё ж такі сёння называць мову перакладаў Скарыны? Ніхто, безумоўна, ужо не назаве яе руска-літоўскай або польска-рускай, як у ХІХ ст. Аднак ці гэта царкоўнаславянская з элементамі старабеларускай мовы, ці старабеларуская з царкоўнаславянсімі элементамі, сярод навукоўцаў, як замежных, так і айчынных, таксама няма адзінай думкі. Згодна з апошняй найбольш папулярнай пазіцыяй, у сваёй большасці мову аўтарскіх перакладаў Скарыны можна лічыць старабеларускай з элементамі царкоўнаславянскай. “Скарына кантамінаваў, спалучаў у сваім перакладзе дзве традыцыі, выпрацоўваў сваю перакладчыцкую тэхніку і сам, падкрэсліваю, сам назваў мову свайго перакладу, сваю Біблію для таго часу рускай, а сёння мы гэта называем старабеларускай,” – піша даследчыца, спецыяліст у галіне гісторыі беларускай рэлігійнай тэрміналогіі Ірына Будзько. А філолаг і перакладчык Лявон Баршчэўскі заяўляе: “Калі выдаліць з тэксатаў Скарыны царкоўнаславянізмы , - гэта мова, на якой гаварыў мой бацька і мая бабуля з Полацка”.



Асаблівасці мовы Скарыны:

1. Правапіс базуецца на марфалагічным прынцыпе (як у царкоўнаславянскай мове), але ўсё ж, хоць і непаслядоўна, адлюстроўваюцца характэрныя для беларускай мовы гукавыя рысы: пераход у ў ў (паказваўся як в: не втаися, повчение); спрашчэнне груп зычных здн, стн, рдц (ненависными, празъникъ), пераход стараславянскага жд у ж (одежа, осуженъ), рэдукцыю галосных у ненаціскным становішчы (десетъ, двадцетъ, гледели), супадзенне “яць” і е (делати, реку, деда, сена), ацвярдзенне губных (кровъ, седмъ), ацвярдзенне шыпячых (идешъ, женешъ, пришлешъ, шолъ), ацвярдзенне р (стрыщи), змяненне “ёр” у и (шие, ко шии, на шию, бийся, побийте), азванчэнне (з бою, зделали) і г.д.

2. Знайшлі адлюстраванне марфалагічныя працэсы жывой беларускай мовы: замена архаічных формаў аорыста і імперфекта формамі перфекта (поразумелъ, поспешилъ, начерпала), пашырэнне канчатка –у ў родным і месным склонах (от выходу, от востоку, труду, часу, страху, плачу, ладану, песку); пашырэнне канчатка –мі ў творным склоне мн.л. (коньми, пчолми, тварми); канчатак –ови/еви ў назоўным склоне мн. л. (богови, идолови, мужеви); канчаткі першай асобы множнага ліку і загаднага ладу дзеяслова –мо і –мы (говоримо, даемы, воюймо, ступмо); займеннікі (той, в тыхъ, тымъ, тыи) і інш.

3. У словаўтварэнні - ужыванне найбольш прадуктыўных словаўтваральных мадэляў тагачаснай пісьмовай беларускай мовы (лъгар, братанецъ, отчина, шириня, вышиня, плодность, сытость, становище) і асноваскладанне (великоможность, краснословие, долготерпение).

4. У сінтаксісе поруч з царкоўнаславянскімі канструкцыямі знайшлі адлюстраванне жывыя тэндэнцыі беларускай мовы (вшолъ есть до шатра, до темници всаженъ; продали до Египта).

5. У лексіцы побач з царкоўнаславянскімі (якія тлумачацца пры дапамозе глосаў) прысутнічаюць словы з розных тэматычных груп, уласцівыя тагачаснай жывой беларускай мове (жадати, привитавши, лытки, стегно, помстить, здивилися, откажи, не чулъ, загинуло). Тэкстам таксама ўласцівыя шматлікія запазычанні з чэшскай мовы (користь «здабыча», гудба «музыка», позоровати «сачыць», нутити «прымушаць») і некаторыя паланізмы (мужчизна «мужчына», роспрашити «развеяць»). Скарына таксама ўзбагачае мову неалагізмамі (стороница «старонка»).



Ва ўроку выкарыстаныя матэрыялы даследаванняў М. Булахава, Л.Шакуна, І.Будзько і інш.

Заданне

Якія адпаведнікі ў сучаснай мове маюць наступныя словы з тэкстаў Скарыны?

Мразъ – мароз (непаўнагалоссе)

Певница – музыка (неалагизм)

Удругое – другое (бел.)

Камо – куды (царк.-сл.)

Полону – палону (паўнагалоссе, канчатак у)

Хвальмы – давайце хваліць (сінтэтычная форма загаднага ладу)

Дондеже – з тых часоў, пакуль (царк.-сл.)

Гробове - труны (назоўны скл, мн. лік, канчатак –ове)

Млатъ – молат (непаўнагалоссе)

Серце – сэрца (спрашчэнне групп зычных)

Нагле – хутка, раптам (чэшск. або польск.)

Книжница – бібліятэка (неалагізм)

Паки – зноў, яшчэ (царк.-сл.)

З детми – (азванчэнне)

Воня – пах (чэшск)

Деля его – размоўны прыназоўнік замест ради (бел.)

Зело – вельмі (царк.-сл.)

Празъникъ – свята (спрашчэнне груп зычных)

Врабецъ – верабей (чэшск.)

Ся пытаешъ – пытаешся (бел., зацвярдзенне ш)

Вшол есть до шатра – размоўны прыназоўнік на месцы въ

Грошми – грашыма (бел. канчатак –мі)

Понеже – таму што (царк. – сл.)



Скиба – скіба, луста (бел.)


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка